гістрыён

(лац. histrio, -onis = акцёр)

1) вандроўны камедыянт у Стараж. Рыме;

2) вандроўны спявак, музыкант, акцёр, акрабат у сярэдневяковай Еўропе (параўн. жанглёр 1, шпільман).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

віртуо́з

(іт. virtuoso = умелы, майстэрскі)

1) музыкант, які дасканала валодае тэхнікай ігры на інструменце;

2) перан. чалавек, які дасягнуў у працы вышэйшай ступені майстэрства.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тапёр

(фр. tapeur, ад taper = стукаць)

музыкант, які іграў за грошы на танцавальных вечарах, а таксама піяніст, які суправаджаў сваёй ігрой дэманстрацыю нямых кінафільмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГІЛЬДЗЮ́К (Юрый Мікалаевіч) (н. 15.5.1948 г. Гродна),

бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1971, клас І.​Цвятаевай). Удасканальваўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1973). У 1973—78 выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры бел. кансерваторыі. З 1978 заг. кафедры, з 1991 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. З 1983 маст. кіраўнік Бел. філармоніі. Музыкант яркай індывідуальнасці, тонкі інтэрпрэтатар музыкі розных стыляў, гастраліруе як саліст і выканаўца камернай музыкі на Беларусі і за яе межамі, а таксама ў ансамблях з вядомымі інструменталістамі, опернымі і камернымі спевакамі. У рэпертуары творы бел. кампазітараў (Л.​Абеліёвіча, А.​Багатырова, Я.​Глебава, У.​Дамарацкага і інш.), зах.-еўрап. і рус. класічная і сучасная музыка. Сярод вучняў: А.​Сікорскі, В.​Бельцюкова, Н.​Венская і інш. Адзін з заснавальнікаў і арганізатараў міжнар. муз. фестываляў («Беларуская музычная восень», «Мінская вясна»), конкурсаў музыкантаў-выканаўцаў.

В.​П.​Савіцкая.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯ́ГА ((Neaga) Штэфан) (Сцяпан Цімафеевіч; 7.12.1900, Кішынёў — 30.5.1951),

малдаўскі кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік малд. сімфанізму. Засл. дз. маст. Малдовы (1943). Скончыў Акадэмію музыкі і драм. мастацтва ў Бухарэсце па класах фп. (1927) і кампазіцыі (1940). З 1947 дырыжор сімф. аркестра Малд. філармоніі. Выкладаў у Кішынёўскай (1940—50, з перапынкам) і Маскоўскай (1942—44) кансерваторыях. Аўтар музыкі (з Э.​Лазаравым) дзярж. гімна Малд. ССР (1945). Сярод твораў: араторыя «Песня адраджэння» (1951), кантаты «Штэфан Вялікі» (1946), «Бесарабцы» (1947) і інш.; 2 сімфоніі (1922, 1926), паэмы «Сляпы музыкант» (1940), «Паэма пра Днестр» (1943), сюіта «Малдавія» (1942) для сімф. арк.; канцэрт для скрыпкі (1944), «Дойна» для габоя (1940) з арк.; «Малдаўская фантазія»; камерна-інстр. ансамблі, творы для фп., хары, рамансы і песні, апрацоўкі малд. нар. песень, музыка да драм. спектакляў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛІК (Леў Давыдавіч) (16.2.1929, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 11.4.1996),

бел. скрыпач, педагог. Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1952, класы А.Амітона, А.Бяссмертнага). З 1945 артыст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, з 1956 канцэртмайстар аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1952 выкладаў у спец. муз. школе пры кансерваторыі, у 1960—77 у Мінскім муз. вучылішчы, з 1981 у Бел. кансерваторыі (з 1992 Бел. акадэмія музыкі; з 1993 дацэнт). Музыкант яркай індывідуальнасці, вял. тэхн. магчымасцей, здольны да тонкага пранікнення ў стыль і характар музыкі. Выступаў у канцэртах як саліст і ансамбліст. Першы выканаўца большасці твораў бел. скрыпічнай музыкі, у т. л. фантазій для скрыпкі з аркестрам М.​Аладава, Г.​Вагнера, канцэртаў П.​Падкавырава, Р.​Суруса, Г.​Гарэлавай, канцэрціна Дз.​Смольскага, санат А.​Багатырова, Падкавырава, Л.​Абеліёвіча, Э.​Тырманд, прысвечанай яму «Паэмы» для скрыпкі і фп. Вагнера і інш.

І.​І.​Зубрыч.

Л.Д.Гарэлік.

