АЛЕКСАНДРЫ́Я (араб. Аль-Іскандарыя),

горад на Пн Егіпта. Адм. ц. мухафазы Александрыя. Размешчаны паміж Міжземным м. і воз. Мар’ют. Другі па насельніцтве (3,2 млн. ж., 1987) і эканам. значэнні (пасля Каіра) горад краіны. Гал. марскі порт Егіпта (даступны для акіянскіх суднаў), звязаны суднаходным каналам з Нілам. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цераз Александрыю ажыццяўляюцца ​4/5 знешніх перавозак Егіпта. Буйны гандл.-прамысл. цэнтр. Нафтаперапр., хім., металургічная, маш.-буд., металаапр., радыёэлектронная, цэментная, тэкст., харч., гарбарна-абутковая, папяровая прам-сць; вытв-сць аўтапакрышак; суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайныя рамёствы. Гандаль бавоўнай, збожжам і інш. Ун-т. У прыгарадах Александрыі — летні марскі курорт.

Засн. ў 332—331 да н.э. Аляксандрам Македонскім, які назваў горад сваім імем і зрабіў яго марской базай для далейшага заваявання Усходу. Пры Пталамеях сталіца Егіпта. Цэнтр эліністычнай культуры. Тут знаходзіліся Александрыйскі мусеян, Александрыйская бібліятэка. З 30 да н.э. Александрыя ў складзе Рым. імперыі, з канца 4 ст. н.э. — Візантыі. Адзін з гал. цэнтраў ранняга хрысціянства. З 7 ст. н.э. пад уладай арабаў. У 1517 заваявана туркамі і разбурана. Адноўлена ў 1-й пал. 19 ст. У 1882 захоплена англічанамі і ператворана ў каланіяльны порт. У 1-й пал. 20 ст. адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху ў Егіпце.

Антычная Александрыя мела рэгулярную планіроўку (грэч. арх. Дэйнакрат, 4 ст. да н.э.). Са старажытнасці захавалася т.зв. калона Пампея (або Дыяклетыяна), некропалі, катакомбы. На в-ве Фарос, які злучаўся дамбай з Александрыяй, стаяў славуты маяк вышынёй больш за 120 м (арх. Састрат, 3 ст. да н.э.), прылічаны да «сямі цудаў свету» (на яго месцы цяпер крэпасць Кайт-Бей — частка араб. умацаванняў).

Сучасная Александрыя складаецца са старой ч. з вузкімі вулачкамі і новай — з шырокімі праспектамі, набярэжнай, камфартабельнымі асабнякамі і шматпавярховымі будынкамі (у т. л. марскі вакзал, аздоблены мазаікай і рэльефамі). Мячэці 17—19 ст., палацы (цяпер музеі) Рас-эт-Цін (пач. 19 ст.), Мунтаза з вял. паркам (пач. 20 ст.), Мухамеда Алі (20 ст.). Цэнтр. плошча — Ат Тахрыр з коннай статуяй Мухамеда Алі (2-я пал. 19 ст., франц. скульпт. А.​Жакмар). Ун-т, 5 музеяў, у т. л. грэка-рым. старажытнасцяў, прыгожых мастацтваў; Нац. б-ка.

Набярэжная ў Александрыі.
Александрыя. Мячэць Аль-Каід Ібрагім Машэ.

т. 1, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́ЎНІК ПСЕЎДАНІ́МАЎ,

літаратуразнаўча-бібліяграфічны даведнік, дзе раскрываюцца псеўданімы і крыптанімы пісьменнікаў, артыстаў і інш., пад якімі яны выступаюць у друку, на сцэне і г.д. Часта ўключае плагіяты, дзявочыя прозвішчы аўтараў жанчын мае паказальнік аўтараў, дзе пералічваюцца іх псеўданімы і крыптанімы. Расшыфроўка псеўданімаў і крыптанімаў у іх найчасцей наступныя: псеўданім і яго раскрыццё (прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара); месца выкарыстання псеўданіма (перыяд. выданне, творы ці агульнае ўказанне на час і месца яго паяўлення); крыніца, паводле якой псеўданім расшыфраваны (друкаваная, архіўная, вусная).

