ЧЭ́РЫКАЎ,

геалагічнае агаленне, палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Размешчана на левым схіле рова ў г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл., на правабярэжжы р. Сож. На пл. 200 м² агаляюцца азёрна-балотныя адклады (гумусаваныя супескі і суглінкі, гітыя, торф) магутнасцю каля 4 м. Даследуецца з 1934. Выяўлена 85 відаў дрэў (граб, бук, ліпа, ясень, клён) і травяністых раслін (рагульнік, снітка, кальдэзія, сальвінія, бразенія, рдзест, плюшчай, шышняк і інш.), якія існавалі каля 100—70 тыс. г. назад. Геал. агаленне — апорны разрэз муравінскіх міжледавіковых і раннепаазерскіх адкладаў, мае вял. значэнне для вырашэння стратыграфічных і палеагеагр. пытанняў геал. мінулага Беларусі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 17, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)