БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЫ́ТМЫ, біярытмы,

цыклічныя ваганні інтэнсіўнасці і характару біял. працэсаў і з’яў, уласцівыя амаль усім жывым арганізмам (ад аднаклетачных да чалавека), ізаляваным органам і тканкам, асобным клеткам. Біялагічныя рытмы накіраваны на падтрымку гамеастазу і адаптацыі, адлюстроўваюць цячэнне часу ў біялагічных сістэмах. Класіфікацыя біялагічных рытмаў заснавана на паняцці цыкла (паслядоўнасці станаў са зваротам да зыходнага) і часу паміж станамі сістэмы, якія паўтараюцца (даўжыні перыяду); яна ўключае дыяпазон перыядаў ад мілісекунды да некалькіх гадоў. Адрозніваюць 5 класаў біялагічных рытмаў: рытмы высокай частаты, ад доляў секунды да 30 мін (асцыляцыі на малекулярным узроўні, рытмы скарачэння сэрца, дыханне, перыстальтыка кішэчніка); рытмы сярэдняй частаты, ад 30 мін да 28 гадз, у т. л. ультрадыянныя (да 20 гадз) і цыркадыянныя, ці калясутачныя (20—28 гадз), якія звязаны з вярчэннем Зямлі вакол восі; мезарытмы: інфрадыянныя (28 гадз — 6 дзён) і цыркасептальныя (каля 7 дзён); макрарытмы з перыядам ад 20 дзён да аднаго года; мегарытмы з перыядам у гады і дзесяткі гадоў. Біялагічныя рытмы класіфікуюць таксама па ўзроўнях арганізацыі біясістэмы: клетачныя, органавыя, арганізмавыя, папуляцыйныя. Біялагічныя рытмы раслін праяўляюцца ў сутачным руху лісця, пялёсткаў, сезонным адраўненні парасткаў, якія зімуюць. Біялагічныя рытмы жывёл выяўляюцца ў перыядычнасці рухальнай актыўнасці, тэмпературы, сакрэцыі гармонаў, праліферацыі клетак, сінтэзе РНК, утварэнні рыбасом і інш. Вызначаны рытмы адчувальнасці клетак, тканак, органаў і арганізма да дзеяння фактараў хім. і фіз. прыроды. З парушэннем часавай арганізацыі фізіял. функцый звязаны шматлікія паталагічныя працэсы. Біялагічныя рытмы вывучае біярытмалогія.

Літ.:

Биологические ритмы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Хронобиология и хрономедицина. М., 1989.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Біялагічныя рытмы. Сярэдняя працягласць некаторых рытмічных працэсаў арганізма чалавека.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭНТА́НА (Brentano),

Клеменс (9.9.1778, Эрэнбрэйтштайн, каля г. Кобленц, Германія — 28.7.1842), нямецкі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік гейдэльбергскага кола рамантыкаў (гл. ў арт. Германія раздзел Літаратура). Літ. дзейнасць пачаў пад уплывам Л.Ціка. Адыход ад тэматыкі і стылю іенскіх рамантыкаў назіраецца ў рамане «Годві» (1801), камедыі «Понсе дэ Леон» (1804). Лірыка Брэнтана, заснаваная на нар. песеннай творчасці, зрабіла пераварот у ням. паэзіі, паўплывала на творчасць іншых рамантыкаў (асабліва Г.​Гейнэ). Увёў у ням. паэзію тэму любоўных пакут, непадуладнага чалавеку ірацыянальнага пачуцця. Найб. вядомасць набылі вершы т.зв. рэйнскага цыкла: «Плывец у лодцы», «Вясёлыя музыканты», «Рыбак сядзеў у лодцы» і інш. Верш «Ларэлея» сам нарадзіў нар. паданне, стаў сімвалам рамант. мастацтва і натхніў многіх еўрап. паэтаў (І.​Айхендорфа, Гейнэ, Ж. дэ Нерваля, Г.​Апалінэра). З 1810-х г. у творчасці Брэнтана ўзмацніліся рэліг. пошукі, што адбілася ў духоўных вершах, навелах «Гісторыя сумленнага Касперла і прыгажуні Анерль», «Тры арэхі», «З летапісу вандроўнага шкаляра», у лірычнай драме «Заснаванне Прагі» (1815).

