МІЛАНЕ́Г Пётр, бел. дойлід 12 ст. Прадстаўнік Гродзенскай школы дойлідства. Ім узведзены шэраг манум. будынкаў у Гродне (верагодна, Ніжняя, Барысаглебская і Прачысценская цэрквы, княжацкія палаты і мураваныя абарончыя сцены). У пач. 12 ст. быў асабістым дойлідам кіеўскага кн. Рурыка. Яго прозвішча зафіксавана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1119 пры сведчанні пра ўзвядзенне ў Выдубіцкім манастыры пад Кіевам мураванай падпорнай сценкі з боку р. Дняпро (адначасова з’яўлялася агляднай пляцоўкай). На заказ князя М. пабудаваў цэрквы св. Васіля ў Оўручы, св. Апосталаў у Белгарадзе і Пятніцкую ў Чарнігаве. У гэтых помніках відавочны традыцыі гродзенскай архітэктуры, што дазваляе даследчыкам меркаваць пра аўтарства М.: у сцены ўмураваны каляровыя шліфаваныя камяні і паліваныя керамічныя пліткі, скошаныя вонкавыя вуглы, аналагічныя падпорныя і аглядныя сцены Выдубіцкага манастыра і на мысе Гродзенскага дзядзінца.
Літ.:
Рапапорт П. Пётр Міланег — гродзенскі дойлід XII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 4.
т. 10, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НСКІЯ,
род татарскіх царэвічаў у ВКЛ. Паходзілі ад царэвіча Енбек-салтана, сына Халек-салтана — пляменніка Шах-Ахмата, апошняга хана Вялікай (Заволжскай) Арды, які ў пач. 16 ст. ў якасці ганаровага палонніка знаходзіўся ў ВКЛ. Енбек-салтан упамінаецца ў попісе войска ВКЛ 1528. У 1542 Жыгімонт I Стары на просьбу «царэвіча Пунскага» аб маёнтку загадаў выдаваць яму штогод замест ранейшых 50 ужо 100 коп грошай. У гэты час Енбек-салтан з сям’ёй атрымаў землі ў Пунскай воласці каля Аліты і маёнтак Калдычэва ў Навагрудскім ваяв. Меў сыноў — Іслама, Цімура і Селіма, якія выкарыстоўвалі і княжацкі тытул. Як і царэвічы Астрынскія, П. не ўваходзілі ў склад татарскіх харугваў, а мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана. Унукі Енбек-салтана захавалі княжацкі тытул, а тытул царэвічаў П. ператварыўся ў прозвішча. У 18 ст. гэты род, верагодна, згас.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАМІ́НЫ, Рудаміны-Дусяцкія,
шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы») у ВКЛ. Родапачынальнік — віленскі купец Андрэй Мікалай, які ад вял. кн. ВКЛ Аляксандра [1492—1506] атрымаў землі ў Рудамінскай воласці (адсюль прозвішча) каля Вільні. Найб. вядомыя:
Мацей (?—1586) сын Андрэя Мікалая, віленскі райца і бурмістр. У 1576 атрымаў шляхецтва. Андрэй (каля 1595—3.9.1632), сын Яна. Езуіт, місіянер у Кітаі, аўтар рэліг. твораў на кітайскай мове. Ян (каля 1543—21.7.1621), сын Мацея, войскі браслаўскі з 1600. Збудаваў Камайскі касцёл. Я н (1581—9.2.1646), сын Яна, навагрудскі падваявода ў 1619—22, харунжы ў 1627—36, кашталян з 1636. Удзельнічаў у Хацінскай бітве 1621 з туркамі, якую апісаў у паэме. Пётр (?—1649), сын Яна, браслаўскі падстолі ў 1620—21, войскі ў 1621—29, харунжы ў 1624—39, кашталян дэрпцкі ў 1639—43 і смаленскі з 1643. Крыштоф (?—1655), сын Яна, маршалак браслаўскі ў 1630—45, кашталян полацкі ў 1645—54, ваявода мінскі з 1654.
