1. Выпрастаць стомленыя ў аднастайнай паставе канечнасці, стан. Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў.Колас.У паясніцы нібы завесы заржавелі — не разагнуцца. Але пацягнешся моцна да хрусту касцей, лінеш на твар халоднай вады, пройдзеш разы два па хаце і сціхне патроху нудны боль у плячах.Крапіва.[Казік] выцягнуў з-пад посцілкі рукі і з асалодай пацягнуўся.Чарнышэвіч.
2. Падацца корпусам у якім‑н. напрамку, працягнуць руку, галаву да каго‑, чаго‑н. [Гаварушка] пацягнуўся яшчэ, каб злавіць яе [Ніны] руку, але яна адбеглася.Лобан.Васіль узняў галаву, і рука яго міжвольна пацягнулася да пісталета.Шашкоў.Перабіраючы адвіслымі губамі, да .. [Міколы] пацягнулася конская морда.Новікаў.// Пачаць цягнуцца ўгору, расці (пра расліны). І зямля наверх пагнала сокі З тых глыбінь, дзе дбайна берагла, І адразу ясакар высокі Пацягнуўся лісцем да святла.Кірэенка.
3. Пачаць рухацца, накіравацца ў адным напрамку цугам, чарадой. У калгасны склад паплылі цэмент, цвікі, жалеза, пацягнуліся фурманкі з лесам.Сергіевіч.Кароўкі ў парадку, адна за другою, пацягнуліся ў лес.Колас.Пераклікаючыся ў небе, роўнымі шнурамі пацягнуліся на поўдзень гусі.Скрыпка.// Павольна пайсці следам за кім‑, чым‑н., разам з кім‑н. Саўка з начальнікам пайшлі па вёсцы. Паліцэйскія пацягнуліся ўслед.Федасеенка.Табун павольна пацягнуўся за .. [Алесем].Караткевіч./ Пра думкі, успаміны. Ну, скажы ты, якія чэпкія гэтыя ўспаміны! Успыхне ў памяці адно, за ім пацягнецца другое...Палтаран.
4. Павольна, з цяжкасцю пайсці; паплесціся. Міхал сабраўся, апрануўся і ў лес павольна пацягнуўся.Колас.// Пачаць павольна распаўсюджвацца, рухацца ў якім‑н. напрамку (пра дым, пыл і пад.). Чорныя шлейфы .. дыму [ад месераў] перакрыжаваліся і пацягнуліся да зямлі.Алешка.Гануля і не заўважыла, што не прыкруціла кноту, языкі агню пацягнуліся ўверх, пацямнела шкло.Гурскі.
5. Пачаць павольна, аднастайна праходзіць (пра дні, гадзіны, гады). Дні пацягнуліся аднастайныя, страшэнна падобныя адзін на другі.Навуменка.
6. Працягнуцца, размясціцца на вялікай адлегласці, прасторы, уздоўж чаго‑н. Абапал дарогі пацягнуліся шэрыя, апусцелыя палі.Гамолка.На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня.Шыцік.// Быць працягнутым у якім‑н. напрамку. Вакол гарнізонаў .. пацягнулася павуцінне калючых дратоў.Брыль.// Пралегчы, выдзяляючыся на чым‑н. Па лужынах пацягнуліся бліскучыя сінія пісягі — ад масла і дыму.Пташнікаў.Гусіныя лапкі маршчакоў пацягнуліся на скроні.Алешка.
7.перан. Адчуць цягу, схільнасць да каго‑, чаго‑н. Ён першы загаварыў у Руднічах пра калгас і першы ўступіў у яго. За бацькам пацягнулася ўся бедната.Курто.Калі прыйшла канчатковая перамога, дзеці былых беднякоў пацягнуліся да навукі.Сергіевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разгарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., што.
1. Расправіць, расцягнуць што‑н. згорнутае ў даўжыню або шырыню. І вось Алёнка, самая бойкая з пяцікласніц, паднялася на сцэну і разгарнула вышыты партрэт Леніна.Скрыпка.Столькі выткала маці кроснаў, Што калі разгарнуць іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі.А. Астапенка.
2. Вызваліць ад абгорткі; зняць тое, чым было што‑н. загорнута, закрыта. Дзяўчынка села на траву, разгарнула фартух, — там былі кветкі.Краўчанка.Ганна Лявонаўна дастала з партфеля пакунак у жоўтай упаковачнай паперы, разгарнула яго і ахнула.Корбан.
3. Раскрыць што‑н. складзенае. — А зараз пачнём урок, — Іван Сяргеевіч разгарнуў класны журнал.Курто.Галіна Фёдараўна зараз жа разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру.Паслядовіч.// Расхінуць, рассунуць што‑н. у бакі; развесці. Хлопец разгарнуў рукамі чарот, выбег на палянку.Гамолка.Задаволены Кулік разгарнуў прысак і пачаў даставаць печаную бульбу, яна прыемна пахла.Гурскі.// Разабраць. За ім ішла сястра: яна паказала хвораму месца на ложку ў куце і хуценька разгарнула пасцель.Быкаў.//перан. Зрабіць даступным зроку, як бы разаслаць перад вачамі. А Дняпро з лясоў дрымучых Праз мой родны край плыве. Увабраўшы нашы рэкі, Разгарнуў блакітны плёс. Светлым поясам навекі Наш звязаў братэрскі лёс.Бялевіч.
4. Выпрастаць, расправіць, развёўшы ў процілеглыя бакі. [Стафанковіч:] — Я яшчэ .. магу разгарнуць свае плечы, я яшчэ моцна трымаю гэбаль у руках.Чорны.Рукі .. [Алены] навярэджаны, і яна адчувае сябе, як набітая, а назаўтра не можа рук разгарнуць.Колас.// Раскрыць, распусціць (кветкі, лісце). Разгарнула пялёсткі шыпшына — ужо пяць гадзін раніцы, падняў угору галоўку жоўты адуванчык — лічы шэсць гадзін.Хомчанка.//Спец. Начарціць на плоскасці паверхню геаметрычнага цела. Разгарнуць мнагаграннік.
5.перан. Падрабязна выказаць, выкласці, апісаць што‑н.; раскрыць сутнасць, змест чаго‑н. — Тады я мог бы разгарнуць і пачуцці, і паказаць душэўныя зрухі, словам, тут бы ў мяне ўсё разраслося вельмі шырока.Скрыган.Тут Сымонка сваю душу Мог прад дзедам разгарнуць.Колас.
6.перан. Даць чаму‑н. (сілам, здольнасцям) свабодна і поўна праявіцца, развіцца. Разгарнуць музыкальныя здольнасці.// Павялічыўшы аб’ём, паглыбіўшы змест, зрабіць буйнейшым па жанру (літаратурны, музычны твор). Вось гэтую невялікую байку Змітрок Бядуля паспрабаваў разгарнуць у вялікую аповесць.Кучар.
7. Зрабіць, арганізаваць што‑н. у шырокіх маштабах. Разгарнуць будаўніцтва. Разгарнуць спаборніцтва. □ — Камуністам трэба таксама, — гаварыў далей падпалкоўнік, — разгарнуць самадзейнасць.Мележ.
8. Падрыхтаваць да дзеяння, функцыяніравання. [Радыст] выбраў пад елкай высокую купіну, хутка разгарнуў рацыю, закінуў на елку антэну, нацягнуў супрацьвагу і пачаў працаваць.Ваданосаў.//Спец. Размясціць у шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спра́віцца, спраўлюся, справішся, справіцца; зак.
1.зчым і без дап. Змагчы зрабіць, выканаць што‑н. (якую‑н. работу, абавязак і пад.). Справіцца з заданнем. □ Зямля была мяккая, і Вова хутка справіўся з гэтай работай.Якімовіч.«Глядзі, якая яна [Усця], — думаў Васіль, — старшынёй калгаса пастаў — справіцца».Кулакоўскі.[Лясніцкі:] — А вось з санітарамі ў нас цяжка. Алена не можа справіцца адна.Шамякін.
