пільнава́цца, ‑ну́юся, ‑ну́ешся, ‑ну́ецца; незак.

1. Знаходзіцца паблізу чаго‑н., не адыходзіцца. Коні ішлі паціху, а мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. Чарнышэвіч. Ужо вось з тыдзень, як пан Богут Свайго пільнуецца двара І толькі выйдзе на дарогу, Калі надарыцца пара. Колас.

2. Хадзіць следам за кім‑н., не выпускаць з поля зроку; трымацца каго‑н. Дарэмна .. [Лісавета] старалася не хадзіць адна з вячорак або з вечарынак і заўсёды пільнавалася Алены Сташэвічавай. Чарнышэвіч. Вера ўжо раней, як толькі яе разлучылі з Нінай, вырашыла пільнавацца гэтай жанчыны. Мікуліч.

3. Удзяляць увагу чаму‑н. [Ціток:] — [Кандрат] толькі п’е ды ў карты гуляе, а гаспадаркі не пільнуецца. Лобан.

4. Прытрымлівацца чаго‑н., кіравацца чым‑н. — Мы больш за вас на свеце пражылі і ніякіх гэтых правілаў надта не пільнаваліся. Кулакоўскі. [Мірон:] — Як партызанам, так і падпольшчыкам трэба асабліва пільнавацца дысцыпліны, і не звычайнай дысцыпліны, а жалезнай. Лынькоў.

5. Асцерагацца, быць уважлівым. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока гаспадару. Лынькоў. — Хіба ж бо гэта канечне трэба было яму пад тое дрэва лезці? Каб пільнаваўся, дык і не папаў бы, во што я вам скажу. Галавач.

6. Зал. да пільнаваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць пэўнай асобе, з’яўляецца чыёй‑н. уласнасцю; не грамадскі, не калектыўны. Прыватная кватэра. □ На гэты дзень было намечана перасяленне многіх будаўнікоў з прыватных кватэр у гарадскія дамы. Кулакоўскі. У Залкінда на панадворку часта гуляла дванаццацігадовая дачка Вета — вучаніца прыватнай гімназіі. Карпюк. // Не звязаны з якім‑н. прадпрыемствам, дзяржаўнай або грамадскае службай; які выконваецца для індывідуальнай асобы. Прыватная краўчыха. Прыватны заказ. □ [Эльза] ўжо знайшла некалькі прыватных урокаў у багатых сем’ях і цяпер жыве на сваім хлебе. Чарнышэвіч. // Які займаецца індывідуальным гаспадараннем. Прыватны ўласнік.

2. Які датычыцца каго‑н. асабіста, чыіх‑н. асабістых спраў; асабісты. Прыватная перапіска. Прыватная размова. □ Усе прыватныя тэлеграмы залежваліся, потым адпраўляліся поштай. Шынклер. // Які знаходзіцца за межамі грамадскай, вытворчай і інш. дзейнасці, не звязаны з ёй. Прыватнае жыццё. □ [Дзянісаў] тут не прыватная асоба, а кіраўнік экспедыцыі, і ён не мае права паддавацца сваім асабістым антыпатыям. Гамолка.

3. Які з’яўляецца часткай, дэталлю чаго‑н., адносіцца да частак чаго‑н.; не агульны. Ісці ў суджэнні ад прыватных з’яў да агульнага заключэння. □ Байка павінна даваць абагульненні, адлюстроўваць не які-небудзь прыватны факт, адзінкавае здарэнне. Казека. // Не характэрны, асобны, выключны. Прыватны выпадак. □ Гэта толькі прыватны, хоць і важны эпізод. Бугаёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