Аўтар сатыр. казак («Казка пра Гокеля і Гінкель» і інш.), оперных лібрэта. Апублікаваў зб. ням. нар. песень «Дзівосны рог хлопчыка» (1806—08, з Л.​А.​Арнімам). На бел. мову шэраг вершаў Брэнтана пераклаў У.​Папковіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Закаханы вандроўнік: Паэзія ням. рамантызму. Мн., 1989;

рус. пер. — Избранные стихотворения. М., 1986;

[Стихи] // Европейская поэзия XIX века. М., 1977;

Немецкая поэзия XIX века. М., 1984;

Поэзия немецких романтиков. М., 1985.

Літ.:

Балашов Н.И. Брентано и «Волшебный рог мальчика» // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3;

Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973. С. 351—395.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (АЭС),

электрастанцыя, дзе атамная (ядзерная) энергія ператвараецца ў электрычную. Першая ў свеце АЭС магутнасцю 5 МВт пачала дзейнічаць у 1954 у б. СССР (г. Обнінск). На АЭС цеплата, якая вылучаецца ў ядз. рэактары ў выніку ланцуговай рэакцыі дзялення ядраў некаторых цяжкіх хім. элементаў (напр., уран-233, уран-235, плутоній-239 і інш.), ператвараецца ў электрычную, як і на цеплавых электрастанцыях. АЭС складаюць аснову ядзернай энергетыкі. У склад АЭС уваходзяць ядзерны рэактар, цеплаабменнікі, помпы і агрэгаты для ператварэння цеплавой энергіі ў электрычную, электратэхн. абсталяванне. На АЭС выкарыстоўваюць рэактары пераважна на цеплавых і хуткіх нейтронах. У залежнасці ад тыпу і агрэгатнага стану цепланосьбіта выбіраецца тэрмадынамічны цыкл АЭС. Вышэйшая т-ра цыкла вызначаецца найбольшай т-рай цеплавыдзяляльных элементаў і ўласцівасцямі цепланосьбітаў. Для выключэння перагрэву прадугледжана хуткае (на працягу некалькіх секунд) глушэнне ланцуговай ядз. рэакцыі аварыйнай сістэмай расхалоджвання.

Пры дзяленні 1 г ізатопаў урану або плутонію вызваляецца каля 22,5 МВт∙гадз энергіі, што эквівалентна спальванню 2,8 т умоўнага паліва. Гэта з’яўляецца асн. аргументам эканамічнасці АЭС. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), пашырэння інфармацыі аб радыеактыўным забруджванні навакольнага асяроддзя і стане бяспекі на АЭС энергет. праграмы ў б. СССР пачалі згортваць. Аднак паглыбленне энергет. крызісу зноў ставіць пытанне пра будаўніцтва новых АЭС. Найбліжэйшыя да Беларусі дзеючыя АЭС (у дужках адлегласць у кіламетрах ад яе да дзярж. мяжы і да Мінска): Ігналінская ў Літве (5; 185), Смаленская ў Расіі (80; 355), Чарнобыльская (7; 310) і Ровенская на Украіне (60; 285).

А.​М.​Люцко.

Прынцыповая схема атамнай электрастанцыі: 1 — ядзерны рэактар; 2 — цыркуляцыйныя помпы; 3 — цеплаабменнік; 4 — паравая турбіна; 5 — электрычны генератар.

т. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНЕКАЛО́ГІЯ (ад гінека... + ...логія, галіна медыцыны, якая вывучае анатама-фізіял. асаблівасці жаночага арганізма, захворванні жаночай палавой сістэмы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з акушэрствам.

