СМОГ (англ. smog ад smoke дым + fog туман),
канцэнтраванае забруджванне прыземных слаёў атмасферы ў вял. гарадах і прамысл. цэнтрах. Звычайна назіраецца пры інверсіях т-ры і слабай турбулентнасці паветра. Вылучаюць вільготны (лонданскі тып) — густы туман з дамешкамі дыму або газавых адходаў вытв-сці; сухі або фотахім. (лос-анжэлескі) — сіняватая дымка з едкіх газаў і аэразоляў павышанай канцэнтрацыі (без туману), якая ўзнікае пад уздзеяннем ультрафіялетавай сонечнай радыяцыі на канцэнтраваныя газавыя выкіды аўтамабіляў і прамысл. прадпрыемстваў; ледзяны (аляскінскі) — узнікае пры нізкіх т-рах паветра ў выніку быт. выкідаў і пары з ацяпляльных сістэм. Інтэнсіўны і працяглы С. можа стаць прычынай абвастрэння хранічных хвароб, выклікаць удушша, раздражненне вачэй, пашкоджанне расліннасці і інш.
т. 15, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)