Першыя С.п. з’явіліся ў 16 ст. («Багаслоўскія тлумачэнні» Г.​Геснера, 1549). У 17 ст. пачалося сістэматычнае збіранне і выданне псеўданімаў («Пра пісьмовыя сімвалы, што захоўваюць імёны» І.​Саўэрса, 1652; «Пра змененыя імёны аўтараў і ананімы» Ф.​Гейслера, 1669). У 1806—09 А.​Барб’е выдаў 4-томны слоўнік франц. псеўданімаў. Найб. вядомыя С.п.: англ. Д.​Кенэдзі, А.​Сміта, А.​Джонсана (т. 1—4, 1926—30), літоўскія В.​Біржышкі (1943), Ю.​Буценаса (1981), франц. Г.​Костана (1961), груз. Т.​Мікадзе (1966, 1969), азерб. Г.​Мамедлі, Н.​Макеева (абодва 1977), эст. М.​Каху (1978), узб. Т.​Караева і Р.​Вахідава (1978, 1979) і інш. На слав. землях працы з пералічэннем псеўданімаў з’явіліся ў 18 ст. («Бібліятэка польскіх паэтаў, што пішуць роднаю моваю» Ю.​А.​Залускага, 1754), у Расіі — у пач. 19 ст. («Сістэматычны агляд літаратуры ў Расіі на працягу пяцігоддзя з 1801 да 1806 г.» А.​Шторха і Ф.​Адэлунга, 1810—11). Першы С.п. у Расіі — «Вопыт слоўніка псеўданімаў рускіх пісьменнікаў» В.​Карцава і М.​Мазаева (1891). Найб. грунтоўныя слав. С.п.: чэш. і славацкія А.​Даленскага (1934), І.​Орміса (1944), І.​Кунца (1958), І.​Воправіла (1973), польскія А.​Бара (т. 1—3, 1936—38), калект. «Слоўнік псеўданімаў польскіх пісьменнікаў» (т. 1—4, 1994—96), рус. «Слоўнік псеўданімаў рускіх пісьменнікаў, вучоных і грамадскіх дзеячаў» І.​Масанава (т. 1—3, 1941—49, т. 1—4, 2-е выд. 1956—60, больш за 80 тыс. псеўданімаў і крыптанімаў), венг. Пала Гуяша (1956), балг. І.​Багданава (1961), укр. А.​Дэя (1969).

На Беларусі першая публікацыя бел. псеўданімаў — «Літаратурныя працы Ц.​Гартнага» Ю.​Бібілы (у кн. «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы», 1928). У «Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.)» Я.​Саламевіча (1983) расшыфраваны 3992 псеўданімы і крыптанімы 1231 аўтара.

Літ.: Гл. да арт. Псеўданім.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ВУСЫ,

горад, цэнтр Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Бася. За 41 км ад г. Магілёў, 5 км ад чыг. ст. Чавусы на лініі Магілёў—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Крычаў, Мсціслаў, Чэрыкаў. 10,9 тыс. ж. (2002). Прадпрыемствы харч. (Чавускі масласырзавод), пач. апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы: сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі археал.: стаянка (неаліт), 2 селішчы (2—10—16 ст.), курганныя могільнікі (9—12 ст.).

У пісьмовых крыніцах згадваецца з сярэдзіны 16 ст. як в. Чавусавічы. З 1589 у складзе Магілёўскай эканоміі. З 1604 горад Ч., у 1634 атрымаў магдэбургскае права і герб — выява св. Марціна, узброенага мячом, на кані. У 1648 у Ч. 176 дамоў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ч. заняты рус. войскамі і падараваны царом Аляксеем Міхайлавічам палкоўніку Бел. палка К.Паклонскаму. З вясны 1656 рэзідэнцыя казацкага палкоўніка І.Нячая. Увосень 1660 вызвалены войскамі Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 горад разрабаваны ў 1708 шведскімі войскамі; паступова адбудаваны. У пач. 1770-х г. у Ч. каля 2530 ж., больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета Магілёўскай (у 1796—1802 Беларускай) губ. У 1778 зацверджаны план забудовы горада. У 1781 Ч. нададзены новы герб — на чырв. полі перакрыжаваныя шабля і меч, аб’яднаныя лаўровым вянком. З 1789 у Ч. працавала 2-класнае нар. вучылішча. У 1825 каля 4 тыс. ж., 569 дамоў, 5 цэркваў, 30 крам, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897 у Ч. 4690 ж., з іх 41,1% пісьменных; з 1901 працавалі 3-класнае гар. вучылішча, царкоўнапрыходская школа; у 1904—6,1 тыс. ж., праводзіліся 4 кірмашы на год, дзейнічала 41 прамысловае (97 рабочых) і 41 рамеснае (239 рамеснікаў) прадпрыемствы, працавалі бальніца на 24 ложкі, друкарня, бібліятэка-чытальня. З 25.5.1919 Ч. ў складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 — цэнтр воласці Магілёўскага пав. З 1924 у складзе БССР, цэнтр раёна. У 1939—7,2 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 1786 чал. Вызвалены 25.6.1944 часцямі 50-й арміі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944 ва ўзаемадзеянні з партыз. палком «Трынаццаць» (камандзір С.​У.​Грышын). У 1959 у Ч. 7,8 тыс. ж.

