ГУ́СЕЎ Пётр Андрэевіч

(29.12.1904, С.-Пецярбург — 30.3.1987),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Засл. арт. Расіі (1947), засл. дз. маст. Расіі (1966). Нар. арт. Расіі (1984). Скончыў Петраградскае харэаграфічнае вучылішча (1922). Адзін з арганізатараў групы «Малады балет» (1923). З 1922 артыст Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1935 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1945—58 маст. кіраўнік балета Т-ра імя Кірава. У 1958—60 арганізатар балетнага т-ра ў Кітаі. З 1927 выкладаў у Ленінградзе і Маскве, у т. л. ў 1966—83 у Ленінградскай кансерваторыі (праф. з 1973). Сярод партый: Шчаўкунок, Дэзірэ («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Асак («Ледзяная дзева» на муз. Э.Грыга), Жэром («Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Джэймс («Сільфіда» Ж.Шнейцгофера); удзельнік прэм’еры «танцсімфоніі» «Веліч сусвету» на муз. Л.Бетховена. Аўтар шматлікіх прац па праблемах балетнага т-ра.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)