ТАМАНЯ́Н Аляксандр Іванавіч (16.3.1878, г. Краснадар, Расія — 20.2.1936),
армянскі архітэктар. Нар. архітэктар Арменіі (1924). Скончыў Пецярбургскую АМ (1904). У ранніх творах распрацоўваў прынцыпы класіцызму. Стварыў першы генплан рэканструкцыі Ерэвана (1924), праекты планіроўкі гарадоў Гюмры (1925), Эчміядзін (1927—28) і інш. У многіх работах 1920-х г. у Ерэване выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы класіцызму: будынкі фізіятэрапеўтычнага, зоаветэрынарнага, політэхн. ін-таў, абсерваторыя і анатомікум медыцынскага ін-та. Звяртаўся да творчай перапрацоўкі традыцый арм. сярэдневяковага дойлідства, выкарыстоўваў пароды мясц. каменю: Т-р оперы і балета (1926—53), Дом урада (1926—41) і інш. у Ерэване. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Літ.:
Яралов Ю.С. Таманян. М., 1950.
т. 15, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)