2.зкім-чым. Перамагчы, узяць верх у баі, бойцы і пад. [Балук:] — Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна.Колас.Алесь ведаў, што з Федзем яму аднаму не справіцца, і моцна свіснуў у два пальцы.Ваданосаў.Нягледзячы на здвоеныя кантынгенты войска і жандармерыі на заходнебеларускіх землях, акупацыйная ўлада не магла справіцца з партызанскім рухам.Ліс.// Прымусіць слухацца, падпарадкавацца. Брыгада павінна справіцца з тым, хто ёй не падпарадкуецца, хто ідзе супраць яе.Шыцік.А што ж гэта за манера Паддавацца дужа: Не ўламаеш кавалера, Не справішся з мужам!Лойка.// Адолець, асіліць што‑н. Справіцца з агнём. Справіцца з цяжкасцямі. □ Але .. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова.Дуброўскі.// Сумець пакарыстацца чым‑н., гладзіць, саўладаць з чым‑н. Справіцца з машынай. □ Рука ніяк не магла справіцца з гузікамі.Паслядовіч.З клямкай старшыня, нарэшце, справіўся сам і, бразнуўшы дзвярыма, скочыў з высокага ганка.Навуменка.//перан. Перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Справіцца з хваляваннем. □ Абое яны хацелі справіцца са сваёй няёмкасцю, і абаім гэта не ўдавалася.Асіпенка.Голас .. [маці] задрыжаў, але праз хвіліну яна справілася з сабою.Ус.
3. Атрымаць весткі, даведацца пра што‑н. [Гулік] зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка справіцца, ці дома Нічыпар.Колас.— Ты скора ад нас едзеш? — справілася Зося.Гартны.
4. Паспець своечасова зрабіць, завяршыць што‑н. Да свят бярозаўцы справіліся з пасяўной, з копкай бульбы.Васілевіч.Згледзеў [Андрэй], што .. [Валюта] справілася змяніць сукенку, была цяпер у зялёнай з гарошкам.Пташнікаў.Пасля работы Васіль прыйшоў у інтэрнат і ўжо справіўся памыцца і пераапрануцца, калі, нарэшце, вярнуўся з завода Саша.Шуцько.//Разм. З’есці, выпіць усё без астатку. Абое хутка справіліся з гарбатай, і Рыгор прынёс яшчэ па шклянцы.Гартны.
5.Разм. З’ездзіўшы, схадзіўшы куды‑н., вярнуцца назад. Заўтра субота, паслязаўтра нядзеля, два выхадныя, спраўлюся туды і назад.Арабей.
6.Разм. Зраўняцца з кім‑н. Праўда, .. [Алена] не апошняя работніца ў засценку. І то сказаць, хто можа з ёю справіцца.Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ча́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Ісці павольнай хадой, не спяшаючыся. [Лукаш:] — Наташачка, па бутэльцы піва яшчэ. Ну, давай, чапай.Лобан.[Сашка:] — Да зубнога дык гэта ж трэба чапаць аж у Глыбокае, больш трыццаці кіламетраў.Машара.
чапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што і чаго.
1. Дакранацца, датыкацца да каго‑, чаго‑н. Калі хлопец чапае яго .. босаю нагою, кот абараняецца лапаю і бурчыць.Крапіва.Нязвыкла слухаць, як плугі чапаюць каменне.Пташнікаў.//(звычайназадмоўем «не»). Браць што‑н., карыстацца чым‑н. (звычайна чужым, без дазволу). [Бацька:] — От я ж цябе [Юрку] зараз адвучу, як чапаць тое, што да цябе не належыць.Чорны.Усіх сялян моцна збілі бізунамі, а Ягору адсеклі правую руку, каб другі раз не чапаў панскага дабра.Скрыпка.// Закранаць, турбаваць каго‑н.; крыўдзіць. [Кастусь:] — Волечка, не чапай мамы. Няхай спіць!Нікановіч.«Прайду моўчкі, — вырашыў Васіль, — дый толькі таго, не буду чапаць яе [цёткі], то, можа, і яна мяне не закране».Кулакоўскі.//перан. Хваляваць, расчульваць. Стары так думаў, а музыка вярэдзіла яго сэрца, глыбока чапала яго, і слёзы, дзіўныя, неадчувальныя слёзы цяклі самі сабою з сухіх выцвілых вачэй.Кірэенка.//(звычайназадмоўем «не»). Апрацоўваць што‑н., карыстацца чым‑н., брацца за што‑н. На старанна паголеных [дзедавых] шчоках.. — заўтра нядзеля! — свіцілася кволая ружовасць, а абвіслыя вусы, якія наўрад ці чапалі калі нажніцы, хавалі добрую ўсмешку.Кудравец.Бохан белага хлеба, што .. [Барашкін] прывёз, .. [маці] не чапала, толькі патрымала ў руках, зноў паклала на месца.Савіцкі.//(звычайназадмоўем «не»). Нападаць на каго‑, што‑н. — Тут — спакой: воўк і той Не чапае авец Бліз бярлогі сваёй. Куляшоў. [Іван:] — Удар павінен быць хуткі і рашучы. Калі будзе больш за дзве машыны, — не чапаць.Новікаў.
2.(звычайназадмоўем «не»). Знішчаць, вынішчаць; прыносіць шкоду каму‑, чаму‑н. Калі ўбачыш часам іх [баброў], Не чапай Звяркоў рачных.Дзеружынскі.Выявілася, што тут нічога складанага няма. Трэба вырываць усю лішнюю траву і не чапаць жыта.Якімовіч./уперан.ужыв.Хвала зямлі, дзе ворагаў няма, Дзе не адна ў снягі лягла навала. А рускіх наша руская зіма Яшчэ ў жыцці ніколі не чапала.Сербантовіч.
3.перан.(звычайназадмоўем «не»). Кранаць, цікавіць. [Гаруе:] — Ты .. цікавішся гэтаю справаю, а мне стараешся паказаць, што цябе нічога гэта не чапае.Чорны.
4.перан.(звычайназадмоўем «не»). Успамінаць што‑н., закранаць у размове што‑н. (часцей крытыкуючы). — Не чапай ты ўжо лепш медыцыны: нічога ты ў ёй не разумееш, — заступіўся фельчар за сваю прафесію.Колас.[Дзед Сымон:] — Ты майго, браце, рамяства не чапай.Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АТЛАНТЫ́ЧНЫ АКІЯ́Н (лац. Mare Atlanticum, грэч. Atlantis),
частка Сусветнага ак. паміж Еўропай, Афрыкай, Антарктыдай, Паўд. і Паўн. Амерыкай. Другі па велічыні і глыбіні (пасля Ціхага акіяна) на Зямлі. Працягласць Атлантычнага акіяна з Пн на Пд каля 15 тыс.км. Пл. 91,6 млн.км², аб’ём вады 329,7 млн.м³. Сярэдняя глыб. каля 3600 м, найб. — 8742 м (жолаб Пуэрта-Рыка).
Берагі. Берагавая лінія моцна расчлянёная ў Паўн. паўшар’і, дзе размешчаны амаль усе моры і вял. залівы Атлантычнага акіяна (Балтыйскае, Паўночнае, Міжземнае, Карыбскае моры і інш. і буйн. залівы Біскайскі і Гвінейскі), і слаба парэзана ў Паўднёвым (мора Уэдэла, Скота, Лазарава — каля Антарктыды). Важная асаблівасць Атлантычнага акіяна — наяўнасць міжземных мораў (Мексіканскі заліў і Карыбскае м. на З і Сярэднеземнаморскі бас. на У).
Астравы. Агульная пл. астравоў 1070 тыс.км². Асн. група мацерыковага паходжання: Брытанскія, Канарскія, Зялёнага Мыса, Фалклендскія (Мальвінскія), В. Антыльскія, Ньюфаўндленд і часткова М. Антыльскія. Ёсць вулканічныя (Азорскія, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.) і каралавыя (Багамскія і інш.).
Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф), мацерыковы схіл і ложа акіяна. Шэльф займае каля 10,3% пл. дна, мае слабы нахіл у бок адкрытага акіяна. Каля берагоў в-ва Грэнландыя, п-ва Лабрадор шырыня шэльфа дасягае 300—400 км. Параўнальна вузкая шэльфавая зона акаймоўвае Зах. Еўропу і берагі Зах. Афрыкі. Уздоўж аргенцінскага берага шырыня шэльфа 400 км і глыб. 140—150 м; каля вусця Амазонкі 300 км; уздоўж гвіянскага ўзбярэжжа 90 км. Шэльфавая зона ў паўд.ч. Карыбскага м. і ў раёне Антыльскіх а-воў развіта слаба. Мацерыковы схіл стромкі, парэзаны падводнымі каньёнамі, самы вял. з іх — Гудзон. Рэльеф ложа — спалучэнне падводных хрыбтоў, падняццяў і катлавін. У цэнтр.ч. акіяна ад в-ва Ісландыя да в-ва Буве на 18 тыс.км цягнецца S-падобны мерыдыянальны Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, які падзяляе Атлантычны акіян на ўсх. і зах. часткі (з глыбінёй над ім каля 3000 м; на У і З ад яго — 5000—6000 м). На Пн (каля Ісландыі) хрыбет мае назву Рэйк’янес, на Пд каля в-ва Буве хрыбет паварочвае на У і пераходзіць у Афрыканска-Антарктычны хрыбет. Там, дзе хрыбет уздымаецца на ўзр. мора, — астравы вулканічнага паходжання (Ісландыя, Азорскія, Сан-Паўлу і інш.). Важнейшая рыса будовы Сярэдзінна-Атлантычнага хр. — папярочныя разломы (Чарлі Гібса, Атлантыс, Кейн, Віма, Романш, Сан-Паўлу, Св. Алены і інш.), якія разбіваюць асн. хрыбет на асобныя блокі з шыротным зрушэннем іх адносна восі. На З і У ад Сярэдзінна-Атлантычнага хр. размешчаны падводныя ўзвышшы (Рыу-Гранды, Бермудскае), плато (Хатан, Зялёнага Мыса), хрыбты (Кітовы хрыбет, Паўднёва-Антыльскі хрыбет) і ўзвышшы, якія раздзяляюць катлавіны Паўночна-Амерыканскую, Бразільскую, Аргенцінскую, Заходне-Еўрапейскую, Канарскую, Ангольскую, Капскую і інш. з глыб. больш за 3000 м.
Донныя адклады. Найб. пашыраны арганагенныя адклады (фарамініферавыя ці глабігерынавыя глеі), якія займаюць 67,5% плошчы дна ад Ісландыі да 57—58°паўд. шыраты. Чырвоныя гліны (каля 25% плошчы) высцілаюць днішчы амаль усіх глыбакаводных катлавін. Тэрыгенныя адклады (жвірова-галечны матэрыял, гліны) пашыраны на шэльфе, мацерыковым схіле і шырокай паласой акаймоўваюць ложа акіяна каля ўзбярэжжаў ЗША, Бразіліі, Аргенціны, Антарктыды. Карысныя выкапні: золата і алмазы (у рачных вынасах паўд.-ўсх. часткі), фасфарыты (на шэльфе), нафта і газ (Венесуэльскі зал., Мексіканскі зал., Паўночнае м.), жал. руда (каля Ньюфаўндленда і інш.), алавяныя руды (каля берагоў Вялікабрытаніі), жалеза-марганцавыя канкрэцыі (каля Фларыды, Паўд. Афрыкі) і інш.
Клімат. Атлантычны акіян размешчаны з Пн на Пд амаль ва ўсіх кліматычных паясах — ад экватарыяльнага да субарктычнага на Пн і антарктычнага на Пд. Над ім развіваюцца 4 асн. цэнтры дзеяння атмасферы — Ісландскі і Антарктычны мінімумы, Паўн.-Атлантычны (Азорскі) і Паўд.-Атлантычны максімумы, якія ў раёне экватара падзелены зонай паніжанага ціску. Гэтыя цэнтры пры ўзаемадзеянні з іншымі абласцямі атм. ціску абумоўліваюць панаванне моцных зах. вятроў ва ўмераных шыротах і паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. вятроў (пасатаў) у субтрапічных і трапічных шыротах, адпаведна Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Найб. моцныя вятры ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я («равучыя саракавыя»). Для паўн. трапічных шырот характэрны т.зв. вест-індскія ураганы, якія пануюць з чэрв. да ліст. і перасякаюць акіян з У на З.
Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні пад уплывам цыркуляцыі атмасферы ўтвараюць у субтрапічных і трапічных шыротах антыцыкланальны, а ў паўн. умераных і паўд. высокіх — цыкланальны кругаварот. Характэрная рыса Атлантычнага акіяна — магутная сістэма Гальфстрыма. Гальфстрым і яго працяг — Паўночна-Атлантычнае цячэнне — утвараюць адпаведна зах. і паўн. перыферыі паўн. антыцыкланальнага кругавароту, у якім усх. перыферыя — халоднае Канарскае цячэнне, паўд. — цёплае Паўночнае Пасатнае цячэнне. Паўночны цыкланальны кругаварот складаецца цячэннямі — цёплымі Паўн.-Атлантычным і Ірмінгера і халодным Лабрадорскім, якое паступае з м. Бафіна. У паўд. частцы атлантычны антыцыкланальны кругаварот утвараецца на Пн з З цёплымі Паўд. Пасатным і Бразільскім. Цыкланальны кругаварот развіваецца каля 50°паўд. ш. з цэнтрам у м. Уэдэла. Атлантычныя цыркуляцыі паўн. і паўд. частак Атлантычнага акіяна падзяляюцца летам на Пн ад экватара Міжпасатным (Экватарыяльным) проціцячэннем, якое зімой зменьваецца агульным зах. пераносам паверхневых водаў. Больш пастаяннай мяжой з’яўляецца на экватары падпаверхневае проціцячэнне Ламаносава. Т-ра вады на паверхні Атлантычнага акіяна зімой (у лютым у паўн., у жніўні ў паўд. частцы) ад 28 °C на экватары да 6 °C на 60°паўн. ш. І -1 °C на 60°паўд. ш., летам (у жніўні ў паўн., у лют. у паўд. частцы) адпаведна ад 26 °C да 10 °C і каля О °C. Салёнасць 34—37,3‰. Самая вял. шчыльнасць вады больш за 1027 кг/м³ на ПнУ і Пд; да экватара змяншаецца да 1022,5 кг/м³. Прылівы пераважаюць паўсутачныя (да 18 м у зал. Фанды). У асобных раёнах прылівы мяшаныя і суткавыя (ад 0,5 да 2,2 м). Ільды ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна ўтвараюцца толькі ва ўнутр. морах умераных шырот (Балтыйскім, Паўночным, Азоўскім і інш.). Вялікая колькасць ільдоў і айсбергаў выносіцца ў адкрыты акіян з Паўн. Ледавітага ак. (да 30°паўн. ш.), утвараецца каля Антарктыды і ў м. Уэдэла, дасягаючы 35°паўд. ш.
Флора і фауна. Атлантычны акіян насяляюць каля 2000 тыс. відаў раслін і жывёл. Да глыб. 100—200 м донная расліннасць (ламінарыі, зялёныя і чырв. водарасці). У трапічным поясе сіне-зялёныя, у палярным — дыятомавыя водарасці, у Саргасавым м.вял. колькасць саргасавых. Значную масу планктону складаюць ракападобныя — амфіподы і эраўзііды, крыль Кітоў і ластаногіх каля 100 відаў. Агульная колькасць відаў рыб перавышае 15 тысяч. Фауна трапічных шырот — радыялярыі, сіфанафоры, медузы, крабы, лятучыя рыбы, акулы, марскія чарапахі і кашалоты; умераных і палярных — весланогія ракападобныя і крыланогія малюскі, селядзец, трасковыя і камбалавыя рыбы, кіты, ластаногія і інш. Глыбакаводная фауна — ігласкурыя рыбы, губкі, гідроіды. Марскіх птушак мала; у Антарктыцы — фрэгаты, альбатросы, пінгвіны і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Атлантычны акіян дае 35% сусв. ўлову рыбы. Гал. прамысловыя віды: траска, мойва, селядзец, стаўрыда, марскі акунь, скумбрыя, тунец; значнае месца належыць беспазваночным (крэветкі, вустрыцы, мідыі, кальмары). Прамысловыя раёны: паўн.-ўсх., цэнтр.-ўсх. і паўд.-заходні. Вядзецца здабыча нафты і газу (Венесуэльскі, Мексіканскі, Гвінейскі залівы, Паўн. і Міжземнае моры), серы (Мексіканскі зал.), жал. руды (каля п-ва Ньюфаўндленд, Фінляндыі і інш.), каменнага вугалю (прыбярэжныя раёны Канады і Вялікабрытаніі) і інш. Прыліўная электрастанцыя ў вусці р. Ранс (Францыя). На долю Атлантычнага акіяна прыпадае прыблізна 2/3 аб’ёму сусв. марскога гандлю. Самая шчыльная сетка акіянскіх шляхоў паміж 35—40 і 55—60°паўн. ш. (маршруты паміж партамі Еўропы і Паўн. Амерыкі). Над паўн. часткай Атлантычнага акіяна пралягаюць асн. трансатлантычныя авіялініі, па дне пракладзены тэлеграфныя кабелі (агульная даўж. каля 200 тыс.км). Развіты прыморская рэкрэацыя і марскі турызм. Важнейшыя парты: Ротэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Марсель, Гаўр (Францыя), Гамбург (Германія), Лондан (Вялікабрытанія), Генуя (Італія), Новарасійск, Санкт-Пецярбург (Расія), Ільічоўск, Адэса (Украіна), Рыга (Латвія), Дакар (Сенегал), Кейптаун (ПАР), Буэнас-Айрэс (Аргенціна), Нью-Йорк, Х’юстан, Новы Арлеан, Філадэльфія (ЗША).
