сумава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.

1. Адчуваць сум, смутак; аддавацца душэўнай горычы. Недзе, далёка, Сумуе гаротная матка. Танк. Паблізу ад сябе .. [Марыля] чуе ласкавы, спачувальны голас: — Не сумуйце так, ле пакутуйце. Кулакоўскі. [Маці:] — А Надзя твая [Федзечка] вельмі сумуе. Часта да нас забягае і ўсё плача. Няхай. // Журыцца. Першыя дні, калі бацька паехаў у адпачынак, Надзейка, прыходзячы дадому, сумавала. Хадкевіч. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш.. ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. Не пішы аб тым мне, Што ўсё сумуеш, Я таксама, знаю, Сёння не засну. Тарас. / у перан. ужыв. Сумуе клён у поплаве на грудзе. Русак.

2. па кім-чым. Адчуваць душэўную трывогу, маркоту; тужыць па кім‑, чым‑н. У першы дзень Міхась сумаваў па матцы. Якімовіч. Вось і тая зямля, дзе дужэў ты і рос, Па якой сумаваў столькі зім, столькі вёсен. Кірэенка. Скажу адно, можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Зазнаваць патрэбу ў чым‑н.; перажываць без чаго‑н. [Марына] нярэдка сумавала па заводу. Шахавец. І трэба сказаць — сумуюць па ёй [лесарубнай справе] яго багатырскія плечы! Якімовіч. // Маркоціцца (пра жывёл). Недзе ў хляве сумавала ахрыплым голасам цялё. Чорны.

3. Нудзіцца. У хаце, быццам у вуллі, Тут сумаваць няма калі! Барадулін. Прыходзіць дадому. Сумуе адзін... Якую прыдумаць работу? Бялевіч. // Знаходзіцца ў бяздзейнасці (пра рэчы). І стаяць, сумуюць санкі, Не знайсці хлапцам гулянкі, Бо не выпаў снег. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́чна 1, то́чне ’дакладна, сапраўды’ (Ян.; калінк., З нар. сл.), то́чно ’дакладна’ (Вруб.), ’нібы, быццам, якраз’ (ТС). Укр. то́чно, рус. то́чно ’дакладна’ развіліся са стараж.-рус. прыметніка точьныи ’падобны, адпаведны’ < ст.-слав. тъчьнъ ’аднолькавы, падобны’, які ўзыходзіць да наз. точь ’кропка’ < прасл. *tъčь < *tъk‑jь ад *tъkti ’тыкаць’ (Фасмер, 4, 90; ЕСУМ, 5, 611). Формы на ‑не ўзніклі пад уплывам польскай мовы (параўн. dokładnie ’дакладна’, pewnie ’ўпэўнена’ і інш.). То́чна ’іменна’ ў вырабе так точна! (ТСБМ) узята з рускай вайсковай тэрміналогіі.

