ВУ́ГАЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна паліўна-энергетычнага комплексу па здабычы, абагачэнні і перапрацоўцы ў брыкеты вуглёў выкапнёвых. Уключае шахты, разрэзы, абагачальныя і брыкетныя ф-кі. Вугаль (каменны, антрацыт, буры) здабываецца ў 60 краінах свету падземным і адкрытым спосабам. Асн. від вугалю, які здабываецца, — каменны, спосаб здабычы — падземны. Сусв. рэсурсы вугалю ацэньваюцца амаль у 15 трлн. т (паводле некат. звестак, у 30 трлн. т), разведаныя запасы — у 1,7 трлн. т. Найб. рэсурсы маюць (трлн. т): Расія — 5 (разведаныя запасы 201 млрд. т), ЗША — 3,6 (445 млрд. т) і Кітай — 1,5 (272 млрд. т). Асн. сферы выкарыстання вугалю ў свеце (1990): вытв-сць электраэнергіі (61%), прам-сць (26%), вытв-сць доменнага і ліцейнага коксу (11%). З вугалю атрымліваюць таксама хім. сыравіну (300 найменняў), у нязначнай колькасці ажыццяўляецца яго газіфікацыя (гл. Газіфікацыя паліва).

Прымітыўная здабыча вугалю на паліва вядомая ў стараж. Грэцыі і Італіі з 4 ст. да н.э., Кітаі з 2 ст. да н.э. У Зах. Еўропе вугаль выкарыстоўваўся як хатняе паліва з 9—12 ст., а з 16 ст. ў Англіі, напр., увесь здабыты вугаль ішоў на выплаўку чыгуну. У Расіі здабываць вугаль пачалі з 18 ст. пры Пятру I. Вугальная прамысловасць як самастойная галіна аформілася ў 2-й пал. 18 ст., калі для выплаўкі чыгуну ў доменных печах сталі выкарыстоўваць вугальны кокс.

У свеце вядома каля 3000 вугальных радовішчаў і басейнаў. Буйнейшыя ў краінах СНД басейны (больш за 5 млрд. т паводле разведаных запасаў на 1988, у млрд. т): у Расіі Канска-Ачынскі (83), Кузнецкі (63), Пячорскі (8,2), Іркуцкі (7,5), Мінусінскі (5); на Украіне (часткова ў Расіі) Данецкі (50); у Казахстане Экібастузскі (8,7), Карагандзінскі (8,2), Тургайскі (6) (пра кожны гл. асобны артыкул). Вугаль здабываюць таксама ва Узбекістане, Кыргызстане, Грузіі, Таджыкістане. Найбольшыя басейны, якія распрацоўваюцца і маюць перспектыву ў інш. краінах: Апалачскі вугальны басейн у ЗША, Альберта ў Канадзе, Цэнтр. і Паўд. групы басейна ў Вялікабрытаніі, Ніжнярэйнска-Вестфальскі вугальны, Ніжнярэйнскі буравугальны басейн і Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн у Германіі, Астурыйскі каменнавугальны басейн у Іспаніі, Вітбанк у ПАР, Сіднейскі вугальны басейн, Боўэн, Латроб-Валі ў Аўстраліі, Ісікары ў Японіі і інш. Сярод бліжэйшых суседзяў Беларусі ў Еўропе значныя запасы вугалю маюць Польшча (Верхнесілезскі каменнавугальны басейн і інш.), Украіна (Данецкі і Львоўска-Валынскі басейны) і Чэхія (Паўн.-Чэшскі буравугальны, Астраўска-Карвінскі каменнавугальны, гл. Верхнесілезскі—Астраўска-Карвінскі каменнавугальны басейн) і інш.

Аб’ёмы сусветнай здабычы вугалю пастаянна растуць (млн. т): 1810 у 1950, 3740 у 1980, 4500 у 1993 (толькі таварны вугаль). На каменныя вуглі і антрацыт прыпадае каля 75% здабычы, на бурыя вуглі — 25%. Вугаль здабываюць больш за 60 краін свету (гл. табл.). <TABLE>

Аб’ёмы сусветнага гандлю вугалем таксама растуць (млн. т): 100 у 1975, 270 у 1980, 399 у 1990. Больш як палавіну іх складае энергетычны вугаль (1990). Асн. краіны-экспарцёры вугалю (1990, млн. т): Аўстралія — 106, ЗША — 90, ПАР — 49; краіны-імпарцёры: Японія — 107, Паўд. Карэя — 25, Італія — 20, Тайвань — 19.

Беларусь сваю патрэбу ў вугалі пакрывае за кошт імпарту (1994, тыс. т): з Расіі — 504, Украіны — 294, Казахстана — 102. У нетрах Беларусі выяўлены радовішчы і праяўленні бурага вугалю міяцэнавага і алігацэнавага ўзросту. Разведаны Жыткавіцкае (агульныя запасы 71,9 млн. т), Брынёўскае (запасы 38,5 млн. т) і Тонежскае (44 млн. т) радовішчы (пра кожнае гл. асобны артыкул). Для адкрытай распрацоўкі даступнае Жыткавіцкае радовішча, поўнасцю падрыхтаваны да прамысл. асваення Паўночны і Кольненскі паклады (прамысл. запасы 46,7 млн. т). Агульныя запасы вугалю на ўсіх радовішчах 152 млн. т.

В.​М.​Сасноўскі.

