ІЗРА́ІЛЬ, Дзяржава Ізраіль (Медынат-Ісраэль),

дзяржава ў Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на Пн з Ліванам, на У з Сірыяй, тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, Іарданіяй, на Пд з Егіптам і сектарам Газа, на З абмываецца Міжземным м. Падзяляецца на 6 акруг (дыстрыктаў). Пл. 20,8 тыс. км². І. акупіруе ч. суседніх араб. тэрыторый пл. 7,1 тыс. км² (Зах. бераг р. Іардан, сектар Газа, Галанскія вышыні). Нас. каля 5950 тыс. чал. (канец 1997). Паводле пастаноў урада 1950 і парламента 1980, сталіца — г. Іерусалім (не прызнана большасцю краін і ААН). Афіц. мовы — іўрыт (старажытнаяўрэйская) і арабская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 іяра па яўр. календары, рухомае — у крас. або маі).

Дзяржаўны лад. І. — дэмакр. рэспубліка. Краіна не мае канстытуцыі; асновы дзярж. ладу рэгулююцца некалькімі заканад. актамі, у т. л. законамі аб грамадзянстве, прэзідэнце, парламенце. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Паўнамоцтвы прэзідэнта абмежаваны і ў асноўным зводзяцца да прадстаўніцтва. Уся паўната ўлады належыць прэм’ер-міністру, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Урад кіруе ўсімі пытаннямі ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент (кнесет); складаецца з 120 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Мясц. органы ўлады — муніцыпальныя саветы ў гарадах і сельскія акр. саветы, выбіраюцца на 4 гады. Суд. сістэма складаецца са свецкіх і рэліг. судоў (судоў равінату і судоў шарыяту — для араб. насельніцтва). Сістэму свецкіх судоў (раённых, муніцыпальных і акруговых) узначальвае Вярх. суд. Суды равінату разглядаюць пытанні шлюбу і сям’і, культавыя справы і дзейнічаюць на аснове Талмуда і галахічных пастаноў.

Прырода. Асн. частка тэр. І. — нагор’е выш. 600—700 м. Паўночная, найб. высокая ч. нагор’я наз. плато Галілея (найвыш. пункт — г. Мейрон, 1208 м). На Пд паўпустыннае і пустыннае плато Негеў (60% тэр.). На У грабен Гхор і яго працяг — Вадзі-эль-Араба. Самая нізкая ч. ўпадзіны занята Мёртвым м., узровень якога на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Уздоўж Міжземнага м. ўрадлівая ўзгорыстая раўніна, больш шырокая на Пд. Гал. карысныя выкапні — расолы Мёртвага м., багатыя солямі калію, брому, магнію. Ёсць фасфарыты, буд. матэрыялы, невял. запасы медных і жал. руд, нафты і прыроднага газу. Клімат субтрапічны міжземнаморскі з сухім і гарачым летам. Ападкаў ад 800—400 мм на Пн да 100 мм на Пд. Адзіная рака з пастаянным сцёкам — Іардан, працякае праз Тыверыядскае воз., упадае ў Мёртвае м. Астатнія рэкі невялікія, летам перасыхаюць або выкарыстоўваюцца на арашэнне. На Пд пашыраны вадзі. Вада р. Іардан па сістэме каналаў і трубаправодаў перакідваецца на Пд. Глебы карычневыя, шэра-карычневыя, шэразёмы, шэра-бурыя. Уздоўж узбярэжжа захаваліся ўчасткі маквісу, фрыганы; лясы займаюць 5% тэрыторыі. Нац. парк Кармель, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Яўрэі складаюць каля 81% насельніцтва, арабы — каля 18%. Жывуць таксама армяне, чэркесы і інш. Каля 60% яўр. насельніцтва нарадзілася ў І. Каля 25% яўр. насельніцтва — выхадцы з Еўропы, каля 15% — з араб. і інш. мусульм. краін. Сярод імігрантаў з Еўропы значную ч. складаюць выхадцы з Беларусі (за 1980—96 выехала больш за 95 тыс. чал.) і інш. частак былога СССР. Сярод вернікаў пераважаюць іудаісты, большасць арабаў — мусульмане-суніты, ёсць друзы і хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 286 чал. на 1 км². У наваколлі Тэль-Авіва шчыльн. больш за 5000 чал., у Негеве зніжаецца да 30 чал. на 1 км². У гарадах жыве 91% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., 1996): Іерусалім — 602, Тэль-Авіў — 353 (разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі каля 2 млн. ж), Хайфа — 255. У прам-сці, буд-ве, транспарце і сувязі занята 35% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Перадумовы для ўтварэння сучаснай дзяржавы І. пачалі складвацца пасля арганізац. афармлення паліт. кірунку ў сіянізме (1897). Сусветная сіянісцкая арганізацыя (ССА) абвясціла сваёй мэтай стварэнне «для яўр. народа праваахоўнага прыстанішча» ў Палесціне (у старажытнасці тут існавалі Ізраільскае царства і Іудзейскае царства) шляхам каланізацыі гэтай тэрыторыі, якая тады ўваходзіла ў склад Асманскай імперыі. У Палесціне жылі пераважна арабамоўныя мусульмане і хрысціяне; напярэдадні 1-й сусв. вайны тут было каля 60 тыс. яўрэяў. Для здзяйснення сваіх намераў сіяністы шукалі саюзнікаў і заступнікаў сярод найб. уплывовых краін свету, найперш Вялікабрытаніі. Каб выкарыстаць сіянісцкі рух для ўзмацнення ўласных пазіцый у Палесціне, урад Вялікабрытаніі ў ліст. 1917 афіцыйна абвясціў пра свае «прыхільныя адносіны» да стварэння тут «нац. ачага для яўр. народа». Пасля перамогі дзяржаў Антанты ў 1-й сусв. вайне і зацвярджэння мандата Вялікабрытаніі на кіраванне Палесцінай (1922) склаліся спрыяльныя ўмовы для каланізацыі (засялення) яе яўрэямі. З 1920 да 1948 мясц. яўр. абшчына (ешуў) павялічылася амаль у 40 разоў. Пасля 2-й сусв. вайны яўр. паліт. арг-цыі, падтрыманыя ЗША, адкрыта паставілі пытанне пра стварэнне ўласнай дзяржавы на тэр. Палесціны, што выклікала процістаянне паміж ешувам і брыт. ўладамі. Узмацніўся і нац.-вызв. рух палесцінскіх арабаў. У гэтых умовах Вялікабрытанія перадала палесцінскае пытанне на абмеркаванне ў ААН. У выніку працяглых дэбатаў Ген. Асамблея галасамі 33 дзяржаў (Вялікабрытанія ўстрымалася ад галасавання) 29.11.1947 прыняла рашэнне аб скасаванні брыт. мандата на Палесціну і падзеле яе на 2 дэмакр. дзяржавы: арабскую (11.1 тыс. км²) і яўрэйскую (14,1 тыс. км², або 56% палесцінскай тэр., са змяшаным насельніцтвам — 499 тыс. яўрэяў і больш за 509 тыс. арабаў); г. Іерусалім вылучаўся ў спец. зону пад міжнар. кантролем. На падставе рэзалюцыі ААН лідэры ССА і яўр. абшчыны ў Палесціне 14.5.1948 абвясцілі ўтварэнне дзяржавы І. Араб. краіны, незадаволеныя рашэннем ААН, на наступны дзень пачалі араба-ізраільскую вайну 1948—49, у выніку якой яны пацярпелі паражэнне, а ізраільцяне заваявалі 6,7 тыс. км² (б.ч. зямель не створанай палесцінскай араб. дзяржавы). Узнікла праблема палесцінскіх бежанцаў-арабаў, што ўскладніла араба-ізраільскія адносіны (гл. Блізкаўсходні канфлікт). У 1949 у выніку пагадненняў аб перамір’і паміж І. і суседнімі араб. дзяржавамі (Егіпет, Іарданія, Ліван, Сірыя) вызначана дэмаркацыйная лінія (працягласць 1239 км, заставалася нязменнай да ізраільска-араб вайны 1967). У 1949 у І. адбыліся выбары ў парламент. Першым прэзідэнтам краіны стаў адзін з лідэраў сіянісцкага руху Х.Вейцман, першым прэм’ер-міністрам — Д.Бен-Гурыён. Яго ўрады (1948—53, 1955—63) аддавалі вял. ўвагу забеспячэнню нац. бяспекі і стварэнню ўзбр. сіл: распушчаны або ўключаны ў склад рэгулярнай арміі вайск. фарміраванні розных паліт. партый і арг-цый, якія існавалі з часоў знаходжання Палесціны пад брыт. мандатам; праходжанню вайск. службы падлягалі мужчыны і жанчыны; да 1960-х г. з дапамогай Францыі створаны сучасныя ВПС.

