Жуда́1 ’жах’ (ТСБМ). Рус. кур., арл., смал. жуда ’тс’, ’непакой’, ’нястача’. Сюды ж, відаць, рус. жуть, жуткий (> жудь, жудкий). Параўн. серб.-харв. жу̑д ’жаданне’, балг. дыял. жу̀дя ’не спаць, мучыцца, не засынаючы’. Параўн. літ. žudýti ’мардаваць; забіваць, мучыць’, žū́ti ’гінуць’, лат. zust ’знікаць, страчвацца’, zudums ’страта’, zaudēt ’губіць’. Карскі (Труды, 392–393) указваў на роднасны характар бел. (рус.) і літ. слоў (Фасмер, 2, 63, недакладна прыпісаў Карскаму думку пра балт. паходжанне слова: у Карскага чытаем: «жуда́… сродни лит. žudaũ, žudýti умерщвлять»). Булахаў (Курс суч., 159) ўказваў на слова жуда як балтызм. Мартынаў Міхневіч (Маладосць, 1970, 7, 150) лічылі жудасны ўтвораным па балт. тыпу ад жуда (параўн. дзіва > дзівосны), а пра слова жуда адзначалі яго пашыранасць толькі на бел. і рус. глебе і пісалі: «магчыма, таксама з’яўляецца балтызмам». Буга (2, 688) прыводзіў для жуда іншыя балт. адпаведнасці: літ. жэмайц. žiadùs ’суровы, шурпаты’ і да т. п., аднак яны не мяняюць справы, бо Фрэнкель (1303) звязваў іх з тым жа літ. žudyti. Трубачоў адносіць рус. і бел. жуда да дыялектызмаў прасл. слоўніка (Слав. языкозн., V, 172). Фасмер (2, 63) на семантычнай падставе думку аб балт. паходжанні слова жуда лічыў няпэўнай. Ён, аднак, не ведаў семантычна цікавага дадатку Бугі. Праабражэнскі (1, 236) прывёў думку Патабні (РФВ, 2, 10) аб суаднесенасці жуда з літ. gañsti ’пужацца’, што выклікала пярэчанні Фасмера па фанетычных матывах. Скок (1, 564) адносіць серб.-харв. жуд < *ghьḷd‑ да кораня glad ’голад’. БЕР (1, 556) звязвае балт. жудя з рус. жуда, балт. формамі тыпу літ. žudyti і услед за Фасмерам, параўноўваючы з ірл. gūas ’небяспека’, англа-сакс. gietan ’забіваць’, узводзіць да і.-е. *gʼheu̯d‑. Аднак, калі прымаць такі пункт гледжання, слав. формы павіяны былі б мець не ž, а z, а ж тлумачыцца як запазычанне з літ. Магчыма, таму Покарны (1, 448), прыводзячы балт., ірл., герм. формы, не ўключыў у адпаведны артыкул слав. Дабрадомаў (РР, 1977, 3, 157–160), зыходзячы з пашырэння слова на бел. і рус. тэрыторыях, выказаў думку пра балт. крыніцу, хаця балт. этымон няясны. Балт. паходжанне прымае Лаўчутэ, Сл. балт., 54. Але балт. паходжанне, калі ўлічваць пашырэнне кораня на балг. тэрыторыі, малаверагодна: трэба або аддзяляць балг. слова (жу̀дав ’слабы, няплённы (аб зямлі, збожжы)’), або знаходзіць іншую этымалогію. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 300–301) вагаецца паміж рознымі супастаўленнямі кораня. Магчыма, трэба лічыць жуда бязафіксным наз. ад дзеяслова жудзець (гл.) з развіццём значэння ’гусці, шумець’ > ’дакараць’ > ’выклікаць непрыемныя пачуцці’ ці ’перашкаджаць спаць’ (для балг.). Параўн. жуда2. Вытворнае жу́дасны зусім не абавязкова балтызм. У слав. мовах ёсць шэраг вытворных ад асноў на ‑s‑, спіс якіх не закрыты (параўн. неба, чуда), але жудасны лёгка тлумачыцца як вытворнае ад жудасць (жуд‑ост‑ьн‑ > жудостн‑ > жудасн‑). Бардовіч–Шакун, Марфемны слоўнік беларускай мовы, 1975, с. 200.

Жуда́2 ’дзеці’ (навагр., Нар. словатв., 43). Параўн. рус. арл. жуд ’шум, гудзенне’. Магчыма, развіццё знач. ’шум’ > ’тыя, хто робіць шум’. Не выключана і сувязь з жуда1, нават перанос ’жах’ > ’непакой’ > ’крыніца непакою’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

з-пад і (перад збегам зычных) з-па́да, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «з-пад» («з-пада») выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні прадмета ці месца, знізу або з ніжняга боку якіх накіравана дзеянне, рух. Дастаць з-пад стала. Выцягнуць з-пад куста. Пыл курэў з-пад ног. Глядзець з-пад рукі. □ Закрасуюць з-пад снегу чырвоныя кветкі. Чарот. Дзве доўгія цёмна-русыя касы выбіліся з-пад чырвонай хустачкі. Колас.

2. Ужываецца пры ўказанні на кірунак руху з месца, якое знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад прадмета, названага залежным словам. Выскачыць з-пад хвойкі. □ З-пад пільні ўсе пайшлі дарогай паміж поля і лесу. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні населенага пункта, з раёна якога хто‑н. накіроўваецца, з’яўляецца, паходзіць і пад. Вецер гнаў хмары з-пад Налібок. □ — А быў сярод нас удалец такі, Марка Балук з-пад Цернішч. Колас.

Аб’ектныя адносіны

3. Ужываецца пры ўказанні на прыладу, з дапамогай якой што‑н. робіцца, ствараецца, атрымліваецца. З-пад разца паўзе стружка. Гукі льюцца з-пад смыка. З-пад пяра пісьменніка выходзілі новыя і новыя кніжкі паэзіі. // Ужываецца пры ўказанні на вытворцу дзеяння. З-пад яго рук усё выходзіць вельмі спраўна. Скрыган. Сілівон .. выстругваў зуб’е для грабляў. Зубы выходзілі з-пад яго рук нібы точаныя. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні якасці чаго‑н. шляхам указання на спосаб стварэння, на прыладу ці інструмент, з дапамогай якога што‑н. было створана. Мэбля нязграбная, як з-пад тапара. □ Гарнітур з-пад іголкі і кашуля з узорам на дзіва. Броўка.

4. Ужываецца пры абазначэнні якога‑н. стану ці становішча, ад якога хто‑, што‑н. вызваляецца (звычайна ў спалучэннях з дзеясловамі «выйсці», «вырвацца», «вызваліць», «вызваліцца» ці словамі з такім жа значэннем). Уцячы з-пад расстрэлу. Вызваленне з-пад прыгнёту. □ Хацелася хутчэй выскачыць з-пад перастрэлкі позіркаў. Грахоўскі.

