РА́ЖАНАВА (Лідзія Міхайлаўна) (н. 4.3.1924, Масква),

бел. артыстка балета Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыла клас удасканалення Маскоўскага харэагр. вучылішча (1947). У 1947—68 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1968 узначальвала музей, з 1975 — архіў Творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Выканальніцкі стыль Р. вызначаўся пранікнёным лірызмам, чысцінёй і высакароднасцю пластычнай формы. Найб. поўна гэтыя якасці выявіліся пры стварэнні вобразаў Марынкі («Палымяныя сэрцы» В.​Залатарова—А.​Ермалаева), Надзейкі («Князь-возера» В.​Залатарова—К.​Мулера), Жызэлі («Жызэль» А.​Адана), Нікіі («Баядэрка» Л.​Мінкуса), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева). Сярод інш. партый: Адэта — Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Мінкуса), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана).

Літ.:

Чурко Ю. Лідзія Ражанава // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Громава Н. Цярністы шлях творчасці // Мастацтва Беларусі. 1984. № 3.

Ю.​М.​Чурко.

Л.М.Ражанава.
Л.Ражанава ў ролі Надзейкі.

т. 13, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНЯ́КА (Людміла Іванаўна) (н. 16.1.1952, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета. Нар. арг. СССР (1986). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1970). З 1970 у Ленінградскім т-ры оперы і балета імя Кірава, з 1972 у Вял. т-ры ў Маскве. У 1991—92 у трупе «Нац. балет Вялікабрытаніі». Танцоўшчыца лірыка-драм. плана. Яе выкананне вылучаецца абвостранай эмацыянальнасцю, артыстызмам, чысцінёй выканаўчага стылю, віртуознай тэхнікай. Першая выканаўца партый Раксаны («Сірано дэ Бержэрак» М.​Канстана), Соні Мармеладавай («Злачынства і кара» У.​Пярта). Партыі класічнага і сучаснага рэпертуару: Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Валянціна («Ангара» А.​Эшпая). Знялася ў тэлефільмах «Харэаграфічныя навэлы» (1973), «Свет Уланавай» (1981). Яе творчасці прысвечаны тэлефільм-канцэрт «Танцуе Людміла Семяняка» (1979). Прэмія Г.​Паўлавай (Парыж), 1-я прэмія Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Токіо; абедзве 1976). Дзярж. прэмія СССР 1977.

Л.Семяняка ў ролі Валянціны.

т. 14, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЫШАВА (Клара Мікалаеўна) (н. 31.12.1935, г.п. Памяць Парыжскай Камуны Борскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Расіі (1964). Нар. арт. Беларусі (1971). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1955). Працавала ў т-рах оперы і балета ў Горкім і Чэлябінску. З 1965 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1977 педагог Дзярж. харэаграфічнага каледжа Беларусі (да 1992 і маст. кіраўнік). Балерына шырокага творчага дыяпазону, у рэпертуары партыі ад чыста класічных да гратэскавых. Валодае высокай тэхнікай, экспрэсіўнай, энергічнай манерай танца. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Джулія, Няўзіра («Альпійская балада», «Выбранніца» Я.​Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.​Вагнера), Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Эгіна і Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Аўрора («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага). У інш. т-рах выканала партыі Ніны («Маскарад» Л.​Лапуціна), Кацярыны («Каменная кветка» Пракоф’ева) і інш.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983. С. 69—70, 81.

Ю.​М.​Чурко.

К.М.Малышава.
К.Малышава ў ролі Дзяўчыны.

т. 10, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАВА (Надзея Васілеўна) (н. 15.5.1956, г. Чэбаксары, Чувашыя),

расійская артыстка балета. Нар. арт. Чувашыі (1980). Нар. арт. СССР (1984). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1974, педагог Л.​Сахарава), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1983). З 1972 салістка Пермскага т-ра оперы і балета, у 1975—95 у Вял. т-ры ў Маскве. Балерына лірыка-драм. плана. Яе мастацтва вызначаюць адухоўленасць і грацыёзнасць пластыкі, бездакорная танц. тэхніка. Сярод партый: Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Аўрора, Адэта—Адылія, Маша («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Прынцэса («Драўляны прынц» Б.​Бартака), Джульета, Кацярына («Рамэо і Джульета», «Каменная кветка» С.​Пракоф’ева), Шырын («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Валянціна («Ангара» А.​Эшпая). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу маладых балетмайстраў і артыстаў балета (1972), Гран-пры Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1973; абодва Масква). Здымалася ў кіно і на тэлебачанні.