Гінекалогія вядома са старажытнасці. Як самаст. навука склалася ў 19 ст., калі на мед. ф-тах ВНУ Зах. Еўропы пачалі выкладаць акушэрства і гінекалогіі. У Расіі першая кафедра гінекалогіі створана ў 1835 (кафедра спавівальнага майстэрства, жаночых хвароб і хвароб нованароджаных) у Імператарскім С.-Пецярбургскім клінічным ін-це павітух, у 1842 — гінекалагічнае аддз. пры акушэрскай клініцы Пецярбургскай медыка-хірург. акадэміі. Навук. акушэрства і гінекалогію развівалі Н.​М.​Амбодзік-Максімовіч, А.​Я.​Красоўскі, Г.​М.​Савельева, В.​А.​Бадзяжына, У.​І.​Кулакоў і інш.

На Беларусі першая кафедра акушэрства і гінекалогіі створана на мед. ф-це БДУ у 1923. Развіццю даследаванняў садзейнічалі працы Г.І.Герасімовіча, І.У.Дуды, В.Р.Лінкевіч, М.Ф.Лызікава, К.І.Малевіча, Л.С.Персіянінава, В.С.Ракуця, І.М.Старавойтава, Л.Я.Супрун і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі: перадпухлінныя, пухлінныя і запаленчыя захворванні маткі і прыдаткаў, парушэнні менструальнага цыкла, бясплоднасць, паталогія клімактэрычнага перыяду, праблемы планавання сям’і; гінекалагічныя захворванні дзяцей і падлеткаў, метады іх прафілактыкі і лячэння. Распрацавана методыка дыягностыкі і лячэння з дапамогай эндаскапіі, даследаваны пытанні кантрацэпцыі падлеткаў і моладзі, некат. пытанні фізіялогіі і паталогіі палавога развіцця жаночага арганізма, ранняй дыягностыкі і прафілактыкі гінекалагічных захворванняў (масавыя прафілакт. агляды жанчын і ўдасканаленне гінекалагічнай дапамогі).

Літ.:

Бодяжина В.И., Сметник В.П., Тумилович Л.Г. Неоперативная гинекология. М., 1990;

Кулаков В.И., Селезнева Н.Д., Краснопольский В.И. Оперативная гинекология. М., 1990.

І.​У.​Дуда.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮХЕЛЬБЕ́КЕР (Вільгельм Карлавіч) (21.6.1797, С.-Пецярбург — 23.8.1846),

рускі паэт, дзекабрыст. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Служыў у Калегіі замежных спраў; выкладаў рус. і лац. мовы. З 1820 падарожнічаў па Еўропе, служыў на Каўказе пры А.П.Ярмолаве. З 1825 у Пецярбургу, чл. «Паўночнага таварыства дзекабрыстаў». Пасля паражэння паўстання дзекабрыстаў пакінуў Пецярбург з мэтай выехаць за мяжу. Імкнуўся наладзіць сувязь з кіраўніком т-ва «Ваенныя сябры» К.​Г.​Ігельстромам. З пачаткам Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825 выбраў свой шлях праз Беларусь, дзе стаялі часці Літоўскага асобнага корпуса (Мінск, Нясвіж, Слонім, Пружаны, Камянец). У Варшаве арыштаваны. Прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага зняволеннем у крэпасці. З 1836 на пасяленні ў Сібіры. Друкаваўся з 1815. Прыхільнік «высокіх жанраў»: гераічная паэма, грамадз. ода, трагедыя. З У.​Ф.​Адоеўскім выдаваў альманах «Мнемозина» (1824—25), у якім друкаваў свае вершы, аповесці, праграмныя крытычныя артыкулы. Аўтар паэм «Касандра» (нап. 1822—23), «Давід» (нап. 1826—29), «Юрый і Ксенія» (1832—35), «Агасфер» («Вечны жыд», 1832—46; апубл. 1878), трагедый «Аргівяне» (1822—25), «Пракофій Ляпуноў» (1834, апубл. 1938), містэрыі «Іжорскі» (1827—41, апубл. 1939), казкі «Пахом Сцяпанаў» (1832), драм. казкі «Іван, Купецкі сын» (1832—42), рамант. аповесці «Апошні Калона» (1832—43, апубл. 1937), цыкла артыкулаў і нарысаў «Еўрапейскія лісты» (1820), «Падарожжа» (1822), «Дзённіка» (апубл. 1929) і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М.; Л., 1967;

Соч. Л., 1989;

Путешествие. Дневник. Статьи Л.,1979.

