Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЯЎЛЕНЧАЕМАСТАЦТВА 19 — ПАЧ. 20 ст.
Развіццё бел.выяўл.мастацтва ў 1-й пал. 19 ст. адбывалася пад уплывам класіцызму і рамантызму. Найб. інтэнсіўна ў гэты час развіваліся жывапіс, скульптура і графіка. Сярод жывапісцаў — мастакі І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Ю.Крачкоўскі, К.Кукевіч, К.Русецкі, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі. Большасць з іх працавалі адначасова ў некалькіх жанрах: гіст., быт., партрэтным, пейзажным, нацюрмортным.
У партрэтным жывапісе развіваліся 2 тэндэнцыі: адна была абумоўлена ўплывам традыцый Віленскай маст. школы, другая, пазнейшая, — рамантызмам і акадэмізмам Пецярбургскай АМ. Найб. буйнымі партрэтыстамі 1-й пал. 19 ст. былі І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, А.Главацкі (больш вядомы і як тэатр. дэкаратар), С.Заранка, К.Карсалін, Ю.Пешка (пісаў таксама гіст. творы), К.Рыпінскі, Ф.Тулаў, І.Хруцкі (быў аўтарам і нацюрмортаў), А.Шэмеш, П.Ютэйка. Работам гэтых мастакоў уласціва пільная ўвага да ўнутр. свету партрэтуемых, імкненне адлюстраваць іх псіхалагічны стан, арганічную сувязь асобы з наваколлем. Гіст. жывапіс 1-й пал. 19 ст. развіваўся пераважна пад уздзеяннем класіцызму. Мастакі ў сваіх творах сцвярджалі ідэалы грамадзянскасці, патрыятызму, сац. вызвалення, адданага служэння радзіме: работы В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Ю.Пешкі, Я.Сухадольскага. Для бытавога жанру гэтага перыяду характэрны зварот да паказу жыцця народа, яго сац. і нац. праблем, уключэнне ў кампазіцыі шматлікіх этнагр. дэталей. Абумоўлены ў значнай ступені тагачаснымі грамадска-паліт. працэсамі, бытавы жанр зазнаў іх крытычнае пераасэнсаванне. Важкі след у гэтым жанры пакінулі выхаванцы Віленскай маст. школы (Ц.Бычкоўскі, Ю.Карчэўскі, К.Кукевіч, К.Русецкі) і Пецярбургскай АМ (Ф.Гарэцкі). У жанры пейзажа працавалі не толькі пейзажысты. У творах В.Ваньковіча, Я.Дамеля, В.Дмахоўскага характэрныя для пач. 19 ст. сузіральнасць і ідылічнасць з 1830-х г. пачынаюць саступаць рамантызаванай і дэмакратычнай трактоўцы прыроды, увазе да жыцця народа. Манументальна-дэкаратыўны жывапіс 1-й пал. 19 ст. развіваўся пераважна ў рэчышчы класіцызму, неаготыкі і неабарока, на яго таксама паўплывалі традыцыі рус. і заходнееўрап. маст. школ. Найб. значныя размалёўкі былі выкананы ў касцёле св. Тадэвуша ў в. Лучай Пастаўскага р-на, Варварынскай царкве ў г. Пінск, Троіцкім касцёле г.п. Ружаны, касцёле Ушэсця ў в. Будслаў Мядзельскага р-на (мастак А.Антажэўскі), касцёлах в. Жупраны Ашмянскага р-на, в. Геранёны Іўеўскага р-на, г. Ліда. Мастацтва графікі пач. 19 ст. інтэнсіўна развівалася ў рэчышчы класіцызму, а з 1830-х г. — рамантызму. Паступова яно набывала рэалістычныя рысы, узбагачалася новымі тэмамі і сюжэтамі, асвойвала новыя віды. Разам з традыц.нар. лубком, кніжнай і станковай гравюрай, афортам і літаграфіяй з’яўляюцца гіст., бытавыя і пейзажныя накіды і замалёўкі, якія набываюць самастойнае маст. значэнне, адлюстроўваюць непасрэдныя ўражанні ад рэчаіснасці. Значны ўклад у развіццё графікі зрабілі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, Ю.Главацкі, Т.Кіслінг, К.Кукевіч, М.Кулеша, М.Падалінскі. Вял.маст. спадчыну пакінуў Н.