Во́зера ’прыродны вадаём або штучны ставок’ (БРС, Яруш., Шат., Касп., Бяльк., КТС); ’ста́рык на лузе’; ’крыніца’ (Яшк.). Рус. о́зеро, дыял. о́зер, укр. о́зеро, ст.-рус. озеро, ст.-слав. ѥзеро, ѥезерь, польск. jezioro, чэш. jezero, славац. jazero, в.-луж. jezor, н.-луж. jazor, каш. jezor, серб.-харв. jȅzero, славен. jezȇro, jȇzer м. р., jézera ж. р., балг. е́зеро ’возера; крыніца ў рацэ або вільготнай глебе’. Прасл. *ęzęra — форма з перагаласоўкай jezero (БЕР, 1, 482). Роднаснымі з’яўляюцца літ. ẽžeras, ãžeras ’возера, сажалка, стаў’, лат. ezers ’тс’, ст.-прус. aśsaran ’тс’ (Бернекер, 1, 455), грэч. Ἀχέρων ’найменне ракі ў апраметнай’, ἀχερούσία ’балоцістыя воды’ (Траўтман, 73). Далей ёсць падставы для збліжэння з слав. ezъ (гл. яз) (Мейе, BSL, 25, 11 і наст.; 29, 38 і наст.; БЕР, там жа; Слаўскі, 1, 571; Машынскі, JP, 37, 299; Тапароў, Прус., 131 і наст.). Гл. таксама Фасмер, 3, 125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́ля 1 (БРС, Бяльк., Юрч., КТС, Шат., КЭС). Рус. во́ля, укр. во́ля, ст.-рус., ст.-слав. волꙗ, польск. wola, ст.-польск. wolá, чэш. vůle, славац. voľa, балг. во́ля, макед. волја, серб.-харв. во̏ља, славен. vólja, в.-луж., н.-луж. wola. Прасл. volʼa. Роднаснае літ. valià ’тс’, лат. vaįa ’сіла, улада’, ст.-ісл. val н. р., ст.-в.-ням. wala ж. р. ’выбар’, н.-в.-ням. Wahl ’тс’, wollen ’хацець’, ст.-інд. váraḥ ’жаданне, выбар’, авест. vāra‑ ’воля, адбор’, кімр. guell ’лепей’ і звязана, такім чынам, чаргаваннем са ст.-слав. велѣти, рус. довлеть, велеть (Траўтман, 348 і наст.; Праабражэнскі, 1, 95; Фасмер, 1, 348; Махэк₂, 704; Шанскі, 1, В, 157 і наст.).

Во́ля 2 ’валляк’ (Гарэц., Яруш., Шат., Юрч., КЭС, Бес., Сцяшк., З нар. сл., Шатал.), во́ле (Нас., Бяльк., Шатал.), во́лье (Янк. Мат., Сержп., Грам. 54), во́ло (Клім.). Гл. валлё.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́дзіць 1 ’смярдзець, смуродзіць, псаваць паветра’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 132, зэльв.). Ц.-слав. ѫдити ’вэндзіць’, укр. вудити ’тс’, польск. wędzić, чэш. uditi, славац. údiť, славен. (v)oditi ’тс’. Параўн. таксама чэш. дыял. oudno ’душна, млосна’. Другая ступень чаргавання ў рус. вянуть, бел. вянуць і г. д. Роднаснае ст.-в.-ням. swintan, с.-в.-ням. swinden, н.-в.-ням. schwinden, ст.-в.-ням. swedan ’паліць павольна і з вялікім дымам’ (Фасмер, 1, 375; Брукнер, 608 і наст.; Махэк₂, 666; Рудніцкі, 1, 493). Змяненне значэння, відавочна, адбылося ў сувязі з запазычаннем польск. wędzić ’вэндзіць’ і адцясненнем вудзіць на перыферыю.

Ву́дзіць 2 ’красці’ (Жд., 2) Рус. смал. вуднуць ’секануць, украсці’ (Дабр.), ву́дзіць ’біць’ (Раст.). Няясна. Магчыма, роднаснае чэш. uditi ’дзяліць, расчляняць’, серб. у́дити ’расчляняць, рэзаць на кавалкі, рассякаць’ і далей да уд (гл.) (Брукнер, 592).

