БРЖАЗО́ЎСКАЯ (Людміла Генрыхаўна) (н. 4.6.1946, Мінск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1975). Дачка Г.Ф.Бржазоўскага. Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1966, педагогі Н.Младзінская, І.Савельева), Мінскі ін-т культуры (1987). Удасканальвала майстэрства ў Н.Дудзінскай у С.-Пецярбургу. У 1966—89 вядучая танцоўшчыца Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1989 выкладала ў Дзярж. харэагр. вучылішчы, з 1994 — у Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, завершанасцю ліній, уменнем спалучаць унутр. сутнасць вобраза з пластычным малюнкам танца. Упершыню на бел. сцэне выканала гал. партыі ў многіх балетах, пастаўленых А.Дадышкіліяні, В.Елізар’евым і інш. Сярод партый у бел. балетах: Нэле («Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.​Вагнера), Маці («Крылы памяці» У.​Кандрусевіча); у балетах сучасных кампазітараў: Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа) і інш. Яе яркая індывідуальнасць найб. поўна выявілася ў спектаклях класічнага рэпертуару: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), СільфідаСільфіда» Х.​Левенскольда) і інш. Здымалася ў кінафільмах «Прададзены смех» (1981), «Міф» (1986), у тэлевізійных варыянтах балетаў «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Жызэль», «Стварэнне свету», «Камерная сюіта», тэлефільме «Танцуе Людміла Бржазоўская».

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 91—103;

Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;

Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993. С. 24—32.

Л.Г.Бржазоўская. Мастак А.​Шастакоў.
Л.Бржазоўская ў партыі Нэле.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРА́ЦЬЕВА (Марына Віктараўна) (н, 1.2.1934, С.-Пецярбург),

руская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1952). У 1952—80 салістка, з 1980 педагог-рэпетытар Вял. т-ра. З 1980 адначасова выкладала ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва, з 1987 педагог Маскоўскай дзярж. акадэміі харэаграфіі. Яе танец вылучаўся лёгкасцю і паэтычнасцю. Сярод партый: Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Адэта—Адылія, Маша («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Шырын («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Ганна («Ганна Карэніна» Р.​Шчадрына), Дзяўчына-птушка («Шурале» Ф.​Яруліна), Муза («Паганіні» на муз. С.​Рахманінава).

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́ЕЎСКІ (Уладзімір Фёдаравіч) (11.8.1803 ці 1804, Масква — 11.3.1869),

рус. пісьменнік, філосаф, муз. і літ. крытык, заснавальнік рус. класічнага музыказнаўства. Старшыня «Таварыства любамудрыя» (1823—25). Аўтар фантаст. апавяданняў «Розныя казкі з трапным слоўцам, сабраныя Ірынеем Мадэставічам Гамазейкам» (1833), «Жывы мярцвяк» (1844), сатыр. свецкіх («Княжна Мімі», 1834; «Княжна Зізі», 1839) і містыка-фантаст.Сільфіда», 1837; «Космарама», «Саламандра», абедзве 1840; «Шалёныя», 1842) аповесцяў, артыкулаў і эсэістычных нататкаў пра А.​Пушкіна і М.​Гогаля. Духоўную атмасферу 1830-х г. перадаў у рамане «Рускія ночы» (1844, 2-я рэд. 1862, апубл. 1913), які спалучае філас. дыялогі, апавяданні-прытчы, навелы. Распрацоўваў муз.-тэарэт. і эстэт. праблемы, даследаваў нар. песню, старарус. музыку. Аўтар біягр. апавяданняў і муз.-крытычных эсэ.

Тв.:

Соч. Т. 1—2, М., 1981;

Музыкально-литературное наследие. М., 1956.

