Буч1 ’верша’ (БРС, Сцяшк. МГ), ’сець’ (Маш., 36), ’прылада, зробленая з дубцоў для лоўлі рыбы’ (КЭС, лаг.), ’сажалка, дзе можна лавіць рыбу’. Рус. дыял. (зах.) буч ’тс’, польск. дыял. bucz ’тс’. Звычайна лічыцца запазычаннем з літ. мовы (літ. bùčias, bùčius ’тс’ < лат. bucis ’кошык, сплецены з вербавых пруцікаў’; уласна літ. форма bukìs ’род рыбацкай сеці’, гл. Фрэнкель, 61), параўн. яшчэ Варш. сл., 1, 225. Падрабязна аб усёй праблематыцы Урбуціс, Baltistica, V (1), 51–52.

Буч2 ’пасудзіна з саломы, шытая дубцамі, для мукі’ (КЭС, лаг., Янк. Мат.). Можна меркаваць, што слова таго ж паходжання, што і буч1 ’верша (плеценая карзіна)’. Так Урбуціс, Baltistica, V (1), 51–52. Наўрад ці можна думаць пра іншае паходжанне слова (напр., пра запазычанне з с.-в.-ням. butschen ’бочка для засолкі’ або пра сувязь з укр. бу́ша ’цыліндрычная пасудзіна для салення рыбы’ < ням.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)