МЕХА́НІКА [ад грэч. mēchanikē (technē) пабудовы машын (майстэрства)],
навука пра механічны рух матэрыяльных цел і ўзаемадзеянні, што пры гэтым адбываюцца паміж імі. Разглядае рухі матэрыяльных пунктаў, іх дыскрэтных сістэм і суцэльных асяроддзяў. Класічная М. (ці проста М.), у аснове якой ляжаць Ньютана законы механікі, падзяляецца на статыку (вывучае раўнавагу цел), кінематыку (геам. ўласцівасці руху без уліку мас і сіл) і дынаміку (рух з улікам дзеяння сіл). Складаныя мех. сістэмы (машыны, механізмы, сістэмы з вял. колькасцю часціц), рух якіх абмежаваны мех. сувязямі, вывучаюцца аналітычнай механікай. У класічнай М. разглядаюцца рухі макраскапічных цел са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла (рухі з калясветлавымі скарасцямі вывучае рэлятывісцкая механіка, а рух мікрачасціц з улікам іх хвалевых уласцівасцей — квантавая механіка). Законы М. выкарыстоўваюцца для разліку машын і механізмаў (тэарэтычная механіка, механізмаў і машын тэорыя, дэталі машын і інш.), збудаванняў (будаўнічая механіка, механіка грунтоў), трансп. сродкаў (гідрааэрамеханіка, балістыка), руху нябесных цел (нябесная механіка), для вывучэння мех. працэсаў у зямной кары (геамеханіка), у жывых арганізмах (біямеханіка). На аснове нелінейнай аналіт. М. развіваецца сінергетыка, якая даследуе ўмовы самаарганізацыі сістэм у дыяпазоне ад дэтэрмінаванага хаосу да рэгулярных станаў.
У залежнасці ад стану рэчыва, якое даследуецца, вылучаюць М.: цвёрдага цела; механіку суцэльных асяроддзяў (вадкасці і газу); плазмы; механіку сыпкіх асяроддзяў, механіку цел пераменнай масы. У апошні час з’явіліся новыя раздзелы М.: фізіка-хім. М. (улічвае працяканне фіз. і хім. працэсаў пры мех. рухах і ўзаемадзеяннях). біяробатамеханіка і інш. У М. выкарыстоўваюць 2 спосабы апісання з’яў: фенаменалагічны, заснаваны на фенаменалагічнай тэрмадынаміцы, і статыстычны (структурны), заснаваны на стат. тэрмадынаміцы. Навук. аснову М. складаюць варыяцыйныя прынцыпы механікі, з дапамогай якіх апісваюцца мех. станы і сувязі механічныя сістэмы.
Звесткі з М. (напр., пра раўнавагу цел) вядомы з глыбокай старажытнасці (некалькі тыс. гадоў да н.э.). Антычныя веды М. абагульніў Арыстоцель, які ўвёў тэрмін «М.» (4 ст. да н.э.). Архімед дакладна сфармуляваў закон раўнавагі (на ім заснавана будова машын і законы раўнавагі плаваючых цел). Г.Галілей даследаваў асн. заканамернасці руху цел, на базе якіх І.Ньютан сфармуляваў вядомыя законы М. і надаў М. строгую форму. Далейшае развіццё М. звязана з імёнамі Л.Эйлера, Д.Бернулі, Ж.Д’Аламбера (асн. працы па М. вадкасці і газу), Ж.Лагранжа (варыяцыйнае вылічэнне, аналіт. М.). 3 прац А.Эйнштэйна пачаўся этап развіцця рэлятывісцкай, Л.Больцмана і Дж.Гібса — статыстычнай, М.Планка і Н.Бора — квантавай М. Аэрамеханіка значнае развіццё атрымала ў працах М.Я.Жукоўскага, О.Ліліенталя, К.Э.Цыялкоўскага, С.А.Чаплыгіна і інш.; газавая дынаміка — у працах Л.Прандтля, Дж.І.Тэйлара, Чаплыгіна, Л.І.Сядова, С.А Хрысціяновіча, М.У.Келдыша і інш. Значны ўклад у развіццё розных галін М. ў 19—20 ст. зрабілі Л.М.А.Наўе, Дж.Стокс, Ш.А.Кулон, Г.Р.Кірхгоф, А.Пуанкарэ, М.В.Астраградскі, А.М.Ляпуноў, А.М.Крылоў, І.У.Мяшчэрскі, Г.П.Чарапанаў, Дз.Д.Іўлеў і інш.