Орда, аўтар графічных і акварэльных замалёвак гіст. помнікаў і мясцін Беларусі. Замалёўкі, накіды, станковыя графічныя творы стваралі жывапісцы В.Ваньковіч, Я.Дамель, Я.Сухадольскі, А.Шэмеш. У станковай скульптуры дамінуючым стылем быў класіцызм (уплывы барока і ракако захоўваліся пераважна ў драўлянай культавай скульптуры). Яе прадстаўнікі (Я.Астроўскі, Я. і К. Ельскія, К.Кавалеўскі, Р.Слізень) працавалі ў круглай скульптуры і дробнай пластыцы, рэльефе, партрэтным жанры, стваралі рэліг. кампазіцыі, скульпт. ўбранне палацаў і сядзіб.
У 2-й пал. 19 ст. працягваўся працэс дэмакратызацыі выяўл.мастацтва, узрасла роля рэалістычных прынцыпаў паказу рэчаіснасці. Бел. мастакі вучыліся ў рысавальнай школе ў Вільні, у маст. установах Пецярбурга, Масквы, Кіева, Варшавы, Адэсы. Пашыраліся ўзаемасувязі бел. мастакоў з творчай інтэлігенцыяй Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, што ўзбагачала бел.выяўл.мастацтва новымі тэмамі, вобразамі. Вядучая роля ў станковым жывапісе належала гіст. жанру, у якім разам з рысамі рамантызму прысутнічала рэалістычная, акрэслівалася сац. праблематыка. Аўтары звярталіся да падзей далёкага мінулага Беларусі (К.Альхімовіч, Я.Манюшка, І.Трутнеў). У развіцці быт. жанру адбыліся істотныя змены, акрэсленыя грамадска-паліт. жыццём краю, што прывяло да ўсталявання ў творах жыццёва пераканаўчага, праўдзівага вобраза селяніна (К.Альхімовіч, Д.Баркоўскі, Ф.Гарэцкі, У.Дмахоўскі, Н.Сілівановіч). Мастакі аддавалі перавагу аднафігурным кампазіцыям, шырока выкарыстоўвалі матывы пейзажу, этнагр. дакладнасць. У 2-й пал. 19 ст. пейзажны жанр пачаў набываць самаст. значэнне, стаў увасабленнем грамадскіх, дэмакр. ідэалаў. Пейзажысты імкнуліся паказаць прыгажосць роднай зямлі, знайсці паэзію ў звычайным, паўсядзённым (М.Атрыганьеў, А.Гараўскі, І.Гараўскі). У партрэтным жывапісе павялічвалася цікавасць мастакоў да перадачы псіхалагічнага стану асобы, яе сац. прыналежнасці (А.Гараўскі, А.Ромер, Б.Русецкі, Н.Сілівановіч). Манументальна-дэкар. жывапіс заставаўся гал. сродкам у фарміраванні інтэр’ераў культавых і свецкіх будынкаў. На змену колішняй ідэалагічнай абвостранасці прыйшлі дэкар. рашэнні. Мастакі часта звярталіся да выяўлення жывапіснымі сродкамі архітэктурных дэталей, ляпніны, працуючы ў тэхніцы грызайль (царква Раства Багародзіцы ў в. Дубай Пінскага р-на, касцёлы ў в. Мікелеўшчына Мастоўскага р-на, в. Вішнева Валожынскага р-на, Вялікія Эйсманты Бераставіцкага р-на, г. Ваўкавыск; усе 2-я пал. 19 ст.). Выконваліся таксама размалёўкі тэмперай у традыцыях позняга класіцызму (царква ў в. Руднікі Пружанскага р-на). Скульптура развівалася пад уплывам класіцызму і акадэмізму і мела пераважна прыкладны характар — творы для садоў, паркаў, культавых пабудоў. Побач з традыц. алегарычнымі, міфалагічнымі персанажамі ствараліся выявы сялян, гіст. асоб, дзеячаў культуры і мастацтва (К.Барычэўскі, Г.Дмахоўскі, А.Ромер, А.Скірмунт). Эмацыянальнай выразнасцю і непасрэднасцю адметныя многія творы культавай драўлянай пластыкі, якая абапіралася на традыцыі нар.мастацтва. У творчасці графікаў з сярэдзіны 19 ст. ўзмацніліся агульнаграмадскі кірунак і сац. вастрыня. Значную цікавасць майстры праяўлялі да фальклору, нар. культуры.
