ФОНАДАКУМЕ́НТЫ,

дакументы, якія змяшчаюць гукавую інфармацыю (вусную мову, музыку, маст. твораў і інш.), запісаную з дапамогай сістэм гуказапісу; від гіст. крыніц. Адрозніваюць арыгіналы і копіі.

Арыгіналы — запіс гукавой інфармацыі ад першакрыніцы: васковыя валікі (запіс на полым цыліндры з воскападобнай масы), шарынафонныя запісы (запіс на фатаграфічнай стужцы), грамафонныя арыгіналы (запіс на метал. дыску), негатывы фатаграфічнага (аптычнага) запісу (арыгінал Ф. на фатаграфічнай стужцы, прызначаны для вырабу пазітыву), запісы на магнітнай стужцы. Копіі Ф. — грампласцінкі, пазітывы фатаграфічнага (аптычнага) запісу, запісы на магнітнай стужцы, кампакт-дыскі. Ф. класіфікуюць паводле зместу, мэтавага прызначэння, арганізацыі запісанага матэрыялу, месца запісу, сістэм запісу гукавой інфармацыі і носьбітаў інфармацыі. У дзярж. і ведамасных архівах Ф. сістэматызуюць па відах: фонаграфічныя, грамафонныя, шарынафонныя, фатаграфічныя (аптычныя), магнітныя запісы. Унутры відаў Ф. размяшчаюцца па адзінках уліку і камплектах. Адзінка ўліку — камплект Ф., які змяшчае запіс пэўнай падзеі: аднаго ці некалькіх выступленняў, маст. твораў, радыёперадачы. Камплект Ф. складаецца з арыгіналаў і копій, якія належаць. да пэўнай адзінкі ўліку. За адзінку захавання прымаецца фізічна адасоблены Ф. — рулон магнітнай стужкі, грамафонны арыгінал, грампласцінка, рулон стужкі з фатаграфічным ці шарынафонным запісам, васковы валік. Адзінкі захоўвання ўнутры адзінкі ўліку размяшчаюцца ў парадку вытв. нумароў, пазначаных на этыкетках, а ўнутры камплекту ў паслядоўнасці: арыгіналы, копіі. На асабліва каштоўныя Ф. ствараецца страхавы фонд. Асн. сховішча Ф. на Беларусі — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

А.​М.​Міхальчанка.

т. 16, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)