В.​В.​Грынявецкі.

т. 17, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУ́ЧЫН,

горад, цэнтр Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. За 68 км на У ад Гродна, за 7 км ад чыг. ст. Ражанка на лініі Ваўкавыск—Ліда. 16,3 тыс. ж. (2002). Шчучынскі завод «Аўтапровад», прадпрыемствы с.-г. і трактарнага машынабудавання, харч. (Шчучынскі масласырзавод) прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Шчучынскі касцёл Святой Тэрэзы, Свята-Міхайлаўская царква, Шчучынскі палац.

Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах 1-й пал. 15 ст. ў сувязі з заснаваннем тут трокскім ваяводам П.​Лелюшам касцёла. У 2-й пал. 15—17 ст. Ш. належаў Кучукам, Кішкам, Радзівілам, Давойнам, Лімонтам; уваходзіў у склад Лідскага пав. Віленскага ваяв. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ш. моцна пацярпеў ад войск кн. Хаванскага і атрадаў В.​Залатарэнкі, у пач. Паўночнай вайны 1700—21 — ад войск Карла XII. У канцы 17—1-й пал. 18 ст. мястэчкам Ш. валодалі Юзафовічы-Глябіцкія (Хлябіцкія), потым — Сцыпіёны. У 18 — пач. 20 ст. называўся Шчучын-Літоўскі. У 1718 тут засн. Шчучынскі піярскі калегіум. 23.5.1761 Ш. атрымаў герб — у блакітным полі пад залатой каронай сярэбраная манаграма IS [I (gnatus) S(cipion)]. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. Гродзенскай (з 1802) і Віленскай (з 1842) губ. З 1807 Ш. належаў Друцкім-Любецкім. У 1866 у мястэчку 1088 ж., 123 дамы, парафіяльная школа, аптэка, паштовая станцыя, царква, касцёл. У 2-й пал. 18 ст. пабудаваны Шчучынскі палац, у 1888 — дрэваапр. з-д. У 1897—1742 ж., лячэбніца. У 1905 цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ., 1799 мяшчан, валасное праўленне, царква, касцёл, капліца, сінагога, яўр. малітоўны дом, аптэка, паштовая станцыя, вінакурны, цагельны, вапнавы з-ды, 29 крам, 5 корчмаў. У 1914 бібліятэка і архіў Сцыпіёнаў і Друцкіх-Любецкіх перададзены ў музей Чартарыйскіх у Кракаве. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв. У 1923 — 1539 ж., 239 будынкаў. У 1929 Ш. — цэнтр Шчучынскага павета Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 4.12.1939 цэнтр Шчучынскага р-на Баранавіцкай вобл., з 15.1.1940 гар. пасёлак, 3500 ж. У Вял. Айч. вайну з 25.6.1941 да 13.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ш. і раёне 2749 чал. У 1948 у Ш. 7 тыс. ж., у 1959 — 6,5 тыс., у 1970—10,3 тыс. ж. З 31.8.1962 — горад.

Літ.:

Крень И.П., Мараш Я.Н. Щучин: Ист.-экон. очерк. Мн., 1989;

Данскіх С.У. Наш Шчучын. Гродна, 2001;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Шчучынскага р-на. Мн., 2001.

Р.​В.​Баравой, У.​В.​Мальцаў.

Шчучын. Фрагмент забудовы.

т. 17, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

public

[ˈpʌblɪk]

1.

adj.

1) грама́дзкі

public affairs — грама́дзкія спра́вы

2) камуна́льны (які́ адно́сіцца да гарадзко́е гаспада́ркі)

public service — камуна́льныя паслу́гі

3) публі́чны

public library — публі́чная бібліятэ́ка

public lecture — публі́чная ле́кцыя

4) агу́льнаве́дамы; адкры́ты

The fact became public — Факт ста́ўся агу́льнаве́дамым

public protest — адкры́ты пратэ́ст

5) наро́дны, агульнанаро́дны

public ownership — агульнанаро́днае дабро́

2.

n.

лю́дзі pl. (наагу́л), наро́д -у m.; грама́дзкасьць f.; пу́бліка f.

