у шырокім сэнсе — вучэнне аб характары; у вузкім сэнсе — кірунак у нямецкай псіхалогіі 19—20 ст., прадстаўнікі якога распрацоўвалі праблемы тыпалогіі і структуры асобы пад уплывам філасофіі жыцця, гештальтпсіхалогіі, глыбіннай псіхалогіі. Тэрмін «Х.» ў навуку ўвёў ням. філосаф Ю.Банзен («Нарысы па характаралогіі», т. 1—2, 1867).
Першае сістэм. апісанне характараў належыць стараж.-грэч. мысліцелю Феафрасту, які ў кожным тыпе характару вылучаў адну дамінуючую рысу, што вызначае маральнае аблічча і паводзіны чалавека. І.Кант пэўны тып характару разглядаў як спосаб адчування і паводзін на аснове цвёрдых практычных прынцыпаў, якія могуць быць высокамаральнымі або беспадстаўнымі, памылковымі. Франц. псіхолагі Б.Перэ, А.Фулье прапаноўвалі класіфікацыю характараў. заснаваную на суадносінах розуму, пачуцця і волі. Банзен і яго паслядоўнікі Л.Клагес, Э.Крэчмер (Германія), У.Шэлдан (ЗША) разглядалі характар як псіхічную канстытуцыю, якая адпавядае канстытуцыі цялеснай з яе праяўленнямі ў розных выразных рухах. Рас. псіхолаг і ўрач-псіхіятр А.Ф.Лазурскі абгрунтаваў канцэпцыю шматузроўневай арганізацыі псіхікі чалавека і распрацоўваў Х. як вучэнне аб індывід.псіхал. адрозненнях, звязаных з асаблівасцямі дзейнасці нерв. цэнтраў ва ўзаемасувязі са знешнім асяроддзем («Нарыс навукі аб характарах», 1906). З.Фрэйд разглядаў характар як сістэму імкненняў (захапленняў) індывіда, што ляжыць у аснове матываў яго паводзін. К.Г.Юнг даследаваў характары ў сувязі з накіраванасцю інтарэсаў чалавека да знешняга свету (экстраверт) ці да ўнутр. (інтраверт). Э.Фром лічыў. што чалавек застаецца часткай прыроды, але адначасова выходзіць па-за яе межы ў грамадскім жыцці, таму яго характарам уласцівы сац. тыпы. Амер. псіхолаг К.Хорні вывучала характары неўратычных асоб і лічыла, што яны пераважаюць у сучасным грамадстве з-за неспрыяльнасці сац. асяроддзя. Прыхільнікі фактарных тэорый асобы (Р.Кетэл і Г.Ю.Айзенк) разглядалі рысу характару як схільнасць паводзіць сябе пэўным чынам у шырокім аспекце сітуацый, а фактар — як глыбінную базавую рысу, што ляжыць у аснове рыс павярхоўных.
Літ.:
Феофраст. Характеры: Пер. с греч. Л., 1974;
Кант И. О характере как образе мыслей // Собр. соч.М., 1966. Т. 6;
Фромм Э. Анатомия человеческой деструктивности: Пер. с англ.Мн., 1999;
Айзенк М. Факторные теории личности. Пятифакторная модель: Пер. с англ. // Психология: комплексный подход. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
postać
I posta|ć
ж.
1. вобраз, выгляд, аблічча;
w ~ci czego — у выглядзе чаго;
2. фігура, пастава, постаць;
3. персанаж;
4.грам. трыванне;
~ć dokonana — закончанае трыванне;
to zmienia ~ć rzeczy — гэта мяняе сутнасць рэчаў
IIзак.
пастаяць
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
АРХІТЭКТУРА 1960 — пач. 1990-х гадоў.