Літ.:
Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;
Слевич С.Б. Океан: ресурсы и хозяйство Л., 1988;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI века. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎ,
горад, сталіца Украіны, цэнтр Кіеўскай вобл., на р. Дняпро. 2638,7 тыс.ж. (1995). Буйны вузел чыг., аўтамаб. і паветр. шляхоў зносін. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт у г. Барыспаль (прыгарад К.). Цэнтр машынабудавання (станкабудаванне, трансп. машынабудаванне, дакладнае прыладабудаванне, электратэхніка і радыёэлектроніка). Прамысловасць: лёгкая (шаўковая, трыкат., швейная, абутковая), паліграф., хім., харчасмакавая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1960).
Пасяленні на тэр. К. існавалі са старажытнасці. З канца 5 ст. цэнтр племя палян. Паводле летапіснага падання, засн. ў канцы 6 — пач. 7 ст. палянскімі князямі Кіем, Шчэкам, Харывам. У летапісах упершыню згадваецца пад 860 у сувязі з паходам Русі на Візантыю. Пасля ўтварэння ў канцы 9 ст.Кіеўскай Русі стаў яе паліт. цэнтрам, тут развіваліся рамёствы, пісьменнасць, архітэктура, жывапіс; кантактаваў з Полацкам і інш.бел. гарадамі. Пасля хрышчэння Русі ў К. пабудаваны першыя цэрквы, пры кн. Яраславе Мудрым — Кіеўскі Сафійскі сабор, Пячэрскі манастыр (гл.Кіева-пячэрская лаўра). Тут адбыліся Кіеўскае паўстанне 1068—69 (у час паўстання ў К. кароткі час княжыў Усяслаў Брачыславіч), Кіеўскае паўстанне 1113. У 1169 разрабаваны войскам кн. Андрэя Багалюбскага, у 1203 спустошаны кн. Рурыкам Расціславічам, у 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1362 у складзе ВКЛ. З 1399 вытрымаў аблогу тат. войска, у 1416 захоплены ханам Адыгеем, у 1482 — крымскім ханам Менглі-Гірэем. З 1471 цэнтр Кіеўскага ваяводства. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Пасля заключэння Брэсцкай уніі 1596 адзін з антыкаталіцкіх і антыуніяцкіх цэнтраў. Каля 1615 пры Богаяўленскім манастыры створана Кіеўскае правасл. брацтва. У сярэдзіне 17 ст. дзейнічалі 4 касцёлы, дамініканскі манастыр, езуіцкі калегіум (з 1647). З 1654 у складзе Расіі, цэнтр Кіеўскага ваяводства, з 1708 — Кіеўскай губ. (у 1781—97 намесніцтва). У 18 ст. ўзніклі першыя буйныя прамысл. прадпрыемствы: Арсенал (1764), Кіева-Мяжыгарская фаянсавая ф-ка (1801). У 1809 адкрыта 1-я мужчынская гімназія, у 1834 — Кіеўскі нацыянальны універсітэт (у ім вучылася нямала выхадцаў з Беларусі). У 1820-я г. ў К. праходзілі сходы Паўд.т-ва дзекабрыстаў. Дзейнічалі Кірыла-Мяфодзіеўскае таварыства (1845—47), Кіева-Харкаўскае т-ва (1858—60). У канцы 19 — пач. 20 ст. буйны прамысл. цэнтр (у 1897 было 17 вял. прадпрыемстваў). Пасля пракладкі ў 1860-я г. Кіева-Адэскай і Кіева-Курскай чыгунак і з развіццём суднаходства па Дняпры К. — буйны трансп. вузел (у 1868 адкрыты Гал. майстэрні Паўд.Зах. чыгункі, у 1873 суднарамонтныя майстэрні). У 1890 засн. Політэхнічны ін-т, у 1899 Музей старажытнасцей і мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 рас. ўлады расстралялі ў К. 30-тысячную дэманстрацыю (18.10.1905), адбыліся паўстанні сапёраў (1905 і 1907), створаны першыя прафсаюзы У 1913 у К. 595 тыс.ж., больш за 170 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну тут размяшчаўся штаб Кіеўскай ваен. акругі. У сак. 1918 горад акупіраваны войскамі Германіі, у снеж. 1918 захоплены войскамі С.В.Пятлюры, у жн. 1919 — белагвардзейцамі, у маі 1920 — войскамі Польшчы. У чэрв. 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. З 1919 у К. базіравалася частка караблёў і падраздзяленняў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у 1940—41 — Пінскай ваеннай флатыліі. З 1934 сталіца Украіны. У Вял.Айч. вайну 20.9.1941—6.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, месца жорсткіх баёў (гл.Кіеўская абарончая аперацыя 1941, Кіеўская наступальная аперацыя 1943).
Пачатак буд-ва горада паклалі 3 стараж.
