скі́віца, ‑ы, ж.

1. Кожная з дзвюх костак твару, у якіх умацаваны зубы. Васіль апусціў вочы, старанна запрацаваў сківіцамі, перажоўваючы хлеб. Шамякін. Мікульскі сціснуў сківіцы, каб не застагнаць. Місько. // Верхняя або ніжняя частка твару ці морды, дзе знаходзіцца гэтая косць. Асноўнай зброяй шчупакоў з’яўляюцца вострыя і шматлікія зубы-іклы, якімі літаральна ўсеяны іх ніжнія сківіцы. Матрунёнак. Цялушка, чакаючы, каб яе пачухалі пад сківіцаю, трасе галавою і выцягвае морду. Колас. // Пра шчаку наогул. [Павел] ляжыць ніцма пад ядлоўцавым кустом і, абапёршыся валасатымі сківіцамі на рукі, глядзіць у зямлю. Кулакоўскі.

2. Пласцінка з штучнымі зубамі, зубны пратэз. Камандзір, не вітаючыся, хутка падышоў да мяне і, злосна агледзеўшы з галавы да ног, гаркнуў так, што ледзь не вывалілася ўстаўная верхняя сківіца зубоў. Гурскі. // перан. Дэталь механізма, якая служыць для захоплівання або раздрабнення чаго‑н. Каля Дома афіцэраў два магутныя экскаватары выгрызалі сваімі стальнымі сківіцамі гару. Паслядовіч. Мы спыняемся перад машынай з магутнымі сківіцамі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урачы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да урачыстасці (у 2 знач.), звязаны з урачыстасцямі; святочны. Урачысты дзень. Урачысты нарад войск. Урачыстае шэсце. Урачыстае пасяджэнне Мінскага Савета народных дэпутатаў.

2. Важны, знамянальны. Нібы шануючы ўрачыстую хвіліну развітання, людзі пайшлі маўклівыя, засяроджаныя. Лынькоў.

3. Які вызначаецца велічнасцю, выклікае ўзвышаныя пачуцці. Дзесьці заспявалі ў начы званы. Урачыстыя і трывожныя плылі галасы іхнія. Галавач. Адразу за агародам бор, гонкія ўрачыстыя сосны. Навуменка. Колькі ўрачыстага хараства тоіць ціхая летняя ноч! Дуброўскі. // Прыўзняты, патэтычны. Карніцкі пацалаваўся з дзецьмі, прамовіў ўрачыстым голасам: — Абвяшчаецца пасадка на самалёт «Партызанскі край — Вялікая зямля». Паслядовіч. // Які знаходзіцца ў прыўзнятым стане; стрыманы, строгі. Сход пачаўся а сёмай гадзіне. Нашы ўсе прыйшлі нейкія ўрачыстыя, апранутыя ў найлепшае адзенне. Сабаленка. Быў.. [начальнік цэха] урачысты, падцягнуты і крыху бледны. Карпаў.

4. Надзвычай сур’ёзны па сваёй важнасці, па свайму зместу. Урачыстая клятва. Урачыстае абяцанне. □ Запанавала напружаная цішыня, якую парушалі толькі ўрачыстыя словы прысягі. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Спец. Які мае адносіны да ходу (у 1 знач.); звязаны з рухам, перамяшчэннем. Хадавая сістэма аўтамабіля. □ Такую машыну Дзмітрый вёў упершыню. І ўжо на першых кіламетрах ацаніў яе хадавыя якасці. Беразняк. // Патрэбны для праходжання якой‑н. адлегласці (пра час). Хадавыя гадзіны карабля. // Звязаны з кіраваннем судна ў час яго руху. Хадавая рубка. Хадавы мосцік.

2. Які знаходзіцца на хаду, у эксплуатацыі. Хадавы транспарт. Хадавыя машыны.

3. Спец. Рухомы, не замацаваны ў пэўным месцы. Хадавы вал. Хадавое крыло невада.

4. Разм. Які мае вялікі попыт. Хадавы тавар. Хадавыя размеры абутку. // Шырока вядомы, пашыраны; які часта выкарыстоўваецца. Хадавая тэма. Хадавыя выразы. □ У крытыцы ёсць некалькі хадавых схем, якія лёгка прыкладаюцца да пейзажу любога твора. Шкраба.

