НАМЕНКЛАТУ́РА ХІМІ́ЧНАЯ,

сістэма назваў хім. элементаў, іх злучэнняў, хім. рэакцый, метадаў і інш., якой карыстаюцца ў хіміі і хім. прам-сці; мова сучаснай хіміі і хім. тэхналогіі. Найб. значэнне маюць наменклатуры: хім. элементаў, іх злучэнняў, спец. стэрэахімічная (гл. Стэрэахімія). Вылучаюць слоўную і сімвальную формы Н.х. (гл. Знакі хімічныя).

Да канца 18 ст. рэчывы і элементы атрымлівалі бессістэмныя (трывіяльныя) назвы, зыходзячы з іх уласцівасцей, імён вучоных-вынаходнікаў (Глаўберава соль), крыніц паходжання (кафеін) і інш.; частка з іх захавалася ў сучаснай Н.х. У 1787 Камісія пад кіраўніцтвам А.Л.Лавуазье прапанавала першую сістэму рацыянальных назваў хімічна індывід. рэчываў паводле прынцыпаў адназначнай адпаведнасці назвы рэчываў іх саставу. У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцэліус увёў літарныя сімвалы хім. элементаў і прапанаваў называць рэчывы, зыходзячы з таго, што кожнае злучэнне складаецца з электраадмоўнай і электрададатнай частак. Значны ўклад у развіццё Н.х. зрабілі Жэнеўская (1892), Льежская (1930) і Парыжская (1957) канферэнцыі. Правілы сучаснай Н.х. сфармуляваны Міжнародным саюзам тэарэтычнай і прыкладной хіміі і маюць рэкамендацыйны характар пры стварэнні нац. наменклатуры; пры гэтым увага скіроўваецца ў асн. на стандартызацыю напісання формул хімічных і на фанет. форму. Назвы хім. элементаў утвараюцца шляхам паслядоўнай транскрыпцыі поўнай лац. формы (напр., у англ., франц., ням. мовах — лац. Lithium), захаваннем лац. асновы без канцавых фармантаў (напр., у бел., рус. мовах — бор; лац. Borum) ці з адпаведнымі фармантамі (напр., бел. плаціна). Нац. Н.х. ўключаюць і гіст. назвы (напр., англ. — Copper, бел.кісларод). Пры запісе хім. формул бінарных неарганічных злучэнняў на першае месца ставіцца сімвал больш электрададатнага элемента, аснова назвы якога застаецца нязменнай. Назва электраадмоўнай часткі звычайна мае суфікс «-ід» («-ыд»): аксід, галагенід, гідрыд, сульфід, азід, карбід і інш. Парадак і грамат. афармленне вербальнай формы вызначаецца правіламі і традыцыямі канкрэтнай мовы, дадаткова вызначаюць зарад, валентнасць і інш. (напр., назва PCl3 у англ. мове phosphorus (III) chloride, у бел. — хларыд фосфару (III), ці трыхларыд фосфару). Аналагічна ўтвараюцца назвы псеўдабінарных злучэнняў: гідраксідаў, амідаў, цыянідаў, пераксідаў і інш. Кіслародзмяшчальныя к-ты звычайна маюць традыц. назвы, утвораныя ад назваў кіслотаўтваральных элементаў і спец. суфіксаў і прэфіксаў, якія вызначаюць ступень акіслення, будову і інш. (напр., H2SO4 серная к-та, H2SO3 сярністая к-та, H3PO4 артафосфарная к-та). Солі гэтых кіслот наз. аналагічна бінарным злучэнням: назва электраадмоўнай часткі (аніёна) утвараецца з дапамогай суфіксаў «-ат», «-іт» (напр., Na2SO4 сульфат натрыю, Na2SC3 сульфіт натрыю). Паводле замяшчальнай Н.х. асновай назвы арганічных злучэнняў з’яўляецца гал. вуглевадародны ланцуг, які мае гал. функцыянальную групу. Яго назва ўтвараецца з каранёў грэч. лічэбнікаў (C1 — мет, C2 — эт, C3 — прап і г.д). Кратныя сувязі і гал. функцыян. групу пазначаюць суфіксамі, астатнія групы лічаць замяшчальнікамі і абазначаюць прэфіксамі; становішча замяшчальнікаў у ланцугу паказваюць з дапамогай лічбавых лакантаў, што адпавядаюць нумарам атамаў вугляроду, пры якіх яны знаходзяцца (напр., 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он). У радыкальна-функцыян. Н.х. да назвы простага члена гамалагічнага рада дабаўляюцца назвы радыкалаў (напр., CH3-C ≡ C-CH3 дыметылацэтылен). Асобныя віды Н.х. выкарыстоўваюць у хіміі гетэрацыклічных, прыродных, комплексных злучэнняў.

Літ.:

Номенклатурные правила ИЮПАК по химии: Пер. с англ. Т. 1—6. М., 1979—88;

Кан Р., Дермер О. Введение в химическую номенклатуру: Пер. с англ. М., 1983;

Бокий Г.Б., Голубкова Н.А. Введение в номенклатуру ИЮПАК М., 1989;

Міляшкевіч Я.Г. Этапы станаўлення беларускай хімічнай тэрміналогіі // Хімія: Прабл. выкладання. 1996. Вып. 5.

Т.Т.Лахвіч.

Да арт. Наменклатура хімічная. Структурная формула 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

навука пра хім. элементы і ўтвораныя імі простыя і складаныя рэчывы, акрамя арганічных злучэнняў. Асн. задачы Н.х. — даследаванне будовы, саставу і ўласцівасцей простых рэчываў і хім. злучэнняў, навук. абгрунтаванне і распрацоўка спосабаў атрымання матэрыялаў, неабходных сучаснай тэхніцы. Асн. метады даследаванняў грунтуюцца на аналізе (сукупнасць аперацый, скіраваных на вызначэнне якаснага і колькаснага саставу рэчыва) і сінтэзе (атрыманне складаных хім. злучэнняў з больш простых ці з хім. элементаў). У Н.х. выкарыстоўваюцца тэарэт. ўяўленні і метады фізікі, крышталяграфіі, крышталяхіміі, а таксама метады аналіт., фіз. і калоіднай хіміі. Па аб’ектах, якія вывучаюцца, падзяляюць: на хімію асобных элементаў, хімію груп элементаў перыяд. сістэмы (хімія шчолачных металаў, галагенаў, шчолачназямельных элементаў, халькагенаў і інш.), хімію пэўных злучэнняў некаторых элементаў (хімія сілікатаў, пераксідных злучэнняў і інш.), хімію блізкіх па ўласцівасцях і галінах выкарыстання рэчываў (хімія тугаплаўкіх рэчываў, інтэрметалідаў, паўправаднікоў, высакародных металаў, неарган. палімераў і інш.), а таксама хімію элементаў, аб’яднаных у групы па адзнаках, якія склаліся гістарычна (напр., хімія рэдкіх элементаў). Самаст. раздзел Н.х. — каардынацыйная хімія, ці хімія каардынацыйных злучэнняў (ш. Комплексныя злучэнні). Звычайна «адасабляюць таксама хімію пераходных элементаў.

Гісторыя Н.х. пачынаецца з глыбокай старажытнасці; першыя звесткі пра золата, серабро, медзь, волава і інш. металы адносяцца да 3 ст. да н.э. У сярэднія вякі, калі панавала алхімія, былі адкрыты мыш’як, сурма, фосфар, цынк, вісмут, атрыманы к-ты (серная, саляная, азотная), некаторыя солі і інш. неарган. злучэнні. Як самаст. навука пачала развівацца ў 18—19 ст., калі былі ўстаноўлены асн. законы хім. атамістыкі: законы захавання масы пры хім. рэакцыях (М.В.Ламаносаў, 1756; А.Лавуазье, 1770), пастаянства саставу (Ж.Пруст, 1801—07), кратных адносін закон (Дж.Дальтан, 1803). У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцаліус апублікаваў табліцу атамных мас 45 вядомых элементаў; А.Авагадра і Ж.Л.Гей-Люсак адкрылі газавыя законы; П.Л.Дзюлонг і А.Пці вынайшлі правіла, што звязвае цеплаёмістасць з колькасцю атамаў у злучэнні; Г.І.Гес адкрыў закон пастаянства колькасці цеплаты (гл. Геса закон) узнікла атамна-малекулярная тэорыя. У 1807 Г.Дэві ажыццявіў электроліз гідраксідаў натрыю і калію і ўвёў у практыку новы метад атрымання простых рэчываў. У 1834 М.Фарадэй апублікаваў асн. законы электрахіміі. Наступны этап у развіцці Н.х. звязаны з адкрыццём перыяд. закону і перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева (1869), а таксама з дасягненнямі фізікі, якія дазволілі даць перыяд. закону фіз. абгрунтаванне, заснаванае на тэорыі будовы атама. У пач. 20 ст. прапанаваны першыя электронныя тэорыі валентнасці (В.Косель, 1915; Г.Льюіс, 1916), распрацаваны асновы каардынацыйнай хіміі (Л.А.Чугаеў, І.І.Чарняеў). Даследаванне прыроднай радыеактыўнасці прывяло да адкрыцця прыродных радыеактыўных элементаў і ўзнікнення радыяхіміі. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці дазволіла атрымаць новыя хім. элементы і ізатопы, запоўніць прабелы ў перыяд. сістэме элементаў і дабудаваць яе трансуранавымі элементамі. Развіццё ядз. энергетыкі, рэактыўнай тэхнікі, электронікі спрыяла стварэнню новых сінт. матэрыялаў і тэхналогій з выкарыстаннем дасягненняў у галіне тэхнікі высокіх тэмператур і ціску, глыбокага вакууму, распрацоўкі метадаў атрымання матэрыялаў высокай чысціні. Важная задача сучаснай Н.х. — даследаванне хім. уласцівасцей і спосабаў атрымання рэдкіх металаў (ніобій, тытан, малібдэн, тантал) і сплаваў на іх аснове, вывучэнне неарганічных палімераў і сіталаў. Н.х. з’яўляецца таксама навук. базай хім. вытв-сці неарган. рэчываў (солей, Кіслот, шчолачаў і інш.), неабходных для развіцця цяжкай індустрыі і сельскай гаспадаркі.

На Беларусі даследаванні па Н.х. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН (сінтэз эмаляў, адсарбентаў, каталізатараў, керамічных матэрыялаў і мінер. угнаенняў), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН і БДУ (сінтэз звышцвёрдых і паўправадніковых матэрыялаў, сегнетаэлектрыкаў і ферытаў), Бел. тэхнал. ун-це (фосфарныя ўгнаенні, пераўскіты, ферыты), НДІ будматэрыялаў (пенашкло, пенабетон, вапна і інш.), Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (паўправадніковыя злучэнні).

Літ.:

Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975;

Штрубе В. Пути развития химии: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1984.

У.С.Камароў.

т. 11, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,

узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.

Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб. пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыі Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасць традыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл. Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш. Энергія сціснутага прыроднага газу пры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм, пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн. кВт гадз электраэнергіі за год.

На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт. прызначэння, у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г. прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах. Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх. ч. краіны. Буд-ва ГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн. м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн. м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд. м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн. м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.

Ю.Дз.Ільюхін, У.М.Сацута.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРА́МІКА (грэч. keramike ганчарнае мастацтва ад keramos гліна),

вырабы з прыродных глін і іх сумесей з мінер. і арган. дамешкамі, абпаленыя да каменепадобнага стану. Паводле прызначэння падзяляецца на посуд (сталовы, кухонны, тарны), буд. вырабы (плітка керамічная, цэгла, чарапіца, кафля і інш. вырабы будаўнічай керамікі), рэчы мастацтва, культу (дэкар. вазы, статуэткі, фігуркі, барэльефы, урны пахавальныя) і інш. Паводле гатункаў гліны К. бывае звычайная (з афарбаванай, ажалезненай гліны) і фарфора-фаянсавая (з белай гліны — кааліну). Паводле дамешкаў у глінянае цеста адрозніваюць К. тэракотавую (з чыстай чырванаватай гліны), з арганічнымі (расліннымі) дамешкамі, тоўчанымі ракавінамі, пяском (кварцам), жарствой (тоўчаным каменем), крывавікам (балотнай рудой), шамотам (здробненымі кавалкамі посуду), фарфоравую (з дамешкамі ў каалін кварцу, мармуру, мелу), фаянсавую (з дамешкамі гіпсу) і інш. Стараж. К. нясе ў сабе тэхналагічную, храналагічную (стадыяльную), тэрытарыяльную, культурна-археал. інфармацыю. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў (найперш посуду) з’яўляюцца асн. вызначальнымі прыкметамі пэўнай археал. культуры, а часам і этнічнай прыналежнасці. Паводле спосабаў вытв-сці К. падзяляюць на ляпную (вырабленую рукамі) і ганчарную. Па апрацоўцы паверхні керамічны посуд бывае гладкасценны, з адбіткамі шнура (вяроўкі), з расчосамі грэбенем, шурпаты, штрыхаваны, храпкаваты (абляпаны), тэкстыльны (з адбіткамі тканіны), глянцаваны, паліраваны, маёлікавы (гл. Маёліка) і інш.

Вытворчасць глінянага посуду пачалася 8—6 тыс. г. да н.э. ў Пярэдняй Азіі (Месапатамія), на Б. Усходзе і ў Інданезіі. У Еўропе найб. стараж. посуд (6—5,8 тыс. г. да н.э.) знойдзены на Балканскім п-ве (Македонія, Балгарыя). У 5—4 тыс. да н.э. вытв-сць К. стала вядома насельніцтву Валыні, а з канца 5-га тыс. да н.э. плямёнам, якія насялялі тэр. Беларусі. Для стараж. посуду характэрна выкарыстанне раслінных дамешкаў у цесце гліны, якія пры т-ры 300—400 °C часткова выгаралі. Абпал посуду на адкрытым вогнішчы быў слабы, пры т-ры 500—600 °C утвараўся аксід жалеза, што афарбоўваў паверхню ў чырванаваты колер. У жал. веку ў фармовачную масу найчасцей дамешвалі жарству ці буйназярністы пясок, посуд фармавалі стужачна-кальцавым спосабам на спец. цвёрдай падстаўцы. Спачатку выбівалі ці выціскалі донца, потым нарошчвалі сценкі. Абпальвалі ў скляпеністых горнах, дзе т-ра дасягала 1000 °C, калі мінер. дамешкі пачыналі плавіцца, а пазней і 1200—1400 °C, пры якой адбывалася іх крышталізацыя і чарапок набываў «звонкасць». Усх. славяне ганчарны посуд пачалі вырабляць у сярэдзіне 10 ст. Першапачаткова ганчарны круг выкарыстоўвалі толькі для загладжвання ўжо гатовага начыння ці частковай яго фармоўкі. Асн. яго формай былі гаршкі, вырабленыя на павольным крузе.

На Беларусі са з’яўленнем нажнога ганчарнага круга стаў выкарыстоўвацца спосаб тачэння або выцягвання пасудзіны з аднаго кавалка гліны. Вельмі шмат ганчарнай К. ў культурных пластах гарадоў 12—13 ст. Асабліва добра К. абпальвалася ў горне (гл. Ганчарны горан). Пасля прыняцця хрысціянства (988) у гарадах Кіеўскай Русі, у т. л. на Беларусі, разгарнулася буд-ва мураваных цэркваў, што адразу рас шырыла асартымент К. З гліны пачалі вырабляць плінфу (шырокую плітачную цэглу), архітэктурныя дэталі, у т. л. галаснікі; для аздаблення падлогі і сцен выраблялі пліткі, якія часам пакрывалі паліхромнымі палівамі. У 14 ст. з’явілася, а ў 16—17 ст. шырока распаўсюдзілася брусковая буйнапамерная цэгла-пальчатка з адбіткамі і баразёнкамі ад пальцаў. Частка цэглы перапальвалася і ператваралася ў цэглу-жалязняк цёмна-шэрага колеру, што выкарыстоўваўся на дэкор. У гэты час ганчары навучыліся загартоўваць посуд у растворы хлебнага квасу, у выніку з’явілася «абварная», «гартаваная», «рабая» К., дэкор якой меў выгляд плям на светла-ружовым фоне. У 14 ст. рамеснікі ВКЛ перанялі ў ням. майстроў уменне вырабляць кафлю і абліцоўваць ёю печы. Аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў сярэдзіне 16 ст. і асваенне нажнога ганчарнага круга садзейнічалі павышэнню якасці К. Посуд стаў больш тонкі і сіметрычны, пашырыўся яго асартымент. Пачалі вырабляць курыльныя люлькі, скарбонкі, цацкі-свістулькі і інш. рэчы. Прадукцыя ганчароў паступала на рынкі, набывала таварны характар. Шмат белаглінянага посуду — т.зв. «каменнага тавару» — трапляла ў 16 ст. ў гарады Беларусі з Рэйнскай вобласці. З 15 — пач. 16 ст. посуд і кафлю пакрывалі пераважна зялёнай палівай, з сярэдзіны 16 ст. пачалі рабіць маёлікавы посуд і кафлю, аздобленыя паверх нізкарэльефнага малюнка жоўтай, белай, зялёнай эмаллю не ражком, як гэта было ў 12—15 ст., а пэндзлем непасрэдна па непрасушаным чарапку. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі дымленне, глянцаванне, падглазурную размалёўку — ангобам, а надглазурную — эмалямі. Росквіт вытв-сці паліхромнай кафлі на Беларусі ў 16—17 ст. дазволіў экспартаваць яе ў Маскоўскую дзяржаву. У 17 ст. на Беларусі з’явіўся маёлікавы посуд, рэчы, аздобленыя кобальтавай размалёўкай. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Целяханах, Слуцку і інш. гарадах. У 19—20 ст. К. пераважна вырабляюць на прамысл. прадпрыемствах. Тэхнал. працэс вырабу прамысл. К. ўключае апрацоўку сыравіны, прыгатаванне керамічнай масы, фармаванне, сушку і абпал вырабаў, дэкаратыўную аддзелку.

К. мастацкая — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асн. тэхнал. віды маст. К. — тэракота, шамот, маёліка, фаянс, каменная маса, фарфор.

Вырабы з гліны (выявы жывёл і чалавека) вядомы з палеаліту (фігуркі з Дольні-Вестаніцы, Чэхія, 27 тыс. г. да н.э.). З позняга палеаліту і ў неаліце вядома абпальванне вырабаў з гліны (рэльефныя выявы жывёл у пячоры Цюк-д’Адубер, Францыя). Выразныя магчымасці К. павялічваліся з удасканаленнем спосабаў вырабу (ад лепкі ўручную да фармоўкі на ганчарным крузе), абпальвання (ад вогнішча да ганчарнага горна) і аздаблення посуду (ад нескладанага ямкавага арнаменту для глянцавання, лакаў, ангобу, палівы і шматкаляровай размалёўкі; гл. Ганчарства). Імкненне атрымаць тонкую і прыгожую К. прыводзіла майстроў розных краін і эпох да адных і тых жа адкрыццяў. Напр., вытв-сць фаянсу і глазураў, вядомая стараж. егіпцянам у 15 ст. да н.э., была зноў вынайдзена ў 3—4 ст. н.э. ў Кітаі, у 9—10 ст. у краінах Б. Усходу, у 16 ст. ў Францыі. Сакрэт фарфору, вядомага ў Кітаі з 6—7 ст., адкрылі ў 1-й пал. 18 ст. самастойна рус. і ням. майстры (мейсенскі фарфор), у 2-й пал. 18 ст. — у Францыі (сеўрскі фарфор). У Францыі і Англіі былі створаны блізкія да фарфору разнавіднасці К. — т.зв. мяккі і «касцяны» фарфор. Важнае месца ў гісторыі К. належыць Стараж. Грэцыі, дзе выпрацаваны разнастайныя формы пасудзін (амфара, ваза, кіяф, кілік, скіфас і інш.), упрыгожаныя чорна- і чырваналакавай размалёўкай (гл. Вазапіс), былі пашыраны ляпныя і размаляваныя тэракотавыя статуэткі. Высокага маст. ўзроўню дасягнула К. амер. індзейцаў, якія да 16 ст. не ведалі ганчарнага круга (тэракотавыя статуэткі майя, фігурныя пасудзіны і маскі ацтэкаў, «тваравыя» пасудзіны інкаў). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца кіт. фарфор 9—17 ст., блізкаўсходні паліхромны з люстрам посуд і арх. абліцоўкі 9—15 ст. (дэкор пабудоў Самарканда, Бухары і інш.), іспана-маўрытанская (14—15 ст.) і італьян. (15—17 ст.) маёліка, фаянсы Руана, Сеўра (16—18 ст.), рас. фарфор, фаянс (гл. Гжэльская кераміка. Дулёўскі фарфоравы завод) і вырабы нар. маст. промыслаў (гл. Дымкаўская цацка, Скапінская кераміка). З пач. 20 ст. з пашырэннем функцыяналізму ў К. краін Еўропы і ЗША вёўся пошук простых, часам без дэкору форм, разлічаных на прамысл. вытв-сць (распрацоўкі «Баўгауза» ў Германіі і інш.). У 1950-я г. прамысл. К. імкнулася да рацыянальнай прастаты, выяўлення утылітарнасці прадмета, структурных і фактурных якасцей матэрыялу. Для дэкору характэрна разнастайнасць тэхнік (новыя віды эмалі, палівы), стылявых тэндэнцый, кантрастных супастаўленняў з інш. матэрыяламі. З 1960-х г. адбываецца адыход ад строгай функцыянальнасці і імкненне наблізіцца да станковых форм. У галіне К. працуюць буйнейшыя мастакі і архітэктары.