Буйнейшыя вытворцы вугалю (таварнага), 1994
Краіна Усяго, млн. т На душу насельніцтва, кг Краіна Усяго, млн. т На душу насельніцтва, кг
Кітай 1291 1059 Канада 74 2500
ЗША 933 3548 Чэхія 72 6963
Індыя 280 243 КНДР 72​x) 4216
Расія 263 1773 Турцыя 58 928
Германія 251 3073 Грэцыя 54 5138
Аўстралія 244 13536 Вялікабрытанія 50 861
Польшча 200 5126 Румынія 38 1653
ПАР 195 4730 Інданезія 33 169
Украіна 84 1623 Іспанія 30​x) 752
Казахстан 83 5010 Балгарыя 28 2790

x) 1994.

Да арт. Вугальная прамысловасць. Здабыча бурага вугалю адкрытым спосабам на разрэзе Белхатаў у Польшчы.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЫЖЫ́РАВАННЕ (ад франц. diriger напраўляць, кіраваць),

кіраванне калектывам музыкантаў (аркестрам, хорам, ансамблем, опернай ці балетнай трупай і інш.) у працэсе падрыхтоўкі і ў час публічнага выканання ім муз. твора; адзін з відаў музычна-выканальніцкага мастацтва. Здзяйсняецца дырыжорам, які імкнецца перадаць калектыву сваю інтэрпрэтацыю задумы кампазітара, забяспечвае ансамблевую стройнасць і тэхн. дасканаласць выканання пры ўзнаўленні тэксту партытуры. Мастацтва Д. заснавана на спец. сістэме жэстаў рук; вял. ролю ў ім адыгрываюць таксама твар дырыжора, яго позірк, міміка. Значнае месца займае ў Д. тактаванне — абазначэнне (пераважна правай рукой) метрарытмічнай структуры музыкі; левай рукой звычайна даюцца ўказанні ў сферы дынамікі, фразіроўкі (у практыцы, аднак, пашырана свабоднае ўзаемапранікненне функцый абедзвюх рук). Д. патрабуе ад дырыжора шырокай адукаванасці, грунтоўнай муз.-тэарэт. падрыхтоўкі, тонкага слыху, добрай муз. памяці, актыўнай мэтанакіраванай волі.

Д. вядома з глыбокай старажытнасці. Напачатку ў нар.-хар. практыцы функцыі дырыжора выконваў адзін са спевакоў — запявала. У старажытнасці ў Егіпце, Грэцыі, пазней у краінах сярэдневяковай Еўропы хорам кіравалі з дапамогай хейраноміі — умоўных рухаў рук і пальцаў. З 15 ст. для адбівання такта выкарыстоўвалі палачку-батуту. У капэлах звычайна капельмайстры спалучалі Д. з выкананнем партыі генерал-баса (на клавесіне ці аргане) ці 1-й скрыпкі. З 2-й пал. 18 ст, па меры адмірання генерал-баса, скрыпач-канцэртмайстар становіцца адзіным кіраўніком ансамбля (у 20 ст. — пры выкананні музыкі 17—18 ст). Як самаст. від мастацтва Д. склалася ў 2-й чвэрці 19 ст. Сярод першых дырыжораў, што карысталіся дырыжорскай палачкай, І.​Мозель, К.​М.​Вебер, Л.​Шпор. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Д. (побач з Л.​Бетховенам, Г.​Берліёзам, Ф.​Лістам, Ф.​Мендэльсонам) — Р.​Вагнер. Паступова склаўся тып дырыжора-выканаўцы, які не з’яўляецца адначасова і кампазітарам (першы — Г.​Бюлаў). Сярод буйнейшых замежных дырыжораў 19—20 ст. Г.​Рыхтэр, Г.​Малер, Г. фон Караян (Аўстрыя), А.​Нікіш, Я.​Ферэнчык (Венгрыя), Ф.​Мотль, Ф.​Вейнгартнер, К.​Мук, Р.​Штраус, Б.​Вальтэр, В.​Фуртвенглер, О.​Клемперэр, Г.​Абендрот, К.​Мазур, К.​Зандэрлінг (Германія), А.​Тасканіні, К.​Абада (Італія), П.​Манцё, Ш.​Мюнш, А.​Клюітэнс, І.​Маркевіч (Францыя), Т.​Бічэм, А.​Боўлт, А.​Коўтс (Вялікабрытанія), В.​Бярдзяеў, Г.​Фітэльберг (Польшча), В.​Менгельберг (Нідэрланды), Л.​Стакоўскі, Дж.​Сел, Л.​Бернстайн (ЗША), Э.​Ансермэ (Швейцарыя), Д.​Мітропулас (Грэцыя), В.​Таліх (Чэхія, Славакія), Л.​Матачыч (Югаславія), Дж.​Джарджэску (Румынія). У Расіі найб. вядомыя дырыжоры 18—2-й пал. 19 ст. — В.​Пашкевіч, І.​Хандошкін, М.​Балакіраў, Э.​Напраўнік, А. і М.​Рубінштэйны, 20 ст. — М.​Галаванаў, С.​Кусявіцкі, А.​Пазоўскі, С.​Рахманінаў, С.​Самасуд, В.​Сафонаў, В.​Сук, пазней А.​Гаўк, В.​Гергіеў, В.​Дударава, І.​Зак, К.​Іваноў, К.​Кандрашын, Д.​Кахідзе, Дз.​Кітаенка, М.​Малько, А.​Мелік-Пашаеў, Я.​Мравінскі, І.​Мусін, Н.​Ніязі, Г.​Раждзественскі, Н.​Рахлін, Я.​Свягланаў, Ю.​Сіманаў, К.​Сімяонаў, У.​Співакоў, Ю.​Фаер, У.​Федасееў, Б.​Хайкін, Ю.​Цемірканаў, А.​Янсанс і інш. На Беларусі ў 19 ст. вылучыліся І.​Дабравольскі, Ю.​Дашчынскі, браты В. і Д.​Стафановічы, у 20 ст.хар. дырыжоры М.​Дрынеўскі, А.​Кагадзееў, Н.​Ламановіч, І.​Мацюхоў, Г.​Пятроў, В.​Роўда, Г.​Цітовіч, Р.​Шырма, Л.​Яфімава, нар. аркестра — І.​Жыновіч, Дз.​Захар, М.​Казінец, оперна-сімф. — І.​Абраміс, А.​Анісімаў, Б.​Афанасьеў, Я.​Вашчак, І.​Гітгарц, Н.​Грубін, В.​Дуброўскі, Т.​Каламійцава, М.​Калядка, Л.​Любімаў, Л.​Лях, У.​Машэнскі, Г.​Праватораў, Ю.​Цырук, А.​Энгельбрэхт, Ю.​Яфімаў, эстр. аркестра — Ю.​Бяльзацкі, Б.​Райскі, Э.​Рознер, М.​Фінберг і інш. Харавых і оперна-сімф. дырыжораў рыхтуе Бел. акадэмія музыкі, Бел. ун-т культуры.