5. Разм. Які многа дзе бываў, ведае справу. [Андрэй:] — Агапа жанчына хадавая, трэба ў яе запытаць. Чарнышэвіч.

6. Спец. Звязаны з перамяшчэннем у пэўны перыяд у пэўным кірунку. Хадавая рыба. Хадавы алень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хме́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; захмялелы, нецвярозы. Грукоча машына. Маўчы, качагар, і пылам вугольным давіся!.. Хай з топкі тваёй не праб’ецца ўгар да містэраў хмельных і місіс. Дудар. // Уласцівы захмялеламу, нецвярозаму. Вочы [Тосі] паліліся калючым бляскам і хмельнай лянівасцю. Адамчык. // Такі, у якім удзельнічаюць нецвярозыя. Там [на банкеце] віно шуміць і льецца, Мова хмельная вядзецца. Колас.

2. Які выклікае ап’яненне. Наліліся хмельным сокам Гронкі [вінаграду] буйныя, даспелі. Жычка. Заморскія віны, мясцовая медавуха, гарэлка і хмельнае піва ліліся ракой. П. Ткачоў. / у знач. наз. хме́льнае, ‑ага, н. У меру выпітае хмельнае як бы выраўноўвае, падводзіць пад адно ўсе настроі. Сабаленка. // перан. Які прыводзіць да ўзбуджэння, самазабыцця. Любыя, мілыя ліпы — Радасць квяцістых нізін! Водару хмельнага выпіў Ваш непакорлівы сын. Пушча. Ты пакліч мяне. Пазаві. Там заблудзімся ў хмельных травах. Янішчыц. Хмельная трэль салаўя ціха струменіць здалёку. Машара.

3. перан. Узбуджаны чым‑н. У прыцемку хмельны ад шчасця хлопец сустрэў.. хвалюючую цеплыню [Любы]. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пе́рак, пе́ракам ’поперак, упоперак’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк., ушац., Нар. лекс.; Варл.), ’кароткая папярочная баразна’ (докш., Сл. ПЗБ), ’папярочны загон’ (ЛА, 2), смал. пе́рек ’упоперак’; укр. пере́ка ’супрацьдзеянне, супярэчанне’, рус. по‑перёк ’упоперак’, польск. w przek, w przeki, na przek(i) ’упоперак, наадварот, наперакор’, ст.-польск. przek(o) ’поперак’, н.-луж. prjeki ’поперак, наўскос’, в.-луж. prěki ’поперак’, prěčić ’перасякаць; супярэчыць, супраціўляцца’, палаб. pritʼai, pritʼě ’праз, звыш; па той бок’, ст.-чэш. na‑přiek(y), чэш. na‑přík ’насупраць, у параўнай з. насуперак’, na‑příč ’праз, па той бок; поперак’, славац. na‑priеку, na‑priek ’нягледзячы на’, славен. prẹ̑k ’рэзкі, грубы, жорсткі; які супраціўляецца; касы, які стаіць упоперак’, prȇ̥ko, prę̑k, priek, prȇ̥čki ’тс’, vprẹ̑k ’нягледзячы; праз; супраць’, prȇ̥k ’горды чалавек’, серб.-харв. пре̂к, харв. prȉjek ’папярочны; просты, самы кароткі, запальчывы, круты, неадкладны, неабходны’, пре̂ко ’насупраць, па той бок; упоперак, раптоўна, рэзка; празмерна’, чак. priko ’тс’, макед. прек ’папярочны; неадкладны, круты’, балг. пряк. мн. л. пре́ки ’прамы, непасрэдны’, ст.-слав. въпрѣкы глаголати ’супярэчыць’, ц.-слав. прѣкъ ’папярочны; які ляжыць упоперак’, прѣко, прѣкы ’насуперак; супраць; праз’. Прасл. *perkъ ’папярочны, які знаходзіцца на супраць’ (перайшло ў прыслоўе, прыназоўнік *perko/*perkъ/*perky і ў адназоўнікавы дзеяслоў *perčiti ’пярэчыць’) — утварэнне з суф. *‑kǒ (> *‑kъ) ад прыслоўя *per‑ ’праз’ (Мее, Études, 329; Фасмер, 3, 238: Копечны, 1, 129 і 173; Махэк₂, 492; Бязлай, 3, 110–111).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свой 1 займ. ‘які належыць сабе, уласцівы сабе, мае адносіны да сябе, уласны’, ‘які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. свій, рус. свой, польск. swój, в.-луж., н.-луж. swój, чэш. svůj, славац. svoj, серб.-харв. сво̑ј, славен. svoj, балг. свой, макед. свој, ст.-слав. свои. Прасл. *svojь ‘свой’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. swais, swaia ‘свой’, літ. sãvas, лат. savs ‘тс’, ст.-в.-ням. swîo, geswîo ‘брат жонкі, цесць, сваяк’ < *svei̯o‑, ст.-інд. svás ‘уласны’, авест. xva‑, hva‑, ст.-перс. uva‑ ‘тс’, грэч. έ ‘сябе’, гоц. swes ‘уласны’, ст.-лац. sovos, лац. suus ‘тс’; гл. Траўтман, 251 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 792; Майргофер, 3, 566. Да і.-е. *su̯o‑ ‘свой’; гл. Борысь, 590; Сной₁, 625; агляд літ-ры гл. Фасмер, 3, 583; Шаўр, Etymologie, 38–39. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1392–1393; БЕР, 6, 562–563. Параўн. таксама формы без ‑в‑: ст.-слав. себе (гл. сябе).