Азначальныя адносіны

5. Ужываецца пры характарыстыкі прадмета шляхам указання на яго былое прызначэнне. Бутэлька з-пад малака. Бочка з-пад селядцоў. Вагоны з-пад вугалю.

Акалічнасныя адносіны

6. У асобных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Працавалі з-пад палкі. Вырас як з-пад зямлі. □ Неяк усё сышлося адразу, як з-пад маланкі. Чорны. Адважыўся на смелы крок: з-пад носа кралю павалок! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Просты, прамы, без выгібаў. З узгорку далёка відаць было жоўтае пескавое палатно шашы, роўнае, як струна. Крапіва. Роўны, як бы пракладзены па шкуру, канал у перспектыве звужаўся ў маленькую чорную кропку. Краўчанка.

2. Гладкі, без упадзін і ўзгоркаў. Поле ляжала роўнае як кінуць вокам. Адамчык. Мы аглядаем месца, дзе любяць збірацца ласі ўвосень. Гэта — узвышаная мясцовасць з даволі роўным рэльефам. В. Вольскі. // Без сучкоў, вузялкоў і пад. А калоды ўсе такія тоўстыя, такія гладкія, роўныя — паглядзець і то было люба. Колас.

3. Аднолькавы, пастаянны ў якіх‑н. адносінах на працягу якога‑н. часу, якой‑н. адлегласці. Зіма ў тым годзе была роўная. □ Чарнявы гэты хлапец — без кашулі, босы, густы і роўны загар ляжыць на ягоным целе. Мікуліч. // Спакойна, без павышэння і паніжэння (пра голас, гукі). Спакойны, роўны тон .. [Верынага] голасу вывеў Мікалая з раўнавагі. Дамашэвіч. І толькі пчолы струнным звонам Гудуць працяжна роўным тонам Ды прашмыгне лясная мыш. Колас. // Раўнамерны. Электрычная лямпачка разлівала па стале з-пад сіняга абажура роўнае мяккае святло. Бядуля. Праз нейкі момант пайшоў роўны, спорны дождж. Грамовіч. Пад роўны шум ліўня ўрэшце я заснуў. Місько.

4. толькі мн. Аднолькавыя намерам. Ля самых пуцей ляжалі роўныя кучы вугалю, загадзя нарыхтаваныя для пагрузкі на паравоз. Лынькоў. [Талерка] падскочыла на месцы і разбілася на дзве роўныя часткі. Бядуля. // Аднолькавы з кім‑н. па якіх‑н. прыкметах. Былі толькі двое, з якімі .. [Зубовіч] адчуваў сябе роўным. Трапілі яны ў астрог не зусім звычайным чынам. Машара. Па вечарах глядзелі Бясплатнае кіно: Як роўныя, сядзелі З байцамі заадно. Гілевіч.

5. перан. Ураўнаважаны (пра характар, паводзіны чалавека). Дзед не кіпеў ужо, быў аж на дзіва стрыманы і роўны. Мележ.

6. Які знаходзіцца на адной лініі з кім‑, чым‑н. (па вышыні, глыбіні і пад.). Мы палолі ў полі лён Цэлы дзень, Роўны з намі вырас ён, Маладзец! Муравейка.

7. Які мае аднолькавыя з кім‑н. правы, становішча, значэнне. — Табе, сынок, кажу яму, заўсёды знойдзецца дзяўчына з роўных нам. Гартны.

8. Які дакладна адпавядае чаму‑н. па велічыні, мае пэўную велічыню. Рост роўны двум метрам. Адлегласць роўная пяці кіламетрам. □ — Ёсць сіла, Роўная красе, Багатшая за ўсе багацці. Глебка.

•••

Быць на роўнай назе з кім гл. быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НАРО́ДНЫЯ ХАРЫ́, АНСА́МБЛІ, АРКЕ́СТРЫ,