То́чна 2 ’цягне на ваніты’, ’туга, нуда бярэ’ (Нас.), ’млосна, моташна, нудна’ (Тур.), то́чно ’сумна, журботна, тужліва’ (ваўк., Арх. Федар.), то́шна ’сумна, нудна’ (Касп.), ’цяжка’ (Жд. 1), ’моташна, млосна’ (Сл. ПЗБ), то́шно ’тс’ (Вруб.), то́скна ’тужліва, журботна’ (Ласт.), ст.-бел. то́шно ’тс’ (Альтбаўэр); тачнава́ць (то́чноваць) ’тужыць, нудзіцца’ (Нас.), ташнава́ць (тошнова́ць) ’тс’ (Нас., Рам. 8–9), ст.-бел. тошнити ’мець цягу, цягнуцца’, тошнитися ’станавіцца непрыемна’ (Сл. Скар.). Укр. то́шно ’цяжка, моташна’, рус. то́шно ’тс’, ’нудліва’, ’агідна, гідка’, ’млосна, прыкра’, польск. tęskno ’сумна’, ’тужліва, нудна’ (‑ę‑ мае другасны характар), teszny ’сумны, журботны’, tesznić ’сумаваць, тужыць’, ст.-польск. teskno, tesznie, teszno ’прыкра, непрыемна’, н.-луж. tešny, tešliwy ’баязлівы’, ’той, у каго сціскаецца сэрца ад жуды’, ’цяжкі, змрочны’, в.-луж. tešny, tyšny ’трывожны, смутны, баязлівы, журботны’, чэш. teskno ’сумна, тужліва’, славац. tesno ’тс’, cno (< *tskno) ’тс’. З прасл. дыял. *tъsknъ ’смутны, сумны, прыгнечаны’ (Борысь, 632) ці з *tъščьnъ (Фасмер, 4, 90), звязанага генетычна з прасл. *tъska ’смутак, прыгнечанасць, дрэннае самаадчуванне’, ’моташнасць, цяга да ванітаў’, ’млоснасць’, стараж.-рус. тъска ’цяжкая сітуацыя’, ’бура на моры’, ’гора, сум, непакой’ (Фасмер, 4, 90; ЕСУМ, 5, 612), гл. таска. Пераход ‑шн‑ у ‑чн‑ пры ад’ідэацыі звычайнай мены ‑чн‑ у ‑шн‑ у беларускіх і часткова рускіх гаворках.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Leid n -(e)s

1) боль, паку́та

2) го́ра, сму́так;

j-s ~ téilen падзялі́ць чыё-н. го́ра;

j-m sein ~ klágen дзялі́цца сваі́м го́рам з кім-н.;

dir soll kein ~ geschéhen цябе́ ніхто́ не пакрыўдзіць;

j-m ein ~ tun* пакрыўдзіць каго́-н., прыне́сці каму́-н. го́ра;

~ trágen* (um, über A) смуткава́ць [бедава́ць, тужы́ць] (па кім-н., чым-н.);

vor ~ vergéhen* гарава́ць, бедава́ць, паку́таваць;

◊

kein ~ óhne Freud ≅ няма́ лі́ха без дабра́

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

разагна́ць, разганю, разгоніш, разгоніць; заг. разгані; зак., каго-што.

1. Прымусіць разбегчыся, разысціся, разляцецца ў розныя бакі. З месца, дзе я ляжаў, можна было нават адной аўтаматычнай чаргой разагнаць немцаў і паліцаяў. Карпюк. Паліцыя разагнала дэманстрантаў. «Звязда». Валерык разагнаў малых, што лавілі паблізу печкуроў, вярнуўся на вуліцу і пеўнем прайшоўся з канца ў канец вёскі. Шашкоў. // Разм. Выгнаць, звольніць (усіх, многіх) адкуль‑н. [Маша:] «Трэба сказаць [Максіму], што дарэмна ён разагнаў рабочых». Шамякін. [Башлыкоў] сцвярджаў, што праз год-два мадэльны цэх разваліцца, не будзе даваць плана, і адміністрацыю разгоняць. Мыслівец. // Разм. Ліквідаваць, спыніць існаванне каго‑, чаго‑н. Разагнаць Дзяржаўную думу. □ [Базылюк:] — Паліцыі загадана разагнаць канферэнцыю. А ёй толькі скажы — і яна накінецца, нібы гайня шалёных сабак. Машара.

2. Рассеяць, развеяць. Па трэці дзень паўднёвы вецер разагнаў хмары, і выглянула вясёлае, ласкавае сонца. Шамякін. Скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем, разагнаў цемень. Колас. // Прымусіць прайсці, мінуць (пра настрой, пачуццё, стан). Разагнаць смутак. □ Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс. Колас. Санітара марыў сон, і ён рознымі спосабамі стараўся разагнаць яго. Чорны.

3. і без дап. Паскорыць ход, рух каго‑, чаго‑н. Разагнаць каня. □ Энергічнымі рухамі .. [Алесь] так разагнаў лодку, што толькі хвалі разляталіся ў бакі. Ваданосаў.