а) to appeal to the public — апэлява́ць да грама́дзкасьці

б) in public — публі́чна, адкры́та; пры людзя́х

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ВАШЫНГТО́Н (Washington),

горад, сталіца Злучаных Штатаў Амерыкі. Размешчаны на Атлантычным узбярэжжы, паміж штатамі Мэрыленд і Віргінія, на ўсх. беразе р. Патомак, пры ўпадзенні ў яе р. Анакостыя. Вылучаны ў асобную федэральную акругу Калумбія (пл. 178 км²). Нас. ў межах акругі 585,2 тыс. ж., з прыгарадамі ў суседніх штатах 3,92 млн. ж. (1992). Буйны трансп. вузел: 5 магістральных чыгунак, аўтадарогі, 2 аэрапорты (Вашынгтонскі нац. і Міжнар. імя Дж.​Ф.​Далеса). Рачны порт. У Вашынгтоне знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША (Белы дом), кангрэс (Капітолій), вярх. суд, дзярж. дэпартамент, ваеннае мін-ва (Пентагон) і інш. дзярж. ўстановы. Асн. частка насельніцтва на дзярж. службе, у сферы паслуг, гандлі і фінансах. Буйны цэнтр паліграф. і харч. прам-сці. Машынабуд. (пераважна ў прыгарадах), у т. л. радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі), ракетна-касм., прыладабуд., ваенная прам-сць. Вытв-сць медыкаментаў. Дзярж. друкарні. Манетны двор.

Засн. ў 1791. Названы ў гонар 1-га прэзідэнта ЗША Дж.Вашынгтона. З 1800 сталіца ЗША (перанесена з Філадэльфіі). У 1802 атрымаў гар. правы. У англа-амер. вайну 1812—14 часова акупіраваны і спалены англічанамі (1814). У Вашынгтоне адбылася Вашынгтонская канферэнцыя 1921—22, тут размешчаны кіраўнічыя органы Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.

План забудовы горада складзены ў 1790—93 франц. інж. П.​Ш.​Ланфанам пры ўдзеле асветніка і дзярж. дзеяча ЗША Т.​Джэферсана: прамавугольная сетка вуліц дапаўняецца дыяганальнымі праспектамі (авеню), у т. л. прамянямі, якія сыходзяцца да будынка кангрэса — Капітолія (1793—1865, арх. У.​Торнтан і інш.; статуя Свабоды — скульпт. Т.​Кроўфард). Да паркавай магістралі Мол, якая вядзе ад Капітолія да р. Патомак, прылягае парк, дзе размешчаны Белы дом (1792—1829, арх. Дж.​Хобан, Б.​Латраб). У архітэктуры ўрадавых і адм. будынкаў пераважаюць формы класіцызму. Вашынгтон — адна з самых зялёных сталіц свету. У 1960—70-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны, урадавыя і дзелавыя будынкі, сярод якіх Падатковы суд ЗША (1967, арх. В.​Ландзі), Нац. Культ. цэнтр імя Дж.​Кенэдзі (1971, арх. Э.​Д.​Стоўн). Каля Вашынгтона (Шантыйі, штат Віргінія) — міжнар. аэрапорт імя Далеса (1958—62, арх. Эка Саарынен) і горад-спадарожнік Рэстан (1963—65).

У Вашынгтоне асн. навук. арг-цыі ЗША: Нац. АН, Бат. сад, навук. т-вы (Амер. хім., Нац. геагр.), Нац. архіў, Амер. асацыяцыя садзеяння развіццю навукі, навук. ін-ты Карнегі і Брукінгса, Смітсанаўскі ін-т. У прыгарадзе Вашынгтона даследчы цэнтр мін-ва сельскай гаспадаркі, 5 ун-таў (у т. л. Говардскі і Дж.​Вашынгтона), Вышэйшая с.-г. школа, Ваен. акадэмія і інш. У Вашынгтоне знаходзіцца Бібліятэка кангрэса ЗША, Нац. музей ЗША, Нац. галерэя выяўл. мастацтваў, маст. галерэі Коркаран, Фрыр, Філіпс. Нац. калекцыя прыгожых мастацтваў, Нац. партрэтная галерэя, музей паветраплавання і касманаўтыкі і інш. Нац. Культ. цэнтр імя Дж.​Кенэдзі. Арлінгтанскія нац. могілкі (магілы Невядомага салдата, прэзідэнта Дж.​Кенэдзі, сенатара Р.​Кенэдзі).

І.​В.​Загарэц (гаспадарка).

Да арт. Вашынгтон. Від на Нацыянальную галерэю выяўленчых мастацтваў (на пярэднім плане) і Капітолій.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМАНІ́СТЫКА,

1) комплекс навук, што вывучаюць мову, літаратуру, гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру германамоўных народаў.