найвышэйшая форма развіцця муз. і харэаграфічнага аматарскага мастацтва на Беларусі. Найменне «народны» надаецца з 1960 калектывам, якія дасягнулі высокага выканальніцкага майстэрства, вывучаюць, адраджаюць і зберагаюць рэгіянальныя асаблівасці бел. вак., муз., харэаграфічнага фальклору, папулярызуюць творы бел. прафес. кампазітараў і сусв. муз. культуры, рэгулярна выступаюць перад гледачамі, удзельнічаюць у фестывальным руху, папулярызуюць нац. мастацтва за межамі краіны. Працуюць пры палацах і дамах культуры (ДК, гар. — ГПК, ГДК, цэнтральныя — ЦДК, раённых — РДК, сельскіх — СДК), клубах, цэнтрах культуры (ЦК), б-ках, сярэдніх і вышэйшых навуч. установах. Парадак і арганізацыя іх працы вызначаны Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. У калектывах вядзецца работа па вывучэнні муз. граматы, фарміраванні пеўчай культуры, авалоданні муз. інструментамі, асновамі харэаграфіі, культурай сцэн. паводзін і інш. Некаторыя з нар. калектываў маюць калектывы-спадарожнікі і спец. студыі. Кіруюць імі прафес. хормайстры, дырыжоры, балетмайстры. Метадычную і творчую дапамогу калектывам аказваюць абл. метадычныя і навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы, Нац. цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Бел. ін-т праблем культуры, прафес. творчыя калектывы і інш. Нар. калектывы вак.-хар. жанру ўмоўна падзяляюць на: хары (капэлы, ансамблі) з акад. і нар. манерай выканання, аднародныя (жаночыя і мужчынскія) і мяшаныя, аднагалосыя і шматгалосыя, малыя (камерныя; 12—30 чал.), сярэднія (30—50 чал.), вял. (50—70 чал.), зводныя (больш як 70 чал.), вак. ансамблі (менш як 12 чал.), ансамблі песні (песні і танца; песні, музыкі і танца), сольнае выканальніцтва, вучэбныя хары. Інструментальна-аркестравы жанр уключае: аркестры і інстр. ансамблі мяшаныя — сімф., эстр., нар.; аднародныя — струнныя, духавыя, ударных, нар. інструментаў; харэаграфічны жанр уключае ансамблі (гурты): нар.-сцэнічныя, фалькл., фалькл.-этнагр., быт., класічнага, эстр., спарт., бальнага танца, ансамблі песні і танца і інш. На Беларусі (2000) больш за 360 нар. калектываў вак.-хар. жанру, у т. л. 138 мяшаных хароў, 39 хароў ветэранаў вайны і працы, 17 жаночых, 12 мужчынскіх хароў і ансамбляў, 8 акад., 6 камерных хароў, 81 ансамбль нар. песні, 39 вак. ансамбляў, 10 студый эстр. песні і інш.; 209 калектываў муз.-інстр. жанру, у т. л. 52 духавыя, 48 нар. інструментаў, 8 рус. нар. інструментаў, 7 цымбальных, 5 камерных аркестраў, 14 эстр. аркестраў (ансамбляў), 39 ансамбляў нар. інструментаў, 12 вак.-інстр. ансамбляў і інш.; 111 калектываў харэаграфічнага жанру, у т. л. 55 ансамбляў танца, 33 ансамблі песні і танца, 15 ансамбляў бальнага, 5 эстр. танца і інш.; 109 фальклорных калектываў, у т. л. 84 фалькл. ансамблі (гурты), 18 фалькл.-этнагр., 6 ансамбляў (і хароў) фалькл. песні і інш. Сярод іх нар. калектывы: хары Падлескага СДК Ляхавіцкага р-на (з 1965), Залескага СДК Кобрынскага р-на (з 1993), духавы аркестр Палаца культуры (ПК) Пінскага прадзільна-трыкат. ВА «Палессе» (з 1987), сямейны ансамбль «Дзіва» Адрыжынскага СДК (з 1995) і ансамбль нар. песні і музыкі «Мужыкі» Мотальскага СДК (з 1996) Іванаўскага р-на, ансамблі танца «Юнацтва» ПК Баранавіцкага баваўнянага ВА (з 1971), «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (з 1994), гурт вандроўных музыкаў «Фэст» Баранавіцкага ГДК (з 1985), ансамблі нар. музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага ГДК (з 1990) і «Выцінанка» Столінскага ГДК (з 1992), старадаўняй музыкі «Кантрданс» Баранавіцкай дзіцячай муз. школы № 3 (з 1995), ансамбль песні, і танца «Палескія зоры» Пінскага ГДК (з 1977; усе Брэсцкая вобл.); хор Лёзненскага РДК (з 1983), фалькл. ансамбль «Паазер’е» Пастаўскай дзіцячай муз. школы (з 1993), студыя эстр. песні «Рафлезія» Аршанскага ГДК’(з 1996), ансамбль песні і танца «Яблынька» Гарадоцкага РДК (з 1983), духавы аркестр ПК Наваполацкага ВА «Нафтан» (з 1978), ансамбль гарманістаў «Боркавіцкія музыкі» Боркавіцкага СДК Верхнядзвінскага р-на (з 1996; усе Віцебская вобл.); хары Азершчынскага СДК Рэчыцкага р-на (з 1963), Залескага СДК Чачэрскага р-на (з 1965), ансамбль нар. песні «Рудабельская пацеха» Акцябрскага Цэнтра вольнага часу (з 1995), фалькл.-этнагр. ансамбль «Лёс» Бабіцкага СДК Чачэрскага р-на (з 1990), ансамбль песні і танца «Сваякі» Мазырскага ПК нафтавікоў (з 1994), вак.-харэаграфічны ансамбль «Гомій» Гомельскага ГДК (з 1986), ансамблі музыкі і песні «Скарыначка» Урыцкага рэгіянальнага ЦК Гомельскага р-на (з 1982), «Радуніца» Мазырскага РДК (з 1992), духавы аркестр «Гелікон» Светлагорскага ЦК (1982), вак. ансамбль «Рэчанька» Гомельскай СШ № 53 (з 1994), Хар. капэла Гомельскага абл. Дома тэхн. і маст. творчасці работнікаў адукацыі (з 1978; усе Гомельская вобл.); ансамблі песні і танца «Нёман» Гродзенскага ГДК (з 1967), «Ніва» Верцялішкаўскага ЦДК Гродзенскага р-на (з 1976), хары Жухавіцкага ЦДК (з 1983), Запольскага сельск. клуба (з 1976), Турэцкага ЦДК (з 1997) Карэліцкага р-на, ансамбль нар. музыкі «Лявоны» Воранаўскага РДК (з 1985), сямейны дуэт Парфёнчыкаў «Мы з вёскі-калыскі» Лідскага р-на (з 1994), ансамблі песні і танца «Лідчанка» (з 1970), нар. музыкі «Калі ласка» (з 1994) Лідскага ГДК, ансамбль танца «Праліца» ПК «Юнацтва» Гродзенскага прадзільна-нітачнага ВА (з 1980; усе Гродзенская вобл.); харэаграфічны ансамбль «Рунь» Магілёўскага ВА «Магатэкс» (з 1989), хар. капэла ДК Магілёўскага аўтазавода (з 1975), ансамбль музыкі, песні і танца «Магілёўцы» абл. навук.-метадычнага цэнтра нар. творчасці і культасветработы (з 1994), ансамбль нар. песні «Мілавіца» Мышкавіцкага СДК Кіраўскага р-на (з 1993; усе Магілёўская вобл.); фалькл. ансамбль «Крупіцкія музыкі» (з 1986), маладзёжны жаночы хор «Менка» Мінскага абл. цэнтра нар. творчасці (з 1994), ансамбль песні і танца «Спадчына» Маладзечанскага ГДК (з 1982), ансамбль нар. інструментаў «Капыльскія дудары» Капыльскага РДК (з 1986), ансамбль нар. песні «Ярыца» Любанскага раённага ЦК і майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага вучылішча мастацтваў (абодва з 1997; усе Мінская вобл.); хар. капэла (з 1961), ансамбль танца «Вясёлка» (з 1967), хор ветэранаў вайны і працы (з 1977) Рэсп. ПК прафсаюзаў, хор нар. песні «Жыцень» ДК НВА «Інтэграл» (з 1978), ансамбль танца «Крыжачок» (з 1969) і фалькл.-этнагр. ансамбль «Неруш» (з 1985) БДУ, ансамбль бел. песні «Церніца» ПК і спорту чыгуначнікаў (з 1987), вак. ансамбль ветэранаў вайны, працы і Узбр. Сіл «Памяць сэрца» (з 1986), ансамбль танца «Вязанка» (з 1978) Рэсп. ПК ветэранаў, фалькл. ансамбль «Радзімічы» з-да колавых цягачоў (з 1986), ансамблі танца «Белая Русь» Рэсп. ПК «Юнацтва» (з 1967), «Лявоніха» (з 1961) і студыя бальнага танца «Мара» (з 1979) ПК МТЗ, хор «Тоніка» Дзіцячай муз. школы № 1 (з 1985), тэатр танца «Карагод» ПК адкрытага акц. т-ва «Сукно» (з 1987; усе г. Мінск).

А.​А.​Скарына.

Да арт. Народныя хары, ансамблі, аркестры: 1 — ансамбль «Палескія зоры» Пінскага гарадскога Дома культуры; 2 — ансамбль беларускай песні «Церніца» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў; 3 — хор «Тоніка» Мінскай дзіцячай музычнай школы № 1.

т. 11, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разабра́ць, разбяру, разбярэш, разбярэ; разбяром, разбераце; заг. разбяры; зак., каго-што.