У 1956 І. разам з Вялікабрытаніяй і Францыяй удзельнічаў ва ўзбр. інтэрвенцыі супраць Егіпта: урад Бен-Гурыёна разлічваў пашырыць паўд. межы І. (кампанія на Сінайскім п-ве). Пасля прыняцця ААН рэзалюцыі, якая асуджала траістую агрэсію, і дыпламат. націску з боку ЗША і СССР войскі І. выведзены з тэр. Егіпта. Улады І. заахвочвалі іміграцыю яўрэяў з усяго свету. Напачатку насельніцтва краіны папаўнялася пераважна за кошт б. вязняў нацысцкіх канцлагераў. У 1950-я г. ўзмацнілася эміграцыя яўрэяў з мусульм. краін Б. і Сярэдняга Усходу, Паўн. Афрыкі; у 1960-я г. іх стала больш, чым яўрэяў еўрап. паходжання. Вырашэнню многіх эканам. праблем краіны спрыяла фін. дапамога з боку ЗША. Аднак араба-ізраільскія адносіны заставаліся напружанымі. 5.6.1967 ізраільскія войскі адначасова нанеслі прэвентыўныя ўдары па тэр. Егіпта, Іарданіі і Сірыі. У ходзе т.зв. шасцідзённай вайны яны занялі егіпецкія (Сінайскі п-аў і сектар Газа), іарданскія (Усх. Іерусалім і Заходні бераг ракі Іардан), сірыйскія (Галанскія вышыні) землі; (усяго каля 70 тыс. км²). З гэтага часу пытанне пра будучыню акупіраваных араб. зямель стала адной з гал. праблем унутрыпаліт. жыцця І. 22.11.1967 Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю, якая прадугледжвала спыненне вайны на Б. Усходзе, забеспячэнне тэр. недатыкальнасці і гарантыі граніц усіх дзяржаў рэгіёна, вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэрыторый. Аднак І. не прыняў гэта рашэнне: амаль усе вядучыя партыі краіны адмовілі ідэю вяртання да даваен. тэрыторый і прызнанне права араб. народа Палесціны на нац. самавызначэнне. Разыходжанні ў пазіцыях партый датычыліся толькі варыянтаў «тэр. уступак» і магчымасці кампрамісу для дасягнення міру на Б. Усходзе. У кастр. 1973 адбылася новая араба-ізраільская вайна (т.зв. Вайна Суднага Дня) — Егіпет і Сірыя спрабавалі ўзбр. шляхам вярнуць страчаныя тэрыторыі. На 1-м этапе вайны І. фактычна пацярпеў паражэнне. На 2-м этапе ізраільцяне з вял. цяжкасцямі аднавілі раўнавагу сіл, пры гэтым страцілі каля 3 тыс. чал. забітымі, 900 танкаў і каля 250 самалётаў; ваен. дзеянні прыпынены пад націскам СССР і ЗША. Урад Г.Меір вымушаны быў пайсці ў адстаўку. Новы кабінет узначаліў у крас. 1974 І.Рабін, але і яго ўрад не здолеў спыніць інфляцыю і пагаршэнне эканам. становішча краіны, што прывяло да аслаблення пазіцый кіруючага с.-д. блока Маарах (утвораны ў 1969). З 1948 да 1977 дзярж. ўлада ў І. належала сацыял-сіянісцкім партыям, якія прапагандавалі лозунг пабудовы «сіянісцкага сацыялізму». У 1977 на выбарах у кнесет перамог правы блок партый Лікуд (лідэр М.Бегін), што знаходзіўся на чале ўлады да 1984. Яго эканам. праграма прадугледжвала пашырэнне прыватнага прадпрымальніцтва на ўсе сферы эканомікі. Аднак лібералізацыя эканомікі не спыніла росту інфляцыі, выкліканай вял. выдаткамі на патрэбы абароны. Ураду Бегіна ўдалося дамагчыся мірнага ўрэгулявання з Егіптам. У 1978 пры ўдзеле ЗША паміж І. і Егіптам заключаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні, 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Егіпту вернуты Сінайскі п-аў (крас. 1982). За першыя 30 гадоў існавання І. яго насельніцтва павялічылася ў 5 разоў, пры гэтым на ​2/3 за кошт імігрантаў. У чэрв. 1982 Ізраільскія войскі ўварваліся ў Ліван і дамагліся эвакуацыі з Бейрута штаб-кватэры і ўзбр. фарміраванняў Арганізацыі вызвалення Палесціны (ААП). У выніку выдаткаў на вайну і акупацыі Пд Лівана ў І. паглыбіўся эканам. крызіс. У жн. 1983 урад узначаліў І.Шамір. У ліп. 1984 створаны ўрад «нац. адзінства» (кааліцыя Лікуд—Маарах). Абвешчанае кааліцыйным урадам «аздараўленне эканомікі» (прадугледжвала эканам. рост, поўную занятасць працаздольнага насельніцтва, стабілізацыю цэн і інш.) не было поўнасцю выканана, што прывяло да распаду кааліцыі (сак. 1989). Кіраўніком урада зноў стаў Шамір. Нягледзячы на абстрэлы тэр. І. іракскімі ракетамі, І. захоўваў нейтралітэт у час кувейцкага крызісу 1990—91. У чэрв. 1991 пасля паражэння на парламенцкіх выбарах блока Лікуд сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам партыі Працы (ядро — блок Маарах) Рабінам. Пасля Мадрыдскай мірнай канферэнцыі па Б. Усходзе (кастр. 1991) пачаліся прамыя араба-ізраільскія перагаворы. У вер. 1993 Рабін і старшыня ААП Я.​Арафат падпісалі ў Вашынгтоне ізраільска-палесцінскую Дэкларацыю аб прынцыпах, якая прадугледжвала стварэнне часовага самакіравання на Зах. беразе р. Іардан і ў Газе; І. і ААП абвясцілі пра ўзаемнае прызнанне. У маі 1994 войскі І. пакінулі г. Іерыхон і Газу, што перайшлі пад кіраванне палесцінскай аўт. адміністрацыі. У ліп. 1994 Рабін і кароль Іарданіі падпісалі мірнае пагадненне, якое завяршыла 46-гадовы стан вайны паміж гэтымі краінамі. У кастр. 1994 абодва бакі заключылі поўнамаштабны дагавор, паводле якога вырашаны тэр. спрэчкі і размеркаваны водныя рэсурсы, устаноўлена супрацоўніцтва ў сферы гандлю, эканомікі, абароны навакольнага асяроддзя і турызму. У 1994 І. устанавіў дыпламат. адносіны з Ватыканам. У 1995 паміж І. і ААП падпісана другое пагадненне, якое прадугледжвала вывад ізраільскіх войск (адбыўся ў пач. 1996) з палесцінскіх тэрыторый на зах. беразе, выбары Палесцінскага савета з 88 членаў і прэзідэнта палесцінскай аўт. адміністрацыі. 4.11.1995 Рабін забіты ізраільскім экстрэмістам. Кіраўніком урада стаў Ш.Перас, які прадоўжыў перагаворы з ААП. Аднак у маі 1996 прэм’ер-міністрам І. выбраны Б.Нетаньяху — прыхільнік мінімальнага кампрамісу ў перагаворах з палесцінцамі. І. — член ААН (з 1949). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Лікуд (найбуйнейшая партыя), Сацыяліст. партыя Авода (Праца), блок левых партый Мерэц (Дэмакр. І.) у складзе РАЦ (Рух за грамадз. правы), Шынуі (Змяненне) і МАПАМ (Аб’яднаная рабочая партыя), блок камуністаў і левых сіл, рэліг. партыя ШАС (Сефардскія вартаўнікі Торы), Мафдал (Нац.-рэліг. партыя), «Яхадут ха-Тора ха-меухедэт» («Аб’яднаны іудаізм Торы»), Дэмакр. араб. партыя і інш. Прафс. аб’яднанне — Гістадрут (Усеагульная федэрацыя працы І.).

Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце прам-сці і буд. каля 30%, сельскай гаспадаркі — каля 5%; на 1 чал. ў год прыпадае каля 17 тыс. долараў. У прамысловасці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы, аднак адбываецца канцэнтрацыя вытв-сці. Энергетыка засн. на выкарыстанні імпартаванай нафты. Вытв-сць электраэнергіі 29,6 млрд. кВт∙гадз (1996). Здабыўная прам-сць уключае здабычу хім. сыравіны з вод Мёртвага м.: калійных солей (каля 2 млн. т штогод), брому і магнію. Здабываюць фасфарыты (у Негеве, каля 3 млн. т штогод), буд. матэрыялы, невял. колькасць меднай руды, нафты і прыроднага газу. Развіты металаапрацоўка і машынабудаванне. Сталеліцейны з-д у Ака гадавой магутнасцю 200 тыс. т. Найважнейшую ролю (дае чвэрць усёй прамысл. прадукцыі) адыгрывае вытв-сць ваен. тэхнікі. Выпускаецца разнастайнае прамысл. абсталяванне. Ёсць некалькі аўтазборачных прадпрыемстваў, суднаверф у Хайфе. Добра развітая радыёэлектронная прам-сць спецыялізуецца пераважна на выпуску прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння: электраабсталявання, тэлеапаратуры, сістэм правадной радыё- і радыёрэлейнай сувязі, радыёстанцый, ЭВМ, кантрольна-вымяральных прылад, прыёмнікаў, тэлеф. станцый, мед. і быт. электронікі, канвектараў сонечнай энергіі і інш. Хім. прам-сць — адна з найб. развітых галін. Выпускае ўгнаенні (калійныя і суперфасфат), штучныя кармы, ядахімікаты, шыны і камеры. 2 нафтаперапр. з-ды (Хайфа, Ашдод) перапрацоўваюць штогод каля 10 млн. т нафты. Большая ч. прадукцыі добра развітой фармацэўтычнай прам-сці экспартуецца. Харч. прам-сць — старэйшая галіна прам-сці. Выпускае разнастайную прадукцыю (каўбасныя, малочныя і кандытарскія вырабы, сыры, канцэнтраты, кансервы, сокі). Вінаробства. Тэкст. і швейная прам-сць выкарыстоўвае сувязі з краінамі Еўропы і Амерыкі. Пераважае выпуск баваўняных і сінт. тканін, верхняга і футравага адзення, пасцельнай бялізны, сінт. дываноў, ваен. абмундзіравання. Ёсць некалькі соцень гарбарна-абутковых прадпрыемстваў. Развіты таксама галіны: дрэваапр., папяровая, паліграф., вытв-сць канцтавараў, спарт. інвентару, ювелірных і прыкладнога мастацтва вырабаў. І. займае адно з першых месцаў у свеце на апрацоўцы прамысл. алмазаў і агранцы брыльянтаў. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у раёне Тэль-Авіва, каля чвэрці — у Хайфе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля палавіны плошчы краіны. Апрацоўваецца каля 440 тыс. га, у т. л. больш за 220 тыс. га арашаецца. Паўпустынныя тэрыторыі выкарыстоўваюцца пад пашу. Большая частка зямлі належыць дзяржаве, якая перадае яе ў шматгадовае карыстанне яўр. калектыўным гаспадаркам (у т. л. кібуцам) і індывід. фермерам. І. сусв. лідэр па с.-г. тэхналогіях. Цытрусавыя займаюць каля 35 тыс. га, інш. фрукты — каля 55 тыс. га, палявыя культуры — каля 230 тыс. га, агародніна, бульба і бахчавыя культуры — каля 45 тыс. га, кветкі — каля 2 тыс. га, пад рыбнымі сажалкамі каля 3 тыс. га. Штогадовы збор (тыс. т): пшаніцы — каля 300, бавоўны-валакна (асн. тэхн. культура) — каля 50, кармавых культур — каля 150, агародніны — каля 1100, бульбы — каля 220, бахчавых культур — каля 160, цытрусавых — каля 1500, інш. фруктаў (яблыкі, вінаград, бананы, аліўкі, авакада, ківі і інш.) — каля 500. Развіта малочна-мясная жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы 395 тыс. галоў, кур-нясушак 6,4 млн. галоў, бройлераў 15 млн. галоў, індыкоў 4,1 млн. галоў (1996). Па ўдоі малака на адну карову (больш за 8,5 тыс. л за год) І. займае 1-е месца ў свеце. Гадуюць авечак, коз (разам каля 420 тыс. галоў). Развіты рыбаводства, рыбалоўства ў Тыверыядскім возеры. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 15,1 тыс. км. У краіне каля 1,5 млн. аўтамашын. Даўж. чыгункі 610 км. Асн. чыгунка і аўтадарогі злучаюць Пн і Пд краіны. Нафтаправоды Эйлат—Хайфа, Эйлат—Ашкелон, прадуктаправод Хайфа—Тэль-Авіў. У знешніх зносінах вял. ролю адыгрывае марскі транспарт. Танаж гандл. флоту каля 2 млн. т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Гал. парты Ашдод (пераважае экспарт), Хайфа (пераважае імпарт), Эйлат. У краіне 2 міжнар. аэрапорты (імя Бен-Гурыёна каля Тэль-Авіва і Эйлацкі на крайнім Пд), праз іх праходзіць больш за 10 тыс. міжнар. рэйсаў за год. І. — краіна развітога турызму, у год яе наведвае каля 2 млн. замежных турыстаў і паломнікаў. У 1993 замежны турызм даў 2,1 млрд. долараў. Асн. раёны замежнага турызму: Іерусалім, Бейт-Лахм (Віфлеем), Назарэт, узбярэжжы Міжземнага і Мёртвага мораў, Эйлат. І. экспартуе машыны і абсталяванне, узбраенне, аграненыя алмазы, цытрусавыя, кансерваваныя фрукты, мінер. ўгнаенні, хімікаты і інш.; імпартуе паліва, неапрацаваныя алмазы, некат. прамысл. і харч. тавары, кармы, аўтамашыны і інш. Імпарт (у 1996—29,9 млрд. дол.) большы за экспарт (у 1996—20,5 млрд. дол.). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт замежнай дапамогі (ЗША і яўр. арг-цыі). Гал. гандл. партнёры ЗША, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Італія, Швейцарыя. Грашовая адзінка — шэкель.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і рэзерву. Тэр. краіны падзелена на ваен. акругі: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвую. У 1997 налічвалі 175 тыс. чал., рэзерву — 430 тыс. чал. У сухап. войсках 134 тыс. чал., 4,3 тыс. танкаў, каля 6 тыс. бронетранспарцёраў і баявых машын пяхоты, 4,4 тыс. артыл. сродкаў і мінамётаў. У ВПС 32 тыс. чал., 448 баявых (250 у рэзерве) самалётаў і 130 баявых верталётаў. У ВМС 9 тыс. чал., 2 падводныя лодкі, 55 баявых караблёў і катэраў. З 1986 распрацоўваецца сістэма супрацьракетнай абароны. У 1988, 1990, 1995 і 1997 запушчаны касм. апараты ізраільскай вытв-сці, працягваецца распрацоўка развед. сістэм касм. базіравання і супрацьракетных комплексаў «Эроў», «Хец».

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 76, жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 6 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 159 чал., урачамі — 1 на 214 чал. Узровень нараджальнасці 20 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1996).