4. Разрэзаць удоўж. Разагнаць калоду.

5. Разараць (барозны). Разагнаць загон бульбы.

6. Размясціць на якой‑н. паверхні, займаючы як можна больш месца. Разагнаць друкарскі набор на дзве паласы.

•••

Разагнаць кроў — якімі‑н. рухамі ўзмацніць кровазварот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разва́жыць ​1, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Раздзяліць на часткі з дапамогай вагаў. Разважыць цукар.

разва́жыць ​2, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. каго-што. Разабраўшы абставіны, супаставіўшы факты, прыняць рашэнне ў якой‑н. справе. Я прыйшоў да Канстанціна Міхайлавіча з раніцы, як мы папярэдне дамовіліся, каб разважыць усе справы «на свежую галаву». Лужанін. Разважыла нас, як кажуць, вышэйшая інстанцыя: на рэспубліканскім аглядзе «Лядкоўская кадрыля» была адзначана як арыгінальны .. нумар. Сабаленка.

2. з дадан. сказам і без дап. Падумаўшы, вырашыць. Бацька разважыў, што без гаспадыні ніяк нельга, і ажаніўся другі раз. Крапіва. — Да світання туды не дабяжыш, — разважыла Зіна. — Хадзем лепш у бліжэйшую вёску і возьмем каня! Карпюк.

3. Падумаць над чым‑н., абдумаць што‑н. Брыгадзір рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такі рашучы выгляд, звычайна ён любіў параіцца, разважыць. Шамякін. Вы, што праходзіце няўзнак каля звычайнай хвойнай дошкі, спыніце на хвіліну шаг, зірніце ды разважце трошкі. Дудар.

разва́жыць ​3, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Рассеяць, развеяць (непрыемнае пачуццё, гора і пад.). [Андрэю] было шкада дзяўчыны, і ён не ведаў, чым разважыць яе смутак. Сапрыка.

2. Супакоіць, адцягнуць ад якіх‑н. непрыемных пачуццяў, перажыванняў, займаючы каго‑н. размовамі, справамі і інш. Цяпер ужо Белы стараўся разважыць Максіма, па-мядзведжы тупаў ля яго, няўмела расказваў смешныя гісторыі. Машара. Людміла хоча разважыць яе, хоча, каб Рая менш думала пра сваю бяду, пра тое страшнае, што перажыла, каб прывыкала жыць такой, якая яна цяпер. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блі́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на невялікай адлегласці; проціл. далёкі. Вось-вось пакажацца сонца над блізкім лесам. Лынькоў. У блізкай вёсцы ўсхліпнуў, заспяваў гармонік. Бядуля. // Які мае невялікую працягласць у прасторы; кароткі. Усе [байцы] стралялі з блізкай дыстанцыі. Чорны.

2. Які аддзяляецца невялікім прамежкам часу. Свяціла сонца, .. зыркае і прамяністае: дыхала блізкаю вясною. Гартны. Яшчэ трымалася цеплыня над зямлёй, але чуліся блізкія халады. Чорны. Мацнела.. [Сашына] вера ў блізкую перамогу. Шамякін.

3. Звязаны пачуццямі сімпатыі, дружбы, кахання; дарагі. Зоня стала такой блізкай і каханай, што без яе не знойдзеш цяпер сілы жыць. Кулакоўскі. І ніколі так моцна, як у гэтыя моманты, не ныла.. [Крамарэвічава] душа па Алесі, Ганцы, Толю і ёй, добрай яго жонцы, такой блізкай і роднай жанчыне. Чорны. / у знач. наз. блі́зкі, ‑ага, м. Праўду кажуць, пачуцці ў маўчанні глыбеюць. Блізкі блізкага гэтак паўней разумеюць. Лужанін. // Цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Блізкі да дыпламатычных колаў.

4. Які мае кроўныя сувязі; родны. Дзецям нашым — самым блізкім кроўна — Мы даём жыццё навечна ў дар. Гілевіч. / у знач. наз. блі́зкія, ‑іх, мн. Мае вы блізкія, мой бацька, маці. Як рад я кожнай вестачцы ад вас. Астрэйка.