паселішчы 6—7 ст. на Старакіеўскай, Шчокавіцкай і Хоравай гарах. У 10 ст. К. падзяляўся на Верхні горад (Стары К.) з Дзесяціннай царквой (989—96, зруйнавана ў 1240) і Ніжні горад (Падол) з майстэрнямі і дамамі рамеснікаў. У 11 ст. Верхні горад з кампазіцыйнай дамінантай — Кіеўскім Сафійскім саборам — абкружаны крапаснымі сценамі (захаваліся фрагменты мураванай Залатой брамы, 1037, рэканструявана ў 1982); з’явіліся першыя пабудовы Кіева-Пячэрскай лаўры і Выдубіцкага манастыра Ад 12 ст. захаваліся цэрквы Спаса на Бераставе (1113—25, размалёўкі 12 ст.; перабудавана ў 17 ст.) і Кірылаўская (1146, фрэскі 12 ст.; перабудавана ў 18 ст. ў стылі ўкр. барока, арх І.Р.Грыгаровіч-Барскі). Манум. цэрквы Міколы Прыціска (1631) і Ільінская (1692) пабудаваны ў формах, блізкіх укр. драўлянаму дойлідству. Сярод помнікаў укр. барока: званіца (канец 17 ст. — 1853, арх. Г.І.Шэдэль і П.І.Спаро), брама Забароўскага (1746—48, арх. Шэдэль), пабудовы Сафійскага манастыра, Георгіеўская царква, трапезная (абодва 1696—1701) і званіца (1727—33) Выдубіцкага манастыра, цэрквы Ушэсця (1732), Пакроўская (1766, арх. Грыгаровіч-Барскі), Андрэеўская (1748—53, арх. В.В.Растрэлі і інш.; жывапіс іканастаса ў стылі ракако, мастакі А.П.Антропаў і Р.К.Лявіцкі); палацы Марыінскі (1752—55, арх. Растрэлі і І.Ф.Мічурын), Клоўскі (1754—58, арх. С.Дз.Коўнір і П.І.Няелаў). У стылі класіцызму пабудаваны манумент у гонар магдэбургскага права (1802—08; выш. 23,1 м), царква-ратонда на Аскольдавай магіле (1803—10, арх. абодвух А.І.Мяленскі, надбудавана ў 1935—36), Кантрактавы дом на Падоле (1815—17, арх. В.І.Гестэ), ун-т (1837—43, арх. В.І.Берэці). У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. К. забудоўваўся стыхійна ў духу стылізатарства і эклектыкі: Уладзімірскі сабор (1862—96, арх. А.В.Берэці, І.В.Штром, Спаро; размалёўкі В.М.Васняцова, М.В.Несцерава, М.К.Піманенкі і інш.), оперны т-р (1897—1901, арх. В.А.Шротэр), будынкі Музея ўкр.выяўл. мастацтва (1900, арх. Г.П.Байцоў і У.У.Гарадзецкі), дзяржбанка (1902—05, арх. А.В.Кобелеў і А.М.Вярбіцкі), дом з хімерамі (1902—03, арх. Гарадзецкі). Пастаўлены помнікі кн. Уладзіміру (1853, скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі, П.К.Клот, арх. К.А.Тон), Багдану Хмяльніцкаму (1870—88, скульпт. М.В.Мікешын). Жыллёвае і грамадскае буд-ва 1-й пал. 20 ст. мела манум. характар: чыг. вакзал (1927—33, арх. Вярбіцкі), стадыён (1936—46, арх. М.І.Грачына), помнік Т.Р.Шаўчэнку (1938, скульпт. М.Г.Манізер, арх Я.А.Левінсон). У Вял.Айч. вайну К. моцна пашкоджаны. Паводле генплана 1945—47 створаны новы арх. ансамбль гал. вуліцы К. — Крашчацік (1947—54, арх А.В.Уласаў, А.У.Дабравольскі, Б.І.Прыймак і інш.). У 1950—60 інтэнсіўна забудоўваліся новыя жылыя масівы (Першамайскі, Русанаўка, Абалонь, Троешчына), пачата буд-ва метрапалітэна. Найб. значныя пабудовы 2-й пал. 20 ст.: мост Патона (1951, арх. Прыймак і інш), Палац спорту (1958—60, арх. Грачына, А.І.Завараў і інш.), гасцініца «Дняпро» (1964, арх. В.Дз.Елізараў, Н.Б.Чмуціна), Палац культуры «Украіна» (1970, арх. Я.А.Марынчанка, І.Г.Вайнер, П.Н.Жыліцкі), комплекс Укр. музея гісторыі Вял.Айч. вайны (1981, скульпт. Я.В.Вучэціч, В.З.Барадай, Ф.М.Сагаян, арх. Елізараў і інш.), помнікі Лесі Украінцы (1973), М.В.Гогалю (1982), АН Украіны. 18 ВНУ, у т. л.Кіеўскі нацыянальны універсітэт, 15 тэатраў, у т. л.Укр.т-р оперы і балета. Каля 30 музеяў: літ.-маст. Т.Р.Шаўчэнкі, гіст., укр.выяўл. мастацтва, рус. мастацтва, зах. і ўсх. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, гісторыі Кіева, археал.нар. дэкаратыўнага мастацтва, архіў-музей л-ры і мастацтва, гісторыі медыцыны і інш.Рэсп. стадыён.
З часоў Кіеўскай Русі К. быў адным з цэнтраў маст. культуры. У 10 ст. тут зарадзілася Кіеўская маст. школа (фрэскі і мазаікі Дзесяціннай царквы, Сафійскага сабора, мініяцюры Астрамірава евангелля, Ізборніка Святаслава і інш.). Пры лаўры існавала іканапісная майстэрня, настаўнікі і вучні якой у сярэдзіне 18 ст. стварылі «кужбушкі» — альбомы малюнкаў і гравюр высокага маст. ўзроўню. У 13—18 ст. мастакі К. працягвалі стараж. традыцыі (мініяцюры Кіеўскага псалтыра, 1397). У 1901 на базе рысавальнай школы М.І.Мурашкі створана маст. вучылішча.
Літ.:
Логвин Г.Н. Киев 2 изд. М., 1982;
Толочко П.П. Древний Киев. Киев, 1983;
Киев: Энцикл. справ. 2 изд. Киев 1985.
Уладзімірскі сабор у Кіеве. Арх. А.Берэці, І.Штром, П.Спаро. 1862—96.Плошча Незалежнасці ў Кіеве.Кіеў. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Т.Р.Шаўчэнкі.Дом з хімерамі ў Кіеве. Арх. У.Гарадзецкі. 1902—03.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РН (франц moderne ад лац. modernus новы, сучасны),
стыль у архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. Вядомы таксама пад назвамі «ар нуво» (Бельгія і Францыя), югендстыль (Германія і Скандынавія), сецэсіён (Аўстрыя), ліберці (Італія), мадэрнізм (Іспанія). Узнік каля 1890 як рэакцыя на эклектызм і гістарызм акад. мастацтва. Прадстаўнікі М. імкнуліся стварыць стыль, свабодны ад гіст. запазычанняў, сінтэзаваць усе пластычныя мастацтвы. адрадзіць маст. адзінства прадметнага свету шляхам выкарыстання новых тэхн. магчымасцей. У архітэктурынайб. ярка М. выявіўся ў творах Ч.Макінташа (Шатландыя), Х. ван дэ Велдэ і В.Арта (Бельгія), А.Гаўдзі (Іспанія), Э.Гімара (Францыя), І.Гофмана і І.М.Ольбрыха (Аўстрыя), Ф.Шэхтэля і Ф.Лідваля (Расія) і інш. Збудаванні ў стылі М. адметныя свабоднай, функцыянальна абгрунтаванай планіроўкай, якая вызначала маляўніча-сіметрычны і дынамічны характар аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, садзейнічала стварэнню падкрэслена індывід. будынкаў, дзе ўсе элементы падпарадкаваны адзінай вобразна-сімвалічнай задуме. Прынцыпова новым у архітэктуры М. было адмаўленне ад ордэрнай ці эклектычна запазычанай з інш. стыляў сістэмы аздаблення фасада і інтэр’ера. У М. не было падзелу на канстр. і дэкар. элементы будынка; дэкаратыўнасць заключалася ў эстэт. асэнсаванні формы. Вызначальным у структуры будынка была пабудова ўнутр. прасторы, якая выяўлялася ў рытмічнай і пластычнай арганізацыі вонкавых форм. Фасады вылучаліся дынамічнасцю і цякучасцю форм, часам набліжаліся да форм скульптурных ці імітуючых прыродныя з’явы (пабудовы Гаўдзі, Арта, ван дэ Велдэ, Шэхтэля), часам з геам. выразнасцю выяўлялі асн. аб’ём збудавання (пабудовы Гофмана, Ольбрыха, Макінташа, сталыя работы Шэхтэля). Некат. архітэктары М. прадвызначалі функцыяналізм, імкнуліся выявіць каркасную структуру будынка, падкрэсліць тэктоніку мас і аб’ёмаў (О.Вагнер і Гофман у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, А.Перэ ў Францыі). У выяўленчым мастацтве М. падрыхтаваны ў Англіі творчасцю прэрафаэлітаў і групы Arts and Crafts, найб. поўна ўвасобіўся ў творах О.Бёрдслі. У Францыі рысы М. адлюстраваліся ў творах сімвалістаў, сінтэтыстаў, набістаў, А. дэ Тулуз-Латрэка. Стылістыка М. характарызуецца дамінаваннем дэкар. пачатку ў фармальнай, кампазіцыйнай і каларыстычнай пабудове твора, асіметрычнасцю выгнутых форм і ліній, стылізаванымі расл. матывамі, вытанчанасцю каларыту. У творах М. фантаст. выявы перапляталіся з рэальнымі матывамі, якія набывалі сімвалічны сэнс. У асобных творах відавочны ўплыў мастацтва Усходу, асабліва Кітая і Японіі. Адным з асн. выразных сродкаў у мастацтве М. быў арнамент крывалінейных абрысаў, часта пранізаны экспрэсіўным рытмам. Арнаментальны пачатак аб’ядноўвае ўсе віды мастацтва М. У інтэр’ерах вытанчаныя лінейныя пляценні, рухомыя расл. ўзоры, рассыпаныя па падлозе, столі, канцэнтраваліся ў месцах іх спалучэння; яны аб’ядноўвалі арх. плоскасці, актывізавалі прастору. У майстроў венскага М. (Гофман, Ольбрых), работах шатл. групы «Чацвёра» на чале з Макінташам строга геам. арнамент вар’іраваў матывы круга і квадрата. Для М. характэрна ўзаемапранікненне станковых і дэкар.-прыкладных форм мастацтва. У жывапісе пераважалі пано, у скульптуры — рэльефы. Мэтай архітэктара, мастака, скульптара было стварыць сінт. цэльны твор мастацтва. Для жывапісу характэрны спалучэнне дэкар. умоўнасці арнаментальных дывановых фонаў, сілуэтнасць, вял. колеравыя плоскасці, тонка нюансіраваная манахромія. У творах П.Гагена і мастакоў групы «Набі» ў Францыі, Г.Клімта ў Аўстрыі, Ф.Кнопфа ў Бельгіі, Э.Мунка ў Нарвегіі, членаў «Свету мастацтва» стылістыка М. часта выкарыстоўвалася для ўвасаблення тэм і матываў, характэрных для сімвалізму. М. актыўна праявіўся ў графіцы (Бёрдслі, немцы Т.Т.Гейне і Г.Фогелер, швейцарац Ф.Валатон, Мунк, француз Э.Грасэ, чэх А.Муха, у Расіі — А.М.Бенуа, К.А.Сомаў і інш.), гэта звязана з росквітам кніжнай справы. Скульптура М. (Ж.Міне ў Бельгіі, Г.Обрыст у Германіі) вылучаецца дынамікай і цякучасцю форм і сілуэта. Асабліва пашыраны быў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яму ўласцівы тыя ж рысы, што і архітэктуры і скульптуры, у т. л. падабенства прадметаў і іх асобных дэталей натуральным формам (керамічныя і жал. вырабы Гаўдзі, метал. агароджы метро Парыжа Гімара, шкляныя вырабы Э.Гале, упрыгожанні Р.Лаліка ў Францыі; шкляныя пасудзіны Л.К.Тыфані ў ЗША, мэбля ван дэ Велдэ). Імкненне да канструктыўнасці, чыстаты ліній, лаканізму форм выявілася ў мэблі Макінташа, Гофмана, у Расіі — у І.А.Фаміна.