т. 5, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РКУРЫ, Мерк’юры (Mercury) Фрэдзі

[сапр. Балдасар (Baldassar) Фарух; паводле інш. звестак Балсара (Bulsara) Фрэдэрык; 5.9.1946, в-аў Занзібар, Танзанія — 24.11.1991],

англійскі рок-музыкант, кампазітар, спявак. З 1969 у Лондане, скончыў мастацкі каледж. Яго творчая індывідуальнасць фарміравалася пад уплывам зараастрызму. З 1970 саліст рок-групы «Смайлз», перайменаванай у 1971 у «Куін». Садзейнічаў развіццю рок-музыкі (пераважна меладычнага стылю). Валодаў голасам прыгожага тэмбру, вак. майстэрствам (выступаў з М.Кабалье). Яго кампазіцыі вылучаюцца маштабнасцю, маляўнічымі аранжыроўкамі, прыгажосцю вак. шматгалосся; у іх відавочны ўплыў класічнай музыкі. Удзельнічаў у запісах 24 альбомаў (часткова ў відэаверсіях), у т. л. аднаго з узораў сусв. рок-музыкі «Ноч у Оперы» (1975), дзе канчаткова акрэсліўся стыль групы — сінтэз рок-музыкі і оперы. Сусв. вядомасць набыла песня «Багемская рапсодыя», відэаверсія якой паклала пачатак мастацтву відэакліпа. Паводле волі М. правы на «Багемскую рапсодыю» перададзены фонду барацьбы са СНІД.

Літ.:

Скай Р. Фредди Меркьюри: Пер. с англ. М., 1993.

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДА́Р,

народны музыкант, які іграў на дудзе. Д. вядомы на Беларусі з 16 ст. на тэр. Віцебскай, частцы Віленскай і некат. паўн.-зах. паветаў Мінскай губерняў. Былі прыкметнай з’явай у бел. нар. муз. культуры, адыгрывалі важную ролю ў побыце бел. вёскі, удзельнічалі ў каляндарных і сямейных святах. Асабліва жаданым Д. быў на вяселлі: суправаджаў маладых да вянца, іграў танцы, падыгрываў песні і прыпеўкі. Д. іграў у корчмах, на ігрышчах, кірмашах, хадзіў з валачобнікамі і каляднікамі, акампаніраваў у час паказаў батлейкі. Паводле звестак бел. этнографаў М.​Нікіфароўскага, П.​Шэйна, Е.​Раманава Д. амаль зніклі ў канцы 19 ст., саступіўшы месца гарманісту. Пазней Д. часам называлі прафесіянала, які іграў на дудцы або жалейцы. Д. — І.​Гвоздзь з Ушацкага р-на — выступаў у Полацку ў 1951.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. [Ч.] 2. Дудар и Музыка // Этнографическое обозрение. 1892. Кн. 13—14, № 2—3;

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 8. Вильна, 1912.

М.​Я.​Грынблат.

т. 6, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭВЕ́РДЗІ ((Monteverdi) Клаўдзіо Джавані Антоніо) (хрышчаны 15.5.1567, г. Крэмона, Італія — 29.11.1643),

італьянскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых класікаў оперы. З 1590 чл. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. З 1590 служыў пры двары герцага Мантуанскага. З 1613 капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. Адзін з арганізатараў першага публічнага опернага т-ра (Венецыя). Апіраючыся на прынцыпы фларэнтыйскай камераты, заклаў традыцыі опернай венецыянскай школы. Ператварыў оперу ў муз. драму, развіў оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, арк. інтэрмедыя), увёў у оперу уверцюру, стварыў розныя тыпы рэчытатыву, узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі. Як музыкант-віртуоз выкарыстаў новыя выканальніцкія прыёмы. Стваральнік т.зв. ўсхваляванага стылю, дасягнуў гранічнай драматызацыі мадрыгала, ператварыўшы яго ў драм. сцэну. Аўтар 8 опер, з якіх цалкам захаваліся «Арфей» (паст. 1607), «Вяртанне Уліса на радзіму» (паст. 1640), «Каранацыя Папеі» (паст. 1642) — узоры эмацыянальна-псіхал. напружанай канфліктнай драматургіі. Сярод інш. твораў балет, хар. канцэрты, месы, матэты, каля 150 свецкіх і духоўных мадрыгалаў.

Літ.:

Конен В. Клаудио Монтеверди, 1567—1643. М., 1971.

К.Мантэвердзі. Партрэт работы невядомага мастака.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАКІ́ (Абу Абдалах) (Абуль Хасан) Джафар (каля 860, Панджуруд, Таджыкістан — 941),

таджыкскі і персідскі паэт; заснавальнік паэзіі на мове фарсі. Паводле падання, быў аслеплены. Атрымаў схаласт. адукацыю, ведаў араб. мову. Праславіўся як спявак і музыкант-рапсод, магчыма, і як аўтар. Больш за 40 гадоў узначальваў плеяду паэтаў пры двары правіцеляў Бухары. Перад смерцю зазнаў ганенне, памёр у галечы. Дайшло каля тысячы яго двухрадкоўяў, цалкам — касыда «Маці віна» (933), аўтабіягр. «Ода на старасць» і каля 40 чатырохрадкоўяў (рубаі). Аўтар панегірыкаў, лірычных і дыдактычных твораў, паэм, у т. л. «Каліла і Дымна» (932, пер. з араб., збераглася ў фрагментах). У яго творах апяваецца радасць быцця, дружба, высакародства, каханне, хараство прыроды. Створаны ім стыль пераважаў у фарсімоўнай паэзіі да 11 ст. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў С.​Грахоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1964;

Лирика. М., 1969;

У кн.: Звезды поэзии. Душанбе, 1974.

Літ.:

Мирзоев А.М. Рудаки: Жизнь и творчество: Пер. с тадж. М., 1968;

Тальман Р.О., Юнусов А. Рудаки: (Указ. лит.). Душанбе, 1965.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)