Для бел. культуры канца 19 — пач. 20 ст. характэрна імкненне да стварэння нац.маст. школы, да пошуку нац. своеасаблівасці ў мастацтве. Актывізацыя маст. жыцця вяла да стварэння таварыстваў аматараў прыгожых мастацтваў, арганізацыі выставак. У гарадах адкрываліся прыватныя маст. школы (школа Ю.Пэна ў Віцебску, В.Мааса ў Мінску, Ф.Пархоменкі ў Магілёве). У выяўл. мастацтве вырасла цікавасць да сац. праблематыкі, творы набылі больш эмацыянальны і выразны характар, асаблівая ўвага аддавалася каларыту, лініі, сілуэту, колеравай гаме. У станковым жывапісе дамінуючымі жанрамі сталі пейзаж (В.Бялыніцкі-Біруля, Г.Вейсенгоф, С.Жукоўскі, Ф.Рушчыц, К.Стаброўскі), бытавы жанр (Л.Альпяровіч, Ю.Пэн), партрэт (Л.Альпяровіч, Р.Баброўскі, Я.Кругер, Ю.Пэн). Амаль зусім знік гіст. жанр. Манументальна-дэкар. жывапіс развіваўся пад уплывам пошуку новых фармальных прыёмаў, засваення забытых тэхнік, стылістыкі мадэрна, звароту да традыцый візантыйскага і гатычнага мастацтва. Аднавілася цікавасць да мазаікі, вітража (мазаіка Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы, мемарыяльнай капліцы ў гонар 200-годдзя перамогі рус. войск каля в. Лясная Слаўгарадскага р-на, мазаічнае маёлікавае пано на фасадзе будынка зямельнага банка ў Віцебску). Канец 19 — пач. 20 ст. стаў этапам у станаўленні тэатральна-дэкар.мастацтва. Узнікненне нац. тэатра, дзейнасць часовых антрэпрыз, аматарскіх і паўаматарскіх труп садзейнічалі ўдасканальванню тэатр. дэкарацый. Мастакі імкнуліся дакладна паказаць побыт бел. народа, асаблівую ўвагу звярталі на касцюм, этнагр. дакладнасць. У гэты перыяд асаблівага росквіту дасягнула графіка, якая вызначалася дэмакратычнасцю, пашырэннем сац. праблематыкі, імкненнем да стварэння нац. вобразаў. Яна прадстаўлена станковымі творамі, кніжнай ілюстрацыяй, сатыр. малюнкамі, плакатам (С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Драздовіч, К.Каганец, А.Каменскі). Развіццё скульптуры запаволілася, яна часта знаходзілася ўбаку ад тагачаснага грамадска-паліт. жыцця і набывала камернасць. У ёй адчувальны ўплыў імпрэсіянізму і мадэрна (В.Бубноўскі, Г.Вейсенгоф, К.Змігродскі, М.Міхалап, Я.Тышынскі). Скульптары звярталіся пераважна да партрэта і анімалістычнага жанру.
