ТАРА́СЕНКА Васіль Радзівонавіч (7.11.1899, г. Пётркаў-Трыбунальскі Лодзінскага ваяв., Польшча — 7.12.1972),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1947). Скончыў Маскоўскі археал. ін-т (1922), Смаленскі ун-т (1926). У 1929—41 навук. супрацоўнік Магілёўскага гіст. музея, выкладчык Магілёўскага пед. ін-та. З 1944 навук. супрацоўнік, у 1963—66 заг. сектара археалогіі Ін-та гісторыі АН БССР, выкладчык БДУ і Мінскага пед. ін-та. Даследаваў помнікі каменнага і жал. вякоў на тэр. Смаленскай і Магілёўскай абл. Першы пачаў вывучаць стараж. Мінск, дзе адкрыў драўляную гар. забудову, вулічныя маставыя з бярвён 11—13 ст., фундамент храма 12 ст. Выявіў шмат розных вырабаў гар. рамеснікаў, у т. л. залаты бранзалет са змяінымі галовамі. Вёў раскопкі ў Полацку, Ваўкавыску. Адзін з аўтараў кніг «Гісторыя Мінска» (1967), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972) і інш.

Т.​М.​Каробушкіна.

т. 15, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)