т. 13, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мілёр ’вугаль для кузні’ (Ян.), мі́ляр ’доўгі капец дрэва, закрытага зямлёй, з якога выпальвалі дрэўны вугаль’ (усх.-палес., Лучыц-Федарэц), мазыр. мулёры ’печ, у якой выпальвалі дрэўны вугаль’ (Іванова, «Рэгіян. традыцыі ва ўсх.-слав. мовах…», Гомель, 1980). З польск. mielerz, milerz ’касцёр бярозавых дроў, які выпальвалі ў яме’ (> прозвішча Мележ). Параўн. таксама чэш., miliž, славац. mila (< ням. Meiler), якое з лац. mīliārium ’тысяча кавалкаў, напр., пален’ — адзінка ліку (Махэк₂, 363). Гл. таксама мы́ляр.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зу́ндаль ’маўклівы чалавек’ (Жд. 3), ’вялікі і лянівы чалавек’ (Касп.). Параўн. рус. перм. зе́ндель ’лянівы, маларухомы чалавек’. Рус. забайк. зундогло́, зунтогло́ ’брахун; цяльпук’ не сюды (СНРГ, 12, 24: з бурацк.). Параўн. прозвішча Зу́нда (ад апелятыва *зунда ’?’, Бірыла, Бел. антр., 2, 161). Няясна. Магчыма, з ням. Sünde, ідыш zind ’грэх’, Sünder, zindler ’грэшнік’. Параўн. яшчэ ням. Gesindel ’зброд’, ідыш іранічн. gezindl ’група людзей’, прычым трэба ўлічваць, што ў яўр. дыялектах значныя хістанні галосных.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
успо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што, пра каго-што і з дадан. сказам.
Аднавіць у памяці, прыпомніць. Жанчына раптам успомніла ўчарашні дзень, і сэрца яе па-ўчарашняму заныла болем. Брыль. Міхась пачаў успамінаць, што ён чытаў пра партызан грамадзянскай вайны. Успомніў і пра дзеда Талаша. Якімовіч. Зося прыпамінала і ніяк не магла ўспомніць, дзе яна чула гэтае прозвішча. Хомчанка.
•••
Успомніш маё слова — збудзецца тое, аб чым гаворыцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́берман
(ням. Dobermann = прозвішча гадавальніка сабак)
тое, што і доберман-пінчэр.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
скэб
(англ. scab = кароста)
лаянкавае прозвішча штрэйкбрэхераў у ЗША і Англіі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Беке́ша (Нас.), таксама беке́ш (Сцяшк. МГ, Сакал.), біке́ш (Янк. Мат., Інстр. I), бікеша (Інстр. I). Запазычанне з польск. bekiesza (а гэта з bekieszka; ад прозвішча Bekesz венгерскага караля С. Баторыя, гл. Кіт, ЭИРЯ, IV, 48 і далей). Варыянт беке́ш, біке́ш адлюстроўвае венг. форму bekes (< польск.). Гл. Фасмер, 1, 146; Кіт, там жа; Шанскі, 1, Б, 83. Аб гісторыі слова падрабязна (з літ-рай) гл. таксама MESz, 1, 271. Параўн. ст.-бел. бекешка (XVI ст., Булыка, Запазыч.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЕРАНІ́ЦЫН (Канстанцін Васілевіч) (13.6.1834, в. Астраўляны Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 1904),
адзін з удзельнікаў літ. жыцця на Беларусі ў сярэдзіне 19 ст.; магчымы аўтар паэмы «Тарас на Парнасе». Паходзіў з прыгонных. У 1845 атрымаў вольную. У 1851 узяў прозвішча Вераніцын (першапачатковае — Васільеў). Вучыўся ў Віцебскай губ. гімназіі (1845—52), Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (1852—54). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1859). У 1863—74 і з 1880 жыў і працаваў у Пецярбургу, у 1874—79 працаваў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У рукапісных сшытках фалькл. і літ. твораў А.Рыпінскага Вераніцыну прыпісваюцца паэмы «Тарас на Парнасе» (тэкст з паметай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і «Два д’яблы» (з паметай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасці і рэаліі несумненна сведчаць пра сувязь апошняга твора з Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства належыць адной і той жа асобе. Іншых матэрыялаў пра літ. дзейнасць Вераніцына не выяўлена.
Літ.:
Кісялёў Г. На арбіце пошуку // Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)