Літ.:

Вагнер Р. О дирижировании: Пер. с нем. СПб., 1900;

Ольхов К.А. Теоретические основы дирижерской техники. 2 изд. Л., 1984;

Хайкин Б. Беседы о дирижерском ремесле. М., 1984;

Когадеев А.П. Техника хорового дирижирования. Мн., 1968.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 6, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. informatio тлумачэнне, выкладанне),

звесткі, якія перадаюцца людзьмі вусна, пісьмова або інш. спосабам, а таксама сам працэс перадачы ці атрымання такіх звестак; агульнанавук. паняцце, якое ўключае абмен звесткамі паміж людзьмі, чалавекам і аўтаматам, аўтаматам і аўтаматам, абмен сігналамі ў жывёльным і раслінным свеце, перадачу адзнак ад клеткі да клеткі, ад арганізма да арганізма (гл. Генетычная інфармацыя); адно з асн. паняццяў кібернетыкі. Навук. аналіз І., спосабаў і прыёмаў яе перадачы, пераўтварэння і захавання звязаны з узнікненнем інфармацыі тэорыі. Паводле гэтай тэорыі, І. — колькасная мера зняцця неакрэсленасці паведамленняў, якая вызначае магчымасць іх захавання, кадзіравання і перадачы. Прыхільнікі адлюстравання тэорыі лічаць, што І. мае ў сабе адлюстраваную разнастайнасць прадметаў і характэрна для ўсіх форм і відаў руху (арганізацыі) матэрыі, у т. л. нежывой прыроды. Прадстаўнікі кібернетычнай тэорыі І. (Н.​Вінер, Б.​М.​Пятроў, А.​М.​Калмагораў) зыходзяць з таго, што І. — гэта тая частка адлюстравання і ведаў, якая захоўваецца ў «памяці» машын і жывых арганізмаў, перадаецца па «каналах сувязі» і перапрацоўваецца ў «сігналы» з мэтай арыентацыі і прыняцця адпаведных рашэнняў. Англ. нейрафізіёлаг У.​Р.​Эшбі і франц. фізік Л.​Брыльюэн надалі паняццю І. агульнанавук. значэнне і разглядаюць яго як адмоўную энтрапію і сродак захавання якаснай спецыфікі, удасканалення і развіцця сістэмы. Інфарм. метады даследавання выкарыстоўваюцца ў лінгвістыцы, семантыцы, генетыцы, малекулярнай біялогіі, псіхалогіі, педагогіцы, мастацтвазнаўстве і інш.

Класіфікацыю І. ажыццяўляюць у залежнасці ад спосабаў і прыёмаў яе атрымання, пастаўленых мэт і задач. Адрозніваюць І. першасную (зыходную), вытворную (прамежкавую) і выніковую, а таксама статычную (пастаянную) і дынамічную (пераменную). Яна можа быць поўнай і выбарачнай, залішняй і недастатковай, карыснай і памылковай, паінфармавальнай і прызначанай для кіравання якімі-н. працэсамі. І., якую выкарыстоўваюць для вырашэння сацыяльна значных праблем і якая з’яўляецца прадметам абмену паміж членамі грамадства, іх групамі, паліт. і грамадскімі арг-цыямі і аб’яднаннямі, называюць сацыяльнай. Паводле грамадска-прафес. прызначэння яе падзяляюць на масавую (для ўсіх членаў грамадства) і спецыяльную (для спецыялістаў у галінах навукі, тэхнікі, вытв-сці). У масавай І. адрозніваюць: грамадска-палітычную — сукупнасць звестак пра актуальныя праблемы ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы, міжнар. жыцця; звычайную, асн. задача якой — арыентаванне і рэгламентацыя паводзін членаў грамадства ў сац. асяроддзі; эстэтычную, што ўздзейнічае на эмацыянальную сферу чалавека з дапамогай маст. вобразаў. У спецыяльнай І. вылучаюць: навукова-тэхнічную (па розных кірунках прыродазнаўчых і грамадскіх навук, галінах нар. гаспадаркі), эканамічную (сукупнасць звестак аб працэсах вытв-сці, абмене і выкарыстанні матэрыяльных даброт) і сацыялагічную (на аснове яе робяць вывады і прапановы для навукі і практыкі). Атрыманая з розных крыніц І. карысная і каштоўная тым, што яна хутка і з найменшымі выдаткамі прыводзіць да вырашэння канкрэтных сац. -эканам., паліт. і выхаваўчых задач. Асн. яе ўласцівасці: аператыўнасць, дакладнасць, аптымальнасць. пераканаўчасць, агульнадаступнасць, лагічнасць, навізна. выразнасць і інш.