У архітэктуры найбольшае развіццё атрымала тыпавое праектаванне, якое ажыццяўлялася ў межах пануючага кірунку функцыяналізму. Другім шляхам стаў зварот да нац. спадчыны, дасягненняў сусветнага дойлідства. Замацаванню наватарскіх рыс садзейнічала тэхніка, з дапамогай якой выпрацоўваліся новыя архітэктурна-будаўнічыя прыёмы. Адной з характэрных рыс архітэктуры 1960—70-х г. стаў яе кірунак на комплекснае ансамблевае буд-ва. Мастацкая выразнасць новых арх. кампазіцый забяспечвалася адпаведным размяшчэннем грамадскіх будынкаў, якія акцэнтавалі горадабудаўнічае значэнне пэўнага раёна, стылістычным адзінствам і аб’ёмна-прасторавым вырашэннем ансамбляў, добраўпарадкаваннем галоўных плошчаў, магістралей і іншых гарадскіх вузлоў. Пачаўся адыход ад традыцыйных горадабудаўнічых вырашэнняў, у аснове якіх ляжала супрацьпастаўленне цэнтраў ускраінам. Пры праектаванні і буд-ве архітэктары пачалі звяртацца да нац. традыцый, што ўзбагаціла вобразную выразнасць пабудоў. Нар. традыцыі з найбольшай паўнатой захаваліся ў сельскай архітэктуры. Невялікія памеры сельскіх населеных месцаў, аддаленасць ад гарадоў сталі ўмовай захавання і развіцця нар. асаблівасцей дойлідства. Гэтаму спрыялі культурна-быт. традыцыі і спецыфіка жыццядзейнасці насельніцтва. Блізкасць да прыроды як спецыфічная асаблівасць бел. вёскі паўплывала на вырашэнне аб’ёмна-прасторавых кампазіцый пабудоў, больш арганічнай стала сувязь з наваколлем. Узнімаліся праблемы сувязі арх. і прыродна-ландшафтнага асяроддзя, добраўпарадкавання і азелянення тэрыторый. У выніку асноўным падыходам да арганізацыі горадабудаўнічых комплексаў стала ансамблевае буд-ва, якое ажыццяўлялася разнастайнымі арх. метадамі: гібкасцю і дынамічнасцю кампазіцый, сінтэзам арх. і прыроднага асяроддзя, сувяззю пабудоў з гіст. асяродкам, кантрастам форм і кампазіцый пабудоў, разнастайнасцю тыпаў будынкаў і інш. Адным з фактараў фарміравання арх.-маст. вобраза стаў колер і звязаны з ім маст. сінтэз, а ў якасці сродкаў арганізацыі арх.-маст. кампазіцый — маштаб, прапорцыі і рытм. У шэрагу выпадкаў ролю структурных адзінак, якія фарміруюць арх.-маст.аблічча, узялі на сабе функцыянальныя і канструкцыйныя элементы — балконы, лоджыі, галерэі, эркеры і інш. Усё адзначанае ва ўзаемадзеянні спрыяла станаўленню спецыфічнага маст.аблічча архітэктуры 1960 — пач. 1990-х г. У горадабудаўніцтве 1960—70-х г. асаблівая ўвага звярталася на сістэму развіцця грамадскіх цэнтраў. У вялікіх гарадах фарміравалася поліцэнтрычная лінейна-восевая кампазіцыя з зорчатай структурай, якая складвалася на аснове планіроўкі радыяльна-кальцавой (Мінск, Віцебск, Гомель), ці веернай, што развівалася на базе існуючай асіметрычнай кампазіцыі цэнтра (Брэст, Пінск). У 1980-я г. ў буйных гарадах складвалася разгалінаваная шматвузлавая поліцэнтрычная структура грамадскіх цэнтраў. Напр., у Віцебску цэнтр развіваўся за кошт асваення пешаходных прыбярэжных тэр.р.Зах. Дзвіна, цэнтр Магілёва фарміраваўся ўздоўж другога кампазіцыйнага дыяметра — праспекта Міру. Грамадскі цэнтр з’яўляўся ядром у фарміраванні кампазіцый бел. пасёлкаў і ў канцэнтраваным выглядзе адлюстроўваў арх. спецыфіку населенага месца. Аблічча сельскага грамадскага цэнтра заснавана на творчым развіцці традыцый нар. дойлідства ў спалучэнні з наватарскімі пошукамі. Кампазіцыя грамадскага цэнтра, што звычайна складалася з некалькіх элементаў, размяшчалася на азялененай тэрыторыі ці каля вадаёма, вырашалася шматфасадна і стылістычна працягвалася ў забудове прылеглых тэрыторый грамадскімі і жылымі будынкамі (вёскі Акцябрская Віцебскага, Верцялішкі Гродзенскага, Зашыр’е Ельскага, Новы Двор Шчучынскага р-наў і інш.).
У гіст. раёнах гарадоў фарміраваліся пешаходныя зоны. Упершыню пешаходная зона створана ў г. Ліда, пазней — у Гродне і Брэсце; у Мінску такая зона сфарміравана ўздоўж праспекта Машэрава. Увага пры арганізацыі такіх зон аддавалася пры развіцці агульнагарадскіх цэнтраў у Баранавічах, Барысаве, Бабруйску, Маладзечне, Мазыры, Оршы. Маст. выразнасць дасягалася ў выніку добраўпарадкавання і азелянення тэрыторыі з уключэннем архітэктуры малых форм і дэкар. скульптурных кампазіцый. Планіровачная структура гарадоў узбуйнялася шляхам фарміравання новых раёнаў, працягвалася забудова і мікрараёнамі. Новыя раёны фарміраваліся каля водна-зялёных зон ці буйных гар. магістралей. Кампазіцыйным дыяметрам сталі водна-зялёныя зоны ў асобных раёнах Мінска (Серабранка, Чыжоўка), Гомеля (Валатава), Магілёва, Віцебска, Гродна, Брэста. У межах буйных гарадскіх магістралей ствараліся раёны Усход, Серабранка, Чыжоўка, Захад у Мінску і інш. Забудова новых раёнаў вялася з максімальным выкарыстаннем рэльефу і навакольных лясных масіваў. Іх маст. і дэкар. выразнасць дасягаецца пры дапамозе будынкаў рознага тыпу (прамавугольных і крывалінейных у плане, вышынных вежавага тыпу і інш.), якія кантрастуюць паміж сабой і ўтвараюць рытмічнае чаргаванне, дынамічныя ансамблевыя кампазіцыі. Рознае канструкцыйнае вырашэнне набылі жылыя дамы. Забудова вялася з выкарыстаннем маналітных, буйнапанэльных, цагляных і аб’ёмна-блочных дамоў. У 1980 — пач. 90-х г. гарады развіваліся за кошт асваення прылеглых тэрыторый (Кунцаўшчына, Зялёны Луг 6, 7, Уручча, Ангарская 3, 4, Серабранка ў Мінску, Перасёлка 3, Фарты 2, Румлёва ў Гродне; Поўдзень 5, 6, 7 у Віцебску, мікрараёны №11 і 12 у Гомелі і інш.). На прынцыпах будаўніцтва адбіўся ўлік прыродна-ландшафтнага фактару. Узгорысты рэльеф з перападамі адводзілі пад вышыннае будаўніцтва, тэрыторыі з раўнінным рэльефам забудоўвалі гарызантальна выцягнутымі дамамі. Новыя раёны гар. забудовы нярэдка фарміраваліся ўздоўж буйных магістральных вуліц з улікам трансп. сувязей. Паступова ўзбуйняўся маштаб забудовы. У розных раёнах Мінска ўзводзілі жылыя дамы на 9—20 паверхаў: у жылых раёнах Усход 1 (арх. Г.Сысоеў, І.Жураўлёў, І.Папова), Усход 2 (арх.