Свой 2 ‘скрутак, трубка выбеленага палатна’ (Сцяшк., Жд. 2, Сержп., З нар. сл.; браг., Нар. сл., ТС, Ян., Мат. Гом., Скарбы), сво́ец ‘тс’ (гарад., Сл. ПЗБ), ‘мера самаробнай тканіны’ (Інстр. 3), свуй ‘трубка палатна’ (стол., Нар. лекс.). Ад *свіць ‘звіць’ < віць; відаць, паходзіць з гаворак, дзе прыстаўка с‑ не пераходзіць у з‑. Параўн. сувой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скро́мны ‘неганарысты’, ‘стрыманы, умераны, сціплы’ (ТСБМ), ‘скнарлівы’ (навагр., З нар. сл.), скрамі́ць ‘заспакойваць’ (Нас.), скрэ́мнічаць ‘быць сціплым’ (Ян.). Паходжанне слова не вызначанае. Як мяркуе Крукоўскі (Уплыў, 74), з рус. скро́мный, аднак у рускай мове слова фіксуецца адносна позна і лічыцца паланізмам (Брукнер, 496; Віткоўскі, Słownik 174 і інш.). Паводле Тапарова (Этимология–1994–1996, 158), значэнне слова можа трактавацца падвойным чынам — як ‘той, хто трымаецца ў пэўных рамках’ і ‘той, хто трымаецца з краю’, г. зн. знае сваё месца і не прэтэндуе на большае. У залежнасці ад гэтага прасл. *skromьnъ, рэфлексы якога яшчэ ў польск. дыял. skromny ‘скупы’, каш. skromn ‘скупы; бедны, худы’, в.-луж. skromny ‘тс’, чэш. skromný, славен. skrómen, серб.-харв. скроман (< з чэш., Скок 3, 271), балг. скром ‘тс’, скро́мен ‘тс’, выводзіцца ад кораня *krom‑, параўн. рус. кро́мы ‘кросны; рама ў кроснах’, першапачаткова ‘той, хто трымаецца ў рамках’; гл. Сабалеўскі, РФВ, 70, 87; Фасмер, 3, 658; Бернекер, 1, 622. Аднак больш прымальным падаецца другое значэнне, захаванае ў рус. кро́мы ‘ўскраіна’, в.-луж. skromny, přikromny ‘які знаходзіцца з краю, крайні’, што дазваляе звязаць слова з скроміць, кром 1 (гл.). Урбанчык (JP, 26, 6 і наст.) рускае слова лічыць запазычаннем з польск. skromny; ён мяркуе, што польскае з ст.-чэш. skrovný ‘тс’, якое да крыць (гл.), што адмаўляюць Басай і Сяткоўскі (Słownik, 317). Гл. таксама Глухак, 555 (першасна адносілася да жывёлы, якую вылегчалі, абрэзалі, “скрамілі”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядзе́ць ’займаць сядзячае становішча’, ’знаходзіцца, праводзіць час’, ’быць у зняволенні’, ’размяшчацца дзе-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк., Ласт., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’кватараваць’ (узд., Жд. 1), седе́ті ’сяліцца, жыць’ (пін., З нар. сл.), ст.