5. перан. Добра вядомы, дарагі. Нам волжскі край стаў самым дарагім; І пах бароў, і шум вады вясенняй — Здаецца ўсё тут блізкім нам такім, На той зямлі, дзе нарадзіўся Ленін. Прыходзька. / у знач. наз. блі́зкае, ‑ага, н. Лёгкі смутак па чымсьці неасэнсаваным, але блізкім, неабходным для жыцця і шчасця, крануў.. [Таццяніна] сэрца. Шамякін.

6. Падобны. Блізкія па значэнню словы. Блізкія тэмы.

•••

Блізкі свет; не блізкі свет; за блізкі свет гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; зак.

1. на каго-што. Бегучы, сутыкнуцца з кім‑, чым‑н., наскочыць на каго‑, што‑н. Набегчы на прахожага. Набегчы на камень.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка насунуўшыся, пакрыць сабой нейкую прастору (пра хвалі, хмары і пад.). Я зноў ля мора. У далях шэрых Яно іграе, нібы ртуць. І хвалі на пясчаны бераг То набягуць, то адбягуць. Ставер. // Раптам наляцець, узняцца, пачацца (пра вецер, дождж і пад.). Набег цёплы ветрык і ўскалыхнуў возера. Кандрусевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Раптам узнікнуць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Набеглі ўспаміны. Набег смутак. Набеглі трывожныя думкі. // З’явіцца на твары, як адбітак якіх‑н. пачуццяў. Усмешка набегла на твар капітана. Пестрак. // Выступіць на вачах (пра слёзы). На вочы бацькі набеглі слёзы. Мележ. // чым. Пачырванець ад прыліву крыві. Юрка бачыць, якая чырвоная ў Акцызніка ззаду шыя, — здаецца, набегла крывёю. Пташнікаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нацячы, насыпацца (пра вадкасці або сыпкія целы). Набегла вада ў пограб. // перан. Павялічыцца ў суме, сабрацца, назапасіцца. [Учотчыца:] — За бульбу працэнтоўку даюць. З дзесяці пудоў — пуд. Сотня пудзікаў каму-небудзь набяжыць. Навуменка. [Анатоль Макаравіч:] — [Нехта] так ушчыльніў сеансы, што паміж імі няма перапынкаў. А раз такая шчыльнасць, то даволі на сеанс якой-небудзь затрымкі хвіліннай, каб да вечара набегла дзесяць-пятнаццаць мінут спазнення... Шамякін.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў адным месцы ў вялікай колькасці, збегчыся. Набегла народу з усяе ваколіцы. Бядуля. Праз хвіліну ўсё навокал астрога было на нагах, у камеру набегла паліцыянтаў. Чорны.

•••

Набегчы на памяць — успомніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрэ́бці, скрабу, скрабеш, скрабе; скрабём, скрабяце; пр. скроб, скрэбла; незак., каго-што.

1. і без дап. Праводзіць па паверхні чым‑н. вострым, цвёрдым, зачэпліваючы ці робячы драпіны. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі. Колас. Блізка мыш скрабе па сценцы, Кот цікуе на паленцы. Бядуля. На гумовых ботах, па халявах, скроб сухі верас, абсыпаны, абдзёрты калёсамі. Пташнікаў.

2. Здзіраць, счышчаць чым‑н. вострым тонкі слой з якой‑н. паверхні. Не спіцца. І нават не творыцца. І сам я не рады сабе. Аж чую: на досвітку дворніца Дарогу ля дома скрабе... А. Вольскі. Антанюк узброіўся нажом, закасаў рукавы пінжака і скроб абсмаленую тушу, цёр мокрай саломай. Шамякін. // З сілай церці, чысціць. Ягор найбольш завіхаўся ля коней, мыў іх, скроб або карміў. Навуменка. Дзяўчынкі да жаўцізны скрэблі падлогу, здымалі павуцінне, праціралі сцены, мылі вокны. Курто.