Г.Сысоеў, А.Белаконь, Н.Грачова), інтэрнат ΡΤ1 па вул. Першамайскай (арх. А.Беразоўскі, Ю.Грыгор’еў), дамы з магазінамі «Трыкатаж» па вул. Першамайскай (арх. Э.Святлова), «Несцерка» па вул. М.Багдановіча (арх. Л.Маскалевіч, Г.Ласкавая), у мікрараёне Сярова 1 (арх. К.Сакалова, Л.Мартынаў, У.Крывашэеў, А.Сабалеўскі і інш.) і інш. Часам яны ўяўляюць сабой каскады аб’ёмаў розных вышынь: комплекс жылых будынкаў у мікрараёне Усход 3 у Брэсце (арх. В.Арсеньеў, В.Гапіенка, А.Ляшук). Жылыя дамы з убудаванай выставачнай залай па праспекце Леніна ў Гомелі (арх. С.Пеўны), па вул. Першамайскай у Магілёве (арх. Я.Бранцаў, Ю.Іўжанка), 300-кватэрны ў Барысаве (арх. А.Нікіцін, А.Федарэнкаў) і інш. Значнае пашырэнне атрымалі класічная прамавугольная ў плане кампазіцыя, строгасць, сіметрыя ў аб’ёмна-прасторавым вырашэнні (будынкі абкомаў КПБ у Магілёве, Брэсце, Гомелі; гаркома КПБ, Палаца культуры чыгуначнікаў у Мінску, тэатра драмы і камедыі ў Бабруйску, жылыя дамы па вул. Леніна ў Віцебску, па вул. Першамайскай у Магілёве). У асобных выпадках выкарыстоўваецца пірамідальная ці складаная асіметрычная кампазіцыя: корпус №15 БПІ (арх. І.Есьман, В.Анікін), ін-т меліярацыі і воднай гаспадаркі па вул. М.Багдановіча (арх. П.Кракалёў) у Мінску; жылыя дамы па бульвары Касманаўтаў у Брэсце (арх. А.Казюкоў, Г.Будзько, І.Карват, Р.Шылай); комплекс жылых дамоў на набярэжнай р.Зах. Дзвіна ў Наваполацку (арх. Л.Краўчыня).