На тэр. Беларусі керамічныя вырабы (прадметы хатняга ўжытку) вядомы з неаліту (гл. ў арт. Першабытнае мастацтва). Лепленыя ўручную вастрадонныя гаршкі ўпрыгожвалі наколкамі, адбіткамі грэбеня, пракрэсленымі лініямі, пазней арнаментавалі ўсю паверхню. У бронзавым веку была пашырана шнуравая К., у жал. веку пераважала штрыхаваная, гладкасценная і чорназадымленая. Выкарыстанне ганчарнага круга, павышэнне якасці апрацоўкі гліны садзейнічалі таму, што з 10 ст. керамічныя вырабы сталі больш якасныя, пластычна выразныя і разнастайныя па форме. У сярэдневякоўі склаліся традыц. асаблівасці К. Практычную і эстэт. каштоўнасць гліняных вырабаў павялічыла выкарыстанне глазуры. Керамічны посуд аздаблялі гравіраваным лінейна-хвалістым узорам, штрыхамі, кропкамі. Выраблялі таксама арх. дэталі, збаны-галаснікі, паліхромныя абліцовачныя пліткі (гл. Плітка дэкаратыўная). У 16—18 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сць кафлі. Пра шырокае ўжыванне маст. К. ў 17 ст. сведчаць інтэр’еры маскоўскіх і падмаскоўных храмаў, манастыроў і палацаў, якія аздаблялі выхадцы з Беларусі, майстры-цаніннікі С.Палубес, П.Заборскі, І.Максімаў, С.Грыгор’еў, старац Іпаліт і інш. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Свержані (Стаўбцоўскі р-н), Целяханах (Івацэвіцкі р-н; гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы), Гродне, Урэччы, Слуцку. Фаянсавыя вырабы аздаблялі рэльефным арнаментам, маскаронамі, шматколернай размалёўкай і пазалотаю. Склаліся цэнтры маст. К., сфарміраваліся самабытныя школы дэкар. размалёўкі, мясц. маст. стылі (гл. Бабінавіцкая кераміка, Бабруйская кераміка, Гараднянская кераміка, Гарадоцкая кераміка, Дубровенская кераміка, Заслаўская кераміка, Івянецкая кераміка, Крычаўская кераміка, Поразаўская кераміка і інш.). Да традыц. відаў маст. К. адносяцца і гліняная скульптура, цацкі-свістулькі і інш. У 19 — пач. 20 ст. К. выраблялі на кафляных і фаянсавых з-дах у Целяханах, Слуцку, Барысаве, Магілёве; буйнейшы цэнтр вытв-сці — Копысь Аршанскага р-на (гл. Копыская кафля, Копыская кераміка). У 1925—29 існавала аддзяленне маст. К. ў Віцебскім маст. тэхнікуме. У 1920—40-я г. на базе нар. ганчарнага рамяства створаны арцелі (у Барысаве, Івянцы, Бабруйску, Бабінавічах Лёзненскага, Ракаве Валожынскага р-наў); з 1948 працуе фаянсавы з-д у Мінску. Лепшыя тагачасныя творы К. адметныя пошукам новых дэкар. магчымасцей у прыродных формах. Выраблялася таксама настольная дэкар. скульптура, гал. ч. з фарфору. У 1959 створана керамічная майстэрня пры Маст. фондзе БССР. У 1961 адкрыта аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва, у 1964 — кафедра маст. керамікі ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел. АМ). З 1963 працуе керамічны цэх Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Значны ўклад у развіццё маст. К. ў гэты час зрабілі Ф.Зільберт, М.Бяляеў, В.Гаўрылаў, Т.Паражняк. Для мастакоў-керамістаў гэтага перыяду характэрна імкненне да выяўлення прыгажосці матэрыялу, шырокае выкарыстанне кантрастаў яго фактур, матэрыялаў, якія раней лічыліся немастацкімі (напр., шамот), смелае спалучэнне колераў, распрацоўваліся новыя віды эмалей і глазураў. У 1960-я г. павялічылася цікавасць да унікальнай К., якая ў 1970-я г. набыла станковы характар, да традыцый нар. творчасці (работы Л.Панамарэнкі, М.Шаўцовай, М.Кляцкова, Ф.Шостака). З 1978 працуе Добрушскі фарфоравы завод, 3 1979 — аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Маст. К. развіваецца ў 2 кірунках: адны мастакі амаль адышлі ад масавай бытавой К. і ствараюць пераважна свабодныя дэкар. формы, арх. К., другія паслядоўна прадаўжаюць традыцыі нар. мастацтва. У творчасці мастакоў першага кірунку відавочна імкненне парушыць канструкцыйна-прадметную сутнасць твора, іх работам уласцівы своеасаблівасць пластычных сродкаў, складаныя асацыяцыі, сімволіка. Дэкар. рэчы ствараюцца ў формах, блізкіх да скульптуры і жывапісу. Пашыранымі сталі блізкія да скульптуры малых форм керамічныя пано і размаляваныя рэльефы. Сярод мастакоў-керамістаў 1980—90-х г. М.Байрачны, В.Грыгарышына, В.Данчук, А.Дзятлава, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, А.Концуб, У.Кузняцоў, Н.Кухарэнка, С.Ларчанка, А.Паддубны, У.Паражняк, Э.Позняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, Т.Сакалова, А.Сурмач, У.Угрыновіч і інш.

Літ.:

Беларуская кераміка. Мн., 1984;

Бобринский А.А. Гончарство Восточной Европы: Источники и методы изучения. М., 1978;

Акунова Л.Ф., Крапивин В.А. Технология производства и декорирование художественных керамических изделий. М., 1984.

Н.І.Здановіч, Г.К.Штыхаў, М.М.Яніцкая, В.І.Жук (К. мастацкая).

Да арт. Кераміка. Дама з мопсам. Мейсен. Каля 1740.
Да арт. Кераміка. Паднос. Кітай. 18 ст.
Да арт. Кераміка. Керамічная лямпа са Скальнага храма ў Іерусаліме. 1549.
Да арт. Кераміка. У.Кузняцоў. Дэкаратыўная скульптура «Купава» ў Мінску. 1970.
Да арт. Кераміка. У.Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Развіццё». 1980.
Да арт. Кераміка. С.Палубес. Чатыры апосталы. Рэльеф. Маёліка. 2-я пал. 17 ст.
Да арт. Кераміка. Т.Сакалова. Кампазіцыя «З’яўленне». Шамот, эмаль. 1994.

т. 8, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАМАСТА́ЦТВА кіно,

від экраннага мастацтва, творы якога зроблены на тэхн. базе кінематаграфіі, а таксама з дапамогай інш. тэхн. сродкаў аўдыёвізуальнай камунікацыі (тэлебачанне, відэакасеты, відэадыскі, камп’ютэр і інш.). Асн. творы К. — фільмы — ствараюцца шляхам кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных падзей рэчаіснасці або ўзноўленых сродкамі анімацыі. У К. сінтэзуюцца эстэт. ўласцівасці л-ры, т-ра, выяўл. мастацтваў, музыкі (гл. Кінамузыка) на аснове спецыфічных сродкаў выразнасці. Кінематограф і К. як яго частка ўзніклі на мяжы 19—20 ст. у выніку развіцця навукі і тэхнікі. Кінематограф фарміраваўся як частка тэхнагеннай культуры, для якой характэрна спалучэнне унікальнасці яе прадукцыі з тыражаваннем. Папярэднікамі кіно акрамя традыц. відаў мастацтва былі: фатаграфія, кірмашовы атракцыён, фанограф, грамафон, патэфон, радыё (як папярэднік гукавога кіно), перыяд. выданні (як папярэднікі хранікальных фільмаў), відовішчы, якія стваралі ілюзію рэальнасці (панарама, дыярама, кругавая праекцыя — папярэднікі шырокаэкраннага, шырокафарматнага, кругавога, варыяэкрана). Прырода сінтэзу кіно дваістая: сінтэз у працэсе нараджэння К. як віду мастацтва і сістэмы яго сродкаў выяўлення, а таксама сінтэз як узаемадзеянне і ўзаемаўплыў мастацтваў на кожным этапе існавання К. і пры стварэнні кожнага канкрэтнага твора. Вынік сінтэтычнасці К. — калектыўнасць стварэння фільма. Кампаненты фільма і адпаведна асн. кінематаграфічныя прафесіі: кінадраматургія — сцэнарыст; рэжысура — рэжысёр; мантаж — мантажор; выява — мастак, аператар; гук — кампазітар, гукарэжысёр; акцёрская творчасць — акцёр, каскадзёр. Гал. роля ў працэсе стварэння фільма звычайна належыць рэжысёру. У сувязі з калектыўнасцю стварэння фільмаў у К. праблема аўтарства спецыфічная. У працэсе яго гіст. развіцця паступова адбывалася станаўленне індывідуальнай аўтарскай свядомасці, што прывяло да ўзнікнення тэрміна «аўтарскае кіно» і вылучэння яго як асобнай з’явы ў процілегласць жанраваму кіно. К. найб. натуральна і адэкватна адлюстроўвае масавую псіхалогію. Сістэма вобразнага засваення свету аўдыёвізуальным К. мае 2 узроўні: выяўленчы (сама кінавыява) і вобразны (вобразны сэнс, які нясе кінавыява). Аснова кінавобразнасці — выяўленчасць. Адносна К. існуе азначэнне «самае безумоўнае з мастацтваў», аднак фатаграфічная прырода К. не адмяняе асобай кінематаграфічнай умоўнасці. Мова К. — гукапластычная мова экраннай выявы, якая рухаецца. К. валодае сістэмай сродкаў адлюстравання, многія з якіх суадносяцца са сродкамі інш. мастацтваў (святло, колер, рытм, лейтматыў, слова і інш.), а некаторыя з’яўляюцца спецыфічнымі і вызначальнымі: кадр, або мантажны кадр, план (адносны маштаб выявы ў кадры), ракурс (пункт погляду камеры, які дапамагае адлюстраваць погляд героя або аўтара на падзеі), мантаж. Вылучаюць віды К.: ігравое кіно (гл. Мастацкі фільм), анімацыйнае кіно, дакументальнае кіно, навукова-папулярнае кіно. Прынцыпамі падзелу кіно на віды з’яўляюцца прадмет экраннага ўвасаблення, спосабы экраннай матэрыялізацыі задумы ў адпаведнасці з запатрабаваннямі ўспрыняцця гледачоў. Існуе тэндэнцыя стварэння фільмаў на стыку ігравога, дакумент. і анімацыйнага кіно. З развіццём К. фарміравалася яго жанравая сістэма. К. выкарыстоўвала жанры інш. мастацтваў (л-ры, т-ра, фальклору і інш.) і выпрацоўвала свае (гл. ў арт. Жанр). Для сучаснага К. характэрна тэндэнцыя да змешвання жанраў (поліжанрызм К.) і відаў К. Найб. пашырана спалучэнне т. зв. «нізкіх», або традыц. відовішчных жанраў К. ў сувязі з аднолькавым узроўнем умоўнасці (авантурны фільм у розных варыяцыях, меладрама, камедыя). На сістэму жанраў дакумент. кіно зрабіла ўплыў літ. публіцыстыка, навук.-папулярнага — навук. літаратура. Паводле паходжання многія кінажанры маюць літ. назвы, але па сутнасці яны не ідэнтычныя.

Гістарычна К. ўзнікла разам з кінематографам. Асобныя фільмы канца 19 ст. (пераважна камічныя, феерычныя, меладрам. стужкі) па сваёй прыродзе належалі да сферы маст. творчасці, хаця цалкам творамі К. іх лічыць нельга. Ад спрошчанага засваення вопыту інш. мастацтваў К. шляхам паступовага назапашвання маст. знаходак распрацоўвала і спецыфічныя сродкі выяўлення (сістэмы планаў, ракурсаў, рухаў камеры, форм мантажу, муз. суправаджэння). Ускладняліся кінадраматургія і акцёрская творчасць. У перыяд фарміравання К., які звычайна датуюць ад узнікнення кінематографа да заканчэння 1-й сусв. вайны, значны ўклад у яго развіццё зрабілі кінематаграфісты Францыі (браты Люм’ер, Ж.Мельес, дзейнасць фірмы «Фільм д-Ар»), ЗША (Э.Портэр, Т.Х.Інс, Д.У.Грыфіт, Ч.Чаплін), Італіі, Даніі, Швецыі, Расіі і інш. Да 1908 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, паказваліся фільмы выключна замежнай вытв-сці. Пазней зарадзілася ўласная кінавытв-сць, у якой вызначыліся асн. тэматычныя і жанравыя кірункі: экранізацыя класікі, крымінальна-прыгодніцкія, быт., камічныя фільмы, салонныя меладрамы. Першым рас. фільмам уласцівы запаволенасць экраннага апавядання, павышаны псіхалагізм (творчасць У.Гардзіна, Я.Баўэра, Я.Пратазанава). Першаадкрывальнікам аб’ёмнай анімацыі быў рас. кінематаграфіст бел. паходжання У.Старэвіч. У канцы 1910-х г. кіно сфарміравалася як від мастацтва (гл. Нямое кіно). Крызіс класічнага маст. мыслення ў канцы 19 ст. адначасова з мадэрнізмам спарадзіў масавую культуру, якая захавала жыццепадабенства і агульнадаступнасць, але змяніла пазнавальна-выхаваўчую арыентацыю на кампенсаторна-забаўляльную. Да яе належаў і кінематограф «асн. патоку». Мадэрнізм яскрава праявіўся ў К. 1920-х г.: ням. кінаэкспрэсіянізм (Ф.Ланг, Ф.Мурнаў) і франц. кінаімпрэсіянізм (Л.Дэлюк), кінаавангард (Р.Клер, Л.Буньюэль, Ф.Лежэ), сав. рэв. кінапаэзія і інш. З дасягненняў К. ЗША найб. значнасць мае эксцэнтрычная кінакамедыя. Праявілася спецыфіка неігравога кіно як сферы К., якое акрамя інфарм., рэпартажнай функцыі адкрыла новыя маст. магчымасці. Сярод найб. значных дасягненняў у сусв. неігравым кіно — творчасць сав. рэж. Дз.Вертава, амер. рэж. Р.Флаэрці і інш., у творах якіх дасягнута арган. зліццё жыццёвага матэрыялу з аўтарскай трактоўкай у кінематаграфічнай форме. У СССР у 1920-я г. ствараліся класічныя творы сав. рэв. кінаавангарда — «тыпажна-мантажнага», «паэтычнага» мастацтва, што вылучыла сав. кіно на адно з першых месцаў у сусв. кінематографе (творчасць С.Эйзенштэйна, У.Пудоўкіна, А.Даўжэнкі і інш.). У гэтым рэчышчы ствараліся і лепшыя бел. фільмы (Ю.Тарыч). З канца 1920-х г. пачало развівацца гукавое кіно, хоць на пачатковым яго этапе тэхн. складанасці гуказапісу абмяжоўвалі сферу выкарыстання сродкаў выразнасці, адкрытых у нямым кіно. Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі франц. «паэтычны рэалізм», якому ўласцівы глыбокі псіхалагізм і рамант атмасфера дзеяння (фільмы Ж.Рэнуара, Ж.Фейдэра, Ж.Дзювіўе, М.Карнэ), удзел у кіно майстроў англ. сцэны. Замацавалася ўстойлівая сістэма кінажанраў, асабліва ў кінематографе ЗША У неігравым кіно найб. значныя работы нідэрл. дакументаліста І.Івенса ў жанры эксперым. лірычных кінабалад, англ. дакумент. школа Дж.Грырсана і інш. У СССР гукавое кіно пашырылася з 1930-х г. Лепшыя фільмы вызначаліся спалучэннем эстэтыкі тыпажна-мантажнага К. і магчымасцей гукавога кіно (М.Ром, С.Юткевіч, А.Зархі, І.Хейфіц, Ю.Райзман, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў; у бел. кіно — Ю.Тарыч і У.Корш-Саблін). У гэты час у СССР адзіным творчым метадам быў абвешчаны сацыялістычны рэалізм. Перад 2-й сусв. вайной кансерватыўна-традыцыяналісцкія тэндэнцыі пашырыліся ў К. практычна ўсіх краін, нягледзячы на адрозненні ідэалаг. і эканам. плана. У гады 2-й сусв. вайны ў кіно ўзмацнілася агітацыйнасць, павялічылася роля дакумент. публіцыстыкі. У гэтым жанры працавалі і рэжысёры ігравога кіно (Дж.Форд, Ф.Капра ў ЗША, Райзман, Даўжэнка ў СССР і інш.). Ставіліся фільмы, пабудаваныя на суадносінах дакумент. і ігравых пачаткаў (англ. рэж. Х.Джэнінгс). У сярэдзіне 1940 — пач. 1950-х г. пераважалі фільмы традыц. апавядальнай стылістыкі, на аснове якой К. асімілявала тэхн. навінкі: каляровую выяву (з 1930-х г.), розныя прапорцыі экрана (з 1950-х г. шырокі экран, шырокі фармат і інш.). На першы план вярнулася эстэтыка быт. падабенства, што найб. увасобілася ў тэорыі і практыцы італьян. неарэалізму (Ч.Дзаваціні, Р.Раселіні, В.Дэ Сіка, Дж. Дэ Сантыс, П.Джэрмі і інш.). У СССР у пасляваен. гады складанасці ў становішчы К. былі абумоўлены эканам. цяжкасцямі і ўзмацненнем жорсткасці паліт. рэжыму. Было прынята рашэнне аб скарачэнні кінавытв-сці, што адмоўна адбілася на стане кінематографа рэспублік з невял. кінавытв-сцю, у т. л. Беларусі. З сярэдзіны 1950-х г. на развіццё К. пачала ўплываць канкурэнцыя з боку тэлебачання, што ў канцы 1950-х г. прывяло да крызісу кінематографа галівудскага тыпу (акцёрска-прадзюсерскага) і ўздыму еўрап. кіно, якое менш закранула ўздзеянне тэлебачання. З’явілася аўтарскае кіно ў Італіі (Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, П.П.Пазаліні), Швецыі (І.Бергман), Японіі (А.Курасава), Іспаніі (Буньюэль) і інш., франц. «новая хваля» (А.Рэнэ, Ф.Труфо, Ж.Л.Гадар), «польская школа» (А.Вайда, А.Мунк), «чэшская школа» (М.Форман, І.Менцэль), «кіно адлігі» ў СССР. Пэўны ўздым К. адбыўся ў краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі. На змену традыц. форме кінаапавядання прыйшлі новыя прынцыпы пабудовы фільма, разнастайныя формы відавога і жанравага сінтэзу. У 1960-я г. ў ЗША акцёрска-прадзюсерскі тып кіно змяніўся рэжысёрскім (С.Кубрык, Дж.Франкенхеймер і інш.). На сусв. К. ўплывалі структуралізм, псіхааналіз, ідэі аўтарскага кіно, эстэтыка франц. «новай хвалі», андэграўнду. Пашырылася т. зв. незалежнае кіно. У СССР у 1960-я г. пашырылася кінавытв-сць, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Р.Чухрай, С.Бандарчук, Л.Куліджанаў, С.Растоцкі, А.Таркоўскі, В.Шукшын, Э.Клімаў, І.Таланкін, на Беларусі — В.Тураў, І.Дабралюбаў, Б.Сцяпанаў і інш.). У К. праявіліся лірычнасць, рамантычнасць, адначасова ўзмацнілася аналітычнасць. Узбагаціліся вобразная мова экрана і яго жанрава-стылявая палітра. Асн. кірункі жанрава-стылявых пошукаў — «дакументальнае» і «жывапісна-паэтычнае» кіно. «Новая хваля» ўласціва і развіццю сусв. дакумент. К., у якім выявіліся сацыялагічная тэндэнцыя, пошукі новых спосабаў адлюстравання рэчаіснасці (творчасць групы «Свабоднае кіно» ў Вялікабрытаніі, «Групы трыццаці» і кірунку «сінема верытэ» ў Францыі). Дакумент. К. ў пэўнай ступені паўплывала на развіццё ігравога кіно. Лепшыя стужкі сав. дакумент. кіно вызначаліся тонкім раскрыццём псіхалогіі чалавека (В.Лісаковіч, Г.Франк і інш.), навук.-папулярнага — паглыбленым імкненнем да вырашэння эстэт. задач, да паэт. раскрыцця навук. пошуку і псіхалогіі творчасці (В.Архангельскі, Б.Загражскі, У.Кобрын, «кіеўская школа» навук.-папулярнага кіно, асабліва Ф.Собалеў). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. адрадзілася кіно галівудскага тыпу, адбыўся зварот да жанравага кіно, традыц. форм кінаапавядання. Гэтыя тэндэнцыі найб. ярка выявіліся ў кіно ЗША, якое зноў пачало лідзіраваць у сусв. кінематографе (фільмы Ф.Ф.Копалы, С.Спілберга, Дж.Лукаса, М.Скарсезе і інш.). Разам з тэлебачаннем канкурэнцыю традыц. кінапракату пачалі складаць відэаіндустрыя, новыя формы экраннага мастацтва, не звязаныя з традыц. кінематаграфічнай тэхнікай (у СССР гэтыя працэсы пачаліся пазней), што выклікала змены ў выкарыстанні сродкаў адлюстравання ў К., ужыванне камп’ютэрнай тэхнікі для стварэння спецэфектаў і інш. У 1970 — пач. 1980-х г. у К. СССР выявіліся крызісныя, застойныя з’явы. Лепшым фільмам былі ўласцівы крытыка грамадскіх хібаў, пошукі ў галіне кінамовы, складаныя драматургічныя канструкцыі, зварот да дакументалізму і ўмоўна-метафарычнага пачатку, фалькл., міфалагічных матываў, суб’ектыўнага эпасу ў гіст. творах (творчасць Л.Шапіцька, М.Міхалкова, С.Параджанава, В.Абдрашытава, С.Салаўёва, А.Германа, Г.Панфілава, у бел. кіно В.Нікіфарава, М.Пташука, В.Рубінчыка, В.Рыбарава, В.Чацверыкова і інш.).

З 1980-х г. на сусв. К. пачалі ўплываць тэндэнцыі постмадэрнізму (адлюстраванне крызісу маст. культуры 20 ст.), якія па-рознаму выявіліся ў еўрап. і амер. кіно (творчасць Д.Джармена, П.Грынуэя, прадстаўнікоў франц. «новай хвалі», амер. рэжысёраў пакалення «япі» і інш.). У неігравым кіно ў сярэдзіне 1980-х г. развіваліся маст. традыцыі сусв. і сав. дакумент. К., кінематаграфісты Г.Рэджыо (ЗША), А.Сакураў, А.Касакоўскі (Расія), В.Дашук (Беларусь) і інш. імкнуліся да пошукаў новай формы, спосабаў і метадаў маст. асэнсавання хранікальнага матэрыялу, рэальных падзей. У сав. ігравым кіно пашырылася т.зв. «кіно чорнай хвалі» («чарнушнае кіно») і імкненне да відовішчнасці. У 1990-я г. кіно Расіі, Беларусі і інш. краін, што ўтварыліся пасля распаду СССР, з-за цяжкага фін.-эканам. становішча і спаду вытв-сці перажывае глыбокі крызіс. К. пост-сав. краін практычна не ўпісваецца ў сістэму сусв. К., у якім таксама назіраюцца крызісныя з’явы.

Літ.:

Аристарко Г. История теорий кино: Пер. с итал. М., 1966;

Красинский А.В. Экран земли белорусской. М., 1973;

Нечай О.Ф. Становление художественного телефильма. Мн., 1976;

Актуальные проблемы киноискусства. М., 1977;

Жанры кино. М., 1979;

Смаль В.И. Сквозь призму десятилетий. Мн., 1980.

Л.М.Зайцава, Г.У.Шур (неігравое кіно).

т. 8, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕСУЭ́ЛА (Venezuela),

Рэспубліка Венесуэла (República de Venezuela), самая паўн. дзяржава ў Паўд. Амерыцы. На Пн абмываецца Карыбскім м. Мяжуе на З з Калумбіяй, на Пд з Бразіліяй, на У з Гаянай. Падзяляецца на 21 штат, 1 тэрыторыю, 1 федэральную (сталічную) акругу, 1 федэральнае ўладанне (72 дробныя астравы ў Карыбскім моры). Пл. 912 тыс. км², нас. 20,1 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Каракас. Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (5 ліп.).

Дзяржаўны лад. Венесуэла — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1961. На чале дзяржавы і ўрада прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс у складзе палаты дэпутатаў і сената. Выканаўчы орган — урад.

