А́ЎЭР (Леапольд Сямёнавіч) (7.6.1845, г. Веспрэм, Венгрыя — 15.4.1930),
скрыпач, педагог, дырыжор. У 1868—1917 жыў у Расіі, праф. Пецярбургскай кансерваторыі. З 1918 у ЗША: праф. Ін-та муз. мастацтва ў Нью-Йорку і Муз. ін-та Кёртыс у Філадэльфіі. Шмат канцэртаваў. Аўтар п’ес і транскрыпцый для скрыпкі з арк., рэдакцый шматлікіх скрыпічных твораў, тэарэт.прац. Сярод вучняў Я.Хейфец, Я.Цымбаліст, В.Гольдфельд.
Тв.:
Рус.пер. — Моя школа игры на скрипке;
Интерпретация произведений скрипичной классики. М., 1965.
Літ.:
Раабен Л. Л.С.Ауэр: Очерк жизни и деятельности. Л., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРО́БІКА,
праграма фіз. аздараўлення на аснове фіз. практыкаванняў пераважна цыклічнага характару (хадзьба, бег, плаванне і інш.). Распрацавана ў 1960-я г.амер. урачом К.Куперам. Выкананне гэтых практыкаванняў на працягу пэўнага часу спрыяе разгортванню і павелічэнню дыхальных (аэробных) магчымасцяў арганізма. Уздзеянне аэробікі на арганізм рэгулюецца працягласцю і інтэнсіўнасцю практыкаванняў. Існуюць спец. тэсты, табліцы нагрузак з улікам полу чалавека і яго ўзросту, падрыхтаванасці і гэтак далей Часам аэробіку атаясамліваюць з рытмічнай гімнастыкай.
Літ.:
Купер К. Аэробика для хорошего самочувствия: Пер. с англ. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1941, 1944—47 у Бабруйску. Маст. кіраўнікі: К.Стэцкі, М.Кавязін (з 1945). У рэпертуары былі: «Надзвычайны закон» бр. Тур і Л.Шэйніна, «Жыццё вучыць» В.Галаўчынера, «Лодачніца» М.Пагодзіна, «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага, «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона, «Лісічкі» Л.Хелман, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Рускае пытанне» К.Сіманава і інш. У 1947 пераведзены ў Гродна (гл.Гродзенскі абласны драматычны тэатр).
Літ.:
Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество: Исслед. Свидетельства. Воспоминания. Мн., 1990. С. 36—54.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Анатоль Васілевіч) (28.8.1888, в. Луначарскае Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 2.8.1969),
бел. і рус. мовазнавец. Скончыў Варшаўскі ун-т (1913). Настаўнічаў, з 1926 выкладаў бел. мову ў БДУ. Удзельнічаў у распрацоўцы бел. арфаграфіі (сакратар Арфаграфічнай камісіі, потым Камісіі бел.літ. мовы ў Інбелкульце). На пач. 1930-х г. звольнены з працы і пад пагрозай арышту ў 1934 пакінуў Беларусь. Працаваў у пед. ін-тах Расіі і Украіны. Аўтар падручніка «Беларуская мова» (1927), «Самавучыцеля па беларускай мове» (у рукапісе), артыкулаў па пытаннях бел. і рус. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Ангел Іванавіч) (2.10.1860, г. Гарадок Віцебскай вобласці — 24.3.1907),
расійскі паліт. дзеяч, публіцыст і літ. крытык. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це (1880—82) стаў удзельнікам нарадавольскага руху. Жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Пецярбургу. Адзін са стваральнікаў паліт. арг-цыі «Народнае права» (1893). Працаваў у рэдакцыях часопісаў «Русское богатство» (1893—94), «Мир Божий» (1894—1906). Пасля 1895 «легальны марксіст». Як крытык выступаў супраць «народніцкіх трафарэтаў» у літаратуры (ідэалізацыя вёскі, «мужыка») і інш. З 1906 рэдагаваў час. «Современный мир».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЕЛЬРО́Д (Зэлік Майсеевіч) (30.12.1904, г. Маладзечна — 26.6.1941),