Літ.:

Архипова А.В. Литературное дело декабристов. Л., 1987;

Горбунова Л.Г. Творчество Кюхельбекера: Пробл фантастики и мифологии... Саратов, 1991;

Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984.

т. 9, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУКСТ (Рыгор Канстанцінавіч) (27.11.1900, г. Гомель, — 12.11.1960),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1928, кл. Г.​Канюса). З 1929 выкладаў у Омскім, у 1932—41 Гомельскім муз. тэхнікумах, у 1944—49 і 1959—60 у Бел. кансерваторыі. З 1949 хормайстар, ў 1953—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, адначасова — муз. перадач Гал. ўпраўлення радыёінфармацыі Мінва культуры Беларусі. Музыцы П. ўласцівы глыбокі драматызм, вастрыня гарманічнай і меладычнай мовы. Лірычная вобразнасць, песеннасць тэматызму, заснаванага на гар. рамансавым фальклоры, уласціва сімф. і вак. творчасці. Аўтар опер «Машэка» (1945, паст. на радыё 1947), першай бел. оперы для дзяцей «Марынка» (паст. 1955), «Свіцязянка» (1960), вак.-сімф. «Паэмы аб Чырвонай Арміі» (1938), кантаты «А хто там ідзе?» (1958, на сл. Я.​Купалы), 6 сімфоній (1934, 1941, 2-я рэд. 1944, 1950, 1955, 1957, 1959), сімф. фантазіі «Перапёлачка», сюіты «Сымон-музыка», танц. сюіты для квартэта цымбалаў, 3 сюіт для секстэта домраў, 5 фуг для фп. і стр. квартэта, «Працяжнай» для фп. квартэта, інш. камерных інстр. твораў, шэрагу хораў (у т. л. «Дуб» на сл. П.​Броўкі і інш.), вак. цыкла на санеты А.​Звонака, рамансаў для голасу з фп. на сл. Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, А.​Пушкіна, А.​Блока і інш., песень (у т. л. «Шумныя бярозы» на сл. Я.​Купалы, «Лугам зеляненькім» на сл. З.​Бядулі), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Апрацоўваў бел. нар. песні (больш за 50), творы самадз. кампазітараў (больш за 20).

Літ.:

Журавлев Д.Н. Г.​К.​Пукст, заслуженный деятель искусств БССР. Мн., 1963.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Р.К.Пукст.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́БСЕН ((Ibsen) Генрык) (20.3.1828, г. Шыен, Нарвегія — 23.5.1906),

нарвежскі драматург. З 1851 рэжысёр і драматург Бергенскага нац. т-ра, з 1857 кіраўнік Нарвежскага т-ра ў Крысціяніі (Осла). У 1864—91 жыў за мяжой, пераважна ў Італіі і Германіі. Пачынаў як паэт у 1848, як драматург дэбютаваў п’есай «Катыліна» (1850). Аўтар п’ес «Норма, або Каханне палітыка» (1851), «Камедыя кахання» (1862), цыкла гісторыка-рамант. драм «Курган волатаў» (1850), «Фру Інгер з Эстрата» (1854), «Ваяўнікі ў Хельгеландзе» (1857), «Барацьба за прастол» (1863). Вядомасць І. прынеслі філас. драмы «Бранд» (1866) і «Пер Гюнт» (1867). Драма «Пер Гюнт» прасякнута фальклорна-казачнымі матывамі, з фальклору ўзяты і вобраз гал. героя, фантазёра і летуценніка, які шукаў для сябе лёгкіх шляхоў, часам грэбуючы маральнымі законамі і чужымі лёсамі. Эстэт. эвалюцыя І. адлюстравалася ў п’есах «Стаўпы грамадства» (1877), «Лялечны дом» («Нора», 1879), «Здані» (1881), «Вораг народа» (1882), у якіх рамант. тэндэнцыі саступаюць месца сатырычным, а самі п’есы пазначаны глыбейшым псіхалагізмам, насычаны рэаліст. сімволікай. Познія п’есы І. «Дзікая качка» (1884), «Росмерсхальм» (1886), «Жанчына з мора» (1888), «Геда Габлер» (1890), «Калі мы, мёртвыя, абуджаемся» (1899) сведчылі пра імкненне абагульнена-філас. ўвасаблення жыцця, ускладненасць падтэксту і сімволікі. Спектакль «Нора» («Лялечны дом») у 1903—05 ішоў на сцэне Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. Ставіліся п’есы «Здані» ў т-ры імя Я.​Коласа (1940) і Рус. драм. т-ры (1983), «Нора» і «Жанчына з мора» ў т-ры імя Я.​Купалы (1954 і 1984). У бел. т-ры оперы і балета пастаўлены балет «Пер Гюнт» на музыку Э.​Грыга (1966).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1956—58.

