ДАЛГУ́ШЫН Мікіта Аляксандравіч

(н. 8.11.1938, С.-Пецярбург),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1976). Нар. арт. СССР (1988). Д-р гуманітарных н. (1991). Скончыў харэаграфічнае вучылішча (1959) і кансерваторыю (1980) у Ленінградзе. У 1968—83 у Ленінградскім Малым т-ры оперы і балета. Майстар адточанага элегантнага танца. Сярод партый: Ферхад («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Князь («Яраслаўна» Б.Цішчанкі), Джэймс («Сільфіда» Ж.Шнейцгофера), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Ставіў пераважна аднаактовыя балеты, дзе выконваў гал. партыі: «Канцэрт у белым» на муз. Чайкоўскага (1969), «Клітэмнестра» на муз. К.Глюка (1972) і інш. З 1983 выкладчык (з 1990 праф.) і кіраўнік балета Муз. т-ра С.-Пецярбургскай кансерваторыі. Сярод пастановак: «Кароль Лір» на муз. С.Насідзе (1990, разам з Г.Алексідзе; партыя караля Ліра), «Спячая прыгажуня» (1992) і «Шчаўкунок» (1994) Чайкоўскага і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1964). Яго творчасці прысвечаны фільм «Мікіта Далгушын. Філасофія танца» (1992), тэлефільм «Танцуе Мікіта Далгушын» (1982).

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)