ДЖО́НСАН (Jonson) Бенджамін

(Бен; 11.6.1573, Лондан —6.8.1637),

англійскі драматург, паэт, тэарэтык драмы. Вучыўся ў Вестмінстэрскай школе. Першая камедыя «Абставіны змяніліся» (1597). У пралогах п’ес аспрэчваў творчыя прынцыпы сучаснікаў, у т.л. свайго сябра У.Шэкспіра, адстойваў адналінейнае адлюстраванне характараў. Паводле сваёй «тэорыі гумараў», у камедыях «Усякі ў сваім нораве» (1598) і «Усякі не ў сваім нораве» (1599) тлумачыў «гумар» як індывідуальнае дзівацтва, а ў камедыях нораваў «Вальпоне, або Ліса» (1605), «Эпісін, або Маўклівая жанчына» (1609), «Алхімік» (1610) і «Варфаламееўскі кірмаш» (1614) — як сацыяльна-тыповыя заганы арыстакратыі і буржуазіі. Аўтар трагедый «Падзенне Сеяна» (1603) і «Змова Катыліны» (1611), 30 «масак» — п’ес-алегорый на міфалагічныя сюжэты, зб-каў вершаў «Эпіграмы» і «Лес» (абодва 1616).

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)