3. Чысціць, абчышчаць (маладую гародніну, рыбу і пад.). Спроб .. [Яўтух] ножыкам бульбіну ды моўчкі хаваў сваю добрую ўсмешку ў сівых вусах. Бялевіч. Бялявы хлапчук на парозе, як дома, ваюючы з кошкай, скрабе шчупака. Вялюгін.

4. і без дап. Чухаць (якія‑н. часткі цела). [Цымбал] уздыхае, скрабе ў барадзе і, відаць, пра нешта хоча загаварыць. Скрыган. [Жонка:] Што ты там бурчыш пад нос? Скрабеш каля вуха? Купала.

5. перан. Непакоіць, трывожыць, хваляваць (пра думку, пачуццё і пад.). Яго душыў смутак і скрэбла злосць. Чорны. [Бацька:] — Вершы зусім недзіцячыя, а такія, што і старога скрабуць па сэрцы... Таўлай.

6. Дробна, тонка стругаць што‑н.; здрабняць. У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Караткевіч.

•••

На сэрцы (на душы) кошкі скрабуць гл. кошка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

СЕНТЫМЕНТАЛІ́ЗМ (франц. sentimentalisme ад англ. sentimental пачуццёвы),

плынь у еўрапейскай маст. культуры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Сфарміравалася ў л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах пад уплывам ідэалогіі эпохі Асветніцтва і ранняга рамантызму як альтэрнатыва рацыяналістычнай зададзенасці і нарматыўнасці класіцызму. Узнікла пад уплывам дэмакратызацыі грамадскага жыцця, пераадольвання яго саслоўнай ізаляванасці, пераходу ад феад. да бурж. грамадскіх адносін, барацьбы за свабоду асобы і свабоднага выяўлення яе гуманных пачуццяў.

У літаратуры С. зарадзіўся ў Англіі ў канцы 1720-х г., сфарміраваўся там у 1740—50-я г. (С.​Рычардсан, Дж.​Томсан, Э.​Юнг, Т.​Грэй, Л.​Стэрн і інш.), тэарэт. абгрунтаванне атрымаў у сац.-філас. і літ. творах Ж.​Ж.​Русо і ў грамадска-літ. руху «Бура і націск» (Германія). У рус. л-ры быў дваранскім гуманістычна-асветніцкім кірункам (М.​Карамзін, І.​Дзмітрыеў, В.​Капніст, ранні В.​Жукоўскі). Асаблівасць С. як літ.-маст. і эстэт. плыні — яго недастатковая храналагічная акрэсленасць: сентыментальныя рэмінісцэнцыі і рэпрызы, характэрныя для большасці посткласіцысцкіх маст. метадаў і кірункаў — рамантызму, крытычнага рэалізму, натуралізму, сацыялістычнага рэалізму, некат. мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх плыняў.

У бел. л-ры С. — адна з плыняў бел.-польскага рамантызму 1-й пал. 19 ст. Найб. поўна выявіўся ў творчасці Я.​Чачота, Я.​Баршчэўскага, часткова ў паэзіі У.​Сыракомлі, ранняй паэзіі і драматургіі В.​Дуніна-Марцінкевіча. Пры гэтым рамантычныя ідэалы дамінуюць у іх польскамоўнай паэзіі, а сентыментальная арыентацыя на маральнае асветніцтва, гармонію паміж класамі і саслоўямі грамадства, дыдактыку і зварот да простага народа — у бел. творах, разлічаных на сялянства і фальварковую шляхту (вершы Чачота «Да мілых мужыкоў», «Як добра, калі мужык...», «Плакала бяроза ды гаварыла...», «Паночкі, нашы кветачкі...», «Ой, чаму ж ты, зязюлечка...»; вершы Баршчэўскага «Дзеванька», «Да Юліі», балада «Дзве бярозы»), Класічнымі ўзорамі С. ў бел. л-ры з’яўляюцца лібрэта камічнай оперы Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1844, апубл. 1846), яго вершаваная аповесць «Гапон» (1855), вершы «Літвінка», «Галубкі», «Смутак на чужыне», прасякнутыя ідэяй гармоніі грамадскіх адносін, акцэнтацыяй маральных крытэрыяў ацэнкі людскіх учынкаў, ідэалізацыяй натуральнай культуры і вясковага побыту, культам пачуццёвасці. Лепшыя здабыткі С. ўвайшлі ў бел. класічную і сучасную л-ру.