У.Ф.Адоеўскі.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ (Пётр Андрэевіч) (29.12.1904, С.-Пецярбург — 30.3.1987),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Засл. арт. Расіі (1947), засл. дз. маст. Расіі (1966). Нар. арт. Расіі (1984). Скончыў Петраградскае харэаграфічнае вучылішча (1922). Адзін з арганізатараў групы «Малады балет» (1923). З 1922 артыст Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1935 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1945—58 маст. кіраўнік балета Т-ра імя Кірава. У 1958—60 арганізатар балетнага т-ра ў Кітаі. З 1927 выкладаў у Ленінградзе і Маскве, у т. л. ў 1966—83 у Ленінградскай кансерваторыі (праф. з 1973). Сярод партый: Шчаўкунок, Дэзірэ («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Асак («Ледзяная дзева» на муз. Э.​Грыга), Жэром («Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Джэймс («Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера); удзельнік прэм’еры «танцсімфоніі» «Веліч сусвету» на муз. Л.​Бетховена. Аўтар шматлікіх прац па праблемах балетнага т-ра.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛГУ́ШЫН (Мікіта Аляксандравіч) (н. 8.11.1938, С.-Пецярбург),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1976). Нар. арт. СССР (1988). Д-р гуманітарных н. (1991). Скончыў харэаграфічнае вучылішча (1959) і кансерваторыю (1980) у Ленінградзе. У 1968—83 у Ленінградскім Малым т-ры оперы і балета. Майстар адточанага элегантнага танца. Сярод партый: Ферхад («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Князь («Яраслаўна» Б.​Цішчанкі), Джэймс («Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева). Ставіў пераважна аднаактовыя балеты, дзе выконваў гал. партыі: «Канцэрт у белым» на муз. Чайкоўскага (1969), «Клітэмнестра» на муз. К.​Глюка (1972) і інш. З 1983 выкладчык (з 1990 праф.) і кіраўнік балета Муз. т-ра С.-Пецярбургскай кансерваторыі. Сярод пастановак: «Кароль Лір» на муз. С.​Насідзе (1990, разам з Г.​Алексідзе; партыя караля Ліра), «Спячая прыгажуня» (1992) і «Шчаўкунок» (1994) Чайкоўскага і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1964). Яго творчасці прысвечаны фільм «Мікіта Далгушын. Філасофія танца» (1992), тэлефільм «Танцуе Мікіта Далгушын» (1982).

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯХ (Леў Палікарпавіч) (н. 12.6.1937, г. Новарасійск Краснадарскага краю, Расія),

бел. дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах харавога (1964, клас М.Маслава) і оперна-сімф. (1971, клас К.​Ціханава і В.Катаева) дырыжыравання. З 1955 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1971 адначасова дырыжор творчага аб’яднання «Нац. акад. Вялікі т-р оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Творчасці Л. характэрны пранікненне ў маст. канцэпцыю твора, адчуванне яго стыліст. асаблівасцей. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены: оперы «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава (2-я рэд., 1992), «Франчэска да Рыміні» С.​Рахманінава (упершыню ў Беларусі), «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага (абедзве 1989, у канцэртным выкананні), опера-казка «Чароўная музыка» М.​Мінкова (1997), балеты «Чыпаліна» К.​Хачатурана (1978), «Ліза і Кален» Ф.​Герольда (1979), «Сільфіда» Х.​Левенскольда (1983), «Жызэль» А.​Адана (1987). Дырыжыруе операмі і балетамі класічнага рэпертуару і сучасных, у т. л. бел., кампазітараў.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «РУСКІ БАЛЕ́Т».

Створаны ў 1981 як Ансамбль Класічнага балета Маскоўскай абл. філармоніі; з 1984 наз. Ансамбль «Маскоўскі балет», з 1988 сучасная назва. Маст. кіраўнікі І.​Ціхамірнава (з 1981), В.Гардзееў (з 1984). У рэпертуары класічныя, у т. л. рус., балеты «Жызэль» А.​Адана, «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, «Дон Кіхот» і «Баядэрка» Л.​Мінкуса, карціны і фрагменты з балетаў «Пахіта» Э.​Дэльдэвеза, «Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера, «Эсмеральда» Ц.​Пуні, «Шчаўкунок» Чайкоўскага, «Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно; 1-актовыя балеты «Нечаканыя манеўры, або Вяселле з генералам» на муз. Дж.​Расіні, «Тэатр Карабаса» на муз. І.​Штрауса, «Карціны, якія ажылі» на муз. І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля і В.​А.​Моцарта, а таксама канцэртныя нумары «Паганіні» на муз. Гендэля, «Мужчыны і жанчына» на муз. Г.​Свірыдава, «Мелодыя кахання» на нар. аргенцінскую музыку (усе ў паст. Гардзеева). Сярод салістаў: С.​Анкудзінаў, М.​Багданава, К.​Дурнеў, Я.​Казанцава, А.​Казлоў, І.​Лузганава, А.​Рабаў і інш.

