сце́рціся, сатрэцца; пр. сцёрся, сцерлася; зак.
1. Знікнуць ад выцірання, трэння або ад уздзеяння якіх‑н. іншых знешніх прычын. Надпісу на плітах не разабраць: і не цяперашнімі літарамі ён напісаны і ад часу сцёрся. Васілевіч. Знадворку і вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусім чырвоная фарба. Лынькоў. // перан. Прапасці, знікнуць. Беларусь — я ў гэта веру разам са сваімі героямі — стане горадам-садам, дзе сатруцца, знікнуць усе межы, якія ёсць між горадам і вёскаю: бытавыя, культурныя, матэрыяльныя. Дубоўка. З памяці не маглі сцерціся ні высокія дняпроўскія кручы, ні звонкі бор над ракой. Шахавец.
2. Атрымаць пашкоджанні або стаць тонкім ад трэння, доўгага ўжывання. Прыступкі сцерліся. □ Пакуль адатрэш гразь, дык скарэй сатрэцца скура на далонях. Чарнышэвіч. Там, дзе галіны стыкаюцца адна з другою, кара на іх сцерлася. Колас. // перан. Пазбавіцца арыгінальнасці (пра словы, думкі і пад.). Паўзіце, словы, ад мяне: Агідныя, Халодныя, Ілжывыя, Атрутныя. .. Вы — сцерліся, Да вас прывыклі, Вас не прыкмячаюць. Дзяргай.
3. перан. Змарнавацца, дарэмна страціцца (пра час і пад.). Марыля заплакала. Гэтак ясна зрабілася ўсё, — што без долі сцерлася маладосць, што і цяпер на шчасце спадзявацца цяжка. Брыль. Так у Грыпіны і сцерлася жыццё. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)