На аснове інфарм. сістэм ажыццяўляецца працэс інфарматызацыі грамадства, што мае на мэце ўдасканаленне і павышэнне эфектыўнасці ўсіх сфер яго жыццядзейнасці, інтэлектуальных і творчых здольнасцей чалавека (гл. Інфармацыйнае грамадства). Інфарм. тэхналагізацыя сац. жыцця парадзіла новую канцэпцыю дэмакратыі — «камп’ютэрнай дэмакратыі», у якой І. ўвасабляе пэўны від улады. У грамадзянскай супольнасці, што найб. адпавядае ідэалу такой дэмакратыі, фарміраванне і выяўленне грамадскай думкі праз сродкі масавай І. з’яўляецца адной з умоў дасягнення і ўтрымання рэальнай улады, рэалізацыі права грамадзян на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе ўсім грамадзянам права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай І. аб дзейнасці дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцці, стане навакольнага асяроддзя, а таксама на азнаямленне з афіц. матэрыяламі, якія закранаюць іх правы і законныя інтарэсы; карыстанне І. можа быць абмежавана заканадаўствам з мэтай абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Гл. таксама Інфарматыка, Інфармацыйная тэхналогія, Інфармацыйны пошук.

Літ.:

Глушков В.М. Основы безбумажной информатики. 2 изд. М., 1987;

Ракитов А.И. Информационная революция: наука, экономика, технология М., 1993;

Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЦЁ МАСТА́ЦКАЕ,

тэхніка стварэння маст. вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксама маст. творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найб. пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу метал. пасудзін, званоў і інш.

Л. м. зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. З развіццём ліцейнай вытв-сці вылучылася ў асобную галіну. Маст. задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай. залачэннем і інш. Асн. тэхналогія Л. м. выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 ст. да н. э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 ст.н.э.), з якога ў 16—18 ст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. З 15 ст. ў Германіі, пазней і ў інш. краінах Еўропы развівалася Л.м. з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.). Унікальныя помнікі рус. Л.м. 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 ст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).

На тэр. Беларусі Л.м. вядома з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. З бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. З 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. З медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царк. начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага маст. ўзроўню Л. м. дасягнула ў 16—17 ст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытв-сці ювелірных вырабаў, быт. рэчаў, царк. начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл. Дзісенскі звон, Крычаўскі звон, Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі. У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскай вобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім маст. узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.). Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны з-д у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. З чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-маст. элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваен. атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў маст. стыляў готыкі, барока, класіцызму. З 2-й пал. 19 ст. з развіццём металаапр. прам-сці Л. м. паступова заняпала. У наш час бел. мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемар. медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш. Сярод майстроў С.​Ларчанка, Ю.​Любімаў і інш.

Літ.:

Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;

Зотов Б.Н. Художественное литье. 3 изд. М., 1982.

Я.​М.​Сахута, А.​І.​Сямёнаў.

Да арт. Ліццё мастацкае. Манстранц. 1727.
Да арт. Ліццё мастацкае. А.​Чохаў. Цар-гармата. 1586.

т. 9, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРАПАЛІТЭ́Н (франц. métropolilain ад грэч. metropolis галоўны горад, сталіца),

метро, від рэйкавага электрычнага пасаж. транспарту. У вял. гарадах з насычаным вулічным рухам пракладваецца пад зямлёй (у тунэлях), часам на паверхні і на эстакадах. Вызначаецца вял. правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў за гадзіну ў адным напрамку), высокай эксплуатацыйнай скорасцю (да 100 км/гадз, з улікам прыпынкаў да 45—48 км/гадз), рэгулярнасцю руху.

Асн. збудаванні і абсталяванне М.: станцыі (калоннага або пілоннага тыпаў, а таксама аднаскляпеністыя), якія ўключаюць пасаж. платформы, падземныя або надземныя вестыбюлі, пераходы, перасадачныя вузлы, эскалатары (часам пад’ёмнікі ліфтавага тыпу ўмяшчальнасцю да 130 чал.); перагонныя тунэлі неглыбокага (да 15 м ад паверхні зямлі) і глыбокага (да 30—35 м) залажэння з рэйкавымі пуцямі (у М. краін СНД шырынёй 1520 мм); рухомы састаў (поезд з 3—8 вагонаў умяшчальнасцю да 270 пасажыраў кожны); кабельная і кантактная сетка з цягавымі і паніжальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі; вентыляцыйныя, дрэнажныя і асвятляльныя прыстасаванні; дэпо і інш. Паязды прыводзяцца ў рух электрарухавікамі пастаяннага току, якія сілкуюцца праз слізгальныя токапрыёмнікі з кантактных рэек (напружанне ў кантактнай сетцы ад 600 да 1500 В, у М. краін СНД — 825 В). Будуюць М. закрытым і адкрытым спосабамі. Пры закрытым спосабе праходка тунэляў робіцца горным або шчытавым метадам; пры адкрытым распрацоўваецца катлаван, у якім робяць тунэль са зборных жалезабетонных або метал. элементаў (цюбінгаў), маналітнага бетону і жалезабетону. Выкарыстоўваюць спец. спосабы вядзення работ: штучнае замарожванне грунтоў, водапаніжэнне, метад «сцяна ў грунце» і інш. Каб у М. не трапляла вада, робяцца неабходная гідраізаляцыя і водаадвод.