службо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да службы (у 2 знач.), да выканання абавязкаў па службе. Службовыя справы. Службовае злачынства. □ Вайна застала .. [Гнядкова] ў службовай камандзіроўцы ў заходніх абласцях Беларусі. Шамякін. З’явілася заява — Службовы апарат Паперкі падшывае І ў папкі набівае. Корбан. // Прызначаны для выканання службы, для служачых. Службовы тэлефон. Службовы аўтобус. □ Месцаў там [у вагоне] не было, і, расчараваная, .. [Таня] вярнулася ў сваё службовае купэ. Даніленка. Рабочыя, ці, як іх яшчэ называюць, службовыя, пакоі ва Упраўленні дзяржаўнай бяспекі абстаўлены вельмі сціпла. Кавалёў. // Такі, які прыняты на службе. Службовыя адносіны. Службовы этыкет. □ Чырвонаармеец бачыць — чалавек цікавы, ад якога можна сёе-тое праведаць. Але ён не здае службовага тону, хоць гаворыць лагодней. Колас. // Які нясе якую‑н. службу, знаходзіцца на якой‑н. службе. Позвы і іншыя паведамленні, адрасаваныя прадпрыемству, установе ці арганізацыі, уручаюцца адпаведнай службовай асобе. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР. [Наўмыснік:] — Службовы чалавек быў калісьці: то па маёнтках за аратага быў, то раз у леснікі к пану ўбіўся. Чорны.

2. Другарадны, дапаможны. Традыцыйныя вобразы нядолі ці няволі прыцягваліся пісьменнікамі ў твор звычайна з чыста службовымі мэтамі. Ярош. // У граматыцы — які служыць для паказу адносін паміж знамянальнымі часцінамі мовы. Службовыя часціны мовы. Службовыя словы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадаро́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каму. Ісці, ехаць разам з кім‑н., быць яго спадарожнікам. Спадарожнічаць турыстам у паездцы. // перан. Быць спадарожнікам жыцця. [Усевалад:] — У нас ёсць жанкі, .. я думаю, што перш за ўсё трэба выпіць за іх. За тых, хто робіць нашу ўтульнасць, хто спадарожнічае нам усё жыццё. Скрыган. // Быць заўсёды разам з кім‑н. Песня спадарожнічае нам праз усё жыццё. «Маладосць». Чамадан, гэты славуты чамадан, пра які так многа расказваюць нават анекдотаў, заўсёды спадарожнічае .. [сувязістам]. Пестрак.

2. каму. Працякаць, адбывацца адначасова або ўслед за чым‑н., знаходзіцца з нечым у непарыўнай сувязі. Нам вядома, якія жыццёвыя абставіны і падзеі спадарожнічалі Івану Калацкаму на яго шляху ад сялянскага хлапца да камандзіра палка. Кудраўцаў.

3. каму-чаму. Быць неаддзельным ад каго‑, чаго‑н., цесна звязаным з кім‑, чым‑н. Слабае, нясталае, вучнёўскае спадарожнічае маладосці, таленту. Перкін. Для таго, каб «рыбацкае шчасце» заўжды і ўсюды спадарожнічала табе, патрэбны вынаходлівасць, кемлівасць, веды. Матрунёнак. Сяргею заўсёды спадарожнічала ўдача. Мяжэвіч. // Расці, трапляцца поруч, разам з чым‑н. [Леў Раманавіч:] — Зязюльчын лён і асака — запусценне. Ім спадарожнічае ніцая лаза і чарот, амежнік і мудр[а]нка. Асіпенка. Зарыва азначае, што спальваецца газ, які заўсёды нафце спадарожнічае. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спатка́нне, ‑я, н.

1. Сустрэча з кім‑, чым‑н. пры руху з супрацьлеглых бакоў. Ніхто .. [Балеслава] .. больш не бачыў, толькі Зося — раз, у тую ўтрапёную хвіліну свайго ненаўмыснага момантнага спаткання з ім. Чорны. Наступнага спаткання астэроіда з Зямлёй трэба чакаць некалькі год. Гамолка. // Часовае сумеснае знаходжанне дзе‑н., звязанае з прыходам, прыездам каго‑н. Адбылося незабыўнае спатканне партызан з франтавікамі. Брыль. То, часам, смехам, а то ў злосці Перамывалі панам косці, Рашалі розныя пытанні Наконт сяброўскага спаткання. Колас. Па прапанове Марыны, У гонар спаткання, Быў там суботнік абвешчаны Пасля снядання. Куляшоў.