На Беларусі даследаванні ў галіне М. пачаліся ў 1920—30-я г. і вядуцца ў ін-тах фізіка-тэхн., цепла- і масаабмену, механікі металапалімерных сістэм, надзейнасці машын Нац.АН, у БДУ, БПА, Бел.тэхнал. ун-це і інш. Выкананы даследаванні па пластычнасці і трываласці металаў (С.І.Губкін, В.П.Севярдэнка, Я.М.Макушок і інш.), іх апрацоўцы (В.М.Чачын, А.У.Белы, А.В.Сцепаненка, П.І.Яшчарыцын), М. металапалімерных сістэм (Белы, А.І.Свірыдзёнак, Ю.М.Плескачэўскі), М. кампазіцыйных матэрыялаў на метал. аснове (А.У.Роман, П.А.Віцязь, Н.М.Дарожкін), М. дэфармаванага цела (М.Дз.Мартыненка, І.А.Прусаў, А.У.Чыгараў і інш.), тэорыях дыслакацыі і пластычнасці, М. разбурэння (М.С.Акулаў, Севярдэнка, Губкін і інш.), М. дэталей машын, тэорыі надзейнасці (І.С.Цітовіч, А.В.Бераснеў), М. мабільных машын (М.С.Высоцкі, Л.Р.Краснеўскі), М. вадкасці і газу, тэрмамеханіцы (А.В.Лыкаў, Р.І.Салаухін, А.Р.Мартыненка, З.П.Шульман, Б.А.Калавандзін і інш.).
Літ.:
Арнольд В.И. Математические методы классической механики. 3 изд. М., 1989;
Маркеев А.П. Теоретическая механика. М., 1990;
Лойцянский Л.Г. Механика жидкости и газа. 5 изд. М., 1978;
Черепанов Г.П. Механика хрупкого разрушения. М., 1974;
Ивлев Д.Д. Теория идеальной пластичности. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА ПЛАЗМЫ
На Беларусі даследаванні па фізіцы плазмы пачаліся ў канцы 1940-х г. пад кіраўніцтвам І.Р.Некрашэвіча на фізіка-матэм. ф-це БДУ і ў Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі (вывучэнне працэсаў у зоне кантакту плазмы з металамі пры электрычных імпульсных разрадах і электрычным выбуху праваднікоў). Вывучалася прырода электрычнай дугі (А.А.Лабуда, І.Р.Некрашэвіч) і кандэнсаванага разраду ў капілярах (Г.В.Авечкін). З 1955 у Ін-це фізікі і матэматыкі АН Беларусі пачаліся даследаванні плазмы электрычных разрадаў як крыніц святла (дуга, імпульсны разрад, высакавольтная іскра) для спектральнага аналізу (В.С.Буракоў, А.А.Янкоўскі).
Фізіка плазмы інтэнсіўна развіваецца з 1960, калі ў Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі была створана лабараторыя высокатэмпературнай оптыкі (заг. М.А.Ельяшэвіч). Вывучаюцца праблемы: распрацоўка метадаў атрымання плазмы ў шырокім дыяпазоне тэмператур, даследаванне працэсаў узаемадзеяння плазмы і плазменных патокаў з цвёрдымі матэрыяламі, стварэнне оптыкаспектральных, лазерных і ЗВЧ-метадаў дыягностыкі плазменных утварэнняў і неабходнай для гэтых мэт апаратуры, развіццё шляхоў практычнага выкарыстання плазменных крыніц. Даследаваны спектральныя і выпраменьвальныя здольнасці паветра, азоту, вуглякіслага газу, аргону і іх сумесей для шырокага дыяпазону ціску і тэмператур, распрацаваны актыўныя і пасіўныя метады дыягностыкі плазменнай абалонкі касмічных апаратаў у лабараторных і натурных умовах (Дзярж. прэмія Беларусі 1974: В.С.Буракоў, Л.І.Кісялеўскі, Л.Я.Мінько, В.М.Снапко, У.Дз.Шымановіч). Выкананы цыкл работ па фізіцы плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992: В.К.Ганчароў, М.А.Ельяшэвіч, Л.Я.Мінько, Г.С.Раманаў, Ю.А.Станкевіч, А.М.Чумакоў). Вынікі аптычных даследаванняў магутных выбухаў абагульнены ў двухтомнай манаграфіі (Ленінская прэмія 1966 — М.А.Ельяшэвіч з калектывам рас. вучоных). З 1992 даследаванні па фізіцы плазмы атрымалі далейшае развіццё ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН Беларусі. Прапанавана новая форма дугі пастаяннага току ў рэжыме фулерэнаўтварэння (У.Дз.Шымановіч). Створаны і вывучаны квазістацыянарны паскаральнік, які забяспечвае генерацыю высокаэнергетычных кампрэсійных плазменных патокаў, развіты галіны яго выкарыстання (В.М.Асташынскі). Распрацаваны метады і апаратура ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі і лазерна-індуцыраванай флуарэсцэнцыі для вывучэння прасторавага і часавага саставу плазменных утварэнняў (В.С.Буракоў, С.М.Райкоў, М.У.Тарасенка). Вывучаны (разам з Фізікатэхн. ін-там імя А.Ф.Іофе Рас.АН) параметрычныя няўстойлівасці і распрацаваны новыя метады дыягностыкі плазмы, рэалізуемай у такамаках (В.І.Архіпенка, Л.В.Сімончык); на гэтай устаноўцы праведзена вызначэнне канцэнтрацыі атамаў вадароду і размеркавання дамешкаў у прысценачнай зоне (П.Я.Місакоў, М.У.Тарасенка).