І.Хруцкі. Бітая дзічына, гародніна, грыбы. 1854.Я.Астроўскі. Ю.Нямцэвіч. 1850-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЯЎЛЕНЧАЕМАСТАЦТВА 1920—30-х гадоў.
Яго развіццю ў БССР спрыяла дзейнасць нар.маст. школы ў Віцебску, маст. студый у Віцебску, Магілёве (кіраўнік Ф.Пархоменка), Гомелі, Оршы і Мінску (пад кіраўніцтвам Я.Кругера, Г.Віеру, А.Тычыны), а таксама майстэрні М.Філіповіча, Ф.Сяргеева. Адначасова мастакі атрымлівалі адукацыю ў Вільні, Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Варшаве, Кракаве. На развіццё выяўл.мастацтва значна паўплывалі створаныя ў 1927 Усебел. асацыяцыя мастакоў (з філіяламі ў Віцебску, Гомелі, Маскве і Ленінградзе; у 1928 рэарганізавана ў Рэвалюцыйную арганізацыю мастакоў Беларусі) і аб’яднанне «Прамень», у якое ўваходзілі мінскія мастакі.
У Зах. Беларусі цэнтрам маст. жыцця была Вільня, дзе ў 1919 быў адроджаны Віленскі ун-т, пры Віленскай бел. гімназіі ў 1926—27 дзейнічала маст. студыя-майстэрня Я.Драздовіча. Пошукі нац. адметнасці, уласцівыя бел. мастакам, у значнай ступені абапіраліся на традыцыі віленскай школы. Творчасць Б.Кубіцкага, Ф.Рушчыца, Л.Сляндзінскага і інш. развівалася пад уплывам агульнаеўрап. плыней.
Адно з вядучых месцаў у мастацтве пач. 1920-х г. займалі агітацыйнае і афармленчае мастацтва. Эскізы размалёвак афармлення Віцебска ў 1918—19 выконвалі А.Бразер, М.Шагал, С.Юдовін, Д.Якерсон, а ў 1920-я г. — К.Малевіч і члены арганізацыі «УНОВИС» В.Ермалаева, М.Коган, Л.Лісіцкі, М.Суэцін, І.Чашнік і інш. Афармленнем Гомеля займаліся мастакі студыі імя Урубеля, у Мінску — М.Цэханоўскі і У.Страмінскі. Развіваліся агітацыйныя графіка і плакат: А.Быхоўскі, М.Волк, А.Гефтэр, Ф.Іванчук, С.Каўроўскі, Л.Лісіцкі, Л.Фрындлендэр, Я.Целішэўскі, С.Юдовін, для творчасці якіх характэрны метафарычныя элементы, графічны лаканізм і ўздзеянне авангардных плыней. Агітацыйны плакат сустракаўся ў творчасці А.Ахола-Вало, А.Быхоўскага, П.Гуткоўскага, В.Дваракоўскага, Я.Драздовіча, Г.Зархі, Ф.Іванчука, В.Карамышына, М.Станюты, Б.Ульпі. Лозунгавы характар агітац. графікі сярэдзіны 1920-х г. змяніўся сюжэтнымі кампазіцыямі. Значны ўплыў на развіццё скульптуры ў першыя паслярэв. гады зрабіў т.зв. ленінскі план манум. прапаганды. У адпаведнасці з ім у розных гарадах рэспублікі былі ўстаноўлены часовыя помнікі дзеячам міжнар.рэв. руху, выкананыя А.Бразерам, К.Елісеевым, В.Мацвеевым, М.