зачыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., каго-што.
1. Злучыць створкі, апусціць века чаго‑н. Зачыніць дзверы. Зачыніць акно. Зачыніць века чамадана. □ Анціпка хуценька зачыніў фортку і пайшоў паўз дашчаную агароджу. Сіняўскі. // Злучыўшы створкі чаго‑н., апусціўшы века і пад., перашкодзіць поступу, пранікненню ў сярэдзіну чаго‑н. Зачыніць хату. Зачыніць скрыню. □ Я хуценька прыбраў усю сваю маёмасць і зачыніў шафу. Кавалёў.
2. Пакінуць каго‑н. у памяшканні, замкнуўшы дзверы; заперці. Адама зачынілі ў зямлянцы разведчыкаў, цішком забраўшы адтуль усё, што магло быць зброяй. Брыль. Пайшоў Арцём у залу, і зачынілі яго там аднаго з палячкаю. Гарэцкі.
•••
Свет зачыніць каму — перашкодзіць нармальнаму, спакойнаму жыццю. Горш за ўсё гэты Саўка, дзед Талаш і Мартын Рыль. Яны зачынілі [войту] свет, і покі не дойдзе ён тут ладу, не будзе яму спакою. Колас.
Як зачыніць — поўна, вельмі многа. [Дзяцей] найшло цэлы пакой, як зачыніць. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гарызо́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Лінія ўяўнага судакранання неба з зямной або воднай паверхняй. Сонца агністым краем кранулася лініі гарызонта і пачало павольна тануць. Чарнышэвіч. // Небасхіл. Раптам гарызонт заззяў яркімі праменнямі сонца. Сіняўскі. // Далягляд, уся бачная навокал зямная паверхня. Як вакол глянуць, — па ўсяму гарызонту зрэдку палалі пажары. Пестрак.
2. перан. Кола ведаў, ідэй, інтарэсаў. Пашыраецца ідэйна-тэматычны гарызонт.. творчасці [пісьменніка]. Хромчанка.
3. толькі мн. (гарызо́нты, ‑аў); перан. Кола дзеянняў, магчымасцей. Шырокія гарызонты .. [Андрэю Сцяпанавічу] адкрыты шырокімі планамі пераўтварэння нашай калгаснай гаспадаркі. Бялевіч.
4. Узровень вады ў рацэ ці вадаёме. Гарызонт вады.
5. Пласт адкладанняў горных народ, які умоўна вылучаецца па якой‑н. прымеце (колеру, складу, наяўнасці руд і інш.). Дэвонскі гарызонт. Гарызонт вапняку. // Пласт глебы і падглебы, які адрозніваецца сваімі марфалагічнымі, фізічнымі і іншымі прыметамі ад вышэйшых і ніжэйшых пластоў. Верхні гарызонт глебы.
•••
Знікнуць з гарызонта гл. знікнуць.
Паказацца (з’явіцца) на гарызонце гл. паказацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагрыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.
1. Утварыць моцны гук, грукат. Раскаціста прагрымеў гром. Сіняўскі. Увесь дзень пякло, прыпарвала, а пад вечар прагрымела навальніца. Хадкевіч. // чым. Моцна стукнуць чым‑н. Саша сама прагрымела ў печы заслонкай, чыгунамі і зазірнула ў свой пакой, дзе сядзеў Пятро, зноў нечым збянтэжаная. Шамякін. // Праехаць з моцным шумам, грукатам. Дарога была ціхая, зрэдку дзе прагрыміць машына ды праскочыць матацыкліст. Сабаленка. Па чыгунцы, якая праходзіла адразу за балотам, прагрымеў поезд. Новікаў. // Прагучаць з вялікай сілай. Але не зрабілі.. [немцы] і двух крокаў, як зноў прагрымеў дружны партызанскі залп. Шчарбатаў. Як бы для таго, каб пацвердзіць .. [Шкробатавы] словы, зусім блізка прагрымела некалькі вінтовачных стрэлаў. Галавач. // Разм. Сказаць што‑н. гучна, грамавым голасам. — Гэта што яшчэ? — прагрымеў у насцярожанай цішыні.. голас [настаўніка]. Якімовіч.
2. перан. Атрымаць гучную славу, праславіцца. Клас прагрымеў на ўсю школу сваім аўтамабільным гуртком. Жычка.
3. Грымець некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угна́цца, уганюся, угонішся, угоніцца; пр. угнаўся, угналася; зак., за кім-чым.
1. Пабегчы так, каб дагнаць. Гаспадыня з крыкам выбягала на двор, каб угнацца за хлапчукамі. Лобан. — Угналася [суседава карова] за пашай Лыскай, а яна, ратуючыся, скочыла цераз плот і ўшчаміла нагу. Сабаленка.