З выкарыстаннем спец. плазменных установак у Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі (г. Магілёў) распрацаваны і ўкаранёны методыкі вызначэння таксічных элементаў у прадуктах харчавання (А.Р.Непакайчыцкі). У Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі сканцэнтраваны даследаванні па плазмахіміі (А.І.Ясько), вывучэнні нераўнаважных працэсаў у малекулярных сістэмах, распрацоўцы адпаведнай апаратуры для гэтых мэт і практычных выкарыстанняў у малекулярных лазерах і інш. кірунках (С.А.Жданок, Р.І.Салаухін); прапанаваны і развіты метады спекл-фатаграфіі і спекл-інтэрфераметрыі (М.А.Фамін); створана серыя плазменных рэактараў для перапрацоўкі і сінтэзу тугаплаўкіх злучэнняў (А.Л.Масэ), атрымання ультра- і супертонкіх мінеральных валокнаў з выкарыстаннем плазмы (А.М.Лакцюшын). У Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі ўсебаковае вывучэнне ўзаемадзеяння газаразраднай плазмы з паверхняй электродаў стала асновай распрацоўкі шэрагу тэхнал. працэсаў электраэразійнай апрацоўкі металаў (У.А.Бакута, М.К.Міцкевіч, І.Р.Некрашэвіч). У Бел.нац.тэхн. ун-це даследуюцца працэсы ўзаемадзеяння плазмы з паверхняй кандэнсаванага рэчыва ва ўмовах магутнага імпульснага разраду (А.Г.Галавейка). У НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ высвятляецца роля дысперснай фазы ў плазме пры ўзаемадзеянні лазернага выпрамянення з матэрыяламі (В.К.Ганчароў). У Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі распрацаваны тэхналогіі іонна-плазменнага ўмацавання вырабаў электроннай тэхнікі, фарміравання плёнак крэмнію ў аптымальных умовах вытворчасці мікрасхем (А.П.Дастанка). Шэраг плазменных тэхн. працэсаў распрацаваны ў Бел. канцэрне парашковай металургіі (П.А.Віцязь, А.Ф.Ільюшчанка, А.У.Роман).
Літ.:
Бураков В.С., Райков С.Н., Шиманович В.Д. Физика плазмы и плазменные технологии в Беларуси. Мн., 2001;
Ильющенко А.Ф., Кундас С.П., Достанко А.П. Процессы плазменного нанесения покрытий: теория и практика. Мн., 1999;
Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;
Киселевский Л.И., Морозов В.А. О роли лучистых потоков в разрушении металлов высокоскоростными импульсными струями // Журн. прикладной спектроскопии. 1970. Т. 12, вып. 3.
Гісторыя фізічных навук на Беларусі пачынаецца з 1922, калі ў БДУ адкрыта фіз.-матэм. аддзяленне пед. факультэта, якое ў 1933 пераўтворана ў фіз.-матэм. факультэт. У падрыхтоўцы навук.-пед. кадраў па фізіцы ў першыя гады існавання БДУвял. ролю адыгралі навук. ўстановы Масквы і Ленінграда. Арганізатарам першых фіз. даследаванняў ва універсітэце быў Я.Е.Сіроцін. У 1938 у БДУ арганізаваны кафедры: агульнай фізікі (заг. І.Р.Некрашэвіч), тэарэт. фізікі (заг. Ф.І.Фёдараў), рэнтгенафізікі (заг. І.П.Шапіра), эл.-магн. ваганняў (заг. Я.В.Сняткоў); працавалі Я.П.Громер, Ц.Л.Бурстын і інш. Фізічныя кафедры ў гэты перыяд існавалі таксама ў Бел. лесатэхнічным і політэхнічным ін-тах, Мінскім пед. ін-це, Бел. ін-це нар. гаспадаркі. У 1926 у структуры Ін-та беларускай культуры створана кафедра фізікі (заг. Я.Е.Сіроцін), на базе якой у 1931 арганізаваны Фізіка-тэхнічны ін-тАН Беларусі; існаваў да 1938 (у 1933—36 — Фізіка-матэматычны ін-т; у 1947 ін-т аднавіў сваю дзейнасць); у ім працавалі Ц.Л.Бурстын, Я.П.Громер, А.І.Кайгародаў, М.Д.Каўцэвіч, І.Р.Некрашэвіч, Я.В.Сняткоў, І.П.Шапіра і інш. Спыненыя вайной заняткі ў БДУ аднавіліся ў 1943 на ст. Сходня (пад Масквой). З восені 1944 навук. і пед. работу па фізіцы ў БДУ узначалілі Ф.І.Фёдараў і І.Р.Некрашэвіч.