2. Сустрэча, звычайна ўмоўленая, дзвюх або некалькіх асоб. Спатканне з Валько і Задруцкім крышачку адкладвалася, але шкадаваць аб гэтым не прыйшлося. Дадзіёмаў. Скашынскі чакаў спаткання з Курачкам і гутаркі з Казікам. Чарнышэвіч. // Сустрэча з кім‑н., хто знаходзіцца ў бальніцы, турме і пад.; наведанне такой асобы. Турэмны наглядчык ніколі не паклікаў мяне ў пакой для спатканняў. Асіпенка. // Сустрэча закаханых, звычайна па ранейшай дамоўленасці. І вось гэта выпадковае спатканне абудзіла ў Кузьмы пачуцці зноў. Дуброўскі. На апошнім спатканні дамовіліся згуляць у кастрычніку вяселле. Пальчэўскі.

•••

Да спаткання — да сустрэчы. Вер нам цвёрда, Зямля! І чакай нас, Зямля! Да спаткання, да хуткай сустрэчы! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́рціся, труся, трэшся, трэцца; тромся, трацеся; пр. цёрся, церлася; заг. трыся; незак.

1. Церці сябе, сваё цела чым‑н.; націрацца. Церціся мачалкай.

2. Хістаючыся, дакранацца да паверхні іншага прадмета. Аб сцяну крайняй хаты церліся галіны сосен і елак. Пестрак. Чаўны церліся аб сцёблы чароту. Няхай. // Дакранацца чым‑н. да чаго‑н., выказваючы якія‑н. пачуцці (ласку, радасць, вернасць і пад.). Дзяўчына ўсё гарнулася да .. [Іванавых] грудзей і сваёй гарачай аксамітнай шчакой церлася аб яго рассечанае асколкам плячо. Быкаў. З-за пліты паказалася кацянё. Падняўшы старчком хвост і пазіраючы ўверх на Валю, яно замяўкала, нечага просячы, і пачало церціся аб Валіну нагу. Карпаў.

3. Разм. Быць, знаходзіцца каля каго‑н., дзе‑н. (звычайна з карысцю для сябе). Дзякуй Максіму з Андрэем, каля іх труся, розуму набіраюся. Машара. Вуды надоечы там жа, на Сожы, пааддаваў суседнім хлапчуком, якія апошнімі днямі, ведаючы пра мой ад’езд, настойліва церліся ля мяне і маіх вуд. Карамазаў. Тое, што цяпер Халахцей па некалькі разоў на дні ўзыходзіў на высокі ганак школы, цёрся ў асяроддзі настаўнікаў, распісваўся ў школьных ведамасцях, давала яму падставу лічыць сябе прадстаўніком вясковай інтэлігенцыі. Ракітны.

•••

Церці дні — марна траціць час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлюб, ‑у, м.

1. Сямейны саюз мужчыны і жанчыны; сумеснае, узаконенае жыццё мужчыны і жанчыны. Зарэгістраваць шлюб. Скасаваць шлюб. □ Жанчына, якая не мае моцнай апоры ў шлюбе, болей зацікаўлена ў працы на вытворчасці, лічыць яе неабходнай. «Маладосць». З прыходам фашыстаў на беларускую зямлю зноў выплылі на паверхню старыя прыватнаўласніцкія адносіны — улада кулака, шлюб без кахання, па прымусу таго, хто валодае багаццем. Бярозкін.

2. Абрад, цырымонія ўступлення ў такі саюз. Было ясна — без шлюбу ў царкве Андрэй не згодзен аддаць Насці. Колас. На суботу дамовіліся ехаць у загс, альбо, як у такіх выпадках гаварылі ў Рубяжы, да шлюбу. Дубоўка.

•••

Грамадзянскі шлюб — а) шлюб, які заключаецца ў органах дзяржаўнай улады без удзелу царквы; б) (разм. уст.) свабоднае сужыццё мужчыны і жанчыны.

Групавы шлюб — старадаўняя форма шлюбу, пры якой кожны мужчына адной групы мог знаходзіцца ў сужыцці з кожнай жанчынай другой групы.

Законны шлюб — шлюб, заключаны згодна з існуючым законам аб шлюбе.

Марганатычны шлюб — шлюб паміж членамі царскага дому і жанчынай не царскага роду, які не дае права наследаваць прастол.

Фіктыўны шлюб — несапраўдны шлюб, які бяруць з карыслівай мэтай, каб абысці пэўныя законы.

