Інсты́нкт ’неўсвядомленая цяга, імкненне да чаго-н.’, ’чуццё, прадчуванне чаго-н.’ (ТСБМ), инсты́кт ’унушэнне’, ’цяга, унутранае пабуджэнне’ (Нас.). Ст.-бел. инстинктъ, инстиктъ, инстынктъ ’пабуджэнне, чуццё’ (1620 г.) (Булыка, Лекс. запазыч., 136; Гіст. лекс., 108). Запазычанне з лац. instinctus ’пабуджэнне’ праз польск. instynkt (XVII ст.). Рус. инсти́нкт у XVIII ст. праз нямецкую (Фасмер, 2, 135; Шанскі, 2, I, 87). Памылковае дапушчэнне аб запазычанні з рус. у пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 252, 272; Крукоўскі, Уплыў, 77), паколькі слова зафіксавана ў ст.-бел. мове і лексікаграфічных крыніцах XIX ст., аднак замацаванне слова ў навуковай тэрміналогіі адбылося, безумоўна, пад рускім уплывам; параўн. таксама націск.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Крапіва́ ’травяністая расліна сямейства крапіўных’ (ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах., Бяльк., Жд. 2, Кіс., Нар. лекс., Жыв. сл., Сержп. Грам., Янк. II, Яруш., Др.-Падб., Сцяшк.). Укр. кропива, рус. кропива, ст.-рус. кропива ’тс’, балг. коприва, серб.-харв. ко̀прива, славен. kopríva ’тс’, польск. pokrzywa, чэш. kopřiva, славац. koprva, в.-луж. kopřiwa, н.-луж. kopśiwa, палаб. küöpreiva ’тс’. Прасл. kopriva не мае надзейнай этымалогіі. Перш за ўсё нельга не адзначыць падобнасць словаўтваральнай структуры славянскай лексемы да італійскай. Таму трэба думаць аб магчымасці адпаведнай крыніцы. У якасці вельмі асцярожнай гіпотэзы можна дапусціць італійскую крыніцу: *kapr‑īva. Каранёвая частка гэтай рэканструяванай формы ўзыходзіць да назвы казы (лац. capra ’каза’). Тады гэта «казіная трава» (параўн. казіна ’дзікая трава, неўрадлівая, забалочаная сенажаць, дзе расце вельмі жорсткая, дзікая трава (пустазелле)’ або ў адпаведнасці з іншай матывацыяй ’едкая’). Параўн. сінонім да казлы, казлякі — казялец едкі і сінонім да крапіва — жыгучка, жгучка. Згодна з традыцыйнай версіяй, да koprъ ’кроп’ (Младенов, РФВ, 68, 384–386). Семантычнае тлумачэнне тут таксама ненадзейнае (у адпаведнасці з моцным пахам крапівы). Да таго ж сербскахарвацкі прыметнік kopriv ’крапіўны’ нельга разглядаць як вытворны з суфіксам ‑iv, паколькі ён не мае значэння ’кропны’. Гэта прыметнік з ётавай суфіксацыяй (параўн. рус. крапивь). Іншыя этымалогіі яшчэ менш надзейныя. Махэк (ZfSIPh, 17, 261) звязвае *kropiva (яго рэканструкцыя) з kropiti, паколькі крапіву залівалі варам перад скормліваннем жывёле. З апошняй літаратуры гл. Хінце LISL, А, 19/2, 170–171.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Калбу́к, колбу́к ’віхар’. Па тэрыторыі гэта фіксацыя адносіцца, паводле меркаванняў Кольберга, 440, да зах. Палесся (пруж.). Дакладных адпаведнікаў у значэнні ’віхар’ як быццам няма на іншай бел. тэрыторыі. На думку Цыхуна, Бел.-польск. ізал., 148, суадносіцца з польск. kołbuk ’міфічная істота ў вобразе птушкі’, kołbuk, або kłobuk ’злы дух. д’ябал’, дух у выглядзе агню’, якія фіксуюцца на Мазоўшы і ў Варміі. Меркаванне аўтара аб тым, што ідэнтыфікацыя бел. і польск. слоў у якасці ізалексы магчымая, паколькі ў народных прымхах віхар вельмі часта атаясамліваецца з д’яблам, патрабуе ўдакладнення. Па сутнасці, для польск. лексем аб значэнні ’віхар’ (’д’ябал’ < ’віхар’) мяркуецца’ на аснове бел., аднак няясна, ці ёсць значэнне ’д’ябал’ у бел. слова. Не выключана, што асноўныя яго значэнні іншыя і назва віхру — рэалізацыя пабочнай семемы. Можна думаць, што асноўнае значэнне бел. слова адпавядае польскаму ’злы дух, д’ябал’ і ўжыта яно было менавіта ў такім сэнсе. Супраць гэтага лінгвагеаграфія. Ёсць пэўныя цяжкасці і семантычнага плана. Польск. лексіка лічыцца запазычанай, у якасці крыніцы аўтары Варшаўскага слоўніка бяруць або Chobold ’міфічная істота ў вобразе птушкі’, або kobold казачная істота, якая пільнуе скарбы ў гарах’. Зыходзячы з формы kłobuk як асноўнай, Слаўскі (2. 