У замежнай практыцы буд-ва М., за рэдкім выключэннем (напр., афармленне ўваходаў у парыжскі М. у стылі мадэрн, арх. Э.​Гімар), пераважае утылітарны падыход да арх. вырашэння. З 2-й пал. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць новыя канструкцыі, буд. і аддзелачныя матэрыялы, сродкі рэкламы і візуальнай інфармацыі, станцыі набылі маст. афармленне. У б. сав. гарадах М. ствараўся як прасторава працяглы арх. комплекс манум. збудаванняў вял. грамадскай значнасці. Архітэктары імкнуліся стварыць камфартабельныя ўмовы для пасажыраў, надаць кожнай станцыі індывід. аблічча. У афармленні станцый і наземных вестыбюляў М. (часта тэматычным) выкарыстоўвалі мазаіку, жывапіс, скульптуру, дэкар.-прыкладное мастацтва. У 1950—60-я г. ў буд-ве М. ўкаранялася уніфікацыя аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў і канструкцый; індывідуалізацыя дасягалася разнастайнасцю матэрыялаў, іх колеру і фактуры, розных сістэм асвятлення. У 1970—90-я г. на новай канструктыўнай аснове працягваюцца лепшыя традыцыі тэматычнага і маст. афармлення станцый М., пашыраны сінтэз мастацтваў.

Першы М. (3,6 км) пабудаваны ў Лондане (1863), потым у Нью-Йорку (1868), Будапешце (1896), Вене (1898), Парыжы (1900), Берліне (1902), Буэнас-Айрэсе (1913), Мадрыдзе (1919), Токіо (1927) і інш. Першая лінія Маскоўскага М. пачала дзейнічаць у 1935. Пабудаваны і дзейнічаюць М. у Санкт-Пецярбургу (з 1955), Кіеве (з 1960), Тбілісі (з 1966), Баку (з 1967), Харкаве (з 1972), Ташкенце (з 1977), Ерэване (з 1981), Мінску (з 1984; гл. Мінскі метрапалітэн), Ніжнім Ноўгарадзе (з 1985), Новасібірску (з 1985), Самары (з 1987) і інш. Найб. працяглы (больш за 400 км) М. у Нью-Йорку (40 ліній; 490 станцый), самы заглыблены (больш за 100 м) — у Пхеньяне. М. маюць каля 50 гарадоў у больш чым 30 краінах.

Літ.:

Лиманов Ю.А. Метрополитены. 2 изд. М., 1971;

Тоннели и метрополитены. М., 1989.

С.​Л.​Сергачоў (архітэктура), В.​А.​Ярмоленка.

Метрапалітэн: а — станцыя пілоннага тыпу з абліцоўкай жалезабетоннымі цюбінгамі; б — станцыя калоннага тыпу з павялічаным пралётам сярэдняй залы; в — схема электрасілкавання кантактавай рэйкі (1 — кабелі сілкавання трэцяй рэйкі, 2 — цягавая падстанцыя, 3 — зваротны кабель ад хадавых рэек, 4 — сілавыя кабелі, 5 — трэцяя рэйка, 6 — хадавая рэйка).
Да арт. Метрапалітэн. Станцыя «Камсамольская-кальцавая» ў Маскве. 1952. Арх. А.​Шчусеў і інш.
Да арт. Метрапалітэн. Станцыя «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. 1984. Арх. М.​Пірагоў, А.​Зензін, маст. В.​Чурыла, С.​Сакалоў.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧНЫ́ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту для перавозак пасажыраў і грузаў па ўнутр. водных шляхах (рэках, азёрах, вадасховішчах, каналах). Судны Р.т. паводле прызначэння падзяляюцца на транспартныя, тэхнічныя і дапаможныя. Да транспартных суднаў належаць пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя судны, штурхачы і буксірныя судны. Тэхнічны флот складаецца з суднаў для правядзення пуцявых работ, службова-дапаможныя судны — ледаколы, паромы, плывучыя краны, таксама парты, прыстані, брандвахты, рамонтныя майстэрні, рамонтна-эксплуатац. базы і інш. Рачныя судны бываюць самаходныя (параходы, цеплаходы, электраходы і інш.) і несамаходныя (баржы, баркасы, ліхтэры і інш.). Вылучаюцца магістральныя рачныя шляхі, у т. л. міжнародныя, якія абслугоўваюць знешнегандл. перавозкі некалькіх дзяржаў (напр., рэкі Дунай, Одэр, Рэйн, Амур, Парагвай, Нігер), міжраённыя, што абслугоўваюць перавозкі паміж буйнымі раёнамі ўнутры краіны (напр., рэкі Волга, Янцзы, Місісіпі), і мясцовыя, якія абслугоўваюць унутрыраённыя сувязі. Р.т. у многіх краінах мае шэраг пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту — меншыя затраты на суднаходства і ніжэйшы сабекошт перавозак.

