рус. паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це (1832—33) удзельнічаў у паліт. гуртках, захапляўся франц. утапічным сацыялізмам. З 1856 у эміграцыі (Лондан, Жэнева). На фарміраванне светапогляду паўплывалі дзекабрысты і А.Герцэн, з якім выдаваў альманах «Полярная звезда» і газ.«Колокол». Адзін з заснавальнікаў рэв. арг-цыі «Зямля і воля» (1860-я г.). У лірычных творах заклікаў да барацьбы з самадзяржаўем, абгрунтоўваў ідэю грамадскага прызначэння паэзіі, прапагандаваў прынцыпы рэалізму (цыклы «Маналогі», «Успаміны дзяцінства», вершы «Памяці Рылеева», «Свабода», паэмы «Гумар», «Вёска», «Зімовы шлях», «Мацей Радаеў» і інш.). Аўтар аповесцяў, публіцыстычных і літ.-крыт. артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНАЕ ПРА́ВА,
спецыялізаваная комплексная галіна права, нормы якога замацоўваюць асн.прынцыпы арг-цыі і дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў, рэгулююць іх узаемаадносіны паміж сабой і дзяржавай, з работнікамі сельскай гаспадаркі і грамадзянамі, якія вядуць індывід. сялянскую (фермерскую) гаспадарку. Прававымі ін-тамі аграрнага права з’яўляюцца: аграрныя праваадносіны, прававое рэгуляванне пераходу да рыначных адносін у аграпрамысл. комплексе, дзярж. рэгуляванне сельскай гаспадаркі, прававое становішча суб’ектаў гаспадарання, арганізацыйна-прававыя формы іх кіраўніцтва, права ўласнасці на зямлю і сродкі вытв-сці, рэгуляванне працоўных адносін, аплата працы і размеркаванне прыбыткаў і інш.Асн. крыніцы аграрнага права на Беларусі — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, законы аб праве ўласнасці на зямлю, аб плацяжах за зямлю, аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ФІТ ((Griffith) Дэйвід Уорк) (22.1.1875, г. Ла-Грэйндж, штат Кентукі, ЗША — 23.7.1948),
амерыканскі кінарэжысёр. У кіно з 1907. Працаваў на кінастудыях «Эдысан» і «Баёграф» у Нью-Йорку. Ставіў драмы, камедыі, экранізацыі літ. твораў. З 1914 у Галівудзе. У 1919 разам з Ч.Чапліным, М.Пікфард і Д.Фэрбенксам засн. кінакампанію «Юнайтэд артыстс». У 1908—31 зняў некалькі соцень пераважна кароткаметражных стужак, а таксама першы ў свеце поўнаметражны фільм. Выкарыстоўваў такія выразныя сродкі кіно, як буйны план, паралельны мантаж, панарама, адкрыў шырокія магчымасці здымачнай камеры ў стварэнні экраннага вобраза. Распрацаваў асн.прынцыпы акцёрскай ігры ў кіно. Сярод фільмаў: «Нараджэнне нацыі» (1915), «Нецярпімасць» (1916), «Сэрца свету» (1918), «Зламаныя парасткі» (1919), «Сіроткі буры» (1921), «Схватка» (1931). Спец. прэмія «Оскар» 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Д’АЛАМБЕ́Р ((D’Alembert) Жан Лерон) (16.11.1717, Парыж — 20.10.1783),
французскі механік, матэматык і філосаф-асветнік; адзін з заснавальнікаў матэм. фізікі. Чл. Парыжскай (1754) і Пецярбургскай АН (1764) і інш. акадэмій. Скончыў Калеж Мазарыні (1735). Навук. працы па механіцы, гідрадынаміцы, матэматыцы і філасофіі. У «Трактаце аб дынаміцы» (1743) сфармуляваў агульныя правілы складання дыферэнц. ураўненняў руху мех.сістэм. Устанавіў 3 асн.прынцыпы механікі: інерцыі, паралелаграма сіл і раўнавагі (Д’аламбера прынцып). Аўтар «Трактата аб раўнавазе і руху вадкасцей» (1744). Распрацаваў метад рашэння дыферэнц. ураўненняў 2-га парадку з частковымі вытворнымі. У астраноміі абгрунтаваў тэорыю ўзбурэнняў планет. Як філосаф стаяў на пазіцыях дуалізму. Разам з Д.Дзідро працаваў над стварэннем «Энцыклапедыі навук, мастацтваў і рамёстваў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ПАВЕДЗЬ, дзесяціслоўе, дэкалог,
прадпісанні, павучанні, у якіх выкладзены рэліг.-этычныя прынцыпы, што складаюць аснову іудаізму і хрысціянства. Выкладзены ў Пяцікніжжы (назва 5 кніг Старога запавету). Верагодна, да пісьмовай фіксацыі існавалі ў вуснай перадачы. Сфарміраваліся ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Падзяляюцца на З., якія абвяшчаюць монатэізм Яхве і забараняюць культ інш. багоў; З., якія змяшчаюць нормы маралі і правілы паводзін (прытрымліванне суботняга адпачынку, забарона забіваць, красці, квапіцца на чужое і інш.). Частка іх абумоўлена канкрэтна-гіст. зместам, таму іх нельга лічыць сукупнасцю норм абсалютнай маралі для ўсіх часоў і народаў. У Старым запавеце, напр., сустракаюцца наказы, што супярэчаць хрысціянскім З. (забарона забіваць супярэчыць норме «душа за душу, вока за вока»), старазапаветныя З. часам абвяргаюцца ў Новым запавеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́РСКІ ((Kowarski) Феліцыян Шчэнсны) (8.9.1890, г. Старасельцы, цяпер у межах Беластока, Польшча — 22.9.194 8),
