хмельны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; захмялелы, нецвярозы. Грукоча машына. Маўчы, качагар, і пылам вугольным давіся!.. Хай з топкі тваёй не праб’ецца ўгар да містэраў хмельных і місіс. Дудар. // Уласцівы захмялеламу, нецвярозаму. Вочы [Тосі] паліліся калючым бляскам і хмельнай лянівасцю. Адамчык. // Такі, у якім удзельнічаюць нецвярозыя. Там [на банкеце] віно шуміць і льецца, Мова хмельная вядзецца. Колас.

2. Які выклікае ап’яненне. Наліліся хмельным сокам Гронкі [вінаграду] буйныя, даспелі. Жычка. Заморскія віны, мясцовая медавуха, гарэлка і хмельнае піва ліліся ракой. П. Ткачоў. / у знач. наз. хмельнае, ‑ага, н. У меру выпітае хмельнае як бы выраўноўвае, падводзіць пад адно ўсе настроі. Сабаленка. // перан. Які прыводзіць да ўзбуджэння, самазабыцця. Любыя, мілыя ліпы — Радасць квяцістых нізін! Водару хмельнага выпіў Ваш непакорлівы сын. Пушча. Ты пакліч мяне. Пазаві. Там заблудзімся ў хмельных травах. Янішчыц. Хмельная трэль салаўя ціха струменіць здалёку. Машара.

3. перан. Узбуджаны чым‑н. У прыцемку хмельны ад шчасця хлопец сустрэў.. хвалюючую цеплыню [Любы]. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)