кірунак грамадска-паліт. думкі, які спалучае агульнадэмакр. ідэі і мэты з задачамі сац. і нац. вызвалення прыгнечаных народаў. Яго ідэйныя вытокі ў ідэалогіі Асветніцтва, якая была цесна звязана з рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. рухам за дасягненне паліт. самастойнасці, адраджэнне нац. самасвядомасці і культуры.
За ўстанаўленне ў дзяржаве суверэнітэту народаў на аснове грамадскага дагавору, ажыццяўленне гуманіст. ідэалаў сац. справядлівасці, дэмакратыі і свабоды людзей выступалі Вальтэр, П.Гольбах, Д.Дзідро, Ж.Ж.Русо (Францыя), Дж.Лок; Ф.Бэкан, Дж.Свіфт (Англія), Г.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ (Германія), бел. мысліцелі-асветнікі Б.Дабшэвіч, Г.Каніскі, І.Капіевіч, М.Матушэвіч, К.Нарбут, А.Нарушэвіч, І.Страйноўскі і інш. Гэтыя ідэі далей развіты ў эпоху фарміравання нацый і стварэння нац. дзяржаў у Зах. і Усх. Еўропе, Паўн. Амерыцы, пазней у нац.-вызв. руху каланіяльных краін.
На Беларусі фарміраванне ідэалогіі Н.-д. непасрэдна звязана з паспяваннем сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве па забеспячэнні суверэнных правоў бел. народа на самаст.паліт. і культ. развіццё. Перадумовы для яго ўзнікнення складаліся ў працэсе развіцця беларусазнаўства, культ.-асв. і выхаваўчай дзейнасці патрыят. арг-цый, т-ваў філаматаў і філарэтаў у Віленскім ун-це, нелегальнага «Дэмакратычнага таварыства» ў Віленскай мед. акадэміі і інш. Важную ролю ў пашырэнні гэтых ідэй адыгралі К.Каліноўскі і яго «Лісты з-пад шыбеніцы», газ.«Мужыцкая праўда», час.«Гомон». Самастойны характар гісторыібел. народа раскрывалі ў сваіх творах Ф.Багушэвіч, Я.Лучына (І.Л.Неслухоўскі), М.В.Доўнар-Запольскі, У.М.Ігнатоўскі, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, А.Г.Гурыновіч, вучоныя-славісты і этнографы М.А.Янчук, У.М.Дабравольскі, Я.Ф.Карскі, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, І.А.Сербаў, А.К.Сержпутоўскі і інш.Тэарэт. абгрунтаванню права бел. народа на развіццё сваёй дзяржаўнасці, мовы і культуры шмат увагі аддавалі газ.«Наша доля» і «Наша ніва». На платформе Н.-д. стаялі Беларуская сацыялістычная грамада (1903—18), бел.нац. грамадскія арг-цыі на чале з Беларускім народным камітэтам у Вільні, нац. арг-цыі, т-вы, гурткі, суполкі і згуртаванні ў Петраградзе, Маскве, Яраслаўлі і інш. гарадах, дзе было шмат беларусаў-бежанцаў 1-й сусв. вайны, рабочых, салдат, матросаў. Мэта ўтварэння бел. дзяржаўнасці (у форме аўт. часткі Рас.дэмакр. рэспублікі, літ-бел. канфедэрацыі або незалежнай дзяржавы) аб’ядноўвала ўсе плыні бел.нац. руху, на якія ён пачаў размяжоўвацца пасля Лют. рэвалюцыі 1917 і канчаткова раскалоўся пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Практычным увасабленнем ідэалогіі Н.-д. была палітыка беларусізацыі, ажыццяўленне якой у 1920-я г. дазволіла сфарміраваць нац. сістэму адукацыі, сродкі масавай інфармацыі, кнігавыдавецкую справу і актывізаваць удзел беларусаў у культ. і гасп. жыцці. У сярэдзіне 1920-х г.Н.-д. быў абвешчаны «контррэвалюцыйнай плынню», «правым ухілам», «варожай антысавецкай ідэалогіяй і практыкай». У рамках барацьбы супраць Н.-д. органамі НКУСБССР была ўзбуджана справа аб т.зв.«Саюзе вызвалення Беларусі», а таксама шэраг спраў, па якіх да крымінальнай адказнасці неабгрунтавана прыцягнуты і рэпрэсіраваны многія прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі (гл.«Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Аб’яднанае антысавецкае падполле»), У ліку афіц. дакументаў, накіраваных на пераадоленне Н.-д., была пастанова ЦККП(б)Б «Аб фактах пранікнення класава-варожых, нацыянал-дэмакр. уплываў у маст. л-ры» (1933). У 1980—90-х г. работу па адраджэнні нац. традыцый і духоўных дэмакр. каштоўнасцей бел. народа працягвалі маладзёжныя нефармальныя аб’яднанні «Талака», «Паходня», «Тутэйшыя», грамадскія аб’яднанні і партыі Мартыралог Беларусі, «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» і інш.Асн. палажэнні праграм іх дзейнасці (пра вяршэнства нацыі ў яе самавызначэнні, пра фактычную і юрыд. прыналежнасць усёй дзярж. улады народу, захаванне нац. традыцый, гісторыка-культ. спадчыны і інш.) знайшлі адлюстраванне ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, і інш. заканадаўчых актах. Гарантыяй далейшага развіцця гэтых ідэй з’яўляюцца ўмацаванне дзярж. незалежнасці, развіццё ўсіх сфер жыцця бел. грамадства з улікам патрэб і нац. інтарэсаў краіны, агульнагуманіст. каштоўнасцей сусв. цывілізацыі.