Браць (узяць) шлюб гл. браць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стан1 ‘фігура, постаць чалавека’, ‘месца стаянкі, часовага пасялення’, ‘войска, адзін з ваюючых бакоў’, ‘саслоў’е, сацыяльны слой’, ‘машына ці сістэма машын’, ‘прыстасаванне’, ‘поўны камплект, набор чаго-небудзь (стан калёс)’, ‘становішча’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, Варл.), ‘талія’ (Ласт., Байк. і Некр., Касп., ТС), ‘вымераны кавалак палатна на сарочку’ (Касп.), ‘верхняя частка кашулі, сукенкі’ (Ян.), ‘фігура, постаць’ (Федар. 4), ‘сямейнае або грамадскае становішча’ (Варл.), ‘такарны станок’ (Нік., Оч.), ‘стаянка, шалаш’ (ТС), ст.-бел. станъ ‘фігура’ (Альтбаўэр), ‘адміністрацыйная адзінка’, ‘саслоўе’, ‘становішча’, ‘шлюб’, ‘ваенны лагер’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 71–72). Параўн. укр. стан ‘тулава; становішча, стан’, рус. стан ‘лагер, месца стаянкі’, ‘тулава, постаць чалавека’, рус.-ц.-слав. станъ ‘лагер, стаянка’, польск. stan ‘становішча, знаходжанне; чын; штат; талія’, в.-луж., н.-луж. stan ‘палатка’, чэш., славац. stan ‘шацёр, палатка’, серб.-харв. ста̑н ‘жыллё; стаў (ткацкі)’, ‘стаўка (у войску)’, славен. stȃn ‘жыллё; будова; загон; тулава; становішча’, балг., макед. стан ‘лагер; загон; постаць’, ст.-слав. станъ ‘лагер, стан’. Прасл. *stanъ ‘стан, становішча; месца знаходжання, стаянка’ — дэрыват з суф. ‑nъ ад прасл. *stati ‘стаць’ (Слаўскі, SP, 1, 115; Махэк₂, 574; Шустар-Шэўц, 1354; Борысь, 574). Роднасныя: літ. stónas ‘становішча’ (Фасмер, 3, 745: ставіць пытанне аб запазычанні з славянскага), ст.-інд. sthā́nam ‘месца; месца знаходжання’, грэч. δύστηνος; ‘той, хто знаходзіцца ў благім становішчы’, ст.-в.-ням. stân, stèn ‘стаяць’. Параўн. яшчэ асец. astœw ‘паясніца, талія’. Гл. Фасмер, 3, 745, з літ-рай; гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1354; ЕСУМ, 5, 394–395.

Стан2 ‘сузор’е Млечны шлях’ (Ласт., Стан.). Да стан1 са значэннем ‘войска, вайсковы лагер’, параўн. “Млечную дарогу называюць Вайсковым Станам” (Спадчына, 1990, 4, 41).

