КАСАКО́ЎСКІ Юзаф (16.3.1738, в. Шылы Ковенскага пав., Літва — 9.5.1794),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Брат Ш.М.Касакоўскага. Біскуп інфлянцкі з 1781. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 узначальваў Канстытуцыйную дэпутацыю, выступаў за абмежаванне рэформ і супраць Канстытуцыі 3 мая 1791. Разам з братам быў фактычным кіраўніком Таргавіцкай канфедэрацыі. Адзін з аўтараў Акта Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1792. Карыстаўся падтрымкай рас. паслоў у Рэчы Паспалітай. Аўтар аповесцей, камедый, мемуараў. У час паўстання 1794 павешаны паўстаўшымі ў Варшаве.
т. 8, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КАРАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту (каля 15—10-га тыс. да н.э.) у верхнім цячэнні р. Енісей, на Пд Краснаярскага краю. Назва ад стаянкі Кокарава. Асн. занятак насельніцтва — паляванне на паўн. і высакароднага аленяў, зайца-беляка, зубра, горнага барана, пясца і інш. З крамянёвых пласцін яно вырабляла нажы, скрэблы, востраканечнікі; з косці і рогу — нажы, наканечнікі коп’яў і дроцікаў, матыкі, шылы, іголкі, пацеркі і інш.
А.В.Іоў.
т. 8, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЦАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 7—8 ст. у бас. р. Дзясна і Сейм. Назва ад в. Валынцава Сумскай вобл. (Украіна). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на гарадзішчах і селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай і слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка, пахаванні бескурганныя, урнавыя. Кераміка ў асноўным ляпная, ганчарнай менш за 10%. Сярод знаходак жал. нажы, шылы, касцяныя праколкі, жал. і бронзавыя спражкі, зброя і інш. Большасць даследчыкаў лічыць валынцаўскую культуру славянскай са значным іншакультурным уплывам, што сведчыць пра этн. неаднароднасць яе насельніцтва.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАКО́ЎСКІ Шыман Марцін (1741, в. Шылы Ковенскага пав., Літва — 25.4.1794),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Брат Ю.Касакоўскага. У 1767 як сакратар дэлегацыі ад Радамскай канфедэрацыі выязджаў у Маскву для пошуку падтрымкі ў барацьбе супраць рэформ у Рэчы Паспалітай. Адзін з кіраўнікоў Барскай канфедэрацыі. Пасля разгрому яе змяніў паліт. арыентацыю на карысць Расіі. Ў 1792 пасля абвяшчэння Таргавіцкай канфедэрацыі прымаў удзел у ваенных дзеяннях Расіі супраць Рэчы Паспалітай. Пасля захопу Вільні прызначыў сябе польным гетманам ВКЛ. Адстойваў аўтаномію ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 прылюдна павешаны паўстаўшымі ў Вільні.
т. 8, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЧЭ́ЛІЧЫ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры (канец 1 ст. да н.э. — мяжа 4—5 ст. н.э.) каля в. Кашчэлічы Валожынскага р-на Мінскай вобл. Было забудавана шматкамернымі «доўгімі» дамамі слупавой канструкцыі. Выяўлены рэшткі гасп. пабудоў — кузня з каменным кавадлам і жалезаробчая печ. Знойдзены бронз. падвескі, бранзалеты, спіралі, фібула, скроневае кольца, жал. посахападобныя шпількі, наканечнік кап’я, сякеры, гліняныя пацеркі, грузікі, касцяныя коп’і, шылы, каменныя сякеры, зерняцёркі і інш. Асн. тып ляпнога посуду — гаршкі рабрыстай формы; пераважае кераміка са штрыхаванай паверхняй, сустракаецца таксама гладкасценная, шурпатая і глянцаваная.
т. 8, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬТА́,
верхнепалеалітычная стаянка на р. Белай каля с. Мальта (за 85 км на З ад г. Іркуцк, Расія). Адкрыў і даследаваў у 1928—59 М.М.Герасімаў. Выяўлены рэшткі жытлаў рознага тыпу (чумы, паўзямлянкі, наземныя), якія існавалі адначасова. Насельніцтва М. займалася паляваннем на паўн. аленя, маманта, шарсцістага насарога. Знойдзены прылады працы з каменю (нажы, праколкі, разцы, скрабкі), вырабы з косці (наканечнікі восцяў, дроцікаў, кінжалы, нажы, шылы, іголкі, розныя ўпрыгожанні — спражкі, падвескі, дыядэмы, бранзалеты, скульптурныя фігуркі жанчын, качак, гусей, лебедзяў, насарога, гравіраваныя выявы маманта і змей). Выяўлена пахаванне дзіцяці ў яме, выкладзенай пліткамі, з багатым пахавальным інвентаром.