У архітэктуры Беларусі М. пашыраны з пач. 20 ст. Ён разгаліноўваўся на шэраг ярка выражаных стылёвых кірункаў: сецэсіён, неарускі стыль, неараманскі і неагатычны кірункі, неабарока, неакласіцызм, неарэнесанс і інш. Для М. характэрны багатая арнаментыка з уключэннем стылізаваных дэкар. элементаў готыкі, класіцызму, стараж.-рус. і інш. стыляў (жылыя дамы па вул. Савецкай у Гомелі, будынак б-кі імя Карскага ў Гродне, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, праект кінатэатра «Сатурн» у Гродне, чыг. вакзал у Маладзечне, будынак банка ў Слоніме). Манум.-дэкар. мастацтва М. стала неад’емнай ч.арх. кампазіцыі будынкаў, шырока выкарыстоўваліся выяўл. элементы (герб кн. Святаполк-Мірскіх на Мірскай капліцы, мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе капліцы ў Ляснянскім мемарыяльным комплексе). Імкненне да наўмыснай ускладненасці, інтэнсіўнага святлаценю фасадаў абумовіла шырокае выкарыстанне моцна высунутых эркераў, вуглавых лоджый, мансардавых, шатровых і інш. форм дахаў (сядзібны дом у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Лужаснянскай земляробчай школы будынак). Дзвярныя і аконныя праёмы, часам выцягнутыя на вышыню будынка, з мудрагеліста выгнутымі пераплётамі атрымалі абрысы падкоў, трапецый, парабалічных арак. Былі пашыраны выгнутыя ажурныя балконныя краты і казыркі дзвярных парталаў, аздобленыя скульптурай, спалучэнне адкрытага муру і ляпных дэталей (б. даходны дом у Мінску па вул. Кірава). У драўлянай архітэктуры выкарыстоўваліся вежавыя кампазіцыі і дэкар. элементы нар. дойлідства (асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.). У культавай архітэктуры М. праяўляецца ў пошуках зграбнай формы і сілуэта, вылучэнні дэталей і элементаў у агульнай кампазіцыі (Крыжаўзвіжанская царква ў в. Амелянец Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.). У стылі М. на Беларусі працавалі арх. С.Шабунеўскі, В.Марконі, О.Краснапольскі, А.Альшалоўскі, Б.Астравумаў, К.Данцоў, К.Шрэтэр, У.Срока і інш.
Стыль М. меў уплыў на бел. выяўленчае, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Яго рысы адчуваюцца ў некат. творах Ф.Рушчыца, С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Тычыны, Я.Мініна, А.Астаповіча, С.Юдовіна, у карцінах і дыванах Я.Драздовіча. Захаваліся помнікі манум.-дэкар. мастацтва ў Гродне (вітражы касцёлаў бернардзінцаў і францысканцаў), Віцебску (маёлікавая мазаіка на будынку пазямельна-сял. банка). Цякучыя, прэтэнцыёзныя, са скругленымі гранямі формы шклянога посуду, якія спалучаліся з пышным дэкорам (размалёўка золатам, эмалямі, выкарыстанне метал. арматуры) уласцівы маст. шклу, што выраблялася на шклозаводзе «Нёман» і на Барысаўскім хрусталёвым заводзе. Асіметрычныя, хваліста-ламаныя рэльефныя малюнкі характэрны для копыскай кафлі; мудрагелістыя перапляценні геам. арнаменту, выцягнутыя сцёблы галінак і лісцяў, кветак аздаблялі віцебскія кафлі і дэкар. пліткі. Драўляную мэблю багата ўпрыгожвалі рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, інкрустацыяй. М. праявіўся ў маст. ліцці і коўцы (аздабленне балконаў, парапетаў, ганкаў жылых і грамадскіх будынкаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Гомелі і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Модерн: К вопросу об истоках и типологии // Сов. искусствознание. М., 1979. Вып. 1;
Tschudi Madsen S. Art nouveau. Paris, 1967.
В.Я.Буйвал, А.М.Кулагін, М.М.Яніцкая.
Да арт.Мадэрн. Кафляная печ у г Гродна. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Э.Гімар. Станцыя метрапалітэна ў Парыжы.Да арт.Мадэрн. Л.Даменік-і-Мантанер. Будынак бальніцы Сан-Пуа ў г. Барселона (Іспанія). 1902—12.Да арт.Мадэрн. Ч.Макінташ. Дзверы чайнага пакоя асабняка Вілаў у Глазга. 1904. Вітраж, таніраванае шкло.Да арт.Мадэрн. В.Арта. Вестыбюль асабняка Таселя ў г. Брусель (Бельгія). 1893.Да арт.Мадэрн. Э.Гале. Фаянсавая чаша ў выглядзе сокала. 1885—89.Да арт.Мадэрн. Г.Клімт. Партрэт Адэль Блох-Баўэр. 1907.Да арт.Мадэрн. Кінатэатр «Сатурн» у г. Гродна. Праект пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬВАДО́Р (Salvador),
Рэспубліка Эль-Сальвадор (República de El Salvador), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З з Гватэмалай, на Пн і У з Гандурасам; на Пд абмываецца Ціхім ак.Пл. 21,04 тыс.км². Нас. 6,3 млн.чал. (2000). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Сальвадор. Краіна падзяляецца на 14 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. С. — унітарная рэспубліка, дзейнічае канстытуцыя 1983 (з папраўкамі 1991). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Заканадаўчая асамблея; 84 яе дэпутаты выбіраюцца на 3 гады па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва.