Узнік за тысячы гадоў да н.э. ў Месапатаміі, Стараж Егіпце, Кітаі 1 інш. Напачатку выкарыстоўваліся грабныя і ветразевыя судны. У 12—14 ст. з ростам гарадоў, размешчаных на рэках, і развіццём гандлю павялічваліся перавозкі грузаў па вадзе Буд-ва шлюзаваных рачных шляхоў (16 ст.) значна палепшыла суднаходства. У развіцці Р.т., падзешаўленні рачных перавозак вял. ролю адыграла выкарыстанне на суднах паравога рухавіка (19 ст.). У Расіі першыя штучныя водныя сістэмы пабудаваны ў 18 — пач. 19 ст., паравое рачное суднаходства пачало развівацца з 1815, на Украіне — з 1823. У 1857 арганізавана «Рускае таварыства параходства і гандлю».

Р.т. развіты ў многіх краінах свету. У ЗША нафта і нафтапрадукты, вугаль, мінер.-буд. і інш. грузы перавозяцца па рэках бас. Місісіпі, якія злучаны каналамі з Вялікімі азёрамі, маюць выхад праз р. Гудзон да ўзбярэжжа Атлантычнага ак. У Канадзе грузаперавозкі ажыццяўляюцца па Вялікіх азёрах і р. Св. Лаўрэнція. У Зах. Еўропе Р.т. найб. развіты ў Германіі (Рэйн. Эльба, Одэр і сістэмы каналаў, якія злучаюць іх), Францыі і Нідэрландах. Для сувязей паміж краінамі Паўд.-Усх. Еўропы вялікае значэнне мае Дунай. На Украіне Р.т. развіты на Дняпры. Р.т. мае вял. значэнне для Кітая (Янцзы, Хуанхэ, Вялікі канал), Індыі і Бангладэш (Ганг і Брахмапутра, шматлікія пратокі іх агульнай дэльты), Пакістана (Інд), краін Паўд.-Усх. Азіі (Іравадзі, Меконг і інш.), Бразіліі (Амазонка з прытокамі), Аргенціны (Ла-Плата з прытокамі), краін Афрыкі (Конга, Нігер, Ніл) і інш.