Асвета, навуковыя ўстановы. У І. існуе сістэма ўсеагульнага абавязковага і бясплатнага навучання для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў, з 16 да 18 гадоў — па жаданні. У сістэме школьнага навучання 4 тыпы школ: дзярж. (вучыцца большасць дзяцей), дзярж. рэліг. (з паглыбленым вывучэннем іудаізму і яўр. традыцый), араб. і друзскія (навучанне на араб. мове), прыватныя (абслугоўваюць патрэбы розных рэліг. суполак і міжнар. арг-цый). Школы 3 ступеней: пач. (1—6-ы кл.), сярэдняя (7—9-ы кл.) і гімназія (10—12-ы кл., спалучаецца свецкае навучанне з рэліг. выхаваннем). У некат. сярэдніх школах акрамя агульнаадук. праграм уведзена прафес. арыентацыя. Прафес. падрыхтоўку маюць тэхнал. (3 узроўні) і с.-г. школы, вучылішчы адпаведных галіновых мін-ваў. Паводле закона аб сярэдняй адукацыі дзеці, якія нідзе не вучыліся, абавязаны набыць спецыяльнасць у вячэрняй школе (3—4 гады навучання). Для павышэння адукац. ўзроўню розных слаёў насельніцтва створаны спец. дзённыя і вячэрнія курсы для дарослых, курсы па вывучэнні іўрыта ў спец. цэнтрах абсорбцыі для імігрантаў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, ін-ты і каледжы; навучанне платнае. У 1996/97 навуч. г. ў І. больш за 150 тыс. студэнтаў, у т. л. 102 тыс. ва ун-тах. Буйнейшыя ВНУ: «Тэхніён» — Ізраільскі політэхн. ін-т у Хайфе (засн. ў 1912, адчынены ў 1924), Яўр. ун-т у Іерусаліме (засн. ў 1918, адчынены ў 1925), Ун-т імя Бар-Ілана (з 1955) у Рамат-Гане, Тэль-Авіўскі ун-т (з 1956), Хайфскі ун-т (з 1963), Ун-т імя Д.​Бен-Гурыёна ў Негеве (засн. ў 1965 у Беэр-Шэве), Адкрыты ун-т (засн. ў 1974) і інш. У І. шырокая сетка навук. і спец. б-к, цэнтраў апрацоўкі інфармацыі. Буйнейшыя б-кі: Ізраільская нац. б-ка (з 1892; знаходзіцца ў Яўр. ун-це, выконвае функцыі нац. цэнтр. і універсітэцкай б-кі), навук.-тэхн. б-ка пры «Тэхніёне», б-ка Н.-д. ін-та імя Х.​Вейцмана ў Рэховаце, б-кі ун-таў і Кнесета (парламента); Цэнтр. муз. б-ка ў Тэль-Авіве, Б-ка танца і музыкі (аддзяленні ў Тэль-Авіве і Іерусаліме) і інш. Музеі: Нац. музей І. (з 1965), Археал. музей (з 1938), Музей ісламу (з 1970), Мемар. музей Яд ва-Шэм (з 1953; у складзе даследчага і дакумент. цэнтра памяці ахвяр нацызму), музей Акадэміі музыкі і танца ў Іерусаліме; Музей мастацтва (засн. ў 1926, адчынены ў 1931), Гаарэц-музей (з 1958; збор маст. шкла, манет, яўр. мастацтва, фальклору і інш.) у Тэль-Авіве; музеі стараж. (з 1948) і сучаснага (з 1951) мастацтва, Музей мастацтва Японіі, Муз.; Марскі і інш. Н.-д. работу праводзяць Н.-д. ін-т імя Х.​Вейцмана (з 1934), навук. асацыяцыі, у т. л. Ізраільская мед. асацыяцыя (з 1912; у 1957 ёю засн. Іерусалімская акадэмія мед. навук), Асацыяцыя інжынераў і архітэктараў (з 1921), н.-д. ін-ты і цэнтры акад. ун-таў, «Тэхніёна», галіновых мін-ваў, Акадэмія мовы іўрыт (з 1953), Камісія па атамнай энергіі (з 1952) 1 інш. Н.-д. работу каардынуе Нац. савет па навук. даследаваннях і развіцці (з 1959) пры Мін-ве навукі і развіцця (з 1982).

Друк, радыё, тэлебачанне. У І. каля 400 перыяд. выданняў на мовах іўрыт, ідыш, араб., англ., франц., ням., рус., польск., венгерскай. Найб. уплывовая штодзённая ранішняя незалежная газ. «Гаарэц» («Наша краіна», з 1918), найб. тыраж маюць штодзённыя вячэрнія незалежныя газ. «Едыёт Ахранот» («Апошнія навіны», з 1939) і «Маарыў» (з 1948; усе ў Тэль-Авіве, на іўрыце). Інфарм. агенцтвы: Ітанут Ісраэліт Меўгедэт (з 1950, у Тэль-Авіве), Іевіш Тэлеграфік Агенсі (Іерусалім), Палесцін Прэс Сервіс (Іерусалім, араб. інфарм. агенцтва на акупіраваных тэрыторыях). Радыё ў І. з 1948. Першая радыёстанцыя засн. ў Іерусаліме, мае студыі ў Тэль-Авіве і Хайфе, трансліруе 6 праграм унутры краіны і па-за яе межамі на 16 мовах, у т. л. на іўрыце, ідыш, араб., англ., франц., рус., эфіопскай. З 1951 дзейнічае радыё ізраільскіх узбр. сіл «Галей Цахал». Тэлебачанне з 1966, трансліруе агульнанац. праграмы на мовах іўрыт і арабскай.

Літаратура. Да канца 19 ст. л-ра яўр. народа развівалася пераважна ў краінах дыяспары на іўрыце, араміце, а таксама на новых мовах рассялення — ладзіна, ідыш і інш. (гл. Яўрэйская літаратура). На мяжы 19—20 ст. цэнтр новай л-ры на іўрыце паступова пачаў перамяшчацца з Усх. Еўропы ў Палесціну (пісьменнікі А.​Д.​Гордан, І.​Х.​Брэнер, Х.​Н.​Бялік, Ш.​Чэрніхоўскі). У навелах і раманах Ш.І.Агнона прадстаўлены жанр філас. прытчы, дзе біблейскія і фалькл. матывы спалучаюцца з сюррэаліст. гратэскам. Панарама жыцця яўрэйства ў прозе Х.​Хазаза. Глыбокай метафарычнасцю і сугестыўнасцю пазначаны творы паэтаў 1940—50-х г. А.​Шлёнскага, Н.​Альтэрмана, Л.​Гольдберг, у творчасці якіх адчуваецца ўплыў еўрап. сімвалізму і рус. акмеізму. Сплавам традыцый з навацыямі экспрэсіянізму і філас. роздумам экзістэнцыялізму вылучаецца паэзія У.​Ц.​Грынберга. Традыцыі Бяліка ў 1940—80-я г. прадоўжаны ў паэзіі Ш.​Шалома і А.​Коўнера. Гал. тэмай маладога пакалення 1940—50-х г. стала барацьба народа за незалежнасць і адраджэнне дзяржавы (проза І.​Мосінзана, М.​Шаміра, С.​Ізхара, Н.​Шахама і інш.). З 1960-х г. цэнтр. месца ў л-ры І. займаюць пісьменнікі «новай хвалі», для якіх характэрна экзістэнцыяльная тэматыка, увага да ўнутр. свету асобы, глыбінь чалавечай псіхікі (раманы і навелы А.​Б.​Іехошуа і А.​Оза). Проза А.​Апельфельда — своеасаблівы манумент усім, хто загінуў у часы фаш. генацыду. У 1960—70-я г. ўзрасла хваля авангарднай «маладой паэзіі» (І.​Аміхай. Н.​Зах, Д.​Авідан), якой уласцівы абвостраны суб’ектывізм, імкненне перадаць глыбінныя рухі душы. Супярэчлівыя, парадаксальныя пошукі найноўшай л-ры 1970—90-х г. адлюстраваліся ў прозе І.​Бен-Нера, Я.​Шабтая, Д.​Шыца, Ш.​Харэвен, Х.​Беера, паэзіі Я.​Гурвіца, М.​Візелціра, А.​Шабтая, І.​Волаха. Вял. папулярнасцю ў краіне і за яе межамі карыстаецца творчасць старэйшага пісьменніка-гумарыста Э.​Кішона.

Архітэктура. Асновы архітэктуры І. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі з’явілася неабходнасць масавай жылой забудовы для рэпатрыянтаў. Яе асаблівасці закладзены ў пабудове квартала Мішкенот Шаананім («Мірныя дамы», 1860) у Іерусаліме: замкнёныя «гетападобныя» вуліцы, разлічаныя на аднароднае этнічнае і рэліг. насельніцтва, выкарыстанне мясц. арх. форм і традыцый, засваенне тагачасных вобразна-канструкцыйных сродкаў сусв. архітэктуры. Архітэктура пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы «міжземнаморскага стылю» (рэгіянальны варыянт інтэрнац. стылю 1920-х г.), мадэрну і канструктывізму. Сярод найб. значных пабудоў: канцэртная зала Ф.​Мана ў Тэль-Авіве (1957, арх. З. і Я.​Рэхтэры, Д.​Кармі, М.​Зархі) з веерападобнай канструкцыяй залы і падвеснай столлю; Нац. музей у Іерусаліме (1965) з кубічнымі аб’ёмамі будынкаў, унутр. дворыкам і пераходамі (арх. А.​Мансфельд, Д.​Гад) і паркам (арх. Ісаму Нагучы); комплекс іерусалімскага ун-та з 30 будынкаў з падкрэслена функцыян. стылем (арх. Д.​Рэзнік, Э.​Рау); будынак Кнесета ў Іерусаліме (1966, арх. Кармі, І.​Кларвайн) са сплавам рамантызму і манум. выразнасці. З 1970-х г. манументалізацыя набыла выгляд «новага бруталізму» (ажыўленне т.зв. традыцый крыжаносцаў — выкарыстанне вежаў, шчыльных муроў і інш.); шпіталь «Кармел» у Хайфе (арх. Я.​Рэхтэр), б-ка «Бет-Арыэла» ў Тэль-Авіве (арх. М.​Лупентэлер, Г.​Грэмерман) і інш. З 1980-х г. у архітэктуры дамінуе постмадэрнізм, якому ўласцівы інтэрпрэтацыі мясц. і міжнар. традыцый розных эпох, у т. л. араба-ісламскіх: пл. Сюзан Дэлаль у Тэль-Авіве, будынак Вярх. суда ў Іерусаліме (арх. Р.​Кармі, А.​Кармі-Меламід) і інш. Узводзяцца грамадскія пабудовы ў амерыканізаваным стылі.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вытокі нац. маст. школы І. звязаны з асяродкам «Бецалель» у Іерусаліме (засн. ў 1906), які гал. ідэяй творчасці абвяшчаў незалежнасць ад іншаземных уплываў, пошук сувязей з нар. традыцыямі, вобразамі людзей і прыроды Палесціны, хоць за аснову браліся выяўл. сродкі еўрап. мастацтва. Феномен маст. школы І. — вял. кола мастакоў розных хваль эміграцыі, якія атрымалі прафес. адукацыю ў розных краінах свету, але сфарміравалі пры гэтым плюралістычны і разнастайны вобраз сучаснага яўр. мастацтва. У 1920 у Іерусаліме ўтвораны Саюз яўр. мастакоў, пачалі ладзіцца выстаўкі. У 1920-я г. пры захаванні ў аснове рэаліст. традыцый пашырыліся авангардныя кірункі (жывапісцы М.​Шэмі, І.​Сімон, Х.​Атар, А.​Левін, графікі А.​Эльвейл, Ш.​Вейль, Я.​Штэйнхард, скульптары Х.​Арлова, М.​Цыфер, Б.​Лішанская, Я.​Лучанскі і інш.). Тэндэнцыі кубізму і экспрэсіяністычнасць вобразаў уласцівы мастакам А.​Ароху, Ш.​Себу, скульптарам З.​Бен-Цві, І.​Данцыгеру, Д.​Фейгіну і інш. У 1948 створана суполка мастакоў «Афакім Хадашым» («Новыя далягляды»), праграма якой арыентавалася на міжнар. маст. наватарства і радыкальныя эксперыменты. Пашырыліся абстрактныя, сюррэалістычныя, экспрэсіяністычныя, мадэрнісцкія кірункі (Я.​Агам, скульпт. Р.​Царфаці, І.​Шэмі), з’явіліся новыя віды мастацтва (оп-арт і інш.). Творчасць шэрагу сучасных мастакоў засн. на філас. асэнсаванні формы, колеру, вобразнай ідэі, часта звязанай з біблейскімі запаветамі (жывапіс Н.​Безем, А.​Кахане, графіка А.​Ашайіма, А.​Пана, М.​Шатры, Ш.​Бека). Сярод мастакоў выхадцы з Беларусі І.​Капелян, М.​Забораў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (тэкстыль, кераміка, шкло і інш.) выкарыстоўваюцца стараж. арнаментальныя і сучасныя сімвалы. Развіта мастацтва шрыфту, які грунтуецца на мадэрнізацыі стараж. традыцый яўр. пісьменства.