Літ.:
Канчар А. Класавае, нацыянальнае і рэлігійнае змаганьне на Беларусі. Вільня, 1921;
Турук Ф. Белорусское движение: Репринт. Мн., 1994;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
Крыжовы шлях. Мн., 1993;
Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯГРАФІ́ЧНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ,
перыядычныя выданні, у якіх вядзецца ўлік і рэферыраванне твораў друку і аўдыёвізуальных матэрыялаў, асвятляюцца пытанні гісторыі, тэорыі, методыкі і арганізацыі бібліягр. дзейнасці. Падзяляюцца на міжнар. і нац., універсальныя і галіновыя.
Бібліяграфічныя часопісы, якія адлюстроўваюць нац. друк, выдаюцца ў большасці краін свету: у Францыі («Bibliographie de la France», «Бібліяграфія Францыі», з 1811), Італіі («Bibliografia nationale Italiana», «Нац. бібліяграфія Італіі», з 1886), ЗША («Cumulative Book Index», «Кумулятыўны паказальнік кніг», з 1898), Расіі («Книжная летопись», з 1907), на Украіне («Літопис книг», «Летапіс кніг», з 1924), у Польшчы («Przegodnik bibliograficzny», «Бібліяграфічны даведнік», з 1946), Кітаі («Цюаньго сінь шуму», «Усекітайскі паказальнік новых кніг», з 1951) і інш. сярод міжнародных бібліяграфічных часопісаў выданні ЮНЕСКА «Index translatonum» («Паказальнік перакладаў», з 1949), «Библиография, документация, терминология» (з 1961). Акрамя універсальных выходзяць галіновыя бібліяграфічныя часопісы: «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА з 1980), «Humanities index» («Паказальнік па гуманітарных навуках», ЗША з 1975), «British technology index» («Паказальнік брытанскай тэхналогіі», Вялікабрытанія, з 1962) і інш.
У СССР выходзілі бібліяграфічныя часопісы, у якіх адлюстроўваліся друкаваныя творы на ўсіх мовах народаў СССР: «Нотная летопись» (з 1931), «Летопись периодических и продолжающихся изданий» (з 1933), «Летопись изоизданий» (з 1934) і інш., а таксама бібліяграфічныя часопісы з інфармацыяй (у т. л. і бел.) аб матэрыялах з часопісаў і газет на рус. мове: «Летопись газетных статей» (з 1936), «Летопись рецензий» (з 1935) і інш. Цяпер гэтыя выданні, у т. л. і тэарэтыка-метадычны час. «Библиография», працягваюць выдавацца ў Расіі з расійскімі матэрыяламі. На Беларусі з 1924 Нац. кніжнай палатай Беларусі выдаецца «Летапіс друку Беларусі», які складаецца з 7 тыпаў летапісаў па відах выданняў: «Кніжны летапіс» (з 1924), «Летапіс нотаў» (з 1924), «Летапіс рэцэнзій» (з 1932), «Беларусь у сусветным друку» (з 1946), «Летапіс выяўленчага мастацтва» (з 1955), «Летапіс нарматыўна-тэхнічнай, тэхнічнай дакументацыі і выданняў вузкага прызначэння» (з 1985), «Летапіс картаграфічных выданняў» (з 1994). З 1995 з «Летапісу друку Беларусі» ў самастойныя выданні вылучаны «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца» (з 1925), «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934) і «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937). У 1932 у БССР выходзіў штомесячны час. «Кніга масам». Нац.б-ка Беларусі (да 1992 Дзярж.б-каБССР) у 1934 выдала 10 нумароў «Крытыка-бібліяграфічнага бюлетэня», у 1954—55 і 1958—59 — бюлетэнь «Новыя кнігі». Выдае штомесячны бюлетэнь «Новыя кнігі. Па старонках беларускага друку» (з 1960), шматгаліновыя бібліяграфічныя часопісы: «Зводны паказальнік замежных перыядычных выданняў, выпісаных бібліятэкамі Рэспублікі Беларусь на... год» (з 1945), «Зводны каталог новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэкі Рэспублікі Беларусь у ... годзе» (з 1969), «Грамадскія навукі» (з 1969), «Беларуская мова, літаратура, мастацтва» (з 1970), «Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках Беларусі» (з 1972), «Новая літаратура па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1972), «Сістэматычны паказальнік неапублікаваных дакументаў па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1978), «Штотыднёвы агляд літаратуры па культуры і мастацтву» (з 1986), «Чарнобыль» (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАНІ́СТЫКА,
1) комплекс навук, што вывучаюць мову, літаратуру, гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру германамоўных народаў.
2) Частка мовазнаўства, якая даследуе германскія мовы.
3) Абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. навук пра Германію і ням. мову.
Як галіна ведаў германістыка пачала складвацца ў 17 ст. на этапе фарміравання нацый у Еўропе, што выклікала цікавасць да гісторыі і культуры, фальклору, мовы і л-ры германскіх народаў. Барацьба за выкладанне ў школах і ун-тах не на лац., а на роднай мове абумовіла з’яўленне ў 15—17 ст. шматлікіх граматык асобных герм. моў, а таксама абудзіла цікавасць да збірання стараж. рукапісаў. Першым філолагам-германістам быў галандзец Ф.Юніус. Заснавальнікі навук. германістыкі — Р.К.Раск (у працы пра ісландскую мову ўпершыню даказаў агульнасць герм. моў і ўстанавіў іх гукавое падабенства з інш. індаеўрап. мовамі) і Я.Грым (гл. ў арт. пра братоў Грым), аўтар першай параўнальнай граматыкі герм. моў. Выданнем стараж. тэкстаў займаўся ням. філолаг К.Лахман. Якасна новы ўзровень германістыкі прыпадае на 1870—80-я г. на эпоху младаграматызму, калі даследчыкі германістыкі засяродзіліся на вывучэнні жывых герм. моў і дыялектаў, а таксама на рэканструкцыі герм. мовы-асновы (прамовы). У гэты час быў назапашаны вял. фактычны матэрыял. У наш час германістыка ахоплівае шырокае кола пытанняў: гіст. шляхі германцаў, фактары і рэгіёны іх міграцыі і аселасці, кірункі паліт. і культ. развіцця, спрадвечныя вераванні і рэліг. традыцыі, асаблівасці фарміравання нац. моў і іх дыялектаў, фалькл. і паэт. крыніцы, што даюць звесткі аб германцах і інш., а таксама кірункі разыходжання народаў і моў у новы і навейшы час, тэндэнцыі, якія вызначаюць іх сучаснае існаванне, агульную тыпалогію і спецыфіку кожнай мовы, л-ры і культуры ўвогуле. Цэнтрам сусв. германістыкі стала Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу (засн. у 1912).
На Беларусі склаліся свае традыцыі вывучэння германістыкі ў яе культ.-гіст. аспектах. У 1920-я г. цэнтрам германістыкі стаў БДУ. Плённы ўклад у германістыку зрабілі У.М.Перцаў, У.І.Пічэта, Е.І.Рыўлін, Я.Фейгельсон, М.А.Канаплін, С.Я.Вальфсон, У.Герчыкаў, А.Самахвалаў і інш. Пасля Вял.Айч. вайны распрацоўка пытанняў гіст. германістыкі звязана з імёнамі Л.М.Шнеерсона, Г.М.Трухнова, Д.С.Клімоўскага, Г.А.Космача, В.А.Космача, П.А.Шупляка, М.Г.Елісеева і інш. Упершыню праблематыка філал. даследаванняў па германістыцы была акрэслена ў арт. Т.С.Глушак «Стан германскага мовазнаўства на Беларусі» (1972). Праблемы германістыкі распрацоўваюць філолагі-германісты П.І.Копанеў, Г.А.Мятлюк, Ю.Г.Панкрац, Г.П.Кліменка, Дз.Г.Багушэвіч, а таксама А.М.Гарлатаў, Е.В.Зарыцкая, А.А.Мірскі, Е.В.Каранеўская, Т.В.Паплаўская, А.П.Дзеўкіна, І.І.Токарава, Л.М.Ляшчова і інш. Цэнтрамі германістычных даследаванняў у Беларусі сталі Мінскі лінгвістычны ун-т, Ін-тгісторыіНац.АН Беларусі, пытанні германістыкі вывучаюцца ў БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах, у інш.ВНУ краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕНТАРЫ́ (ад лац. inventarium вопіс),
апісанні феад. уладанняў у Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве, Венгрыі 16—1-й пал. 19 ст. У 16 ст. ў Беларусі побач з тэрмінам «І.» ужываліся «попіс», «рэестр». У 16 ст. ў асноўным складаліся на старабел. мове, з 17 ст. — па-польску, з 19 ст. — па-руску. У адных выпадках І. афармляліся як юрыд. дакументы (пры куплі-продажы маёнтка і інш.), у другіх — як улікова-гасп. дакументы, прызначаныя выключна для ўласных патрэб уладальніка. Найб. поўныя І. складаліся пры перадачы ўладання ў часовае карыстанне, напр. у арэнду, ці вяртанні яго ўласніку. І. звычайна меў тытульны ліст, дзе, як правіла, адзначалася назва маёнтка, каму ён належаў, калі, кім і з якой прычыны складаўся дакумент. Потым ішло апісанне панскага двара з пералікам і апісаннем хатняга і гасп. начыння, адзення. Адзначалася наяўнасць царквы ці касцёла. Далей называліся памеры пасеваў па культурах, колькасць ворнай, агароднай зямлі і сенажацяў, пералічваліся жывёла і птушка, давалася апісанне млыноў, кузняў і г.