помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана, ў 1614 (паводле інш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. на в-ве Замак на воз. Дрысвяты ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Пабудаваны на гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры і перыяду Кіеўскай Русі 10—13 ст. Пляцоўка замка (75 × 50 м) мела авальную форму, узвышалася над паверхняй возера на 6—7 м, была абкружана валам. У ганцы 14 — пач. 15 ст. на востраве стаяў «двор Дрысвяты» вял.кн.ВКЛ Вітаўта, пазней — караля Аляксандра. У пісьмовых крыніцах замак згадваецца ў 1514, 1557, 1561 і ў часы Лівонскай вайны 1558—83. Перастаў існаваць у 2-й пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАГЕНА́ЗЫ,
ферменты класа аксідарэдуктаз, што каталізуюць акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі пераносу вадароду (электрона) ад субстрату да акцэптара. Вельмі пашыраны ў прыродзе, удзельнічаюць у рэакцыях, што складаюць аснову акіслення біялагічнага і энергет. забеспячэння клетак (гл.Дыханне), некаторыя ў аднаўленчых біясінт. працэсах.
Паводле хім. прыроды Д. — пратэіды з пірымідзінавымі (НАД, НАДФ) ці флавінавымі (ФАД, ФМН) каферментамі — акцэптарамі атамаў вадароду. Падзяляюцца на аэробныя (пераносяць вадарод непасрэдна на малекулярны кісларод) і анаэробныя (акцэптарам вадароду можа быць іншая Д.). Назва Д. даецца па субстраце, што акісляецца (напр., Д., якая дэгідрыруе этылавы спірт, наз. алкагольдэгідрагеназай, малочную кіслату — малатдэгідрагеназай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМО́ЎСКІ ((Gumowski) Марыян) (30.9.1881, в. Красценка-над-Дунайцам Новасандэцкага ваяв., Польшча — 1.11.1974),
польскі нумізмат, гісторык, музеязнаўца. З 1900 дырэктар музея Чапскіх і хавальнік Нац. музея (Кракаў). У 1909—19 рэдактар час.«Wiadomości Numizmatyczno-Archeologiczne» («Нумізматычна-археалагічныя паведамленні»). У 1919—32 дырэктар Велікапольскага музея ў Познані. Пасля 2-й сусв. вайны выкладаў у Торуньскім ун-це нумізматыку і стараж. гісторыю (да 1955). Аўтар каля 400 прац і паведамленняў з галіны нумізматыкі, сфрагістыкі, геральдыкі, гісторыі і мастацтва («Медалі Ягелонаў», 1906; «Пячаткі польскіх каралёў», 1910; «Падручнік польскай нумізматыкі», 1914; «Гербы польскіх гарадоў», 1960; манаграфіі па гісторыі польскіх манетных двароў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙЛІ́ДА (Віктар Браніслававіч) (н. 28.9.1930, в. Славінск Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Баранавіцкі настаўніцкі (1952) і Мінскі пед. (1957) ін-ты. Настаўнічаў, працаваў дырэктарам школ у Баранавіцкім і Слуцкім р-нах. У 1973—82 нам. дырэктара Бюро прапаганды маст. л-ры СП Беларусі. Друкуецца з 1953. Асн. тэматыка твораў — жыццё вёскі, цяжкія гады ваен. маленства (аповесць «Вясна была ранняя...», 1968; зб-кі апавяданняў і аповесцей «Вясна, хлопцы, вясна», 1966; «Была вайна...», 1969, «Буслы над вёскай», 1979).
Тв.:
Сустрэча з маленствам. Мн., 1980;
Пыжыкавая шапка: Гумарэскі. Мн., 1986;
Гарох пры дарозе: Аповесць і апавяданні. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬТАНА ЗАКО́НЫ,
1) адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога ціск сумесі газаў, якія хімічна не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, роўны суме парцыяльных ціскаў. Строга выконваецца для ідэальных газаў, набліжана — для рэальных газаў пры значэннях т-р і ціскаў, далёкіх ад крытычных.
