КАСАКО́ЎСКІ (Шыман Марцін) (1741, в. Шылы Ковенскага пав., Літва — 25.4.1794),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Брат Ю.Касакоўскага. У 1767 як сакратар дэлегацыі ад Радамскай канфедэрацыі выязджаў у Маскву для пошуку падтрымкі ў барацьбе супраць рэформ у Рэчы Паспалітай. Адзін з кіраўнікоў Барскай канфедэрацыі. Пасля разгрому яе змяніў паліт. арыентацыю на карысць Расіі. Ў 1792 пасля абвяшчэння Таргавіцкай канфедэрацыі прымаў удзел у ваенных дзеяннях Расіі супраць Рэчы Паспалітай. Пасля захопу Вільні прызначыў сябе польным гетманам ВКЛ. Адстойваў аўтаномію ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 прылюдна павешаны паўстаўшымі ў Вільні.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)