Літ.:

Адмони В.Г. Генрик Ибсен: Очерк творчества. 2 изд. М., 1989.

Е.​А.​Лявонава.

Г.Ібсен.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАМА́ЕВА ПАБО́ІШЧА»,

«Сказанне пра Мамаева пабоішча», «Пра пабоішча Мамая...», помнік стараж.-рус. літаратуры 1-й чвэрці 15 ст., важнейшы твор Кулікоўскага цыкла, які змяшчае найбольш падрабязнае апісанне Кулікоўскай бітвы 1380.

Асн. ідэя — сцвярджэнне вядучай ролі вял. маскоўскага кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Русі ў аб’яднанні сіл усх.-слав. зямель, услаўленне гераічнага подзвігу рус. народа. Аўтар адзначае вял. ролю прадстаўнікоў ВКЛ у перамозе над войскамі Мамая, важнасць ваенна-паліт. саюза гэтага княства з Маск. дзяржавай. Гал. герой Дзмітрый Іванавіч Данскі апісаны як мужны і мудры палкаводзец. Аўтар выкарыстаў анахранізмы (напр., саюзнікам Мамая названы вял. кн. ВКЛ Альгерд, а не яго сын Ягайла, як было на самой справе), абстрактны псіхалагізм (Мамай і яго саюзнік Алег Разанскі паказаны рэзка адмоўнымі), маст. прыёмы і вобразы, уласцівыя фальклору. Апісанне рэальных падзей, заснаванае на дакумент. крыніцах і ўспамінах сучаснікаў, спалучаецца ў творы з вусна-паэт. паданнямі і маст. вымыслам. Вобраз Дзмітрыя Іванавіча Данскога пададзены месцамі ў агіяграфічна-рытарычным плане.

Захавалася 8 рэдакцый «М.п.», шмат варыянтаў і спісаў. Адна з рэдакцый, скарочаны пераклад на бел. мову «Пра пабоішча Мамая», створана ў 17 ст. Яна дапоўнена кароткай гіст. аповесцю пра татарскіх ханаў, тэкст аповесці падзелены на 12 частак (кожная мае сваю назву); вызначаецца сцісласцю апісання падзей, больш дынамічным выкладам сюжэту. Рукапіс бел. рэдакцыі зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Больш поўная рэдакцыя помніка захавалася ў бел.-ўкр. хранографе «Вялікая хроніка».

Публ.:

У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 125—143.

Літ.:

История русской литературы. Л., 1980. Т. 1. С. 175—179;

Сказания и повести о Куликовской битве. Л., 1982.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЦЭ́ВІЧ (Юльян Урсын) (16.2.1758, в. Скокі Брэсцкага р-на — 21.5.1841),