2) Частка мовазнаўства, якая даследуе германскія мовы.

3) Абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. навук пра Германію і ням. мову.

Як галіна ведаў германістыка пачала складвацца ў 17 ст. на этапе фарміравання нацый у Еўропе, што выклікала цікавасць да гісторыі і культуры, фальклору, мовы і л-ры германскіх народаў. Барацьба за выкладанне ў школах і ун-тах не на лац., а на роднай мове абумовіла з’яўленне ў 15—17 ст. шматлікіх граматык асобных герм. моў, а таксама абудзіла цікавасць да збірання стараж. рукапісаў. Першым філолагам-германістам быў галандзец Ф.​Юніус. Заснавальнікі навук. германістыкі — Р.К.Раск (у працы пра ісландскую мову ўпершыню даказаў агульнасць герм. моў і ўстанавіў іх гукавое падабенства з інш. індаеўрап. мовамі) і Я.​Грым (гл. ў арт. пра братоў Грым), аўтар першай параўнальнай граматыкі герм. моў. Выданнем стараж. тэкстаў займаўся ням. філолаг К.​Лахман. Якасна новы ўзровень германістыкі прыпадае на 1870—80-я г. на эпоху младаграматызму, калі даследчыкі германістыкі засяродзіліся на вывучэнні жывых герм. моў і дыялектаў, а таксама на рэканструкцыі герм. мовы-асновы (прамовы). У гэты час быў назапашаны вял. фактычны матэрыял. У наш час германістыка ахоплівае шырокае кола пытанняў: гіст. шляхі германцаў, фактары і рэгіёны іх міграцыі і аселасці, кірункі паліт. і культ. развіцця, спрадвечныя вераванні і рэліг. традыцыі, асаблівасці фарміравання нац. моў і іх дыялектаў, фалькл. і паэт. крыніцы, што даюць звесткі аб германцах і інш., а таксама кірункі разыходжання народаў і моў у новы і навейшы час, тэндэнцыі, якія вызначаюць іх сучаснае існаванне, агульную тыпалогію і спецыфіку кожнай мовы, л-ры і культуры ўвогуле. Цэнтрам сусв. германістыкі стала Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу (засн. у 1912).

На Беларусі склаліся свае традыцыі вывучэння германістыкі ў яе культ.-гіст. аспектах. У 1920-я г. цэнтрам германістыкі стаў БДУ. Плённы ўклад у германістыку зрабілі У.​М.​Перцаў, У.​І.​Пічэта, Е.​І.​Рыўлін, Я.​Фейгельсон, М.​А.​Канаплін, С.​Я.​Вальфсон, У.​Герчыкаў, А.​Самахвалаў і інш. Пасля Вял. Айч. вайны распрацоўка пытанняў гіст. германістыкі звязана з імёнамі Л.​М.​Шнеерсона, Г.​М.​Трухнова, Д.​С.​Клімоўскага, Г.​А.​Космача, В.​А.​Космача, П.​А.​Шупляка, М.​Г.​Елісеева і інш. Упершыню праблематыка філал. даследаванняў па германістыцы была акрэслена ў арт. Т.​С.​Глушак «Стан германскага мовазнаўства на Беларусі» (1972). Праблемы германістыкі распрацоўваюць філолагі-германісты П.​І.​Копанеў, Г.​А.​Мятлюк, Ю.​Г.​Панкрац, Г.​П.​Кліменка, Дз.​Г.​Багушэвіч, а таксама А.​М.​Гарлатаў, Е.​В.​Зарыцкая, А.​А.​Мірскі, Е.​В.​Каранеўская, Т.​В.​Паплаўская, А.​П.​Дзеўкіна, І.​І.​Токарава, Л.​М.​Ляшчова і інш. Цэнтрамі германістычных даследаванняў у Беларусі сталі Мінскі лінгвістычны ун-т, Ін-т гісторыі Нац. АН Беларусі, пытанні германістыкі вывучаюцца ў БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах, у інш. ВНУ краіны.

Т.​С.​Глушак.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ХІКА (México, Méjico),

горад, сталіца Мексікі. Знаходзіцца ў паўд. ч. Мексіканскага нагор’я, у міжгорнай катлавіне, на выш. 2240 м. Самастойная адм. адзінка (Федэральная акруга). Нас. 16,6 млн. ж., разам з суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю — Вял. М. з насельніцтвам больш за 20 млн. чал. (1997). Найважнейшы вузел шашэйных і чыг. дарог, якія вядуць да ўзбярэжжа Ціхага ак. і Мексіканскага зал.; на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Беніта Хуарэс. М. — адзін з буйнейшых прамысл. і фін. цэнтраў Лац. Амерыкі, гал. эканам., навук. і культ. цэнтр краіны (у М. вырабляецца больш за 50% прамысл. прадукцыі Мексікі). Асн. галіны прам-сці — харчасмакавая (пераважна кансервавая, тытунёвая), тэкст. (у т. л. перапрацоўка хенекену), швейная, абутковая, фармацэўтычная, нафтаперапр., паліграфічная. Перапрацоўчая металургія. Развіты таксама эл.тэхн., металаапр., аўтазборачная, цэм. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Метрапалітэн.