яўр.паэт. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя Брусава (1922—25), скончыў Маскоўскі пед.ін-т (1928). З 1931 адказны сакратар час. «Штэрн» («Зорка»). У 1941 рэпрэсіраваны і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар паэт. зб-каў «Трапятанне» (1922), «Вершы» (1932), «Зноў вершы» (1935), «З вока на вока» (1937), «Чырвонаармейскія песні» (1939). Пераклаў на яўр. мову паэмы Я.Купалы «Бандароўна», П.Броўкі «Прамова фактамі», вершы Я.Купалы, А.Александровіча, Броўкі, М.Танка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЕЛЬРО́Д (літ.псеўд.Ортодокс) Любоў Ісакаўна
(1868 — 5.2.1946),
расійскі філосаф і літаратуразнавец. Скончыла Бернскі ун-т (1900). З 1884 удзельнічала ў рэв. руху. У 1887 эмігрыравала ў Францыю, з 1892 прыхільнік марксісцкай групы «Вызваленне працы», паслядоўніца Г.В.Пляханава. У 1903 прымкнула да меншавікоў. Супрацоўнічала ў час. «Заря», у газ. «Искра». У 1906 вярнулася ў Расію. Распрацоўвала пытанні эстэтыкі, гісторыі філасофіі і гіст. матэрыялізму. Аўтар прац «У абарону дыялектычнага матэрыялізму. Супраць схаластыкі» (1928), «Ідэалістычная дыялектыка Гегеля і матэрыялістычная дыялектыка Маркса» (1934) і інш. Даследавала пытанні сацыялогіі мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ РЭФАРМАЦЫ́ЙНЫХ СІНО́ДАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,
«Akta synodów różnoeierczych w Polsce», шматтомнае выданне крыніц па гісторыі Рэфармацыі ў Польшчы і ВКЛ. Выдаюцца з 1966 у Варшаве. Ахопліваюць перыяд з 1550 да канца 17 ст. Выкарыстаны ўсе кодэксы пратаколаў рэфармацыйных сінодаў, упамінанні пра сіноды ў старадруках, асобныя акты, карэспандэнцыі, рэляцыі на польск., лац., чэшскай мовах. Асвятляецца арганізац., царкоўнарэліг., ідэалаг. дзейнасць рэфармацыйных абшчын («Чэшскіх братоў», кальвіністаў, арыян), узаемаадносіны розных рэфармацыйных плыняў, палітыка вярх. улады ў адносінах да Рэфармацыі, удзел бел.-літ. дзеячаў у грамадска-паліт. жыцці Польшчы і ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАТО́НІКА (ад аліга... + грэч. tonos тон),
сістэма з малой колькасцю гукаў, дзе ўсе тоны функцыянальна раўнапраўныя. Для алігатонікі характэрныя сціслыя мелодыі-мадэлі (тэрцавыя, квартавыя), экспрэсіўная сіла якіх заснавана на прынцыпе раўназначнасці ўсіх выразных сродкаў (ладавых, рытмічных, інтанацыйных, тэмбравых). У муз. фальклоры беларусаў тыповая для стараж. песеннага пласта, асабліва для песень каляндарна-земляробчага цыкла.
Літ.:
Квитка К.В. Ладовые системы в музыке славян и соседних народов // Избр. тр.М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎ (Фёдар Якаўлевіч) (паміж 1753 і 1755, С.-Пецярбург — 23.11.1824),
рускі жывапісец. Скончыў Пецярбургскую АМ (1773), яе акадэмік з 1794. У 1773—77 удасканальваў майстэрства ў Венецыі, дзе пісаў пейзажы («Набярэжная Ск’явоні ў Венецыі», 1775, Нац.маст. музей Беларусі). Першы ў рус. жывапісе стварыў гар. пейзажы: «Выгляд Палацавай набярэжнай ад Петрапаўлаўскай крэпасці» (1800—02), «Красная плошча ў Маскве» (1801), «Від на горад Бахчысарай», «Плошча ў горадзе Мікалаеве» і інш.
Літ.:
Алексеев: Альбом / Авт.-сост. И.М.Жаркова. М., 1981.