На Беларусі воднымі шляхамі карысталіся са стараж. часоў для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па рэках Дняпро і Зах. Дзвіна праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Па рэках Прыпяць і Зах. Буг ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У 1920—30-я г. Р.т. ператварыўся ў развітую галіну нар. гаспадаркі. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс. км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял. Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 Р.т. адноўлены. Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад р. Прыпяць да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл.). Рачныя зносіны ажыццяўляюцца па рэках Дняпро, Гарынь, Прыпяць, Сож, Бярэзіна (прыток р. Дняпро), Нёман, Зах. Дзвіна. Агульная працягласць эксплуатуемых водных шляхоў у канцы 20 ст. склала каля 2500 км. Рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот Р.т. прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе», глісіраваныя «Зара» і інш. У экскурсійна-прагулачных мэтах выкарыстоўваюцца спецыялізаваныя судны «Масква». У 1998 перавезена 141 тыс. пасажыраў.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калі́бавід хваробы’ (Касп.). Ілюстрацыя як быццам пацвярджае дэфініцыю: «Каб цебе каліба, як ты мяне падманіў». З назваў хваробы адразу звяртае на сябе ўвагу рус. вяц. калига ’хвароба грыжа’, аднак паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю гэта паралель не вельмі надзейная. Адносна семантыкі рус. назвы параўн. смал. килаватка ’бручка, Brassica napus’, бел. грыжа ’тс’ (нягледзячы на генезіс апошняй назвы). Няясна; у роднасных паўн.-бел. гаворках паралелей да гэтага слова не адзначана, таму можна меркаваць аб рэгіянальным утварэнні. Фармальна можна дапусціць сувязь з калываць (калібаць), параўн. да фанетыкі калібель (Жд. 3, Кліх), аднак такое супастаўленне нічога не праясняе. Цалкам імаверна, што Каспяровічам зафіксавана структура, дзе канкрэтнай назвы не было наогул. Можна думаць, што першапачаткова тут была структура тыпу *каб цябе, каб…, дзе другое каб не толькі ўзмацняе першае, але, магчыма, з’яўляецца субстытутам адпаведнай формулы, якая магла ўключаць і назву хваробы. Прычынай падобнай з’явы магла быць другародная функцыя назвы хваробы параўнальна з функцыяй уласна структуры, не выключана таксама, што тут назіраецца эўфемізацыя выразу, узмацняючая праклён, паколькі пад другім каб можа разумецца любая хвароба з найбольш непажаданых. У канкрэтным выразе каліба адпавядае разгледжанаму вышэй каліб (гл.). Праўда, не вельмі ясна, з’яўляецца гэта наватворам унутры гаворкі, ці тут назіраецца вынік узаемадзеяння гаворак і ўплыву выразу каліба цябе каліба на мяркуемы ’каб цябе, каб…’. Не выключана і запазычанне, аднак знайсці крыніцу нам не ўдалося. У польск. гаворках таксама няма матэрыялу, які б дазволіў меркаваць аб запазычанні. Звяртае на сябе ўвагу дыял. kaleba і kalemba ’старая і худая карова’, ’лянівая жанчына’ і да т. п., аднак гэта паралель не задавальняе. Фармальна падобны гукакомплекс знаходзіцца ў назвах раслін: kolibaba ’расліна… galeopsis ladanum’, kolebok ’radix bardanae’ (дэфініцыя паводле старога тлумачэння Карловіча). Семантычна такое супастаўленне магчымае (назва расліны можа суадносіцца з назвай хваробы), але вельмі няпэўнае. Не выключана і мясцовае ўтварэнне ад калоць з суфіксацыяй як у сядзіба, гасціба (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 84–85). Аб канкрэтнай семантыцы назвы меркаваць цяжка, аднак у гаворках дэрываты ад калоць азначаюць розныя хваробы і з боку семантыкі такое тлумачэнне сумнення не выклікае. Нельга выключаць таксама нейкай памылкі пры запісе, відавочна, патрабуецца ўдакладненне прыведзенай Каспяровічам інфармацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адзё́р1 ’прыстасаванне, на якім сушаць віку, гарох і г. д.’ (Інстр. II), адзʼорвід вулея, які ставяць на дрэве’ (Блін., Мяц., Анох.), odzior ’памост, на якім ставяць вулкі-калоды’ (Маш., Сержп.), ozʼor ’памост пад вулеем на дрэве, пад якім тырчаць вострыя спіцы, каб мядзведзь не ўзлез’ (КСТ), одра (КСТ) «адзёр‑вулей — ад стараславянскага одръ — памост, насілкі для нябожчыка, адсюль і палаткі, памосткі для вулляў, а пасля вулей» (Блінава, Мат. конф. МГПИ, 10), рус. одёр ’памост, насілкі для нябожчыка, памосткі для вулляў, памост, каркас воза’, ст.-чэш. odr ’ложа’, чэш. odr ’стоўп, каркас’, odry ’тычкі для вінаграду, будкі для лоўлі птушак’, славац. vôdor ’памост у гумне’, польск. odra ’памост пад вулеем’, балг. одр ’ложа, аканіца’, серб.-харв. о̀дар ’ложа, насціл’, славен. oder ’памост, адрына’. Існуе шмат этымалагічных версій (найбольш поўны агляд гл. Махэк, Slavia, 18, 1–2). Ільінскі, ЖМНП, 1904, апрель, 382: odrъ < o‑drъ ’прастор, акружаны дрэвам’, інакш Сабалеўскі, ЖМНП, 1904, Март. 180; Брандт, РФВ, 23, 1, 95: odrъ < dьrati; Бэцэнбергер, БВ, 27, 174; Уленбек, РВВ, 26, 295; Мерынгер, IF, 18, 256, звязвалі odrъ з ст.-ісл. jaðar ’верхняя бэлька ў плоце’, ст.-англ. eodor ’загон’ і іншымі германскімі паралелямі; Шэфталовіц (IF, 33, 141) параўноўвае odrъ з ст.-інд. ádgaḥ ’сцябло’, літ. uodegà ’тс’; Махэк (там жа, 85): odrъ < vodrъ < vedro, vędnǫti вянуць, сохнуць’ (odrъ — прыстасаванне для сушкі); Вайян (RÉS, 24, 187) выказвае сумненні наконт этымалогіі Махэка і прапануе параўнанне odrъ і лат. adît ’плесці’ (odrъ назва агароджы, параўн. плот). Ва ўсіх пералічаных этымалогіях этымон не звязваецца са значэннем, якое захавалася ў беларускіх словах (Усх. Палессе). Між тым літ. dravìs ’борць’, drevė̃ дупло’, лат. drava, dreve ’тс’, ст.-прус. drawine ’вулей’ несумненна звязаны з прасл. dervo ’дрэва’. Гэты факт, відаць, сведчыць у карысць этымалогіі Ільінскага з мадыфікацыяй Фасмера, 3, 123, які прасл. odrъ выводзіць з o‑drъ ’насціл вакол дрэва’.

Адзё́р2 (назва хваробы) (БРС, Янк. I, Шат., Сцяшк. МГ) «адзёр — хвароба (скура хворага робіцца чырвонай, як абдзёртая)» (Блінава, Мат. конф. МГПИ) да дзерці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жураве́ль1 ’птушка Grus grus’, жура́ў (ТСБМ), жураве́й (зэльв., Сцяц.), жо́равель, жура́ўль, жораў (Сл. паўн.-зах.). Рус. жура́вль, пск., пецярб., арханг., алан., валаг., цвяр., маск., дан., наўг., смал., пск., калуж., тул. жу́ра́в, уладз. жураве́й, дыял. жураве́ль ’тс’, укр. журавель, журав ’тс’, польск. żuraw, в.-луж. žoraw, н.-луж. žorawa, чэш. žeráv, славен. žerjàv, серб.-харв. же̏рав, балг. жѐрав ’тс’. Ц.-слав. жєравь, жєравль, ст.-рус. журавль, же̏равь, жаравль ’тс’. Літ. gervè, лат. dzērve, ст.-прус. gerwe, лац. grūs, а таксама грэч. γέρανoς, ням. Krahnich, арм. krunk, кімр. garan ’тс’ адлюстроўваюць той самы і.-е. корань з рознай суфіксацыяй (‑u‑ і ‑n‑). Корань *ger‑ меў гукапераймальны характар і значэнне ’крычаць’. Фасмер, 2, 678; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 299; Траўтман, 87; Тапароў, E–H, 223–227; Фрэнкель, 137; Мюленбах-Эндзелін, 1, 548; Вальдэ-Гофман, 1, 624; Покарны, 1, 383–384. Семерэньі (ВЯ, 1967, 4, 16) паспрабаваў рэканструяваць злажэнне *gerā avis літ. ’журавель — птушка’, якое ў выніку сцягвання дало gerāvis. Так ці іначай прасл. *žerav‑, адкуль з суфіксам ‑j‑ ва ўсх.-слав. жеравль > жеравель > жоравель і да т. п. Узнікненне ‑у‑ не атрымала тлумачэння. Калі не ўбачаць тут адлюстравання фанетычных змен (зразумелых для польск., дзе, паводле арфаграфіі Брукнера, 666, żóraw), але няясных для ўсх. славян, бо тады ўсх. слав. формы магчыма тлумачыць хіба што як запазычаныя з польск., магчыма выказаць дапушчэнне аб кантамінацыйным уздзеянні з журба1, журыцца, паколькі ў народнай паэзіі журавель звязваецца з тугой і смуткам.