Прырода. Венесула размешчана паміж паўн. ланцугом Андаў і Гвіянскім пласкагор’ем. Берагі на У і З нізінныя, у цэнтр. ч. скалістыя. На ПнЗ высокія хрыбты Андаў: Сьера-дэ-Перыха (да 3540 м), Кардыльера-дэ-Мерыда (г. Балівар, 5007 м), якія абкружаюць тэктанічную ўпадзіну воз. Маракайба. На Пн уздоўж узбярэжжа цягнуцца Карыбскія Анды. Частку краіны паміж Андамі і Гвіянскім пласкагор’ем займае нізіна р. Арынока (Льянас-Арынока). Для Гвіянскага пласкагор’я характэрны выш. 300—500 м, асобныя астраўныя горы і хрыбты (на мяжы з Бразіліяй г. Ла-Небліна — 3014 м, на У г. Рарайма — 2772 м і інш.), сталовыя масівы. Нетры Венесуэлы багатыя нафтай і прыродным газам, жал. рудой, золатам, баксітамі, алмазамі, ёсць радовішчы вугалю, марганцавых і медных рудаў і інш. Клімат субэкватарыяльны гарачы, на ПдЗ экватарыяльны; дажджлівы сезон у крас. — верасні. Сярэднія месячныя т-ры 25—29 °C, у гарах халадней. Ападкаў 1000—2500 мм за год, ва ўпадзіне воз. Маракайба да 300 мм. Густая рачная сетка. Гал. рака — Арынока: правыя яе прытокі парожыстыя, з вадаспадамі, левыя раўнінныя. Схілы Андаў і Гвіянскага пласкагор’я ўкрыты пераважна лістападнымі лясамі. На крайнім Пд пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. Раўніны Арынока заняты саваннай — «льянас» (травяністыя абшары з невял. купкамі дрэў). Па ўзбярэжжы мангравыя зараснікі.

Насельніцтва. Каля 95% — венесуэльцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання ісп. перасяленцаў з мясц. насельніцтвам — індзейцамі і неграмі-рабамі, прывезенымі з Афрыкі. У 19—20 ст. тут пасяліліся групы эмігрантаў, найб. з Паўд. Еўропы і з суседніх краін. Індзейцаў каля 200 тыс. чал., пераважна ў малаасвоеных раёнах на Пд, З, У. Паводле расавага складу метысаў 67%, белых 21%, чорных 10%, індзейцаў 2%. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 22 чал. на 1 км². Каля 80% яго жыве на Пн (ад дэльты р. Арынока да воз. Маракайба) на плошчы, якая займае 20% тэр. краіны. У гарадах жыве 92% насельніцтва (1993). Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Каракас — 1824,9, Маракайба — 1207,5, Валенсія — 903,1, Баркісімета — 602,6, Сьюдад-Гуаяна — 542,7, Барселона — 455,3, Маракай — 354,4, Сьюдад-Балівар — 225,8, Сан-Крыстобаль — 220,7, Кумана — 212,5, Матурын — 207,4, Мерыда — 168,0.

Гісторыя. Тэр. Венесуэлы са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны аравакскай, карыбскай і інш. моўных сем’яў. Пасля адкрыцця Амерыкі ў 1498 Х.Калумбам іспанцы арганізоўвалі экспедыцыі для вывучэння новых зямель. Зямлю ў заліве Маракайба яны назвалі Венесуэлай — «маленькай Венецыяй». Падставай для такой назвы было тое, што свае жытлы індзейцы будавалі на пáлях. У 16 ст. іспанцы заваявалі і каланізавалі ўсю тэр. Венесуэлы. На створаных тут плантацыях цукр. трыснягу, бавоўніку, тытуню працавалі індзейцы і негры-рабы. Бязлітасная эксплуатацыя, імкненне ісп. улад затрымаць развіццё нац. эканомікі і культуры выклікалі незадаволенасць насельніцтва (паўстанні 1749, 1795, антыісп. змова 1797). Нар. паўстанне 1810 у Каракасе дало пачатак вайне за незалежнасць Венесуэлы. (гл. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У ліп. 1811 нац. кангрэс абвясціў 1-ю Венесуэльскую рэспубліку. Першая канстытуцыя, прынятая 21.12.1811, не прадугледжвала карэнных сац. змен на карысць шырокіх слаёў насельніцтва, таму рэспубліка страціла падтрымку насельніцтва і рэв. армія вымушана была капітуляваць (25.7.1812). Ісп. панаванне ў Венесуэле ліквідавана ў выніку доўгай вызв. вайны (разгром ісп. сіл у чэрв. 1821, канчатковы — у 1823). У 1819 Венесуэла і Новая Гранада ўтварылі рэспубліку Вялікая Калумбія. У 1830 Венесуэла аддзялілася ад яе і стала самаст. рэспублікай (першы прэзідэнт Х.А.Паэс). У перыяд праўлення т.зв. кансерватыўнай алігархіі (1830—48), з якой пазней вылучылася партыя унітарыстаў (буйныя землеўладальнікі, каталіцкае духавенства), аформілася ліберальная партыя, т.зв. федэралісты, падтрыманыя маладой гандл. буржуазіяй і часткай плантатараў-экспарцёраў. Праўленне лібералаў, якія правялі шэраг рэформ (адмена рабства ў 1854, прыняцце ліберальнай канстытуцыі і інш.), выклікала паўстанні кансерватараў. Іх вяртанне да ўлады (1858) стала прычынай грамадз. вайны (1859—63, скончылася перамогай лібералаў) і шматлікіх пераваротаў. У 1864—1953 краіна называлася Злучанымі Штатамі Венесуэлы. Чарговая стабілізацыя ў час праўлення ліберала А.Гусмана Бланка (1870—89) паспрыяла значнаму эканам. і культ. развіццю краіны, пераважна за кошт замежнага капіталу. Адкрыццё ў Венесуэле радовішчаў нафты (1870-я г.) стала прычынай пагранічнага канфлікту ў 1895 з Брыт. Гаянай, у выніку якога да Вялікабрытаніі адышла значная ч. нафтаноснага раёна. Новы канфлікт узнік у 1902 у выніку заблакіравання партоў у Венесуэле Вялікабрытаніяй, Германіяй і Італіяй, якія дамагаліся вяртання доўгу (каля 20 млн. дол.). Пацвярджэнне ў 1904 міжнар. Гаагскім трыбуналам справядлівасці прэтэнзій гэтых трох дзяржаў узмацніла пазіцыі міжнар. капіталу ў Венесуэле. У выніку дзярж. перавароту 1908 усталявалася дыктатура Х.В.Гомеса (1909—35). У гэты перыяд у Венесуэле пачала расці роля амер. капіталу, інвеставанага пераважна ў нафтавую прам-сць.

У снеж. 1941 Венесуэла спыніла дыпламат. адносіны з дзяржавамі фаш. блоку, у лют. 1945 абвясціла вайну Германіі і Японіі. У кастр. 1945 у Венесуэле адбыўся дзярж. пераварот, які ўзначаліла партыя Дэмакр. дзеянне. У 1946 упершыню пасля 1881 адбыліся парламенцкія выбары. Новы ўрад Р.Гальегаса (1947—48) павысіў падаткі на даходы замежных нафтавых кампаній, планаваў інш. прагрэс. мерапрыемствы. Пасля ваен. перавароту 1948 хунтай распушчаны Нац. кангрэс, адменены дэмакр. свабоды, анулявана канстытуцыя. Рэзкае ўзмацненне эканам. і паліт. залежнасці Венесуэлы ад ЗША, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, рэпрэсіі выклікалі масавы пратэст насельніцтва. Пачатая 21.2.1958 у Каракасе ўсеагульная забастоўка перарасла ва ўзбр. паўстанне. Да ўлады прыйшла хунта на чале з В.Ларасабалем, якая аднавіла дэмакр. свабоды, абвясціла амністыю паліт. вязням, легалізавала паліт. партыі. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах (снеж. 1958) перамагла партыя Дэмакр. дзеянне, яе лідэр Р.Бетанкур стаў (лют. 1959) прэзідэнтам. 23.1.1961 прынята новая канстытуцыя, якая дзейнічае і цяпер. Але наступленне ўрада Бетанкура і наступнага прэзідэнта Р.Леоні (1964—69) на дэмакр. сілы падарвала ўплыў партыі Дэмакр. дзеянне. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1968 перамог кандыдат Сацыял-хрысціянскай партыі Р.Кальдэра Радрыгес, які паклаў пачатак правядзенню незалежнай эканам. палітыкі (нацыяналізацыя нафтавай і жалезаруднай прам-сці краіны, праграма сац. рэформ). З 1984 урады краіны зноў фарміравала партыя Дэмакр. дзеянне. У лют. і ліст. 1992 зроблены 2 спробы ваен. перавароту, якія выклікалі востры сац.-паліт. крызіс у краіне. 5.6.1993 Вярх. суд і сенат кангрэса Венесуэлы прынялі рашэнне аб адхіленні ад улады К.А.Перэса, выбранага прэзідэнтам у 1988. Прэзідэнтам краіны на перыяд да лют. 1994 быў выбраны Р.Х.Веласкес. З лют. 1994 прэзідэнтам краіны зноў стаў Кальдэра Радрыгес. Венесуэла — чл. ААН з 1945, чл. Руху недалучэння, Арг-цыі амер. дзяржаў і шэрагу інш. міжнар. арг-цый.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Венесуэле больш за 20 партый, з іх найбуйнейшыя Дэмакр. дзеянне, Сацыял-хрысц. партыя, Рух да сацыялізму і інш. Буйнейшыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя працоўных Венесуэлы, Канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў Венесуэлы, Адзіны цэнтр працоўных Венесуэлы.

Гаспадарка. Венесуэла належыць да найб. развітых краін Лац. Амерыкі. Прам-сць да 35% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), сельская гаспадарка — 6%. Працаздольнае насельніцтва занята ў абслуговых галінах (56%), прам-сці (28%), сельскай гаспадарцы (16%). Вядучае месца ў гасп. комплексе належыць нафтаздабыўной і нафтахім. прам-сці. Гэтыя галіны даюць 23% ВУП, 70% даходаў дзяржавы, 82% экспарту. Здабыча (млн. т, 1993): нафты 127,8, жал. руды 16,9, каменнага вугалю 3,9; золата 8033 кг. Здабываюць таксама баксіты, марганцавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя руды, серабро, алмазы і інш. Асн. раёны здабычы нафты — упадзіна воз. Маракайба і паўн. ч. басейна р. Арынока. Там жа здабыча газу (мае ўнутр. значэнне). Перапрацоўка нафты ў гарадах Маракайба, Кабімас, Амуай, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, Каракас. Асн. цэнтры нафтахіміі — Маракайба, Валенсія, Пуэрта-Кабельё, Барселона; хім. прам-сці — Каракас, Маракайба, Сьюдад-Гуаяна. Выплаўка сталі 2,9 млн. т, алюмінію 600 тыс. т (1991). Металургічныя камбінаты ў Сьюдад-Гуаяне, Маракайба. Вытв-сць аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын, эл. і электроннай апаратуры ў Каракасе і Баркісімета. На р. Карані ГЭС Гуры і Макагуа, на долю якіх прыпадае ⅓ усіх энергет. магутнасцей краіны. Вытв-сць электраэнергіі 58,5 млн. кВт·гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы цэментнай (Маракайба, Баркісімета, Каракас), дрэваапр. (Маракайба, Пуэрта-Кабельё, Маракай), цэлюлозна-папяровай (Валенсія, Каракас, Сьюдад-Гуаяна), тэкст. (Мерыда, Сан-Крыстобаль, Баркісімета, Каракас, Барселона), гарбарна-абутковай (Каракас, Маракайба, Сан-Крыстобаль, Барселона, Валенсія), харч. і харчасмакавай, буд. матэрыялаў і інш. У сельскай гаспадарцы пануе буйное землеўладанне. Каля ¾ с.-г. плошчаў сканцэнтравана ў буйных уладальнікаў (больш за 500 га). С.-г. ўгоддзі займаюць 25% тэр. краіны, у т. л. ворыва 7%, лугі і паша 18%. Сельская гаспадарка не забяспечвае ўнутр. патрэб краіны. Асн. земляробчы раён на Пн і ПнЗ, жывёлагадоўчы — Льянас. Гал. культуры (тыс. т, 1993): кукуруза 700, рыс 645, цукр. трыснёг 6900, сорга 250, бульба 215, какава 382, бананы 1215, памідоры 200, кава, бабовыя, арахіс. Садоўніцтва (у т. л. каля 200 тыс. т апельсінаў штогод). З тэхн. культур вырошчваюць бавоўнік і сізаль. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 14,7, свіней 2,1, коз 1,65, авечак 0,5. Вытв-сць (тыс. т, 1993): ялавічыны 377, свініны 110, мяса птушкі 480. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 77,8 тыс. км, у т. л. 22,8 тыс. км з цвёрдым пакрыццём і 24,7 тыс. км гравійных. Гал. аўтамагістралі: Каракас—Сьюдад-Балівар, Каракас — мяжа з Калумбіяй. Чыгунак 542 км. Суднаходства па р. Арынока і яе прытоках (12 тыс. км). Уздоўж узбярэжжа кабатажныя перавозкі. Больш за 100 марскіх і рачных портаў. Гал. парты па экспарце нафты і нафтапрадуктаў: Маракайба (грузаабарот больш за 70 млн. т штогод), Амуай (40 млн. т), Кабімас, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, па экспарце жал. руды — Сьюдад-Балівар (рачны порт даступны для марскіх суднаў). Гал. порт краіны па імпарце і экспарце ненафтавых тавараў — Ла-Гуайра (аванпорт Каракаса). Развіты паветр. транспарт (360 аэрапортаў і аэрадромаў). Даўж. нафтаправодаў 6370 км, газаправодаў 4010 км, нафтапрадуктаправодаў 480 км. Экспарт: нафта і нафтапрадукты, жал. руда, пракат, золата, баксіты і алюміній, бананы. Імпарт: харч. тавары, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці, машыны і трансп. сродкі. Гал. гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, Японія. Беларусь у 1992—93 экспартавала ў Венесуэлу калійныя ўгнаенні, матацыклы, веласіпеды. Грашовая адзінка — балівар.

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венесуэлы ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, абавязковую 9-гадовую школу (7—15 гадоў), агульнаадук. сярэднія і сярэднія спец. школы, ВНУ. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты (дзярж. і прыватныя), ін-ты і каледжы вышэйшага тыпу. Буйнейшыя ун-ты: Цэнтральны ун-т (з 1725) і каталіцкі ун-т «Андрэс Бельё» ў Каракасе, Андскі ун-т у Мерыдзе (з 1785), ун-т у Валенсіі (з 1852). Буйнейшыя б-кі: Нац. б-ка ў Каракасе (з 1833), б-ка Цэнтральнага ун-та. Музеі: Нац. пантэон, Балівара, прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-гіст. (усе ў Каракасе). Навук. даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях, ун-тах, н.-д. цэнтрах і ін-тах, навук. т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «El Universal» («Усеагульная», з 1909), «Últimas Notícias» («Апошнія паведамленні», з 1941), «El Nacional» («Нацыянальная», з 1943), «El Mundo» («Свет», з 1958). Дзейнічаюць дзярж. і прыватнае інфарм. агенцтва ІНАКК. Радыёвяшчанне з 1930. Буйнейшыя радыёстанцыі: «Радыё Насьёналь», «Радыё Каракас», «Радыё румбас», «Радыё кантынентэ». Тэлебачанне з 1952.

Літаратура. Развіваецца пераважна на ісп. мове. Літ. помнікі дакалумбавай эпохі не захаваліся. У калан. перыяд пераважалі наследаванні ісп. узорам, гіст. хронікі, у паэзіі — гангарызм (культ «чыстай формы», мудрагелістая метафарычнасць, ускладненасць сінтаксісу і вобразнасці). Абуджэнне нац. свядомасці крэолаў у 18 ст. прадвызначыла станаўленне ўласна венесуэльскай л-ры. На ідэалы асветы і незалежнасць арыентаваліся першыя паэты і драматургі, нац.-патрыят. публіцыстыка Ф.Міранды і С.Балівара. Неакласіцысты, якія аб’ядналіся вакол літ. час. «La Oliva» («Аліва», 1836—46), вызначалі творчую атмасферу амаль да сярэдзіны 19 ст. Іх буйнейшы прадстаўнік — А.Бельё («Зварот да паэзіі», 1823, з няскончанай паэмы «Амерыка» — маніфест маладой л-ры; «Ода землеўладанню ў тропіках», 1826). У 1830—80-я г. ў л-ры панаваў рамантызм. Ён увабраў у сябе маст. і паліт. арыенціры краіны, якая сцвярджала сваю незалежнасць. Патрыят. і грамадз. матывы ўласцівыя паэзіі Р.М.Баральта (элегічная паэма «Развітанне з Айчынай», 1844), прозе Ф.Тора (раман «Пакутнікі», 1842) і Х.В.Гансалеса (паэма ў прозе «Месеніяны», каля 1852). Пільная ўвага да мясц. каларыту рамантыкаў Х.А.Майтына, А.Ласана, Х.Р.Эпеса стала зыходнай і цэнтральнай пасылкай для кастумбрыстаў (бытапісальнікаў) Д.Мендосы, Ф. дэ Салеса Перэсы, Н.Болета Перасы. У канцы 19 ст. з’явіліся творы, у якіх спалучаліся натуралістычныя і рэалістычныя тэндэнцыі: раманы «Пеонія» (1890) М.В.Рамера Гарсіі, «Страсці» (1895) Х.Хіля Фартуля. Значнай з’явай у л-ры Венесуэлы на мяжы 19—20 ст. быў мадэрнізм. Адчувальны ў творчасці рамантыка і парнасца Х.А.Перэса Банальдэ (зб. вершаў «Строфы», 1877; паэма «Флор», 1883), ён у поўнай ступені сцвердзіў сябе ў паэзіі М.Санчэса Пескеры і К.Борхеса, у раманах — М.Дыяса Радрыгеса, Л.М.Урбанехі Ачэльполя. З 1920-х г. у творчасці Урбанехі, Ачэльполя, Р.Бланка Фамбоны (пачынаў як мадэрніст) і інш. эстэтаў намеціўся паварот да рэалізму. У наступныя гады праз паэзію постмадэрнізму (Л.Э.Мармаль, А.Э.Бланка) і прагрэсіруючы рэалізм адкрыліся новыя перспектывы асэнсавання нац. вытокаў, сац.-паліт. рэчаіснасці. Праблему «варварства і цывілізацыя» ўзнялі раманы Р.Гальегаса «Павітуха» (1925) і «Донья Барбара» (1929), крытычнае бачанне свету нажывы і дыктатуры адбілася ў кнігах Х.Р.Пакатэры, М.Пікона Саласа, Р.Дыяса Санчэса. Актуальная праблематыка, пошукі нетрадыцыйных мастацкіх рашэнняў уласцівыя творчасці А.Услара П’етры, М.Атэра Сільвы, С.Гармендыі, Х.В.Абрэу, Э.Субэра, Э.Каламбані.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У дакаланіяльны перыяд на тэр. Венесуэлы развівалася культура індзейскіх плямён. Сярод стараж. помнікаў наскальныя размалёўкі, пахавальныя урны, статуэткі, каменныя блокі з выявамі ягуараў, кракадзілаў, сімвалаў Сонца і Месяца, размаляваная і фігурная кераміка, амулеты. Творы манум. архітэктуры індзейцаў не захаваліся. Першыя гарады, заснаваныя іспанцамі ў 16 ст., мелі прамавугольную сетку кварталаў. У калан. перыяд узводзіліся аднатыпныя збудаванні (умацаванні, храмы і жылыя дамы) з дэкар. ўпрыгожаннямі. Архітэктура вызначалася прастатой: сабор (1664—74), «Дом з жалезнымі рашоткамі» ў г. Кора, дом С.Балівара (канец 18 ст.) у Каракасе. Пасля абвяшчэння Венесуэлы незалежнай рэспублікай (1830) і асабліва ў канцы 19 ст. буд-ва пашырылася пераважна ў Каракасе (грамадскія будынкі, шматкватэрныя дамы ў неакласічным ці неагатычным стылях. У канцы 19 — 1-й пал. 20 ст. архітэктура паслядоўна змянялася ад неакласіцызму (Нац. капітолій у Каракасе, 1872—75, арх. Л.Урданета), неагатычнага, маўрытанскага і «каланіяльнага» стыляў да функцыяналізму (пабудовы арх. К.Р.Вільянуэвы 1930-х г.). З сярэдзіны 20 ст. яна характарызуецца ансамблевасцю, комплекснай забудовай жылых раёнаў, навізной арх. форм і жалезабетонных канструкцый, сінтэзам мастацтваў (арх. Вільянуэва, С.Дамінгес, Г.Бермудэс, Х.М.Галія і інш.).

Выяўленчае мастацтва калан. перыяду адметнае партрэтным жывапісам канца 18 — пач. 19 ст. (Х.Лавера). З 1830-х г. цэнтральнай у творчасці мастакоў стала тэма вольнай радзімы, развіваюцца гіст. жывапіс (М.Тавар-і-Тавар, А.Мічэлена) і скульптура (М.Гансалес, Э.Паласіяс-і-Кавельё) патрыят. зместу; К.Рохас ствараў жанравыя карціны. На пач. і ў сярэдзіне 19 ст. пашыраны кастумбрызм, ілюстраванне навук. прац (К.Фернандэс, А.Х.Каранса). З пач. 20 ст. стаў пашырацца гіст. жанр (Ц.Салас); у традыцыях франц. імпрэсіяністаў і П.Сезана працавалі пейзажысты Ф.Брант, Р.Манастэрыяс, А.Рэверон і інш.; творы на тэмы нар. побыту стваралі жывапісец Э.Палеа, графік П.А.Гансалес, скульптар Ф.Нарваэс. Значнае месца ў мастацтве Венесуэлы займаюць мастакі-мадэрністы, якія звяртаюцца да ўмоўна-дэкар. жывапісу, абстрактнага мастацтва, поп-арту.

Музыка. Ва ўнутр. абласцях Венесуэлы захавалася стараж. муз. культура індзейцаў, у т. л. рытуальныя танцы марэ-марэ, тура, себукан. На ўзбярэжжы пашырана афра-амер. музыка (танцы бамба, мерэнге, сангеа і інш.). Пераважае крэольская музыка, гал. месца ў якой займае харопа (аб’ядноўвае танцы, спевы, інстр. п’есы, спаборніцтвы спевакоў-імправізатараў). Асн. крэольскія інструменты — куатра (шчыпковы), гітара, арфа, ударны марака. Праф. муз. творчасць (з 18 ст.) звязана пераважна з культавай музыкай (сярод майстроў Х.М.Аліварэс, Х.Ф.Веласкес, Х.А.Кара дэ Баэсі). У развіццё музыкі 19 ст. значны ўклад зрабілі Ф.Ларасабаль, Ф.Вільёна, Т.Карэньё, Х.А.Мантэра, аўтар першай нац. оперы «Вірхінія» (1873). Заснавальнік нац. кампазітарскай школы В.Э.Соха (арганізатар Нац. сімф. аркестра Венесуэлы, 1930). Сярод кампазітараў 20 ст. Х.Б.Пласа Альфонса, Х.В.Лекуна, Х.А.Кальканьё, К.Фігерэда, А.Саусе, Э.Кастэльянас, А.Лаура; у кірунку авангардызму (дадэкафонія, алеаторыка, электронная музыка, аўдыёвізуальныя сродкі) працуюць А.Эставес, Р.Эрнандэс Лопес, Х.А.Абрэу, Х.Л.Муньёс, А.Х.Ачоа, А. дэль Манака, Я.Іаанідыс. Цэнтр муз. культуры Венесуэлы — г. Каракас.

Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва мелі драматызаваныя танцы і рытуальныя цырымоніі індзейскіх плямён Венесуэлы. Тэатры тут узніклі ў сярэдзіне 18 ст.: «Ла роса» ў Ла-Гуайры і «Калісеа» ў Каракасе (з пастаяннай трупай), дзе ставіліся п’есы нац. і еўрап. драматургаў. У 20 ст. актывізацыя тэатр. жыцця звязана са з’яўленнем жанру муз. камедыі (сайнетэ), з дзейнасцю асацыяцыі венесуэльскіх пісьменнікаў (канец 1930-х г.) і Т-ва сяброў т-ра на чале з А.Сертадам (1940—50-я г.). У 1954 засн. Нац. школа сцэн. мастацтва. У 1960-я г. тэатр. мастацтва не адыгрывала значнай ролі ў культ. жыцці краіны, гал. ўвага аддавалася развіццю радыёвяшчання і тэлебачання, дзе выступалі пераважна замежныя гастралёры. Сярод т-раў Каракаса: «Тэатра мунісіпаль», «Тэатра насьёналь», «Паліэдра», «Атэнеа», Тэатр камедыі. У ліку драматургаў і тэатр. дзеячаў: І.Грамка, Р.Пінеда, А. дэ Пас-і-Матэас, К.Ортыс, А.Лопес, М.Гарсія, К.Пальма, К.Маркес.

Кіно. Першы фільм зняты ў Венесуэле ў 1909 — кароткаметражная стужка «Карнавал у Каракасе». У 1920—30-я г. актыўна працавалі рэж. А.Кардэра і Э.Ансола. Першы гукавы фільм зняты ў 1937. Да канца 1940-х г. выйшлі некалькі дакумент. і хранікальных фільмаў, а таксама мастацкі — «Бабулін медальён» (рэж. Г.Відаль). У 1948—54 у Каракасе працавала кінастудыя «Балівар-фільм». Сюжэты фільмаў былі звязаны з гіст. падзеямі ў краіне, з жыццём і дзейнасцю нац. героя 19 ст. С.Балівара. Міжнар. вядомасць атрымаў дакумент. фільм «Арая» (1958, рэж. М.Бенасераф). У 1966 засн. Нац. сінематэка, у 1969 — Нац. асацыяцыя кінадзеячаў Венесуэлы, у 1972 — школа-студыя «Атэнеа». Здымаюцца маст., дакумент., хранік. і рэкламныя фільмы. Сярод вядучых рэжысёраў: К. дэ ла Серда, М.Адрэман, Д.Арапеса, М.Валерстэйн, М.Карбанель, Л.А.Рочэ, М. дэ Педра, Р.Чальбаўд.

Літ.:

Венесуэла: Экономика, политика, культура. М., 1967;

Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;

Приглашение к диалогу. М., 1986.

М.С.Вайтовіч (прырода, гаспадарка), І.Л.Лапін (літаратура).

т. 4, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРБАЙДЖА́Н, Азербайджанская Рэспубліка. Размешчана ў паўд.-ўсх. ч. Закаўказзя, мяжуе на Пн з Расіяй, на ПнЗ з Грузіяй, на ПдЗ з Арменіяй і Турцыяй, на Пд з Іранам. Пл. 86,6 тыс. км² (разам з а-вамі Каспійскага м.). Нас. 7,3 млн. Чал. (1992). Дзярж. мова азербайджанская. Пануючая рэлігія — іслам. Сталіца — г. Баку. У склад Азербайджана па канстытуцыі ўваходзяць Нахічэванская аўт. рэспубліка і тэр. Нагорнага Карабаха. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).

Дзяржаўны лад. Азербайджан — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1978 з больш познімі дадаткамі і папраўкамі. Канстытуцыйным актам 18.10.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць краіны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Дзейнасць Вярх. Савета часова прыпынена, дэпутацкія паўнамоцтвы і статус усіх парламентарыяў захаваны на тэрмін іх выбрання. Вышэйшы орган заканад. улады з 18.5.1992 — Мілі меджліс — пастаяннадзеючы парламент з 50 дэпутатаў на чале са Старшынёй. Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Амаль палова тэр. Азербайджана — горы: Вялікі Каўказ — хрыбты Галоўны (г. Базардзюзю, 4466 м — найвышэйшы пункт Азербайджана) і Бакавы (г. Шахдаг, 4243 м); Курынская ўпадзіна — вял. міжгорны прагін, які займае Кура-Араксінская нізіна (28 м ніжэй за ўзр. м.); Малы Каўказ — сістэма складкавых хрыбтоў паміж рэкамі Кура і Аракс (г. Гямыш, 3724 м); Талышскія горы — займаюць паўд.-ўсх. ч. рэспублікі (г. Кюмюркёй, 2477 м). Уздоўж Каспійскага м. цягнецца вузкая паласа Ленкаранскай, на Пн — Самур-Дывічынскай нізін. Узбярэжжа (працягласць 800 км) парэзана слаба. Найб. паўастравы — Апшэронскі, Курынская каса, Сара. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Апшэронскі п-аў, Кура-Араксінская нізіна, акваторыя Каспійскага м. каля в-ва Арцёма, Нафтавыя Камяні і інш.), алуніты (Заглік), жал. руда (Дашкесан), серны калчадан (Чырагідзорскае і Таганалінскае радовішчы), барыт (Чаўдарскае радовішча), поліметалічныя, хромавыя і кобальтавыя руды (М.Каўказ), руды мыш’яку, свінцова-цынкавыя і малібдэнавыя (Нахічэвань) і інш. Шмат мінер. і тэрмальных крыніц, ёсць радовішчы лекавай нафты (Нафталан), буд. і абліцовачнага каменю, мармуру, гіпсу, мелу, сыравіна для вытв-сці шкла і цэменту. Клімат Азербайджана сухі субтрапічны на Кура-Араксінскай і Самур-Дывічынскай нізінах (сярэдняя т-ра студз. 1—3 °C, ліп. 26—27 °C, гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм); вільготны субтрапічны на Ленкаранскай нізіне (сярэдняя т-ра студз. 3—4 °C, ліп. 26—28 °C, ападкаў за год 1900 ммнайб. колькасць у Азербайджане). У гарах высакагорны клімат падпарадкаваны вышыннай занальнасці (сярэдняя т-ра студз. на выш. больш за 2000 м -10 °C, ліп. да 5 °C, 600—800 мм ападкаў за год, 1400 мм на паўд. схілах В.Каўказа). Каля 1250 рэк, з іх 24 даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі Кура і Аракс (крыніцы арашэння), значныя — Самур, Тэртэр, Арпа. Больш за 250 азёраў, найб. Гаджыкабул і Беюкшор; высакагорнае воз. Гёйгёль. На р. Кура створана Мінгечаурскае вадасх. (525 км²), ад яго пачынаюцца Верхнекарабахскі і Верхнешырванскі арашальныя каналы. Глебы на нізінах (да выш. 200 м) шэразёмныя і бурыя паўпустынныя з саланцаватымі і саланчаковымі ўчасткамі, паўпустыннай расліннасцю (палын, салянкі, эфемеры), у перадгор’ях (300—500 м) — каштанавыя і карычневыя, на схілах гор — карычневыя і бурыя горна-лясныя глебы, на якіх растуць шыракалістыя лясы (бук, граб, дуб, каштан). Вышэй за 2000 м пояс горна-лугавых і дзярновых глебаў; разнатраўныя субальпійскія і альпійскія лугі — летнія пашы. У Талышскіх гарах захаваліся рэлікты трапічнай флоры: дэмірагач (жалезнае дрэва), самшыт, дзельква, гледычыя і інш. Жывёльны свет налічвае больш за 12 тыс. відаў: джэйран, дзік, дагестанскі тур, марал, дзікабраз, барсук, чаротавы кот; з птушак — турач, кеклік, фазан і інш. Каспій і Кура багатыя каштоўнай рыбай (ласось, асетр, сяўруга і інш.). Буйнейшыя запаведнікі: Закатальскі, Кызылагаджскі, Турыянчайскі, Шырванскі, Эльдарскі.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — азербайджанцы (больш за 82%); жывуць таксама рускія, армяне, лезгіны, аварцы, татары, цахуры, туркі, курды і інш. Сярэдняя шчыльнасць 85,8 чал. на 1 км² (1992), найб. шчыльна заселены Апшэронскі п-аў і прыгарадная зона Баку (150—300 чал. на 1 км²), некаторыя раўнінныя і перадгорныя часткі. Гар. насельніцтва складае 54%. Буйн. гарады (1990): Баку (1149 тыс. ж.), Гянджа (281 тыс. ж.), Сумгаіт (235 тыс. ж.), Мінгечаур, Шэкі.

Гісторыя. Першыя пасяленні чалавека на тэр. Азербайджана адносяцца да эпохі палеаліту. З часоў неаліту тут вядома земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы таго часу знойдзены ў Кюльтэпэ, Ханлары, Мінгечауры. З 2-га тыс. да н. э. на тэр. Азербайджана вядома металургія бронзы, з пач. 1-га тыс. да н. э. — жалеза. Паселішчы бронзавага веку выяўлены ў раёнах Хаджалы, Кедабека, Дашкесана, Гянджы і інш. У 9 ст. да н. э. Пд Азербайджана ўваходзіў у рабаўладальніцкую дзяржаву Мана, у 7 ст. да н. э. — Мідыю, якая да сярэдзіны 6 ст. да н. э. захоплена персідскай дзяржавай Ахеменідаў. У 4 ст. да н. э. на Пд Азербайджана ўзнікла дзяржава Атрапатэна, якая пазней атрымала назву Азербайджан («Краіна хавальніка агню»); на Пд Азербайджана ўтварылася Албанія Каўказская. Феад. адносіны ў Азербайджане склаліся ў 3—5 ст. н. э. Сяляне за карыстанне зямлёй плацілі феадалам рэнту і неслі павіннасці, аднак фармальна не лічыліся прыгоннымі. Гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі сталі Барда, Кабала, Нахічэвань, Байлакан і інш. Сярэдневяковы Азербайджан неаднойчы заваёўвалі іншаземцы. У пач. 3 — сярэдзіне 7 ст. тут царавала дынастыя Сасанідаў, у 7 — сярэдзіне 9 ст. ўладарылі арабы. У канцы 5 — пач. 6 ст. ў Азербайджане і Іране разгарнуўся маздакіцкі рух; у 1-й пал. 9 ст. адбылося вял. сялянскае паўстанне (гл. Бабека паўстанне 816—37) супраць араб. і мясц. феадалаў, якое падарвала ўладу Арабскага халіфата. У 2-й пал. 9 ст. на тэр. Азербайджана ўтварыўся шэраг дзяржаў. Цэнтрамі эканомікі і культуры сталі гарады Тэбрыз, Нахічэвань, Баку, Шэмаха, Барда, Кабала, Гянджа і інш., якія вялі гандаль, у т. л. і з Кіеўскай Руссю. У сярэдзіне 11 ст. Азербайджан захапілі сельджукі, якія прычынілі значныя страты гаспадарцы і культуры краіны. У 13 ст. ў выніку манг. нашэсця Азербайджан увайшоў у Хулагуідаў дзяржаву. Вял. наплыў цюркскіх плямёнаў у Азербайджане ў 11—13 ст. прывёў да выцяснення стараж. мясц. моў і ўсталявання новай — азербайджанскай мовы. З гэтага часу фарміруецца і азерб. народнасць. Да сярэдзіны 14 ст. манг. панаванне ў Азербайджане падарвана супраціўленнем нар. мас, што выкарысталі мясц. феад. дынастыі. У канцы 14 — пач. 15 ст. На тэр. Азербайджана вылучылася самастойная дзяржава Шырван. Станоўчую ролю ў гісторыі Азербайджана адыграла Сефевідаў дзяржава, заснаваная ў пач. 16 ст. шахам Ісмаілам I. З канца 16 ст. ў ёй узмацніўся іранскі ўплыў; Азербайджан ператварыўся ў адну з ускраін Іранскай дзяржавы. У 16—18 ст. Азербайджан — арэна разбуральных войнаў паміж Іранам і Турцыяй. Азерб. народ вёў гераічную барацьбу супраць іншаземных і мясц. прыгнятальнікаў, што знайшло адлюстраванне ў эпасе пра нар. героя Кёр-аглы. У 1723—35 прыкаспійскія вобласці Азербайджана трапілі пад уладу Расіі, пазней зноў захоплены Іранам. У 2-й пал. 18 ст. ў Азербайджане ўзнікла каля 15 невял. ханстваў. Паводле руска-іранскіх пагадненняў (Гюлістанскі мірны дагавор 1813, Туркманчайскі дагавор 1828) Паўн. Азербайджан далучаны да Рас. імперыі, Паўд. Азербайджан застаўся пад уладай Ірана. На пач. 19 ст. буйным цэнтрам прам-сці стаў Баку, які ў 1901 даваў каля паловы сусв. здабычы нафты. У 1903 бакінскія рабочыя выступілі ініцыятарамі стачак на Пд Расіі, у 1904 дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 утварылася двоеўладдзе: у Баку існавалі Выканаўчы к-т грамадскіх арг-цый (мясц. орган Часовага ўрада) і Савет рабочых дэпутатаў, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных партый і паліт. груповак: мусаватысты (гл. «Мусават»), дашнакі, эсэры, бальшавікі, меншавікі і інш. 9.11.1917 на пашыраным пасяджэнні Савета бальшавіцкая рэзалюцыя аб узяцці ўлады ў свае рукі адхілена. Аднак 13 ліст. пад націскам рабочых і салдат абвешчана сав. ўлада, выбраны новы выканком Савета. Барацьба за ўладу набыла ўзбр. характар. У сак. 1918 у Баку і інш. месцах адбылося паўстанне мусаватыстаў, якое было задушана. 25.4.1918 утвораны Бакінскі СНК на чале з С.Г.Шаумянам (гл. Бакінская камуна). У маі ў Тыфлісе мусаватысты стварылі свой урад, які пазней пераехаў у Гянджу. 28.5.1918 абвешчана Азерб. дэмакр. рэспубліка. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і няўдач Чырв. Арміі Бакінскі Савет 25 ліп. запрасіў у Баку англ. атрад. 31 ліп. Бакінскі СНК склаў свае паўнамоцтвы. 1 жн. з апазіцыйных Бакінскай камуне прадстаўнікоў Цэнтракаспія і выканкома Бакінскага Савета створаны новы ўрад — Дыктатура Цэнтракаспія і Прэзідыума выканкома Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бакінскі Савет быў распушчаны, бакінскія камісары арыштаваны і 20 вер. расстраляны. 4 жн. Баку акупіравалі англ. войскі, якія праз 10 дзён былі выцеснены тур. часцямі. Разам з англічанамі Баку пакінулі прадстаўнікі толькі што створанага ўрада. У вер. 1918 да ўлады прыйшлі мусаватысты. Паводле ўмоў Мудраскага перамір’я паміж Антантай і Турцыяй апошняя вывела восенню 1918 свае войскі з Баку. На змену ім зноў прыбылі англ. войскі (выведзены восенню 1919). У выніку паўстання ў Баку 28.4.1920 адноўлена сав. ўлада, створаны СНК на чале з Н.Нарыманавым, Азербайджан абвешчаны сав. сацыяліст. рэспублікай. 30 крас. ў Баку прыбылі перадавыя атрады Чырв. Арміі. Сав. ўлада была ўстаноўлена і на астатняй тэр. Азербайджана. Потым Азербайджан быў выкарыстаны як плацдарм для дзеянняў Чырв. Арміі супраць урадаў, што існавалі на той час у Арменіі і Грузіі. 19.5.1921 прынята 1-я Канстытуцыя Азерб. ССР. З 12.3.1922 да 5.12.1936 Азербайджан уваходзіў у Закаўказскую федэрацыю (ЗСФСР) і ў складзе яе з 30.12.1922 — у СССР. У складзе Азербайджана былі ўтвораны Нагорна-Карабахская аўт. вобл. (1923, гл. Нагорны Карабах) і Нахічэванская АССР (1924, гл. Нахічэванская рэспубліка). Пасля скасавання ў 1936 ЗСФСР Азербайджан — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1988 з-за прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Азербайджанам і Арменіяй узнік канфлікт, які пазней прыняў узбр. характар. Ускладнілася і ўнутрыпаліт. сітуацыя. Крывавыя падзеі на нац. глебе ў Сумгаіце ў 1989, сутыкненні насельніцтва з войскамі ў Баку на пач. 1990 разам з нагорна-карабахскім крызісам вымусілі ўвесці ў Азербайджан ў студз. 1990 надзвычайнае становішча. Пасля змен у канстытуцыі ў маі 1990 прэзідэнтам Азербайджана стаў камуністычны лідэр А.Муталібаў. У ліп. 1990 з апазіцыйных уладам грамадска-паліт. груп і аб’яднанняў створаны Дэмакр. форум Азербайджана. 30.8.1991 Вярх. Савет Азербайджана прыняў дэкларацыю пра аднаўленне дзярж. незалежнасці на аснове Акта ад 1918. 18.10.1991 прыняты Канстытуцыйны акт «Аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай рэспублікі». У канцы 1991 Азербайджан увайшоў у СНД. Рашэнне Вярх. Савета Азербайджана ад 26.11.1991 пра скасаванне статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобл., а з другога боку абвяшчэнне Нагорным Карабахам незалежнасці і прызнанне гэтага акта Арменіяй прывялі да эскалацыі азерб.-арм. канфлікту, фактычна пачалася неаб’яўленая вайна. Сац.-эканам. і паліт. крызіс у Азербайджане, ускладненне карабахскай праблемы вымусілі прэзідэнта Муталібава да адстаўкі. На прэзідэнцкіх выбарах 7.6.1992 перамог А.Эльчыбей — лідэр Нар. фронту Азербайджана. Краіна прыпыніла членства ў СНД. 24.6.1993 Нац. меджліс перадаў паўнамоцтвы прэзідэнта Азербайджана старшыні Вярх. Савета Г.Аліеву, які 3.10.1993 абраны прэзідэнтам краіны. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, АБСЕ, дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.

З 1992 Азербайджан, — член ААН, АБСЕ, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.6.1993.

Палітычныя партыі. Нар. фронт Азербайджана, Партыя нац. незалежнасці, «Мусават», Азерб. нар. партыя, Азерб. сял. партыя, «Новы Азербайджан», Азерб. сац.-дэмакр. партыя і інш.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці нафтаздабыўная (11,7 млн. т; 1991), газаздабыўная (8,3 млрд. м³; 1991), нафтаперапр. (вытв-сць шматлікіх відаў паліва, тэхн. маслаў і інш.). Электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 23,5 млрд. кВт·гадз (1991); выпрацоўваюць ЦЭС (91%), каскад ГЭС на Куры (у т. л. самая буйная Мінгечаурская), Араксінская, Шамхорская і інш. Гарнарудная прам-сць: здабыча жал. руды (1,6 млн. т), алунітаў у раёне Дашкесана. Металургічная прам-сць (вытв-сць сталі, стальных трубаў, алюмінію, пракат каляровых металаў) у Сумгаіце, Гянджы. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці (Баку). Развіты электратэхн., радыёэлектронная прам-сць, прыладабудаванне (асн. цэнтр Баку). Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці выпускаюць мінер. ўгнаенні, серную кіслату, сінтэтычны каўчук, аўтапакрышкі, шкловалакно, мыйныя сродкі, лакі, фарбы і інш. (Сумгаіт, Мінгечаур, Гянджа, Нефтэчала, Сальяны). Галіны лёгкай прам-сці: баваўняная (Баку, Гянджа), шаўковая (Шэкі), шарсцяная, трыкатажная, вытв-сці дываноў (Баку, Гянджа, Мінгечаур, Шэкі), гарбарна-абутковая (Баку, Гянджа). Развіты харч. (кансервавая, тытунёвая, чайная, рыбная, вінаробная, масласыраробная, мукамольна-крупяная і інш.) прам-сць і вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэментавыя вырабы, буд. фаянс, камень, зборныя жалезабетонныя канструкцыі і інш.). С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4 млн. га, з іх больш за 1,6 млн. пад ворнымі землямі, 2,1 млн. га пад летняй і зімовай пашай. Пл. зямель, якія арашаюцца, — 1,3 млн. га (1986). Найб. пасяўныя плошчы пад збожжавымі культурамі (пшаніца, рыс, азімы ячмень). Гал. тэхн. культуры — бавоўна і тытунь. Развіты пладаводства, вінаградарства. Азербайджан — база ранняга агародніцтва, буйны раён вырошчвання субтрапічных культур (гранат, інжыр, міндаль, масліны, шафран, цытрусавыя і інш.) і чаяводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (буйн. раг. жывёла) і мяса-воўнавага (авечкагадоўля) кірунку. Вытв-сць мяса — 8,1 тыс. т, малака — 84,8 тыс. т (1991). Птушкагадоўля, шаўкаводства.

Транспарт. Асн. від — чыгуначны. Праз Азербайджан праходзіць чыг. магістраль у Іран (на Тэбрыз). Паводле аб’ёму перавозак на 2-м месцы марскі транспарт; гал. порт Баку, звязаны чыг. паромам з Краснаводскам. Па Куры — суднаходства. Нафтаправод Баку—Тбілісі—Батумі, газаправоды Карадаг—Гянджа—Акстафа з адгалінаваннем на Ерэван і Тбілісі, Карадаг—Баку і інш. Ажыццяўляюцца грузапасаж. авіярэйсы Мінск—Баку—Мінск. Экспарт Азербайджана складае 1,46 млрд. інвалютных руб. (1992). У знешнім гандлі Азербайджана вядучае месца належыць Расіі (60% тавараабароту). Экспартуе энерганосьбіты і энергаматэрыялы, імпартуе прадукты харчавання. Грашовая адзінка — манат.

Узброеныя сілы Азербайджана складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У 1993 налічвалі 41,6 тыс. чал. (560 тыс. рэзервістаў). Сухапутныя войскі (38,9 тыс. чал.) маюць 2 карпусныя групы, 1 танк. брыгаду, 9 механізаваных брыгад, 1 механізаваны полк, 2 артыл. брыгады, 2 артыл. палкі; на ўзбраенні 286 танкаў, 362 баявыя машыны пяхоты, 480 бронетранспарцёраў, ракеты класа «зямля—паветра», артылерыя, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, 130 мінамётаў. У ВПС (1,6 тыс. чал.) на ўзбраенні 47 баявых самалётаў, 52 вучэбна-трэніровачныя самалёты. ВМС (2,1 тыс. чал.) атрымалі ч. Каспійскай ваен. флатыліі б. СССР, у т. л. 1 фрэгат, 6 вартавых караблёў. Ваенна-марская база ў Баку.