257) уключае адзначаныя польскія лексемы ў артыкул kłobuk ’капялюш, каўпак’. У польск. гаворках адзначана kłobuch ’ястраб’, што можна супаставіць з вышэй прыведзеным значэннем ’злы дух у выглядзе птушкі’. Аднак тэрыторыя, на якой сустракаюцца гэтыя лексемы, розная. Калі зыходнай формай лічыць kołbuk, відавочна абгрунтаваным аказваецца меркаванне Цыхуна (там жа), што слова, магчыма, звязана з усх.-слав. колб‑ ’шар, круглы і тоўсты канец чаго-н.’, а значэнне ’д’ябал’ магло непасрэдна суадносіцца з вядомай на ўсходзе семантыкай лексем коўб ’страўнік жывёлы’, коўбы ’вантробы, кішкі’, паколькі ёсць розныя «зневажальныя» назвы аналагічнай з’явы на Кашубшчыне (гл. Сыхта, JP, 37, 1957; Сыхта, 1, 35–38). Паколькі падобныя назвы страўніка з’яўляюцца хутчэй за ўсё другаснымі (натуральныя вытворныя ад колб‑ ’шар і да т. п.’), а прыведзеныя польскія тэрміны для д’ябла этымалагічна няясныя, можна выказаць сумненне ў суаднесенасці бел. і польск. слоў. У такім выпадку застаецца прааналізаваць магчымасць утварэння разглядаемага слова ад клубок або ад клобук, або, як прапанаваў Цыхун, ад колб‑. Фармальна першыя дзве лексемы аднолькава падыходзяць у якасці крыніцы. Бліжэй да мяркуемага ўтваральнага слова клобук (для першага неабходная метатэза клубок ∼ клобук).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Адхлы́н ’адпачынак, перадышка’ (Юрч. Сін., Яўс.), рус. отхлянуть, отхленуть ’адпачыць’. Сюды ж рус. хлын ’лодар, гультай’ і хлынь ’замаруджаны ход каня’. Неверагодна Фасмер, 3, 173, рус. отхлянуть звязвае з хлебать. Супастаўленне Праабражэнскім, 2, 130, рускага слова з бел. адхлан (гл.) таксама спрэчнае, абедзве формы ён выводзіць з холад. Ільінскі (ИОРЯ, 20, 4, 157) лічыць генетычна роднаснымі рус. хлын, хлынь і хлынуть. Паколькі апошняе звязваецца з укр. хлюнути, польск. chlunąć, балг. хлун і інш., існуе магчымасць для рэканструкцыі *xlunǫti (* < xlǫnǫti < *xlǫbnǫti/xlębь). Параўн. бел. хляба і хлюпа ў значэнні ’дрэннае надвор’е’ з бел. адхлуп (гл.) і адхлын (гл. Мартынаў, Слав. акком., 131; ён жа, Бел.-рус. ізал., 69).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Буда́н ’будан’ (БРС, Янк. II), ’будынак, жыллё, хата і да т. п.’ (слаўг., Яшкін). Паколькі ўтварэнне ад бу́да́ ’жыллё, будан і да т. п.’ вельмі няпэўнае (па якой мадэлі?), то трэба буда́н лічыць ідэнтычным па паходжанню з байда́н (гл.) ’будан, выган, адкрытае месца і да т. п.’, рус. байда́н, буйда́н ’адкрытае месца, узвышша і да т. п.’ Усё з майда́н (са зменай м|б у цюрк. мовах; падрабязней гл. пад байда́н, там і некаторая літ-pa). На запазычанае слова, мабыць, аказала ўплыў слова бу́да́ ’жыллё і да т. п.’ Ад буда́н утвораны (суф. ‑аш) буда́ш, буда́ч ’будка, будан’ і будала́ш ’тс’ (Яшкін). Словаўтварэнне апошняга не вельмі яснае.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вары́згацца ’займацца пустымі размовамі; доўга з чым-небудзь вазіцца’ (Мядзв.), вораскаться ’тс’ (Мядзв.), вары́згаць ’гаварыць бязглузда і недарэчна’ (КЭС). Параўн. рус. дыял. вары́згать ’паспешна, неакуратна есці’, вара́згаться ’рабіць што-небудзь няўмела, доўга вазіцца’. Параўн. далей бел. варзе́каць ’размазваць што-небудзь густое’, рус. варза́кать ’рабіць што-небудзь наспех, сяк-так; дрэнна, неахайна пісаць’, укр. варзя́кати, верзя́кати ’балбатаць, вярзці’. Паколькі ў адным слове часта аб’яднаны значэнні ’пагана рабіць’ — ’балбатаць, гаварыць пустое, вярзці’ (параўн., напр., рус. вара́кать ’дрэнна рабіць, пэцкаць; гаварыць абы-што, вярзці’), то можна зыходзіць з *vьrz‑ti (вярзці́, укр. верзти́), да слав. *vьrz‑ ’плесці’. Форма вары́згацца (< варазгацца; параўн. варыхацца < варахацца) — гэта нібы экспрэсіўнае «паўнагалоссе» (vьrz‑ > верз‑ > вараз‑).