Цэханоўскім, Д.Якерсонам. Яркія нар. вобразы створаны З.Азгурам, А.Бразерам, А.Грубэ. Развіццю бел. скульптуры садзейнічала адкрыццё ў Віцебскім маст. тэхнікуме скульпт. аддзялення (1924), якое ўзначаліў М.Керзін. Выпускнікі гэтага аддзялення (З.Азгур, А.Бембель, А.Глебаў, А.Арлоў, А.Жораў, Г.Ізмайлаў) разам з М.Керзіным выканалі скульпт. афармленне Дома ўрада ў Мінску на тэмы рэв. барацьбы, гісторыі станаўлення сав. улады на Беларусі (1931—35). Адметнае месца ў жывапісе гэтага часу займае віцебскі перыяд творчасці М.Шагала і К.Малевіча, творчая практыка групы «УНОВИС». У выяўл. мастацтве 1920 — пач. 1930-х г. адлюстраваліся ідэі адраджэння нац. культуры, багатыя гіст. і культ. традыцыі народа і побыт беларусаў, вобразы славутых гіст. асоб Беларусі, помнікі архітэктуры ў творах Я.Драздовіча, А.Грубэ, У.Кудрэвіча, П.Сергіевіча, М.Сеўрука, М.Станюты, А.Тычыны, М.Філіповіча і інш. У пейзажах 1920-х г. пераважала адданасць рэаліст. кірунку, не пазбаўленаму ўплываў імпрэсіянізму (У.Кудрэвіч, панарамныя пейзажы В.Волкава). Сярод інш. пейзажыстаў П.Мрачкоўская, Ф.Пархоменка, Д.Полазаў, Ю.Пэн, М.Сляпян, М.Станюта. 1920-я г. былі пачаткам фарміравання маст. школы бел.сав. графікі; побач з агітацыйнай масавай графікай развівалася станковая, часопісна-газетная, прыкладная, тэатральны плакат: творы І.Валадзько, П.Гуткоўскага, П.Мрачкоўскай, І.Пляшчынскага, М.Філіповіча і інш. У ліку найб. пашыраных былі пейзаж (малюнкі тушшу А.Астаповіча), архітэктурныя матывы (ксілаграфіі З.Гарбаўца, Я.Мініна, С.Юдовіна), індустрыяльныя замалёўкі (лінагравюры А.Тычыны), нацюрморт (акварэлі М.Тарасікава). З сярэдзіны 1920-х г. пачала развівацца кніжная графіка (П.Гуткоўскі, В.Дваракоўскі, Г.Змудзінскі, М.Лебедзева, В.Літко, Б.Малкін, А.Тычына, М.Філіповіч, М.Эндэ і інш.). Графіка ў часопісах («Маладняк», «Світанак», «Наддзвінне» і інш.) набыла выразную сацыяльна-грамадскую накіраванасць у афармленні А.Ахола-Вало, П.Гуткоўскага, В.Дваракоўскага, А.Пузынкевіча, А.Тычыны і інш. Развіваліся карыкатура, шарж. Важную ролю ў фарміраванні тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва адыграла творчасць мастакоў тэатра імя Я.Купалы (БДТ, з 1926 БДТ-1). У бел. дэкарацыйным мастацтве найб. плённымі былі творчыя пошукі ў афармленні нац. твораў, дзе яскрава раскрываўся пафас барацьбы народа за лепшую будучыню: мастакі К.Елісееў, А.Марыкс.