Стан3 ‘стан (дзеяслова)’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.). Відаць, самастойнае ўтварэнне на базе стан1 ‘становішча’, параўн. рус. залог ‘тс’, польск. strona ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяло́ ’вёска, вялікая вёска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт., Некр. і Байк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), село́ ’тс’ (Маш., ТС), сэло́ ’тс’ (пруж., бяроз., Сл. ПЗБ), сыло́ ’тс’ (кам., Сл. ПЗБ; бяроз., Нар. ск.), перан. сяло́ (село́) ’дзеравеншчына, мужыччо’, сяло́‑брала (село́‑брело), сяла́‑брала (села́‑брела) ’цёмны, неадукаваны чалавек, дурань’ (Нас.), у выразах (быць) у (на) сяле ’быць у вёсцы, не знаходзіцца дома’ (валож., шчуч., смарг., паст., в.-дзв., Сл. ПЗБ), (ісці) на сяло (ісці) ’у госці’, ’сусед да суседа’, ’на вячоркі’ (Касп.); адсюль сяло́ ’вечаровыя зборкі, паседзіны’ (Барад.); ст.-бел. село ’пасяленне; вёска’ (Шадурскі, Бел. мова, 87). Укр., рус. село́, стараж.-рус. село, польск. sioło (з усходнеславянскіх — Брукнер, 491), у тапонімах: Długosiodło, Siedlce, в.-луж. sydło (рэфлекс прасл. ě ў в.-луж. і чэш. пад уплывам дзеяслова *sědětiШустар-Шэўц, 1396), н.-луж. sedlišćo ’жыллё’, чэш. sídlo ’месцазнаходжанне; рэзідэнцыя’, sedlák ’селянін’, славац. sedliak ’тс’, серб.-харв. се́ло, славен. sélo, балг. се́ло, макед. село, ст.-слав. село. Прасл. *sedlo < і.-е. *sed‑ ’сядзець’, роднаснае гоц. sitls ’сядзенне, крэсла’, лац. sella (< *sedlā) ’сядзенне’; гл. Бязлай, 3, 225–226; Махэк₂, 539; Скок, 3, 218–219. Фасмер (3, 596), Мее (419), Траўтман (248), Покарны (898) выдзяляюць яшчэ прасл. *selo ’ралля’, параўн. стараж.-рус. село ’поле, ралля; луг’: село земли, славен. sélo ’глеба’: selo kopati, якое ва ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх супала з *sedlo; адрозніваюцца яны толькі ў заходнеславянскіх, параўн. чэш. selo ’сяло; ралля’, дыял. мар. selo ’сяло’ і вышэйпрыведзеныя формы з суфіксам ‑dl‑. На думку Курынай, матывацыя дзеясловам *sědeti першапачатковага *selo ’ралля, поле’ адбылася з пераходам да аседласці (Слав. языкозн., XIII, 371). Гл. ЕСУМ, 5, 209–210; Борысь, 548; ESJSt, 13, 799–800; Глухак, 544. Аб семантычным дыялектызме сяло ’наведванне; госці’, які разглядаецца як фінска-балтыйска-беларуская семантычная ізаглоса, гл. Кальбушэўскі, ABSl, 16, 159–164; Непакупны, Связи, 83–85.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РАМА́Н (франц. roman, ням. Roman, ад лац. romanus рымскі; у часы позняга сярэдневякоўя — твор, напісаны на раманскай мове),

празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл. Эпас). У аснове Р. ляжыць аповед пра прыватны лёс чалавека ў грамадстве і ў свеце. Р. ўласціва свабодная празаічная форма апавядання, спалучэнне высокай патэтыкі з празаічна-прыземленым паказам жыцця, арган. зліццё эпасу, драмы і лірыкі. Мае розныя формы аповеду: апавяданне ад першай асобы — сказавая форма; дыялагічная форма і аб’ектыўнае апавяданне ад трэцяй асобы. Як эпічная форма л-ры, Р. убірае, сінтэзуе і ўзнаўляе шматгранны свет жывой і нежывой прыроды, паказвае ўсё багацце складаных падзей і вострых жыццёвых сітуацый, што рэалізуюцца праз паводзіны людзей, іх учынкі (выяўляюцца ў дыялогах), у паглыбленым даследаванні ўнутр. свету чалавека. Р. даступна адлюстраванне сац. структуры грамадства, паказ гіст. мінулага народа, маст. аналіз глыбінь чалавечага інтэлекту і псіхікі, узнаўленне нораваў і побыту, стварэнне жывапісных карцін прыроды. У цэнтры гэтага маст. цэлага знаходзіцца чалавек, які з’яўляецца ядром той маст. сістэмы, што называецца Р. Уся гісторыя Р. — гэта гісторыя маст. выяўлення, асэнсавання і спасціжэння сутнасці і характару ўзаемаадносін чалавека і грамадства, чалавека і свету прыроды. Само ж маст. асэнсаванне ў Р. абумоўлена як статусам рэальнай асобы, сац. прыроды грамадства, характарам узаемаадносін грамадства і асобнага чалавека, так і ступенню навук. спасціжэння сац. структуры грамадства і прыроднай сутнасці чалавека.