Буд-ва культурна-асветных устаноў вялося пераважна паводле тыпавых праектаў. Маст. выразнасць будынкаў дасягалася сістэмай аздаблення фасадаў. Пры ўзвядзенні грамадскіх пабудоў часта выкарыстоўваліся класіцыстычныя парталы: Палацы культуры Мінпрамбуда Беларусі (арх. А.Тэн, С.Неўмывакін, С.Кожар), Рэспублікі (кіраўнік праекта М.Пірагоў, арх. В.Данілаў, Л.Зданевіч, А.Шабалін, канструктары Я.Уласаў, А.Яршова) у Мінску. Выкарыстоўваліся таксама скульптурныя кампазіцыі (абл.драм. тэатр у Гродне, арх. Г.Мачульскі), дэкар. нішы (інфармацыйна-вылічальны цэнтр Мінжылкамгаса ў Магілёве, арх. М.Янчык), арнаментальныя дэкар. паясы (сталовая завода «Калібр» у Мінску, арх. А.Крутава), розныя віды аздаблення шкла з рэльефнай і гладкай паверхняй (школа па навучанні замежных спецыялістаў у Мінску, арх. А.Зензін). Аднак у большасці выпадкаў маст.-эстэтычны акцэнт робіцца на аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і канструкцыйныя асаблівасці. Блакіроўка аб’ёмаў розных вышынь, адсутнасць чыста дэкар. элементаў у аздабленні, правільныя геаметрычныя формы сведчаць пра наяўнасць рыс канструктывізму ў грамадзянскім дойлідстве: будынкі канцэртнай залы «Мінск» (арх. Л.Патапаў, Ю.Кустоў, Л.Кустова, А.Чадовіч), рэсп. Дома тэхнічнай творчасці (арх. У.Даніленка, А.Зензін, М.Навумаў) у Мінску, гасцініц «Гродна» ў Гродне (арх. Ю.Патапаў, В.Папоў, У.Еўдакімаў, Ю.Раманаў) і «Маладзечна» ў Маладзечне (арх. У.Крывашэеў) і інш. У гандлёвых, гасцінічных і спартыўных збудаваннях маст. выразнасць дасягалася канструкцыйным вырашэннем: у Мінску — Палац тэніса (арх. С.Баткоўскі, Л.Гельфанд), крыты каток у дзіцячым парку імя М.Горкага (арх. Ю.Грыгор’еў, В.Бабашкін, В.Гразноў), гасцініца «Турыст» (арх. Л.Пагарэлаў), выставачны цэнтр «БелЭкспа» на праспекце Машэрава (арх. Л.Маскалевіч, Г.Ласкавая, Г.Федасенка, В.Капылоў), крыты рынак «Камароўскі» (арх. В.Аладаў, А.Жалдакоў, М.Ткачук, У.Крывашэеў), універсамы «Рыга» (арх. Я.Дзятлаў, А.Жалдакоў), «Талін» (арх. А.Жалдакоў, Р.Яўменаў, Ф.Пархімовіч), комплекс аўтавакзала «Усходні» (арх. Л.Пагарэлаў, Л.Кустова, В.Ягадніцкі); комплекс міжнар. маладзёжнага цэнтра «Юнацтва» на Заслаўскім вадасх. (арх. Ю.Шпіт, Э.Вішнеўская), аэравакзалы ў Гродне (арх. У.Еўдакімаў, Л.Маскалевіч, М.Куняўскі, В.Васілюк, В.Чубіч) і Брэсце (арх. В.Арсеньеў, А.Ляшук, В.Кескевіч, Р.Шылай, В.Гапіенка). У жыллёвым будаўніцтве індывідуальнае вырашэнне набылі асобныя арх. элементы — балконы, лоджыі, парапеты, а таксама аздабленне панэлей (комплекс Дома быту і ін-та «Белбыттэхпраект» у Мінску, жылыя дамы па вул. Мічурына ў Брэсце, Першамайскай у Магілёве і інш.). Архітэктурная выразнасць дасягалася за кошт уключэння твораў манум.-выяўл. і дэкар. характару (мазаічныя кампазіцыі ў тарцовых частках вышынных будынкаў у жылым раёне Усход 1 у Мінску, дэкар. кампазіцыі манум. жывапісу жылых дамоў на набярэжнай р.Зах. Дзвіна ў Наваполацку). У аздабленні выкарыстоўваліся таксама вітражы (тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску). У жыллёвым буд-ве пашырэнне набыў колер у афармленні тарцоў, элементаў балконаў, лоджый (інтэрнат РТІ па вул. Я.Коласа, жылыя дамы ў мікрараёне Сярова 1 у Мінску, на бульвары Касманаўтаў у Брэсце). На працэс форма- і стылеўтварэння паўплываў гіст. фактар. Пераасэнсаванне гіст. і нар. традыцый выявілася ў забудове новых гар. раёнаў. Сучасную інтэрпрэтацыю атрымалі формы і прынцыпы функцыяналізму і канструктывізму. У пач. 1990-х г. архітэктура знаходзілася пад уплывам постмадэрнізму; пашыраны пірамідальная ці асіметрычная планіроўка аб’ёмаў, выкарыстанне ў канструкцыях пабудоў грамадскага і жыллёвага прызначэння вежавых форм, адсутнасць чыста дэкар. аздаблення фасадаў. Нацыянальныя рысы ўвасобіліся пераважна ў сельскай архітэктуры. Аблічча сельскіх пабудоў у многім вызначылі традыцыйныя мясц. матэрыялы (дрэва, прыродны камень, цэгла): комплекс прадпрыемства быт. абслугоўвання ў в. Блонь Пухавіцкага, аднакватэрныя жылыя дамы ў пас. Жамчужны Баранавіцкага, в. Сухары Магілёўскага р-наў. Разнастайнасць тыпаў і канструкцый пабудоў дазволіла стварыць індывідуальны маст. вобраз архітэктуры пасёлкаў. Падтрыманню адзінай стылістычнай лініі пры захаванні нац. каларыту спрыяла дэкар. аздабленне фасадаў з выкарыстаннем традыцыйнага арнаменту (жылыя дамы па вул. Юбілейнай у в. Верцялішкі Гродзенскага, блакіраваныя з кватэрамі ў двух узроўнях у в. Сноў Нясвіжскага, сядзібны мансарднага тыпу ў в. Нявелічы Дзяржынскага р-наў і інш.). Перавага нар. і нац. традыцый над наватарскімі пошукамі стала характэрнай асаблівасцю сельскага буд-ва.
