Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РДЗЕСТ, урэчнік (Potamogeton),
род кветкавых раслін сям. рдзеставых. Каля 100 відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі 17 відаў. Найб. вядомыя Р.: бліскучы (P. lucens), грабеньчаты (P. pectinatus), кучаравы (P. crispus), плывучы (P. natans), пранізаналісты (P. perfoliatus). Растуць у стаячай або з павольнай плынню прэснай ці слаба салёнай вадзе на глыб. да 3 м. Утвараюць зараснікі і спрыяюць зарастанню вадаёмаў.
Шматгадовыя пераважна падводныя карэнішчавыя травы. Сцёблы даўж. да 6 м. Надводнае лісце скурыстае, падводнае — перапончатае, празрыстае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у цыліндрычных коласападобных суквеццях над вадой. Плод — касцянка- ці арэшкападобны. Р. — важны кампанент прэснаводнай флоры. Зараснікі — месца нерасту і нагулу рыбы, некат. віды ідуць на ўгнаенне і корм жывёле. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Урэчнік, гл.Рдзест
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАФІ́ТЫ [ад макра... + ...фіт(ы)],
раслінныя арганізмы, прыстасаваныя для жыцця ў вадзе, незалежна ад іх арганізацыі і сістэматычнага становішча. Растуць у вадаёмах, утвараюць палосы ўздоўж берагоў, вакол астравоў, падводных меляў. Існуе некалькі класіфікацый М. (біял., марфал., экалагічная, жыццёвых форм і інш.), іх аснова — падзел водных раслін на 3 катэгорыі: паглыбленыя ў ваду (напр., харавыя водарасці, імхі), плаваючыя (наводныя, напр., гарлачыкі, рдзест) і што ўзвышаюцца над вадой (надводныя, напр., стрэлкаліст, трыснёг, чарот). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (напр., касач сібірскі, лабелія Дортмана, палушнік азёрны). М. садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў, добра растуць у забруджаных водах, акумулююць мінер., баластныя і таксічныя рэчывы, выкарыстоўваюцца для ачысткі сцёкавых вод, у меліярацыі, як лек. расліны і інш. У зоне прыбярэжных М. кормяцца і нерастуюць рыбы, селяцца птушкі, млекакормячыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖАЗЁРНЫ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Створаны ў 1977 (воз. Воласа ўключана ў заказнік у 1986) з мэтай захавання прыроднага комплексу Бел. Паазер’я і воз. Воласа з рэліктавымі відамі ракападобных. Пл. 982 га. З 1995 у складзе нац. парку Браслаўскія азёры.
Займае цэнтр.ч. перашыйка паміж азёрамі Снуды, Воласа Паўн. і Воласа Паўд. Рэльеф з озавых, камавых і марэнных град і ўзгоркаў укрыты хваёвым лесам, растуць таксама бяроза, дуб, елка, у падлеску — брызгліна, ляшчына, рабіна, ядловец. Больш за 420 відаў вышэйшых сасудзістых раслін. У басейнах азёр расце хвошч стракаты, занесены ў Чырв. кнігу. Водная расліннасць займае каля 40% плошчы азёр, у асноўным харавыя водарасці да глыб. 7,5 м, прымешваюцца макрафіты — трыснёг, чарот, рдзест, эладэя канадская, рагаліснік, разак. У фітапланктоне 44 віды водарасцяў, у зоапланктоне 69 відаў жывёл, у заабентасе 24 віды. У іхтыяфауне 20 відаў рыб, у т. л. сняток, рапушка, шчупак, лешч, лінь, акунь і інш. 4 рэліктавыя віды ракападобных: лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда, а таксама рак шыракапальцы, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.