Пераважная большасць твораў мастакоў Сав. Беларусі экспанавалася на маст. выстаўках (1-я адбылася ў ліст. 1919 у Віцебску, пазней у Бабруйску), а таксама на 1—4-й Усебел. выстаўках (1925, 1927, 1929 і 1931). Значная роля ў вызначэнні шляхоў развіцця мастацтва ў 1930-я г. належыць Усебел. канферэнцыі мастакоў (1931) і 1-му з’езду мастакоў (1938). Гал. рысай мастацтва 1930-х г. з’яўлялася прапагандысцкая функцыя, уплыў на масавую свядомасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічала зацвярджэнне адзінага творчага метаду — сацрэалізму. У жывапісе асаблівая папулярнасць належала сюжэтна-тэматычнай карціне, у аснову якой былі пакладзены традыцыі рус. рэалістычнага мастацтва 19 ст. Разам з тым творы вылучаліся больш складанай кампазіцыйнай пабудовай, выразнай дынамікай рытмаў, шматпланавым сюжэтным дзеяннем, разгорнутай апавядальнасцю. Сярод найб. значных тэм — героіка-рэвалюцыйная, вытв., калгасная, ваенная, спарт., святочна-трыумфальная, а таксама пейзаж, нацюрморт і партрэт. Гіст. тэма займала важнае месца ў творчасці С.Андруховіча, І.Ахрэмчыка, Г.Бржазоўскага, Г.Віеру, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, М.Гусева, І.Давідовіча, В.Дзежыца, Я.Зайцава, Г.Змудзінскага, К.Касмачова, А.Кроля, Я.Кругера, М.Манасзона, Л.Рана, В.Руцая, Ф.Фогта, У.Хрусталёва, Я.Ціхановіча, М.Эндэ.
У 1930-я г. тэматычныя карціны, скіраваныя на адлюстраванне вытв. працэсаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, займалі дамінуючае месца ў творчасці І.Ахрэмчыка, Г.Віера, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, М.Даўгялы, А.Заборава, Дз.Камарова, А.Каржанеўскага, Я.Красоўскага, Я.Кругера, С.Лі, А.Шаўчэнкі, М.Філіповіча. Паэтычныя і рамантычныя сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя жыццю і побыту людзей, пераважалі ў творах А.Волкава, Я.Красоўскага, Л.Лейтмана, У.Хрусталёва, Я.Ціхановіча. Сярод твораў манум. жывапісу кампазіцыі І.Ахрэмчыка, В.Волкава. Цэнтр. вобразы ў партрэтах — рабочы, селянін і салдат, ударнікі працы, калгаснікі, лётчыкі, камандзіры, камсамольцы, піянеры (творы А.Волкава, Дз.Камарова, Н.Тарасікава, Я.Ціхановіча). Вобразы сав. правадыроў, зведзеныя да некалькіх кампазіцыйных схем, пазбаўлены эмацыянальнай афарбоўкі (творы В.Волкава, М.Гусева, І.Давідовіча, Я.Ціхановіча). Псіхалагізм вобразаў, дасканала адлюстраваная індывідуальнасць уласцівы партрэтам І.Ахрэмчыка, В.Волкава, М.Гусева, Я.Кругера, У.Кудрэвіча, Д.Полазава, М.Станюты, М.Тарасікава, Р.Семашкевіча, М.Філіповіча, групавым партрэтам У.Руцая. Сярод нешматлікай колькасці камерных партрэтаў творы П.Явіча, жанравыя — Ю.Пэна. У пейзажы важным вобразным элементам стала адлюстраванне працы сав. чалавека, бурных працэсаў сацыяліст. будаўніцтва: У.Кудрэвіч, М.Дучыц, А.Шаўчэнка, Б.Звінагродскі, С.Лі, Г.Ізергіна. Паступова больш урачыста пафасны характар набыла сав.быт. карціна: А.Волкаў, І.Давідовіч, Я.Красоўскі, У.Хрусталёў. Пашырылася таксама тэма спорту.
У творчасці шэрагу мастакоў Зах. Беларусі (М.Сеўрук, П.Сергіевіч) у 1930-я г. цэнтральнае месца занялі рамантычнага характару жанравыя кампазіцыі, партрэты і пейзажы, у якіх адлюстраваны падкрэслена нац. вобразы, паэтычныя эпізоды сялянскага жыцця і побыту, эмацыянальна выразныя вобразы роднай прыроды.