Музыка. Муз. культура І. складаецца з нац. муз. культур палесцінскіх яўрэяў і арабаў, а таксама з традыцый, прынесеных яўрэямі-перасяленцамі з інш. краін. У муз. фальклоры арабаў (пераважна песенным) захаваліся спецыфічныя рысы, уласцівыя арабскай музыцы; у яўр. муз. мастацтве выявіўся ўплыў яўр. традыцыйна-быт. і рэліг.-абрадавай музыкі. З утварэннем дзяржавы І. створаны муз. ўстановы: Ізраільская філармонія (на базе Палесцінскага яўр. сімф. аркестра, існаваў з 1936), сімф. аркестр радыё і тэлебачання г. Хайфа, камерны аркестр «Рамат Ган», Ізраільская нац. опера (пераўтворана з Палесцінскай яўр. оперы, засн. ў 1941; з 1994 — Новая Ізраільская опера ў пастаянным будынку — Доме оперы). З 1950-х г. працуе муз. т-р «Інбал». Фарміруецца кампазітарская школа, павышаецца ўзровень выканальніцкага майстэрства. Сярод кірункаў прафес. музыкі: традыцыйны, што развівае нар. муз. стыль на класічнай аснове з выкарыстаннем яўр. (М.​Лаўры) і ўсх. (Э.​Парташ) муз. фальклору; т.зв. міжземнаморскі стыль, прадстаўнікі якога спалучаюць элементы муз. фальклору розных яўр. этнічных груп (П.​Бен-Хаім, М.​Авідом), блізкі да еўрап. музыкі, а таксама муз. авангард (М.​Капытман, Э.​Штэйнберг). Працуюць: кансерваторыя ў Халоне (з 1942), Яўр. кансерваторыя ў Тэль-Авіве («Суламіф-кансерваторыя», з 1950), Акадэмія музыкі Рубіна ў Іерусаліме (з 1947), Нац. т-р (з 1958) і Камерны т-р (з 1944), Цэнтр сцэнічных мастацтваў (з 1994), Ізраільскі балет (з 1968), танц. цэнтр «Бат-Дор» (з 1971), муз. ф-т унта ў Тэль-Авіве, муз. школы, т-вы, хар. аб’яднанні і інш. Праводзяцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы (з 1961, штогод), Міжнар. конкурс піяністаў імя А.​Рубінштэйна і Міжнар. конкурс арфістаў у Тэль-Авіве (з 1959). Існуюць Ліга і Фонд кампазітараў Ізраіля (з 1957).

Тэатр. Нац. акцёрскую школу імкнуліся стварыць калектывы т-раў «Огель» (1926—68), «Мататэ» (1928—49), «Бацал-ярок», «Хамам» і інш., але яны расфарміраваны з-за недахопу сродкаў. У першыя гады станаўлення дзяржавы пераважала сац. роля т-ра над маст. аспектам пастановак: т-р звяртаўся да п’ес ізраільскіх аўтараў, у якіх адлюстроўваліся праблемы сучаснасці. Ставіліся творы і замежных драматургаў. У рэпертуары невял. камерцыйных труп, што ўзніклі ў 1960-я г., пераважалі авангардысцкія п’есы і мюзіклы. Сярод акцёраў і рэжысёраў тагачасных вядучых т-раў: Х.​Равіна, А.​Мескін, Ш.​Фінкель, М.​Зохар (т-р «Габіма», засн. ў 1928), С.​Бунім, П.​Фрай, А.​Халфі, Х.​Мірон, З.​Левіуш (Камерны т-р, засн. ў 1944). З 1958 у Тэль-Авіве працуе Нац. т-р І. У канцы 1970—80-я г. павялічыўся націск на тэатр: закрыта араб. сцэна ў Хайфскім т-ры (засн. ў 1961), забаронены п’есы з антыўрадавым зместам. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца пераход ад сац. тэатра да мастацкага (мюзікл «Адвержаныя», Камерны т-р, 1988). Сярод пастановак 1990-х г.: «Гарадзіш» Х.​Мітэльпункта ў Камерным т-ры: «P.S. Твой кот мёртвы» ў т-ры «Габіма», «Флейшэр» І.​Эвен-Ора і інш.

Кіно. Уласная кінавытворчасць у І. ўзнікла ў 1950: маст. фільм «Перамір’е» А.​Амара. Пасля прыняцця закона аб падтрымцы нац. кінавытворчасці (1954) у кінатэатрах уведзены абавязковы пракат ізраільскіх карцін. Сярод фільмаў: «Памятай!» Ф.​Артвіса, сатыр. камедыя «Салах Шабаці» Э.​Кішона (абодва 1964). У 1969 створана спец. кампанія па фінансаванні нац. кінавытворчасці «Сенфілда Ісраэл». У 1970-я г. выпускалася па 12—15 фільмаў штогод (пераважна вестэрны, камедыі, муз. стужкі, баевікі). Кінапрамысловасць апіраецца на фінансавую дапамогу амер. і зах.-еўрап. прадзюсераў. Пераважае камерцыйнае кіно, «лёгкія» жанры (папулярны кірунак «кіно Шэнкін» па назве тэль-авіўскай вуліцы, дзе збіраецца ізраільская творчая інтэлігенцыя); ствараюцца фільмы этн. характару. Сярод рэжысёраў 1990-х г.: Ш.​Габісан, Э.​Фокс, Х.​Азулай, Ш.​Хасфары, О.​Бен-Дор-Ніў, М.​Бат-Адам, А.​Даян, Д.​Вольман, А.​Рубінштэйн. Развіваецца дакумент. кіно, якое даследуе праблемы ізраільскага грамадства; рэжысёры: Ц.​Рыбенбах, Д.​Бен-Шытрыт, А.​Птай, Дж.​Шлец, А.​Гарэн і інш. З 1961 у г. Хайфа працуе «Фільмархіў», дзейнічаюць 2 кінастудыі ў Тэль-Авіве, 1 — у Іерусаліме. Шмат фільмаў здымаецца з кінакампаніямі ЗША, Францыі, Італіі, Германіі, Японіі.

Літ.:

Сэмюэлс Р. По тропам еврейской истории: Пер. с англ. М., 1993;

Корнилов АА Между войной и миром: О процессе принятия внешнеполит. решений в государстве Израиль (1948—1993 гг.). Нижний Новгород, 1994;

Яго ж. Меч и плуг Давида Бен-Гуриона. Нижний Новгород, 1996;

Sachar H.M. A History of Israel. T. 1—2. New York, 1987—91;

Фиш Г. Очерки современной израильской литературы: Пер. с англ. М., 1994;

Werner E. From generation to generation. Studies on Jewish musical tradition. New York, [1967].

Г.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​В.​Сініла (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Ізраіля.
Да арт. Ізраіль. Краявід каля паўднёвых берагоў Мёртвага мора.
Да арт. Ізраіль. Іерусалім, прамысловая зона ў раёне Рамот.
Да арт. Ізраіль. Сцяна плачу ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Руіны старажытнай крэпасці Масада каля Мёртвага мора.
Да арт. Ізраіль. Д.​Кармі, І.​Кларвайн. Будынак кнесета ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Будынак Вярхоўнага суда ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Панарама квартала Ямін Мошэ — першага пасялення яўрэяў па-за межамі Старога горада ў Іерусаліме.
Да арт. Ізраіль. Ш.​Себа. Пастух. 1959.
Да арт. Ізраіль. Ш.​Бек. Партрэт. 1970.
Да арт. Ізраіль. А.​Левін. Від. 1924.
Да арт. Ізраіль. А.​Кахане. Ахвярапрынашэнне Іцхака. 1954.
Да арт. Ізраіль. А.​Арох. Як пажываюць родныя, блізкія. 1960.
Да арт. Ізраіль. Н.​Безем. Ільвіная брама. 1976.
Да арт. Ізраіль. Новая Ізраільская опера. Сцэна са спектакля «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіча.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

co

1. што; колькі;

co to jest? — што гэта?;

co to za książka? — што гэта за кніга?;

co z tobą? — што з табой?;

nie wszystko złoto, co się świeci — не ўсё золата, што блішчыць;

to co innego — гэта нешта іншае;

co to kosztuje? — колькі гэта каштуе?

daj mi co nieco pieniędzy — дай мне крыху грошай;

co znów się spóźniłeś? — што, зноў спазніўся?;

2. што; які; to drzewo, co rośnie koło domu — тое дрэва, якое (што) расце каля дома;

co dzień — кожны дзень; штодзень; штодзённа;

co prawda, to nie grzech — што праўда, то не грэх;

co spojrzy, to w śmiech — як гляне, то ў смех;

co do mnie, zgadzam się — што тычыцца мяне, то я згодны;

3. што; як;

nie ma co tu czekać — няма чаго тут чакаць;

Bóg wie co — бог ведае што!;

co do grosza — да капейкі;

co ich tam się natopilo! — колькі іх там утапілася!;

co do joty — як найдакладней;

co za ... — што за...;

co za uroda! — што за прыгажосць (краса)!;

co prędzej — як хутчэй;

(biec) co tchu — (бегчы) што ёсць духу;

krzyczeć co sił — крычаць з усіх сіл;

co się zowie — што называецца

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

take [teɪk] v. (took, taken)

1. браць, прыма́ць;

take a bath купа́цца;

take a bus сяда́ць у аўто́бус;

take tea піць чай, піць гарба́ту;

take shel ter хава́цца

2. вадзі́ць, вазі́ць, насі́ць;

ta ke smb. home право́дзіць каго́-н. дадо́му

3. патрабава́ць; Іt takes a lot of time. Гэта займае шмат часу.

4. запі́сваць; ме́раць, вымяра́ць;

take one’s temperature ме́раць тэмперату́ру

5. лічы́ць, разуме́ць, меркава́ць, ду́маць;

I take it you agree. Я лічу, што ты згодзен.

♦

be taken ill захварэ́ць;

take advantage of smth. скарысто́ўваць што-н., выкарысто́ўваць што-н.;

take a chance скарыста́ць наго́ду;

take a cold прастудзі́цца;

take after smb. быць падо́бным да каго́-н.;

take an interest (in) заціка́віцца (у);

take a seat сяда́ць;

take a walk прагу́львацца;

take care (of) клапаці́цца;

take for granted прыма́ць за чы́стую мане́ту;

take it easy не турбу́йся;

take it from me (that)… infml паве́р мне, што..;

take notes (of) запі́сваць;

take notice (of) заўважа́ць;

take offence кры́ўдзіцца;

take part браць удзе́л;

take place адбыва́цца;

take smth. as it comes прыма́ць што-н. як яно́ ёсць;

take steps/measures прыма́ць ме́ры, рабі́ць за́хады;

take the floor браць сло́ва, выступа́ць

take aback [ˌteɪkəˈbæk] phr. v.

1. здзіўля́ць, збянтэ́жваць

2. заспе́ць зняна́цку

take apart [ˌteɪkəˈpɑ:t] phr. v. разбіра́ць на ча́сткі

take away [ˌteɪkəˈweɪ] phr. v.

1. math. адніма́ць

2. BrE браць гара́чую е́жу навы́нас (з рэстарана)

take back [ˌteɪkˈbæk] phr. v. браць наза́д (слова)

take down [ˌteɪkˈdaʊn] phr. v.