Засн. Э.Картэсам у 1521—22 на месцы зруйнаванага іспанцамі ацтэкскага горада Тэначтытлан. У 1535—1821 М. — сталіца каралеўства Нов. Іспанія. У 1624 і 1692 тут адбыліся антыісп. паўстанні. З 1821 М. — сталіца незалежнай Мексікі. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты войскамі ЗША, у мексіканскую экспедыцыю 1861—67 — франц. войскамі (1863—67). У 1967 у М. падпісаны дагавор аб стварэнні ў Лац. Амерыцы бяз’ядзернай зоны. 2.10.1968 на пл. Трох Культур адбылася студэнцкая дэманстрацыя, жорстка задушаная арміяй і паліцыяй. Горад неаднаразова разбураўся землетрасеннямі (апошняе ў 1985).

Стары горад размешчаны на месцы стараж. г. Тэначтытлан (захаваліся рэшткі свяцілішчаў і храмаў, статуй багоў), мае прамавугольную сетку вуліц. Тут знаходзяцца: на пл. Пласа дэ ла Канстытусьён (Сакала) — кафедральны сабор (1563—1667, арх. К. дэ Арсіньега, А.​Перэс дэ Кастаньеда і інш., дабудаваны ў пач. 19 ст., спалучэнне барока і класіцызму), барочныя касцёл Саграрыо Метрапалітана (1749—68, арх. Л.​Радрыгес) і Нац. Палац (1692—99, арх. Д. дэ Вальвердэ, дабудаваны ў 1929); шпіталь Хесус Насарэна (1524—35, арх. П.​Васкес, дабудаваны ў 20 ст.), шмат кляштараў і палацаў 17—18 ст. У 1737 М. перапланавана, у 1750 створаны план новага раёна; будаваліся касцёлы, калегіумы, асабнякі. У 19 — пач. 20 ст. пракладзены новыя вуліцы, у т. л. гал. вул. Пасеа дэ ла Рэформа, на З узнік дзелавы цэнтр з праспектамі і паркамі, на З і ПдЗ размясціліся фешэнебельныя кварталы, на Пн і ПнУ — прамысл. і рабочыя раёны. У стылях класіцызму пабудавана Горная школа (1797—1813, арх. М.​Тальса), эклектыкі — Палац прыгожых мастацтваў (1904—34, арх. А.​Баары і інш.). У 1-й пал. 20 ст. праведзены работы па рэканструкцыі М. (генплан 1932); у дзелавой ч. горада ўзведзены вышынныя будынкі, ун-т, стадыён і інш. Найб. значнае збудаванне 20 ст. — універсітэцкі гарадок (1949—54, кіраўнік буд-ва арх. К.​Ласа; пл. 200 га), які ўключае больш за 40 будынкаў, аздобленых мазаікамі (Д.​Сікейрас, Д.​Рывера, Х.​Чавес Марада, Х.​О’Горман і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: жылы комплекс «Беніта Хуарэс» (1950—52, арх. М.​Пані, С.​Артэга), Нац. аўдыторыум і стадыён «Ацтэка» (1963—67, абодва арх. П.​Рамірэс Васкес), вілы ў раёне Педрэгаль (арх. Л.​Бараган), Алімп. палац спорту (1966—68, арх. Ф.​Кандэла) і інш. У прадмесці М. (цяпер гар. раён Тлальпан) захавалася стараж. піраміда (каля 450 да н.э.), на паўн. ускраіне (Тэнаюка) — піраміда ацтэкаў. Помнікі: Карлу IV (1803, арх. Тальса), Х.​Калумбу (1852—92, М.​Вілар, і 1876—77, Ш.​Кардзье), Незалежнасці (1910, арх. А.​Рывас Меркада), С.​Балівару (1946, М.​Сентур’ён), 150 гадоў незалежнасці Мексікі (1961, К.​Абрэгон Сантасілья) і інш. Гіст. цэнтр М. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У М. знаходзяцца 7 АН ( у т. л. Нацыянальная), буйнейшыя ВНУ краіны: Нац. ун-т (з 1553, найстарэйшы ў краіне), Нац. політэхн. ін-т, ун-ты Амерыканскі, Ібераамерыканскі, Вышэйшая школа інжынераў, Нац. кансерваторыя і інш. Б-кі: Нац. б-ка Нац. АН і інш. Музеі: нац. музеі гісторыі, антрапалогіі, нар. мастацтваў і рамёстваў, пластычных мастацтваў, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, музей сучаснага мастацтва і інш. Тэатры: Нац. опера, драматычныя «Хіменес Руэда», «Хола», «Ідальга», «Інсурхентэс» і інш. Іл. гл. таксама да арт. Мексіка.