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казі́цца ’нараджаць казлянят, прывесці прыплод’ (Бяльк.; мядз., Нар. сл., 60). Рус. зах.-бран., цвяр., калін. козиться, серб.-харв. kòziti, kòziti se, макед. кози се, балг. дыял. кози, кози се ’тс’. Нягледзячы на супадзенне форм дзеяслова ў незалежных арэалах, нельга меркаваць аб старажытным паходжанні слова, паколькі не выключаецца адносна позняе ўтварэнне па вядомай мадэлі. Аднак аргументаў на карысць позняга паходжання слова таксама няма. Архаічны характар утварэння можна пацвердзіць літ. ožinótis, ožkúotis у тым жа значэнні, што і слав. лексемы. Гэта дазваляе прапанаваць прасл. рэканструкцыю: koziti (sę) для разглядаемага слова са значэннем ’нараджаць казлянят’. Значэнне ’прывесці прыплод’ (у Бялькевіча) можна разглядаць як другаснае; больш ясна такое значэнне развіваецца ў дзеяслова каціцца (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́ўка ’галка’ (Касп., Сцяшк. МГ). Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 439, запазычанне з польск. мовы. У якасці крыніцы выстаўляецца польск. kawka ’тс’. Для дзеяслова ка́ўкаць ’мяўкаць’, ’каркаць’ (Сл. паўн.-зах. прыводзіць іншую крыніцу — літ. kaūkti ’выць’ (гл. падрабязна пад ка́ўкаць). Але справа не такая простая. Паколькі гэта лексема гукапераймальнага характару (параўн. польск. kawa, kawka, укр. дыял. ка́ва, літ. kóvas ’галка, грак’, чэш. kavka, серб.-харв. kȃvka, славен. kȃvka і г. д.), то падобныя ўтварэнні могуць узнікаць незалежна ў розных мовах. Гл. агляд Трубачова, Эт. сл., 9, 165–166, які мяркуе, што прасл. *kavъka ўтворана ад *kava ’тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 152; Слаўскі, 2, 108–109.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Клуміць ’тлуміць, дурыць, шумець’ (Нас., Гарэц., Юрч., Мат. Маг., Бяльк., Др.-Падб.), клуміць галаву ’задурваць, валакіціць, падманваць’ (Юрч. Фраз. 2). Насовіч (237) гаворыць аб тым, што клуміць аднаго паходжання з глуміць і тлуміць. Да клум (гл.). Супастаўляючы з клуміць не толькі тлуміць, але і глуміць. Насовіч, відаць, мае на ўвазе кантамінацыю тлуміць і глуміць. З гэтым тлумачэннем нельга пагадзіцца, паколькі рус. глумить, бел. глуміць маюць таксама значэнне ’дурыць, падманваць’. Трэба таксама ўлічваць, што лексемы tłum, tłumić толькі польскія і іх этымалогія няясная. Таму, па-першае, не абавязкова прымаць пераход t > k на беларускай глебе для тлумачэння бел. шум, шуміць, можна меркаваць і аб адваротным працэсе (гл. глум, глуміць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
На́ба ’добра што’ (слуц., Сержп.: нава яшчэ скора хамянуўся), на́ба і на́бо ’тс’ (Янк. 1, мазыр., Шн. 3, 412; жытк., Арх. ГУ), на́бе і на́бо ’добра што; паколькі’ (ТС), на́бу ’дзякаваць богу, на шчасце’ (драгіч., З нар. сл.); параўн. рус. арханг. на‑б, якое Даль тлумачыць ’надобы, надобе, надо’, што можа разглядацца як магчымая этымалагічная версія: на́ба з на́даба ’патрэба, своечасовасць’, на́бе з на́добе, на́бу з на́добу і пад., параўн. славац. nábe, nadbe, nadbä ’патрэбна’, якое Махэк₂ (387) разглядае як русізм. Гл. на́дабі, даба́. Відаць, не звязана з на бах ’акурат, якраз’ (Арх. Федар.) і серб.-харв. nàbas ’прыгожы, харошы’, якое Скок (3, 496) выводзіць з na bas ’хуткім крокам’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)