Выгляд Мінска ў раёне праспекта Машэрава.Корпус № 15 Беларускага політэхнічнага інстытута. 1976—83.Кастрычніцкая плошча ў Мінску. Фота 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),
абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.Б.Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.І.Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙1012т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙1018т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;
Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ШЧА,
архітэктурна арганізаваная прастора, уключаная ў вулічную сетку населенага пункта і абмежаваная будынкамі, скверамі, паркамі або натуральным рэльефам (бераг ракі, яр, гара). Бываюць П. адм.-грамадскія, тэатр., прывакзальныя, мемарыяльныя (ствараюцца ў гонар вял.гіст. падзей, дзярж. дзеячаў, вучоных, майстроў мастацтва), П. гандл., трансп. і інш.Гал. П. або сістэма П. уваходзяць у склад ядра цэнтра горада, звычайна маюць вял. памеры, значныя прылеглыя пабудовы (адм.-грамадскія будынкі); служаць месцам масавых мерапрыемстваў. П., у кампазіцыю якіх уключаюцца творы архітэктуры, манум. скульптуры і жывапісу, часам утвараюць асн.арх. ансамблі, якія і вызначаюць аблічча населеных месцаў. П. рознага прызначэння могуць мець азеляненне па перыметры, у цэнтр.ч. (партэр) або мяшанае. Партэрная частка П. бывае звычайна ў выглядзе газона ці спалучаецца з дрэва-кустовымі насаджэннямі, кронам якіх надаюць геам. форму, або з курцінамі зялёных масіваў, што абрамляюць П.
Правобразам гар. П. былі парадныя прамавугольныя ў плане двары палацавых і храмавых комплексаў Крыта, Егіпта, Вавілоніі, Асірыі. У Стараж. Грэцыі прамавугольныя ў плане П. — агоры, Рыме — форумы. У сярэдневяковых гарадах П. мела нерэгулярны план, у перыяд барока і класіцызму — чатырохвугольныя, круглыя, складаных абрысаў, шматвугольныя і інш. формы, часта сіметрычныя (П. св. Пятра ў Рыме, Трафальгарская ў Лондане, дэ Голя ў Парыжы). У рас. гарадах ствараліся крамлёўскія, гар., саборныя, гандлёвыя плошчы. Выдатныя ўзоры П. у Расіі створаны архітэктарамі класіцызму 18—19 ст. (Тэатральная ў Маскве, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу і інш.).
На Беларусі П. вядомы са старажытнасці. З развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю, гал. ролю ў структуры гарадоў адыгрывалі гандл. П., вядомы яны і ў мястэчках. У 18 ст. ў гарадах на гал. П. узводзілі адм., гандл. і культавыя будынкі, стваралася ансамблевая забудова (Варнянскі архітэктурны ансамбль, Гарадніца, Пастаўскі архітэктурны ансамбль, Полацкая Парадная плошча). У канцы 18 — пач. 19 ст. многія гарады (Барысаў, Бабруйск, Віцебск, Мінск і інш.) былі распланаваны паводле рэгулярнай схемы, кампазіцыйныя восі іх складалі гал. вуліцы, на перасячэнні якіх ствараліся цэнтр. П. З 2-й пал. 20 ст. П. выконваюць ролю грамадскіх цэнтраў, маюць значныя памеры, вылучаюцца ансамблевасцю забудовы (Перамогі плошча, Якуба Коласа, Кастрычніцкая, Прывакзальная ў Мінску, Перамогі плошча ў Віцебску, пл. Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці-героі, Тэатральная ў Магілёве, Будаўнікоў у Наваполацку).
Літ.:
Заславский Е.Л. Проблема формирования архитектурных ансамблей главных городских площадей // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. №4;
Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
Плошча святога Пятра ў Рыме.Плошча Кастрычніцкая ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ФРАНЦЫ́СКА (San Francisco),
горад на З ЗША, на ўзбярэжжы Ціхага ак., у штаце Каліфорнія. Знаходзіцца на ўзгорыстым п-ве, масты цераз зал. Сан-Францыска і праліў Залатыя Вароты злучаюць яго з прыгарадамі. 745,8 тыс.ж., з прыгарадамі і суседнімі гарадамі (Окленд, Берклі, Аламеда, Дэйлі-Сіці, Саўт-Сан-Францыска і інш.) больш за 6,5 млн.ж. (2000). Буйнейшы порт ЗША на Ціхім ак., вузел транскантынент. чыгунак і аўтадарог. 3 аэрапорты, у т. л. міжнародны. Прам-сць: металаапр., суднабуд., швейная, харч., паліграфічная; у прыгарадах — ракетна-касм., радыёэлектронная, нафтаперапр., хім., металургічная. Праўленні буйнейшых банкаў і кампаній ЗША. Метрапалітэн. 16 ун-таў і каледжаў. Кансерваторыя. Ваенна-марская база.