Бібліятэка універсітэцкага гарадка ў Мехіка.
Помнік Карлу IV у Мехіка. 1803.

т. 10, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗАЦЫЙНА-СТРУКТУРНАЯ БУДОВА СПОРТУ І ТУРЫЗМУ.

Фізічная культура, спорт і турызм развіваюцца ў краіне на аснове Закона Рэспублікі Беларусь аб фізічнай культуры і спорце (ад 18.6.1993; у апошняй рэдакцыі ад 29.11.2003), Закона аб турызме (1999), Дзярж. праграмы развіцця фіз. культуры і спорту Рэспублікі Беларусь на 2003—06 (зацверджана Саветам Міністраў 26.2.2003) і інш. пастаноў урада, указаў Прэзідэнта. Распрацавана і прынята канцэпцыя фіз. выхавання насельніцтва для ўсіх узроставых катэгорый. Распрацаваны і функцыянуюць шматлікія праграмы і комплексы фіз. выхавання і развіцця спарт. майстэрства, фестывалі, злёты, спаборніцтвы, найперш сярод навучэнцаў, студэнтаў, моладзі, ваеннаслужачых, а таксама сярод насельніцтва па месцы жыхарства, сярод пажылых і інвалідаў. Да сістэматычных заняткаў фіз. культурай і спортам прыцягнута каля 1 млн. чалавек (кожны 10-ы жыхар краіны), а з улікам удзельнікаў усіх дзярж. і інш. праграм гэта лічба дасягае амаль 30% ад усяго насельніцтва. У фізкультурна-спарт. галіне працуе каля 24 тыс. спецыялістаў.

Агульнае кіраўніцтва фізкульт., спарт. і турысцкімі ўстановамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі, комплексамі і калектывамі краіны і ўзаемадзеянне паміж імі ажыццяўляе Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Структура Міністэрства ўключае ўстановы арганізац. і кіраўніцкага сектара, падрыхтоўкі кадраў і навуч. ўстановы, спарт. комплексы і збудаванні, установы мед. забеспячэння спорту, культурна-масавага прызначэння, комплекс турысцкіх устаноў і арганізацый. У яго распараджэнні знаходзяцца таксама спарт. структуры і навуч. спарт. ўстановы абласнога, раённага і гар. ўзроўняў. Міністэрства арганізуе, падтрымлівае і развівае сувязі з інш. спарт. структурамі рэспублікі: Нацыянальным алімпійскім камітэтам (НАК), рэспубліканскімі і абласнымі федэрацыямі па відах спорту, іншымі міністэрствамі і ведамствамі ў сферы спорту і турызму, навуч. спарт. ўстановамі і інш.

У ліку асн. структурных адзінак Міністэрства ў сферы кіравання спортам: дырэктарат нац. каманд Рэспублікі Беларусь па відах спорту; 7 упраўленняў фіз. культуры, спорту і турызму аблвыканкомаў і Мінскага гарвыканкома; 166 аддзелаў фіз. культуры і спорту гаррайвыканкомаў; 4 рэсп. цэнтры алімп. падрыхтоўкі па відах спорту; штатныя нац. каманды па 45 відах спорту; сектар навуч. спарт. устаноў, якому падпарадкаваны вядучая спарт. ВНУ рэспублікі — ун-т фіз. культуры, інстытут павышэння кваліфікацыі спарт. кадраў, НДІ фіз. культуры і спорту, рэсп. вучылішча алімп. рэзерву, 5 рэсп. школ вышэйшага спарт. майстэрства па відах спорту, 3 спецыялізаваныя дзіцяча-юнацкія школы алімп. рэзерву (СДзЮШАР), 2 рэсп. дзіцяча-юнацкія спартшколы (ДзЮСШ). У структуры спарт. адукацыі рэсп. падпарадкавання: 71 СДзЮШАР, 93 ДзЮСШ, 48 дзіцяча-юнацкіх калектываў фізкультуры прафсаюзаў (ДзЮКФП), а таксама 49 прафсаюзных СДзЮШАР і 128 ДзЮСШ. Працуюць 8 абл. і гар. вучылішчаў алімп. рэзерву, 7 школ вышэйшага спарт. майстэрства, 12 СДзЮШАР, 6 ДзЮСШ абл. падпарадкавання; 14 СДзЮШАР і 46 ДзЮСШ гар. і раённага падпарадкавання. Вядуць работу 6 абл. вучэбна-метадычных цэнтраў фіз. выхавання насельніцтва, 101 раённы і гар. фізкультурна-спарт. клуб і фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, 7,7 тыс. калектываў фізкультуры, спарт. клубаў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, навуч. устаноў, клубаў па спарт. інтарэсах, спарт. секцый і гурткоў. Пытанні мед. забеспячэння спарт. сферы распрацоўваюць рэсп. дыспансер спарт. медыцыны, 15 абл. і гар. дыспансераў спарт. медыцыны.