У выяўленчым мастацтве і архітэктуры С. набыў некат. агульныя стылявыя прыкметы: пяшчотнасць, мяккасць мадэліроўкі і каларыстычных адценняў, паветранасць дэталей, вытанчанасць збудаванняў, прадметаў, фігур, лёгкасць, прастату і высакародства. Культ прыроды, натуральнага пачуцця, прыроджанай несапсаванасці людзей і маральнай чысціні нараджалі асаблівую духоўную атмасферу, у якой узнікалі маст. вобразы, поўныя шчырасці, душэўнай высакароднасці, прыроднай грацыі. Элегічныя і пастаральныя настроі, ідэалізацыя патрыярхальнага побыту, захаплення натуральнай прыродай наклалі адбітак на архітэктуру пейзажных паркаў і размешчаных у іх палацаў, павільёнаў, будынкаў, якія пераймалі сельскія і экзатычныя ўзоры (архітэктары У.​Кент, У.​Чэймберс у Вялікабрытаніі, Ж.​А.​Габрыэль, Р.​Мік у Францыі, Ф.​В.​Эрдмансдорф у Германіі, Ч.​Камерон, П.​Г.​Ганзага, В.​Няелаў у Расіі). Для С. ўласцівы пяшчотныя, замілавальныя жаночыя, юнацкія і дзіцячыя вобразы (у скульптуры — Э.​М.​Фальканэ ў Францыі, М.​Казлоўскі ў Расіі; у жывапісе — партрэты Т.​Гейнсбара ў Вялікабрытаніі, Ж.​Л.​Вуаля, Э.-Л.​Віжэ-Лебрэн у Францыі, У.​Баравікоўскага ў Расіі), велічыня і меланхалічныя пейзажы з ант. руінамі і паркавымі пабудовамі (Ю.​Рабер у Францыі, С.​Шчадрын у Расіі). Папулярнасцю карысталіся творы Ж.​Гроза, А.​Каўфман, Ж.​А.​Фраганара, В.​Гісландзі, Ф.​Гвардзі і інш. У бел. мастацтве рысы С. найб. праявіліся ў творах І.​Аляшкевіча, С.​Богуша-Сестранцэвіча, Н.​Сілівановіча.

У тэатры тэарэт. абгрунтаванне С. далі Ж.​Ж.​Русо («Ліст да Д’Аламбера аб відовішчах», 1758), Л.​С.​Мерсье («Аб тэатры, ці Новы вопыт пра драматургічнае мастацтва», 1773), Я.​Ленц («Заўвагі пра тэатр», 1774). Пад уплывам С. ўзніклі жанры «слёзнай камедыі», мяшчанскай драмы. Прыёмы С. выкарыстаны ў драматургіі «Буры і націску», п’есах П.​Бамаршэ, у ранніх творах Ф.​Шылера, у меладрамах. У акцёрскім мастацтве ўвага звярталася на ўнутраны свет герояў, іх пачуцці (у супрацьпастаўленні з рацыяналістычным класіцызмам з яго пафаснасцю, дэкламацыйнай рыторыкай). Маўленне акцёраў набліжалася да побытавых інтанацый. Сярод прадстаўнікоў С. акцёры Д.​Гарык (Вялікабрытанія), А.​Каратыгіна, Я.​Шушэрын (Расія). У сцэнаграфіі замест традыц. «палацавых» залаў для трагедый і нейтральных статычных інтэр’ераў для камедый з’явіліся маляўнічыя пейзажы, прадметы побыту простага люду.