д., адзначалася існаванне рэчкі або сажалкі. Называліся памеры і крыніцы прыбыткаў уладання. Калі ў маёнтку была карчма, падаваўся прыбытак ад яе. Потым ішло апісанне сельскіх валасцей, гарадоў і мястэчак, а таксама фальваркаў. Апісанне гарадоў і мястэчак рабілася па вуліцах з указаннем прозвішча гаспадара і памераў падаткаў, прызначаных на яго. У вёсках гаспадары пералічваліся па дварах (дымах) з паказаннем колькасці зямлі (прысядзібнай, ворыва, сенажацей). Пасля правядзення валочнай памеры перапіс рабіўся па валоках. Але вельмі хутка перайшлі да падворнага перапісу, з пазначэннем колькасці зямлі ў кожнай гаспадарцы; абавязкова называлася прозвішча гаспадара, а ў некаторых выпадках пералічваліся ўсе працаздольныя мужчыны і асобна сыны, апісваўся зямельны надзел, павіннасці з яго. Змяшчаліся звесткі пра рабочую жывёлу ў кожным сялянскім дыме, зрэдку пералічвалася прадукцыйная жывёла, вуллі, сенажаці, што належалі вёсцы. Больш дэталёва павіннасці сялян адзначаліся ў канцы апісання кожнай вёскі або разам з гадавым даходам з усёй вёскі. Часам І. змяшчалі інструкцыі панскай адміністрацыі, аканомам. У некат. І. ёсць звесткі пра сял. абшчыну (грамаду), планы маёнткаў, малюнкі з сял. жыцця. Найб. цікавасць маюць І. буйных дзярж. уладанняў — каралеўскіх або велікакняжацкіх эканомій і старостваў, якія нярэдка змяшчаюць апісанні дзесяткаў і соцень сельскіх паселішчаў. Грунтоўнасцю і поўным апісаннем гасп. стану ўладання вылучаюцца І. буйных магнацкіх маёнткаў. І. уладанняў сярэдняй і дробнай шляхты захавалася значна менш. Некаторыя разнавіднасці І. маюць значна менш інфармацыі, напр. берчакі (пералік сял. гаспадарак з паказаннем надзелу і чыншу), люстрацыі (характэрныя для дзярж. і некат. царкоўных уладанняў). І. — найб. каштоўная і масавая крыніца па агр.гісторыі Беларусі, краязнаўстве, дэмаграфіі, этнаграфіі, мовазнаўстве; змяшчаюць звесткі з гісторыі рамяства, прамысловасці, архітэктуры, землеўпарадкавання, промыслаў і інш. Беларускія І. зберагаюцца ў архівах Мінска, Гродна, Вільнюса, Масквы, Пецярбурга, Варшавы, Кракава і інш.
Літ.:
Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́СЛЕННЕ,
форма духоўнай, пазнавальна-творчай дзейнасці чалавека, якая заключаецца ў мэтанакіраваным, апасродкаваным і абагульненым пазнанні прадметаў, з’яў і працэсаў і дае ўяўленне аб іх сутнасці, уласцівасцях, сувязях і адносінах; найвышэйшая ступень чалавечага пазнання. З’яўляецца функцыяй чалавечага мозга, уяўляе сабой прыродны працэс, не існуе па-за грамадствам, па-за мовай і па-за ведамі, што назапашаны чалавецтвам, а таксама па-за выпрацаванымі спосабамі і метадамі мысліцельнай дзейнасці — лагічнымі, матэматычнымі і інш. Чалавек здольны ўтвараць агульныя паняцці і іх сістэмы (тэорыі), рабіць лагічныя вывады і доказы. Вынікам М. з’яўляюцца: пастаноўка і вырашэнне практычных і тэарэт. праблем, пазнанне заканамернасцей развіцця прыроды, грамадства і самога М., прагназаванне падзей і дзеянняў. Здольнасць чалавека да М. дазваляе атрымліваць веды пра ўласцівасці, сувязі і адносіны аб’ектаў, якія недаступны непасрэднаму эмпірычнаму пазнанню, вызначаць магчымасці іх развіцця, рабіць лагічна абгрунтаваныя вывады, накіраваныя на рэгуляванне жыццядзейнасці грамадства і чалавека (дзейнасці, паводзін і адносін), на далейшае развіццё самога М. Можа быць канкрэтным або абстрактным у залежнасці ад накіраванасці на канкрэтныя ці ідэальныя прадметы. М. — гэта не «чыста» суб’ектыўная інтэлектуальная здольнасць і актыўнасць чалавека. Кожны асобны індывід становіцца суб’ектам М., калі ён авалодае паняццямі, логікай, мовай, якія самі з’яўляюцца прадуктам развіцця грамадска-гіст. практыкі і культуры. Грамадскія ўмовы, у якіх жыве чалавек, і культура — гэта не знешнія дэтэрмінанты М., а яго «ўнутраная форма», якая вызначае розныя тыпы сацыяльнасці і культуры М. Як вельмі складаны феномен М. з’яўляецца аб’ектам вывучэння розных навук: філасофіі (вывучае формы і законы М.), фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці (вывучэнне фізіял. апарата і механізмаў М.), гнасеалогіі (аналіз суб’ектыўнага і аб’ектыўнага, пачуццёвага і рацыянальнага, эмпірычнага і тэарэт.), логікі (навукі аб формах, правілах і аперацыях М), а таксама псіхалогіі, сацыялогіі, лінгвістыкі, кібернетыкі і інш. навук.