1. Разняць што‑н. на састаўныя часткі. Разабраць радыёпрыёмнік. Разабраць гадзіннік. □ Сцёпка разабраў затвор, пачысціў, змазаў, зноў сабраў. Хомчанка. // Разбурыць што‑н., разняўшы на часткі. Разабраць рэйкі на чыгунцы. □ Хату немцы разабралі. Бярвенні ім на бункер спатрэбіліся. Б. Стральцоў. // Раскідаць друкарскі набор, расклаўшы знакі набору па касах. Разабраць набор.

2. Узяць усё па частках, па адным. Сёння ў шэсць гадзін усе коней разабралі, гэта адзін Паўлік заспаў. Гаўрылкін. Дзіва проста! Ці не хопіць? Колькі можна пазычаць! Разгадаў, нарэшце, хлопец Гэту тактыку дзяўчат. Усміхнуўся хітравата Да сяброўкі дарагой: — Як відаць, у вас дзяўчаты Разбяруць увесь пакой. Гілевіч. // Раскупіць. За тыдзень разабралі ўвесь тыраж кнігі. □ — Давай перакушу крыху ды пайду, а то газу разбяруць... Чарнышэвіч.

3. Прыводзячы ў парадак, рассартаваць, аддзяліць адно ад другога. Разабраць рэчы. Разабраць бялізну. // Узяць правільна (лейцы і пад.). Лётчыкі селі ў лодку. Макараў на нос, а Дым разабраў вёслы. Алешка. // Разаслаць, рыхтуючы для спання. Разабраць ложак. □ [Алена] хуценька разабрала яго пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі. // Расчасаць, прыгладзіць (валасы).

4. Спарадкаваць, раздзяліўшы мяса і вантробы, парэзаўшы на часткі (пра мясную тушу). І кабан і воўк — каштоўны здабытак. З ваўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому. Колас.

5. Адрозніць, распазнаць што‑н. (слыхам, зрокам і пад.). Разабраць почырк. □ Ліда схілілася над .. [раненым], каб чуць, каб разабраць усе словы. Шамякін. Пачуліся ціхія крокі, і ў цемры.. [Прылепка] разабраў ледзь прыкметную постаць чалавека. Дуброўскі.

6. з дадан. сказам і без дап. Уясніць для сябе, усвядоміць. На адной палянцы цвілі кветкі, вельмі падобныя да нашага сну. Насілу разабраў, што гэта гіяцынты — такія буйныя і так многа было іх. Лужанін. Стралялі ў двары, за будынкамі, і цяжка было разабраць, дзе рассыпаліся нашы, а дзе былі немцы. Няхай. Здзекаваўся .. [Васіль], жартаваў ці праўду казаў, яна [Аня] не ўмела разабраць ды і не хацела. Васілевіч. // Зразумець сэнс чаго‑н. Разабраць стараславянскі надпіс. □ Спачатку я амаль нічога не мог разабраць у гэтай кнізе, а потым навучыўся чытаць лепш. Кулакоўскі.

7. і без дап. Разгледзець, абмеркаваць (пытанне, справу і пад.). Як толькі пачаўся прыём [у члены партыі], разабралі заяву камбрыга. Мележ. Кожнаму хацелася паслухаць, сваім вокам пабачыць: як яно там, як разбяруць ды вырашаць. Лынькоў. // Прааналізаваць, даць крытычную ацэнку. Разабраць творчасць паэта. Разабраць сачыненні вучняў. // У граматыцы — даць аналіз для выяснення саставу, пабудовы. Разабраць сказ па часцінах мовы.

8. Разм. Ахапіць, апанаваць (пра моцнае пачуццё, жаданне і пад.). Хлопчыка разабрала цікаўнасць. Гамолка. Злосць разабрала Мар’яну, калі дачулася пра сынавы клопаты. Пальчэўскі. // безас. Разм. Пра вышэйшую ступень праяўлення якога‑н. пачуцця, стану. — Чаго вас там разабрала? — хрыплым голасам, спрасоння, прабурчаў .. [бацька]. Арабей. // Разм. Выклікаць ап’яненне. Гарэлка яго [Янушка] крышку разабрала, расчуліла на сонцы. Дайліда.

•••

Не разбяры-бяры — пра што‑н. вельмі заблытанае, незразумелае.

Разабраць па костачках — старанна, дэталёва абмеркаваць, абгаварыць каго‑, што‑н.

(Усю) ноч разбяруць — не будзе калі спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

браць, бяру, бярэш, бярэ; бяром, бераце, бяруць; незак.

1. каго-што. Авалодваць якім‑н. прадметам, абхопліваючы пальцамі рукі. Браць кнігу. // У спалучэнні з назоўнікамі «рот», «зубы», «губы» — захопліваць, сціскаць. Браць карандаш у зубы. □ Кіслінкі-журавінкі, Чырвоныя бакі, Бяруць у рот дзяўчынкі, Бяруць і хлапчукі. Галіноўская. // Дакранацца да чаго‑н., чапаць што‑н. рукою. Рукамі не браць. □ Узнепакоеная тым, што.. [Захара Зынгі] доўга няма, прыходзіла дачка яго Рыта, брала.. пад руку і заводзіла дадому. Чорны. // Аддзяляць частку чаго‑н. для даследавання. Браць пробу, кроў, аналізы. // Зачэрпваць, набіраць. Бяру рукамі чорную раллю. Свірка. Жалудоў было так многа, што іх можна было браць проста прыгаршчамі. Шамякін. // Захопліваць, паглыбляцца. Бярэ парог усё глыбей, глыбей. Зарыцкі. // У спалучэнні з назоўнікамі «рукі», «плечы» і інш. — узвальваць які‑н. груз на сябе. Браць на плечы мяшок. □ Сяргей падыходзіў да Рагіны і, моўчкі паглядаючы на яе, браў на рукі дачку і нёс у хату. Адамчык. / у перан. ужыв. Чым.. [Рая] пакрыўдзіла старэйшых, у чым вінавата? Хіба не для таго, каб аддзякаваць вось гэтым жанчынам за ўсё добрае, старалася, ўставала на досвітку, брала на свае плечы цяжкую працу? «Маладосць». // Збіраць (пра ягады, грыбы). Гаварылі пра брусніцы. Іх было гэтым летам хоць вазамі вазі. Сястра мне расказала, дзе яна іх брала — у якім лесе, на якіх барах і касагорах. Ермаловіч. // Збіраць нектар (пра пчол). Была акурат тая пара, калі пчолы бралі гаючы ліпавы мёд. Сабаленка. // Набіраць чаго‑н., запасіць што‑н. Паравоз сапраўды браў дровы. Лынькоў. // Прыхопліваць што‑н. з сабою ў дарогу. Ёй [Марынцы] бабка Ева памагае, А дзед дарады падае, Што браць з сабою, рэч якая Патрэбна болей для яе. Колас. Штурман.. заўсёды браў у палёт гранату. Шамякін. // Красці. Воўк і лічанае бярэ. Прыказка. // Хапаць насадку, кляваць. Раніцай, на досвітку, карась, як правіла, бярэ са дна. Матрунёнак. На блешню і мармышку з матылём бярэ акунь. «Беларусь».