Значны рост даследаванняў па фізіцы пачаўся ў 1950-я г. У 1953 акадэмікамі АН Беларусі выбраны А.Н.Сеўчанка і Б.І.Сцяпанаў. Яны ўзначалілі ў БДУ кафедры фізічнай оптыкі і спектральнага аналізу. У 1953 у Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі створаны фіз.-матэм. сектар, які ў 1955 рэарганізаваны ў Ін-т фізікі і матэматыкі. У арганізацыі ін-та значную ролю адыгралі А.Н.Сеўчанка, Б.І.Сцяпанаў, М.А.Барысевіч, Ф.І.Фёдараў, В.В.Папоў. У 1959 на базе ін-та створаны Ін-т фізікі і Ін-т матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН Беларусі. У 1956 акадэмікамі АН Беларусі выбраны М.А.Ельяшэвіч, А.В.Лыкаў, М.М.Сірата. З 1957 кафедру фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў у БДУ узначальваў М.М.Сірата. У 1959 створаны Аддзел (у 1963 рэарганізаваны ў інстытут) фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. З 1963 навук. даследаванні па фізіцы ў Нац.АН Беларусі накіроўвае і каардынуе Аддзяленне фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (да 1987 Аддзяленне фізіка-матэматычных навук); акадэмікі-сакратары: Ф.І.Фёдараў (1963—87), В.А.Лабуноў (1987—89), Л.І.Кісялеўскі (1990—91), В.С.Буракоў (1992—97), М.М.Аляхновіч (1997—2002), М.С.Казак (з 2002). У склад Аддзялення ўваходзяць ін-ты фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, электронікі, прыкладной оптыкі, Аддзел аптычных праблем інфарматыкі Нац.АН Беларусі. Даследаванні і распрацоўкі па фізіцы вядуцца таксама ва ўстановах Аддзялення фізіка-тэхнічных навук Нац.АН Беларусі: у ін-тах цепла- і масаабмену, прыкладной фізікі, фізіка-тэхнічным, Аб’яднаным ін-це энергетычных і ядзерных даследаванняў і інш., а таксама на фізічных кафедрах ВНУ, у НДІ прыкладных фізічных праблем і НДІ ядзерных праблем БДУ, Нац. цэнтры фізікі часціц і высокіх энергій, Міжнародным лазерным цэнтры.
Дасягненні бел. фізікаў адзначаны высокімі дзярж. ўзнагародамі. Ін-т фізікі першы сярод навуковых устаноў Нац.АН Беларусі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967). Званне Героя Сац. Працы прысвоена А.Н.Сеўчанку (1971), Б.І.Сцяпанаву (1973), М.А.Барысевічу (1979), Ф.І.Фёдараву (1979). Лаўрэаты Ленінскай прэміі: М.А.Ельяшэвіч (1966), М.А.Барысевіч, В.У.Грузінскі, В.А.Таўкачоў (1980); Дзярж. прэміі СССР: М.А.Ельяшэвіч (1949, 1950), Б.І.Сцяпанаў (1950, 1972, 1982), В.А.Мастоўнікаў, А.М.Рубінаў (1972), М.А.Барысевіч, В.Р.Верашчагін (1973), Ф.І.Фёдараў (1976), П.А.Апанасевіч, Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў (1982), Б.В.Бокуць (1984), А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч (1985), К.М.Салаўёў (1986), Б.У.Бяляеў, А.А.Каляда, Л.І.Кісялеўскі, В.В.Равінскі, А.Ф.Чарняўскі (1991). Бел. фізікі 26 разоў удастоены Дзярж. прэміі Беларусі. Аўтарамі навук. адкрыццяў з’яўляюцца М.А.Барысевіч (1977), У.Р.Барышэўскі (1979, 1988), Ф.І.Фёдараў (1980), В.А.Лапіна (1991). У Мінску выдаюцца часопісы: «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964), «Весці Нац.АН Беларусі. Серыя фізіка-матэматычных навук» (з 1965), «Вестник Белорусского государственного университета. Серия 1. Математика. Физика. Механика» (з 1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАРЭТЫЧНАЯ МЕХАНІКА
Даследаванні па розных кірунках сучаснай механікі пачаліся на Беларусі ў пасляваенны час і вяліся пераважна на кафедрах тэарэт. механікі БДУ, БПІ, Бел.тэхнал. ін-та, Гомельскага ун-та і інш.Найб. значны ўклад у станаўленне і развіццё айч. цэнтраў і школ па механіцы зрабілі У.А.Белы, А.В.Бераснеў, М.С.Высоцкі, Б.А.Калавандзін, А.Х.Кім, А.Я.Крушэўскі, М.Дз.Мартыненка, Ю.М.Плескачэўскі, І.А.Прусаў, Л.А.Рот, М.А.Сталяроў, В.П.Стаўроў, Г.К.Татур, М.М.Чапінога, А.У.Чыгараў, А.А.Яблонскі і інш.