2. (звычайна з адмоўем). Не адстаючы, ісці, бегчы за кім‑, чым‑н. або побач з кім‑, чым‑н. — За вамі не ўгнацца, — раптам прамовіў Уладзік, і толькі цяпер Андрыян Цітавіч заўважыў, што сапраўды ён ідзе вельмі шпарка. Марціновіч. Ні адзін конь не мог угнацца за рысаком. Сіняўскі. — Не ляці так. Мне за табою не ўгнацца. — Жонка гаварыла гэта ўжо недзе ззаду. Ваданосаў. // перан. Паспець за кім‑, чым‑н., зраўняцца з кім‑, чым‑н. — Гм! Глядзі, Саўка, ужо [хлопцы] носяць. За імі нідзе не ўгонішся, — заўважыў Шайдоб. Федасеенка. [Максім:] — Чорт яго ведае, як ляціць жыццё. Проста не ўгонішся... Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наблі́зіцца, ‑бліжуся, ‑блізішся, ‑блізіцца; зак.
1. да каго-чаго і без дап. Рухаючыся, перамясціцца на больш блізкую адлегласць у адносінах да каго‑, чаго‑н. Наблізіцца да стала. Наблізіцца да будынка. □ Камендант наблізіўся да Арцёма, расшпіліў кабуру. Бажко. Хутка атрад наблізіўся да.. штаба брыгады. Сіняўскі. Усе прытаіліся і, калі паляўнічыя наблізіліся, хлапчукі пачулі голае Лёні. Ваданосаў. // без дап. Стаць больш блізкім у прасторавых адносінах. Станцыя наблізілася зусім нечакана. Гамолка.
2. Стаць больш блізкім па часу. Пакуль [Дубіцкія] павялі парадак у хаце, наблізіўся вечар. Чарнышэвіч. Праз два дні наблізіліся баі. Грахоўскі. Наблізілася старасць — захацелася адпачынку. Пестрак.
3. Стаць больш чутным. Лёгкія крокі неўзабаве наблізіліся да дзвярэй, у якія выйшла дзяўчына. Мурашка. Трэск галля наблізіўся, і Тоня крыкнула: — Стой! Хто ідзе?.. Шчарбатаў.
4. Стаць блізкім або бліжэй да каго‑, чаго‑н. Наблізіцца да народных мас.
5. Стаць падобным на каго‑, што‑н. Наблізіцца да ідэалу. Наблізіцца да сусветных стандартаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падзе́цца, ‑дзенуся, ‑дзенешся, ‑дзенецца; заг. падзенься; зак. (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды», а таксама з прысл. «нідзе», «нікуды» і адмоўем).
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знікнуць, прапасці. Куды падзеліся дзеці? □ — А Лысухі ўсё яшчэ няма, — загаварыў нарэшце дзядзька Ігналь. — І дзе яна магла падзецца — проста дзіва. Сіняўскі. І куды падзелася .. [Адамава] шчырасць! Дамашэвіч.
2. (звычайна з адмоўем). Знайсці для сябе месца, прытулак. Насоўвалася ноч, а Базыль з Марусяй усё стаялі і стаялі на вуліцы, не ведаючы, дзе ім падзецца. Сачанка. Нахваліцца не мог Сцёпка гэтым домам, бо дзе ж бы ён падзеўся ў незнаёмым горадзе? Колас. // Схавацца, уцячы. Куды ж, куды падзецца Ад чорнае бяды? Панчанка. Думкі... Куды ад іх падзецца, калі яны не даюць спакою ні днём, ні ўначы. «Звязда».
•••
Куды (дзе) падзенешся — аб немагчымасці зрабіць што‑н. інакш.
Не ведаць, куды (дзе) падзецца — тое, што і не ведаць, куды (дзе) дзецца (гл. ведаць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паласну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. каго-што і без дап. Моцна ўдарыць, пакінуўшы след, рану (звычайна чым‑н. рэжучым). Нешта вострае і балючае паласнула яго па спіне, і Андрэй, скалануўшыся ўсім целам, абсунуўся на снег. Сіняўскі. [Сухарэўскі:] — Асцярожней, Станіслаў Цітавіч, там у мяне да касці спіна рассечана. Свінцовай нагайкай [вораг] паласнуў. Асіпенка. // перан. Нанесці душэўную рану. Напамінак пра Шарупічаў паласнуў Веру Антонаўну па сэрцы. Карпаў. // перан. Раптоўна прагучаўшы, напоўніць паветра якімі‑н. гукамі. Начную цішыню паласнуў жудасны крык. Шамякін.
2. перан.; без дап. Бліснуць паласой агню, святла. Зноў, ужо бліжэй, загрымела, па небе паласнула яркая маланка. Даніленка. Раптам ззаду па вадзе паласнуў пражэктар. Скрыпка.