У ліку асн. спарт. комплексаў, збудаванняў і ўстаноў у падпарадкаванні Міністэрства знаходзяцца спарт. комплекс «Алімпійскі», рэсп. алімп. спарт. комплексы «Стайкі» і «Раўбічы», «Палац спорту», рэсп. вучэбна-метадычны цэнтр фіз. выхавання насельніцтва, рэсп. навук. бібліятэка па фіз. культуры і спорце, музей гісторыі фізкультуры і спорту, газета «Спортивная панорама».

Міністэрства падтрымлівае супрацоўніцтва: з Бел. фізкультурна-спарт. таварыствам «Дынама», яго абл. саветамі, цэнтрамі фіз. выхавання і спорту студэнтаў і навучэнцаў, 16 СДзЮШАР «Дынама»; са Спарткамітэтам Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь; цэнтрам фіз. выхавання навучэнцаў і студэнтаў Мінадукацыі, абл., гар. і раённымі аддзеламі адукацыі; рэсп. і абл. прафсаюзнымі спарт. структурамі.

Міністэрства пастаянна ўзаемадзейнічае з работай НАК, 7 яго прадстаўніцтвамі па абласцях і ў Мінску, з нац. параалімпійскім камітэтам, з 154 рэспубліканскімі, а таксама з абласнымі федэрацыямі, асацыяцыямі, саюзамі па відах спорту.

Сярод асн. устаноў рэсп. турысцкага комплексу: Нацыянальнае агенцтва па турызме, нац. турысцкі комплекс «Белінтурыст», комплекс матэль-кэмпінг «Інтурыст», «Брэст-інтурыст» і інш.; прафсаюзныя турысцкія ўстановы, у т. л. рэсп. турысцка-экскурсійнае прадпрыемства «Беларустурыст».

т. 18, кн. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),

горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў.

На думку літ. даследчыка К.​Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс. ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг. л-ра, законы ВКЛ, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл. Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.​Міцкевіча, Я.​Чачота, Т.​Зана, А.​Кіркора, С.​Манюшкі, Ф.​Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел. рэв. грамады (гл. Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ. «Наша доля», «Наша ніва», пазней — час. «Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва «Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.​Купала, Я.​Колас, Цётка, К.​Буйло, З.​Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел. паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ. «Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.​Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел. паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.​Луцкевіч, М.​Гарэцкі, Б.​Тарашкевіч, У.​Самойла, А.​Станкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, І.​Дварчанін, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч, М.​Танк, П.​Сергіевіч, Я.​Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял. Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв. Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел. паліт. арг-цыя — Бел. нац. к-т; выдавалася газ. «Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс. чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел. культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.

З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-ва бел. культуры (1987), клуб аматараў бел. нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-ва бел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).

Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв. віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.​Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.​Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-т літ. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар. т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм. т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.​Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.​Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.​Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.​Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.​Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш.). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л. ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л. этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус. драм., моладзі, лялечны.

З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.​Камара, Я.​Лапацінскага, Я.​Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.​Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.​Жаброўскі, разьбяр Г.​Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.​Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.​Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл. Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.​Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.​Сідаровіч, К.​Чурыла, П.​Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.​Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж. бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.​Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.​Аблажэй, А. і К.​Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.​Падбярэзскі, А. і С.​Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.

Літ.:

Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.

Ю.​Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.​В.​Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).

Герб Вільнюса 16 ст.
Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.
Да арт. Вільнюс. Панарама горада.
Да арт. Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.
Да арт. Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.
Да арт. Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.
Да арт. Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.
Да арт. Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.
Да арт. Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.
Да арт. Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.​Чэканаўскас.

т. 4, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)