-бел. сѣдѣти, седѣти, седети ’тс’ (Альтбаўэр), сѣдѣти, седети ’пасяляцца, жыць, пражываць’, ’валодаць выдзеленым надзелам зямлі’ (Статут 1529 г., гл. Мацкевіч, Грынавецкене, ЖНС, 206 і наст.). Укр. сиді́ти, рус. сиде́ть, польск. siedzieć, в.-луж. sedźeć, н.-луж. sejźeś, чэш. sedět, славац. sedieť, серб.-харв. дыял. сјѐдити, славен. sẹdéti, балг. седя́, макед. седи. Прасл. *sěděti, *sědi̯ǫ адпавядае літ. sėdė́t, лат. sêdêr, гоц. sitan, ст.-ісл. sitja ’сядзець; жыць’; балта-славянскія формы з доўгім галосным у корані адпавядаюць гоц. прош. часу sētun < і.-е. *sēd‑, параўн. яшчэ ст.-інд. sídati ’ён сядзіць’, лац. sīdō ’саджуся’, якія ўзыходзяць да рэдуплікаванага *sizd‑ (Вальдэ-Гофман, 2, 509). Чэшскія і лужыцкія формы (без даўгаты) адпавядаюць лац. sedēre ’сядзець’ (Шустар-Шэўц, 1280). Фартунатаў (KZ, 36, 50) рускае і ўкраінскае *сидѣти < *sěděti тлумачыць як вынік асіміляцыі ў 2‑й і 3‑й ас. адз. л.: *sědiši, *sěditъ; у беларускіх формах Карскі (1, 226) бачыць захаванне старога стану. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 618; Бязлай, 3, 222; Махэк₂, 539; Борысь, 545–546; ЕСУМ, 5, 226–227; Шаўр, Studia Etym. Brun., 3, 367 (скарачэнне праславянскай даўгаты лічыць другаснай з’явай з мэтай пазбыцца аманіміі з адпрыметнікавым дзеясловам ад *sěd‑ ’сівы’). Гл. сесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тушы́ць 1 ‘гасіць, спыняць гарэнне’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Яруш., Сержп. Прымхі, ТС, Юрч. Сін., Вруб.): pierunovy ahoń hrech tuszyć (Пятк. 2), перан. ‘спыняць, заглушаць, не даваць развівацца’ (ТСБМ). Параўн. укр. туши́ти ‘гасіць, супакойваць’, рус. туши́ть ‘тс’, стараж.-рус. утушити ‘задушыць’. Прасл. *tušiti ‘тушыць, супакойваць, рабіць ціхім’ — каўзатыўны дзеяслоў у адносінах да *tuxnǫti (гл. тухнуць 1), з якім знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі (Борысь, 655), роднасны ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, літ. tausýtis ‘сціхнуць (пра вецер)’, ст.-інд. tosáyati ‘супакойвае’, што да < і.-е. *tou̯s‑ ‘ціхі, мірны’ (Скок, 3, 528; Фасмер, 4, 128; ЕСУМ, 5, 687). Сюды ж адносіцца запазычанае са ст.-польск. tuszyć ‘спадзявацца, мець надзею’ ст.-бел. тушити, тушыти ‘тс’ (1577 г., ГСБМ) з развіццём значэння ад ‘супакойвацца, суцішацца’ да ‘спадзявацца’ (Борысь, 655; ЕСУМ, 5, 689), што можа лічыцца семантычнай інавацыяй часткі іранска-праславянскага моўнага арэала (Трубачоў, Труды, 2, 83).