Ахова здароўя. На пач. 1992 было 749 бальнічных устаноў на 71,9 тыс. ложкаў (99,4 ложка на 10 тыс. ж.), 1726 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 28,1 тыс. урачоў (38,9 урача на 10 тыс. ж.). Сярэдняя працягласць жыцця 69 гадоў. Дзіцячая смяротнасць склала 45 дзяцей на 1 тыс. народжаных.

Асвета, навуковыя ўстановы. У Азербайджане ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Азербайджане было 2168 дашкольных дзіцячых устаноў (173 тыс. дзяцей), 4332 агульнаадук. школы (1375 тыс. вучняў, 139 тыс. настаўнікаў), 77 сярэдніх спец. навуч. устаноў (60,1 тыс. навучэнцаў), 18 ВНУ (108 тыс. студэнтаў). Найбольшыя ВНУ: Азербайджанскі ун-т, ін-ты с.-г., політэхн., мед., пед., пед. замежных моў, мастацтваў, нафты і хіміі, буд. інжынераў, кансерваторыя і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў 131 навук. установе (разам з ВНУ) і ў н.-д. ін-тах АН Азербайджана (у яе складзе 61 акадэмік, 74 чл.-карэспандэнты, 364 д-ры навук і 2441 канд. навук; 1990). На 1.1.1991 у Азербайджане было 4,8 тыс. масавых б-к з фондам 45,9 млн. адзінак захавання, самыя вялікія: Рэсп. б-ка імя Ахундава, Фундаментальная б-ка АН. У Азербайджане 122 музеі (разам з філіяламі), буйнейшыя з іх: Музей мастацтваў імя Мустафаева, Музей азерб. л-ры імя Нізамі, Музей гісторыі Азербайджана; 38 тыс. клубных устаноў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1992 у Азербайджане 575 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Азербайджан», «Азадлыг» («Свабода»), «Бакинский рабочий», «Вышка», «Мухаліфат» («Апазіцыя»). Працуюць дзярж. (Азерінфарм) і прыватныя (Аса-Ірада, Туран і Хабар-сервіс) тэлегр. агенцтвы. Тэлецэнтры Бакінскі і Нахічэванскі. Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на азерб., арм. і рус. мовах. У Баку рэтрансліруецца праграма тур. тэлебачання.

Літаратура. Азерб. л-ра бярэ пачатак у фальклоры. Самыя стараж. помнікі нар.-паэт. творчасці — т.зв. мідыйскія легенды, нар. паданні (7—6 ст. да н. э.). Рэліг.-філас. погляды стараж. азербайджанцаў адлюстраваны ў помніку «Авеста». Гераічны эпас прадстаўлены паэмамі-дастанамі, сярод якіх самы значны «Кёр-аглы». Рамантычныя сюжэты складаюць аснову дастанаў «Аслі і Керэм», «Ашуг-Гарыб» і інш. Стваральнікамі, выканаўцамі і зберагальнікамі нар. творчасці былі спевакі-ашугі. Стараж. пісьмовыя помнікі не захаваліся, але ёсць звесткі, што яшчэ ў 5 ст. ў Албаніі Каўказскай існаваў алфавіт, былі напісаны арыгінальныя і перакладныя кнігі. У 7—9 ст. узмацніўся араба-ісламскі, у 11 ст. — іранскі ўплыў на азерб. культуру. Арабская і персідская мовы сталі афіцыйнымі, на іх стваралі свае творы паэты і вучоныя Хатыб Тэбрызі, Гатран Тэбрызі. Адначасова развівалася і азерб. мова. У 10—11 ст. фарміраваўся эпас «Кітабі Дэдэ Коркуд». У 11—12 ст. побач з творамі прыдворных паэтаў з’яўляліся творы пра жыццё народа. Узоры лірыкі стваралі Хагані Шырвані, Абу-ль-Ала Ганджэві, Фелекі Шырвані, паэтэса Мехсеты Ганджэві і інш. Вяршыня азерб. паэзіі 12 ст. — творчасць Нізамі Ганджэві, які зрабіў вял. ўплыў і на азерб. л-ру, і на л-ры іншых народаў Усходу. У 13—14 ст. тварылі паэты Ізедын Гасанаглы, Зульфігар Шырвані, Аўхеды Марагаі, Махмуд Шабустары. Значны след у паэзіі пакінулі Насімі, Хабібі, Кішверы і інш. Пад псеўданімам Хатаі пісаў вершы заснавальнік дынастыі Сефевідаў шах Ісмаіл I. Газелі Мухамеда Фізулі — узор высокай лірыкі на ўсім Б. і Сярэднім Усходзе. З яго імем звязана канчатковае фарміраванне літ. азерб. мовы. У творах прадаўжальнікаў традыцый Фізулі (Саіба Тэбрызі, Каўсі Тэбрызі, Месіхі) паэзія набывала больш простую і арганічную форму. Гэта заўважна і ў творах лепшых паэтаў 18 ст. Мала Велі Відадзі і Мала Панах Вагіфа. Валодаючы ўсімі формамі класічнай паэзіі, яны сцвердзілі ў л-ры ашугскую форму гошма, найб. блізкую да нар. творчасці. Л-ра 19—пач. 20 ст., прадаўжаючы класічныя традыцыі, зазнала новыя павевы, ішла ад асветніцкага рэалізму А.-К.Бакіханава і Вазеха да рэалізму крытычнага. Важнае значэнне для развіцця рэаліст. л-ры мела творчасць М.Ф.Ахундава, талент якога найб. поўна раскрыўся ў драматургіі. У 2-й пал. 19 ст. тварылі паэт-асветнік Сеід Азім Шырвані, паэты-лірыкі Сеід Набаты, Бахар Шырвані, паэтэса Хуршудбану Натаван. У 1875 засн. першая газета на азерб. мове «Экінчы» («Араты»), На пач. 20 ст. з’явіліся раманы С.М.Ганізадэ, М.С.Ардубады, Н.Нарыманава, рамант. лінію ў паэзіі развівалі Абас Сіхат, Хады Мухамед і інш. У 1932 створаны Саюз пісьменнікаў Азербайджна. Значны ўклад у азерб. паэзію С.Вургуна, С.Рустама, Р.Рзы, М.Рагіма, Мюшфіка і інш. Выдадзены раманы, аповесці і апавяданні Сеіда Гусейна, С.Рагімава, Абульгасана, Гусейна Мехты, М.Ібрагімава, А.Веліева, Мір Джалала, Г.Мусаева і інш. У пасляваен. гады плённа працавалі празаікі І.Гусейнаў, Б.Байрамаў, Г.Сеідбейлі, І.Шыхлы, Г.Абасзадэ, С.Веліеў, С.Даглы, Анар, А.Айліслі, паэты Б.Азераглу, Б.Вагабзадэ, Н.Хазры, З.Джабарзадэ, І.Сафарлі, Г.Гусейнзадэ, А.Керым і інш. У 1960-я г. з’явіліся псіхал. апавяданні і лірыка-псіхал. аповесці Айліслі, І.Гусейнава, М.Ібрагімбекава, Анара і інш. Раман 1960—70-х г. у асноўным арыентаваўся на паказ жыцця вяскоўцаў ці рабочых («Вузлы» С.Веліева, «Магамед, Мамед, Маміш...» Ч.Гусейнава). У 1980-я г. выдадзены раманы «Меч і пяро» Ардубады, «Калыска на жалезным дрэве» Ф.Керымзадэ, «Камяністы ключ» С.Веліева, кн. аповесцяў і апавяданняў «Залаты конь і зямля» Дж.Алібекава, «Птушынае гняздо» Дж.Рафіева, «Маніфест маладога чалавека» Мір Джалала, «Кліч» А.Мамедава, «Людзі і хвалі» Г.Гусейнаглы, зб. паэзіі «Будзь сведкам, сонца» Н.Гасанзадэ, «Снежныя кветкі» М.Дыльбазі, «Памяць крыві» Сабіра, «Размова з самім сабой» Вагабзадэ і інш. Развіваецца дзіцячая л-ра (М.Сеідзадэ, М.Рзакулізадэ, Мусаеў, Х.Алібейлі і інш.), крытыка і літаратуразнаўства (Г.Араслі, Арыф, Ф.Касімзадэ, М.Рафілі, А.Султанлі і інш.).

На бел. мову перакладзены раман Ібрагімава «Настане дзень» (1953), аповесць Абульгасана «Унукі старой Тамашы» (1962), кн. аповесцяў С.Веліева «Вусаты Ага. Кулік» (1985), кн. апавяданняў «Ключ жыцця» (1978), зб. твораў дзіцячых пісьменнікаў і фальклору «Вышкі над морам» (1989), зб. вершаў і паэм М.Тофіка «Сонечны цягнік» (1986) і інш. На азерб. мову перакладзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, П.Броўкі, А.Куляшова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі энеаліту і ранняй бронзы на тэр. Азербайджана захаваліся дальмены, менгіры, кромлехі, з 1-га тыс. да н.э. — цыклапічныя збудаванні (Кедабекскі р-н, перадгор’і М.Каўказа, Нахічэвань). Найб. стараж. помнікі выяўл. мастацтва (2—1-е тыс. да н.э.) — наскальныя гравіраваныя малюнкі ў Кабустане, кераміка Мінгечаура, упрыгожанні з бронзы, дробная пластыка. У 9—6 ст. да н. э. будаваліся гарады, абарончыя збудаванні, жыллё т.зв. антавага тыпу, алтары агню (Мана, Мідыя). Помнікі раннесярэдневяковага дойлідства — храм у Лекіце, базіліка ў с. Кум (5—6 ст.), мячэці ў Бардзе, Гянджы, Шэмасе (7—9 ст.). З 10 ст. ствараюцца арх. школы: нахічэванская (пабудовы 12 ст. архітэктара Аджэмі), шырвана-апшэронская (Шырваншахаў палац у Баку), тэбрызская (Блакітная мячэць, 15 ст.). Найб. вядомыя помнікі 12—13 ст. — маўзалеі ў Нахічэвані і Джузе, Дзявочая вежа ў Баку. У 16—17 ст. пабудаваны культавыя комплексы шэйха Сефі (Ардэбіль), Гёй-Імам, цэнтр. плошча з мячэццю Джума (Гянджа) і інш. У сярэднявеччы развівалася скульптура (бронзавыя грыфоны, каменныя фігуркі), высокага ўзроўню дасягнулі вытв-сць глазураванай керамікі, разьба па камені, каліграфія. На 16 ст. прыпадае росквіт тэбрызскай школы мініяцюры (мастакі Султан Мухамед, Мір Сеід Алі, Бехзад і інш.). У час феад. раздробленасці (18 ст.) манум. будаўніцтва занепадае; арх.-буд. традыцыі захаваліся ў нар. дойлідстве (жылыя дамы, невял. мячэці). У 18 ст. актуалізаваўся насценны жывапіс (палац ханаў у Шэкі, жылыя дамы ў Ардубадзе, Шушы). У 19 ст. традыцыі мініяцюрнага жывапісу прадаўжаліся ў насценных размалёўках і партрэце (майстры У.Г.Карабагі, М.К.Эрывані, М.М.Наваб). Прыёмы планіроўкі і кампазіцыі, нац. арх. формы і матывы дэкору нярэдка спалучаліся з элементамі рас. і зах.-еўрап. класіцызму (Шэмаха, Баку). Заснавальнікамі рэаліст. жывапісу ў пач. 20 ст. былі А.Азімзадэ і Б.Кенгерлі. У 1920 у Баку адкрыта маст. школа. У 1920 — пач. 30-х г. працавалі жывапісцы А.Рзакуліеў, С.Саламзадэ, Ш.Мангасараў, графікі Э.Гаджыеў, Г.Халыкаў, І.Ахундаў, скульптары П.Сабсай, І.Гуліеў, Ф.Абдурахманаў, Дж.Карагды, тэатр. мастакі Р.Мустафаеў, Н.Фатулаеў. З канца 1920-х г. будуюцца першыя рабочыя пасёлкі (пас. Мамедзьярава — адзін з першых прыкладаў комплекснай забудовы жылога раёна). У выхаванні нац. кадраў у Азербайджана прымалі ўдзел рус. архітэктары (браты Весніны, А.Шчусеў і інш.). З 1930-х г. працуюць выпускнікі арх.-буд. ф-та (засн. ў 1920) Азербайджанскага політэхн. ін-та (С.Дадашаў, Э.Касімзадэ, М.Усейнаў і інш.). Для 1920-х г. характэрна стылізатарства пад феад. дойлідства мусульм. Усходу. У пач. 1930-х г. з’явіліся канструктывісцкія будынкі (гасцініца «Інтурыст» у Баку), у 2-й пал. 1930—50-х г. асвойвалася класічная, у т. л. нац. арх. спадчына (Музей азерб. л-ры імя Нізамі ў Баку). З канца 1950 праектуюцца і забудоўваюцца новыя гарады — Сумгаіт, Дашкесан, Мінгечаур, вядзецца рэканструкцыя Баку. Эстэтыка сучаснага этапу дойлідства Азербайджана выявілася ў архітэктуры Баку (комплекс будынкаў АН, гасцініц «Азербайджан» і «Масква», усе арх. Усейнаў; станцыі метрапалітэна, арх. Усейнаў, К.Сянчыхін, Т.Ханлараў, Ш.Зейналава, Касімзадэ і інш.; палац «Гюлістан», арх. А.Амірханаў, Н.Гаджыбекаў) і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве з канца 1950-х г. паглыбляецца працэс асэнсавання нац. маст. традыцый, развіваецца самабытная школа жывапісу. У 1960—80-я г. мастакі Н.Абдурахманаў, М.Абдулаеў, Саламзадэ, Э.Рзакуліеў, Т.Салахаў, Б.Мірзазадэ і інш. працуюць у гіст. і быт. жанрах, пішуць партрэты, пейзажы. Сярод сучасных мастакоў — жывапісцы Т.Нарыманбекаў, А.Джафараў, Н.Касумаў; графікі Р.Бабаеў, Ю.Гусейнаў, Э.Шамілаў, К.Алекпераў. У 1936 засн. Саюз архітэктараў, у 1940 — Саюз мастакоў Азербайджана.

Музыка. На працягу многіх стагоддзяў на тэр. Азербайджана існавалі фалькл. музыка (сялянская і гарадская) і творчасць нар.-прафес. музыкантаў вуснай традыцыі, у т. л. ашугаў. Вак.-інстр. фальклор мае элементы шматгалосся. Самабытнасць гукавога строю азерб. музыкі вызначаюць 7 асн. ладоў-мугамаў (найб. пашыраны раст, шур, сегях). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковы кеманча, струнна-шчыпковыя тар, саз, уд; духавыя тугак, балабан, зурна; ударныя дэф (бубен), нагара, гоша-нагара. Нар. песенная творчасць разнастайная ў жанравых адносінах, з багатай метрарытмікай. Пераважае сольнае, радзей хар. (унісоннае) выканальніцтва. Мастацтва паэтаў-спевакоў ашугаў засн. на класічных мелодыях (больш за 80), кожная з якіх мае шмат імправізацыйных варыянтаў. У 11—16 ст. найб. пашырана было гар. мастацтва мугамаў — вял. цыклічных вак.-інстр. п’ес, пабудаваных у розных ладах. З канца 19 ст. ў Азербайджан пранікае еўрап. муз. культура. Асновы сучаснай азерб. прафес. муз. культуры заклаў У.Гаджыбекаў, які распрацаваў тэорыю азерб. ладоў, стварыў першую мугамную оперу «Лейлі і Меджнун» (1908) і муз. камедыю «Аршын мал алан» (1913). Новы стыль азерб. музыкі фарміруецца ў 1920—30-я г. найперш у оперным жанры. Пастаноўка оперы Р.Гліэра «Шахсенем» (1927) выявіла імкненне да сінтэзу еўрап. і нац. формаў, «Нэргіз» (1938) А.М.Магамаева — першы азерб. твор, засн. на класічных формах, опера «Кёр-аглы» (1937) У.Гаджыбекава стала нац. класікай. У 1940 паст. першы нац. балет «Дзявочая вежа» А.Бадалбейлі. Этапнымі былі балеты «Сем прыгажунь» (1952) і «Сцежкаю грому» (1958) К.Караева, «Легенда аб каханні» (1961) А.Мелікава. Муз. камедыі і аперэты стваралі С.Рустамаў, Ф.Аміраў, С.Алескераў, Караеў, Р.Гаджыеў. Сімф. жанр у Азербайджане ўзнік у 1920—30-я г. У ім працавалі Караеў, у творчасці якога аб’яднаны рысы нац. і сучаснай музыкі, Ніязі, працуюць Аміраў, С.Гаджыбекаў, Дж.Гаджыеў, Мелікаў, М.Мірзоеў, А.Рзаеў, А.Алізадэ, М.Куліеў, І.Гаджыбекаў, А.Дадашаў і інш.; у вак.-сімф. жанры — Рустамаў, Р.Мустафаеў, Р.Гаджыеў, Алізадэ, Н.Мамедаў, Мірзоеў і інш. Першыя ўзоры нац. раманса належаць А.Зейналы (1920-я г.). У камерна-інстр. жанрах працаваў Караеў, працуюць Аміраў, Дж.Гаджыеў, Т.Бакіханаў, С.Гаджыбекаў, Куліеў, Х.Мірзазадэ, А.Азізаў і інш. Развіваецца дзіцячая музыка, музыка для т-ра і кіно. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Ніязі, Р.Абдулаеў; спевакі Р.Бейбутаў, Бюль-Бюль, М.Магамаеў, Ш.Мамедава, Ф.Ахмедава, Л.Іманаў, З.Ханларава, Р.Атакішыеў; піяністы Ф.Бадалбейлі, Т.Махмудава. У Азербайджане працуюць (1994): у Баку — Азерб. т-р оперы і балета (з 1920), Т-р музкамедыі (1938); філармонія (1936), у складзе якой Сімф. аркестр імя У.Гаджыбекава, Ансамбль песні і танца Азербайджана, камерны аркестр, хар. капэла, ансамбль танца, Дзярж. эстрадны аркестр; Сімф. аркестр імя Ніязі, эстрадна-сімф. аркестр, аркестр нар. інструментаў, хор пры Азерб. радыё і тэлебачанні; «Тэатр песні»; у Гянджы — філармонія. Працуюць таксама кансерваторыя (з 1921), муз. вучылішчы, муз. школы. У 1934 засн. Саюз кампазітараў Азербайджана.

Тэатр. Вытокі азерб. тэатр. мастацтва — у нар. творчасці. У стараж. Азербайджане існаваў лялечны т-р «Кілімарасы», у сярэднявеччы — рэліг.-містэрыяльны тэатр. У 1873 у Баку ўпершыню на азерб. мове паказаны камедыі М.Ахундава «Везір Ленкаранскага ханства» і «Гаджы-Кара». У 1897 арганізаваны першы прафесійны калектыў «Мусульманская драм. трупа», у пач. 20 ст. створаны тэатр. трупы пры асв. т-вах «Ніджат» і «Сафа». Значны ўклад у развіццё нац. драм. мастацтва зрабілі Дж.Зейналаў, Г.Араблінскі, У.Гаджыбекаў, Дж.Джабарлы, А.Шарыфзадэ, У.Раджаб і інш. У 1920 у Баку створаны аб’яднаны дзярж. т-р (азерб., рус., арм. драм. і оперныя трупы). У 1922 азерб. драм. трупа пераўтворана ў Азерб. дзярж. т-р (Азерб. акад. т-р імя Азізбекава). У рэпертуары т-ра, які прадаўжае лепшыя нац. традыцыі, п’есы нац. драматургаў, класічныя і сучасныя творы. У 1944 засн. Азерб. тэатр. т-ва. У 1994 у Азербайджане 10 драм. т-раў.

Кіно. Кінавытворчасць у Азербайджане пачалася з 1916, калі акц. т-ва «Фільма» выпусціла карціны «У царстве нафты і мільёнаў» і «Аршын мал алан» (1917). У 1923 у Баку створана Азерб. фотакінаўпраўленне (з 1960 кінастудыя «Азербайджанфільм» імя Дж.Джабарлы); першы маст. фільм «Легенда пра Дзявочую вежу» (1924). У 1929 арганізавана студыя для падрыхтоўкі нац. творчых кадраў. У фільмах 1920-х г. пераважалі тэмы рэвалюцыі і грамадз. вайны («Гаджы Кара», «26 камісараў»). З 1936 здымаюцца гукавыя фільмы: «Алмас», «Бакінцы», «Сын Радзімы», «Бахтыяр», «Адна сям’я». У 1960—80-я г. пашырылася тэматыка, абнавілася паэтыка фільмаў, зняты маст. фільмы: «Не тая, дык гэтая», «Чаму ты маўчыш?», «Святло згаслых вогнішчаў», «Перад зачыненымі дзвярыма»; дакумент.-хранік.: «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (Ленінская прэмія 1960), «Пакарыцелі мора» (сярэбраны медаль Маскоўскага міжнар. кінафестывалю 1959). У 1969 пачата вытворчасць мультыплікацыйных фільмаў. У 1965 створаны Саюз кінематаграфістаў Азербайджана. Сярод дзеячаў кіно: І.Касумаў, Т.Тагізадэ, Т.Ахундаў, М. і Р.Ібрагімбекавы, Анара (А.Рзаева), А.Бабаеў, Г.Мамедаў, Г.Турабаў, Ш.Мамедава.

Літ.:

Гаджи-заде А.М. Азербайджанский промышленный комплекс. Баку, 1975;

Географический справочник: Новые цифры, факты, названия. М., 1993;

Кавказ. М., 1966;

История Азербайджана. Т. 1—3. Баку, 1958—63;

История Азербайджана по документам и публикациям: Сб. Баку, 1990;

Рахман-заде Ф. Дар судьбы. Баку, 1990;

Касим-заде Ф. Очерки по истории азербайджанской литературы XIX в. Баку, 1962;

Бретаницкий Л.С., Веймарн Б.В. Искусство Азербайджана IV—XVIII веков. М., 1976;

Эфандиев Р. Декоративно-прикладное искусство Азербайджана. Баку, 1976;

Гаджибеков У. Основы азербайджанской народной музыки. 3 изд. Баку, 1985;

История музыки народов СССР. Т. 1. М., 1966;

История советского драматического театра. Т. 1—4. М., 1966—68;

Information please: Almanac, 1995. Boston;

New York, 1995.

В.К.Міхеева (прырода, гаспадарка), А.Н.Гуліеў, Г.К.Кісялёў, І.Ф.Раманоўскі (гістарычны нарыс), Г.В.Ратнікаў (кіно).