3. перан.; каго-што і чым. Даць аўтаматную, кулямётную чаргу; пранізаць паласой агню. Партызаны напалі знянацку. Аўтаматчыкі паласнулі доўгімі чэргамі ўздоўж вуліцы. Новікаў. Хутка над балотам пранесліся.. самалёты-штурмавікі. Яны паласнулі па лесе ліўнем агню і свінца. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
урачы́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да урачыстасці (у 2 знач.), звязаны з урачыстасцямі; святочны. Урачысты дзень. Урачысты нарад войск. Урачыстае шэсце. Урачыстае пасяджэнне Мінскага Савета народных дэпутатаў.
2. Важны, знамянальны. Нібы шануючы ўрачыстую хвіліну развітання, людзі пайшлі маўклівыя, засяроджаныя. Лынькоў.
3. Які вызначаецца велічнасцю, выклікае ўзвышаныя пачуцці. Дзесьці заспявалі ў начы званы. Урачыстыя і трывожныя плылі галасы іхнія. Галавач. Адразу за агародам бор, гонкія ўрачыстыя сосны. Навуменка. Колькі ўрачыстага хараства тоіць ціхая летняя ноч! Дуброўскі. // Прыўзняты, патэтычны. Карніцкі пацалаваўся з дзецьмі, прамовіў ўрачыстым голасам: — Абвяшчаецца пасадка на самалёт «Партызанскі край — Вялікая зямля». Паслядовіч. // Які знаходзіцца ў прыўзнятым стане; стрыманы, строгі. Сход пачаўся а сёмай гадзіне. Нашы ўсе прыйшлі нейкія ўрачыстыя, апранутыя ў найлепшае адзенне. Сабаленка. Быў.. [начальнік цэха] урачысты, падцягнуты і крыху бледны. Карпаў.
4. Надзвычай сур’ёзны па сваёй важнасці, па свайму зместу. Урачыстая клятва. Урачыстае абяцанне. □ Запанавала напружаная цішыня, якую парушалі толькі ўрачыстыя словы прысягі. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Хадзіць, ісці, нясмела прыступаючы на карацейшую ці балючую нагу. Андрэйка кульгаў і адставаў, а Коля тое і рабіў, што праз кожную хвіліну спыняўся, каб пачакаць таварыша. Сіняўскі.
2. Быць кульгавым, мець карацейшую ці балючую нагу. [Шолам] з прыроды быў глухаваты.. і кульгаў на правую нагу. Корбан. // перан. Разм. Мець значныя недахопы, быць непаўнацэнным у якіх‑н. адносінах. — Зразумейце вы, што ваша тэорыя кульгае... Выпраўце яе, — спачувальна ўхмыльнулася Зося. Шынклер. Непакоіла дысцыпліна. Яна, як кажуць, пачала кульгаць. Многія з выхаванцаў, што наступілі ў дзетдом у апошні час, былі хлопцы цёртыя. Нядзведскі.
3. Разм. Дрэнна ведаць які‑н. вучэбны прадмет, не паспяваць па якім‑н. прадмеце. Кульгаць па матэматыцы. // Быць недастаткова засвоеным (пра які‑н. вучэбны прадмет). У яго фізіка кульгае.
•••
Кульгаць на абедзве нагі — а) будучы недастаткова дасведчаным у якой‑н. справе, рабіць значныя промахі; б) праходзіць дрэнна, з перабоямі, зрывамі (пра справу, работу і інш.). Дысцыпліна кульгае на абедзве нагі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазніма́ць і паздыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Зняць адкуль‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Пазнімаць каструлі з агню. Пазнімаць дзверы з завесаў. □ [Мацвей:] — А як Цімоша кілбасы ў Несцера пазнімаў, ты помніш? Лобан. Людзі .. патушылі печы і нават паздымалі бялізну, што вісела на вяроўках, нацягнутых між дрэвамі. Сіняўскі. // Прыбраць усё, многае. Пазнімаць рыштаванні. // Здзець з сябе ўсё, многае. Хлопцы зразумелі ўчынак свайго настаўніка і таксама саскочылі з павозкі ды пазнімалі шапкі. Якімовіч. [Рыбаловы] паздымалі кашулі і пазавязвалі рукавы. Броўка. // Адазваць адкуль‑н. усіх, многіх. Пазнімаць вучняў з заняткаў. Пазнімаць дывізіі з фронту.
2. Адмяніць усё, многае. Пазнімаць судзімасці. // Адмовіцца ад усяго, многага. Паздымаць прапановы. Пазнімаць кандыдатуры.
3. Садраць, зняць з якой‑н. паверхні ўсё, многае. Пазнімаць кару з дрэў. □ На твары, там, дзе паздымалі бінты, расла рыжая шчаціна. Скрыган.
4. Пазбавіць усіх, многіх магчымасці дзейнічаць. Пазнімаць баксёраў са спаборніцтваў.
5. Вызваліць, звольніць усіх, многіх. Пазнімаць брыгадзіраў з работы.
6. Скапіраваць усё, многае. Пазнімаць копіі з дакументаў.
7. Узяць у наймы ўсё, многае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)