Ву́дзі́ць 3 (БРС, Нас., КТС, Бяльк.). Да вуда (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вузда́ ’частка конскай збруі’ (Нас.), вуздэ́чка ’тс’ (БРС), вузьдзе́чка ’аброць (звычайна з цуглямі, раменная)’ (Бяльк.), укр. вузда́ ’тс’ (а таксама ’доўгая вяроўка ў крылляў невада, для выцягвання яго’), рус. узда́ ’тс’, польск. uzda ’тс’, чэш. uzda ’тс’, славац. uzda ’тс’, в.-луж. wuzda ’тс’, н.-луж. huzda ’тс’, палаб. väuzda ’тс’, балг. юзда́, узда́ ’тс’, макед. узда ’тс’, серб.-харв. у́зда ’тс’, славен. úzda ’тс’. Прасл. uzda; адносна ўтварэння існуе некалькі версій: найбольш пашырана ў літаратуры (Фасмер, 4, 153) думка пра складаны характар слова — з і.-е. *ous‑ ’рот’ (гл. ву́сны) і *dhē ’ўстаўляць’ (гл. дзець), аналагічна па ўтварэнню да *ǫda (гл. ву́да); аднак больш пераканаўчай з’яўляецца этымалогія Данічыча і Гараева — да ву́зы, вяза́ць; параўн. рус. на́‑уз ’частка конскай збруі’, тады вузда́ (з ‑д‑ суфіксальным) значыла б літаральна ’прывязь’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 140; там жа агляд версій і літаратура).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лама́ць, ломаць, ламаці ’ламаць, крышыць’, ’нявечыць, калечыць’, ’здабываць, разломваючы чым-небудзь’, ’даводзіць да непрыгоднасці, псаваць разбураючы’, ’аб тупым, працяглым болю ў касцях’, ’разбураць, знішчаць старое, аджыўшае’ (ТСБМ, Сцяшк., Яруш., Сл. паўн.-зах.), ’церці лён, каноплі’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Інстр. 1), ’раўняць поле’ (Жд. 2), ’баранаваць упоперак пластоў’ (Дэмб. 2), ламаць шапку ’перагінаць, надломліваючы салому ў снопе каля перавясла’ (Сл. паўн.-зах.), ламаць борць ’раскрадаць мёд дзікіх пчол’ (Анох.), ’араць цаліну’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. ламати, ломати, рус. ломать, польск. łamać, н.-луж. łamaś, в.-луж. łamać, чэш. lámati, славац. lamať, lamac, славен. lȃmati, lómiti, серб.-харв. ла́мати (< ло̀мити), ст.-слав. (прѣ)ламати. Прасл. lamati — ітэратыў да lomiti > ламіць (гл.). Аб ст.-слав. і ст.-рус. ла‑//ло‑ гл. Аткупшчыкоў, Из истории, 245. Сюды ж ламацца ’патрабаваць злучку (аб карове)’ (Касп.) — семантычны перанос з ламацца. Гл. лом.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́катачак у выразе: у лу́катачку ’скруціўшыся (пра змяю)’ (віл., Сл. ПЗБ), лу́катка ’лукавіна’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ’зігзаг’ (Шат.; КЭС, лаг.), ’няроўнасць’ і лу́каткай ’няроўна, зігзагамі’ (гродз., Сцяшк. Сл.), ісці (адрэзаць) у лу́каткі ’крыва, віляючы з боку ў бок’ (лях., Янк. Мат.). Рус. наўг., цвяр., калін. лу́ко́ть ’задняя частка сахі ў выглядзе прагнутага раздвоенага бруса’, ст.-рус. лукоть ’гак’, ’пятля’, ц.-слав. лѫкоть ’тс’, ’вобад кола’, польск. łąkoć ’выгнутасць, крывізна’, паўд. ’звяно вобада’, н.-луж. łukuś ’бабінец’ < ’паўкруглая выгнутасць дзвярэй’, ’лёд, з-пад якога выцекла вада’, чэш. loukoť ’звяно’, мар. lúkoť ’тс’, ’выгнутае дрэва’, славац. lúkoť ’звяно’. Дададзім яшчэ польск. łąkotka, серб.-харв. лукоћа ’папярочнае рабро ў лодцы’. Прасл. lǫkotьka, якое з lǫkotь ’выгнутасць, крывізна, лук, выгнуты прадмет’, утворанай з lǫkъ > лук 1 (гл.) і суфікса ‑otь (Слаўскі, 5, 86 і 87; Фасмер, 2, 533; Шустар-Шэўц, 11, 788–789).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́дзвя ’сцёгны’ (свісл., Сцяшк. Сл.), укр. лі́дви, лі́двиці, рус. кастр., вяц. ля́двея, наўг. ля́два ’тс’, польск. lędźwie ’крыж’, ’ныркі’, н.-луж. laźwjo ’тс’, в.-луж. ledźba ’сцёгны’, чэш. ledví ’тс’, ’унутранасці’, славац. ľadvie ’тс’, ľadvy ’ныркі’, славен. lędvije ’тс’, ledovjȅ ’крыж’, lę́dje, lédja ’тс’, серб.-харв. леђа ’спіна’, чак. ледва ’крыж’, ’ныркі’, ст.-слав. лѧдвиѭ ’крыж’. Прасл. lęd‑v‑ьja і lędva або lędvo (Слаўскі, 4, 203–204), якім адпавядаюць і.-е. *londh‑u̯‑ і *lendh‑u̯‑: лац. lumbus ’сцёгны’, ст.-ісл. lend, ст.-в.