рдест бот. урэ́чнік, -ку м., ірдзе́ст, -ту м., (после гласных) рдзест, род. рдзе́сту м.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

МАКРАФІ́ТЫ [ад макра... + ...фіт(ы)],

раслінныя арганізмы, прыстасаваныя для жыцця ў вадзе, незалежна ад іх арганізацыі і сістэматычнага становішча. Растуць у вадаёмах, утвараюць палосы ўздоўж берагоў, вакол астравоў, падводных меляў. Існуе некалькі класіфікацый М. (біял., марфал., экалагічная, жыццёвых форм і інш.), іх аснова — падзел водных раслін на 3 катэгорыі: паглыбленыя ў ваду (напр., харавыя водарасці, імхі), плаваючыя (наводныя, напр., гарлачыкі, рдзест) і што ўзвышаюцца над вадой (надводныя, напр., стрэлкаліст, трыснёг, чарот). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (напр., касач сібірскі, лабелія Дортмана, палушнік азёрны). М. садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў, добра растуць у забруджаных водах, акумулююць мінер., баластныя і таксічныя рэчывы, выкарыстоўваюцца для ачысткі сцёкавых вод, у меліярацыі, як лек. расліны і інш. У зоне прыбярэжных М. кормяцца і нерастуюць рыбы, селяцца птушкі, млекакормячыя.

Т.​М.​Міхеева.

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖАЗЁРНЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Створаны ў 1977 (воз. Воласа ўключана ў заказнік у 1986) з мэтай захавання прыроднага комплексу Бел. Паазер’я і воз. Воласа з рэліктавымі відамі ракападобных. Пл. 982 га. З 1995 у складзе нац. парку Браслаўскія азёры.

Займае цэнтр. ч. перашыйка паміж азёрамі Снуды, Воласа Паўн. і Воласа Паўд. Рэльеф з озавых, камавых і марэнных град і ўзгоркаў укрыты хваёвым лесам, растуць таксама бяроза, дуб, елка, у падлеску — брызгліна, ляшчына, рабіна, ядловец. Больш за 420 відаў вышэйшых сасудзістых раслін. У басейнах азёр расце хвошч стракаты, занесены ў Чырв. кнігу. Водная расліннасць займае каля 40% плошчы азёр, у асноўным харавыя водарасці да глыб. 7,5 м, прымешваюцца макрафіты — трыснёг, чарот, рдзест, эладэя канадская, рагаліснік, разак. У фітапланктоне 44 віды водарасцяў, у зоапланктоне 69 відаў жывёл, у заабентасе 24 віды. У іхтыяфауне 20 відаў рыб, у т. л. сняток, рапушка, шчупак, лешч, лінь, акунь і інш. 4 рэліктавыя віды ракападобных: лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда, а таксама рак шыракапальцы, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.

П.​І.​Лабанок.

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ірдзе́ст, рдзест ’вадзяная кветкавая расліна з доўгім сцяблом і невялікім, звычайна падводным лісцем; урэчнік’ (ТСБМ), дрост, драсён ’расліна Polygonum L.’ (Байк. і Некр.). Рус. рдест, укр. рдест, рде́сник ’тс’, де́рес ’расліна драсён, Polygonum’, польск. rdest, drest ’расліна Nectris’, в.-луж. drěst, drósi ’расліна Bidens tripartita’, н.-луж. drest ’ірдзест, Potamogeton natans L., Polygonum persicaria L.’, чэш. rdesno, rdest ’расліна Polygonum’, славац. уст. rdest, rdesno ’ірдзест Potamogeton’, славен. rdésen ’расліна драсён, Polygonum’, серб.-харв. дресан ’расліна Polygonum persicaria’. Бел. ірдзест з прыстаўным і‑ з рус. рдест, якое з польск. rdest. Праславянская форма рэканструюецца неадназначна. Фасмер (3, 452) прапануе як магчымую праформу *rъdъstъ, адкуль звычайна збліжэнне з *rъděti, *rъdja (гл. ірдзець, іржа1), Міклашыч, 284; Брукнер, 455. Найбольш верагодна рэканструкцыя *drěstъ, *drěstьnъ (першапачаткова прыметнік), звязаных з дзеясловам *dristati, паколькі корань раслін сямейства ірдзеставых выкарыстоўваецца як страўнікавы сродак; параўн. рус. завязный корень, животный корень, серб.-харв. желудњак і да т. п. (Мяркулава, Очерки, 41–42; Трубачоў, Эт. сл., 5, 110–111). Махэк₂ (510), Jména rostl. (86), Голуб-Копечны (310) зыходзяць з першапачатковага *nerstъ і звязваюць з нерастам. Іншыя версіі (збліжэнне з грэч. ῥοδον ’роза’ і г. д.) гл. Фасмер, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)