ТЭ́РМІН (ад лац. terminus канец, мяжа),

слова або словазлучэнне з дакладным значэннем (дэфініцыяй), што служыць для выражэння пэўнага паняцця у навуцы, тэхніцы або мастацтве. Т. павінен задавальняць патрабаванне сцісласці і адпавядаць зместу паняцця, якое выражае.

У адрозненне ад агульнаўжывальных слоў, часта шматзначных, Т., як правіла, адназначныя, пазбаўлены пераносных і эмацыянальна-ацэначных значэнняў. Выпадкі шматзначных і сінанімічных Т. адлюстроўваюць рэальныя ўмовы функцыянавання асобных з іх (нац. Т. і запазычаны, Т. ад прозвішча і змястоўны, Т. розных школ і кірункаў і інш.), а таксама ступень распрацаванасці пэўнай галіны ведаў і ўнармаванасць адпаведнай тэрміналогіі. Т. пазбаўлены ўласна моўных форм развіцця: абмежаваны з боку марфал. форм памяншальных, павелічальных утварэнняў і інш., а таксама з боку спалучальнасці (многія выступаюць толькі ў тэрміналагічных словазлучэннях — «конская сіла», «белы верш», «элементарная часціца», — якія з’яўляюцца адзінай, асобнай, самастойнай адзінкай наймення). Сферай выкарыстання Т. з’яўляецца навуковы стыль.

Л.​А.​Антанюк.

т. 16, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)