1. зніма́ць, здыма́ць (са сцяны, з паліцы і да т.п.)

2. запі́сваць

take in [ˌteɪkˈɪn] phr. v.

1. дава́ць прыту́лак

2. уключа́ць; змяшча́ць

3. разуме́ць, засво́йваць

4. падма́нваць, ашу́кваць

take off [ˌteɪkˈɒf] phr. v.

1. зніма́ць, здыма́ць (адзенне)

2. рабі́ць скі́дку

3. капі́раваць, імітава́ць

4. узлята́ць (пра самалёт)

take on [ˌteɪkˈɒn] phr. v.

1. найма́ць (на працу)

2. браць на сябе́ (адказнасць)

take out [ˌteɪkˈaʊt] phr. v.

1. выма́ць; вырыва́ць

2. браць, пазыча́ць (у бібліятэцы)

3. выво́дзіць (на шпацыр)

4. AmE браць гара́чую е́жу навы́нас (з рэстарана)

take up [ˌteɪkˈʌp] phr. v.

1. прыма́ць (выклік)

2. забіра́ць (пасажыраў)

3. падкаро́чваць (вопратку)

4. звярта́цца да каго́-н. (з пытаннем, прапановай)

5. бра́цца за што-н., пачына́ць спра́ву;

When did you take up teaching? Калі ты пачаў настаўнічаць?

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

бог, ‑а, К божа; мн. багі, ‑оў; м.

1. Паводле рэлігійнага ўяўлення — вярхоўная істота, якая стварыла свет і кіруе ім.

2. перан. Выдатны спецыяліст у якой‑н. справе. Цікава, ці слухалі сёння.. [Наташына] выступленне.. Ці бачыў [яе] той чарнявы ленінградзец, хвалёны бог электразваркі? Краўчанка.

•••

Аддаць богу душу гл. аддаць.

Аднаму богу вядома гл. вядома.

Багі мелі — як сведчанне адсутнасці чаго‑н.: няма і не магло быць.

Барані (бронь) божа — тое, што і крый бог.

Бачыцца (пабачыцца) з шкляным богам гл. бачыцца.

Бог адвярнуўся ад каго — пра бесперапынныя няўдачы.

Бог бацька — будзь што будзе.

Бог бачыць — бог гэтаму сведка.

Бог вайны — пра артылерыю, якая адыгрывала галоўную ролю на полі бою.

Бог (святы) ведае (хто, што, куды, колькі, які) — невядома, ніхто не ведае.

Бог дасць; як бог дасць — як прыйдзецца.

Бог з табою (з ім, вамі і г. д.)! — далікатны папрок, адмаўленне ад паслугі; формула прабачэння.

Бог крыў (мілаваў) — усё добра, нічога дрэннага не здарылася.

Бог розуму не даў — пра абмежаванага ў разумовых здольнасцях чалавека.

Бог шчасця не даў — пра няўдачлівага чалавека.

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — нічога невядома (пра каго‑, што‑н.).

Богам прашу гл. прасіць.

Богу душою не вінаваты (вінны) гл. вінаваты.

Божа; божа мой; божухна мой! (у знач. выкл.) — ужываецца для выказвання здзіўлення, гневу, радасці і пад.

Божа збаў — ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах.

Божа (божачка) літасцівы! (у знач. выкл.) — ужываецца для выражэння здзіўлення, абурэння, роспачы. [Кравец:] — Божачка, братачка літасцівы, гэта ж Тварыцкі. Я ж яго ведаю. Чорны. [Жонка:] — А божа літасцівы, дай жа ім [бальшавікам] сілы і адвагі, каб хутчэй гэтую погань пагналі ад нас!.. Чарот.

Браць на бога гл. браць.

Дай (не дай) бог (божа) — пра пажаданні (непажаданні) чаго‑н.

Дай бог (божа) ногі — пра жаданне хутчэй пакінуць небяспечнае месца.

Дай бог чутае бачыць — пры пажаданні здзяйснення таго, што паабяцана.

Дай божа кожнаму — пра што‑н. добрае, ад чаго ніхто не адмовіцца.

Даруй божа (у знач. пабочн.) — паказвае на рэзкасць выказанай ацэнкі, думкі і інш.

Дзе цябе (вас) бог носіць? — здзіўленне пры сустрэчы з чалавекам, якога доўгі час не відаць было.

Дзякуй (дзякаваць) богу гл. дзякуй.

З богам! — пажаданне пачынаць што‑н., пажаданне поспеху, удачы.

Крый бог — выраз ужываецца як засцярога ад чаго‑н., як забарона рабіць што‑н. небяспечнае.

Маліць бога гл. маліць.

Нечага (няма чаго) на бога ківаць гл. ківаць.

На міласць бога (спадзявацца) гл. міласць.

Напрамілы бог — што ёсць сілы клікаць, крычаць (прасіць).

Не гняві бога гл. гнявіць.

Не давядзі бог — вельмі дрэнна.

Ні богу свечка ні чорту качарга гл. свечка.

Няма чаго богу грашыць гл. грашыць.

Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць) — ужываецца як пажаданне пазбаўлення ад чаго‑н. непрыемнага.

Пабойся (пабойцеся) бога гл. пабаяцца.

Памагай бог гл. памагаць.

(Сам) бог жыве — пра добрыя ўмовы жыцця, працы.

(Сам) бог паслаў — выказванне радасці ад шчаслівай нечаканасці.

Служыць двум багам гл. служыць.

У бога цяля ўкрасці гл. украсці.

Хвала богу гл. хвала.

Што бога гнявіць; няма чаго бога гнявіць гл. гнявіць.

Як у бога за пазухай — без асаблівага клопату, пры поўным забеспячэнні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

такі́ ​1, ‑о́га, м.; така́я, ‑о́й, ж.; тако́е, ‑о́га, н.; мн. такі́я, ‑і́х; займ.

1. указальны. Указвае на якасць, уласцівасць асобы, прадмета, азначаючы: менавіта гэты, падобны да гэтага або да таго, пра які гаварылася раней ці гаворыцца далей. Хіба ж не міл і час такі На схіле лецейка, пад восень, Калі па верасах між сосен Пачнуць расці баравікі? Колас. // Дакладна такі, такі, як быў. Мінула столькі часу, а ён такі, як быў. // Падобны да іншага. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.

2. указальны. Выкарыстоўваецца як слова, якое ўводзіць наступны тэкст, у значэнні: іменна той, які адпавядае таму, што будзе сказана далей. [Старшыня:] — Нам рукі трэба, разрываешся тут, а ён [Андрэй], такі мужчына: мядзведзі, качкі... Страляе па лесе... Пташнікаў. Ранейшае жыццё было такое: ураднік забярэ, суддзя абдзярэ, гандляр абкрадзе. Янкоўскі.

3. азначальны. Пры назоўніках і прыметніках, якія абазначаюць уласцівасць, стан і пад., указвае на большую, вялікую ступень, стан і пад. Наіўна дзівяцца дома, Чаго я [студэнт] такі худы. Маляўка. Распісалі сваякі Яся, хто як можа: — А разумненькі такі! — А такі прыгожы! Кляўко. [Жанчына:] — Як жа, мой сынок, не заплакаць, калі тут [у вершы] кожнае слова такое пякучае. «ЛіМ». // Пры азначальным слове служыць для выдзялення, падкрэслівання якой‑н. якасці, уласцівасці. А трэці [паравоз] — якая-небудзь кукушка — не гудзіць, а проста пасвіствае галаском такім тонкім, пранізлівым. Лынькоў.

4. азначальны. Разм. Выкарыстоўваецца звычайна ў клічных сказах для ўказання на незвычайнасць, дзівоснасць (пры хвальбе або ганьбаванні каго‑н.). І песням першы раз сягоння Такая шыр, такі прастор! Танк. Яна [Наста] — настаўніцай. Ён [Андрэй] — старшынёй. І ўсе зайздросцілі — такая пара! З. Астапенка.

5. азначальны. Разм. У спалучэнні з займеннікамі «хто», «што», «які» выкарыстоўваецца для падкрэслівання і выдзялення іх, падаючы значэнне іменна. [Вера:] А што такое з Тамарай? Крапіва. — Што там такое? — стрымана запытаў бацька. Кулакоўскі.

6. у знач. наз. тако́е, ‑ога, н. Нешта, што звяртае ўвагу: смешнае, незвычайнае, страшнае і пад. — Як вы [цётка Хрысця] маглі падумаць такое? — прашаптала, задыхаючыся, Тацяна. Шамякін.

•••

Да такой ступені гл. ступень.

Ёсць такая справа! гл. справа.

Такая справа гл. справа.

Такі ж, як — зусім падобны на каго‑, што‑н.

Такім макарам гл. макарам.

Такім парадкам гл. парадак.

Такім чынам гл. чын.

Такой бяды гл. бяда.

У такім выпадку — тое, што і у такім разе.

У такім разе гл. раз.

Што тут такога? — выкарыстоўваецца пры няясным пытанні ў значэнні: што асаблівага (добрага ці дрэннага) у тым, што зроблена кім‑н.

такі́ і -такі ​2, часціца.

Разм.

1. Выкарыстоўваецца пры знамянальных словах (часцей пры прыслоўі), падкрэсліваючы іх значэнне. Кошык быў амаль поўны, а грыбы яшчэ трапляліся. Іх такі многа пад мохам. Навуменка. [Тацяна:] — А от абцасы ладна такі пазбіваліся, трэба будзе неяк падрамантаваць. Васілёнак.

2. Пры дзеяслове выступае ў значэнні: тым не менш, усё ж, усё-такі. І такі прыкмеціў: Не дзяўчына — ружа. Гілевіч. Даказалі-такі цуду: Конь, мужык на свеце — сіла! Купала.

3. Уваходзіць у склад некаторых слоў: даволі-такі, зноў-такі, так-такі і пад. Сонца яшчэ не ўзышло, і было даволі-такі халаднавата, аж рукі стылі. Чарнышэвіч. Валодзька .. таўчэ каленам у надзьмуты жывот [каня] і лаецца, зноў-такі смеючыся. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тон, ‑у, м.

1. Гук пэўнай вышыні, які ўтвараецца перыядычнымі хістаннямі паветра; музычны гук. Нізкі тон. Высокі тон.

2. звычайна мн. (то́ны, ‑аў). Гукі сэрца, яго клапанаў; гук, які ўтвараецца пры выстукванні полых органаў цела чалавека. Смірын вухам прыпаў да потных грудзей нампаліта, намагаўся выслухаць тоны сэрца. Яны выразна чуліся і былі чыстыя. Алешка.

3. Інтэрвал тэмпераванай тамы, што складаецца з двух паўтонаў і прымаецца за адзінку пры вызначэнні рознасці гукаў па іх вышыні. [Ермашоў:] Ідзіце, ідзіце, яшчэ ёсць час. І скажыце, што я дазволіў аркестру ўзяць на два тоны вышэй. Губарэвіч.

4. Тое, што і танальнасць (у 1 знач.). Мажорны тон. Мінорны тон. □ Эх, песні, адвечным песні зямлі! Калі заспяваюць вас на вясёлы, радасны тон? Колас. // перан. (звычайна са словамі: «мажорны», «мінорны»). Эмацыянальная настроенасць, настрой. Мажорны тон вершаў. □ Мінорны тон песні больш чуецца не праз сцяну, а праз адчыненае акно. Дуброўскі.

5. Характар гучання інструмента або голасу. Малы ўзяў дудку. Перш агледзеў. А потым сам, як і Сымон, Паднёс да губ, і, нібы ў заедзі, Пачуўся мяккі яе тон. Колас. // Характар гучання, які надае выканаўца інструменту або голасу. Вось настроіў, навёў тон у струнах як след, Не зірнуўшы на гулі ні разу, І сядзіць гэты сумны, як лунь белы, дзед. Купала.

6. Вышыня або сіла гучання голасу чалавека, які гаворыць. — Дагэтуль яшчэ не было выпадкаў, — знізіўшы тон, сказаў дзед. Чарнышэвіч.