Веды аб М. з’явіліся спачатку ў рамках філасофіі і прывялі да вычлянення М. з агульнай сукупнасці псіхічных працэсаў. Пытанне аб прыродзе М., узаемаадносінах М. і быцця было цэнтр. праблемай у гісторыіфілас. думкі (гл.Свядомасць, Матэрыялізм, Ідэалізм). Змест і катэгарыяльная структура М. ўдасканальваюцца з развіццём пазнання і грамадскай дзейнасці чалавека, яго патрэб і інтарэсаў. У гісторыі чалавецтва вядомы розныя тыпы М.: магічнае, архаічнае, сімвалічнае, паняційнае, лагічнае і інш. У філасофіі былі і ёсць розныя падыходы да разумення прыроды і сутнасці М.: дыялект. матэрыялізм разглядае М. як вышэйшую ступень актыўнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці, а крытэрыем сапраўднасці М. лічыць практыку; неапазітывісцкія і інш. плыні аналіт. філасофіі вылучаюць на першы план фармальна-лагічныя аспекты М.; інтуітывісцкія, фенаменалагічныя і экзістэнцыялісцкія канцэпцыі разглядаюць М. як сузіранне ідэальных сутнасцей (фенаменалогія) або адмаўляюць здольнасць чалавека да рацыянальнага пазнання аб’ектыўнай рэчаіснасці (інтуітывізм, экзістэнцыялізм).
Літ.:
Брушлинский А.В., Поликарпов В.А. Мышление и общение. Мн., 1990;
Леви-Строс К. Первобытное мышление: Пер. с фр.М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),
галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв.археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац.гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял.франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.Ю.Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.Я.Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.Шліман, А.Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.С.Уварава, Д.Я.Самаквасава, Л.К.Іваноўскага, У.І.Сізова, А.А.Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.
На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.Нарбут, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.П.Тышкевічы, А.Г.К.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, В.А.Шукевіч, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Г.Х.Татур, Л.Ю.Лазарэвіч-Шапялевіч, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыіБел.АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.М.Ляўданскі, К.М.Палікарповіч, С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, З.Шмід, З.Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыіАН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксяндзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.І.Шадыра, В.С.Вяргей, М.І.Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк, Т.С.Бубенька, В.М.Ляўко, Л.У.Калядзінскі, В.Е.Собаль, Ю.А.Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.У.Дучыц, Я.Р.Рыер, У.У.Багамольнікаў, Т.М.Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, В.У.Шаблюк, І.М.Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, В.В.Сядоў, П.М.Траццякоў).
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Да арт.Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
век, ‑у; мн. вякі, ‑оў; м.
1. Стагоддзе. Дваццаты век. Мінулы век. □ Збуцвеўшы лад былых вякоў З магілы не паўстане.Колас.Аж праз дзевяць вякоў [Мінск] Раптам стаў — Мільянерам!Барадулін.
2. Жыццё, перыяд існавання каго‑, чаго‑н. Пастарэлі, пакрыліся мохам будынкі. Усё дажывае свой век.Грамовіч.У хлусні кароткі век.Прыказка.// Узрост. Чалавек сярэдняга веку. □ Сярод нас былі людзі рознага веку — і старэйшыя, і маладзейшыя, і зусім маладыя.Лынькоў.
3. Перыяд, характэрны чым‑н.; эпоха. Каменны век. Касмічны век. Век тэхнікі.
4. Вельмі доўгі час, усё жыццё. Захаваць успаміны на век.
5.узнач.прысл. Заўсёды, вечна. Век вас буду слухаць. □ [Максіму Астаповічу] здалося, што ён век ведаў гэтыя рысы.Чорны.Ды не век я тут гарую, Дачакаю волі.Колас.
•••
Ад веку да веку — усё жыццё, вечна.
Век веку падасць — пра нешта вельмі моцнае, трывалае, носкае.
Век да веку — усё жыццё, да апошніх дзён жыцця.
Век звекавацьгл. звекаваць.
Век цэлы — усё жыццё, вельмі доўга.
Век-вяком; векі вечныя; век вечны — а) заўсёды, з самых даўніх часоў, спрадвеку. У падхалімаў так вядзецца век-вяком! Ці б’е начальства ў цэль, ці шле «за малаком», Дык знойдуцца заўсёды Івановы, Што памахаць яму гатовы.Крапіва.— Найшлі! Як ляжала зямля век вечны без карысці, дык ахвоты не было нікому да яе!Мележ; б) ніколі. Не забудзеш век-вяком Ты ў бары вячэру!Гілевіч.
Да (канца) веку — да апошніх дзён жыцця.
Дажываць (свой) век — а) жыць, існаваць апошнія дні; б) рабіцца няздатным, непрыгодным.
З век вякоў — з далёкіх часоў, заўсёды.
З векам упоплеч — не адставаць ад жыцця.