2. Сілай захопліваць што‑н., дамагацца ў барацьбе. Браць уладу ў свае рукі. Браць ініцыятыву. // Згаджацца ўзначальваць што‑н. Паклікаў мяне завуч у дырэктарскі кабінет ды кажа: — Табе, Сцяпан Пятровіч, прыйдзецца дзесяты клас браць. Ермаловіч.

3. Прымушаць несці якую‑н. службу, выконваць які‑н. абавязак. Браць у салдаты. Браць на зборы. // Прымаць, залічваць у склад чаго‑н. Браць на работу. □ Бралі ў атрад толькі зусім надзейных, пасля грунтоўнай праверкі. Брыль. // Прымушаць пайсці за сабою; арыштоўваць, знявольваць. Каты лютыя бралі Ганулю Казей, з хаты роднае бралі, ад родных людзей. Дубоўка. // Наймаць. Браць фурманку. // Забіраць сілай, адбіраць. Браць у палон. // Згаджацца, каб хто‑н. суправаджаў, не пакідаць; запрашаць. Зімою часта прыязджалі з горада шэфы і бралі з сабой некалькі чалавек дэлегатаў.. паказаць сваё жыццё. Чорны. Князь любіў ездзіць на паляванне і заўсёды браў з сабою Кірылу. Колас.

4. З боем авалодваць чым‑н. Дзед Пятрусь у Вялікую Айчынную вайну быў партызанам, затым браў Берлін і нават на сцяне рэйхстага пакінуў свой подпіс. Сіняўскі. Маладосць! Гэта ты ў ватоўцы рабочай Зімні брала дажджлівай кастрычніцкай ноччу. А. Вольскі. Смеласць гарады бярэ. Прыказка.

5. Збіраць, спаганяць што‑н. Дорага браць. Браць плату, хабар. // Карыстацца чыімі‑н. дабротамі. Нічога не давала ты радзіме. Усё брала ад яе, прызвычаілася браць, як належнае, як законнае. Лынькоў. // Запазычваць. Браць з чужога вопыту. // Збіраць, атрымліваць (пра ўраджай). Там, на калгасных агародах Багаты бралі ўраджай. Глебка.

6. Жаніцца з кім‑н. Браць за жонку. □ Прыйшлося [Пятрэсю] браць касавокую Хіму, што заседзелася ў дзеўках. Арочка.

7. Знаходзіць. — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна [Наста]. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы!.. З. Астапенка.

8. Спыняцца на чым‑н., выбіраючы з многага. Рэаліст Багдановіч браў чалавека такім, якім ён быў у жыцці, з усімі станоўчымі і адмоўнымі рысамі. Майхровіч. Малашонак браў не сутнасць заметкі, а калючыя яе бакі. Ермаловіч.

9. Выдаткоўваць, займаць, выкарыстоўваць. Машына бярэ многа бензіну. □ Крышталічныя трыёды не бяруць энергіі на напал катода. «Беларусь». / у перан. ужыв. Вайна брала ўсё новыя ахвяры. Колас.

10. Надзяваць, прывязваць. Браць каня на аброць. Браць цяля на вяроўку. // Абмяжоўваць якое‑н. дзеянне, перагароджваць. Браць ваду на застаўкі. // Асаджваць, змяшчаць. Браць партрэт у рамку.

11. Рабіць якое‑н. фізічнае або псіхічнае ўздзеянне на каго‑н., што‑н., разбіраць, апаноўваць. Мароз бярэ за вушы. Зайздрасць бярэ. □ Іржа яе не брала. Была цвёрдай сталь. Танк. Жагула пачынаў злаваць, і хмель яго не браў. Крапіва. А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае. Колас. Міхалку ўжо браў сон. Чорны.

12. Перамагаць у схватцы. «Пірат» лёгка браў ліса і на рэдкасць разумна вёў зайца. Карамазаў. // перан. Перамагаць з дапамогай чаго‑н. Браць не сілай, а розумам. / у безас. ужыв. Тваё бярэ. // Адольваць, паражаць, праліваць (часцей з адмоўем). Яго ні куля ні штык не бярэ. // Добра рэзаць (пра нож, брытву, касу). Каса не косіць — каса брые І шчытнякі бярэ сухія, Бо ў дзядзькі рукі залатыя. Колас. / у безас. ужыв. Хоць білі гарматы па сыну Ўрала ды бронь баявую снарадам не брала! Вялюгін.

13. Набіраць хуткасць, дасягаць пэўнага ўзроўню. Браць разгон. Браць вышыню. □ Дзе чыгунка ішла чыстым полем, цягнік браў самы шпаркі свой рух. Чорны. // Паўтараць за кім‑, чым‑н. які‑н. гук, дамагаючыся падабенства; выклікаць гучанне, дакрануўшыся да струн і пад. Браць ноту. Браць верхняе до. □ [Захар Зынга] падсядае туды бліжэй і ціхенька бярэ на гармоні некалькі нясмелых акордаў. Чорны. // Накіроўвацца, схіляцца. Браць управа. Браць кірунак. □ У гэтым месцы зеілістая сцежка, наткнуўшыся на зялёную заслону, брала крута ўверх. Арочка. // Лавіць, авалодваць чым‑н. Мячы.. [настаўніца] брала на дзіва прыгожа і ўмела. Васілевіч. // Насцігаць, паражаць. Ружжо на паўкіламетра бярэ.

14. Пачынаць рухацца, пераадольваючы перашкоду, цяжкасць. Машына рыўком бярэ з месца. Шамякін.

15. Дамаўляцца аб выкарыстанні чаго‑н. Браць адпачынак, адгул. // Даваць згоду што‑н. выканаць, зрабіць. Браць заказ, падрад. Браць абавязацельства. // Даваць згоду на выкарыстанне чаго‑н. Стрончык.. нікога чужога ў сваю хату браць не хацеў. Ядвігін Ш. // Праявіць клопат аб кім‑н., аказаць падтрымку каму‑н., пашырыць уладу на каго‑н. Браць пад абарону, пад сваю ўладу, пад ахову.

16. Умоўна прымаць, лічыць. За кіламетр на мясцовасці браць міліметр на паперы.

17. Удзельнічаць; згаджацца. Браць удзел. Браць чый-небудзь бок.

18. Купляць. Глядзі, каб ягад без білета У лесе бабы не збіралі І на грыбы каб білет бралі. Колас.

19. Разм. Атрымліваць (зарплату, пенсію і пад.). [Анна Паўлаўна:] Вядома ж, ты тры тысячы ў месяц бярэш. Крапіва.

20. Есці, спытваць (часцей з адмоўем). Нічога ў рот не браць.

21. Мацнець. Нанач бярэ мароз.

•••

Браць (блізка) да сэрца — пакутліва, хваравіта ўспрымаць што‑н.

Браць (узяць) быка за рогі — пачынаць дзейнічаць энергічна, адразу і з самага галоўнага.