7. звычайна каго або які. Характар гучання маўлення, манера гаварэння (або пісьма), якія выражаюць пачуццё гаворачай асобы, адносіны да прадмета гутаркі, асаблівасці душэўнага складу. Афіцыйны тон. Жартаўлівы тон. Адміністрацыйны тон. □ Генерал і Бяссонаў перайшлі на той таварыскі тон, што вельмі лёгка ўстанаўліваецца паміж франтавікамі. Мележ. [Камбрыг] урачыста, тонам камандзіра сказаў: — Добра, Саковіч! Я так і ведаў, што ты не падвядзеш братву. Брыль. — Стой! Не страляй, не трэба! — сказаў .. [Пракоп Адамавіч] тонам загаду. Ляўданскі. За спакойным тонам пісьма чуваць вялікае хваляванне, можа, нават гора. Дамашэвіч. // Манера, стыль пісьма, апавядання. Палемічны тон артыкула. □ Сама тэма шырокага паказу жыцця народа абумовіла эпічны тон апавядання. Хромчанка. // Манера, стыль тэатральнай ігры. Глебаўскія персанажы афарбаваны камедыйнымі тонамі.

8. з азначэннем. Характар, стыль паводзін, жыцця. Правілы добрага тону. Трымаць рукі ў кішэнях — адзнака благога тону. // Характар або агульны выгляд чаго‑н. Аркавы пояс з байніцамі падаў нейкі новы асноўны тон усёй арнаментыцыі будынка. Ліс.

9. Колер, афарбоўка, а таксама адценне колеру, якое адрозніваецца ступенню яркасці, насычанасці. Фарбы цёплых тонаў. Светлы тон карціны. Залацістыя тоны восені. □ Люся паспрабавала злічыць, колькі фарбаў у .. [вясёлцы], — і не змагла: адзін тон непрыкметна пераходзіў у другі, трэці. Даніленка.

•••

Задаць тон гл. задаць.

Збавіць тон — тое, што і знізіць тон (гл. знізіць).

Знізіць тон гл. знізіць.

Павысіць тон — тое, што і павысіць голас (гл. павысіць).

Трапіць (патрапіць) у тон гл. трапіць.

У тон (пад тон) — а) аб гармоніі колераў, адценняў колеру. Светлы, добра скроены пінжак. Чыстая, адпрасаваная сарочка. У тон да іх удала падабраны гальштук. Сабалеўскі; б) у тым жа духу, стылі. Мэбля пад тон архітэктуры; в) з тым жа настроем, з той жа інтанацыяй (гаварыць, сказаць і пад.). — Што ў вас, вяселле, ці што? — падладжваючыся пад вясёлы тон гасцей, спыталася .. [Валя Ягадка]. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каза́к 1 ’На Русі ў XV–XVII стст. — вольны чалавек, з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік; у дарэвалюцыйнай Русі: з XVIII ст. — прадстаўнік ваеннага саслоўя — ураджэнец вайсковых абласцей (Кубанкай, Арэнбургскай, войска Данскога і інш.), які быў абавязаны несці службу ў асобых вайсковых часцях за льготнае карыстанне зямлёй; радавы асобых (звычайна кавалерыйскіх) вайсковых часцей; ураджэнец некаторых (былых вайсковых) абласцей СССР’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), ’пра спрытнага маладога мужчыну’ (ТСБМ); сустракаецца і ў народных песнях (Радч. і інш.). Што датычыць слова казак у асноўных значэннях, то гэта ва ўсх.-слав. мовах запазычанне з Усходу: у тур., крым.-тат., казах., кірг., тат., чагай, мовах казак ’вольны, незалежны чалавек; шукальнік прыгод, бадзяга’, кумык. казак ’аружаносец пры феадале, ваенны слуга, дружыннік’. Шлях распаўсюджання слова ва ўсх.-слав. мовах няясны, у ст.-рус. адзначаецца ў грамаце 1395 г., аднак са значэннем ’парабак, батрак’ і ў форме з ‑о‑. Слаўскі (3, 26) мяркуе (пералічыўшы вядомыя ў большасці славянскіх моў формы), што слова трапіла ў гэтыя мовы з укр. Аднак звяртае на сябе ўвагу, што ў балг. казак (з ‑а‑), відавочна, з рус. мовы, а Ліндэ для польск. прыводзіў як неўжывальную форму kazak (таксама, як бачым, з ‑a‑). Аднак у большасці слав. і зах.-еўрап. мовах прадстаўлена менавіта ўкр. форма гэтага слова. Што датычыць бел., яго статус няясны: хоць у ст.-бел. мове і адзначана форма з ‑о, форма козакъ (і вытворныя), відавочна, з’яўляецца асноўнай. Значэнне ’спрытны, малады мужчына’ вядомае ўкр. мове. Так, Грынчэнка адзначае, што слова казак у народнай паэзіі дапасоўваецца да кожнага маладога чалавека, аднак не выключана, што такое значэнне магло быць не толькі вынікам экспансіі слова рознымі шляхамі, у тым ліку і пры пасрэдніцтве фальклору, але і магло ўзнікнуць самастойна на базе як новых значэнняў (’кавалерыст’ і інш.), так і магчымых старых ’бадзяга’. Параўн. у ст.-польск. kozak ’юнак, зух’, дыял. ’смяльчак, завадатар, хлопец’, рус. дыял. казак ’пра смелага, удалага чалавека’.

Каза́к 2 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ). Статус слова няясны, магчыма, другаснае ўтварэнне ад казачок, а магчыма, тое ж, што і ўкр. казак ’танец. Што датычыць этымалогіі, то нельга сцвярджаць упэўнена: паходзіць гэта слова ад казак 1, ці мае нейкія адносіны да каза ’танец’ (рускія гаворкі, напрыклад, ведаюць слова казак у значэнні ’самец розных жывёл і птушак’, параўн. таксама рус. арханг. казак с казачихой). Паводле лінгвагеаграфіі і экстралінгвістычнай інфармацый, другая версія пакудь што менш надзейная.

Каза́к 3 ’лён-даўгунец’ (БРС, Уладз.), ’сорт высокаўраджайнага аўса’ (Сцяц.). Як можна меркаваць па прыкладах, гэта параўнальна новае слова. Сінонім — вельколён: «Простый лʼон пэршы був, а вэлʼколʼун у воjну мыколаjивсʼку поjавывся» (Уладз., 198). Другое значэнне ’авёс’, магчыма, другаснае, перанос назвы паводле прыкметы ’вялікі, ураджайны’. Гаворкі рус. мовы ведаюць слова казак у дачыненні да розных раслін. Улічваючы, што размова ідзе пра яўна культурны тэрмін, ёсць вялікая верагоднасць таго, што ён запазычаны разам з рэаліяй. Тэарэтычна магчымы і іншы варыянт: самастойнае ўтварэнне ад казак ’малады, спрытны мужчына’ (параўн. характэрныя дыял. назвы лёну, аўса: скакун, скочень, ростун) або моўная трансфармацыя (муж. род) каза ’лісце, каліва цыбулі і інш.’ Структура такога тыпу (з суф. ‑ак) вядома як у бел., так і ў іншых слав. мовах, параўн. балг. козак ’расліна Tragopogon majus’, чэш. kozak ’назва грыба’ і інш.

Казаќ 4 ’казакін’ (Мат. Гом.), ’жаночае верхняе адзенне, нажытае ў зборкі’ (рас., Сл. паўн.-зах.). Рус. валаг., наўг., казан. казак ’разнавіднасць паддзёўкі са зборкамі, накрытай сукном’ і вядомае на розн. тэрыторыі ’жаночая кофта ў талію, сукенка ў талію і інш.’, асташ., цвяр., ленінгр. і інш. ’верхняе жаночае адзенне’, польск. уст. казак ’кароткі плашч, куртка’, больш новае ’доўгая блузка, якая носіцца паверх спадніцы’, чэш. kazak, славац. kazak ’кафтан’. Бел. слова, зафіксаванае ў розных моўных арэалах, або сведчыць пра інфільтрацыі ў перыферыйныя зоны з гаворак суседніх моў, або ўказвае на запазычанне, якое станавілася архаізмам і, трапляючы ў пасіўны запас, гублялася ці магло выцясняцца іншым словам (казаціна і да т. п.). Не выключана магчымасць і адваротнай дэрывацыі (казак < казакін і пад.). Як культурны тэрмін, казак вядомы на шырокай тэрыторыі; слова лічыцца запазычаннем, аднак крыніца і шляхі распаўсюджання слова няясныя. Слаўскі (3, 27) прыводзіць папулярную версію аб тым, што гэта запазычанне з захаду: франц. casaque ’кафтан, апанча, плашч; упрыгожаная доўгая блузка’, слова вядома з 1413 г., у польск. мове форма kazak адзначаецца пазней. Іншыя аўтары (Гараеў, Дзмітрыеў) мяркуюць аб запазычанні з усходу; Дзмітрыеў (Тюрк. эл., 25) прыводзіць татар., бат. кэзэки ’нацыянальнае верхняе адзенне мужчын Татарыі і Башкірыі’. Супраць такой этымалогіі рэзка, аднак без аргументацыі выступіў Фасмер (2, 158). Можна звярнуць увагу на тое, што ў рус., бел., укр. гаворках сустракаюцца значэнні ’мужчынскае і жаночае адзенне, блузка’, што больш адпавядае версіі аб заходнім запазычанні. Арыстава (Контакты, 59–60) прапанавала ў якасці крыніцы англ. cassock ’туніка ў англійскіх свяшчэннікаў’, аднак па семантычных і інш. прычынах гэта версія не выглядае надзейнай. На жаль, лінгвагеаграфічны крытэрый адзначыць тут вельмі цяжка, паколькі матэрыял не дазваляе меркаваць, што бел. мова была пасрэднікам распаўсюджання слова. Семантыка прыведзеных слоў паказвае, што разглядаць польск. даныя асобна ад рус. (тут бел. факты былі б інфільтрацыямі з суседніх польск. і адпаведна рус. гаворак) нельга. Што ж датычыць уласна этымалагічнага боку, то думка аб зах.-еўрап. паходжанні слова найбольш абгрунтавана. Крыніцай франц. casaque лічаць звычайна італ. casacca ’кафтан, апанча’, аднак Слаўскі (3, 27–28) прыводзіць вядомыя с.-лац. casaca ’разнавіднасць убрання’, італ. casaca ’куртка’ і інш.

Каза́к 5 ’калаўрот або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Борт.). Да каза 1, перанос паводле зааморфных атрыбутаў рэаліі — наяўнасці ручак (рагоў), параўн. рус. пск. баран ’вертыкальны калаўрот’, таксама адзначанае Далем спец. (у мяснікоў) ’калаўрот паміж двух слупоў’; ніжагар. ’разнавіднасць санак з ручным калаўротам’.

Каза́к 6 ’грыб масляк’ (Бяльк., Сцяшк.), козяк ’абабак, падбярозавік’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб любы, ядомы, апрача баравіка’ (маст., Жыв. сл.; слон., Нар. лекс.), козяк ’тс’ (кобр., Жыв. сл.). Сцяцко (Дыял. сл.) дае дэфініцыю казякі ’грыбы (агульная назва)’. Паводле ўласных запісаў Сцяцко (Нар. лекс., 49) слова казякі ведаюць у Маст., Слон., Ваўк. раёнах. Аўтар лічыць, што паходзіць слова ад назвы казлякі (казля́к ’масляк’). Тут можна бачыць суфіксальнае ўтварэнне ад каза 1, як аб гэтым думае Сцяцко, Афікс. наз., 146, а магчыма, перанос назвы ад казак ’казляня’, параўн. каза, казёл, казялок ’грыб масляк і інш.’. Што датычыцца значэння ’любы грыб (апрача баравіка)’, то тут праблема не вельмі ясная, ці гэта абагульненне назваў канкрэтных «чорных» грыбоў (маслякі, абабкі), ці незалежнае ўтварэнне, якое дэманструе ўжыванне заоніма для характарыстыкі зніжанасці, абазначэння другароднасці такіх грыбоў.