З веку (ад веку) ў век — пастаянна, на працягу доўгага часу.
З вякоў вечных — спрадвеку.
Залаты век — час росквіту навукі, мастацтва ў гісторыі якога‑н. народа.
Зжываць (свой) век — траціць сваё ранейшае значэнне.
Малады век — юнацкія, маладыя гады жыцця.
На век — назаўсёды, на доўгі час.
На векі вечныя (на век вечны); на векі вякоў; на ўсе вякі — назаўсёды.
На маім вяку — у час майго жыцця, за маю памяць.
На сваім вяку — на працягу свайго жыцця.
Напроці (свайго) веку (стаяць) — быць у маладым узросце.
Не першага веку — не першай маладосці, сярэдняга ўзросту.
Па век вякоў (веку) — да скону дзён, назаўсёды.
Праз (увесь) век — на працягу ўсяго жыцця, праз усё жыццё.
Праз вякі (век) — бязмежна доўга, на працягу доўгага часу.
Спакон вякоў (веку) — з самага даўняга часу, спрадвеку.
У вякі — назаўсёды.
У глыбіню вякоў — у глыбіню гісторыі, у старажытнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцве́рдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
1. Увесці ў дзеянне, устанавіць, канчаткова замацаваць. З’явіўся новы герой гісторыі — чалавек, народжаны рэвалюцыяй, будаўнік новага сацыялістычнага грамадства, якое павінна было сцвердзіць на зямлі справядлівыя ўзаемаадносіны паміж людзьмі.«Маладосць».Кастрычніцкая рэвалюцыя .. сцвердзіла добраахвотнае супрацоўніцтва і саюз народаў.Бярозкін.
2. Афіцыйна ўхваліць, прызнаць устаноўленым. Сцвердзіць дагавор подпісам.
3. Пацвердзіць што‑н. Сінія вочы стрэліся з тытунёвымі вачыма Лізагуба. — Гэты, — нібы сцвердзіў Рафал. — Вядома. Хто ж яшчэ?Караткевіч.— Павел Адамавіч?! — гэтак жа запытаў і сцвердзіў адначасова завуч.Шамякін.— Што .. [Таня] змяніла свае адносіны да нас, я гэта даўно заўважыла, — сцвердзіла Вера.Машара.// З’явіцца доказам, пацвярджэннем чаго‑н. Чалавечнасць для тоўхартаў — слабасць. Ды толькі гісторыя сцвердзіла адваротнае, калі тоўхарты дарваліся да ўлады ў Германіі, а потым рынуліся на другія краіны і народы.Адамовіч.
4. Вызначыць, устанавіць. Прывялі ваеннага ўрача, маладога, сімпатычнага чалавека. Сцвердзіў халеру і сказаў, што ратаваць можна было гадзіну таму назад.Таўлай.
5. Усвядоміць вартасць, значнасць сябе, сваёй асобы. Антанюк імкнецца зразумець сябе, сцвердзіць сваю асобу як прынцыповага абаронцу справядлівасці.Юрэвіч.Яўген Шабан — аўтар зборніка «Нарачанка» — спрабуе сцвердзіць свае лірычнае «я», настойліва акцэнтуючы тэму ўслаўлення Нарачы як выключна сваю.Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уро́к, ‑а, м.
1. Вучэбны час (звычайна 45 мін.), прысвечаны асобнаму прадмету. Урок літаратуры. Урок алгебры. □ Скончыўся ўрок, і настаўнікі адзін за другім заходзілі ў настаўніцкую.Даніленка.Пасля ўрокаў, чакаючы яго, .. [Кавалёва] паспявала прагледзець сшыткі вучняў. Прыходзіў Апанас, і яны ішлі гуляць.Дуброўскі.//звычайнамн. (уро́кі, ‑аў). Прыватныя навучальныя заняткі; работа рэпетытара. Браць урокі. Даваць урокі. □ Зыгмунт яшчэ з апошніх класаў гімназіі пачаў збіраць грошы, зарабляючы прыватнымі ўрокамі.Якімовіч.
2. Вучэбная работа, заданне, якое дае настаўнік вучню для падрыхтоўкі да наступных заняткаў. Вывучыць урокі. □ Вова якраз рыхтаваў ўрокі, бацька чытаў газету, а маці займалася чымсьці на кухні, калі прыйшлі Патапавы.Хомчанка.Неяк зімою, прыйшоўшы са школы, Данік адразу ўзяўся за ўрокі.Брыль.
3.Уст. Работа, якая павінна быць выканана да пэўнага тэрміну. Там шэсцьсот астатніх рэвізскіх душ жылі на зямлі, багацей за якую была толькі зямля Загорскага-Вежы, і спаўна адраблялі ўрокі.Караткевіч.
4.перан. Вопыт, веды, набытыя ў працэсе працы, у барацьбе, жыцці. [Стэфа:] — Не, дарагая Ніна, я не змірылася. Я толькі атрымала ўрок.Савіцкі.// Вынік, вывад, карысныя на будучае. Урокі вайны. Урокі гісторыі.
•••
Адкрыты ўрок — школьны ўрок, на які запрашаюцца другія настаўнікі для абмену вопытам работы.