Жураве́ль2 ’прыстасаванне пры калодзежы для даставання вады’, жура́ў (ТСБМ). Рус. жура́вль, дыял. жура́в, жураве́ль, укр. жураве́ль, жура́в (Грынч.), польск. żuraw, славац. žeriav ’тс’, серб.-луж. žorawaвід прадзільнага стрыжня’, славен. žerjáv ’кран, лябёдка’. Ст.-рус. жеравецъ ’тс’. Форма жураў адлюстроўвае яшчэ прасл. ці ранні слав. сем. перанос паводле формы ад жураў, журавель. Аналагічны перанос адбыўся ў балт., ням., ст.-грэч., венг. Булахоўскі, Нариси з загального мовознавства₂, 1959, с. 13; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 229; Тапароў. E–H, 224.

Жураве́ль3, жура́ў ’бутэлька на 3 літры’ (Мат. Гом.). Відаць, сем. перанос паводле формы (высокая бутэлька).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калама́жка1 ’лёгкая выязная павозка на рысорах’ (БРС, ТСБМ; гродз., З нар. сл.; Касп., Нас., Серж. Грам., Чач., Шат., Янк. 3.), ’сялянскі воз’ (карэліц., Сцяш.), ’беларускі воз’ (Шпіл.), ’воз’ (дрыс., КЭС), коломажка ’малыя выязныя сані’ (ТС), каламажка ’тачка’ (Жд. 3), кылымажка ’прыгожая павозка’ (Нік., Оч., апісанне рэаліі, с. 373). Укр. усх.-палес. каламашка ’воз прымітыўнай канструкцыі’, рус. дыял. каламажка, каламашка, коламажка, колымажка і колымашка ’двух- або трохколавыя тачкі, вазкі; павозкі і да т. п.’ Махэк (2, 269) без асобых падстаў лічыць, што бел. каламажка ўзыходзіць да ст.-польск. kolimaga (хутчэй ужо ад формы kolomaga). Магчыма, усх.-слав. дэрыват ад колымага ’воз, павозка’ з наступнай асіміляцыяй галоснага. Апошняе слова вядома шэрагу слав. моў: бел. калымага, укр. колимага, рус. колымага, польск. kolimaga і kolomaga (XV–XVI стст.), ст.-чэш. kolimah, чэш. дыял. kolmaha, славац. kolimaha ў значэннях, падобных да вышэй прыведзеных ’воз; тачка і інш.’ Серб.-харв. kolimog ’шацёр’ у кнізе, напісанай ц.-слав. мовай XIII ст. У рус. ц.-слав. колимогъ, колимагъ ’шацёр і інш.’, колымагъ, коъмагъ ’tentorium стан’. RHSJ (5, 205) мяркуе аб тым, што слова, або па меншай меры аснова, яшчэ праславянская, аднак памылкова далучае сюды літ. kalmogas (параўн. у Фрэнкеля, 207: kalmõgaiвід павозкі’, з бел.). Слаўскі (2, 34) больш асцярожна дапускае магчымасць даўняга (яшчэ прасл. дыял.) запазычання. Мяркуюць аб запазычанні з усходу, найбольш абгрунтаваным лічыцца распрацаваная Менгесам, ZfslPh, 23, 327–334, версія (якая ўзыходзіць да выказанай Кортам у рускім акадэмічным слоўніку думкі) аб суаднясенні слав. лексемы з племянной назвай калмыкаў Xalʼmag (*gali‑mag), пры гэтым мяркуецца, што значэнне ’высокія вазы-шатры’ было запазычана. Гэта верагодна з культурна-гістарычнага погляду і пацвярджаецца рус. мажара ’воз’ ад назвы венграў — мадзьяр, гл. Трубачоў, Дополн., 2, 291. Іншыя этымалогіі не пераконваюць на шэрагу прычын, параўн. агляд версій у Фасмера, 2, 291; Слаўскага, 2, 34–35.

Калама́жка2 ’чарнільніца’ (шчуч., Сцяшк.). Рэгіянальны дэрыват ад каламаж ’тс’, якое з польск. kałamarz. Адносна этымалогіі апошняга гл. каламар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)