Герб і сцяг Азербайджана.
Азербайджан. Горад Баку.
Да арт. Азербайджан. Здабыча нафты на Каспійскім моры.
Да арт. Азербайджан. Аджэмі ібн Абу Бекр. Маўзалей Мамінэ-хатун у Нахічэвані. 1186.
Да арт. Азербайджан. Дэталь партала палаца Шырваншахаў у Баку. Канец 15 ст.
Да арт. Азербайджан. Маўзалей шэйха Сефі ў Ардэбілі. 16 ст.
Да арт. Азербайджан. Мір Сеід Алі. Мініяцюра з рукапісу «Хамсе» Нізамі. 1539—43.
Да арт. Азербайджан. Помнік Нізамі ў Баку. Скульпт. Ф.Абдурахманаў, арх. С.Дадашаў, М.Усейнаў. 1949.
Да арт. Азербайджан. Помнік паэту Фізулі ў Баку. Скульпт. Т.Мамедаў, О.Эльцараў, арх. Г.Мухтараў. 1962.
Да арт. Азербайджан. Т.Салахаў. Жанчыны Апшэрона. 1967.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЦЫЯ (Hellas),

Грэчаская Рэспубліка (Hellēnikē Demokratia), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве і шматлікіх суседніх астравах (найб. Крыт, Эўбея, Родас, Лесбас). Мяжуе на Пн з Албаніяй, Македоніяй, Балгарыяй, на ПнУ з Турцыяй. На З, Пд і У абмываецца Іанічным, Міжземным і Эгейскім морамі. Пл. 132 тыс. км², у т. л. 24,8 тыс. км² астравы. Нас. 10,5 млн. чал. (1995). Дзярж. мова — грэчаская. Сталіца — г. Афіны. Падзяляецца на 52 номы. Існуе падзел на гіст. вобласці. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 сак.).

Дзяржаўны лад. Грэцыя — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1975 (з дапаўненнямі 1985). Кіраўнік краіны — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі; мае права вета на заканад. акты парламента, распускаць урад і парламент, уводзіць без згоды парламента надзвычайнае становішча ў краіне. Заканад. орган — парламент (300 дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.

Прырода. Грэцыя — горная краіна, (больш за ​4/5 тэр. занята гарамі), займае найб. парэзаную морам ч. Балканскага п-ва. Даўжыня берагавой лініі ў 12 разоў большая за сухапутныя граніцы, узбярэжжа моцна расчлянёнае, шмат зручных гаваней. Найб. значныя паўастравы — Пелапанес і Халкідыкі. Пераважаюць сярэдневышынныя масівы (да 1200—1800 м). Уздоўж узбярэжжа Іанічнага м. цягнецца горны масіў Пінд з вяршынямі вышэй за 2 тыс. м. На ПнУ адгор’і Радопаў і гор Македоніі з найвышэйшым пунктам Грэцыі — г. Алімп (2917 м). Далей на Пд раўніна Фесаліі. Паўд. ч. краіны і Пелапанес таксама заняты гарамі. Самая значная нізіна — Саланікская па ніжнім цячэнні р. Вардар. Тэр. Грэцыі вызначаецца сейсмічнасцю, на в-ве Тыра дзеючы вулкан Каймені. Карысныя выкапні разнастайныя, але іх запасы невялікія: жалезныя, марганцавыя, хромавыя, нікелевыя, поліметалічныя руды, баксіты, буры вугаль, прыродны газ і нафта, буйнейшае ў свеце радовішча наждаку (в-аў Наксас), высакаякасны мармур, магнезіт, пемза і інш. Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. ад 4 °C на Пн да 10—12 °C на Пд, ліп. 24—28 °C. Ападкаў каля 500—1000 мм за год, пераважна зімой. У гарах клімат больш халодны і вільготны. Рэкі горныя, кароткія і малаводныя, за выключэннем Марыцы, Нестаса, Стрымона, Вардара, якія належаць Грэцыі ў сваіх нізоўях. Найб. воз. Прэспа, на граніцы з Албаніяй і Македоніяй. На ўзбярэжжах субтрапічная расліннасць (у т. л. маквіс і фрыгана), вышэй шыракалістыя лясы (дуб, бук, ліпа, каштан, клён), потым хвойныя. Пад лесам каля 11% тэрыторыі. 10 нац. паркаў (найб. Вікас-Аоас, Мікра-Прэспа, Эта) і 19 заказнікаў.

Насельніцтва. Каля 96% — грэкі. На Пн невял. групы албанцаў, македонцаў, туркаў. Большасць вернікаў (97%) праваслаўныя. Сярэднегадавы прырост каля 0,1%. Сярэдняя шчыльн. 79,5 чал. на 1 км². Найб. густа населены раёны вакол Афін і Салонікаў, раўніны і ўзбярэжжы. Вял. эміграцыя пераважна мужчын. За мяжой жыве каля 3 млн. грэкаў. У гарадах 64% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1991, тыс. ж.): Афіны — 2890 (з прыгарадамі), Салонікі — 384, Пірэй — 183, Патры — 153, Іракліян — 116, Ларыса — 113.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Грэцыі з’явіўся ў эпоху сярэдняга палеаліту. Пазней тут была пашырана крыта-мікенская культура (эпоха бронзы), існавала ант. цывілізацыя (гл. Грэцыя Старажытная). З 146 да н.э. Грэцыя пад уладай Стараж. Рыма, з 4 ст. н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 15 ст. пасля падзення Візантыі ў выніку заваяванняў туркаў-асманаў б.ч. кантынентальнай Грэцыі і некаторыя астравы трапілі пад уладу Асманскай імперыі; часткай Пелапанеса і многімі астравамі валодалі венецыянцы і генуэзцы, в-вам Родас — ордэн рыцараў-іаанітаў. Паступова туркі заваявалі Родас (1522), Кіпр (1571), Крыт (1669) і ўстанавілі ў Грэцыі сваю ваен.-ленную сістэму, абклалі большасць яе насельніцтва цяжкімі падаткамі, спец. павіннасцямі (праца на рудніках, пастаўка матросаў для тур. флоту), што разам з інш. дыскрымінацыйнымі захадамі стала прычынай эміграцыі часткі грэкаў у Італію, Аўстрыю, Расію і інш. Ва ўмовах тур. панавання ў Грэцыі актывізаваўся нац.-вызв. рух [паўстанні на Пелапанесе (1463—79, 1571, 1770), у кантынентальнай Грэцыі, Македоніі, на а-вах Эгейскага м., у Эпіры (1611) і інш.]. Туркі не здолелі замацавацца ў цяжкадаступных горных раёнах, дзе пастаянна дзейнічалі партыз. атрады клефтаў. Вызв. барацьбе грэкаў садзейнічалі рус.-тур. войны (гл. Руска-турэцкія войны 18—19 ст., Архіпелагскія экспедыцыі рускага флоту) і Міжземнаморскі паход Ушакова. Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774 даў магчымасць суднам Грэцыі выкарыстоўваць рас. флаг, спрыяў развіццю суднаходства ў Эгейскім м. Адначасова ўзмацнілася грэч. эміграцыя ў Расію (Паўн. Прычарнамор’е). У 1814 у Адэсе ўзнікла тайнае рэв. т-ва «Філікі Этэрыя». У выніку падрыхтаванай ім пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 Грэцыя атрымала аўтаномію, а ў 1830 — незалежнасць. У склад грэч. дзяржавы ўвайшлі тэр. кантынентальнай Грэцыі і а-вы Кіклады. У 1832 Англія, Францыя, Расія абвясцілі каралём Грэцыі прынца Атона з баварскай дынастыі Вітэльсбахаў. На пачатку яго царавання (правіў як Атон І у 1832—62) у Грэцыі палепшаны шляхі зносін, рэарганізавана сістэма адукацыі (у 1837 засн. Афінскі ун-т), распрацаваны крымін. і грамадз. кодэксы, закрыты многія манастыры. Да канца 1837 грэч. ўрад узначальвалі баварцы, з 1838 кароль выбіраў прэм’ер-міністраў з лідэраў 3 грэч. груповак, знешнепалітычна арыентаваных на Вялікабрытанію, Францыю, Расію. Засілле баварскіх чыноўнікаў і самаўладства Атона выклікалі ў вер. 1843 выступленне патрыятычна настроеных грэч. вайскоўцаў у Афінах. Паводле прынятай у 1844 канстытуцыі ў Грэцыі ўстаноўлены рэжым канстытуцыйнай манархіі з вял. паўнамоцтвамі караля (пажыццёва прызначаў членаў сената, прызначаў і здымаў міністраў, распускаў палату дэпутатаў). Пасля першых парламенцкіх выбараў урад узначаліў кіраўнік прафранц. групоўкі Я.Калетыс (1844—47), які высунуў у 1844 т.зв. «мегалі ідэа» («вял. ідэю»), што прадугледжвала барацьбу за далучэнне да грэч. каралеўства населеных грэкамі правінцый Асманскай імперыі.

У час Крымскай вайны 1853—56 адбыліся антытур. паўстанні ў Эпіры і Фесаліі, падтрыманыя атрадамі добраахвотнікаў з Грэцыі; пад націскам Англіі і Францыі Грэцыя прыняла ультыматум аб захаванні нейтралітэту, быў сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам праангл. групоўкі К.Маўракардатасам. Акупац. англ. войскі (1854—57) навязалі Грэцыі міжнар. кантроль над яе фінансамі. Эканам. цяжкасці, роспуск каралём палаты дэпутатаў (кастр. 1859), высылка і зняволенне апазіцыянераў, закрыццё ўладамі шэрагу газет выклікалі рэвалюцыю 1862, у выніку чаго скінуты Атон I. У 1863 грэч. каралём стаў Георг І (гл. ў арт. Георг). Паводле новай канстытуцыі 1864 уведзены аднапалатны парламент, абвешчаны недатыкальнасць асобы і жылля, права сходаў і асацыяцый, свабода друку. У 1864 Вялікабрытанія вярнула Грэцыі Іанічныя а-вы (з 1815 былі пад брыт. пратэктаратам). З 1860-х г. паскорылася прамысл. развіццё краіны, у 1869 пракладзена першая чыгунка. У 1866—69 адбылося антытур. паўстанне на Крыце. У 1870—90-я г. ўрады папераменна ўзначальвалі Х.Трыкупіс і Т.Дэліяніс. У 1881 Грэцыя дамаглася ад Асманскай імперыі вяртання Фесаліі і акругі Арта ў Эпіры. Крыцкае паўстанне 1896 перарасло ў грэка-тур. вайну 1897, у якой Грэцыя пацярпела паражэнне (гл. ў арт. Крыцкія паўстанні). Ва ўмовах адсутнасці сродкаў на выплату кантрыбуцыі Турцыі даходы і выдаткі грэч. ўрада перайшлі пад кантроль створанай у 1898 міжнар. фін. камісіі з прадстаўнікоў Англіі, Францыі, Расіі, Германіі, Італіі і Аўстра-Венгрыі. У 1898 пад націскам буйных еўрап. дзяржаў тур. султан даў аўтаномію Крыту. Пасля выступлення ў жн. 1909 у Афінах «Ваеннай лігі» (створана малодшымі афіцэрамі) прэм’ер-міністрам Грэцыі працяглы час быў Э.Венізелас (у 1910—15, 1917—20, 1924, 1928—32, 1933). Яго першы ўрад упарадкаваў фін. і бюджэтную сістэмы, стварыў мін-вы сельскай гаспадаркі, гандлю і прам-сці, актывізаваў знешнюю палітыку (гл. Балканскі саюз 1912). У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 у склад Грэцыі ўвайшлі Крыт, Эпір, Паўд. Македонія, ч. Зах. Фракіі, Эгейскія а-вы; колькасць яе насельніцтва павялічылася з 2,7 да 4,6 млн. чал. Пры каралю Канстанціне І [1913—17, 1920—22] Грэцыя працяглы час захоўвала нейтралітэт у 1-й сусв. вайне. Яна ўступіла ў вайну пад націскам Антанты 29.6.1917 пры каралю Аляксандру [1917—20] — другім сыне Канстанціна I. Пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22 у Грэцыі ўстаноўлена рэспубліка (1924). У 1934 у Афінах утворана Антанта Балканская (распалася ў 2-ю сусв. вайну). У канцы 1935 пасля ваен. перавароту і ініцыіраванага манархістамі плебісцыту ў Грэцыі адноўлена ўлада караля Георга II (правіў у 1922—23, 1935—41, 1946—47; гл. ў арт. Георг). Пасля ваен. перавароту 4.8.1936 устаноўлена дыктатура ген. І.Метаксаса (існавала да 1941). У пач. 2-й сусв. вайны краіна захоўвала нейтралітэт. 28.10.1940 супраць Грэцыі развязаў вайну фаш. дыктатар Італіі Б.Мусаліні, аднак грэч. армія да 14.11.1940 спыніла італьян. наступленне і ў хуткім часе адцясніла праціўніка. Пазней у выніку Балканскай кампаніі 1941 Грэцыю акупіравалі ням., італьян. і балг. войскі. Намаганнямі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення (гл. ЭАМ, ЭЛАС) да восені 1943 вызвалена каля ​1/3 тэр. краіны. Поўнасцю вызвалена ў кастр. 1944. У 2-ю сусв. вайну загінула больш за 400 тыс. грэкаў, значна заняпала гаспадарка. Пасля Ліванскага пагаднення 1944 у Грэцыі абвастрылася барацьба за ўладу, што прывяло да грамадз. вайны 1946—49, у ходзе якой урадавыя войскі ліквідавалі супраціўленне партыз. атрадаў левых паліт. сіл. У 1948—51 Грэцыя атрымала эканам. дапамогу ад ЗША паводле Маршала плана. Грэч. ўлады праводзілі курс на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (у 1952 Грэцыя ўступіла ў НАТО, у 1962 як асацыіраваны чл. — у «Агульны рынак»). У выніку ваен. перавароту 1967 у Грэцыі фактычна ліквідавана манархія (з 1947 правіў Павел І, з 1964 — Канстанцін II) і ўстаноўлена т.зв. дыктатура «чорных палкоўнікаў» (прэм’ер-міністр — палк. Г.Пападопулас). У 1974 пасля няўдалай спробы далучыць да Грэцыі Кіпр ваен. хунта скінута, праведзены плебісцыт аб скасаванні манархіі і ўстанаўленні рэсп. ладу (у 1975 прэзідэнтам Грэцыі выбраны К.Цацас), засн. вядучыя паліт. партыі — Новая дэмакратыя (НД) і Усягрэчаскі сацыялістычны рух (ПАСОК). Цывільны ўрад НД на чале з К.Караманлісам (1974—80) садзейнічаў дэмакратызацыі грэч. грамадства. У 1974—80 Грэцыя прыпыніла членства ў НАТО, у 1981 стала членам Еўрапейскага эканамічнага супольніцтва. Эканам. цяжкасці (у т. л. рост знешняга доўгу) і скандалы вакол карупцыі прывялі да адстаўкі ўрада ПАСОК на чале з А.Папандрэу (1981—89). Пры прэм’ер-міністру К.Міцатакісу (НД; 1990—93), які праводзіў курс на сац. эканомію (у т. л. за кошт паніжэння зарплаты), абвастрыўся канфлікт паміж прафсаюзамі і ўрадам (усеагульная забастоўка ў 1992). Пасля працяглага прэзідэнцтва Караманліса (1980—85, 1990—95) прэзідэнтам Грэцыі ў сак. 1995 выбраны К.Стэфанопулас. У студз. 1996 пасля адстаўкі па стане здароўя Папандрэу (кіраўнік урада з канца 1993) прэм’ер-міністрам Грэцыі выбраны К.Сімітыс (ПАСОК). У знешняй палітыцы Грэцыі захоўваецца напружанасць у адносінах з Турцыяй з-за Кіпра і 2 невял. астравоў у Эгейскім м. Грэцыя — чл. ААН (з 1945), НАТО (членства адноўлена ў 1981), Зах.-еўрап. саюза (з 1992), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК), Новая дэмакратыя, Кааліцыя левых і прагрэс. сіл, Камуніст. партыя Грэцыі, Арг-цыя моладзі Новай дэмакратыі і інш. Найб. прафсаюз — Усеагульная канфедэрацыя працоўных Грэцыі.

Гаспадарка. Грэцыя — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці — 34, сельскай гаспадаркі — 10, сферы паслуг — 56. У прамысловасці занята 25% працуючых. Вядзецца здабыча бурага вугалю (на Пн і ў цэнтры Пелапанеса) — 55,4 млн. т (1993, 7-е месца ў свеце), а таксама жалезнай, хромавай, нікелевай, меднай і сурмянай руд, баксітаў, нафты і прыроднага газу, пірыту, магнезіту, наждаку і інш. Аснову энергабалансу складаюць буры вугаль, імпартная нафта (здабыча каля в-ва Тасас пакрывае толькі 5% патрэб), ГЭС на горных рэках. Вытв-сць вугальных брыкетаў і коксу (Пталемаіс). Нафтаперапр. з-ды ў Карынфе, Афінах, Элеўсіне, Салоніках, Аспрапіргасе. Вытв-сць электраэнергіі больш за 34 млрд. кВт·гадз. (1994). Чорная металургія (каля 1 млн. т сталі штогод; Афіны, Пірэй, Салонікі). Выплаўка алюмінію (каля 150 тыс. т штогод) і феранікелю (Ларымна). Машынабудаванне і металаапрацоўка: суднабудаванне і суднарамонт (Салонікі, Пірэй, Александрупаліс), аўта- і трактаразборка (Пірэй), электратэхніка, абсталяванне і машыны для сельскай гаспадаркі і вінаробства, быт. тэхніка і прылады. Развіты нафтахімія, вытв-сць салянай кіслаты, азотных угнаенняў (Пталемаіс), аўтамаб. шын (Патры), цэменту (Пірэй, Халкіс), буд. матэрыялаў (Волас, Ларыса, Элефсіс), мэблі і інш. вырабаў з дрэва (Патры). Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай прам-сці (Афіны, Салонікі, Волас, Патры, Ларыса). Вылучаецца тэкст. прам-сць, асабліва выраб баваўняных і з дамешкамі сінт. валокнаў тканін (Афіны, Салонікі, Патры, Волас і інш.), шаўковых тканін (Афіны, Кавала, Каламата), дываноў (Яніна, Ламія). Афіны — цэнтр швейнай прам-сці. Развіта гарбарна-абутковая прам-сць, вытв-сць разнастайных скураных і футравых вырабаў (Афіны, Салонікі, Патры, Волас, Яніна). Харч. прам-сць прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі вінаробства (Афіны, Салонікі, Іракліян, Ханья), па апрацоўцы тытуню (Салонікі, Пірэй, Волас і інш.), вытв-сці алею з аліў (Афіны, Салонікі, Ханья і інш.), цукру (Платы, Ларыса, Ксанты, Серэ), рыбных прадуктаў (Пірэй, Салонікі, Кавала), сыроў (Яніна), разынак (Піргас); перапрацоўка цытрусавых (Ханья). У сельскай гаспадарцы занята 25% працуючых. Пераважаюць дробныя гаспадаркі памерам каля 3,5 га. Пад земляробчымі ўгоддзямі каля 30% тэр. краіны, у т. л. 2,3 млн. га пад ворывам, 1,2 млн. га пад вінаграднікамі, аліўкавымі плантацыямі і садамі. Каля ​1/3 угоддзяў арашаецца. 40% тэр. краіны займаюць малаўрадлівыя горныя пашы і лугі. Спецыялізацыю вызначаюць працаёмкія экспартныя культуры: тытунь, алівы (каля 1,6 млн. т штогод, 3-е месца ў свеце), бавоўна і цукр. буракі (арашальныя землі ў далінах Вардара і Стрымона, в-аў Лемнас), вінаград (1,3 млн. т штогод), цытрусавыя. Вырошчваюць яблыкі, грушы, персікі, абрыкосы, інжыр. Развіта парніковая гаспадарка экспартнага кірунку, агародніцтва (у т. л. памідоры — каля 1,7 млн. т штогод). Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу (больш за 50% пасяўных плошчаў), рыс (на арашальных землях), кукурузу і ячмень. Жывёлагадоўля развіта недастаткова. Гадуюць авечак (каля 8 млн. галоў), коз (каля 5 млн. галоў), свіней (каля 1 млн. галоў), буйн. раг. жывёлу (каля 1 млн. галоў). Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Замежны турызм і адпачынак дае больш за 50% прыбытку. З ім звязана каля ​1/3 занятых у гаспадарцы. Штогод Грэцыю наведвае 8—10 млн. замежных турыстаў. Асн. раёны: Афіны і наваколле, узбярэжжа Пелапанеса, стараж. гіст. цэнтры Карынф, Эпідаўр, Містра, Мікены, Алімпія, Спарта, Салонікі, Яніна, а-вы Эгейскага мора. Транспарт пераважна марскі і аўтамабільны. Танаж гандл. флоту — 41,7 млн. т (1993, 3-е месца ў свеце). Частка грэч. флоту плавае пад флагамі інш. краін. Флот абслугоўвае гандл. сувязі Грэцыі і многіх краін свету. Гал. парты Пірэй, Салонікі, Элефсіс. Аўтадарог каля 40 тыс. км, на аўтатранспарт прыпадае больш за 60% унутр. перавозак, чыгунак 2,6 тыс. км. Каля 40 аэрапортаў (у т. л. 22 міжнародныя), найб. Элінікон каля Афін. Экспарт (каля 8—10 млрд. дол. штогод): нафтапрадукты, тэкст. і швейныя вырабы, абутак, цэмент, мінер. сыравіна, аліўкавы алей, вінаград, цытрусавыя, віны, тытунёвыя вырабы. Імпарт (каля 20 млрд. дол. штогод): машыны і абсталяванне, нафта, харч. тавары, трансп. сродкі, драўніна. Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт паступленняў ад марскіх перавозак, турызму, грашовых пераводаў эмігрантаў. Гал. гандл. партнёры: Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ЗША, Саудаўская Аравія. Грэцыя экспартуе на Беларусь футравыя і скураныя вырабы, цытрусавыя, кансервы, імпартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, шыны. Грашовая адзінка — драхма.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (канец 1994) 159,3 тыс. чал. (406 тыс. рэзервістаў). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках 113 тыс. чал., аб’яднаных у 10 пях., механізаваную і бранятанкавую дывізіі, асобныя 2 пях., механізаваную і 5 бранятанк. брыгад, асобныя парашутны полк, 20 артыл. дывізіёнаў і інш.; маюць на ўзбраенні 2722 танкі, 2365 баявых машын пяхоты, 2019 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 95 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС 26,8 тыс. чал., каля 270 баявых самалётаў і 28 верталётаў. У ВМС (пач. 1996) 20 тыс. чал., 47 караблёў (у т. л. 8 дызельных падводных лодак) і 124 баявыя катэры амер., герм. і грэч. вытв-сці.

