Галаве́нька1 ’апалонік (паўзун)’ (Шатал.). Наўрад ці ёсць сувязь са словамі тыпу галаве́нь (назва рыбы з вялікай галавой) ці галаве́нька ’спарыння’ (Шатал.). Хутчэй за ўсё трэба думаць пра нейкую кантамінацыю розных па значэнню, але падобных па форме слоў (*golv‑ ’галава’). А можа, гэта памяншальная форма (суф. ‑енька) ад галава?

Галаве́нька2 ’галавешка’ (Шатал.). Па паходжанню гэта памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка, факел і да т. п.’ (асноўная форма бел. *галаўня зафіксавана ў бел. мове вельмі слаба; яе няма ў большасці слоўнікаў; Трубачоў (Эт. сл., 7, 12) прыводзіць бел. галаўня, але адкуль?). Прасл. *golvьńa (рус. головня́, укр. голо́вня, польск. głownia, чэш. hlavně, hlaveň, ст.-слав. главьнꙗ, балг. главня́, серб.-харв. гла́вња і г. д.) лічыцца звязаным з прасл. *golva ’галава’ (г. з. н. першапачаткова ’галоўка палена, што гарыць’). Гл. Фасмер, 1, 429–430 (там і агляд ранейшай літ-ры). Менш пераконвае сувязь са ст.-інд. jurvati ’паліць’, jūrṇíṣ ’жар’ і г. д. Іншыя этымалогіі яшчэ больш няпэўныя. Падрабязны агляд славянскіх форм і абгрунтаванне сувязі з *golva гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 12–13.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаўня́1 ’спарыння’ (Сцяшк. МГ, Шатал.), галаве́нька ’тс’ (Шатал.). Гэта назва сустракаецца ў радзе слав. моў. Параўн. рус. головня́, укр. голо́вня́, польск. głownia, балг. главня́ ’тс’. Гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76–79; Трубачоў, Эт. сл., 7, 12–13. У гэтай жа форме, але з іншым значэннем (’галавешка’) *golvьńa сустракаецца ў многіх слав. мовах і дыялектах (агляд гл. Трубачоў, там жа). Гэта значэнне лічыцца зыходным, а ’Ustilago, хвароба зерневых, спарыння’ — другаснае. Гл. Выгонная, там жа; Трубачоў, Эт. сл., 7, 13. Будзішэўска (Słown., 300) меркавала, што значэнне ’Ustilago’ — гэта інавацыя, што, бясспрэчна, няправільна (параўн. геаграфію слова і семантычныя паралелі, якія прыводзіць Выгонная, там жа, с. 77).

Галаўня́2 ’верхні вушак у дзвярах’ (Шатал.). Можна меркаваць, што тут, магчыма, захоўваецца адно з архаічных значэнняў слова *golvьńa, менавіта ’штосьці важнае, галоўнае і да т. п.’ Гэта значэнне не зафіксавана ў Трубачова (Эт. сл., 7, 12–13), што, аднак, не сведчыць аб немагчымасці яго існавання ў мінулыя часы. Менш верагодным здаецца вывядзенне «верхняга вушака ў дзвярах» з якога-небудзь вядомага значэння прасл. *golьbńa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаве́нь ’назва рыбы’ (БРС, Касп., Шат., Нас.). Параўн. рус. дыял. смал. голави́нь ’тс’. Паколькі гэтыя назвы ізаляваныя (сувязь з назвамі тыпу рус. дыял. головня́ ’галавень’ няпэўная, таму што рус. слова ж. р.), то, здаецца, пераконвае меркаванне Трубачова (Эт. сл., 7, 10) пра сувязь рус. голавинь з назвамі тыпу рус. гола́вль, голо́вль, го́лове́ль, укр. голове́ль ’тс’. Калі гэта так, мы можам прыняць дысіміляцыю л — л > л — н (*галаве́ль > галаве́нь). Зыходнай формай, якой Трубачоў надае статус праславянскай, з’яўляецца *golvjь (вытворнае з суф. ‑jь ад *golva ’галава’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАЛАЎНЯ́ Анатоль Дзмітрыевіч

(2.2.1900, г. Сімферопаль, Украіна — 25.6.1982),

рускі кінааператар, тэарэтык кіно. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Праф. (1939). Д-р мастацтвазнаўства (1966). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі (1926). Адзін з заснавальнікаў сав. аператарскай школы. У творчай садружнасці з рэжысёрам У.Пудоўкіным зняў фільмы: «Маці» (1926), «Канец Санкт-Пецярбурга» (1927), «Нашчадак Чынгісхана» (1929), «Мінін і Пажарскі» (1939), «Сувораў» (1941), «Адмірал Нахімаў» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947), «Жукоўскі» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; апошнія 3 фільмы разам з аператарам Т.Лобавай). Творчасць Галаўні блізкая да традыцый рус. рэаліст. жывапісу з улікам спецыфікі кіно. Смела выкарыстоўваў дынамічныя магчымасці камеры і асвятлення.

Тв.:

Съёмка цветного кинофильма. М., 1952;

Мастерство кинооператора. М., 1965;

Творчество оператора фильма. М., 1978.

Літ.:

Громов Е.С. Кинооператор Анатолий Головня. М., 1980.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сняце́й, снэтэ́й ‘сажа (хвароба хлебных злакаў)’ (бяроз., Шатал.), сніце́й ‘тс’ (івац., Нар. сл.), снытэ́й ‘тс’ (пін., Кольб.; стол., Нар. лекс.), сняты́й, сніт ‘тс’ (палес., гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76 і наст.), смяце́й, смяця́й ‘тс’ (гродз., Сл. ПЗБ), снітэ́й, снэтэ́й ‘тс’ (Сл. Брэс.). Укр. снить, сніті́й, сміті́й ‘тс’, польск. дыял. śnieć, в.-луж. sněc, snjeć, н.-луж. sněś, чэш. sněť, snět, серб.-харв. сни̏јет ‘тс’, смѐтлика ‘галаўня ў кукурузы’, славен. snẹ̑t, smet, smetljaj ‘галаўня ў збожжы’, балг. сне́тей ‘тс’. Прасл. *snětь, *snětъ ‘сажа’ Махэк₂ (564) лічыць звязаным з чэш. nítiti ‘распальваць агонь’, прасл. *gnětiti ‘запальваць’; гл. яшчэ Мяркулава (Очерки, 64), якая падкрэслівае натуральнасць семантычнага развіцца; ‘запаліць агонь’ → ‘абпаленае палена, галавешка’ → ‘раслінная сажа’; да семантыкі параўн. са́жа, рус. головня́, серб.-харв. га́ра, нова-в.-ням. Brand (ад brennen ‘гарэць’) ‘тс’. Менш верагодныя супастаўленні Шустара–Шэўца (1326–1327) з прасл. *snetъ ‘калода’ (гл. снет), а таксама рэканструкцыя прасл. *sъ‑gnětъ (Скок, 3, 297), супраць чаго Бязлай, 3, 279–280; гл. яшчэ Фасмер, 3, 698–699; Будзішэўска, Słown., 300; Міклашыч, 312; ЕСУМ, 5, 336–337.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)