Прырода. Цэнтр.ч. краіны займае вулканічнае нагор’е з выш. 600—700 м, абмежаванае на Пн і Пд вулканічнымі хрыбтамі. На паўд. хрыбце дзейныя вулканы (Санта-Ана, 2381 м, найб. актыўны Ісалька, 1885 м). На Пн тэктанічная ўпадзіна, дзе цячэ р. Лемпа. На ўзбярэжжы раўніна шыр. да 30 км. Частыя землетрасенні. У нетрах С. ёсць золата, серабро, цынк, медзь, сера, нафта. Клімат трапічнага пояса пасатны. На нагор’і т-ры ад 22 (снеж.) да 25 °C (крас.). Ападкаў на нагор’і 1500—2500 мм, ва ўпадзіне Лемпы 600—700 мм за год. Вылучаюцца 2 сезоны — сухі (ліст.—крас.) і дажджлівы (май—кастр). Шмат кароткіх горных рэк і вулканічных азёр. Пераважае культ. расліннасць. Лясы і лясістая мясцовасць займаюць 5% тэр., у гарах месцамі хваёвыя лясы, у далінах — трапічная расліннасць, участкі саваннаў, другасныя хмызнякі. Жывёльны свет: малпы, ацэлот, апосум, браняносец, шмат птушак, змей, насякомых. Нац. паркі: Монтэ-Крыста, Эль-Імпасібле; рэзерват Эль-Хакаталь.
Насельніцтва. Каля 92% складаюць сальвадорцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Каля 5% складае індзейскі народ піпіль. Жывуць таксама гандурасцы, гватэмальцы, мексіканцы, амерыканцы ЗША, кітайцы і інш. 86% вернікаў — католікі, астатнія пераважна пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,02% (2000). Сярэдняя шчыльн. 300 чал. на 1 км². 75% насельніцтва пражывае на нагор’і, дзе шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км². У гарадах 46% насельніцтва. Найб. Сан-Сальвадор — 1408 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Буйныя гарады (тыс.ж., 1993): Санта-Ана — 208,3, Сан-Мігель — 161,2, Сакатэкалука — 81. У сельскай гаспадарцы занята 33% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 14%, у абслуговых галінах — 53%. Значная эміграцыя ў суседнія краіны і ЗША.
Гісторыя Да 7 ст.н.э. С. насялялі плямёны індзейцаў майя. Потым тут пасяліліся блізкія да ацтэкаў плямёны піпіляў, якія называлі краіну і свой гал. горад Кускатлан. У 1524—47 гэта тэр. заваявана іспанцамі на чале з П. дэ Альварада, якія далі ёй назву С. У калан. перыяд С. быў часткай генерал-капітанства Гватэмала. У 1811—14 тут адбылося некалькі антыкалан. паўстанняў. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць С. У 1822—23 С. у складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1841 С. — незалежная рэспубліка. Доўгі час улада ў краіне па чарзе належала то партыі кансерватараў, якая адлюстроўвала інтарэсы латыфундыстаў, то партыі лібералаў, якая абараняла інтарэсы гандлёвай буржуазіі. Барацьба паміж імі суправаджалася шматлікімі ваен. пераваротамі. На першых свабодных выбарах у сак. 1931 перамог А.Араўха, які прапанаваў праграму шырокіх сац. пераўтварэнняў. У снеж. 1931 ён скінуты ген. М.Эрнандэсам Марцінесам, які ўсталяваў сваю дыктатуру (1931—44). У студз. 1932 ён люта задушыў сял. паўстанне на чале з А.Фарабунда Марці (забіта больш за 10 тыс.чал.). Да 1979 С. кіравалі ваен. рэжымы, якія адлюстроўвалі пераважна інтарэсы алігархаў, што дамінавалі ў эканам. і паліт. жыцці краіны. Па іх ініцыятыве створаны ваенізаваныя атрады для запалохвання апазіцыі. У ліп. 1969 С. вёў вайну з Гандурасам, што абвастрыла сац. супярэчнасці. З канца 1970-х г. пачаліся масавыя выступленні супраць рэжыму, партыз. дзейнасць актывізаваў падпольны Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці (ФНВФМ) — шырокі саюз левых арг-цый. У гэтых абставінах, пры дапамозе ЗША, у кастр. 1979 адбыўся ваен. пераварот, які прывёў да ўлады ваен.-цывільную хунту. Новы рэжым абяцаў ажыццяўленне рэформ, але ў краіне працягвала панаваць ранейшая алігархія, лютаваў тэрор правых «эскадронаў смерці», якія забівалі незадаволеных рэжымам і сялян, што адважваліся ўзяць зямлю пасля абвешчанай аграрнай рэформы. Правы тэрор прывёў у пач. 1981 да масавага паўстання на чале з ФНВФМ. Пры дапамозе ЗША рэжым цывільнага прэзідэнта Х.Н.Дуартэ (1980—90) здолеў утрымаць уладу, але ён не кантраляваў ні сельскія раёны, дзе панаваў ФНВФМ, ні ўрадавую армію. У выніку грамадз. вайны да 1990 загінула больш за 70 тыс. чал.
Пры пасрэдніцтве ААН 1.2.1992 заключана мірнае пагадненне паміж урадам С. і ФНВФМ, які стаў паліт. партыяй. У 1994 пад наглядам ААН адбыліся выбары, на якіх перамагла правая партыя Нацыяналіст. рэспубліканскі саюз. Яе прадстаўнікі А.Кальдэрон і Ф.Флорэс выбіраліся прэзідэнтамі С. ў 1994 і 1999. ФНВФМ стаў другой па значэнні паліт. партыяй С., дамогся поспеху на парламенцкіх выбарах 2000. С. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1999. Дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыяналіст.рэсп. саюз (АРЕНА), Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. С. — аграрная краіна. Аснова эканомікі — вытв-сць і перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва каля 3000 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 12%, прам-сці 22%, абслуговых галін 76%. Эканоміка моцна залежыць ад замежнага, пераважна амер. капіталу. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн.га зямлі — больш за 60% тэр. краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 690 тыс.га, у т. л. 120 тыс.га арашаецца; пад лугамі і пашай каля 610 тыс.га. Традыцыйна развіта латыфундысцкая гаспадарка. Значная частка сялян беззямельная: на долю 90% сельскага насельніцтва прыпадае толькі 4% апрацаваных зямель. Пашыраны розныя формы арэнды і паўфеад. формы эксплуатацыі. Гал. раён земляробства — вулканічнае нагор’е. У 1998 сабрана (тыс.т); кавы (гал. экспартная культура, дае каля 2/3 кошту прадукцыі земляробства, вырошчваецца ў зах. і цэнтр. частках нагор’я) 251,2, цукр. трыснягу 590, кукурузы 1215,2, бабовых (пераважна фасоля) 99,1, рысу 106,2, сорга 366,6. Вырошчваюць таксама бавоўну, тытунь, какаву, індыга, хенекен, проса, кунжут, ямс і маніёк, алейныя культуры, агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта па Пн краіны. У 1997 было 1,14 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 335,1 тыс. свіней. Птушкагадоўля (у 1997—8 млн. курэй). Прам-сць прадстаўлена ў асн.харч., лёгкай, нафтахім., фармацэўтычнай, буд., металургічнай і металаапрацоўчай галінамі. У 1999 атрымана 4,1 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49,3% на цеплавых электрастанцыях, 36,5% на ГЭС, 14,2% на гідратэрмальных электрастанцыях. Харч. прадукты і напіткі складаюць (1998) 36% кошту прамысл. прадукцыі; тэкстыль, адзенне, абутак, скураныя вырабы і мэбля — 13,9%; нафтапрадукты, хімікаты і вырабы з каўчуку — 15,3%; металург. і маш.-буд. галіна — 13,4%, паліграф. і цэлюлозна-папяровыя вырабы — 7,5% і інш.Асн. цэнтры харч. і тэкст. прам-сці — гарады Сан-Сальвадор і Санта-Ана, нафтаперапрацоўка і цэм. з-ды ў г. Акахутла. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, серабра, буд. матэрыялаў, каменнай солі. Развіта саматужная вытв-сць ганчарных вырабаў, адзення, абутку, капелюшоў. Замежны турызм у 2000 прынёс даход 211 млн. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. У 1997 было 602 км чыгункі, 10 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1986 км з цвёрдым пакрыццём (327 км аўтастрады — Панамерыканскай шашы). У С. 35,3 тыс. легкавых аўтамабіляў, 44,8 тыс. грузавых і аўтобусаў (2000). Гал. парты Ла-Уньён, Акахутла і Ла-Лібертад. У краіне 85 аэрапортаў, у т. л. 4 з цвёрдым пакрыццём узлётнай паласы (у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Сан-Сальвадор). У 1999 экспарт склаў 2,5 млрд. долараў, імпарт — 4,15 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць кава, цукар, тэкстыль, хімікаты, у імпарце — харч., спажывецкія і прамысл. тавары, нафта і нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (59% экспарту, 51% імпарту), Гватэмала (12 і 9%), Мексіка, Гандурас, Японія. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ЗША і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — калон.