Літ.:

Данилова Г. Н.​Павлова // Сов. балет. 1989. №5;

Железкова А.Н. Павлова. 2 изд. Чебоксары, 1988.

т. 12, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЗЯНКО́ВА Аляўціна Аляксандраўна(н. 25.3.1935, С.-Пецярбург), бел. артыстка балета, педагог. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1954). З 1954 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1977 педагог Бел. харэагр. вучылішча. З 1992 педагог-рэпетытар Т-ра балета Дзярж. Крамлёўскага палаца ў Маскве. З 1998 балетмайстар-пастаноўшчык Дзярж. т-ра музкамедыі Рэспублікі Беларусь. Танцоўшчыца шырокага творчага дыяпазону. Яе творчасці характэрны валоданне рознымі формамі танца, тонкая распрацоўка дэталей, глыбокі псіхалагізм. Сярод партый: Марыя, Наталька, Джулія («Мара», «Выбранніца», «Альпійская балада» Я.​Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.​Вагнера), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Анітра, Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Эгіна і Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Францыска («Блакітны Дунай» на муз. І.​Штрауса). Выступала ў спектаклях Бел. тэлебачання як драм. актрыса.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 63—73.

А.​І.​Калядэнка.

А.Карзянкова ў ролі Папялушкі.
А.Карзянкова ў ролі Францыскі.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІНА (Ніна Іванаўна) (н. 13.5.1942, г. Электрасталь Маскоўскай вобл.),

руская артыстка балета. Нар. арт. Расіі (1975). Нар. арг. СССР (1987). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1961, кл. С.​Галоўкінай). У 1961—88 у трупе Вял. т-ра ў Маскве. З 1989 педагог-рэпетытар гастрольна-канцэртнай групы «Зоркі Вялікага балета». Яе талент і творчая індывідуальнасць найб. ярка раскрыліся ў балетах, вырашаных мовай сучаснай харэаграфіі. Першая выканаўца партый: Дзяўчына («Геолагі» М.​Карэтнікава, 1964), Выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага, 1965), Дзяўчына («Ікар» С.​Сланімскага, 1971), Кіці («Ганна Карэніна» Р.​Шчадрына, 1972), Каханая («Азоранасць» А.​Пахмутавай, 1973), Радысачка («Чыпаліна» К.​Хачатурана, 1977). Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Маша, Аўрора, прынцэса Фларына («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жанна («Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Гаспадыня Меднай гары, Анастасія («Каменная кветка», «Іван Грозны» С.​Пракоф’ева), Муза («Паганіні» С.​Рахманінава), Асель («Асель» У.​Уласава), Геро, Шура Азарава («Каханнем за каханне», «Гусарская балада» Ц.​Хрэннікава) і інш. Знялася ў тэлебалеце «Гарэзлівыя частушкі» (1970), у тэлефільмах-канцэртах «Харэаграфічныя навелы» (1973), «Танцуюць Ніна Сарокіна і Міхаіл Лаўроўскі» (1982). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў.

С.​В.​Гуткоўская.

Н.Сарокіна ў ролі Асель.

т. 14, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУШКЕ́ВІЧ (Інэса Анатолеўна) (н. 24.6.1959, Мінск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1977). З 1977 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі.

Творчай індывідуальнасці Д. уласцівы шырокі акцёрскі дыяпазон, спалучэнне тэхн. віртуознасці з вял. пластычнай экспрэсіяй. Творчая вяршыня — партыя Рагнеды («Страсці» А.​Мдывані; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), пазначаная магутным трагедыйным гучаннем. Сярод інш. вобразаў у класічных і сучасных балетах: Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Сільфіда («Сільфіда» Х.​Левенскольда), Нікія і Кітры («Цені» і «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Марыя і Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ундзіна («Ундзіна» Г.​Генцэ), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Каханая і Распусніца (вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Дзяўчына («Балеро» М.​Равеля), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага). Здымалася ў тэлеварыянтах спектакляў «Карміна Бурана», «Рамэо і Джульета», тэлефільме «Вяртанне вясны...». Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета (Масква, 1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 147—151;

Мушынская Т. «Лебедзь белы, лебедзь чорны...» // Беларусь. 1984. № 10;

Яе ж. Мой лёс, мая любоў... // Мастацтва Беларусі. 1985. № 10;

Яе ж. Трохі пра вечнае // Там жа. 1993. № 1.

Т.​М.​Мушынская.

І.А.Душкевіч.
І.Душкевіч у ролі Ундзіны.
І.Душкевіч у ролі Фрыгіі.

т. 6, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)