*Каза́к 7, коза́к ’рухавы смелы чалавек’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў няма, аднак з іншым значэннем аналагічныя структуры ёсць у некаторых мовах: рус. пячор., арханг. казак ’смелы ўдалы чалавек (пра жанчыну)’, анеж. казак ’пра жанчыну’, магчыма, сюды ж асташ., цвяр., пск., арл. казаки ’гульня ў гарэлкі’. Як паказваюць структурна адэкватныя лексемы (рус. казак ’грыб падбярозавік, Boletus scaber’, ’лекавая расліна’, казаки ’расліна Plantago’, польск., чэш., славац. kozak ’грыб Boletus scaber’, славен. kozák ’разнавіднасць грыба, жука’, польск. kozak ’пастух коз’, славін. kozak ’недарэка і інш.’, чэш. kozak ’пастух коз’). Параўн. таксама іншыя ўтварэнні ў бел. мове (гл. казак), тут дэрыват ад каза 1, аб тыпе словаўтварэння гл. Сцяцко, Словаўтв., 146. Да семантыкі можна прывесці рус. мяшч., калуж. козёл ’пра жывога, рухавага чалавека’ і рус. казакаться ’важнічаць, наравіцца’, якое па семантыцы быццам бы не супадае, аднак параўн. рус. козокаться ’наравіцца, важнічаць, сварыцца, круціцца, не стаяць на адным месцы і інш.’, козохаться ’тс’, арханг. козой (з іншым суфіксам) ’упарты, лодыр’, козон ’пра жвавую, вяртлявую жанчыну’, козанок ’пра малое дзіця, якое дрэнна расце’, ’пра жвавага чалавека’, ’пра жвавую дзяўчынку’, ’пра жвавае, смелае дзіця’, козыкаться ’ўпарціцца’ і ’важнічаць’ (пск. і інш.); параўн. яшчэ рус. дыял. козлиться ’гарэзіць, скакаць’, ’упарціцца’, ’сердаваць, злавацца’, козлокать ’скакаць, гарэзіць’. Пры аналізе першай групы рус. прыкладаў неабходна мець на ўвазе магчымыя ўзаемаўплывы дэрыватаў ад коза і козырь, козыриться, а таксама і інш. слоў. Што датычыць бел. слова, уплыў лексемы казак ’вольны чалавек’ і інш. не выключаны, ім можна тлумачыць спарадычнасць утварэнняў з ‑ак‑ суфіксацыяй ва ўсх.-слав. мовах і паслядоўныя запісы рус. адпаведнікаў (казак) з ‑а‑.

*Каза́к 8, коза́к ’укладка нарыхтаваных дроў у лесе’ (ТС). Магчыма (гл. казачок ’мера дроў’), суадносіцца з рус. арл., болхаўск. казак ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Як і іншыя ўтварэнні (параўн. казак), мы лічым гэта слова вытворным ад каза 1. Што датычыць семантыкі, параўн. рус. малаарханг., арл. складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфу на другі, сценкай’, ’складваць цагліны: адны плазам, іншыя стаўма, каб паміж імі засталіся адтуліны для паветра’, укр. усх.-палес. козлік ’укладка торфу’, магчыма, сюды ж шматлікія дэрываты ад каза, казёл — найменні ўкладкі снапоў, як спецыяльных, ад дажджу, так і традыцыйных. Сувязь з назвай жывёлы становіцца яснай, калі параўнаць з утварэннямі, якія называюць Т‑падобныя прыстасаванні, дэталі (што разумеецца або як зааморфная адзнака непасрэдна або ўскосна), або з рознымі ўкладкамі (снапоў і інш.), як устойлівымі канструкцыямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АТЛАНТЫ́ЧНЫ АКІЯ́Н (лац. Mare Atlanticum, грэч. Atlantis),

частка Сусветнага ак. паміж Еўропай, Афрыкай, Антарктыдай, Паўд. і Паўн. Амерыкай. Другі па велічыні і глыбіні (пасля Ціхага акіяна) на Зямлі. Працягласць Атлантычнага акіяна з Пн на Пд каля 15 тыс. км. Пл. 91,6 млн. км², аб’ём вады 329,7 млн. м³. Сярэдняя глыб. каля 3600 м, найб. — 8742 м (жолаб Пуэрта-Рыка).

Берагі. Берагавая лінія моцна расчлянёная ў Паўн. паўшар’і, дзе размешчаны амаль усе моры і вял. залівы Атлантычнага акіяна (Балтыйскае, Паўночнае, Міжземнае, Карыбскае моры і інш. і буйн. залівы Біскайскі і Гвінейскі), і слаба парэзана ў Паўднёвым (мора Уэдэла, Скота, Лазарава — каля Антарктыды). Важная асаблівасць Атлантычнага акіяна — наяўнасць міжземных мораў (Мексіканскі заліў і Карыбскае м. на З і Сярэднеземнаморскі бас. на У).

Астравы. Агульная пл. астравоў 1070 тыс. км². Асн. група мацерыковага паходжання: Брытанскія, Канарскія, Зялёнага Мыса, Фалклендскія (Мальвінскія), В. Антыльскія, Ньюфаўндленд і часткова М. Антыльскія. Ёсць вулканічныя (Азорскія, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.) і каралавыя (Багамскія і інш.).

Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф), мацерыковы схіл і ложа акіяна. Шэльф займае каля 10,3% пл. дна, мае слабы нахіл у бок адкрытага акіяна. Каля берагоў в-ва Грэнландыя, п-ва Лабрадор шырыня шэльфа дасягае 300—400 км. Параўнальна вузкая шэльфавая зона акаймоўвае Зах. Еўропу і берагі Зах. Афрыкі. Уздоўж аргенцінскага берага шырыня шэльфа 400 км і глыб. 140—150 м; каля вусця Амазонкі 300 км; уздоўж гвіянскага ўзбярэжжа 90 км. Шэльфавая зона ў паўд. ч. Карыбскага м. і ў раёне Антыльскіх а-воў развіта слаба. Мацерыковы схіл стромкі, парэзаны падводнымі каньёнамі, самы вял. з іх — Гудзон. Рэльеф ложа — спалучэнне падводных хрыбтоў, падняццяў і катлавін. У цэнтр. ч. акіяна ад в-ва Ісландыя да в-ва Буве на 18 тыс. км цягнецца S-падобны мерыдыянальны Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, які падзяляе Атлантычны акіян на ўсх. і зах. часткі (з глыбінёй над ім каля 3000 м; на У і З ад яго — 5000—6000 м). На Пн (каля Ісландыі) хрыбет мае назву Рэйк’янес, на Пд каля в-ва Буве хрыбет паварочвае на У і пераходзіць у Афрыканска-Антарктычны хрыбет. Там, дзе хрыбет уздымаецца на ўзр. мора, — астравы вулканічнага паходжання (Ісландыя, Азорскія, Сан-Паўлу і інш.). Важнейшая рыса будовы Сярэдзінна-Атлантычнага хр. — папярочныя разломы (Чарлі Гібса, Атлантыс, Кейн, Віма, Романш, Сан-Паўлу, Св. Алены і інш.), якія разбіваюць асн. хрыбет на асобныя блокі з шыротным зрушэннем іх адносна восі. На З і У ад Сярэдзінна-Атлантычнага хр. размешчаны падводныя ўзвышшы (Рыу-Гранды, Бермудскае), плато (Хатан, Зялёнага Мыса), хрыбты (Кітовы хрыбет, Паўднёва-Антыльскі хрыбет) і ўзвышшы, якія раздзяляюць катлавіны Паўночна-Амерыканскую, Бразільскую, Аргенцінскую, Заходне-Еўрапейскую, Канарскую, Ангольскую, Капскую і інш. з глыб. больш за 3000 м.

Донныя адклады. Найб. пашыраны арганагенныя адклады (фарамініферавыя ці глабігерынавыя глеі), якія займаюць 67,5% плошчы дна ад Ісландыі да 57—58° паўд. шыраты. Чырвоныя гліны (каля 25% плошчы) высцілаюць днішчы амаль усіх глыбакаводных катлавін. Тэрыгенныя адклады (жвірова-галечны матэрыял, гліны) пашыраны на шэльфе, мацерыковым схіле і шырокай паласой акаймоўваюць ложа акіяна каля ўзбярэжжаў ЗША, Бразіліі, Аргенціны, Антарктыды. Карысныя выкапні: золата і алмазы (у рачных вынасах паўд.-ўсх. часткі), фасфарыты (на шэльфе), нафта і газ (Венесуэльскі зал., Мексіканскі зал., Паўночнае м.), жал. руда (каля Ньюфаўндленда і інш.), алавяныя руды (каля берагоў Вялікабрытаніі), жалеза-марганцавыя канкрэцыі (каля Фларыды, Паўд. Афрыкі) і інш.

Клімат. Атлантычны акіян размешчаны з Пн на Пд амаль ва ўсіх кліматычных паясах — ад экватарыяльнага да субарктычнага на Пн і антарктычнага на Пд. Над ім развіваюцца 4 асн. цэнтры дзеяння атмасферы — Ісландскі і Антарктычны мінімумы, Паўн.-Атлантычны (Азорскі) і Паўд.-Атлантычны максімумы, якія ў раёне экватара падзелены зонай паніжанага ціску. Гэтыя цэнтры пры ўзаемадзеянні з іншымі абласцямі атм. ціску абумоўліваюць панаванне моцных зах. вятроў ва ўмераных шыротах і паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. вятроў (пасатаў) у субтрапічных і трапічных шыротах, адпаведна Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Найб. моцныя вятры ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я («равучыя саракавыя»). Для паўн. трапічных шырот характэрны т.зв. вест-індскія ураганы, якія пануюць з чэрв. да ліст. і перасякаюць акіян з У на З.

Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні пад уплывам цыркуляцыі атмасферы ўтвараюць у субтрапічных і трапічных шыротах антыцыкланальны, а ў паўн. умераных і паўд. высокіх — цыкланальны кругаварот. Характэрная рыса Атлантычнага акіяна — магутная сістэма Гальфстрыма. Гальфстрым і яго працяг — Паўночна-Атлантычнае цячэнне — утвараюць адпаведна зах. і паўн. перыферыі паўн. антыцыкланальнага кругавароту, у якім усх. перыферыя — халоднае Канарскае цячэнне, паўд. — цёплае Паўночнае Пасатнае цячэнне. Паўночны цыкланальны кругаварот складаецца цячэннямі — цёплымі Паўн.-Атлантычным і Ірмінгера і халодным Лабрадорскім, якое паступае з м. Бафіна. У паўд. частцы атлантычны антыцыкланальны кругаварот утвараецца на Пн з З цёплымі Паўд. Пасатным і Бразільскім. Цыкланальны кругаварот развіваецца каля 50° паўд. ш. з цэнтрам у м. Уэдэла. Атлантычныя цыркуляцыі паўн. і паўд. частак Атлантычнага акіяна падзяляюцца летам на Пн ад экватара Міжпасатным (Экватарыяльным) проціцячэннем, якое зімой зменьваецца агульным зах. пераносам паверхневых водаў. Больш пастаяннай мяжой з’яўляецца на экватары падпаверхневае проціцячэнне Ламаносава. Т-ра вады на паверхні Атлантычнага акіяна зімой (у лютым у паўн., у жніўні ў паўд. частцы) ад 28 °C на экватары да 6 °C на 60° паўн. ш. І -1 °C на 60° паўд. ш., летам (у жніўні ў паўн., у лют. у паўд. частцы) адпаведна ад 26 °C да 10 °C і каля О °C. Салёнасць 34—37,3‰. Самая вял. шчыльнасць вады больш за 1027 кг/м³ на ПнУ і Пд; да экватара змяншаецца да 1022,5 кг/м³. Прылівы пераважаюць паўсутачныя (да 18 м у зал. Фанды). У асобных раёнах прылівы мяшаныя і суткавыя (ад 0,5 да 2,2 м). Ільды ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна ўтвараюцца толькі ва ўнутр. морах умераных шырот (Балтыйскім, Паўночным, Азоўскім і інш.). Вялікая колькасць ільдоў і айсбергаў выносіцца ў адкрыты акіян з Паўн. Ледавітага ак. (да 30° паўн. ш.), утвараецца каля Антарктыды і ў м. Уэдэла, дасягаючы 35° паўд. ш.