Р. узнік у антычнай л-ры, выкарыстаўшы быт. варыянты традыц. міфічных сюжэтаў («Дафніс і Хлоя» Лонга, «Залаты асёл» Апулея, «Эфіопіка» Геліядора). У сярэднія вякі раманныя тэндэнцыі і асаблівасці нёс у сабе рыцарскі раман, у якім гал. месца адводзілася аналізу псіхалогіі рыцара, які гераічна змагаўся дзеля асабістай славы і праслаўлення каханай. У 16 ст. на бел. мову перакладзены рыцарскія раманы «Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана». У 17 ст. створаны Р. «Дон Кіхот» М.​Сервантэса, звязаны з ідэйна-філас. пошукамі, з духам эпохі. Гэты твор разам з Р. «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле сталі папярэднікамі пазнейшага рэаліст. Р. Новая хваля гуманіст. ідэй у эпоху Асветніцтва (асабліва 18 ст.) стварыла спрыяльныя ўмовы для творчасці раманістаў розных літ. кірункаў і індывідуальнасцей (Д.​Дэфо, А.​Р.​Лесаж, А.​Ф.​Прэво, Ж.​Ж.​Русо, С.​Рычардсан, Дж.​Свіфт). Станаўленню рэаліст. Р. садзейнічалі В.​Скот, Т.​Смолет, Г.​Філдынг. У 19 ст. асн. жанрам л-ры становіцца рэаліст. Р. У творчасці А.​Бальзака, В.​Гюго, Ч.​Дзікенса, Э.​Заля, Г.​Мапасана, Стэндаля, У.​Тэкерэя, Г.​Флабера, рус. раманістаў М.​Гогаля, Ф.​Дастаеўскага, Л.​Талстога, І.​Тургенева Р. дасягнуў найвышэйшага маст. ўзроўню, шырока выявіў свае жанравыя магчымасці, ідэйна-тэматычнае і жанравае багацце. У 20 ст. Р. развіваўся, удасканальваўся, набываў рэаліст. традыцыі ў творчасці Дж.​Голсуарсі, Г.​Уэлса, Г.​Грына, Ч.​П.​Сноу, С.​Моэма, А.​Франса, Р.​Ралана, Р.​Мартэна дзю Гара, Ф.​Марыяка, Дж.​Лондана, Т.​Драйзера, Ф.​С.​Фіцджэральда, Э.​Хемінгуэя, У.​Фолкнера, Дж.​Э.​Стэйнбека, Т. і Г. Манаў, Э.​М.​Рэмарка, Г.​Бёля, Г.​Граса, Х.​Лакснеса, С.​Лагерлёф, Я.​Гашака і інш. Рэаліст. традыцыі Р., падпарадкаваныя сацыяліст. ідэям, развівалі М.​Горкі, А.​Талстой, М.​Шолахаў, Л.​Лявонаў, А.​Фадзееў, Ю.​Бондараў. У 2-й пал. 20 ст. ў сусв. літ. працэс актыўна ўвайшоў лацінаамерыканскі Р. (М.​А.​Астурыяс, А.​Карпенцьер, Х.​Картасар, Г.​Гарсія Маркес). Адначасова ўзнікалі мадэрнісцкія (Дж.​Джойс, Ф.​Кафка, М.​Пруст; гл. ў арт. Мадэрнізм) і экзістэнцыялісцкія (Ж.​П.​Сартр, А.​Камю) плыні Р. Трансфармацыю жанру зазнаў Р. у тэорыі і практыцы аўтараў «новага рамана». У канцы 20 ст. для Р. характэрна выкарыстанне міфалагічных сюжэтаў і вобразаў, стварэнне сімвалічных сітуацый, імкненне да ўзбуйнення і завастрэння ідэйнага зместу, надання твору абрысаў прыпавесці (Абэ Коба, Веркор, У.​Голдынг, Гарсія Маркес, М.​Фрыш). Сучасны Р. знаходзіцца ў стане актыўнага творчага ўзаемадзеяння розных рэаліст. і мадэрнісцкіх тэндэнцый.