Прадметны ўрок — урок, які суправаджаецца дэманстрацыяй прадметаў, аб якіх ідзе гутарка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
вышэйшая навуковая самакіравальная ўстанова, якая ажыццяўляе і каардынуе фундаментальныя і пошукавыя даследаванні ў Рэспубліцы Беларусь па асн. кірунках прыродазнаўчых, тэхн. і грамадскіх навук. Заснавана 1.1.1929 у Мінску на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) паводле пастановы ЦВК і СНКБССР ад 13.10.1928. Да 1936 наз. Беларуская АН (БАН), да 1991 — АНБССР. У 1932 у Акадэміі было 14 ін-таў. У канцы 1920-х — 1930-я г. па надуманых абвінавачаннях было рэпрэсіравана больш як 140 супрацоўнікаў АН (у т. л. акадэмікі Г.І.Гарэцкі, П.В.Горын, А.Д.Дубах, М.М.Дурнаво, В.Ю.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, А.І.Смоліч, Б.А.Тарашкевіч, М.М.Шчакаціхін і інш.), што адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў. Найбольш пацярпелі гуманіт. навукі, дзе поруч са знішчэннем буйных бел. грамадазнаўцаў ліквідавана і распрацаваная імі навук. метадалогія, месца якой у гуманіт. даследаваннях 1930—50-х г. занялі празмерна гнуткія прынцыпы тагачаснай паліт. практыкі. У 1941 у АН было 12 н.-д. устаноў, у т. л. 9 ін-таў. У гады Вял.Айч. вайны АН панесла вял. людскія, матэрыяльныя і культ. страты (толькі матэрыяльны ўрон склаў больш за 300 млн. руб; у тагачасных цэнах). За 1-е пасляваеннае 10-годдзе адноўлены даваен. навук. ўстановы і створаны новыя. Сусв.навук.-тэхн. рэвалюцыя ў 1960—80-я г. дала значны імпульс далейшаму развіццю АН, абумовіла стварэнне многіх новых устаноў фізіка-матэм. і тэхн. профілю. На 1.1.1991 у АН працавалі 17 093 чал., у т. л. 5967 навук. работнікаў, 55 акад., 96 чл.-кар., 375 д-роў і 2557 канд.навук. Перабудовачныя працэсы 1980-х г. і эканам. крызіс пач. 1990-х г. паўплывалі на змяншэнне аб’ёму даследаванняў. На 1.1.1995 у складзе АН 11 218 супрацоўнікаў, у т. л. 4747 навук. работнікаў, 65 акад., 99 чл.-кар., 444 д-ры і 2139 канд.навук. Кіраванне работай АН ажыццяўляюць прэзідэнт і выбарны калегіяльны орган — Прэзідыум АН. Мае 6 аддзяленняў, якія аб’ядноўваюць н.-д. ўстановы па розных галінах навукі.
У аддзяленні фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (ін-ты: фізікі; малекулярнай і атамнай фізікі; прыкладной оптыкі; матэматыкі; фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; электронікі; тэхнічнай кібернетыкі; аддзел аптычных праблем інфарматыкі; Вылічальны цэнтр) вядуцца распрацоўкі ў галіне лазернай фізікі, аптычных метадаў даследавання прыродных і штучных асяроддзяў, фундаментальных узаемадзеянняў у фізіцы палёў, часціц і атамных ядраў, фізікі плазмы і плазменных тэхналогій, стварэння новых перспектыўных матэрыялаў, дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальнай матэматыкі, алгебры, новых інфарм. тэхналогій і інш. У аддзяленні фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі (ін-ты: праблем энергетыкі; радыяцыйных фізіка-хімічных праблем; радыеэкалагічных праблем; фізіка-тэхнічны; прыкладной фізікі; тэхналогіі металаў; тэхнічнай акустыкі; механікі металапалімерных сістэм; надзейнасці машын; акад.навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава»; інжынерны цэнтр «Плазматэг»; навук-тэхн. цэнтр «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне», навук. цэнтр праблем механікі машын і аддзел праблем рэсурсазберажэння) вядуцца даследаванні ў галіне цепла- і масанераносу ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных патоках і ў нізкатэмпературнай плазме, фізікі, хіміі і трыбалогіі паверхні, тэхналогіі атрымання і апрацоўкі металічных, палімерных, кампазіцыйных і звышцвёрдых матэрыялаў, механікі мабільных машын і надзейнасці, цеплафізікі ліцейных працэсаў, распрацоўкі фізічных прынцыпаў і сродкаў дыягностыкі неразбуральнага кантролю рэчываў, матэрыялаў, вырабаў і тэхпрацэсаў і інш. У аддзяленні хімічных і геалагічных навук (ін-ты: агульнай і неарганічнай хіміі; біяарганічнай хіміі; геалагічных навук; праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі; фізіка-арганічнай хіміі, Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр «Экамір»; Хіміка-тэхналагічны цэнтр) вядуцца даследаванні ў галіне фізіка-хіміі палімераў і арган. сінтэзу, сінтэзу высокаактыўных і селектыўных адсарбентаў і каталізатараў, прыроды паверхневых з’яў і дысперсных сістэм, структурных асноў функцыянавання бялкоў і нуклеінавых кіслот, распрацоўкі рацыянальных падыходаў да накіраванага сінтэзу і вылучэння біялагічна важных злучэнняў, ацэнкі, прагназавання