Кірункі прыярытэтных фундаментальных даследаванняў па механіцы абумоўлены пераважна вядучымі галінамі эканомікі краіны — машынабудаваннем, горназдабыўной прам-сцю, буд-вам. У БДУ вядуцца даследаванні ў галіне механікі дэфармуемага цвёрдага цела (МДЦЦ), механікі вадкасці і газу — развіццё метадаў інтэгральных ураўненняў рашэння краявых задач МДЦЦ; пабудова ўдакладненых тэорый дэфармавання абалонак і развіццё метадаў рашэння краявых задач тэорыі пласцін і абалонак; развіццё метадаў рашэння кантактных задач МДЦЦ, аналітычных метадаў і тэорый рашэння розных класаў задач геамеханікі і механікі горных парод і масіваў; тэарэт. асновы камп’ютэрнай механікі; развіццё тэорый руху і стану вязкіх вадкасцей; апісанне фільтрацыйных працэсаў у сітаватым асяроддзі і працэсаў нафтаздабычы (М.А.Жураўкоў, М.Дз.Мартыненка, В.Б.Таранчук). Асн. кірункі, што развіваюцца ў Бел.нац.тэхн. ун-це і Бел. аграрным тэхн. ун-це: дынаміка і трываласць неаднародных дэфармуемых цел пры складаным сілавым і кінематычным нагружэнні; прамыя і адваротныя задачы распаўсюджвання хваль у неаднародных асяроддзях; мадэліраванне намнажэння пашкоджанняў у цвёрдых целах; механіка кампазіцыйных матэрыялаў; аптымізацыя кампазіцыйных матэрыялаў, што валодаюць зададзенымі ўласцівасцямі; варыяцыйныя метады ў МДЦЦ; механіка грануляваных асяроддзяў, біямеханіка; аналітычныя метады ў буд. механіцы, пабудова тэорый стану і руху магн. вадкасцей (А.А.Барысевіч, В.Р.Баштавой, Ю.У.Васілевіч, А.Я.Крушэўскі, І.С.Кулікоў, А.Т.Скойбеда, А.У.Чыгараў, Ю.У.Чыгараў).
Асн. навук. кірункі кафедры тэарэт. механікі Бел.тэхнал. ун-та — стат. механіка кандэнсаванага стану рэчыва, даследаванне дынамічных працэсаў у мікрамеханіцы, статыстыка-мех. абгрунтаванне мадэлей механікі суцэльных асяроддзяў, фрактальная механіка матэрыялаў (В.С.Віхрэнка, М.І.Кулак, В.Б.Нямцоў). У Бел. ун-це транспарту створаны 2 навук. школы па праблемах механікі. Пад кіраўніцтвам Э.І.Старавойтава вывучаецца механіка слаістых элементаў канструкцый. Распрацаваны матэм. мадэлі і метады рашэння краявых задач аб дэфармаванні трохслойных стрыжняў, пласцін і абалонак пры комплексных сілавых, цеплавых і радыяцыйных нагрузках. Пад кіраўніцтвам Л.А.Сасноўскага вывучаюцца пытанні трыбафатыкі — навукі аб комплексным зносастомленасным пашкоджанні найб. адказных мех. сістэм, машын і абсталявання. Вывучаюцца ўмовы дасягнення мех. сістэмамі гранічных станаў пры дзеянні сілавых, фрыкцыйных, тэрмадынамічных і электрахім. нагрузак. У Гомельскім тэхн. ун-це пад кіраўніцтвам А.К.Шаблоўскага даследуецца дынаміка вязкіх вадкасцей і газаў. Вывучаюцца ўласцівасці, структура і заканамернасці развіцця ламінарных і турбулентных плыней у гідрадынамічных сістэмах з моцнымі разрывамі. Распрацоўваюцца метады рашэння задач віхравой дынамікі і цеплапераносу ў вадкасцях з рэлаксуючымі вязкімі напружаннямі. Даследуюцца прасторавыя кантактныя задачы тэорыі пругкасці ў дастасаванні да элементаў вышэйшых кінематычных пар (Г.П.Тарыкаў).