Бел. Р. узнік у 20 ст. на глебе рэв. руху, барацьбы народа за сац. і нац. вызваленне, на хвалі сцвярджэння чалавекам сваёй нац. і чалавечай годнасці. Яго ўзнікненне і развіццё мае выразна акрэсленую грамадска-сац. абумоўленасць. Першыя творы раманнага жанру ў бел. л-ры: 1-я ч. рамана Ц.​Гартнага «Сокі цаліны» «Бацькава воля» (1916), Ядвігіна Ш. «Золата» (1920, незаконч.), 1-я ч. трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» «У палескай глушы»; яго Р. у вершах «Новая зямля» (абодва 1923). Усе гэтыя Р. створаны на грунтоўнай жыццёвай аснове, маюць сац.-быт. характар, актыўнага рэальнага героя. На хвалі рэв. пераўтварэнняў у грамадстве, актывізацыі духоўнага жыцця створаны Р. «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932) М.​Зарэцкага, «Зямля» (1928), «Бацькаўшчына» (1931), «Трэцяе пакаленне» (1935) К.​Чорнага, «Драпежнікі» (1928—30, незаконч.) Я.​Нёманскага, «Запіскі Самсона Самасуя» А.​Мрыя, «Амок» Я.​Маўра, «Сын» (усе 1929), «Салаўі святога Палікара» (1940) Р.​Мурашкі, «Язэп Крушынскі» З.​Бядулі (кн. 1—2, 1929—32), «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932) К.​Крапівы, «Віленскія камунары» (1933, апубл. 1963), «Камароўская хроніка» (1937, апубл. 1966) М.​Гарэцкага, «Пустадомкі» (1933—35, апубл. 1990) Л.​Калюгі, «Праз гады» П.​Галавача, «На чырвоных лядах» (абодва 1934) М.​Лынькова, «Калі ўзыходзіла сонца» (1935—36, апубл. 1957) С.​Баранавых, «Будучыня» (1938) Э.​Самуйлёнка. Як самы малады жанр нац. л-ры, Р. імкнуўся стаць сапраўдным люстрам нар. жыцця, узбагачаўся тэматычна і стылёва, паглыбляўся філасофска і псіхалагічна, больш актыўна выяўляў адносіны аўтара да жыцця і часу. Побач з cau.-быт. з’яўляецца сатыр. Р., прыгодніцкі Р., Р. з глыбокім псіхал. пранікненнем у чалавечыя характары, з панарамна-эпапейным даследаваннем жыцця. Асаблівая роля ў станаўленні і развіцці бел. Р. належыць К.​Чорнаму. Яго герой увасабляе не толькі ўвесь свет і сваю прыналежнасць да гэтага свету, адказнасць за яго. У звычайным бел. мужыку К.​Чорны бачыць увасабленне і Эжэні Грандэ, і Івана Карамазава, і Андрэя Балконскага. К.​Чорны надаў нац. Р. эпічную і філас. сталасць, паглыбіў маст. гістарызм і псіхалагізм: «Вялікі дзень» (1941—44, нясконч., апубл. 1947), «Пошукі будучыні» (1943, апубл. 1950), «Млечны шлях» (1944, апубл. 1954).

Рэпрэсіі 1930-х г., Вял. Айч. вайна і гады ням.-фаш. акупацыі, пасляваен. часы жорсткай ідэалаг. рэгламентацыі і дыктату на дзесяцігоддзі парушылі нармальнае развіццё Р. Нават лепшыя творы тых гадоў (І.​Шамякін «Глыбокая плынь», 1947—48, «У добры час», 1953, «Крыніцы», 1956; І.​Мележ «Мінскі напрамак», 1950—52, П.​Пестрак «Сустрэнемся на барыкадах», 1951—54; М.​Лынькоў «Векапомныя дні», 1958) нясуць на сабе адзнакі зададзенасці, схематызму, спрошчанасці, ідэалізацыі.