У бел. драматургіі і тэатры С. у самаст. кірунак не склаўся. Існаваў сумесна з інш. плынямі ў асобных прыёмах і матывах і меў выразна дэмакр. акрэсленасць (спагада да бедных, замілаванне роднай прыродай). На сумежжы класіцызму і С. напісана лібрэта М.​Радзівіла да оперы Я.​Голанда «Агатка, або Прыезд пана» (1784); матывы і элементы С. сустракаюцца ў «Сялянцы» Дуніна-Марцінкевіча, у жанрах драмы і меладрамы пач. 20 ст. («У іншым шчасці няшчасце схавана» К.​Каганца, «Блуднікі» Л.​Родзевіча, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло, «Апошняе спатканне» і «Ганка» У.​Галубка, «На Купалле» М.​Чарота, «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.​Гарбацэвіча і інш.). У сцэн. мастацтве найб. выразна рысы С. выявіліся ў спектаклях Бел. вандроўнага т-ра ў 1-й пал. 1920-х г.

У музыцы быў звязаны з аднайменным літ. кірункам. Тэарэтыкі С. (К.Ф.​Э.​Бах, Ж.​Ж.​Русо, Д.​Шубарт і інш.) лічылі музыку «мовай пачуццяў», здольнай «закрануць сэрцы слухачоў», адметная рыса якой — выразнасць мелодыі. Пад уздзеяннем С. ўзбагацілася вобразна-жанравая палітра музыкі, у оперы пашырылася супрацьлеглая класіцыстычнай эстэтыцы тэндэнцыя змешвання жанраў, у камічнай оперы, у т. л. ў Расіі — элементы драматызму, якія набліжалі яе да «слёзнай камедыі» («Добрая дачка» Н.​Пічыні і інш.). Узнік новы муз.-драм. жанр — меладрама. У інстр. музыцы С. часткова праявіўся ў творчасці кампазітараў мангеймскай школы. С. спрыяў росквіту сольнай песні з інстр. суправаджэннем любоўнага зместу: песні кампазітараў берлінскай школы, «расійская песня» (Ф.​Дубянскі, В.​Казлоўскі, Р.​Цяплоў).

Літ.:

Маркус С.А. История музыкальной эстетики. Т. 1. М., 1959;

Музыкальная эстетика Западной Европы XVII—XVIII вв. М., 1971;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. Мн., 1972;

Тарасюк Л.К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі XIX — пачатку XX ст. Мн., 1999.

У.​М.​Конан (літаратура), А.​В.​Сабалеўскі (тэатр), Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 14, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

изобража́ть несов.

1. (создавать образ кого, чего) ствара́ць во́браз (каго, чаго); (писать красками) малява́ць; (рисовать) рысава́ць; (лепить) ляпі́ць; (высекать) высяка́ць; (в литературе, театре, кино) пака́зваць; (жизнь, события — ещё) адлюстро́ўваць; (в литературе — ещё) апі́сваць, (словами) апі́сваць (што), раска́зваць (аб чым);

2. (быть, являться изображением чего-л.) быць, з’яўля́цца (чым), адлюстро́ўваць (што), уяўля́ць сабо́й (каго, што);

карти́на изобража́ла морско́й прибо́й карці́на адлюстро́ўвала марскі́ прыбо́й;

скульпту́ра изобража́ла во́ина скульпту́ра ўяўля́ла сабо́й во́іна;

3. (обнаруживать, выражать) выяўля́ць; выка́зваць;

лицо́ его́ изобража́ло скорбь твар яго́ выяўля́ў (выка́зваў) сму́так;

4. (выдавать себя за кого, представляться кем) прыкі́двацца (кім), стро́іць з сябе́ (каго), выдава́ць сябе́ (за каго);

изобража́ть из себя́ несча́стного стро́іць з сябе́ няшча́снага (выдава́ць сябе́ за няшча́снага);

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)