У 1776 на месцы сучаснага С.-Ф. ісп. францысканцы засн. ўмацаванае паселішча Ерба-Буэна. З 1822 у складзе незалежнай Мексікі. У 1846 заняты амер. войскамі, перайменаваны ў С.-Ф. (1847). Адкрыццё ў 1848 радовішчаў золата ў Каліфорніі, развіццё ціхаакіянскага гандлю садзейнічала хуткаму развіццю горада (у 1848—500 чал., у 1850—25 тыс.чал., у 1880—234 тыс.чал.). У 1906 горад моцна пацярпеў ад землетрасення і пажару, да 1915 адбудаваны. Месца правядзення Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 і падпісання Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.
У 19 ст. С.-Ф. атрымаў прамавугольную планіроўку. Пасля землетрасення 1906 горад амаль цалкам перабудаваны. Узгорысты рэльеф і разнастайнасць арх. стыляў надаюць яму своеасаблівае, маляўнічае аблічча. Захаваліся ісп.калан. пабудовы, у т. л. касцёл кляштара «Місія Далорэс» (1782—91). Малапавярховая забудова, скучаныя нац. кварталы («Кіт. горад», «Лац. квартал») спалучаюцца з вышыннымі будынкамі цэнтра. Найб. значныя пабудовы: паромны вакзал (1896), грамадскі цэнтр (1910—20), Палац прыгожых мастацтваў (1915, арх. Б.Мейбек), шпіталь Майманіда (1946, арх. Э.Мендэльзон), магазін В.Морыса (1948, арх. Ф.Л.Райт), дом страхавой кампаніі Дж.Хэнкака (1959, арх. фірма «СОМ»), небаскробы «Банк Амерыкі», «Трансамерыка карпарэйшэн», «Міжнар. будынак», гасцініца «Холідэй-ін», жылы комплекс Голдэн-Гейтуэй (усе 1950—70-я г.). Магутныя інж. збудаванні, што звязваюць ч.гар. агламерацыі — вісячыя масты: 2-секцыйны Окленд цераз заліў Сан-Францыска (1936, даўж. каля 13 км), цераз праліў Залатыя вароты (1937, даўж. сярэдняга пралёту 1280 м). Музеі: мастацтва, Цэнтр мастацтва і культуры Азіі, Каліфарнійскі палац Ганаровага легіёна (Музей прыгожых мастацтваў) і інш. Т-ры: Опера, «Спрынг-опера» і інш.
Дзелавая частка г.Сан-Францыска.Панарама г.Сан-Францыска.Мост праз праліў Залатыя вароты ў г.Сан-Францыска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕУ́Л,
горад, сталіца Рэспублікі Карэя (Паўд. Карэя). Вылучаны ў самастойную адм. адзінку, прыраўнаваную да правінцыі. Адзін з найбуйн. гарадоў свету. 9888 тыс.ж., з прыгарадамі і суседнімі гарадамі 19,85 млн.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Ханган, за 90 км ад зал. Канхваман Жоўтага м. (аванпорт С. — г.Інчхон). 2 міжнар. аэрапорты. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Разам з Інчхонам дае каля 50% прамысл. вытв-сці Паўд. Карэі. У С. знаходзяцца асн. фінансавыя і прамысл. аб’яднанні, страхавыя і гандл. кампаніі, банкі, філіялы замежных банкаў і фірм. Прам-сць: металургічная, аўтамабілебудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная, хім., тэкст. (пераважна баваўняная), харч., буд. матэрыялаў, гумавая, гарбарная, паліграф., папяровая, керамічная. Буйныя ЦЭС. Метрапалітэн (больш за 1 млрд. пасажыраў штогод). 18 ун-таў. Нац.АН.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснага С. вядомы з часоў 3 царстваў — Кагуро, Пэкчэ, Сіла (1—7 ст.). У 554 заваяваны Сілай і названы Хансон (ужываецца і цяпер як другая назва С.). З 1068 адзін з каралеўскіх гарадоў-рэзідэнцый. Пры дынастыі Лі [1392—1910] стаў сталіцай Карэі (1393), пераназваны С. (з карэйскай — сталіца) і пачаў хутка развівацца. У час Імдзінскай вайны 1592—98 акупіраваны (1592—93) яп. войскамі. Пасля анексіі Карэі Японіяй С. — рэзідэнцыя яп. ген.-губернатара (1910—45; наз. Кёнджо), адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху. Тут пачалося антыяп. Сакавіцкае паўстанне 1919. З 1948 сталіца Рэспублікі Карэя. Моцна разбураны ў час карэйскай вайны 1950—53, адбудаваны. У 1988 месца правядзення XXIV Алімп. гульняў.