т. 10, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР КЛАСІ́ЧНАГА БАЛЕ́ТА пад кіраўніцтвам Н.​Дз.​Касаткінай і У.​Ю.​Васілёва. Засн. ў 1966 як Харэаграфічны канцэртны ансамбль СССР «Малады балет». Арганізатар і першы маст. кіраўнік І.Майсееў

(да 1970). З 1971 наз. Канцэртны ансамбль СССР «Класічны балет» (кіраўнік Ю.​Жданаў),

з 1978 Дзярж. канцэртны ансамбль «Маскоўскі класічны балет», з 1986 Маскоўскі дзярж. т-р балета СССР, з 1992 сучасная назва. З 1977 дырэктар і маст. кіраўнік Васілёў, гал. балетмайстар Касаткіна. У рэпертуары балеты «Хітрыкі Тэрпсіхоры» на муз. І.​Штрауса, «Абліччы кахання» на зборную музыку; фрагменты з класічных балетаў «Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера, «Наталі, або Швейцарская малочніца» А.​Гіравеца і М.​Э.​Карафы ды Калабрана (абодва 1980), «Чароўны камзол» М.​Карэтнікава (1983), «Лебядзінае возера» (1988) і «Шчаўкунок» (1994) П.​Чайкоўскага, «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса (1990), «Жызэль» А.​Адана (1991), «Папялушка» С.​Пракоф’ева (1993) і інш. У розны час у трупе працавалі: А.​Гарбацэвіч, С.​Ісаеў, У.​Малахаў, І.​Мухамедаў, Т.​Палій, М.​Перкун-Бебезічы, Г.​Сцепаненка, В.​Цімашова, Г.​Шляпіна і інш.

Маскоўскі дзяржаўны тэатр класічнага балета. Сцэна з балета «Чароўны камзол».

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАВА (Надзея Васілеўна) (н. 15.5.1956, г. Чэбаксары, Чувашыя),

расійская артыстка балета. Нар. арт. Чувашыі (1980). Нар. арт. СССР (1984). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1974, педагог Л.​Сахарава), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1983). З 1972 салістка Пермскага т-ра оперы і балета, у 1975—95 у Вял. т-ры ў Маскве. Балерына лірыка-драм. плана. Яе мастацтва вызначаюць адухоўленасць і грацыёзнасць пластыкі, бездакорная танц. тэхніка. Сярод партый: Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Аўрора, Адэта—Адылія, Маша («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Прынцэса («Драўляны прынц» Б.​Бартака), Джульета, Кацярына («Рамэо і Джульета», «Каменная кветка» С.​Пракоф’ева), Шырын («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Валянціна («Ангара» А.​Эшпая). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу маладых балетмайстраў і артыстаў балета (1972), Гран-пры Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1973; абодва Масква). Здымалася ў кіно і на тэлебачанні.

Літ.:

Данилова Г. Н.​Павлова // Сов. балет. 1989. №5;

Железкова А.Н. Павлова. 2 изд. Чебоксары, 1988.

т. 12, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРЫ́ЕЎ (Нурэеў) Рудольф Хаметавіч

(17.3.1938, каля ст. Раздольная Іркуцкай вобл., Расія —6.1.1993),

артыст балета, балетмайстар, дырыжор. Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1958, клас Х.Бельскага). З 1958 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.​М.​Кірава. З 1961 працаваў у Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі і інш. зах. трупах. З сярэдзіны 1970-х г. гастраліраваў з праграмай «Нурыеў з сябрамі». У 1985—89 маст. дырэктар балетнай трупы Парыжскай оперы. Віртуозна валодаў асаблівасцямі розных школ і кірункаў класічнага і свабоднага танца. Сярод партый; Альберт («Жызэль» А.​Адана), Франдоса («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Дэзірэ і Блакітная птушка («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Джэймс («Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера), Пятрушка («Пятрушка» І.​Стравінскага) і інш. Сярод пастановак: «Цені» з «Баядэркі» (1963 і 1992), «Раймонда» А.​Глазунова і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (абедзве 1964), «Танкрэд» Г.​В.​Генцэ, «Дон Кіхот», «Спячая прыгажуня» (усе 1966), «Шчаўкунок» (1967, 1980), «Манфрэд» (1979) і «Бура» (1982), абедзве на муз. Чайкоўскага. З 1991 выступаў як дырыжор. Зняўся ў фільмах «Я — танцоўшчык» (1972), «Валентына» (1977). Аўтар аўтабіяграфіі (2000). У 1993 праведзены фестывалі імя Н. (Уфа, Казань).

Літ.:

Р.​Нуреев. СПб., 1995;

Львов-Анохин Б. Блудный сын Русского балета // Театр. 1993. №11;

Persival J. Nureyev: aspects of the dancer. New York, 1975;

Bland A. The Nureyev Image. London, 1976.

Л.​А.​Сівалобчык.

Р.Нурыеў у ролі Джэймса.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)