Тушы́ць 2 ‘варыць на малым агні ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., ТС, Касп.). Укр. дыял. туши́ть ‘тс’, рус. туши́ть ‘тс’, польск. дыял. túszyć, побач з tusić, dusić ‘тс’, харв. túšiti, балг. задуша̀вам ‘тс’. Гістарычна фармальна ідэнтычнае прасл. *tušiti (гл. тушыць 1); варыянтнасць асновы слова ў розных славянскіх мовах тлумачыцца кантамінацыяй ці застаецца няяснай (Скок, 3, 528; Слаўскі, 1, 180; Махэк₂, 135).

Тушы́ць 3 ‘рабіць тухлым’, тушы́цца ‘рабіцца тухлым’ (Юрч. СНЛ). Да ту́хлы (гл.) з чаргаваннем х > ш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я. Займае цэнтр. і ўсх. ч. Віцебскага і паўн. ч. Лёзненскага р-наў Віцебскай вобл., на У заходзіць на тэр. Смаленскай вобл. Расіі. Мяжуе з Лучоскай нізінай на Пд, Чашніцкай раўнінай на ПдЗ, Полацкай нізінай на З, Гарадоцкім узв. на ПнЗ і Суражскай нізінай на ПнУ. Працягнулася з З на У на 65 км, з Пн на Пд на 40 км. Самае высокае ў Бел. Паазер’і ўзвышша, пераважаюць выш. больш за 200 м, найбольшая 296 м (Гаршэва гара). Пл. Віцебскага ўзвышша больш за 1900 км².

Прымеркавана да Віцебскай мульды Аршанскай упадзіны. Паверхня адкладаў платформавага чахла ўтварае высокае (120—140 м над узр. м) моцна расчлянёнае плато, складзенае з даламітаў, вапнякоў і глін верхняга дэвону, даламіты ўтвараюць Віцебскія парогі на р. Зах. Дзвіна, на Рубскім выступе залягаюць блізка каля зямной паверхні. Тоўшчу антрапагену магутнасцю каля 60 м складаюць 5—6 ледавіковых комплексаў, у якіх пераважаюць марэнныя суглінкі, супескі і міжледавіковыя ўтварэнні (торф, азёрныя і алювіяльныя суглінкі, супескі і пяскі). Асн рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў Віцебскую фазу адступання паазерскага зледзянення. Карысныя выкапні: даламіт (радовішча Гралева), легкаплаўкія і цэментныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф.

Паверхня складзена з чырвона-бурых марэнных суглінкаў і супескаў з валунамі, месцамі перакрытых лёсападобнымі пародамі. У рэльефе вылучаюцца 2 ч.: астраўныя, лёдападзельны масіў на ПнЗ і ў цэнтры, і краявыя ледавіковыя ўтварэнні на Пд. Лёдападзельны масіў мае форму кліна з вяршыняй на Пн, характарызуецца буйна- і сярэднеўзгорыстым рэльефам з адноснымі перавышэннямі да 30 м і больш. Паверхня парэзана ярамі і лагчынамі. Паўн. схіл стромкі, паўд. больш спадзісты. На Пд Віцебскага ўзвышша выразны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф, выш. якога да 180 м над узр. м., адносныя перавышэнні 10—15 м. Пашыраны камы, камавыя тэрасы на бартах лагчын, далінныя зандры, трапляюцца озы, суфазійныя западзіны. У межах Віцебскага ўзвышша знаходзіцца тыповае агаленне мікулінскага міжледавікоўя (Смаленская вобл.). Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Рачная сетка належыць да бас. р. Зах. Дзвіна. Віцебскае ўзвышша дрэніруюць рэкі Віцьба, Лучоса (у ніжнім цячэнні) і яе прытокі Ласасіна і Чарніца, а таксама Вымнянка і Рутавеч — прытокі Касплі. Найб. азёры Вымна, Янавіцкае. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя, месцамі завалуненыя, і тарфяна-балотныя. Пад ворывам 35%, пад лесам 16% тэрыторыі. Захаваліся шыракаліста-яловыя, хваёва-яловыя, яловыя лясы, пашыраны другасныя шэраалешнікі, асінавыя і бярозавыя лясы. Лугі злакава-сухадольныя і злакава-нізінныя. На пераходных балотах і ўскраінах вярховых — карэнныя пушыстабярозавыя і хваёва-пушыстабярозавыя лясы, на нізінных — чорнаалешнікі.

А.​Ф.​Санько.

Віцебскае ўзвышша каля в. Веляшковічы Лёзненскага раёна Віцебскай вобл.

т. 4, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)