калектыў рабочых прадпрыемства, які сумесна выконвае адзінае вытв. заданне і нясе агульную адказнасць за вынікі работы; першасная ячэйка прац. калектыву. Брыгады вытворчыя бываюць: спецыялізаваныя (аб’ядноўваюць рабочых адной прафесіі, напр., брыгада слесараў), комплексныя (аб’ядноўваюць рабочых розных прафесій, для выканання асобных работ ці аперацый у іх складзе могуць стварацца спецыялізаваныя звенні), зменныя (ствараюцца з рабочых адной змены) і скразныя (аб’ядноўваюць рабочых, занятых у некалькіх зменах). Кіруе брыгадай вытворчай брыгадзір, які прызначаецца з членаў брыгады і, як правіла, не вызваляецца ад асн.вытв. работы. Найб. пашыраная форма аплаты працы рабочых брыгады вытворчай — здзельная заработная плата, якая размяркоўваецца паміж членамі брыгады з улікам адпрацаванага кожным рабочага часу і тарыфнага разраду. Для павышэння калект. зацікаўленасці і больш эфектыўнага выкарыстання прац., матэр. і фін. сродкаў брыгады вытворчай пераходзяць на брыгадны падрад: заключаюць дагавор з адміністрацыяй, паводле якога брыгадзе перадаецца частка маёмасці прадпрыемства, устанаўліваюцца вытв. заданні; заробленыя грошы размяркоўваюцца паміж членамі брыгады паводле прац. ўкладу кожнага, а пры калект. згодзе — з выкарыстаннем каэфіцыента прац. ўдзелу. З пашырэннем арэндных адносін брыгадна-падрадная форма арганізацыі і аплаты працы перарасла ў арэндны падрад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць парадак кіравання гасп. дзейнасцю, рэгулююць гасп. адносіны, што складваюцца паміж рознымі арг-цыямі і іх падраздзяленнямі, і накіраваны на забеспячэнне рацыянальнага і эфектыўнага гаспадарання. Нормы гаспадарчага права змешчаны ў актах гасп. заканадаўства, якое вызначае прынцыпы, формы і метады гаспадарання, прававое становішча суб’ектаў гаспадарання і органаў гасп. кіравання, сістэму гаспадарчых дагавораў і інш. абавязацельстваў, адказнасць у гасп. адносінах і інш.Асн. крыніцамі гаспадарчага права Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца яе Канстытуцыя, законы аб прадпрыемствах, кааперацыі, маёмасці, прадпрымальніцкай дзейнасці, аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці, банкаўскай справе, аб эканам. неплацежаздольнасці і банкруцтве, аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзярж. уласнасці, аб абароне правоў спажыўцоў і інш. У гаспадарчае права сумесна з агульнымі нормамі і правіламі выкарыстоўваюцца і нормы канкрэтнага характару (нормы-заданні, рэкамендацыі, ведамасныя інструкцыі і інш.), якія выдаюцца ўрадам і органамі гасп. кіравання, рашэнні гасп. судоў па канкрэтных спрэчках суб’ектаў гаспадарання і інш. Забеспячэнне іх выканання дасягаецца пэўнымі санкцыямі, якія прымяняюць у выпадках парушэння нормаў, а таксама мерамі матэрыяльнага заахвочвання і ў арганізац. парадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІ́СТЫ (ад лац. communis агульны) 1) аб’яднанне з белых рымска-каталіцкіх ксяндзоў на аснове ўласнага статута. Заснавальнік — ням. ксёндз Барталамей Хольцгаўзер. У 1640 ён стварыў аб’яднанне, члены якога абавязваліся жыць сумесна, мець агульны прыбытак (адсюль назва), дапамагаць адзін аднаму, клапаціцца пра сваю цнатлівасць. У 1680 папа рымскі Інакенцій XI зацвердзіў іх статут. На чале ўсёй арганізацыі К. стаяў ген. начальнік, які зацвярджаўся папам рымскім пажыццёва; пры ім былі 2 асістэнты і 2 ген. візітатары. Кіраўніцтва К. ў дыяцэзах (епархіях) ажыццяўлялі дыяцэзныя начальнікі, якія падпарадкоўваліся біскупам. Мясц. абшчыну ўзначальваў суперыёр. З 2-й пал. 17 ст. аб’яднанні К. пашырыліся ў інш.еўрап. краінах. У 1683 біскуп пазнанскі Вяжбоўскі запрасіў абшчыну К. у Рэч Паспалітую, дзе яны заснавалі семінарыю ў г. Гура-Кальварыя, потым — у Варшаве. На Беларусі найб. вядомая іх абшчына — дом К. у Пінску (16951836). У прыгарадзе Пінска Караліне для К. быў пабудаваны касцёл св. Карла Барамея. Апошнія дамы К. у Рас імперыі закрыты разам з каталіцкімі кляштарамі ў 1830—60-я г. 2) Члены камуністычных партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДКО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Фёдаравіч; 21.1.1907, в. Вусце Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 16.8.1968),