Росту майстэрства мастакоў-графікаў садзейнічала адкрыццё ў Віцебскім маст. тэхнікуме графічнага аддзялення (1930). У розных тэхніках працавалі Ф.Фогт (літаграфія), Л.Лейтман (акварэль), М.Тарасікаў і А.Бразер (малюнак тушшу), Б.Малкін (афорт). Тэматыка іх твораў самая разнастайная: сатыр. малюнкі, водгук на паліт. падзеі, ілюстрацыі да літ. твораў, плакаты. У афармленні кніг, сярод якіх вырасла колькасць твораў рус. класікаў, прымалі удзел Б.Басаў, А.Волкаў, М.Гусеў, М.Карпенка, М.Лебедзева, М.Малевіч, Б.Малкін, І.Мільчын, Я.Мінін, А.Тычына, М.Эндэ і інш.Вытв. тэма дамінавала ў творах А.Астаповіча, А.Волкава, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана, Б.Малкіна, Л.Рана, М.Тарасікава, А.Тычыны, В.Ціхановіча і інш. У галіне манум. скульптуры створаны помнікі У.І.Леніну ў Полацку (1936) і ў Слуцку (1938) А.Бембелем, у Барысаве (1935) А.Грубэ, помнік Ф.Э.Дзяржынскаму ў Дзяржынску (1933) — А.Грубэ. У станковай скульптуры працавалі таксама А.Арлоў, А.Жораў, А.Глебаў, А.Грубэ і інш., у галіне скульптурнага партрэта — М.Керзін, А.Бразер, З.Азгур. Скульптары спрабавалі выйсці за межы аднафігурнай кампазіцыі (творы Л.Карпенкі, А.Арлова, А.Глебава, С.Селіханава). Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва 1-й пал. 1930-х г. характарызавалася эксперыментамі, пэўным адыходам ад рэалізму (М.Аксельрод, С.Тоўбін), захапленнем кубафутурызмам, экспрэсіянізмам, канструктывізмам. Але гэтыя пошукі ў хуткім часе закончыліся вяртаннем на рэаліст. пазіцыі. Гэтаму садзейнічаў і рэпертуар бел. тэатраў, які папоўніўся новымі сучаснымі творамі. Сярод дэкарацыйных вырашэнняў вылучалася сцэнаграфія Я.Нікалаева, Дз.Уласюка, І.Ушакова. У сярэдзіне 1930-х г. прыйшло новае пакаленне мастакоў-дэкаратараў: М.Блішч, У.Кульваноўскі, П.Масленікаў, І.Пешкур, І.Санін. У канцы 1930 — пач. 1940-х г. выкарыстоўваліся пераважна рэаліст. сродкі выразнасці, традыцыі рус. сцэнаграфіі (дэкарацыі А.Басулаева, А.Марыкса, Я.Нікалаева, З.Сірвінта, І.Ушакова, К.Ціханава і інш.).
А.Бембель. Гарэльеф у Доме ўрада ў Мінску. 1936.М.Філіповіч. Казачны сюжэт. 1920-я г.Я.Драздовіч. Сустрэча вясны на Сатурне. 1932.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
выяўле́нчы, ‑ая, ‑ае.
Які дае магчымасць наглядна паказаць, адлюстраваць што‑н. Выяўленчыя сродкі.
•••
Выяўленчаемастацтвагл.мастацтва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
выяўле́нчы, -ая, -ае (кніжн.).
Які дае магчымасць наглядна паказаць, адлюстраваць што-н.
Выяўленчыя сродкі.
○
Выяўленчаемастацтва — назва мастацтва, у творах якога вобраз увасоблены на плоскасці ці ў прасторы (жывапіс, графіка, скульптура, а таксама архітэктура).
|| наз.выяўле́нчасць, -і, ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
graphic arts[ˌgræfɪkˈɑ:ts]n.
1. гра́фіка
2.выяўле́нчаемаста́цтва
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
graphic arts
выяўле́нчаемаста́цтва
Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)
fine arts[ˌfaɪnˈɑ:ts]n.pl.the fine artsвыяўле́нчаемаста́цтва
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)