польскі мастак. Заснавальнік польскай школы манум. жывапісу. Вучыўся ў Адэсе (1908—10) і Пецярбургскай АМ (1910—18). Праф.АМ у Кракаве (1923—29), Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (з 1930). Аўтар вял. шматфігурных кампазіцый, партрэтаў, пейзажаў, нацюрмортаў, якія вызначаюцца багатай фактурай. Займаўся насценным жывапісам, скульптурай, літаграфіяй. У творчасці яднаў прынцыпы класічнай формы з рамант. адчуваннем прыроды, імкнуўся да манум. і сінт. трактовак, прастаты і сілы выяўлення. Асн. творы: плафон залы «Пад птушкамі» ў Вавелі (1929), «Вандроўнікі» (1930), «Нацыянальны ўрад 1863» (1937), праект скульпт.-керамічнага афармлення Гал. вакзала ў Варшаве (1938), «Бежанцы» (1942), «Галава яўрэйкі» (1946), «Электра» (1947), скульптуры «Марат» (1944), «Сірыйская мадонна» (1948).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКІ ((Karski) Мацей) (24.2.1662, Дабжынская зямля, Польшча — 10.2.1717),
філосаф, прававед. Вучыўся ў Віленскай акадэміі (1683—86), Полацкім езуіцкім калегіуме, у Варшаве (1689—93). Праф. рыторыкі ў Плоцку і Варшаве, выкладаў філасофію ў Полацку (1696—99). Рэктар Полацкага калегіума (з 1709), Віленскай акадэміі (з 1710). Аўтар «Курса філасофіі і логікі...» (1696, рукапіс захоўваецца ў б-цы Вільнюскага ун-та), які складаецца з 8 трактатаў: «Логіка як мова навукі», «Аб метэорах», «Тайны навукі этыкі» і інш. У «Трактаце пра душу» даў аналіз адчуванняў, пачуццяў, уяўленняў і інш. элементаў псіхалогіі, апісаў органы пачуццяў, што сведчыла аб пэўным адыходзе ад схаластычнай філасофіі, якая адмаўляла прынцыпысенсуалізму. Пасля ўдзелу ў падрыхтоўцы новага польскамоўнага выдання Статута ВКЛ 1588 (Вільня, 1693) К. набыў вядомасць як «знаўца айчынных законаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙНС (Keyns) Джон Мейнард, барон Тылтан (5.6.1883, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 21.4.1946), англійскі эканаміст, паліт. дзеяч, заснавальнік кейнсіянства. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1906), з 1908 выкладаў у ім. Праф. (1920). У 1911—45 рэдактар час. «Economic Journal» («Эканамічны часопіс»). Чл.брыт. дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. У 2-ю сусв. вайну адыграў важную ролю ў кіраванні ваен. эканомікай Вялікабрытаніі. Адзін са стваральнікаў Міжнар. валютнага фонду і Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця. Аўтар шэрагу прац у галіне грашовага абарачэння і фінансаў: «Эканамічныя наступствы Версальскага мірнага дагавора» (1919, крытыка эканам. зместу Версальскага мірнага дагавора 1919). «Трактат аб грошах» (1930), «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936, сфармуляваны асн.прынцыпы попытавай тэорыі нац. даходу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НАН ((Kennan) Джордж Фрост) (н. 16.2.1904, г. Мілуокі, ЗША),
амерыканскі дыпламат, саветолаг. Скончыў ваен. акадэмію Сент-Джонс, Прынстанскі ун-т (1925). З 1926 на дыпламат. службе. У 1944—46 саветнік-пасланнік, у 1952 пасол ЗША у Маскве (адкліканы па патрабаванні сав. ўрада). У 1961—63 пасол у Югаславіі. З 1956 праф. Прынстанскага ун-та. Сфармуляваў прынцыпы палітыкі ЗША ў адносінах з СССР (1947), т.зв. дактрына стрымлівання, якая стала сімвалам «халоднай вайны» і грунтавалася на памылковым перакананні ў хуткім падзенні СССР. У канцы 1950-х г. адмовіўся ад сваёй канцэпцыі і падтрымліваў т.зв. палітыку раз’яднання ўзбр. сіл дзвюх супердзяржаў, скіраваную на пазбяганне ядз. вайны. Аўтар прац «Савецкая замежная палітыка 1917—1945» (1960), «Ядзерная памылка. Савецка-амерыканскія адносіны ў атамны век» (1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НІКІ (грэч. kynikoi ад Kynosarges; лац. cynici цынікі),
прадстаўнікі стараж.-грэч.філас. школы, заснаванай у 4 ст. да н.э. ў Афінах вучнем Сакрата Антысфенам. Школа размяшчалася на ўзгорку Кінасарг (адсюль назва). Найб. вядомыя прадстаўнікі школы Дыяген Сінопскі, Кратэт, Керкід, Дыён Хрысастом. Крытыкуючы вучэнне Платона аб ідэях, К. сцвярджалі існаванне толькі адзінкавых рэчаў, сапраўднымі ведамі лічылі толькі пачуццёвае адлюстраванне адзінкавага. Ідэал К. — бязмежная духоўная свабода індывіда. К. пераглядалі асн. светапоглядныя, этычныя і эстэт. катэгорыі, грэбавалі ўсякай культурай і звычаямі, што часам ператваралася ў цынізм, прапаведавалі спрошчанае разуменне свету, крытыкавалі асн.прынцыпы рабаўладальніцкай маралі, ухвалялі ўмеранасць і аскетызм, адмову ад задавальнення, збліжэнне чалавека з прыродай. К. называлі сябе «грамадзянамі свету», стварылі тэрмін «касмапаліт». Вучэнне К. паўплывала на фарміраванне стаіцызму.