пісьменнік, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык. Вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве (1770—77). З 1777 ад’ютант А.​К.​Чартарыйскага. У 1788—92 пасол на Чатырохгадовы сейм, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 мая 1791. З 1791 чл. Адукацыйнай камісіі. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 у эміграцыі. У час паўстання 1794 ад’ютант і сакратар Т.​Касцюшкі. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць у Пецярбургу. З 1796 у ЗША. У 1807 вярнуўся, займаў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства, з 1813 — Сената Каралеўства Польскага. Падарожнічаў па Беларусі (1809, 1816, 1819). Чл. Т-ва сяброў навук у Варшаве (старшыня з 1827). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1833 у эміграцыі ў Парыжы. У паліт. камедыі «Вяртанне пасла» (1790) выказаўся за сац. рэформы ў Рэчы Паспалітай, вызваленне сялян ад прыгону. Аўтар зб-каў «Літоўскія пісьмы» (1812), дзе адлюстравана бел. тэматыка, цыкла «Гістарычныя песні» (1816), раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) і інш. У кн. «Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гг.» (1858) апісаў Брэст, Гродна, Навагрудак, жыццё бел. сялян. Напісаў «Гісторыю панавання Жыгімонта III» (т. 1—3, 1818—19), «Сучасную гісторыю» (1863), «Жыцці значных людзей XVIII ст.» (1904). Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—7, 1822—36), у які ўключыў «Дыярыушы» С. і Б.​Маскевічаў. Аўтар шматлікіх мемуараў, у т. л. «Дзённікаў часоў маіх» (1848, дапоўненае выд., т. 1—2, 1957).

Тв.:

Dzieła poetyczne wierszem i prozą. T. 1—12. Lipsk, 1838-43.

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968.

Ю.Нямцэвіч.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІТАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад полі... + танальнасць),

адначасовае выкладанне розных гукавышынных пластоў, кожны з якіх належыць да розных канкрэтных танальнасцей (або арыентуецца на розныя танальнасці) адзінай танальна-гарманічнай сістэмы. П. — складаны сінтэз некалькіх танальнасцей, спец. драматургічны эфект у сістэме выразных сродкаў музыкі 20 ст. Гіст. перадумовы і аснова для ўзнікнення П. — храматызаваная ладатанальная структура з шматгучнай дысананснай акордыкай, якая пры ўспрыняцці падзяляецца на больш простыя акорды (субакорды) часта тэрцавай будовы. Існуюць П. акордавыя (аб’яднанне рознатанальных акордаў), меладычная (аб’яднанне рознатанальных меладычных ліній), мяшаная (рознатанальнае аб’яднанне акордаў і меладычных ліній).

Мяркуюць, што ўпершыню П. выкарыстаў амер. кампазітар Ч.​Айвз у сімф. мініяцюры «Пытанне, якое засталося без адказу». Пазней П. выкарыстоўвалі Б.​Бартак (п’еса для фп. «Стаката» з цыкла «Мікракосмас»), І.​Стравінскі (тэма Пятрушкі з аднайм. балета), С.​Пракоф’еў (у цыкле для фп. «Мімалётнасці»), Рысы П. сустракаюцца ў музыцы В.​А.​Моцарта («Музычны жарт»), М.​Мусаргскага («Два яўрэі» з «Карцінак з выстаўкі»), у нар. музыцы (літоўскі сутарцінес).

У бел. музыцы П. шырока прадстаўлена ў выглядзе цэласных ладавых фармацый і прыёмаў ва ўсіх разнавіднасцях: П. акордавая — у музыцы А.​Мдывані («Ванька-ўстанька»), В.​Помазава («Батлейка»), меладычная — у творчасці Я.​Глебава (1-я сюіта з балета «Выбранніца»), мяшаная — у В.​Войціка (канцэрт для цымбалаў), Н.​Усцінавай (канцэрты для скрыпкі з арк.), С.​Картэса (канцэрт для фп. «Капрычас»). Маст. функцыі П. разнастайныя. Так, у «Капрычас» Картэса — дынамічны фактар, у араторыі «Ванька-ўстанька» — сродак стварэння вобразнай 2-планавасці, у канцэрце для скрыпкі з арк. Г.​Гарэлавай — сродак вытанчанай экспрэсіі і інш.

Літ.:

Паисов Ю.И. Политональность в творчестве советских и зарубежных композиторов XX в. М., 1977;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)