Флора і фауна. Атлантычны акіян насяляюць каля 2000 тыс. відаў раслін і жывёл. Да глыб. 100—200 м донная расліннасць (ламінарыі, зялёныя і чырв. водарасці). У трапічным поясе сіне-зялёныя, у палярным — дыятомавыя водарасці, у Саргасавым м. вял. колькасць саргасавых. Значную масу планктону складаюць ракападобныя — амфіподы і эраўзііды, крыль Кітоў і ластаногіх каля 100 відаў. Агульная колькасць відаў рыб перавышае 15 тысяч. Фауна трапічных шырот — радыялярыі, сіфанафоры, медузы, крабы, лятучыя рыбы, акулы, марскія чарапахі і кашалоты; умераных і палярных — весланогія ракападобныя і крыланогія малюскі, селядзец, трасковыя і камбалавыя рыбы, кіты, ластаногія і інш. Глыбакаводная фауна — ігласкурыя рыбы, губкі, гідроіды. Марскіх птушак мала; у Антарктыцы — фрэгаты, альбатросы, пінгвіны і інш.

Гаспадарчае выкарыстанне. Атлантычны акіян дае 35% сусв. ўлову рыбы. Гал. прамысловыя віды: траска, мойва, селядзец, стаўрыда, марскі акунь, скумбрыя, тунец; значнае месца належыць беспазваночным (крэветкі, вустрыцы, мідыі, кальмары). Прамысловыя раёны: паўн.-ўсх., цэнтр.-ўсх. і паўд.-заходні. Вядзецца здабыча нафты і газу (Венесуэльскі, Мексіканскі, Гвінейскі залівы, Паўн. і Міжземнае моры), серы (Мексіканскі зал.), жал. руды (каля п-ва Ньюфаўндленд, Фінляндыі і інш.), каменнага вугалю (прыбярэжныя раёны Канады і Вялікабрытаніі) і інш. Прыліўная электрастанцыя ў вусці р. Ранс (Францыя). На долю Атлантычнага акіяна прыпадае прыблізна ​2/3 аб’ёму сусв. марскога гандлю. Самая шчыльная сетка акіянскіх шляхоў паміж 35—40 і 55—60° паўн. ш. (маршруты паміж партамі Еўропы і Паўн. Амерыкі). Над паўн. часткай Атлантычнага акіяна пралягаюць асн. трансатлантычныя авіялініі, па дне пракладзены тэлеграфныя кабелі (агульная даўж. каля 200 тыс. км). Развіты прыморская рэкрэацыя і марскі турызм. Важнейшыя парты: Ротэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Марсель, Гаўр (Францыя), Гамбург (Германія), Лондан (Вялікабрытанія), Генуя (Італія), Новарасійск, Санкт-Пецярбург (Расія), Ільічоўск, Адэса (Украіна), Рыга (Латвія), Дакар (Сенегал), Кейптаун (ПАР), Буэнас-Айрэс (Аргенціна), Нью-Йорк, Х’юстан, Новы Арлеан, Філадэльфія (ЗША).

Літ.:

Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;

Слевич С.Б. Океан: ресурсы и хозяйство Л., 1988;

Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI века. М., 1991.

А.​М.​Вітчанка.

Рэльеф дна Атлантычнага акіяна.

т. 2, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі. Размешчана на З краіны, мяжуе з Польшчай і Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25 тыс. км². Нас. 1215,6 тыс. чал. (1995). Цэнтр — г. Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі (гл. адпаведныя арт.), 12 гарадоў, у т. л. 6 абл. падпарадкавання — Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Навагрудак, Слонім, Смаргонь, 21 гар. пасёлак, 195 сельсаветаў, 4414 сельскіх населеных пунктаў.

Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (130—190 м). Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, выцягнутая ўздоўж Нёмана. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны — 80 м над узр. мора. На Пн і ПнУ — Лідская раўніна (да 170 м) і Ашмянскае ўзвышша (да 320 м), на крайнім ПнУ — ч. Нарачана-Вілейскай нізіны. На Пд і У марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, на ім найвышэйшы пункт вобласці — Замкавая гара (323 м). Карысныя выкапні: жал. руды (Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых руд у Карэліцкім р-не і шэраг рудапраяўленняў уздоўж граніцы з Літвой у Гродзенскім р-не), торф (пераважна на Нёманскай нізіне), мел, цагельныя і чарапічныя гліны, цэментная сыравіна (гал. радовішчы ў Ваўкавыскім р-не), сілікатныя пяскі, вапняковая сыравіна, пясчана-гравійны матэрыял. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,6 °C у Карэліцкім і Навагрудскім р-нах да -5 °C на ПдЗ у Бераставіцкім і Свіслацкім р-нах, у ліп. 17—18,2 °C. Вегетац. перыяд 189—200 сут. Гадавая колькасць ападкаў 520—640 мм (у Навагрудку 706 мм), 71% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Амаль уся тэр. вобласці адносіцца да бас. Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебяды, Котры (справа), Ушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосны (злева). На ПнУ — р. Вілія (з Ашмянкай). На ПнЗ пачынаецца р. Нараў — прыток Віслы. Вядомы Аўгустоўскі канал, які злучаў басейны Нёмана і Віслы. Найб. азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь (у межах Свіцязянскага ландшафтнага заказніка), Свір і Вішнеўскае (на мяжы з Мінскай вобл.). Глебы с.-г. угоддзяў значна завалунены і эрадзіраваны, часткова пераўвільготнены і забалочаны. Дзярнова-падзолістыя глебы складаюць 78,9% пл. с.-г. угоддзяў, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 17,5%. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя глебы — 56,9%, ёсць сугліністыя — 23,1%, пясчаныя і тарфяныя — па 10%. Асушаныя землі займаюць 18,5% с.-г. угоддзяў. Сярэдняя лясістасць 33%, ад 10 — 12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім р-нах да 50% у Свіслацкім. Лясы пераважна хваёвыя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чорнаальховых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская (часткова). Балоты, пераважна нізінныя, займаюць 6,6% тэр. вобласці, б. ч. іх асушана. Пад лугамі 14,4%, ​2/3 іх нізінныя. На тэр. вобласці частка нац. парку Белавежская пушча, 10 прыродных заказнікаў рэсп. значэння, 50 помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню падверглася 6,8% тэр. вобласці.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (65,1%), палякі (24,7%), жывуць таксама рускія (7,7%), украінцы (1,4%) і інш. Гарадскога нас. 61,4%. Сярэдняя шчыльн. 48,6 чал. На 1 км², сельскага нас. 18,9 чал. На 1 км², вагаецца ад 12,7 чал. на 1 км² у Свіслацкім да 22,8 чал. на 1 км² у Шчучынскім і Лідскім раёнах. Найб. гарады (тыс. чал., 1995): Гродна (301), Ліда (101), Слонім (53), Ваўкавыск (44), Смаргонь (38), Навагрудак (31). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1993 адмоўны). З 1994 адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва вобласці.

Гаспадарка. У гасп. комплексе пераважае прамысловасць, у якой занята 27,6% працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. За 1991—94 аб’ём прамысл. вытв-сці панізіўся на 33%, асабліва вял. спад адбыўся ў хім. (на 63%), буд. матэрыялаў (на 44%), лёгкай (на 42%) прам-сці. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў хім., машынабуд., дрэваапр., цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. галін. У 1994 у Гродзенскай вобласці было атрымана (у % да агульнарэсп. вытв-сці): азотных угнаенняў 100, сернай кіслаты 44,6, лакафарбавых матэрыялаў 71,7, бульбаўборачных машын 100, радыёэлектронных прылад 73, фанеры 24,4, паперы 28,3, кардону 21,2, драўняна-стружкавых пліт 26, цэменту 53, шыферу 65, вапны 61,6, баваўнянай пражы 32,3, шарсцяных тканін 22, тытунёвых вырабаў 100, піва 15,7. Асн. прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. У Гродне выпускаюцца азотныя ўгнаенні, капралактам, капронавае валакно, разнастайная машынабуд. прадукцыя, шарсцяныя тканіны, баваўняная пража і ніткі, швейныя вырабы, абутак, тытунёвыя вырабы і інш. У Лідзе размешчана вытв-сць с.-г. Машын, аўтобусаў, лакаў і фарбаў, электратэхн. вырабаў, абутку, харч. канцэнтратаў, піва і інш. Слонім вядомы прадукцыяй камвольна-прадзільнай ф-кі і кардонна-папяровага з-да; Ваўкавыск — з-дам дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, малочна-кансервавым камбінатам дзіцячых прадуктаў, а таксама размешчаным паблізу (пас. Краснасельскі) аб’яднаннем «Ваўкавыскцэментнашыфер»; Навагрудак — з-дам газавай апаратуры, металаапр. аб’яднаннем, прадпрыемствамі лёгкай і харч. прам-сці; Смаргонь — машынабудаваннем, камбінатам сілікатабетонных вырабаў. Шырока вядома прадукцыя шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы Лідскага р-на. Самае буйное прадпрыемства дрэваапр. прам-сці ВА «Мастоўдрэў». Невял. і сярэднія прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, драўніны, па здабычы торфу, вытв-сці буд. матэрыялаў размеркаваны па раённых цэнтрах, гар. і рабочых пасёлках.

Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 22,8% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытв-сці Гродзенская вобласць займае вядучае месца сярод абласцей краіны. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, а таксама цукр. буракоў на З і лёну на У. У прыгарадных зонах значных гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,5% тэрыторыі, ворныя землі — 35,9% (1994). Пры ўдзельнай вазе вобласці ў агульных сельгасугоддзях і ворных землях каля 14% вобласць дае (1995) 17,2% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 17,5% бульбы, 15% ільновалакна, 39% цукр. буракоў, 16,2% мяса (у жывой вазе), 16% малака. На долю раслінаводства прыпадае (1994) 45%, жывёлагадоўлі — 55% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Доля раслінаводства з 1990 павышаецца, жывёлагадоўлі — зніжаецца. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл. табл. 1), павялічваюцца плошчы пад цукр. буракамі. Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі і льном-даўгунцом.

На пач. 1995 у Гродзенскай вобласці 329 фермерскіх гаспадарак, якія мелі 4,3 тыс. га зямлі, у т. л. 3,3 тыс. га ворыва. Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 58,5% (1990) да 90% (1994), агародніны з 34,2% да 79,4%, пладоў і ягад да 95%. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіта свінагадоўля, у прыгарадных зонах значных гарадоў — птушкагадоўля. Пагалоўе жывёлы з 1991 зніжаецца (гл. табл. 2). Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак павялічылася па вытв-сці мяса з 16% (1990) да 26,9% (1994), малака з 32% да 41,4%, яец з 45,7% да 52,3%.

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 672 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс, Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы, якія звязваюць вобласць з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з астатнімі абласцямі краіны. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,6 тыс. км. Асн. магістралі Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўж. водных шляхоў 521 км. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправодаў Дашава—Мінск і «Ззянне Поўначы»: Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна. У Гродне аэрапорт. Прыгранічнае становішча вобласці спрыяе развіццю яе эканам. сувязей з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».

Л.​В.​Казлоўская.

Табліца 1
Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс. га) Гады
1990 1994
Уся пасяўная плошча 893 870,6
Збожжавыя і зернебабовыя 417,9 407,7
Тэхнічныя культуры 54,3 38,5
 у тым ліку:
 лён-даўгунец 27 12,6
 цукровыя буракі 14,2 17,8
Бульба 92,7 107,3
Агародніна 3,9 10,9
Кармавыя культуры 324,2 306,2
Табліца 2
Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў) Гады
1990 1994
Буйная рагатая жывёла 977,1 787,1
 у т.л. каровы 334,5 314,7
Свінні 905,5 731,3
Авечкі і козы 63,1 29,5
Птушка 7765,7 6794,7
Да арт. Гродзенская вобласць. Краявід у Навагрудскім раёне (уверсе). Машынная зала Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот».

т. 5, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)