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грэцыі сфарміравалася ў выніку рэформаў 1963—65, 1974—76, 1984—85 і закону 1985, паводле якога ўстаноўлены 9-гадовы тэрмін абавязковага школьнага навучання. Дашкольныя дзіцячыя ўстановы для дзяцей ад 3,5 да 5,5 года не абавязковыя. Першая ступень абавязковай агульнай адукацыі — 6-гадовыя пач. школы для дзяцей ад 5,5 да 11,5 года. Сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (абавязковая няпоўная, тэрмін навучання 3 гады) і дадатковую сярэднюю — ліцэі (агульнага тыпу, класічныя, прафес.-тэхн., шыракапрофільныя і духоўныя), тэрмін навучання 2—6 семестраў. Права паступлення ў ВНУ дае толькі ліцэй. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Афінах (з 1837), Салоніках (з 1925), Патры (з 1966), Яніне, Фракіі; політэхн. ін-ты ў Афінах (з 1836) і на в-ве Крыт; вышэйшыя школы ў Афінах — агранамічных навук, эканам. і камерцыйных навук, паліт. навук, прыгожых мастацтваў; вышэйшыя індустр. школы ў Пірэі і Салоніках. Найб. б-кі: Нац., б-кі Палаты дэпутатаў (з 1844), Афінскай АН, ун-та ў Салоніках (з 1927). Найб. музеі: Нац. археал. (з 1874), Музей Акропаля (з 1878), Нац. маст. галерэя (з 1900), Візантыйскі (з 1914), Музей Бенакі (з 1931) і Музей Аляксандра Сутзаса ў Афінах, археал. музеі ў Алімпіі, Дэльфах, Карынфе, на а-вах Родас і Крыт. Навук. даследаванні праводзяцца Афінскай АН (з 1926), ун-тамі і ін-тамі, галіновымі н.-д. ўстановамі і цэнтрамі, Афінскай абсерваторыяй, навук. т-вамі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца больш за 100 штодзённых (цэнтральных і мясцовых) і каля 300 штотыднёвых газет (1993). Найб. папулярныя выданні: «Akrópolis» («Акропаль», з 1881), «Rirospástēs» («Радыкал», з 1918), «Tá Néa» («Навіны», з 1931), «Augē» («Світанне», з 1951), «Eleútheros kósmos» («Свабодны свет», з 1966) і інш. Тыражы газет у адносінах да колькасці насельніцтва большыя, чым у многіх зах.-еўрап. краінах. Афіц. Афінскае інфарм. агенцтва засн. ў 1895. Радыёвяшчанне з 1938 на грэч., англ. і франц. мовах. Тэлебачанне ў Афінах з 1965. Нац. радыё і тэлебачанне ў 1976 аб’яднаны ў карпарацыю ЭРТ. Дзейнічаюць 1500 радыёстанцый і 180 тэлекампаній, найбуйнейшыя з іх — прыватныя кампаніі «Мега Чэнел» і «Антэна-1», дзяржаўныя ЕТ-І, ЕТ-2. Рэтрансліруюцца 9 (1993) замежных тэлепраграм, у т. л. ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі.

Літаратура. Развіваецца на навагрэч. мове. Пачала складвацца пасля падзення Візантыі пад уплывам традыцый ант. і візант. культур, ідэй Адраджэння і вусна-паэт. творчасці грэч. народа (эпас «Дыгеніс Акрыт», 9—11 ст.; гіст. акрыцкія песні, песні пра клефтаў). У 15—17 ст. развівалася на а-вах Родас (ананімны зб-к «Сто слоў пра каханне» і інш.), Дадэканес (любоўная лірыка), Крыт [ідылічная ананімная паэма «Пастушка» (выд. 1627), трагедыя «Эрафілі» і камедыя «Кацурбас» Е.Хартакіса (абедзве каля 1600), драма «Ахвяра Аўраама» (1635, аўтарам лічаць В.Карнараса), раман у вершах «Эратакрытас» Карнараса]. У часы тур. панавання (1453—1821) былі пашыраны пераробкі сатыр. баек («Чароўная гісторыя пра асла, воўка і ліса» і інш.), апрацоўкі сярэдневяковых раманаў, апавяданні рэліг.-дыдактычнага і гіст.-легендарнага характару («Аповесць пра Аляксандра Македонскага»). Проза 17—18 ст. прадстаўлена пераважна павучальнай рыторыкай і палемічнымі памфлетамі, якія абаранялі правасл. веру, мемуарнай л-рай. Прыкметным быў зб. вершаў грэч. паэтаў-студэнтаў у Італіі «Кветкі набожнасці» (выдадзены ў Венецыі, 1708), у якім адчувальны ўплыў позняга італьян. Адраджэння. На фарміраванне грэч. л-ры паўплываў уздым нац.-вызв. руху на мяжы 18—19 ст. Нац. праблематыка, рэв.-патрыятычныя матывы адлюстраваліся ў творчасці Ферэаса, А.Калваса, А.Суцаса, А.Валаарытыса і інш. Закладваліся асновы нац. драматургіі (творы А.Матэсіса). У л-ры вялася вострая ідэйная барацьба вакол пытання аб шляхах гіст. развіцця грэч. нацыі (моўная палеміка, адносіны да ант. спадчыны і нар. навагрэч. традыцый).

Новы этап у развіцці л-ры звязаны з грэч. нац.-вызв. рэвалюцыяй 1821—29. Рэв. рамантызм з элементамі рэалізму ўласцівы творчасці заснавальніка навагрэч. л-ры Д.Саламоса, антыманархічныя вольналюбівыя матывы — творчасці паэтаў-рамантыкаў 1-й Афінскай школы П.Суцаса, А.Рангавіса. Жанр гіст. рамана распрацоўваў Э.Раідыс. Нар. мову і нац. тэматыку сцвярджалі заснавальнік 2-й Афінскай школы К.Паламас, а таксама Е.Драсініс і інш. Цікавасць да нар. паэзіі адчуваецца ў творчасці Л.Мавіліса, Драсініса, І.Палеміса, А.Эфталіётыса, І.Псіхарыса і інш. У прозе і драматургіі рэалізм з элементамі бытапісання сцвярджалі Г.Ксенопулас, А.Пападыямандыс, А.Каркавіцас і інш. Крытыка бурж маралі, ідэалы гуманізму, увасобленыя ў творчасці К.Варналіса, Я.Рыцаса, К.Парарытыса і інш., далі пачатак сучаснай прагрэс. л-ры. Сац. тэматыка стала вызначальнай для творчасці К.Тэатокіса, І.Тэатакаса, А.Тэрзакіса і К.Хадзопуласа. У 1920—30-я г. С.Мірывіліс і інш. пісьменнікі ўвялі ў л-ру жанр антываен. рамана і аповесці-хронікі. Антыфаш. л-ра Супраціўлення прадстаўлена творамі А.Сікеліяноса, В.Ротаса, Ф.Ангулеса, Рыцаса і інш. Асаблівае месца ў л-ры займае т.зв. «паэзія катаргі», якая стваралася ў канцы 1940 — пач. 50-х г. у канцлагерах пасля паражэння дэмакр. сіл у грамадз. вайне 1946—49. Паэзія пасляваен. гадоў прадстаўлена творчасцю Р.Бумі-Папа, Н.Папаса, Н.Врэтакаса, Т.Лівадытыса і інш.; у 2-й пал. 1950-х г. сцвярджаецца лірыка-эпічная «паэма сінтэзу» (А.Элітыс). Гераічныя і сац. матывы характэрныя для пасляваен. творчасці раманіста Н.Казандзакіса, празаікаў Я.Мангліса, Д.Хадзіса, А.Франгіяса, К.Кадзіяса, В.Васілікоса і інш. Развіваюцца жанры гіст. рамана (Д.Фатыядыс, П.Прэвелакіс, Д.Сатырыу), хроніка-дакументальны. У гады ваен. дыктатуры (1967—74) многія пісьменнікі рэпрэсіраваны ці вымушаны былі эмігрыраваць; прагрэс. выдавецтвы і газеты былі забаронены. Л-ру антыдыктатарскага Супраціўлення прадстаўлялі Рыцас, Врэтакас, Элітыс, М.Аўгерыс, Васілікос і інш. Пасля 1974 шмат пісьменнікаў вярнулася на радзіму. Аднавіла дзейнасць Т-ва грэч. пісьменнікаў (1934—67). У тв-сці М.Александропуласа, З.Скараса, А.Ненедакіса і інш. адлюстраваліся зрухі ў самасвядомасці грамадства. Шматпланавасць маст. ўзнаўлення рэчаіснасці вылучае прозу Васілікоса, Э.Ваіску і інш. Навагрэч. л-ра развіваецца таксама ў Рэспубліцы Кіпр.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Пра мастацтва Грэцыі да тур. заваявання (сярэдзіна 15 ст.) гл. ў арт. Грэцыя Старажытная і Візантыя. Да вызвалення ад асманскага заняволення (1821) у Грэцыі панавала манастырскае мастацтва ў познавізант. традыцыях, развівалася нар. творчасць, іканапіс, нар. вышыўка. Гарады раслі павольна, многія заняпалі. З 1830-х г. на аснове традыцый нар. і ант. дойлідства вырасла архітэктура сучаснай Грэцыі. У 19 ст. буд-ва ішло пераважна ў Афінах. Арх. С.Клеантыс, Л.Каўтадзоглу распрацавалі тып жылога дома ў класічных формах. Замежныя архітэктары стваралі грамадскія пабудовы з каланадамі: Нац. б-ка (1832) і ун-т (1837, арх. абодвух Х.К.Хансен) у Афінах і інш. Царк. архітэктура 19 ст. наследавала візант. ўзоры. Майстры наіўнага, дакумент. жывапіснага партрэта (Н.Кандуніс, Н.Кунелакіс) працавалі ў свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 19 ст. на аснове традыцый мюнхенскай школы жывапісцы Н.Гізіс, Н.Літрас звярталіся да нац. тэмы; К.Валанакіс і Я.Алтамурас стварылі школу грэч. пейзажа. У пач. 20 ст. разрастаюцца гарады (Афіны, Салонікі), фарміруецца тып шматкватэрнага дома з балконамі-лоджыямі і тэрасамі (арх. К.Кіцыкіс). Архітэктура 1920—30-х г. развівалася пад уплывам функцыяналізму і неакласіцызму. У жыллі выкарыстоўвалі маналітны жал. каркас. У вілах і маёнтках відавочныя матывы нар. дойлідства (арх. Д.Пікіёніс). Будынкі атэляў і музеяў арганічна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе (арх. Х.Сфаэлас, П.Васіліядыс). Мастакі пач. 20 ст., ствараючы нац. вобразы, засвойвалі тагачасныя еўрап. стылі (жывапісец К.Партэніс, скульпт. Я.Халепас). У сярэдзіне 20 ст. жывапісцы А.Геаргіядыс, Э.Тамопулас, Я.Мораліс, Я.Царухіс працягвалі рэаліст. традыцыі папярэднікаў. Сярэдневяковыя рэмінісцэнцыі і нар. вобразы знайшлі адлюстраванне ў фрэсках Ф.Кандоглу, графіцы С.Васіліу, ант. матывы — у графіцы Д.Галаніса, Я.Кефалінаса, скульпт. М.Томбраса, А.Сохаса. Нац.-вызв. барацьба 2-й сусв. вайны адлюстравана ў дэмакр., рэаліст. плынях (жывапісцы В.Семерцыдыс, Д.Кацыкаяніс, скульпт. Х.Капралас, графікі В.Катракі, А.Тасас). У рэчышчы абстракцыянізму працуюць К.Граматопулас, К.Клуватас, К.Лукопулас і інш.

Музыка. Грэч. муз. культура — адна з найб. старадаўніх у свеце (гл. Грэцыя Старажытная). З 4 ст. грэч. музыка развівалася ў рэчышчы візант. культуры. З усталяваннем асманскага панавання нац. муз. традыцыі зберагаліся толькі ў нар. творчасці і царк. музыцы. Побач з разнастайнымі песеннымі жанрамі вылучаюцца танц. сіртас (карагодны танец) і педыктас (танец з падскокамі). З сярэдзіны 18 ст. пашырыліся песні клефтаў (змагароў за нац. вызваленне). Сярод муз. інструментаў: розныя тыпы лютні, жалейка, ліра, падоўжная флейта, валынка, бузукі, скрыпка, мандаліна, якія ўваходзяць у склад нар. аркестра (з 1930-х г. таксама кларнет і гітара). Развіццё прафес. муз. мастацтва пачалося пасля 1829. Сярод кампазітараў прадстаўнікі іанічнай школы Н.Мандзарас — аўтар грэч. нац. гімна (1865), заснавальнік Філарманічнага т-ва на в-ве Керкіра (1840), С.Ксіндас, С.Самарас — аўтар «Алімпійскага гімна» (1896), Д.Лаўрангас — заснавальнік Нац. опернага т-ра (Афіны, 1939), П.Карэр, Г.Ламбелет. Сапраўдная грэч. муз. школа фарміруецца з канца 19 ст. Узнік новы жанр спектакляў-вадэвіляў (камідыліён), аўтары якіх Д.Карамілас і Д.Какінас. Першую нац. оперу «Кандыдат у дэпутаты» (1867) стварыў Ксіндас. Новую грэч. кампазітарскую школу ўзначалілі М.Каламірыс, заснавальнік Элінскай (1919) і Нац. (1926) кансерваторый у Афінах, Лаўрангас, Ламбелет, М.Варвагліс, Э.Рыядыс. Сярод іх паслядоўнікаў Л.Маргарытыс (засн. Саланікскую кансерваторыю), П.Петрыдыс, А.Незерытыс, А.Евангелатас, Н.Скалкотас, С.Міхаілідыс, Г.Геаргіядыс, Д.Мітропулас. З сярэдзіны 1940-х г. вядомы кампазітары М.Хадзідакіс, Я.Ксенакіс, Я.Хрысту і інш. Новы этап у развіцці грэч. музыкі — творчасць М.Тэадоракіса і многіх яго паслядоўнікаў. У галіне эстр. музыкі вылучыліся кампазітары М.Плесас, Г.Замбетас, К.Капнісіс, Г.Музакіс, Т.Маракіс, Г.Кацарас і інш. Сярод вядомых выканаўцаў: дырыжоры Мітропулас, Л.Зорас, Міхаілідыс, Хадзідакіс, Евангелатас, Ф.Візантыу; спевакі М.Калас, Н.Масхонас, К.Дамасіёты, А.Захарату, Д.Русас; піяністы Г.Тэмеліс, В.Дэветцы; сярод музыказнаўцаў В.Аркадынас, Геаргіядыс, Міхаілідыс, С.Мацэнігас. У Грэцыі працуюць (1988): Нац. оперны т-р, 5 сімф. аркестраў, у т. л. Афінскі дзярж. сімф. аркестр; Дзярж. аркестр Паўн. Грэцыі ў Салоніках; Дзярж. кансерваторыя ў Салоніках (з 1914), 14 кансерваторый, у т. л. Афінская (1871), Пірэйская (1904), Элінская (1919) і Нац. (1926) у Афінах, а таксама іх філіялы і інш.

Тэатр. У перыяд Візантыйскай імперыі традыцыі ант. тэатр. мастацтва (гл. Грэцыя Старажытная, раздзел Тэатр) былі перапынены. Першыя спробы адрадзіць т-р зроблены ў 17 ст. на в-ве Крыт і ў 18 ст. на в-ве Закінф. У Афінах пастаянныя трупы ўзніклі на пач. 1860-х г. У 1901 К.Хрыстоманас арганізаваў т-р «Новая сцэна», створаны дзярж. Каралеўскі т-р. У 1910—20-я г. тэатр. мастацтва занепадае. Імкненне пераадолець гэты крызіс характарызуюць творчасць рэж. Ф.Палітыса, пастаноўкі Нац. т-ра (засн. ў 1932). У гады дыктатуры і ням.-фаш. акупацыі тэатр. жыццё было ў застоі, аднак працавалі аматарскія групы, што ставілі патрыятычныя п’есы. У 1945 створаны т-р «Аб’яднаныя артысты», у рэпертуары якога былі п’есы нац. драматургаў і перакладныя. У наступныя гады прагрэс. тэатр. дзеячы падвяргаліся ганенням, але працягвалі барацьбу за дэмакр. мастацтва. У 1940—50-я г. значнай з’явай была дзейнасць Мастацкага т-ра (засн. ў 1942 рэж. К.Кунам), сярод спектакляў якога былі «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Кар’ера Артура Уі» (1961) Б.Брэхта, «Двор цудаў» (1958) Я.Кампанеліса, «Дзядзька Ваня» А.Чэхава і інш. У 1955 створаны Грэч. нар. т-р (кіраўнік М.Катракіс), у 1959 «Новы тэатр» (засн. В.Дыямандопулас і М.Алкеу), у 1957 Пірэйскі т-р (засн. Д.Рандырыс). Значнае распаўсюджанне атрымалі калектывы, што стваралі маладыя рэжысёры: «Тэатр 1959», «Тэатр 1961» і інш. Т-р «Дванаццатая заслона» штогод ставіў спектаклі, якія складаліся з 3 аднаактовых п’ес пачынаючых грэч. драматургаў. У 1960-я г. рэпертуар т-раў значна пашырыўся: ставіліся стараж.-грэч. трагедыі, п’есы У.Шэкспіра, Мальера, А.Чэхава і інш. У канцы 1970 — 80-х г. аднавілі дзейнасць Афінскі маст. т-р, Грэч. нар. т-р, Пірэйскі т-р, т-ры ў Салоніках, Сіракузах і інш. Сярод вядомых дзеячаў тэатр. мастацтва: акцёры А.Александракіс, Катракіс, М.Меркуры, А.Сінадыну, І.Папас, К.Паксіну; рэжысёры М.Пларытыс, М.Лігізас, М.Какаяніс, Кун, Т.Музенідыс.

Кіно. У 1906 зняты першы хранік. фільм, у 1911—12 — першыя кароткаметражныя кінакамедыі (рэж. і выканаўца гал. роляў С.Дымітракопулас). У 1914 засн. фірма «Афіны-фільм», пачаўся выпуск поўнаметражных фільмаў. У 1-ю сусв. вайну выпускалася пераважна ваен. кінахроніка. У 1928—31 на кінафірме «Даг-фільм» здымаліся гіст. фільмы і экранізаваліся літ. творы: «Каханне і хвалі» (1927), «Прыкуты Праметэй» (1929, рэж. абодвух Д.Газіядыс), «Дафніс і Хлоя» (1931, О.Ласкас) і інш. У 1932 выпушчаны першы гукавы фільм. З устанаўленнем дыктатуры Метаксаса і ў гады ням.-фаш. акупацыі здымаліся ў асн. хранік., зрэдку маст. фільмы: «Голас сэрца» (1943, Л.Іаанопулас), «Апладысменты» (1944, Г.Дзавелас). У канцы 1940-х г. здымалася па 8—10 фільмаў за год — пераважна меладрамы з гіст. фонам. У 1950-я — пач. 60-х г. у фільмах знайшлі адлюстраванне праблемы тагачаснага жыцця, здымаліся меладрамы, фарсы, шпіёнскія, гангстэрскія і прыгодніцкія фільмы. Сярод лепшых: «Крывавыя Каляды» (1951, рэж. Г.Зервас), «Фальшывая манета» (1955) і «Антыгона» (1961, рэж. абодвух Дзавелас), «Электра» (1962, М.Какаяніс), «Да карабля» (1966, А.Даміянас). У гады ваен. дыктатуры шэраг кінадзеячаў арыштаваны, некаторыя эмігрыравалі. Пасля падзення дыктатуры здымаліся фільмы, што выкрывалі злачынствы дыктатарскага рэжыму, пра барацьбу народа ў гады 2-й сусв. вайны, узнімаліся надзённыя праблемы. Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы Т.Ангелопуласа, якія спалучаюць спадчыну ант. л-ры з сучаснай кінадраматургіяй. У 1974 створаны Саюз кінематаграфістаў Грэцыі. У Афінах знаходзіцца кінаархіў. Сярод вядомых дзеячаў кінамастацтва: І.Папас, М.Меркуры, А.Фонсу, П.Зервас, Т.Венгас, А.Стаўрас. З 1974 у Салоніках штогод праводзіцца міжнар. кінафестываль.

Літ.:

Никитина Т.В. Греция накануне первой мировой войны: Особенности внутриполит. развития. М., 1984;

Соколовская О.В. Греция в годы первой мировой войны, 1914—1918 гг. М., 1990;

Кирьякидис Г.Д. Гражданская война в Греции, 1946—1949. М., 1972;

Зорбалас С.Д. Неофашизм в Греции (1967—1974): Соц.-полит. анализ и выводы: Пер. с греч. М., 1981;

Паниев Н.А. Греция после хунты. М., 1979;

Шеменков К.А. Греция: Проблемы современной истории. М., 1987;

Мочос Я. Современная греческая литература: Очерки. М., 1973;

Ильинская С.Б. Поэзия Сопротивления в послевоенной Греции. М., 1974;

Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984.

Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

т. 5, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬТА (Malta),

Рэспубліка Мальта (мальтыйскае Repubblika ta’Malta, англ. Republic of Malta), дзяржава на Мальтыйскім архіпелагу, у цэнтр. ч. Міжземнага м. на Пд ад Сіцыліі. Пл. 320 км². Нас. 380 тыс. чал. (1998). Дзярж. мовы — мальтыйская і англійская. Сталіца — г. Валета. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1964 (з папраўкамі 1974 і 1987). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, у склад якога ўваходзяць прэзідэнт і палата прадстаўнікоў (65 дэпутатаў выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Краіна займае 2 параўнальна значныя а-вы — Мальта (пл. 246 км²) і Гоца (пл. 67 км²) і некалькі дробных. У рэльефе пераважаюць закарставаныя вапняковыя плато выш. да 253 м (на в-ве Мальта). Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай дажджлівай зімой; сярэдняя т-ра лют. 12 °C, жн. 25 °C. Ападкаў каля 530 мм за год. Рэк і ручаёў няма. У расліннасці пераважае рэдкі травастой са злакаў, на схілах — пусткі з нізкімі сухалюбівымі хмызнякамі і хмызнячкамі. Невял. гаі з хвоі, пініі, дубу. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Гадыра.

Насельніцтва. Каля 98% складаюць карэнныя жыхары — мальтыйцы. Па мове яны блізкія да тунісцаў, па культуры — да жыхароў Паўд. Італіі. Жывуць таксама невял. групы англічан і італьянцаў. Пануючая рэлігія — каталіцызм (больш за 98% насельніцтва). Сярэднегадавы прырост 0,58% (1998). Сярэдняя шчыльн. 1200 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце). Найб. шчыльна заселена паўн.-ўсх. ч. в-ва Мальта. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. У г. Валета 9,1 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс. ж. (1995). Каля 10 тыс. ж. у гарадах Сліма, Хамрун, Рабат, Вікторыя, Зейтун. У прам-сці і буд. занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 2%, астатнія — у абслуговых галінах. Значная эміграцыя (за мяжой жыве каля 150 тыс. мальтыйцаў) пераважна ў Аўстралію і Вялікабрытанію.

Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека з’явіліся на М. ў эпоху неаліту каля 4-га тыс. да н.э. З таго часу на а-вах Мальта і Гоца захаваліся унікальныя мегалітычныя культавыя пабудовы. абнесеныя сценамі цыклапічнай муроўкі. З часоў антычнасці М. з-за зручнага геагр. і стратэг. становішча ў цэнтры Міжземнамор’я неаднаразова была аб’ектам каланізацыі і ваен. захопаў. У 13 ст. да н.э. яе каланізавалі фінікійцы. з 8—7 ст. да н.э. — карфагеняне. У 6—3 ст. да н.э. М. — уладанне Карфагена, з 218 да н.э.Стараж. Рыма, у 395—870 н.э.Візантыі (у 5 ст. часова захоплена вандаламі, потым остготамі). У 870—1091 М. валодалі арабы, якія значна паўплывалі на гаспадарку, культуру і мову яе насельніцтва. У 1091 заваявана нарманамі і ў 12 ст. далучана імі да Сіцылійскага каралеўства. З 1302 М. разам з Сіцыліяй належала каралеўству Арагон, з 1504 — у складзе падначаленага Іспаніі Сіцылій абедзвюх каралеўства. У 1530 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (адначасова ісп. і сіцылійскі кароль) Карл V перадаў М. каталіцкаму рыцарскаму ордэну іаанітаў (Мальтыйскі ордэн). У 16 ст. М. неаднаразова цярпела ад нападаў тур. флоту і войск. У 1565 рыцары вытрымалі ва ўмацаваннях в-ва Мальта працяглую. і жорсткую тур. аблогу. У 1566 вял. магістр ордэна Ж. дэ ла Валет заснаваў на М. сталіцу — г. Валета. У 1775 адбылося паўстанне мясц. насельніцтва супраць іаанітаў. У 1798 М. захоплена Францыяй. у 1800 — Вялікабрытаніяй, якая стварыла тут ваен.-марскую базу. Стратэг. значэнне М. вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У час 1-й і 2-й сусв. войнаў парты М. служылі базай ваен.-марскіх сіл Вялікабрытаніі і яе саюзнікаў, у 1940—43 яна цярпела ад налётаў ням. і італьян. авіяцыі, ад абстрэлаў і блакады з мора. Пад націскам нац.-вызв. барацьбы мальтыйцаў Вялікабрытанія ў 1921 і 1947 давала М. абмежаванае самакіраванне (адменена ў 1933 і 1959), у 1962 прадаставіла ўраду М. права вырашаць справы краіны. акрамя пытанняў знешняй палітыкі і абароны. З 21.9.1964 М. — незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Да 1974 канстытуцыйная манархія (кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам).

13.12.1974 М. абвешчана парламенцкай рэспублікай. У 1979 з краіны выведзены апошнія брыт. войскі. 14.5.1981 М. афіцыйна абвясціла аб сваім нейтралітэце. Ва ўнутрыпаліт. жыцці асн. барацьба за ўладу адбываецца паміж Нацыяналіст. і Лейбарысцкай партыямі. У перыяд першага праўлення лейбарыстаў (1971—87) створаны моцны дзярж. сектар эканомікі, закладзены асновы незалежнага знешнепаліт. курсу М. З 1994 прэзідэнт краіны — лідэр лейбарыстаў У.Міфсуд Банічы. На парламенцкіх выбарах 1998 перамагла Нацыяналіст. партыя (прыхільнікі ліберальнай эканам. мадэлі з прыярытэтам прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці), яе лідэр Э.Фенек Адамі сфарміраваў урад. Дзейнічаюць таксама Дэмакр. партыя М., рух Дэмакр. альтэрнатыва. Асн. прафсаюзы: Усеагульны саюз рабочых і Канфедэрацыя прафсаюзаў М. М. — чл. ААН (з 1964), Савета Еўропы (з 1965), асацыіраваны чл. Еўрап. эканам. супольнасці (з 1971). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 16.2.1993.

Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. 12,9 тыс. дол. (1997). Абслуговыя галіны даюць 61% даходаў краіны, прам-сць — 34%, сельская гаспадарка — 5%. У эканоміцы пераважае замежны (пераважна англійскі) капітал. Дзяржаве належыць шэраг прамысл. прадпрыемстваў, яна фінансуе развіццё партоў, агракомплексаў, прамысл. зон, станцый апраснення марской вады, пашырэнне сеткі атэляў, асваенне непрыдатных зямель. Аснова эканомікі — суднарамонт, транзітна-трансп. паслугі, замежны турызм. Мальтыйскія докі рамантуюць судны больш чым 70 краін свету (адно з найб. суднарамонтных прадпрыемстваў на Міжземным м.), на іх занята больш за 5000 рабочых. Важнае значэнне транзітнага гандлю, забеспячэнне гандл. суднаў розных краін палівам, вадой і інш. Павялічваецца роля замежнага турызму. Штогод бывае больш за 1 млн. турыстаў, пераважна з Вялікабрытаніі, Італіі, краін Паўн. Еўропы. Турыстаў прываблівае маляўнічае ўзбярэжжа, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1994 турызм прынёс даход у 639 млн. дол. Развіты электронная, тэкст., трыкат., абутковая, мэблевая, харч. (кансервы) і харчасмакавая (асабліва вінаробства і тытунёвая) прам-сць, вытв-сць прамысл. хім. прэпаратаў, касметычных і фармацэўтычных вырабаў, буд. матэрыялаў і інш. Ёсць з-д па зборцы аўтамабіляў і аўтарамонтныя майстэрні. Развіты саматужныя промыслы — выраб карункаў, філігранных упрыгожанняў, пляценне з саломы, хатняе ткацтва, чаканка па серабры і золаце, шкловыдзімальнае майстэрства. Выпрацоўка электраэнергіі — 1,4 млрд. кВтгадз (1996). Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Апрацоўваецца каля 14 тыс. га. Значная частка зямлі належыць царкве, якая здае яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі пл. да 2 га. Гал. культуры: ранняя бульба, памідоры, салодкі перац, капуста, цыбуля. Вырошчваюць таксама бахчавыя культуры, бавоўнік, пшаніцу і ячмень. За год здымаюць 2—3 ураджаі.

Развіты садоўніцтва (вінаград, апельсіны, аліўкі, інжыр), кветкаводства і насенная гаспадарка. Жывёлагадоўля развіта менш з-за недахопу кармавых угоддзяў. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 15, свіней — каля 55, коз і авечак — каля 12. Птушкагадоўля (каля 1,5 млн. курэй). Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 1,3 тыс. км аўтадарог. А-вы Мальта і Гоца злучаны паромнай пераправай. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. порт Валета. Міжнар. аэрапорт Лука на в-ве Мальта. У 1996 экспарт склаў 1,7 млрд. дол., імпарт — 2,8 млрд. дол. У экспарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання, швейныя і трыкат. вырабы, тканіны, абутак, ранняя агародніна і кветкі, у імпарце — харч. прадукты, паліва, машыны і паўфабрыкаты. Асн. гандл. партнёры: Італія (32% экспарту, 27% імпарту), Германія (адпаведна 16 і 14%), Вялікабрытанія (8 і 13%). Значную ролю адыгрываюць грашовыя пераводы грамадзян М., якія жывуць за мяжой. Грашовая адзінка — мальтыйская ліра.

І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.Г.Нікіцін (гісторыя).

Герб і сцяг Мальты.
Мальта. Горад Валета.

т. 10, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАО́С (Lao),

Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Сатхаланалат Пасатхіпатаі Пасасон Лао), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у цэнтр. частцы п-ва Індакітай. Мяжуе на Пн з Кітаем, на У з В’етнамам, на Пд з Камбоджай, на З з Тайландам і М’янмай. Пл. 236,8 тыс. км². Нас. 5,1 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — лаоская (лаацянская). Сталіца — г. В’енцьян. Краіна падзяляецца на 16 правінцый (кхуэнгаў) і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (2 снежня).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сесіі парламента на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Нар. сход, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.

Прырода. Каля 90% тэрыторыі занята сярэдневышыннымі гарамі. У цэнтры — плато Сіянгкхуанг (выш. да 2820 м, г. Бія), на Упаўд.-зах. схілы хр. Чыангшон, на Пд — плато Балавен. Раўнінныя ўчасткі размешчаны на З уздоўж р. Меконг. Карысныя выкапні: алавяныя, жал., медныя руды, каштоўныя камяні, золата, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. ад 15 °C на Пн да 23 °C на Пд. У ліп. т-ра 28—30 °C. Ападкаў ад 1500—1700 мм на раўнінах да 3000 мм у гарах; дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя. Найб. рака — Меконг. Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі. Пераважаюць лістападныя і вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў (цік, сал, палісандравае, эбенавае, сандалавае, ружовае, жалезнае); у верхнім поясе гор — дубовыя і хваёвыя лясы. Участкі саваннаў. Жывёльны свет: слон, алені, малпы, фазаны, шмат змей. Лясныя рэзерваты Донгсіенгтхонг, Донгхыасау і інш.

Насельніцтва. Жыве больш за 60 народнасцей. Большая ч. насельніцтва адносіцца да тайскай моўнай групы: лао (больш за 60%), тай, горныя тай і інш. Да аўстраазіяцкай моўнай групы (каля 25%) належаць кхмеры і горныя монкхмерскія народы. Жывуць таксама кітайцы, в’етнамцы, індыйцы і інш. Вернікі пераважна будысты (85%) і прыхільнікі розных рода-племянных вераванняў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 21,6 чал. на 1 км². У далінах шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км², у гарах месцамі каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 25% насельніцтва. Найб. горад — В’енцьян (каля 500 тыс. ж., 1995). Каля 100 тыс. ж. у гарадах Луангпрабанг, Паксе і Саванакхет. У сельскай гаспадарцы занята каля 80% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%. Адзначаецца часовая эміграцыя працоўных у Тайланд пераважна на с.-г. работы.

Гісторыя. Найбольш стараж. сляды чалавека на тэр. Л. адносяцца да верхняга палеаліту. З 9 ст. даліну р. Меконг засялілі лао, якія да 11—13 ст. стварылі тут некалькі княстваў. У 1353 кароль Фа Нгун аб’яднаў іх у дзяржаву Лансанг, якая дасягнула найб. росквіту ў 17 ст. Пануючай рэлігіяй стаў будызм. У пач. 18 ст. Лансанг распаўся на залежныя ад Сіяма (гл. Тайланд) і В’етнама княствы Луангпрабанг, В’енцьян і Цямпатсак. У 19 ст. ў выніку войнаў частка лаоскіх тэрыторый адышла да Сіяма і В’етнама. У 1893 Л. захоплены Францыяй і ў 1898 уключаны ў Франц. Індакітай (Луангпрабанг абвешчаны каралеўствам пад франц. пратэктаратам). У 2-ю сусв. вайну Л. акупіраваны Японіяй (1941—45). У гэты час узнік нац.-вызв. рух Лао Ісара (Вызваленне Лаоса) на чале з прынцамі Сувана Фумам і Суфанувонгам. Пасля капітуляцыі Японіі 12.10.1945 абвешчана незалежная Патэт-Лао (краіна Лао). Аднак Францыя прызнала незалежнасць Л. толькі 22.10.1953 у выніку нац.-вызв. барацьбы, якая вялася пад кіраўніцтвам Фронту вызвалення Л. (з 1956 Патрыятычны фронт Л., ПФЛ). Гал. ролю ў фронце адыгрывала Нар. партыя Л. (вылучылася ў 1955 з Камуніст. партыі Індакітая, з 1972 Нар.-рэв. партыя Л., НРПЛ).

Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 (гл. Жэнеўскія нарады 1954—59) Л. абвешчаны нейтральным каралеўствам, створаны ўрад на чале з Сувана Фумам (з 1957 — кааліцыйны з удзелам прадстаўнікоў ПФЛ, нейтралістаў і правых). Спробы правых сіл у 1958—62 захапіць усю ўладу ў Л. прывялі да грамадз. вайны. Пасля Жэнеўскай нарады па ўрэгуляванні лаоскага пытання ў 1962 створаны ўрад на чале з Сувана Фумам, які ўключаў усе паліт. сілы Л. У выніку моцных унутр. супярэчнасцей у крас. 1963 ПФЛ выйшаў з яго і разгарнуў на У Л. ўзбр. барацьбу. Ён атрымаў дапамогу ад Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, якая ў час В’етнамскай вайны 1964—73 выкарыстоўвала тэр. Л. для забеспячэння сваіх войскаў у Паўд. В’етнаме ў абход дэмаркацыйнай лініі. Са жн. 1964 ЗША пачалі бамбардзіроўкі тэрыторыі, што кантраляваў ПФЛ. 21.2.1973 у В’енцьяне падпісана пагадненне аб аднаўленні міру і дасягненні нац. згоды ў Л. 5.4.1974 створаны Часовы ўрад нац. адзінства і Нац. паліт. савет з усіх паліт. сіл Л. Да лета 1975 войскі ПФЛ усталявалі свой кантроль над усёй тэр. Л. 29.11.1975 кароль Саванг Ватхана [1959—75] адрокся ад прастола. 2.12.1975 абвешчана Лаоская Нар.-Дэмакр. рэспубліка (ЛНДР) на чале з прэзідэнтам Суфанувонгам (1975—86) і прэм’ер-міністрам К.Фамвіханам (1975—91), узяты курс на пабудову ў Л. сацыялізму. 14.8.1991 прынята канстытуцыя ЛНДР, якая, захоўваючы кіруючую ролю НДПЛ, дазваляла прыватную маёмасць. Прэзідэнтам Л. быў выбраны Фамвіхан (да ліст. 1992, з 1992 Н.Фумсаван), прэм’ер-міністрам — ген. К.Сіфандон. Л.чл. ААН (з 1955), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.

Дзейнічаюць Нар.-рэв. партыя Л., Фронт за нац. будаўніцтва Л.

Гаспадарка. Л. — слабаразвітая агр. краіна са шматукладнай эканомікай. Штогадовы даход на 1 чал. каля 200—300 дол. Дзяржаве належаць дзяржгасы, многія прамысл. прадпрыемствы, транспарт. У сельскай гаспадарцы пераважаюць кааператывы. С.-г. угоддзяў каля 2 млн. га, палавіна іх пад ворывам, палавіна пад пашай і лугамі. Найб. развіта земляробства. У далінах і на раўнінах пераважае арашальнае земляробства, здымаюць 2 ураджаі за год. У горных раёнах пашырана лядна-агнявое земляробства. Каля 90% пасяўных плошчаў займае рыс, штогадовы яго збор да 2 млн. т. Вырошчваюць таксама кукурузу (горныя раёны на Пн), проса, бульбу, батат, маніёк, сою і інш. бабовыя, алейныя, агародніну, бавоўнік, тытунь, рамі, цукр. трыснёг. Экспартныя культуры: кава, опіумны мак, чай, каўчуканосы, кардамон, перац. Трапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Буйн. раг. жывёлы і буйвалаў каля 2,1 млн. галоў, выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Коней каля 50 тыс. галоў, свіней 1,7 млн. галоў, авечак і коз 1,1 млн. гал. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 1 тыс. прыручаных сланоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 30—50 тыс. т рыбы штогод), паляўніцтва. Лясныя промыслы: нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, гумілаку, бензойнай смалы, сыравіны для атрымання бетэлю і інш. У прам-сці вылучаецца здабыча алавянай руды (каля 5 тыс. т штогод), каменнай солі, гіпсу, золата, каштоўных камянёў (сапфіры, чырвоная шпінель). У энергетыцы пераважаюць невял. ЦЭС на імпартным паліве. Працуе ГЭС Нам Нгум (магутнасць 150 тыс. кВт) на р. Нгум, пастаўляе электраэнергію на экспарт у Тайланд. Агульная вытв-сць электраэнергіі 900 млн. кВтгадз. (1995). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць лесапілаванне і рысаачыстка, вытв-сць буд. матэрыялаў; ёсць невял. цукр., алейныя, вінна-гарэлачныя, піваварныя, тытунёвыя, керамічныя, тэкст. (у т. л. шаўкаткацкія), швейныя, трыкат., гарбарна-абутковыя, металаапр., мэблевыя прадпрыемствы. Шырока развіты маст. рамёствы, у т. л. ювелірныя вырабы з золата і серабра, слановай косці, каштоўных камянёў. Горад В’енцьян — асн. прамысл. цэнтр, вылучаецца таксама вырабам лакавых маст. прадметаў хатняга ўжытку; г. Саванакхет — цэнтр суднабудавання (дробныя рачныя судны) і суднарамонту; гарады Луангпрабанг і Кхонг — цэнтры саматужна-рамесніцкіх промыслаў. Транспарт унутр. водны і аўтамабільны. Рака Меконг і яе асн. прытокі на асобных участках даступныя для невял. суднаў. Унутр. водных шляхоў 4,6 тыс. км. Аўтадарог 27,5 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2 тыс. км. У краіне 20 тыс. аўтамашын (1997). Авіятранспарт выкарыстоўвае 10 аэрапортаў, у т. л. міжнар. аэрапорт каля В’енцьяна. У 1995 экспарт склаў 348 млн. дол., імпарт — 628 млн. долараў. У экспарце пераважаюць драўніна і піламатэрыялы (33%), электраэнергія (14%), волава, кава, гіпс, натуральныя смолы і інш. У імпарце гал. роля належыць нафтапрадуктам, прамысл. і харч. таварам. Гал. гандл. партнёры: Тайланд (41% экспарту, 45% імпарту), В’етнам (25% экспарту), Японія (11% імпарту), Кітай, Сінгапур. Дадатковыя крыніцы даходаў — замежны турызм (штогод Л. наведвае каля 120—150 тыс. турыстаў пераважна з Тайланда) і грашовыя пераводы грамадзян краіны, якія працуюць за мяжой. Л. штогод атрымлівае замежную дапамогу ў памеры 180—240 млн. долараў. Знешні доўг зах. краінам перавышае 1,2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — кіп.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1998) больш за 200 тыс. чал., у т. л. 100 тыс. чал. у мясц. войсках. Камплектаванне — па прызыве. У сухап. войсках каля 195 тыс. чал. асабовага складу, на ўзбраенні 55 танкаў, 70 бронетранспарцёраў, каля 100 гармат палявой артылерыі і інш. У ВПС каля 3,5 тыс. чал., 30 баявых самалётаў, 15 верталётаў. У ВМС 16 патрульных катэраў.

Літаратура. Найб. раннія помнікі эпіграфікі Л. датуюцца 13 ст. Пасля ўтварэння дзяржавы Лансанг (14 ст.) і пашырэння будызму з’явіліся першыя рэліг. і свецкія творы: паэма «Прынц Хунг» і «Паданне пра Кхуна Балому» (13—15 ст.). На фарміраванне л-ры Л. паўплывала стараж.-інд. л-ра (паэма «Рамаяна» і будыйскі канон «Тыпітака»), Пад уплывам мясц. фалькл. традыцый сюжэты стараж.-інд. л-ры перапрацоўваліся і пераасэнсоўваліся. Вяршыня развіцця сярэдневяковай л-ры — паэма «Сінсай» Панкхама (16—17 ст.). Развіваліся рэлігійна-дыдактычныя і дыдактыка-быт. творы: «Настаўленне Інтыяна» і «Настаўленне дзеда ўнукам» Кэу Дангта; ананімныя аповесці «Путасен», «Мунла Тантай». У выніку распаду дзяржавы Лансанг (1707) і страты незалежнасці (канец 19 ст.) л-ра Л. заняпала. Адрадзілася пасля 2-й сусв. вайны і ў перыяд росту нац.-вызв. руху. Пасля ўзнікнення Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (1975) пануючым стаў рэаліст. кірунак. Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы, песні) і публіцыстыка. Асн. тэмы — барацьба за незалежнасць, пабудова новага грамадства Найб. вядомыя паэты — Д.Самсі («Рэвалюцыйная паэзія», 1977), Сісан, празаікі — Чантхі Дыянсаван (раман «Дарогі жыцця», 1970), Сувантхонг Буфанувонг (раман «Другі батальён», 1976—80), К.Фалсена (раман «Каханне», 1980) і інш.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва Л. — вялізныя гранітныя «пасудзіны», згрупаваныя пераважна ў Даліне Збаноў (нагор’е Транінь, пач. н.э.). З сярэдзіны 1-га да пач. 2-га тыс. н.э. мастацтва развівалася пад уплывам культуры кхмераў (свяцілішчы каля Саванакхета). З 14 ст. пачала пашырацца будыйская культура. Забудова гал. гарадоў (В’енцьян, Луангпрабанг) была рэгулярнай. Амаль да 20 ст. тут пераважалі драўляныя на палях і глінабітныя дамы. Для культавага буд-ва характэрны храмы-ваты — прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі з 3 нефамі, высокімі двухсхільнымі дахамі (Сіенг-Тхонг у Луангпрабангу, 1561; Фра-Кео ў В’енцьяне, 1565). У складзе вял. ватаў былі малельні, б-кі, свяцілішчы (тхаты). Тхаты паўсферычнай, звонападобнай ці ступеньчатай формы ставілі і асобна, спалучалі з тэрасамі, галерэямі (пагада тхат Луанг у В’енцьяне, 1586). Архітэктура 19 ст. адзначана ўплывам Сіяма (ват Сісакет у В’енцьяне, 1820). Сярод сярэдневяковых помнікаў выяўл. мастацтва — каменныя, драўляныя, бронзавыя статуі Буды (вядомы з 14 ст.), у якіх кананічнасць кампазіцыі суіснуе з выразнай пластыкай форм і ліній. У 16—19 ст. створаны ватыўныя рэльефныя выявы на будыйскія сюжэты з выкарыстаннем жывапісу — пхаботы і пхакесоны. З 20 ст. відавочны ўплыў еўрап. архітэктуры (больш рэгулярная планіроўка вуліц і кварталаў гарадоў). У архітэктуры 2-й пал. 20 ст. спалучаюцца сучасныя канструкцыі і формы класічнага дойлідства (комплекс ват Сіенг Кун, манумент Анусавары ў В’енцьяне, 1960-я г.). У 1950—80-я г. развіваюцца станковы жывапіс (мастакі Нуараонг, Вілівонг), графіка (Самнан), скульптура, у нар. мастацтве — ткацтва, апрацоўка металу, разьба па дрэве. Працягваюцца традыцыі насценнай размалёўкі і лакавага жывапісу «лайкхіян» і «лайсуай», жывапісу па трафарэце «лайпхок».

Літ.:

Иоанесян С.И. Лаос: соц.-экон. развитие (конец XIX — 60-е г. XX в.). М., 1972;

Кожевников В.А. Очерки новейшей истории Лаоса. М., 1979;

Симонов В.В. Экономическое развитие Лаоса (50—80-е гг.). М., 1988.

І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.А.Сергачоў, В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Лаоса.
Да арт. Лаос. Даліна р. Меконг.
Да арт. Лаос. Уступленне войск Народна-вызваленчай арміі ў г. Саванакхет. 1975.
Да арт. Лаос. Пагада тхат Луанг у В’енцьяне.
Да арт. Лаос Скульптура Буды кхафон у ваце Пхакео ў В’енцьяне. 17—18 ст.

т. 9, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)