АЛЕКСАНДРЫ́Я
(араб. Аль-Іскандарыя),
горад на Пн Егіпта. Адм. ц. мухафазы Александрыя. Размешчаны паміж Міжземным м. і воз. Мар’ют. Другі па насельніцтве (3,2 млн. ж., 1987) і эканам. значэнні (пасля Каіра) горад краіны. Гал. марскі порт Егіпта (даступны для акіянскіх суднаў), звязаны суднаходным каналам з Нілам. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цераз Александрыю ажыццяўляюцца 4/5 знешніх перавозак Егіпта. Буйны гандл.-прамысл. цэнтр. Нафтаперапр., хім., металургічная, маш.-буд., металаапр., радыёэлектронная, цэментная, тэкст., харч., гарбарна-абутковая, папяровая прам-сць; вытв-сць аўтапакрышак; суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайныя рамёствы. Гандаль бавоўнай, збожжам і інш. Ун-т. У прыгарадах Александрыі — летні марскі курорт.
Засн. ў 332—331 да н.э. Аляксандрам Македонскім, які назваў горад сваім імем і зрабіў яго марской базай для далейшага заваявання Усходу. Пры Пталамеях сталіца Егіпта. Цэнтр эліністычнай культуры. Тут знаходзіліся Александрыйскі мусеян, Александрыйская бібліятэка. З 30 да н.э. Александрыя ў складзе Рым. імперыі, з канца 4 ст. н.э. — Візантыі. Адзін з гал. цэнтраў ранняга хрысціянства. З 7 ст. н.э. пад уладай арабаў. У 1517 заваявана туркамі і разбурана. Адноўлена ў 1-й пал. 19 ст. У 1882 захоплена англічанамі і ператворана ў каланіяльны порт. У 1-й пал. 20 ст. адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху ў Егіпце.
Антычная Александрыя мела рэгулярную планіроўку (грэч. арх. Дэйнакрат, 4 ст. да н.э.). Са старажытнасці захавалася т.зв. калона Пампея (або Дыяклетыяна), некропалі, катакомбы. На в-ве Фарос, які злучаўся дамбай з Александрыяй, стаяў славуты маяк вышынёй больш за 120 м (арх. Састрат, 3 ст. да н.э.), прылічаны да «сямі цудаў свету» (на яго месцы цяпер крэпасць Кайт-Бей — частка араб. умацаванняў).
Сучасная Александрыя складаецца са старой ч. з вузкімі вулачкамі і новай — з шырокімі праспектамі, набярэжнай, камфартабельнымі асабнякамі і шматпавярховымі будынкамі (у т. л. марскі вакзал, аздоблены мазаікай і рэльефамі). Мячэці 17—19 ст., палацы (цяпер музеі) Рас-эт-Цін (пач. 19 ст.), Мунтаза з вял. паркам (пач. 20 ст.), Мухамеда Алі (20 ст.). Цэнтр. плошча — Ат Тахрыр з коннай статуяй Мухамеда Алі (2-я пал. 19 ст., франц. скульпт. А.Жакмар). Ун-т, 5 музеяў, у т. л. грэка-рым. старажытнасцяў, прыгожых мастацтваў; Нац. б-ка.
т. 1, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)