ЧА́ВУСЫ,
горад, цэнтр Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Бася. За 41 км ад г. Магілёў, 5 км ад чыг. ст. Чавусы на лініі Магілёў—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Крычаў, Мсціслаў, Чэрыкаў. 10,9 тыс. ж. (2002). Прадпрыемствы харч. (Чавускі масласырзавод), пач. апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы: сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі археал.: стаянка (неаліт), 2 селішчы (2—10—16 ст.), курганныя могільнікі (9—12 ст.).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з сярэдзіны 16 ст. як в. Чавусавічы. З 1589 у складзе Магілёўскай эканоміі. З 1604 горад Ч., у 1634 атрымаў магдэбургскае права і герб — выява св. Марціна, узброенага мячом, на кані. У 1648 у Ч. 176 дамоў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ч. заняты рус. войскамі і падараваны царом Аляксеем Міхайлавічам палкоўніку Бел. палка К.Паклонскаму. З вясны 1656 рэзідэнцыя казацкага палкоўніка І.Нячая. Увосень 1660 вызвалены войскамі Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 горад разрабаваны ў 1708 шведскімі войскамі; паступова адбудаваны. У пач. 1770-х г. у Ч. каля 2530 ж., больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета Магілёўскай (у 1796—1802 Беларускай) губ. У 1778 зацверджаны план забудовы горада. У 1781 Ч. нададзены новы герб — на чырв. полі перакрыжаваныя шабля і меч, аб’яднаныя лаўровым вянком. З 1789 у Ч. працавала 2-класнае нар. вучылішча. У 1825 каля 4 тыс. ж., 569 дамоў, 5 цэркваў, 30 крам, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897 у Ч. 4690 ж., з іх 41,1% пісьменных; з 1901 працавалі 3-класнае гар. вучылішча, царкоўнапрыходская школа; у 1904—6,1 тыс. ж., праводзіліся 4 кірмашы на год, дзейнічала 41 прамысловае (97 рабочых) і 41 рамеснае (239 рамеснікаў) прадпрыемствы, працавалі бальніца на 24 ложкі, друкарня, бібліятэка-чытальня. З 25.5.1919 Ч. ў складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 — цэнтр воласці Магілёўскага пав. З 1924 у складзе БССР, цэнтр раёна. У 1939—7,2 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 1786 чал. Вызвалены 25.6.1944 часцямі 50-й арміі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944 ва ўзаемадзеянні з партыз. палком «Трынаццаць» (камандзір С.У.Грышын). У 1959 у Ч. 7,8 тыс. ж.
В.В.Грынявецкі.
т. 17, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)