Даследаванні ў галіне механікі праводзяцца таксама ў Ін-це механікі і надзейнасці машын, Ін-це механікі металапалімерных сістэм, Ін-це цепла- і масаабмену, Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі Нац.АН Беларусі па наступных кірунках: распрацоўка падыходаў да імавернаснай пабудовы разлікаў рэсурсаў працаздольнасці высоканагружаных дэталей па стомленасці, метадаў дыягностыкі і мадэліравання; распрацоўка мех. мадэлей стану алмазазмяшчальных кампазіцыйных матэрыялаў, мадэлей работы цяжканагружаных ціхаходных вузлоў слізгання; развіццё метадаў аналізу надзейнасці сістэм шляхам сумеснага выкарыстання аналітычнага, стат. і фіз. мадэліравання на ЭВМ і спец. стахастычных устаноўках; распрацоўка мадэлей узаемадзеяння неаднародных матэрыялаў на нанаўзроўні, у т. л. для шматузроўневага дыскрэтнага кантакту; стварэнне мадэлей працэсаў аналізу мех. уласцівасцей матэрыялаў на нанаўзроўні з дапамогай дынамічнай і стат. сілавой спектраскапіі ў сканіруючай сілавой мікраскапіі; распрацоўка метаду аналізу пераходных працэсаў кантактнага ўзаемадзеяння з трэннем і адгезійнага разбурэння пры сцісканні, зруху і адрыве (У.Б.Альгін, А.В.Бераснеў, П.А.Віцязь, М.С.Высоцкі, А.І.Дабралюбаў, Л.Р.Краснеўскі, У.В.Мажароўскі, У.І.Махнач, С.В.Мядзведзеў, М.І.Петракавец, Ю.М.Плескачэўскі, І.С.Цітовіч, С.А.Чыжык).
Літ.:
Цитович И.С., Берестнев О.В. Пути повышения надежности машин. Мн., 1979;
Берестнев О.В., Гоман А.М., Ишин Н.Н. Аналитические методы механики в динамике проводов. Мн., 1992;
Высоцкий М.С., Гилелес Л.Х., Херсонский Н.Г. Грузовые автомобили: Проектирование и основы конструирования. М., 1995;
Журавков М.А., Мартыненко М.Д. Теоретические основы деформационной механики блочно-слоистого массива соляных горных пород. Мн., 1995;
Іх жа. Сингулярные решения и интегральные уравнения в механике деформируемых сред. Мн., 1999;
Журавков М.А., Козловский Н.И. Механика: сегодня и завтра. Мн., 2000;
Старовойт о в Э.И. Основы теории упругости, пластичности и вязкоупругости. Гомель, 2001;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЧНАЯ ОПТЫКА
Найбольшае развіццё на Беларусі атрымалі такія раздзелы фізічнай оптыкі, як крышталяоптыка, распаўсюджванне святла ў дысперсных асяроддзях, галаграфія.
Крышталяоптыка развіваецца з 1950-х г. у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі і БДУ. На аснове каварыянтнага бескаардынатнага метаду Ф.І.Фёдаравым створана тэорыя распаўсюджвання эл.-магн. хваль у празрыстых і паглынальных крышталях, прадказаны бакавы зрух светлавога пучка пры поўным адбіцці (зрух Фёдарава). Ф.І.Фёдаравым разам з супрацоўнікамі пабудавана паслядоўная тэорыя аптычна актыўных асяроддзяў (Б.В.Бокуць, А.М.Сердзюкоў); дадзена класіфікацыя паглынальных крышталёў, даследаваны паверхні рэфракцыі і абсорбцыі, пабудавана тэорыя аптычных хваляводаў (А.М.Ганчарэнка); абагульнены закон адбіцця і пераламлення незвычайных прамянёў у крышталях (В.В.Філіпаў); распрацаваны аператарны метад апісання аптычных палёў у складаных асяроддзях (Л.М.Баркоўскі), тэорыя хваль у магнітных крышталях (Л.М.Тамільчык), малекулярная тэорыя поўнага адбіцця святла і выяўлена сувязь кагерэнтнасці з энтрапіяй выпрамянення (Б.А.Соцкі); выяўлены новы тып неаднародных хваль у крышталях (М.С.Пятроў). Распрацаваны палярызацыйна-аптычны метад даследавання цячэння вязкіх асяроддзяў пры дэфармацыі (Б.Б.