Браць (узяць) верх над кім — дамагацца (дамагчыся) перавагі, адольваць (адолець) каго‑н.

Браць (узяць) волю над кім — навязваць (навязаць) каму‑н. свае жаданні, сваю волю.

Браць (узяць) голымі рукамі — авалодваць (авалодаць) кім‑н. без асаблівых цяжкасцей.

Браць горлам — дамагацца чаго‑н. крыкам.

Браць (узяць) грэх на душу — паступіцца сваім сумленнем, перакананнем, зрабіць учынак, які пярэчыць устаноўленым нормам і прынцыпам маралі, закону ў інтарэсах каго‑, чаго‑н.

Браць (узяць) за горла (за глотку, жабры) — прыставаць (прыстаць), сілай прымушаць (прымусіць) да чаго‑н.; ставіць (паставіць) у бязвыхаднае становішча.

Браць (узяць) за душу — з глыбокай уразлівасцю ўспрымаць (успрыняць) які‑н. выпадак, здарэнне.

Браць (узяць) за жывое — даймаць (даняць) чым‑н., расстройваць, прымушаць (прымусіць) нервавацца.

Браць (узяць) за каўнер, за карак — прыцягнуць да адказнасці.

Браць (узяць) за сэрца — хваляваць, рабіць (зрабіць) моцнае ўражанне.

Браць (узяць) з бою (боем) — а) у працэсе бою авалодаць тэрыторыяй, умацаваннямі праціўніка; б) дамагацца чаго‑н. энергічнымі дзеяннямі.

Браць (узяць) зморам; браць (узяць) на змор — а) адольваць (адолець) каго‑, што‑н., давёўшы да поўнай страты сіл; б) дамагацца (дамагчыся) чаго-небудзь ад каго‑н. настойлівым, назойлівым уздзеяннем.

Браць каўшом — тое, што і чэрпаць каўшом (гл. чэрпаць).

Браць (узяць) на абардаж — атакаваць варожае судна, шчыльна наблізіўшыся да яго.

Браць на арапа — браць ашуканствам, падманам.

Браць на бога — выпытваць што‑н., ставячы правакацыйныя пытанні.

Браць (узяць) на буксір — памагаць каму‑н., хто адстае, выконваць што‑н.

Браць (узяць) на веру што — верыць, давяраць, калі па якой‑н. прычыне нельга ўпэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н.

Браць (узяць) на заметку (на карандаш) — звяртаць (звярнуць) на што‑н. увагу, запамінаць (запомніць), запісваць (запісаць) для памяці.

Браць (узяць) на мушку (на прыцэл) — а) прыцэльвацца (прыцэліцца) у каго‑, што‑н.; б) сканцэнтроўваць (сканцэнтраваць) увагу на кім‑, чым‑н.

Браць на ўсе застаўкі — старацца з усіх сіл бегчы, што‑н. рабіць.

Браць (узяць) напрамак (кірунак) — пачынаць рухацца, ісці ў якім‑н. напрамку.

Браць на пуп (груб.) — перанапружвацца фізічна.

Браць (узяць) на сябе што — а) згаджацца (згадзіцца) быць адказным за што‑н.; б) выказваць (выказаць) гатоўнасць зрабіць што‑н., асабіста ручацца (паручыцца) за выкананне чаго‑н.

Браць на цыгундар — прыцягваць да адказнасці.

Браць ногі на плечы (у рукі) — хутка, паспешна ўцякаць.

Браць (узяць) пад абстрэл гл. узяць.

Браць (узяць) пад казырок — аддаваць (аддаць) чэсць, вітаць, прыкладваючы правую руку да галаўнога ўбора.

Браць (узяць) пад каравул — узяць над варту, арыштаваць.

Браць (узяць) пад увагу — заўважаць (заўважыць), улічваць (улічыць) што‑н., выносячы якое‑н. рашэнне.

Браць (узяць) прыклад — пераймаць (пераняць) у каго‑н. што‑н.

Браць (узяць) сваё — дамагацца (дамагчыся) жаданага, мець чакання вынікі.

Браць (узяць) след — высочваць (высачыць) звера.

Браць (узяць) слова — папрасіць (прасіць) на сходзе, нарадзе і пад. дазволу выказаць сваю думку.

Браць (узяць) слова з каго — дамагацца (дамагчыся) ад каго‑н. абяцання выканаць што‑н.

Браць (узяць) слова назад — адмаўляцца (адмовіцца) ад дадзенага абяцання, абавязацельства.

Браць (узяць) сябе ў рукі — авалодваць (авалодаць) сабой.

Браць (узяць) у абарот — аказваць (аказаць) рашучае ўздзеянне на каго‑н., прымушаць (прымусіць) весці сябе як належыць.

Браць у апрацоўку — уздзейнічаць на каго‑н., імкнучыся схіліць да чаго‑н., зрабіць уплыў на каго‑н.

Браць (узяць) у галаву што — многа думаць пра што‑н.

Браць (узяць) у лоб — груба, просталінейна дамагацца (дамагчыся) чаго‑н.

Браць (узяць) у разлік — улічваць (улічыць), прымаць (прыняць) пад увагу.

Браць у рукі каго, што — рабіць каго‑н., што‑н. паслухмяным, падатлівым, пакорным сваёй волі.

Браць (узяць) у шоры — моцна трымаць у руках, рашуча і жорстка абмяжоўваць каго‑н. ва ўчынках.

Браць (узяць) шлюб — выходзіць (выйсці) замуж, жаніцца.

Дзіва бярэ гл. дзіва.

Ліха яго бяры гл. ліха.

Наша (ваша, іх) бярэ (возьме, узяло) — мы (вы, яны) перамагаем.

Ні кроплі (каплі) у рот не браць — зусім не піць спіртнога.

Смех бярэ гл. смех.

У рот не браць — нічога не есці.

Хоць рукамі бяры — пра тое, чаго вельмі многа, чым лёгка авалодаць.

Цераз сябе браць — рабіць цераз сілу.

Чорт не бярэ гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлеб, ‑а, м.

1. толькі адз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Пшанічны хлеб. Кілаграм хлеба. □ У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. Як пернік смачны, У руцэ Трымаў я хлеб жытні калісьці — Спадыспаду не ў муцэ, А на кляновым лісці. Аўрамчык. Ідзеш на дзень — хлеба бяры на два. Прыказка. Ядуць на свеце хлеб траякі: чорны, белы і ніякі. Прыказка. // Такі прадукт у выглядзе вырабаў пэўнай формы. Круглы хлеб. Бохан хлеба. // Цеста, прыгатаванае для выпечкі хлебных вырабаў. Хлеб падышоў. □ [Жонка:] — Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ. Якімовіч. // а таксама мн. (хлябы́, о́ў). Выпечка. У дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлябы. Чорны.

2. Зерне, якое мелецца на муку для выпякання хлеба. Абмалочаны хлеб. □ Большасць сабранага хлеба калгаснікі.. падзялілі паміж сабой на працадні. Шамякін.