2) Закон растваральнасці газаў у вадкасцях, паводле якога пры пастаяннай т-ры растваральнасць кожнага з кампанентаў газавай сумесі над вадкасцю прапарцыянальная яго парцыяльнаму ціску. Кожны газ раствараецца так, як быццам астатніх кампанентаў няма. Набліжана прыдатны для рэальных газаў пры ўмове невял. канцэнтрацыі газу ў растворы. Д.з. адкрыты Дж.Дальтанам у 1801 і 1803.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАГЕ́ННАЯ СІСТЭ́МА,
макраскапічна неаднародная фізіка-хімічная сістэма, якая складаецца з некалькіх розных па фіз. уласцівасцях ці хім. саставе частак (розных фаз).
Адна фаза гетэрагеннай сістэмы аддзелена ад сумежнай з ёй фазы фіз. паверхняй падзелу, што дазваляе механічна раздзяліць іх. Напр., вадкасць і насычаная пара над ёй (розніца ў агрэгатным стане); дзве вадкасці, якія не змешваюцца паміж сабой, — алей і вада (розніца ў саставе). Мікрагетэрагеннымі часта называюць дысперсныя сістэмы з памерамі часцінак ад 5∙10−3 да 10 мкм (золі, мікраэмульсіі і інш.), якія складаюць пераходную вобласць паміж гетэрагеннай сістэмай і гамагеннай сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАЧНАСЦЬ,
1) сукупнасць воблакаўнад пэўнай тэрыторыяй або ў атмасферы.
2) Ступень укрыцця неба воблакамі па 10-бальнай шкале ці ў працэнтах. Нуль балаў (працэнтаў) адпавядае бязвоблачнаму небу, 10 балаў (100%) — поўнаму ўкрыццю неба воблакамі. У сярэднім воблакі ўкрываюць каля палавіны зямнога шара, найменшая воблачнасць у трапічных пустынях, найбольшая ў раёнах з экватарыяльным і мусонным кліматам. На тэр. Беларусі воблачнасць у сярэднім за год 6—7 балаў. Воблачнасць уплывае на надвор’е і клімат: зімой і ноччу перашкаджае зніжэнню т-ры, летам і днём памяншае награванне зямной паверхні сонечнымі прамянямі, змякчае клімат унутры мацерыкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАВА (Людміла Пятроўна) (н. 29.7.1944, г. Рубцоўск, Расія),
бел. графік. Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1967). Працуе ў галіне акварэлі і пастэлі. Створаны ёю фантаст.-казачны свет вобразаў навеяны літ. творамі або ўласнымі ўяўленнямі; мнагамернасць вобразнасці набліжае творы да традыцый сімвалізму. Сярод твораў: «Над возерам» (1967), «Марс. Зямляне» (1969), «Стары Віцебск» (1981), «Сінія кветкі» (1990), «Нацюрморт са званочкамі» (1991), «Кветкі і кераміка» (1992), «Кентаўр», «Флора» (абодва 1994), «Іншыя светы» (1995); серыі «Восень» (1975), «Фантастыка» (1977), «Крылатыя» (1993), «Багі — прывіды цемры» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫ́ЛІЯ (ад грэч. eidyllion карцінка),
1) спакойнае, нічым не засмучанае, шчаслівае існаванне (часам — у іран. сэнсе).
2) У літаратуры жанравая разнавіднасць букалічнай паэзіі; верш з апісаннем спакойнага, сціплага жыцця звычайна на ўлонні прыроды. Стваральнік жанру стараж.-грэч. паэт Феакрыт. Яго І. вылучаюцца тонкасцю пачуццяў, майстэрствам адлюстравання быт. тыпаў і замалёвак прыроды, ідэалізацыяй побыту пастухоў, рыбакоў, сялян, што выклікала вял. колькасць перайманняў. У бел. паэзіі выкарыстоўваліся толькі ідылічныя матывы (вершы «Ціхі і сіні блішча над хатай...» М.Багдановіча, «Вясна», «Як я полем іду...» Я.Купалы, «Усход сонца», «Каханне» Я.Коласа і інш.).