Бойка), асновы электрааптычнага кіравання светлавымі пучкамі (М.А.Гусак і інш.). Даследавана структура лазернага выпрамянення ў розных асяроддзях (А.П.Хапалюк). Тэорыя распаўсюджвання эл.-магн. хваль абагульнена на пругкія хвалі ў крышталях (Ф.І.Фёдараў); вызначаны асаблівыя напрамкі распаўсюджвання папярочных хваль у крышталях і акустычныя восі, асаблівасці канічнай рэфракцыі, на аснове чаго дадзена класіфікацыя крышталёў паводле акустычных уласцівасцей (Ф.І.Фёдараў, А.Р.Хаткевіч). Адкрыты адзін з тыпаў сінхранізму, эфектыўны для пераўтварэння частаты светлавых хваль у нелінейных крышталях (Б.В.Бокуць, А.Р.Хаткевіч). Прапанаваны вектарны сінхранізм аптымальнага пераўтварэння пучкоў святла, распрацаваны і рэалізаваны высокаэфектыўныя метады і ўстройствы нелінейнага аптычнага і акустааптычнага пераўтварэння частаты лазернага выпрамянення (М.С.Казак і інш.). Адкрыта магчымасць бездыфракцыйнага распаўсюджвання і факусіроўкі святла ў гіратропных крышталях (А.М.Ганчарэнка і інш.). Даследаваны асаблівасці распаўсюджвання і пераўтварэння частаты беселевых пучкоў (У.М.Белы, М.С.Казак і інш.).
Распаўсюджванне святла ў дысперсных асяроддзях. Даследаванні ў гэтым кірунку пачаты ў 1950-я г. працамі Б.І.Сцяпанава разам з А.П.Прышывалкам і Ю.І.Чакалінскай па спектраскапіі дысперсных асяроддзяў і распрацоўкамі М.А.Барысевіча разам з вучнямі па стварэнні дысперсійных святлафільтраў. З 1959 пад кіраўніцтвам А.П.Іванова вядуцца даследаванні распаўсюджвання святла ў розных рассейвальных аб’ектах: атмасферы, водных асяроддзях, фатаграфічных матэрыялах, люмінесцыруючых экранах, біялагічных тканках і інш. Развіта тэорыя і распрацаваны метады лабараторнага мадэліравання прыродных працэсаў, павышэння далёкасці і якасці бачання ў замутненай атмасферы і акіянскіх водах, апрацоўкі спадарожнікавых спектральных відарысаў наземных аб’ектаў, вызначэння мікраструктурных характарыстык асяроддзяў і аб’ектаў, лазернага зандзіравання атмасферы і гідрасферы. У Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі створана серыя празрыстамераў, пры дапамозе якіх выкананы даследаванні забруджанасці вод шэрагу акваторый мораў і акіянаў, а таксама азёр Беларусі; у рамках праграм Дзяржкамгідрамета СССР была арганізавана сетка лідарных лазерных станцый кантролю за забруджанасцю паветра ў розных рэгіёнах СССР; у наш час у каардынацыі з Еўрапейскай лідарнай сеткай вядзецца лазерны маніторынг аэразолю ў атмасферы. Створаныя ў Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі і НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ спектрометры выкарыстоўваліся на сав. касмічных апаратах. Рэспубліканскі навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя праводзіць рэгіянальны маніторынг і картаграфаванне для вырашэння праблем экалогіі і рэсурснага аналізу. Вырашаны шэраг важных задач па тэорыі ўзнікнення і распаўсюджвання інфрачырвонага выпрамянення ў ракетных струменях (Ін-т фізікі Нац.АН Беларусі) і радыяцыйнага цеплаабмену (Ін-тцепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі). Навук. вынікі бел. вучоных у галіне рассеяння і пераносу выпрамянення прыведзены ў больш як 20 манаграфіях і адзначаны 2 Дзярж. прэміямі СССР (М.А.Барысевіч, В.Р.Верашчагін; Б.І.Бяляеў, Л.І.Кісялеўскі, А.А.Каляда, В.В.Равінскі, А.Ф.Чарняўскі) і Дзярж. прэміяй Беларусі (А.П.Іваноў, А.А.Кавалёў, У.Я.Плюта, А.П.Чайкоўскі).