бел. і расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). Да 1945 рэжысёр і сцэнарыст на кінастудыях Масквы, Адэсы, Кіева, Ташкента. У 1946—47 і 1950—53 міністр кінематаграфіі Беларусі, у 1953—56 нам. міністра культуры Беларусі. Працаваў гал. рэдактарам і рэжысёрам Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў (Масква). Рэжысёр маст. і дакумент. фільмаў «Шчаслівыя кольцы» (1929), «Песня пра першую дзяўчыну» (1930, абодва з Л.Голубам), «Шумі, гарадок» (1939), «Дэмакратычная Германія» (сумесна з «Дэфа», 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951). Сцэнарыст і пастаноўшчык фільмаў «Майская ноч» (паводле М.Гогаля, 1940), «Беларускі кінаканцэрт» («Жыві, родная Беларусь!»), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (абодва з У.Корш-Сабліным, 1944). Аўтар гіст. раманаў «Георгій Скарына» (з Я.Львовым, 1951), «Мадам Любоў» (1966), «Аповесці аб ясным Стахоры» (1956), аповесці «Чалавек у тумане» (1960), сцэнарыяў фільмаў «Міколка-паравоз» (з М.Лыньковым, 1957), «Наша зямля» (1960), «Ахвяры абвінавачваюць» (1962), «Я, Францыск Скарына» («Беларусьфільм», 1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЫ́ДАЎ (Вадзім Васілевіч) (9.4.1931, в. Вязынь Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.2002),
бел. хімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1980), д-рхім.н. (1973), праф. (1975). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1952), дзе і працуе з 1955 (з 1965 заг. кафедры), адначасова ў 1979—93 дырэктар НДІ фіз.хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па фотахіміі неарган. сістэм, хіміі фатагр. працэсаў, хіміі цвёрдага цела, праблемах выкладання хіміі. Устанавіў заканамернасці тэрмічнага раскладання, фатолізу і радыёлізу цвёрдых солей, заканамернасці фарміравання ультрадысперсных складаных аксідаў з сумесна асаджаных гідраксідаў металаў, умовы сінтэзу ў водным асяроддзі нанакрышт. металаў з рэгулюемым памерам часціц. Выявіў заканамернасці фарміравання нанаструктураваных і аморфных біметал. плёнак, у т. л. плёнак нераўнаважнага саставу, пры хім. і электрахім. асаджэнні. Распрацаваў прынцыпы фотаселектыўнага асаджэння металаў з раствораў і асновы яго выкарыстання для нанясення метал. плёнак на экспанаваныя ўчасткі падложак.
Тв.:
Фотохимия и радиационная химия твердых неорганических веществ. Ч. 1. Мн., 1964;
Химическое осаждение металлов из водных растворов. Мн., 1987 (у сааўт.);
Неорганический синтез. 2 изд. Мн., 2000 (разам з Г.А.Папковіч, А.І.Васілеўскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Панталы́к ’фанабэрыя, пыха’ (Нас.), ’розум, троп’ (Бяльк.), збіць(ца) з панталыку ’збіць(ца) з розуму’ (ТСБМ, ТС). Рус.панталы́к ’толк’, звычайна ў выразе сбить з панталы́ку, укр.збити з пантели́ку ’тс’. Пэўнай этымалогіі няма. Меркаванне Корша (гл. Праабражэнскі, 2, 12) аб запазычанні з азерб.pänd ’майстэрства, хітрасць, выкрут’. Фасмер (3, 199) лічыць неверагодным. Трубачоў (у Фасмера, там жа) падтрымлівае версію Гараева (Доп., 2, 28) аб паходжанні з ням.дыял.pandl̥ < Band ’завязка’ і ўдакладняе, што панталыксумесна з укр.дыял.карп.пантли́к, пантли́ка ’стужка’, польск.дыял.pętlik, pętlika ’пятля, завязка’, славац.pántlik, чэш.мар.pentlik мае крыніцай аўстрыйска-бавар.pantl ’завязка, стужачка’ (параўн. Балецкі, SSlav. 4, 1958; Крынжале, 354).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прастарна́к ’калочак, якім хлопцы прыбіваюць на начлезе лапці да зямлі ў соннага для жарту’ (Бяльк.). Няясна. Сюды ж пастарна́к (гл.), якое, паводле Лучыца-Федарца (там жа), да пастарнак ’расліна’. Але да апошняга ўзыходзіць, відаць, толькі значэнне ’галоўны корань яблыні’, а пастарнак у значэнні ’калочак пры вяроўцы, якім карыстаюцца пры навязванні жывёлы на пашы’ сумесна з прасторнак, відаць, звязаны з групай слоў тыпу штыр (гл.), рус.стырь; параўн. рус.пск.стыро́к ’шпянёк’, ’вось воза’ і інш. Не выключана сувязь з польск.pasternik ’агароджаная паша для цялят з шалашом для пастуха’, pasternia ’шалаш для пастуха’ (адносна іх гл. Банькоўскі, 2, 512), або з дзеясловам тыпу рус.стыра́ть ’дражніцца’, параўн. насты́рны (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
akord, ~u
м.