3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані. — Цёзка, ці не бачыш, што ў нас у гэтым годзе хлеб радкаваты? — запытаў яго, сеўшы побач, калгасны брыгадзір Кузьма Стрыж. Дуброўскі. Хлеб па хлебу сеяць — ні малаціць, ні веяць. Прыказка. / мн. хлябы́, о́ў. Разм. Жыта там родзіцца на дзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, У іх конь хаваецца з дугою. Колас.

4. толькі адз.; перан. Разм. Сродкі для існавання, заробак. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкулы яму не ставала часу і, да таго ж, ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб. М. Стральцоў. У сенцах сустрэліся з гаспадыняй — баба што печ, на ўсе дзверы. Клім спыніўся і з усмешкаю кіўнуў Шэмету на жонку: — На старшынёўскіх хлябах. Лобан. / Пра жыццё, долю. Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Колас.

•••

Барадзінскі хлеб — асобы гатунак паштучнага заварнога хлеба, які выпякаецца з шатраванай жытняй і пшанічнай мукі і мае прыемны саладкаваты прысмак.

Мінскі хлеб — хлеб з жытняй пытляванай мукі з кменам.

Украінскі хлеб — хлеб з жытняй шатраванай мукі з дабаўленнем пшанічнай мукі другога гатунку.

Аб сухім хлебе — без вадкай стравы (жыць).

Без хлеба сядзець — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.

Гэта мой (твой, яго, яе, наш, ваш, іх) хлеб — пра чый‑н. занятак.

Дарэмна хлеб есці гл. есці.

Даць салдацкага хлеба (груб.) — даць выспятка; даць каленам пад зад.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезенай дадому з лесу, лугу і пад., якую прапануюць з’есці дзецям.

З хлеба крошак шукаць гл. шукаць.

Ісці на свой хлеб гл. ісці.

І то (гэта) хлеб — ёсць нейкая карысць каму‑н.

І хлеб і да хлеба — усяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання).

Карміць хлебам гл. карміць.

Кусок (кавалак) хлеба гл. кусок.

Лёгкі хлеб — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот, без напружання сіл.

Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.

На ласкавым хлебе — быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні, з чыёй‑н. ласкі.

Не вялікі хлеб — а) не вельмі добра; б) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.

Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць каго‑н. у ядзе.

Перабівацца з вады на хлеб (з хлеба на квас) гл. перабівацца.

Свой акраец хлеба гл. акраец.

Сесці на хлеб чый гл. сесці.

Стаць на свой хлеб гл. стаць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Хлебам не кармі гл. карміць.

Хлеб ды соль! — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Хлеб есці з чаго гл. есці.

Хлеб-соль — пачастунак. — Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі.. Заехаў.. укусіць хлеба-солі!.. Брыль.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.

Шукаць лёгкага хлеба гл. шукаць.

Шукаць як хлеба гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стан 1, ‑у, м.

1. Тулава, постаць чалавека. Назаўтра раніцою каля калонкі я сустрэў жанчыну гадоў пад пяцьдзесят, але на дзіва маладжавую, са стройным станам. Дуброўскі. Смуглы твар і гібкі стан дзявочы У красуні, што на першым радзе, Нават трошачкі падобны вочы Да вільготных чорных вінаградзін. Аўрамчык. // Месца, па якім падпяразваюцца. Паясок быў не цесны, але ён так перацінаў стан, што здавалася — яго залішне зацягнулі. Кулакоўскі. / у вобразным ужыв. Галлё спусціўшы над парканам, Расла тут грушка з тонкім станам. Колас. Снапы ў .. [Любы] былі цяжкія, але зграбныя, з тонкім станам і роўнымі гузырамі. Васілевіч. Зноў яго хвіліны ўкалыхалі, Ноч над горадам свой стан схіліла... Дубоўка.

2. Разм. Скроеныя і сшытыя па фігуры полкі палатна; ліф. Стан атласны, а рукавы шаўковыя. // Верхняя палавіна сукенкі.

стан 2, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Лагер, месца стаянкі, часовага пасялення. Палявы стан. □ Тут, у адным утульным месцейку, пад дубам, на высокім беразе Старыцы, і размяшчаўся рыбацкі стан брыгады — стаяў вялікі, увесь закопчаны дымам драўляны будынак. Краўчанка. Каля Рудні ў час вайны Стан быў: партызанскі. Гілевіч. // Адведзенае для каго‑, чаго‑н. месца. У поўдзень на стан карову даіць ходзіць пляменніца Аксіння. Лупсякоў.

2. ‑у. Войска, адзін з ваюючых бакоў. [Англійскую разведку] цікавіла не толькі тое, што робіцца ў стане немцаў, але і ўсё, што вядома пра беларускіх партызан, пра падполле ў горадзе. Новікаў. // перан. Пра грамадскія аб’яднанні, групы. Грунту для кампрамісу .. паміж двума варожымі сталамі няма. Навуменка. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як па ўсёй вёсцы толькі і было гутаркі, што пра свята, пры гэтым ясна адзначыліся два станы: святочны і будны. Колас. [У]вачавідкі гутарка падзяліла людзей на два станы, нязгодныя між сабою. Гартны. // перан. Разм. Кампанія, зборышча каго‑н. Затое паблізу і таксама амаль да раніцы можна было пачуць задорныя і свежыя галасы мужчынскага стану. Васілевіч.

3. ‑у. Разм. Саслоўе, сацыяльны слой. Гудзеў трыумфам стан паноў, Зямля віватамі дрыжала. Лойка. Абіраўся магістрат з вышэйшых станаў, у вузкім коле, «са сваімі прыяцелямі». Шынклер.

4. ‑а. У царскай Расіі — павятовае адміністрацыйна-паліцэйскае падраздзяленне. Трэба нам школы па вёсках прыдбаць. Роўнай дарогі, ботаў на ногі, Мультану жонцы на лепшы каптан; Жыць смела ў хатцы і не баяцца, Каб не ганялі ў воласць, у стан. Купала.

стан 3, ‑а, м.

1. Машына ці сістэма машын для апрацоўкі метаду ціскам, для атрымання буйных металічных вырабаў. Пракатны стан.

2. Прыстасаванне, збудаванне (звычайна драўлянае) для якіх‑н. работ.

3. Поўны камплект, набор чаго‑н. Мышасты Конь прывёз Да кузні новы воз, каб акавалі стан калёсны. Корбан.

стан 4, ‑у, м.

1. Становішча, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Эканамічны стан краіны. Стан народнай асветы. Маральны стан байцоў. □ У сваім натуральным, першабытным, некранутым стане прырода Палесся з яе дзікім жывёльным, птушыным і раслінным светам будзе захоўвацца ў запаведніках і шматлікіх заказніках. В. Вольскі. // Фізічнае самаадчуванне. [Шэркас] толькі месяц паслужыў і прыйшоў дадому па стану здароўя. Кулакоўскі. Камлюк у нецвярозым стане вёў машыну. М. Ткачоў. // Душэўны настрой. [Сцяпан] пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо, падбіраць такія словы і выразы, якія б дакладна адлюстравалі яго душэўны стан, яго радасць. Шамякін. Арына ўздрыгнула: даўно яна не бачыла старога ў такім узрушаным стане. Кавалёў.