М.Б.Жукава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Сальвадора.Сальвадор. Адзін з вулканаў у цэнтральнай частцы краіны.Сальвадор. Сушка зярнят кавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
strike
[straɪk]1.
v., struck, struck or stricken, striking
1) удара́ць; нано́сіць уда́р
to strike a person in anger — ударыць каго́ са зло́сьці
strike a blow in self-defence — нане́сьці ўда́р у самаабаро́не
2) выбіва́ць, адбіва́ць, чака́ніць
to strike a medal — адбі́ць мэда́ль
3) высяка́ць (аго́нь), чы́ркаць, запа́льваць
to strike a match — запалі́ць запа́лку
4) здава́цца, ура́жваць, рабі́ць ура́жаньне
The plan strikes me as silly — Плян здае́цца мне неразу́мным
5) біць
it has just struck four — То́лькі што прабі́ла чаты́ры
6) мо́цна ўра́жваць, ахапля́ць
They were struck with terror — Іх ахапі́ў жах
7) атакава́ць
The enemy will strike at dawn — Во́раг пачне́ ата́ку на до́сьвітку
8) прыйсьці́ ў галаву́
An amusing thought struck her — Заба́ўная ду́мка прыйшла́ ёй у галаву́
10) бастава́ць, страйкава́ць
The coal miners struck — Вугляко́пы страйкава́лі
11) выкрасьля́ць, выкасо́ўваць
Strike out the last word — Вы́красьлі апо́шняе сло́ва
Strike his name off the list — Вы́красьлі яго́нае імя́ са сьпі́су
12) сутыка́цца, урэ́звацца
The car struck a fence — Машы́на ўрэ́залася ў плот
2.
n.
1) уда́р -у m.
2) адкрыцьцё пакла́даў (руды, на́фты); нечака́ная ўда́ча
3) забасто́ўка f., страйк -у m.
•
- on strike
- strike a balance
- strike an agreement
- strike it rich
- strike up
Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)
Калаці́ць ’выклікаць дрыжанне чаго-н.; хістаць; трэсці; выклікаць дрыжыкі; часта і моцна стукаць, удараць і да т. п.’ (БРС, ТСБМ; навагр., З нар. сл.; Касп.; КЭС, лаг., Мат. Гом., Нас., Сержп., Шат.) ’малаціць’ (БРС; івац., Бір., Працы IM, 6; Мат. Гом., Сцяшк.), да апошняга, відаць, колотить мак — у гульні, дзе намагаюцца пакалаціць (Радч.), і ў Сержпутоўскага (Прымхі) — каб вераб’і не калацілі.., ’абтрэсваць, аббіваць сады’ (Касп., Нік., Оч.), ’упокат абшукваць’ (КЭС, лаг.), калаціць кішэні ’трэсці кішэні’, ’паласкаць (бялізну)’ (гродз., З нар. сл.). Звяртае на сябе ўвагу спецыялізаванае значэнне ’боўтаць, збоўтваць: боўтаць смятану, каб зрабіць масла’ (Вешт., КЭС, лаг.; Яруш.), колотыты ’рашчыняць цеста на бліны’ (бяроз., Шатал.), калаціць зацірку ’круціць калатоўку ў гаршку’ (КЭС, лаг.), ’гатаваць якую-н. страву, размешваючы калатоўкай’ (ТСБМ) у сувязі з тым, што паралелі да гэтага слова ў рус. гаворках з’яўляюцца, па сутнасці, беларускімі: колотить масло (у Растаргуева). Аднак колотовка ’прылада для збівання масла, цеста і да т. п.’ вядома шэрагу рус. гаворак, апрача таго, ёсць укр.колотити ’муціць’ і ’збіваць масла’, калаціцца ’збівацца (аб масле)’, па гэтай прычыне магчымая думка пра бел. семантычную інавацыю не з’яўляецца вельмі надзейнай. Польск.дыял.kłócić ’збіваць масла’. Відаць, тут, як і ў іншых выпадках з гэтым словам, або незалежнае ўзнікненне такіх семем (што наогул для значэння ’калаціць’ натуральна), або адлюстраванне даўняй полісемічнасці лексемы. Укр.колотити ’муціць; збіваць масла; сварыцца; папіхаць; распараджацца’, рус.колотить ’біць, калаціць і да т. п.’, ’малаціць’, ’збіваць (арэхі, чаромху)’, ’замешваць (цеста)’, ’забіваць жывёлу на мяса’, ’забіваць’, ’гаварыць, плявузгаць’, ’пляткарыць’, ’таргавацца, старацца выгадаць у цане’ і інш., польск.kłócić ’боўтаць, трэсці’, ’муціць, выклікаць непакой’, ’прыводзіць да сваркі’, дыял. ’збіваць масла’, ’сварыць, гневацца на каго-н.’ і інш., ’забіваць’, н.-луж.kłośiś ’збіваць, апушваць (з дрэў)’, ’біць’, ’малаціць (аббіваць лён)’, в.-луж.kłócić ’збіваць, струшваць’, чэш.klátiti ’трэсці, струшваць, махаць і інш.’, дыял. (у Юнгмана) ’збіваць масла’, klátiti se яшчэ і ’бадзяцца’, славац.klátiť ’трэсці і інш.’, славен.klátiti ’збіваць фрукты з дрэў’, серб.-харв.кла́тити ’хістаць’, ’стрэсваць фрукты з дрэў’, кла́тити се ’бадзяцца’, дыял.кла́тити ’балбатаць, вярзці лухту, плявузгаць’, макед.клати ’хістаць’ і інш., балг.клатя ’хістаць і інш’. Праслав.koltiti, першаснае значэнне не вельмі пэўнае, магчыма, з самага пачатку полісемантычны дзеяслоў, або, як меркаваў Махэк₁ (201), з kol‑mǫ‑titi, kol‑o‑mǫ‑tati і пад., якія накладваліся на старое слова, роднаснае лац.quatio. Махэк₂ (252) пакінуў толькі супастаўленне з лац.quatio, quatere ’трэсці, біць і да т. п.’ З пункту гледжання фанетыкі такое супастаўленне не вельмі добрае. Паводле традыцыйнай версіі суадносяцца прасл.koltiti і kolti (гл. калоць), гл. Фасмер, 2, 296, са спасылкай на старую літ-ру. Слаўскі (2, 272) далучаецца да гэтай думкі і мяркуе, што значэннем, якое аб’ядноўвае прасл. лексемы, з’яўляецца ’біць’, адкуль ’трэсці і інш.’ Пры гэтым ён звяртае ўвагу на польск.kłócić się ’сварыцца’ (параўн. тое ж бел.калаціцца, укр.колотитися), якое параўноўвае з дэрыватамі ад koltiрус.колоться, славен.kláti se ’біцца, сварыцца’, серб.-харв.кла̏ти се ’біцца і інш.’ Відавочна, аднак, што такім чынам нельга вытлумачыць усю семантыку кантынгентаў слав.koltiti. Што датычыць словаўтварэння (kolti > koltiti), было меркаванне аб прамежкавай ступені: праз *koltъ; koltiti у такім выпадку дэнамінатыў ад гэтага назоўніка. Такое меркаванне азначае яшчэ больш вузкую семантыку першапачатковага ўтварэння. Іншыя версіі адносна паходжання слав. слова не пераконваюць, хоць заслугоўвае ўвагі прыведзеная думка Матцэнаўэра, LF, 8, 170–171, аб магчымай суаднесенасці слав. слова са ст.-в.-ням.*scaltan ’штурхаць’, с.-в.-ням.schalten ’штурхаць, соваць’, ст.-в.-ням.scelten ’сварыць, ганіць’ (калі дапускаць тут s‑mobile).