і аптымізацыі ўздзеяння натуральных і антрапагенных фактараў на прыроднае асяроддзе, стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў, будовы і эвалюцыі зямной кары і прыроднага асяроддзя на тэр. Беларусі. У аддзяленні біялагічных навук (ін-ты: генетыкі і цыталогіі; заалогіі; лесу; мікрабіялогіі; радыебіялогіі; фотабіялогіі; эксперыментальнай батанікі; Цэнтр. батанічны сад) вядуцца даследаванні ў галіне дынамікі супольнасцяў раслін і жывёл Беларусі, біял. рэсурсаў, асновы іх узнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы, генетычных і фізіёлага-біяхімічных праблем селекцыі, прадукцыйнасці і імунітэту раслін, генетычнай і клетачнай інжынерыі раслін і мікраарганізмаў, выкарыстання мікраарганізмаў у біятэхналогіі, сельскай гаспадарцы і аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнай абстаноўкі, абумоўленай катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, медыка-біял. і генетычных вынікаў радыяцыі, спосабаў зніжэння яе шкоднага ўздзеяння і інш. У аддзяленні гуманітарных навук (ін-ты: гісторыі; літаратуры; мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; мовазнаўства; сацыялогіі; філасофіі і права; эканомікі; аддзел навук. інфармацыі па гуманітарных навуках) вядуцца даследаванні ў галіне вывучэння гісторыібел. народа, яго мовы і л-ры, заканамернасцяў развіцця бел. мастацтва, матэрыяльнай культуры і побыту народа, гісторыі і тэорыі вусна-паэт. творчасці, праблем этн. і мед. антрапалогіі беларусаў, распрацоўкі сацыялагічнай мадэлі сац. і паліт. працэсаў ва ўмовах пераходу грамадства ад таталітарнай да дэмакратычнай сістэмы рыначнага тыпу, вывучэння гісторыіфілас. і паліт.-прававой думкі, заканамернасцяў грамадскага развіцця, фарміравання дэмакр.дзярж. і паліт. сістэмы Рэспублікі Беларусь, распрацоўкі нац.-дзярж. мадэлі эканомікі Беларусі і механізму яе дзярж. рэгулявання і інш. У аддзяленні праблем медыцыны (ін-ты біяхіміі; фізіялогіі) вядуцца даследаванні ў галіне асаблівасцяў уздзеяння фактараў сучасных экасістэм і ладу жыцця на здароўе чалавека; вывучаюць праблемы аховы генафонду насельніцтва краіны, патагенезу асн. захворванняў чалавека, стварэння новых метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, нервовых, эндакрынных і інш. хвароб. Некаторыя ўстановы АН знаходзяцца або маюць свае рэгіянальныя аддзяленні ў абл. цэнтрах.
Для забеспячэння ўкаранення вынікаў навук. даследаванняў і навук.-тэхн. распрацовак у АН створана доследна-канструктарская база, у складзе якой: Цэнтр. канструктарскае бюро, канструктарскае аддзяленне з доследнымі вытв-сцямі; 10 спец. канструктарскіх бюро з доследнымі вытв-сцямі пры ін-тах. У сістэме АН выдавецка-паліграфічнае вытворчае аб’яднанне «Беларуская навука», Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа, Цэнтральны навук. архіў, музеі стараж.-бел. культуры, гісторыіАН Беларусі. АН выдае «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» (5 серый), часопісы «Дифференциальные уравнения», «Инженерно-физический журнал», «Журнал прикладной спектроскопии», часопіс «Трение и износ», шматтыражную газ. «Навіны АН Беларусі». Падрыхтоўка навуковых кадраў вядзецца праз дактарантуру і аспірантуру. Асобныя вынікі даследаванняў АН прызнаны сусв. супольніцтвам вучоных як навук. адкрыцці (ультрагукавы капілярны эфект адкрыў акад. Я.Р.Канавалаў, 1972; з’яву рухомасці падвойных сувязяў у спалучаных дыёнавых злучэннях — акад. А.А.Ахрэм разам з вучонымі з Масквы і Новасібірска, 1975; з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул — акад. М.А.Барысевіч і праф. Б.С.Непарэнт, 1978; бакавы зрух праменя пры адбіцці святла — акад. Ф.І.Фёдараў, 1980, і інш.). Многія навук. распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне ў нар. гаспадарцы Беларусі, у т. л. новыя матэрыялы і тэхналогіі, унікальныя прыборы і высокапрадукцыйныя гатункі культ. раслін.
Купревич В.Ф. Академия наук Белорусской ССР: Очерк истории и деятельности. 3 изд. Мн., 1968;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Токарев Н.В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929—45). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк Мн., 1989;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.
В.К.Шчэрбін.
Акадэмія навук Беларусі. Галоўны корпус.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі ядзернай спектраскапіі Інстытута фізікі.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У музеі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі экалогіі наземных жывёл Інстытута заалогіі.