-ням. lentî, ням. Lende, і з другой ступенню чаргавання: нарв. lund ’сцягно’ (Бернекер, 1, 705–706; Траўтман, 157; Брукнер, 297; Фасмер, 2, 550; Махэк₂, 324; Скок, 2, 284–285; Бязлай, 2, 130–131; Шустар-Шэўц, 11, 809–810). Роднаснае з ля́жка, ля́га 1 (пры чаргаванні суфіксальных d/g) (Аткупшчыкоў, Из истории, 133, 137, 157, 158).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́секаць ’высмаркаць нос’ (Янк. II, Бір. дыс., Шатал., брэсц., пін., З нар. сл.), вы́снекаць, вы́снякаць ’тс’ (Бір. дыс., Сцяц.). Укр. ви́сякати ’тс’, сяка́ти ’фыркаць, смаркацца’, рус. исся́кнуть ’вычарпацца’, польск. siąkać, siąknąć, sięknąć ’канчацца, вычэрпвацца; смаркацца’, в.-луж. sakać, saknyć ’высыхаць, вычэрпвацца’, чэш. sáknouti ’сачыцца, мачыць’, славац. siakať, siaknuť ’фыркаць, смаркацца’, серб.-харв. пресѐкати, ‑ка̑м ’вычарпаць’, балг. сѐквам, се́кна ’вычэрпваюся’. Прасл. *sęknǫti роднаснае слав. *sǫčiti, ц.-слав. исѫчити (гл. сучы́ць) (Фасмер, 3, 826). У іншых і.-е. мовах роднаснымі з’яўляюцца літ. senkù, sékti ’апускацца’, seklùs ’мелкі’, лат. sîkt, sīkstu, sîku ’засыхаць’, ст.-інд. ásakrak ’невычэрпны’, ст.-англ. sîhte ’балоцісты’ (з *siηhti), ірл. sesc ’сухі, бясплодны; той, які не дае малака’, кімр. hysp ’сухі’ (Траўтман, 256). Іначай–Махэк₂ (536), які звязвае таксама са слав. sokъ. Беларускія формы з ‑н‑, відавочна, пад уплывам польскіх назалізаваных форм з наступнай метатэзай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярта́цца ’варочацца, прыходзіць назад’ і вяртаць ’тс’; ’аддаваць назад’; ’кідаць, перакульваць, варочаць’ (БРС, КТС, Яруш., Бяс.). Укр. вертати ’варочаць, вяртацца, паварочваць, скідаць, звальваць’, рус. вертать: смал., наўг. ’аддаваць назад узятае, захопленае’, пенз. ’вяртаць каго-небудзь назад’, смал., наўг., паўд. вертаться ’вяртацца, варочацца назад’, польск. wracać się ’вяртацца’, wracać ’вяртацца; вяртаць’, н.-луж. wrośiś ’паварочваць’; ’скручваць, вярцець’; ’абарачацца’; в.-луж. wróćeć ’вяртаць, браць назад’, wróćeć so ’вяртацца’; ’адбівацца, адскокваць’, чэш. vraceti (se) ’мяняць кірунак, пасылаць назад’; ’вяртаць назад’; ’аддаць (нейкую рэч)’, славац. vracať ’мяняць у адваротны бок кірунак руху каго-небудзь’; ’прыводзіць да пачатковага стану’; ’аддаваць, вяртаць’, славен. vráčati ’вяртаць, варочаць’; ’аддаваць доўг’, vráčati se ’вяртацца’, серб.-харв. вр̏тати се ’вяртацца’, вра̏ћати ’вяртаць, аддаваць’; ’варочацца назад’, вра̏ћати се ’вяртацца’, балг. връщам ’аддаваць назад, вяртаць’; ’вяртацца’. Прасл. vьrtěti, vortiti. Прасл. vьrtati — фактатыў на ‑ati ад vьrtěti, vьrtjǫ (Скок, 3, 631). Да вярце́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віраце́йка ’вадзяная вужака’ (КЭС, лаг.), рус. перм. вератея ’рыба, Cobitis taenia’, укр. веретенниця, веретільник, веретільниця ’гадзюка вераценніца, Anguis fragilis’, рус. паўн. верете́льник ’п’яўка’, верете́льница ’маленькая, бязногая яшчарка’; ’вераценніца’, паўд. верете́ница, веретени́ца ’яшчарка’, смал., пск., калуж. ’вераценніца’, калуж. ’рыба, Cobitis taenia’; ’уюн, Cobitis fossilis’, веретеница ’малюскі, ракавіна якіх падобна да верацяна’, ленінгр. веретённик ’вераценніца’, пск. веретенница ’тс’, тамб. ’шабля-рыба з колкім ротам, падобная да пячкура’, польск. wrzecienica ’марская рыба’; ’балотная гадзіна’, н.-луж. (w)rjeśeńca, wrjeśenica ’кальчысты вужака, Coluber natrix’, в.-луж. wrjećeńca ’лазаніца, Lysimachia L.’; ’жаўтапузік, Ophisantus apodus’, чэш. vřetenice ’вераценніца’, vřetenka ’род рыбы з сям’і Callionymidae, Callionymus’, славац. vretenica ’гадзюка Vipera berus’, серб.-харв. вретѐнар, макед. вретенарка ’рыба Asper asper L.’, балг. вретена́рка ’тс’. Усе да верацяно, вярцець (гл.). Цікавым з’яўляецца параўнанне Патабні (РФВ, 5, 126) з літ. vérti ’нанізваць, працягваць праз што-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)