1.муз. акорд;
fałszywy akord — фальшывы акорд;
brać ~y — браць акорды;
2. здзельная праца; здзельшчына;
pracować na akord — працаваць сумесна (разам; здзельна)
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ЗВА́РКА,
зварка з награваннем металаў або пластмас токамі высокай частаты. Адрозніваюць высокачастотную зварку металаў ціскам і плаўленнем, бесперапынна паслядоўную (зварным швом) і адначасовую, з індукцыйным або кантактным (найб. пашырана) падводам току.
Пры зварцы швом створанае токам высокачастотнае магнітнае поле пранікае ў прамежак паміж краямі вырабаў, якія аплаўляюцца і сціскаюцца. Скорасць зваркі да 1 м/с і болей, рабочыя частоты 0,01, 0,44 і 1,76 МГц. Гэтым спосабам зварваюць сплавы жалеза, алюмінію, медзі і інш. (пры вытв-сці труб, кабеляў, бэлек, злучэнні лістоў, стужак і г.д.). Індукцыйная высокачастотная зварка заключаецца ў глыбінным індукцыйным нагрэве тарцоў вырабаў і іх сцісканні. Выкарыстоўваецца для злучэння малавугляродзістых і нізкалегіраваных сталей (пры стыкоўцы труб, дзе захоўваецца ўнутр. сячэнне). Пры высокачастотнай зварцы плаўленнем тарцы загатовак сумесна аплаўляюць спец. індуктарам. Такім спосабам робяць карпусы метал. вырабаў, злучаюць трубы з лістамі. Пры высокачастотнай зварцы пластмас іх награюць у пераменным эл. полі рабочага кандэнсатара (гл.Дыэлектрычны нагрэў), які служыць і зварачным прэсам. Так атрымліваюць вырабы з ліставых і плёначных тэрмапластыкаў.
Высокачастотная зварка трубы з індукцыйным (а) і кантактным (б) падводам току: 1 — магнітаправод; 2 — загатоўка; 3 — індуктар; 4 — валок зварачнай клеці; 5 — месца зваркі; 6 — разец для зняцця выцесненага металу; 7 — зварачны кантакт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 у Жлобіне і раёне Гомельскай вобл. Групы дзейнічалі ў Жлобіне: у паравозным дэпо (кіраўнік М.І.Елісееў, І.М.Казлоў, Г.В.Канаплянікава, Ц.П.Міненкаў, АП.Цямінская), друкарні (Р.П.Баранаў, М.П.Калеснічэнка), раённай б-цы (У.М.Лабанаў), у вёсках Антонаўка (А.І.Севасцьянчык), Бабоўка (Н.А.Дражын), Кабанаўка (М.Дз.Антуськоў), Мормаль (І.А.Лебедзеў), Святое (А.І.Карунчык), Шчадрын (Л.М.Жураўлёва); у Малевіцкім сельсавеце (І.М.Шаўцоў). У 1942 узніклі новыя групы ў Жлобіне (Гарбатаў, С.А.Казлоў, Дз.В.Ніжнікаў, Т.І.Раміська, І.І.Цыркуноў), у вёсках Адраджэнне (П.Б.Кіраў), Папаратнае (В.З.Фамянок), Сельнае (П.С.Дзегцяроў), Старая Рудня (А.П.Капусцін, М.Г.Маршын), Шапарня (У.Б.Паўлаў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю і перадавалі яе партызанам, з якімі сумесна праводзілі дыверсіі па знішчэнні транспарту, баявой тэхнікі і жывой сілы акупантаў, знішчалі паравозы, на некалькі дзён паралізавалі дзейнасць чыг. вузла. У гонар баявых дзеянняў падпольшчыкаў і партызан на развілцы дарог каля в. Лугавая Вірня Жлобінскага р-на пастаўлены абеліск.