Аблічча С. вызначаецца спалучэннем традыц. забудовы з сучаснымі вышыннымі будынкамі і арх. комплексамі. Цэнтр мае рэгулярную планіроўку, забудаваны шматпавярховымі дамамі, у паўд. і ўсх. частках пераважаюць кварталы з вузкімі крывымі вуліцамі. У С. існаваў вял. ансамбль палаца Кёнбакун са шматлікімі параднымі і жылымі будынкамі, адасобленымі дварамі і паркамі (1395, зруйнаваны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны; захаваўся фрагментарна). Помнікі архітэктуры: пагады 3-ярусная Ханмётхап храма Папчонса (1085) і храма Вангакса (1464), крапасная сцяна Ханьянсон (1392—1446, захавалася часткова) з варотамі Намдэмун (1395) і Тандэмун (1396), палацы Чхандок (1404, зруйнаваны ў 1592, адноўлены ў 17 ст.), Чангён (15—17 ст.), Даксу (16 ст.), у ансамблі якога палац Сакджаджон (1901—11; цяпер будынак Нац. музея) і інш. Сярод сучасных збудаванняў спарт. комплекс, пабудаваны да XXIV Алімп. гульняў. У С. шмат паркаў, садоў, у т. л.заал. і бат., 15 мастоў. Музеі: выяўл. мастацтваў, кар. мастацтва, фальклору, тэхнікі фірмы «Самсунг», скансэн. Тэатры: оперы, народны, Усходу; сімф. аркестры.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Сеул. Палацава-паркавы ансамбль Кёнбакун. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЎЛА́Й Валянцін Паўлавіч (8.2.1914, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 27.4.1947),
бел. паэт, дзеяч рэв.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Маленства правёў на радзіме бацькоў, у в. Рудаўка Слонімскага р-на. Вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі (у 1925 выключаны за нежаданне адмовіцца ад бел. нацыянальнасці), у 1927—29 у Віленскай бел. гімназіі (выключаны як адзін з арганізатараў вучнёўскай забастоўкі). За падпольную камсамольскую дзейнасць арыштаваны і зняволены ў слонімскую турму, потым у гродзенскі астрог (1929—30). У 1930—32 працаваў у газ. «Звязда» і вучыўся ў БДУ. У снеж. 1932 адкліканы на падп. працу ў Зах. Беларусь — чл.цэнтр. рэдакцыі КПЗБ у Варшаве, адзін з фактычных рэдактараў «Беларускай газеты» і яе дадатку час. «Літаратурная старонка» — легальных неафіц. органаў КПЗБ у Вільні. Прадстаўнік ЦККПЗБ у Цэнтры нац.-вызв. руху Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў Літ. фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў. Пры спробе перайсці граніцу ў Сав. Беларусь у 1934 арыштаваны, засуджаны на 8 гадоў зняволення ў гродзенскі астрог. Пасля вызвалення Зах. Беларусі працаваў у лідскай раённай газ. «Уперад» (1939—41). У Вял.Айч. вайну сувязны партыз. атрада імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкай вобл., разведчык спецгрупы «Буравеснік» (1942—44). У 1944—45 адказны сакратар навагрудскай раённай газ. «Звязда», у 1945—47 ст.навук. супрацоўнік і нам. дырэктара Літ. музея Я.Купалы. Друкаваўся з 1928. Меў псеўданімы Бунтарны, Янка Дванаццаты, Паўлюк Сірата, В.Тарскі і інш. Як паэт-рэвалюцыянер фарміраваўся ў камуніст. падполлі (паэма «Непераможная», выд. на шапірографе, 1928). У першым пасмяротным зб. «Выбранае» (1947) палымяныя паэтычныя цыклы астрожных вершаў («Лукішскія вершы», «Таварышу маёй вясны», «Бацьку») і паэм («Таварыш», «Песня пра сухар»). Раскрыў мужнае аблічча рэвалюцыянера 1930-х г., характэрныя рысы якога — глыбокае лірычнае перажыванне і ўнутр. гатоўнасць высокага ахвяравання, асэнсаванне сутнасці пройдзеных змагарных шляхоў і барацьбы як усечалавечай праблемы разняволення свету, абнаўлення жыцця. Над паглыбленнем зместу вершаў і паэм працаваў усё творчае жыццё, даводзячы іх да гранічнай маст. дасканаласці. Эстэт. набытак Т. ўзнімаецца на ўзровень рэв. паэзіі свету. Аўтар публіцыст. нарысаў пра рэв.-вызв. і антыфаш. барацьбу, літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Я.Купалы, П.Пестрака, Я.Брыля. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Міцкевіча, І.Крылова.
Тв.:
Вершы і паэмы. Мн., 1955;
Выбр. творы. Мн., 1958;
Творы. Мн., 1961;
[Выбр. вершы і паэмы]. Мн., 1967;
Пілую вершам краты. Мн., 1984.
Літ.:
Арочка М. Валянцін Таўлай. Мн., 1969;
Калеснік У. Аповесць пра Таўлая // Полымя. 1964. № 10;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
чацвёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Рмн. ‑рак; ж.
1. Лічба 4. Напісаць чацвёрку.//Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 4), якія нумаруюцца лічбай 4.
2.Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем «добра». Тарас Яцэвіч скончыў у тым годзе сярэднюю школу. Праўда, не зусім удала: з тройкамі і чацвёркамі.Якімовіч.Клава думала цяпер і пра тыя тры балы, якіх яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта «тройка» па пісьму і «чацвёрка» па хіміі.Кавалёў.
