СУПОЛІМЕРЫЗА́ЦЫЯ,
сумесная полімерызацыя некалькіх (2 і больш) манамераў; прамысл. метад вытв-сці многіх сінт. супалімераў.
Рэакцыйная здольнасць (актыўнасць) манамераў пры С. вызначаецца іх прасторавай будовай, спалучэннем і палярнасцю падвойных сувязей. Састаў супалімера звычайна (акрамя выпадкаў азеатропнай С., калі актыўнасці манамераў аднолькавыя) адрозніваецца ад саставу манамернай, сумесі, які ў ходзе працэсу мяняецца: колькасць больш актыўнага манамера памяншаецца, менш актыўнага — павялічваецца. Пры С. да глыбокіх ступеняў ператварэння манамераў рознай актыўнасці валавы супалімер мае ланцугі рознага саставу. Размяшчэнне звёнаў у ланцугах статыстычнае, акрамя выпадкаў чаргавальнай, ці альтэрнатыўнай С., калі незалежна ад саставу сумесі манамераў утвараюцца супалімеры з рэгулярным чаргаваннем звёнаў. С. дазваляе накіравана змяняць уласцівасці палімераў. Выкарыстоўваюць С. для атрымання палімераў з разнастайнымі ўласцівасцямі.
т. 15, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)