т. 10, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЗКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура пач. бронзавага веку (мяжа 3—2-га тыс. да н.э. — 1200 г. да н.э.) на тэр. Прыбайкалля, Прыангар’я, у вярхоўях Лены і нізоўях Селенгі. Назва ад пахаванняў у б. Глазкоўскім прадмесці г. Іркуцка. Вядома па невял. могільніках (ад 1 да 8 пахаванняў). Пахавальны абрад — у неглыбокіх ямах на спіне ў выцягнутым становішчы, радзей з сагнутымі нагамі; на апошнім этапе ў скурчаным становішчы. Асаблівасць пахаванняў — арыентацыя ўздоўж ракі, часцей галавой уверх па цячэнні. Асн. занятак — рыбалоўства. Насельніцтва карысталася каменнымі і касцянымі прыладамі і зброяй. З’явіліся першыя метал. вырабы: нажы, рыбалоўныя кручкі, іголкі, шылы і інш.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЮ́НКІ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і часоў Кіеўскай Русі каля в. Рацюнкі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Пляцоўка круглая, дыям. 45 м. Выяўлены рэшткі драўлянай сцяны, якой было ўмацавана паселішча, і рэшткі вял. жытлаў слупавой канструкцыі. Знойдзены клінападобныя сякеры, тачыльныя брускі (асялкі) з каменю, вырабы з косці (долатцы, шпількі, праколкі, утульчатыя наканечнікі кап’я, грузік, абломак са стылізаванымі выявамі чалавека на адным баку і конніка на другім), фрагменты штрыхаваных пасудзін, формай падобных на посуд мілаградскай культуры; фрагменты керамікі з круглаватым пляскатым дном, рабрыстыя і слоікападобныя пасудзіны; гліняныя прасліцы; вырабы з жалеза (нажы, сярпы, шылы, іголкі, рыбалоўныя кручкі і інш.); бронзавае спіралепадобнае скроневае кольца, шыферныя прасліцы і інш.
Л.У.Дучыц.
т. 13, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЙМАНАВА,
комплекс археал. помнікаў каля в. Тайманава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. Адкрыў і даследаваў у 1967—83 Л.Д.Побаль. На стаянцы позняга мезаліту (6-е тыс. да н.э.) знойдзены наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, праколкі, рэтушаваныя пласціны і адшчэпы постсвідэрскай культуры. На лакалізаваным на гэтай тэрыторыі селішчы позняга этапу зарубінецкай культуры і банцараўскай культуры (2—8 ст. н.э.) выяўлены рэшткі 51 паўзямлянкавага жытла, ямы ад наземных і паглыбленых у мацярык жытлаў і ад розных гасп. і вытв. пабудоў. Знойдзены жал. наральнік, сярпы. нажы, шылы, зерняцёркі, верхні камень ад жорнаў, гліняныя тыглі, бронзавыя вырабы, рымскія бронзавыя і жал. фібулы, рымскія пацеркі. Керамічныя знаходкі прадстаўлены прасліцамі, грузікамі, грубаляпнымі пасудзінамі з расчосамі, ганчарнай керамікай 10—13 ст. У комплекс уваходзяць таксама яшчэ 2 селішчы, бескурганны і курганны могільнікі.
Л.Д.Побаль.
т. 15, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́ДЗІНАВА,
верхнепалеалітычная стаянка першабытнага чалавека на беразе р. Судасць у в. Юдзінава Пагарскага р-на Бранскай вобл. (Расія). Адкрыта ў 1934 бел. археолагам К.М.Палікарповічам. Яе даследавалі Палікарповіч, У.П.Левянок, Л.А.Міхайлоўскі, Ф.М.Завярняеў (1947), У.Дз.Будзько (1961—62, 1967) і інш. Пры раскопках у культ. пласце знойдзены рэшткі фауны (маманта, мядзведзя, пясца, паўн. і высакароднага аленяў і інш.), расшчэпленыя крэмені. касцяны вугаль. Выяўлены рэшткі пабудоў авальнай формы паўзямлянкавага тыпу, асновы якіх зроблены з касцей маманта, гасп. ямы, майстэрні для вырабу прылад працы, знойдзены крамянёвыя разцы, скрабкі, вастрыі, пласціны з прытупленым краем, касцяныя кавалкі, шылы, упрыгожанні, арнаментаваныя косці. На думку Палікарповіча, стаянка Ю. належыць да ніжнемадленскага часу, на думку Будзько — дамадленскага часу.
Літ.:
Поликарпович К.М. Палеолит Верхнего Поднедровья. Мн., 1968.
А.Г.Калечыц.
т. 18, кн. 1, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)