ПАПАЛЕ́КСІ (Мікалай Дзмітрыевіч) (2.12.1880, г. Сімферопаль, Украіна — 3.2.1947),

расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па радыёфізіцы і радыётэхніцы. Акад. АН СССР (1939; чл.-кар. з 1931). Скончыў Страсбургскі ун-т (1904), дзе працаваў да 1914. З 1918 у Адэскім політэхн. ін-це (з 1922 праф.). З 1922 у Цэнтр. радыёлабараторыі (Ленінград), з 1935 у Фіз. і Энергет. ін-тах АН СССР (Масква). Навук. працы па радыёфізіцы, радыётэхніцы, тэорыі нелінейных ваганняў. Праводзіў даследаванні па накіраванай радыётэлефоннай сувязі, па радыёсувязі з падводнымі лодкамі і тэлекіраванні, кіраваў распрацоўкай першых расійскіх радыёлямпаў (1914—16). Сумесна з Л.І.Мандэльштамам стварыў тэорыю нелінейных ваганняў, распрацаваў метад параметрычнага ўзбуджэння эл. ваганняў і прапанаваў радыёінтэрферэнцыйны метад даследавання распаўсюджвання радыёхваль і дакладнага вымярэння адлегласцей. Адзін з першых выказаў ідэю радыёлакацыі Месяца. Прэмія Дз.​І.​Мендзялеева 1936. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Собр. трудов. М., 1948.

Літ.:

Памяти Н.​Д.​Папалекси // Изв. АН СССР. Сер. физ. 1948. Т. 12, № 1.

А.​І.​Болсун.

М.​Дз.Папалексі.

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)