У 1960-я г. пачаўся новы перыяд у развіцці бел. Р. Ён становіцца гал. жанрам л-ры. Р. сталі эстэтычна падуладныя гісторыя і сучаснасць, трагедыя і высокія ўзлёты чалавечага духу, падзеі выключныя і звычайны будзень, сац. канфлікты, штодзённыя адносіны людзей, паэзія прыгожых асабістых узаемаадносін, чароўны свет прыроды. Ва ўмовах грамадскіх сац. змен у 2-й пал. 1950-х г. Р. па-новаму асэнсоўваў і пераасэнсоўваў далёкую і больш блізкую гісторыю, шукаючы там адказ на надзённыя пытанні. З’явіліся разгорнутыя шматтомныя эпічныя палотны Мележа («Людзі на балоце», 1961; «Подых навальніцы», 1965; «Завеі, снежань», 1976), М.​Лобана («На парозе будучыні», 1961; «Шэметы», 1963, «Гарадок Устронь», 1967—68), А.​Чарнышэвіча («Засценак Малінаўка», 1961—64), В.​Адамчыка («Чужая бацькаўшчына», 1977; «Год нулявы», 1982; «І скажа той, хто народзіцца», 1985; «Голас крыві брата твайго», 1990). Натхнёны сучаснасцю, Р. сягае і ў далёкую гісторыю, шукаючы там прыклады высокага служэння радзіме і народу (У.​Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім», 1965, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», 1966, «Чорны замак Альшанскі», 1979; А.​Лойка «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае», 1990; Г.​Далідовіч «Кліч роднага звона», 1997). Р. звярнуўся найбольш да падзей Вял. Айч. вайны. Жорсткая праўда, драматызм і трагізм гучання, сцвярджэнне высокіх духоўных якасцей, адмаўленне вайны ў творах Я.​Брыля «Птушкі і гнёзды» (1963), В.​Быкава «Знак бяды» (1982), «Кар’ер» (1986), Шамякіна «Зеніт» (1987), І.​Навуменкі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979), І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), Б.​Сачанкі «Вялікі Лес» (1979—83), М.​Аўрамчыка «Падзямелле» (1983). Творчасць Быкава тыпамі герояў, звычайнасцю і прастатой узноўленых драм. і трагічных падзей, стрымана-аналітычнай манерай аповеду развівае магутную празаічную плынь, пачатую К.​Чорным. Творы Шамякіна «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978), І.​Пташнікава «Мсціжы» (1970), «Алімпіяда» (1984), В.​Карамазава «Пушча» (1978), В.​Казько «Неруш» (1981), «Бунт незапатрабаванага праху» (2000), Далідовіча «Гаспадар-камень» (1984), «Заходнікі» (1992), А.​Кудраўца «Сачыненне на вольную тэму» (1984), А.​Карпюка «Карані» (1986), Н.​Гілевіча «Родныя дзеці» (1985), М.​Кусянкова «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997) узнімаюць розныя праблемы, закранаюць розныя сферы нар. жыцця. Р. набыў жанравую сталасць і стылявую разнастайнасць, узбагаціў нац. традыцыі і зрабіў наватарскія адкрыцці. Побач з шырокімі эпічнымі палотнамі, што закранаюць розныя сферы нар. жыцця (Мележ, Лобан, Караткевіч), развіваецца Р. сац.-псіхалагічны (Пташнікаў, Кудравец), Р. лёсу (Брыль, Быкаў, Казько), Р. гісторыка-біягр. (Лойка, В.​Коўтун), навукова-фантаст. (В.​Гігевіч), раман-падзея (Шамякін, А.​Асіпенка). Сучасны бел. Р. знаходзіцца ў пошуку новых філас. ідэй, характараў, жанравых магчымасцей.

Літ.:

Белинский В.Г. Разделение поэзии на роды и виды // Собр. соч. М., 1978. Т. 3;

Грифцов Б.А. Теория романа. М., 1927;

Чичерин А.В. Возникновение романа-эпопеи. М., 1958;

Фокс Р. Роман и народ: Пер. с англ. М., 1960;

Декс П. Семь веков романа: Пер. с фр. М., 1962;

Судьбы романа. М., 1975;

Кожинов В.В. Происхождение романа. М., 1963;

Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;

Днепров В. Черты романа XX в. М.; Л., 1965;

Адамовіч А.М. Беларускі раман. Мн., 1961;

Яго ж. Горизонты белорусской прозы. М., 1974;

Дзюбайла П.К. Беларускі раман.

Гады 70-я. Мн., 1982; Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971; Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн.,1972; Матрунёнак А.П. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972; Яго ж. Псіхалагічны аналіз і станаўленне беларускага рамана. Мн., 1975; Жураўлёў В.П. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991.

С.​А.​Андраюк.

т. 13, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)