3. Ігральная карта, дошчачка даміно з чатырма ачкамі. Чацвёрка пік.
4. Запрэжка ў чатыры кані. Вёз [гаспадар] на .. [кабыле] дровы з лесу, ажно тыц! — едзе пан на чацвёрцы.Бядуля.
5. Колькасць каго‑, чаго‑н. у чатыры адзінкі; чатыры аднародныя прадметы. Чацвёрка самалётаў. □ Потым аблічча яго праяснялася, Аляксандр развясельваўся, падыходзіў да Уладзіка, ці да Сымона, або да Андрэя — гэта была самая знітаваная чацвёрка ў камеры.Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АЎТАПАРТРЭ́Т (ад аўта... + партрэт),
выява (вобраз) мастака, выкананая ім самім; разнавіднасць партрэта. Выконваецца звычайна з дапамогай люстэрка, фотаздымка, па ўяўленні. Адлюстроўвае не толькі вонкавае падабенства, але і раскрывае ўнутраны свет мастака, яго схільнасці, погляды.
Вядомы з антычнасці (Фідый) і сярэднявечча. Пашыраны ў творчасці мастакоў Адраджэння (Рафаэль, А.Дзюрэр). Аўтапартрэт маньерызму (16 ст.) характарызуецца ўскладненасцю вобразнай структуры. Аўтапартрэт 17 ст. мае спавядальны характар, у ім раскрываецца сац.аблічча мастака (Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант). У аўтапартрэце 18 ст. падкрэсліваліся і рысы прыватнага жыцця мастака (Ж.Б.Шардэн, Дж.Рэйналдс). Істотнае месца займаў аўтапартрэт у мастацтве рамантызму, прадстаўнікі якога сцвярджалі каштоўнасць творчай асобы і яе багатага духоўнага жыцця. На мяжы 19—20 ст. жанр аўтапартрэта часта выбіраецца для адлюстравання ўласнага светаўспрымання і жывапіснай канцэпцыі мастака (П.Сезан, В. ван Гог, М.Урубель). У 20 ст. вобразна-кампазіцыйны кірунак аўтапартрэта значна ўскладніўся.
У бел.выяўл. мастацтве першыя спробы аўтапартрэта, верагодна, звязаны з Ф.Скарынам і яго малюнкамі для гравюр у шэрагу выданняў. Жывапісныя аўтапартрэты з’явіліся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. выдатныя аўтапартрэты стварылі К.Альхімовіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Я.Кругер, Ю.Пешка, А.Ромер, К. і Б.Русецкія, Н.Сілівановіч, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі; на пач. 20 ст. — Ю.Пэн, Ф.Рушчыц, М.Шагал. Аўтапартрэты 1920—30-х г. адметныя імкненнем спасцігнуць самога сябе (П.Гаўрыленка, П.Сергіевіч, М.Тарасікаў). У 1940—60-я г. ствараліся традыцыйныя аўтапартрэты, у якіх асн. ўвага аддавалася вонкаваму абліччу (І.Ахрэмчык, В.Грамыка, Н.Воранаў, Р.Кудрэвіч, Л.Лейтман, М.Манасзон, Ф.Мадораў, П.Раманоўскі, М.Тарасікаў, У.Кухараў). У 1970-я г. да аўтапартрэта звярталіся Г.Вашчанка, В.Варламаў, Н.Варвановіч, В.Грамыка, Л.Дударанка, Г.Лойка і інш. У 1980-я г. ў жанры аўтапартрэта з’яўляюцца творы са складаным прадметна-прасторавым асяроддзем, інтэлектуальныя, «маскарадныя», калі мастак выступае ў пэўным амплуа (Ф.Янушкевіч, Г.Ціхановіч). Часам тэматычнай асновай аўтапартрэтаў становяцца ўспаміны мастака, роздум над жыццём, уласныя думкі і ідэі (М.Савіцкі «Вязень № 32815», Г.Вашчанка «Роздум», В.Сумараў «Мой свет», М.Селяшчук «Датычнасць») або аўтапартрэт уводзіцца ў сюжэтныя кампазіцыі, тэматычныя ці групавыя партрэты (Л.Шчамялёў «Нядзеля», Э.Белагураў «Сямейны партрэт», І.Бархаткоў «Бацька і сын»). Сучасны перыяд развіцця аўтапартрэта адметны імкненнем да шматмернасці вобраза, узмацнення псіхал. асновы, філас. падтэксту.
Літ.:
Зингер Л.С. Автопортрет в системе жанров // Зингер Л.С. Очерки теории и истории портрета. М., 1986;
Яго ж. Автопортрет в советской живописи. М., 1986.
М.І.Цыбульскі.
Да арт.Аўтапартрэт. А.Дзюрэр. 1500.Да арт.Аўтапартрэт. Г.Серабракова. За туалетам. 1909.Да арт.Аўтапартрэт. В.Ваньковіч. 1880-я г.Да арт.Аўтапартрэт. Л Дударанка. 1982.