СТЭРО́ІДЫ,

клас біялагічна важных прыродных злучэнняў, у аснове структуры якіх ляжыць шкілет насычанага вуглевадароду цыклапентанпергідрафенантрэна. Пашыраны ў прыродзе. Асн. кірунак біяхім. эвалюцыі С. — іх спецыялізацыя ў якасці біял. рэгулятараў. Падзяляюць на стэрыны, вітаміны групы D, жоўцевыя кіслоты і спірты, стэроідныя алкалоіды (напр., галарымін), стэроідныя сапаніны (напр., дыгітанін), стэроідныя гармоны (андрагены, кортыкастэроіды, эстрагены), сардэчныя гліказіды (напр., страфанцін).

Здольнасць да біясінтэзу С. найб. выяўлена ў вышэйшых пазваночных. Насякомыя атрымліваюць С. з кормам (не выпрацоўваюць). Палавое размнажэнне некат. ніжэйшых грыбоў індуцыруецца таксама С. Прыгнечванне біясінтэзу С. парушае цвіценне вышэйшых раслін. С вылучаюць са спіннога мозга і жоўці буйн. раг, жывёлы, шчолачнага гідралізату дражджэй, адходаў цэлюлозна-папяровай прам-сці. Выкарыстоўваюць гал. чынам у медыцыне (лек. сродкі, гармоны і інш.).

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)