2. Від, характар размяшчэння, узаемадзеяння і руху часцінак рэчыва. Аморфны стан. □ [Ігнась:] — Вада бывае ў трох станах. Звычайная вада рэк, азёр і іншых вадаёмаў заўсёды бывае ў вадкім стане. Чарнышэвіч.

3. Грамадскае або сямейнае становішча. Органы запісу грамадзянскага стану.

•••

Акты грамадзянскага стану гл. акт.

Крытычны стан рэчыва — стан рэчыва, пры якім знікае розніца паміж вадкасцю і яе насычанай парай.

стан 5, ‑у, м.

Катэгорыя дзеяслова, якая вырашае розныя адносіны паміж суб’ектам і аб’ектам дзеяння.

•••

Залежны стан дзеяслова — стан дзеяслова, які абазначае, што суб’ект з’яўляецца аб’ектам чужога дзеяння.

Незалежны стан дзеяслова — стан дзеяслова, які абазначае дзеянне, што актыўна накіравана на прамы аб’ект, назва якога стаіць у вінавальным склоне без прыназоўніка, і цалкам ахоплівае гэты аб’ект.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ход, ‑а і ‑у, М аб (у) хо́дзе і на хаду́; мн. хады́, ‑о́ў і хо́ды, ‑аў; м.

1. ‑у, М на хаду́. Рух, перамяшчэнне ў якім‑н. напрамку. Машына дала задні ход. Цягнік збавіў ход. □ Пяхота ўвесь час замаруджвала ход конніцы. Брыль. Ціха кружыцца галава ў Міколкі, разбягаюцца валасы ад страшэннага ходу, ад імклівага ветру. Лынькоў.

2. ‑у, М у хо́дзе; перан. Развіццё, цячэнне чаго‑н. Ход падзей. Ход урока. Ход гісторыі. □ У ходзе будаўніцтва сацыялізма ў СССР без якой бы там ні было знешняй эканамічнай дапамогі ў кароткі гістарычны тэрмін была ажыццёўлена індустрыялізацыя краіны. «Звязда». Дзед зрабіў перадышку, абдумваючы далейшы ход казкі. Якімовіч.

3. ‑у, М у хо́дзе; мн. хо́ды, ‑аў. Перамяшчэнне рухомай часткі механізма ад аднаго крайняга становішча да другога. Ход прэса. // Адлегласць, на якую гэта частка перамяшчаецца. Ход поршня роўны 50 см.

4. ‑у, М на хаду́. Рабочая частка машыны, механізма. Анкерны ход гадзіннікавага механізма. // Ніжняя хадавая частка самарушнага ўстройства. Гусенічны ход. // Ніжняя хадавая частка экіпажа або іншых транспартных сродкаў. Каляска на рызінавым хаду. // Спец. Адлегласць паміж пярэдняй і задняй воссю экіпажа, павозкі і пад. Кароткі ход у экіпажа.

5. ‑у, М у хо́дзе. Спец. Дзеянне, работа, якую выконвае машына, механізм і пад. Рабочы ход рухавіка. □ Надзейныя, з высокай дакладнасцю ходу, .. [гадзіннікі] не будуць падводзіць уладальнікаў, для якіх важна кожная мінута, секунда. «Звязда».

6. ‑у, М на хаду́. Спец. Увесь тэхналагічны працэс, які адбываецца ў чым‑н.; цыкл. Домна на гарачым хаду.

7. ‑у; мн. хады́, ‑о́ў. Чарговае выступленне іграка (у шахматах, шашках і іншых настольных гульнях). Ход канём. □ Ці ведаеце вы, што найкарацейшая шахматная партыя, іграная ў турніры, мела ўсяго 4 хады — гэта партыя Лазар — Кабо з чэмпіянату Францыі. «Маладосць».

8. ‑у, М у хо́дзе; мн. хады́, ‑о́ў; перан. Прыём, манеўр для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычны ход. □ Гэтая дзяўчынка зрабіла яшчэ адзін на дзіва хітры ход: яна паспела працерці ганак і падлогу ў калідоры растворам фармаліну. Шамякін. Юра не сумняваўся, што ўся ветлівасць нямецкага афіцэра, яго ўвага да іх — толькі тактычны ход. Бураўкін.

9. ‑у; мн. хо́ды, ‑аў. Спец. Паварот, змяненне ў сюжэце мастацкага твора. У К. Чорнага мы не знойдзем твора, у якім аўтар імкнуўся б захапіць чытача складанасцю сітуацый, займальнасцю сюжэтных ходаў. Кудраўцаў.

10. ‑а; мн. хады́, ‑о́ў. Месца або адтуліна ў сцяне будынка, памяшкання, праз якое ўваходзяць куды‑н., уваход. Парадны ход. Чорны ход. □ Неўзабаве Міхалка пачуў, як Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Чорны. У Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай. М. Стральцоў.

11. ‑а; М у хо́дзе; мн. хады́, ‑о́ў. Месца, па якому ходзяць; калідор, тунель. Падземны ход. □ Траншэі і хады зносін цягнуліся ў некалькі радоў усцяж па ўсяму фронту. Мележ. Бацька вельмі добра ведаў лес, ведаў усе хады ў ім, ведаў, дзе што расце. Сачанка.

12. ‑у; мн. хо́ды, ‑аў; перан. Магчымасць дасягнення чаго‑н. Так рад ён [чалавек], што тут апынуўся, Дзе ёсць чалавеку больш ходу. Колас.

•••

Жалезны ход — ніжняя хадавая металічная частка воза або іншых якіх‑н. транспартных сродкаў.

Малы ход — запаволены ход судна, а таксама каманда, якая перадаецца ў машыннае аддзяленне для змяншэння ходу судна.

Поўны ход! — словы каманды, якія абазначаюць: з гранічнай скорасцю.

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Даць задні ход гл. даць.

Даць ход гл. даць.

Ісці ў ход гл. ісці.

На хаду — мімаходам, хутка.

На хаду падноскі адарваць гл. адарваць.

Не даць ходу гл. даць.

Па ходу справы — у залежнасці ад абставін.

Поўным ходам — інтэнсіўна, узмоцнена (ідзе, ішло і пад. што‑н.).

Пусціць у ход гл. пусціць.

Сваім ходам — а) пехатой; б) работай свайго матора.

Ход канём — аб рашучым сродку, што выкарыстоўваецца для дасягнення поспеху ў якой‑н. справе.

Ходу няма каму-чаму гл. няма.

Хрэсны ход — царкоўнае шэсце з крыжамі, харугвамі і абразамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)