СУЛЬФІ́ТЫ,

солі і эфіры сярністай к-ты H2SO3. Найб. шырока выкарыстоўваюць неарган. С. — сярэднія (з аніёнам SO32−) і кіслыя, ці гідрасульфіты (з аніёнам HSO3−), солі.

Сярэднія С. — крышт. рэчывы, нерастваральныя ў вадзе (акрамя С. шчолачных металаў і амонію). Моцныя аднаўляльнікі; пры награванні ў паветры лёгка акісляюцца да сульфатаў. Пры награванні крышт. кіслых С. натрыю і калію ўтвараюцца солі пірасярністай к-ты H2S2O5 (у свабодным стане не вылучана) — пірасульфіты Na2S2O5 i K2S2O5 — крышт. рэчывы, пры t>160 °C раскладаюцца; аднаўляльнікі. Выкарыстоўваюць С. і пірасульфіты пры адбельванні і фарбаванні тканін, валокнаў, скуры, С. кальцыю [Ca(HSO3)2 i CaSO3] як дэзінфіцыруючыя сродкі ў вінаробстве і вытв-сці цукру, K2S2O5 як кампанент фіксажу ў фатаграфіі, антыаксідант, антысептык.

т. 15, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)