Галаграфія. Даследаванні на Беларусі вядуцца з канца 1960-х г. У Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі закладзены асновы дынамічнай галаграфіі і оптыкі фазавага спалучэння. Адкрыта з’ява абарачэння хвалевага фронту лазернага выпрамянення пры чатыроххвалевых узаемадзеяннях (Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў, Б.І.Сцяпанаў); вывучаны ўласцівасці дынамічных галаграм у рэзанансных асяроддзях і на іх аснове распрацаваны метады пераўтварэння прасторава-часавай структуры лазерных пучкоў; развіты метады выкарыстання дынамічнай галаграфіі ў адаптыўнай оптыцы, сістэмах апрацоўкі інфармацыі, лазернай тэхніцы, спектраскапіі (П.А.Апанасевіч, А.А.Афанасьеў, Я.В.Івакін, У.В.Кабанаў, А.М.Лазарук, І.П.Пятровіч, А.С.Рубанаў, А.Л.Тоўсцік, А.В.Чалей). За цыкл работ у гэтым кірунку П.А.Апанасевічу, Я.В.Івакіну, А.С.Рубанаву, Б.І.Сцяпанаву прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1982. Распрацаваныя метады святлоіндуцыраваных дынамічных рашотак (Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў) выкарыстоўваюцца для вымярэння фіз. уласцівасцей матэрыялаў. У галіне статыстычнай галаграфіі распрацаваны метады даследавання дэфармацый і вібрацый розных аб’ектаў і рэльефу паверхняў, створаны сістэмы аптычнай памяці і кадзіравання інфармацыі (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч, Л.В.Танін, Б.М.Цюшкевіч; Ін-т электронікі Нац.АН Беларусі), развіты метады радыё- і акустычнай галаграфіі (М.А.Вількоцкі, А.С.Ключнікаў, П.Дз.Кухарчык; НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ). Наладжана серыйная вытворчасць мастацкіх і ідэнтыфікавальных адбівальных галаграм (Л.В.Танін). У наш час даследаванні і распрацоўкі вядуцца ў ін-тах фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, БДУ, навукова-вытворчай фірме «Галаграфічная індустрыя».
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Гончаренко А.М., Карпенко В.А. Основы теории оптических волноводов Мн., 1983;
Барковский Л.М., Фурс А.Н. Операторные методы описания оптических полей в сложных средах. Мн., 2003;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ЗІКА (ад грэч. physis прырода),
навука аб уласцівасцях, формах і будове матэрыі (рэчыва і поля), найб. агульных законах яе руху і пераўтварэнняў. Паняцці і законы Ф. ляжаць у аснове ўсіх прыродазнаўчых навук (хіміі, біялогіі, навукі аб зямлі, астраноміі). Фізічныя законы грунтуюцца на фактах, устаноўленых доследным шляхам, і фармулююцца ў выглядзе колькасных суадносін паміж фізічнымі велічынямі. Асаблівае значэнне ў Ф. маюць захавання законы, якія звязаны з прынцыпамі сіметрыі прасторы і часу. У залежнасці ад метадаў даследавання адрозніваюць эксперыментальную фізіку і тэарэтычную фізіку, ад аб’ектаў вывучэння — фізіку элементарных часціц, ядзерную фізіку, атамную фізіку, малекулярную фізіку, фізіку цвёрдага цела, Ф. вадкасцей і газаў, плазмы, Ф. палёў (эл.-магн. і гравітацыйнага); ад працэсаў (форм руху матэрыі), якія даследуюцца, — механіку матэрыяльных пунктаў і цвёрдых цел, механіку суцэльных асяроддзяў, Ф. ваганняў і хваль, эл. і магн. з’яў, акустыку, оптыку, тэрмадынаміку, квантавую механіку, электрадынаміку, квантавую тэорыю паля, статыстычную фізіку і інш. Падзел Ф. на раздзелы мае ў значнай ступені ўмоўны характар і паміж імі няма выразных межаў. Ф. цесна ўзаемадзейнічае з інш. прыродазнаўчымі навукамі, тэхнікай, медыцынай і рознымі галінамі прам-сці. У выніку ўзніклі такія сумежныя навукі, як аграфізіка, астрафізіка, біяфізіка, геафізіка, матэматычная фізіка, хімічная фізіка, тэхн. Ф. і інш. Развіццё Ф. прывяло да ўзнікнення новых навук, галін тэхнікі і тэхналогій: электра- і радыётэхнікі, электронікі, ядз. энергетыкі, радыёлакацыі і інш. Дасягненні Ф. зрабілі істоты ўплыў на фарміраванне і змест такіх паняццяў, як матэрыя, рух, прастора і час. Для сучаснай Ф. характэрны пераход да вывучэння з’яў пры вял. скарасцях, высокіх энергіях і цісках, больш глыбокае пранікненне ў будову і працэсы руху рэчыва і паля фізічнага. Адной з асн. задач Ф. з’яўляецца стварэнне агульнай тэорыі элементарных часціц і іх узаемадзеянняў — адзінай тэорыі поля, пабудова фізічнай карціны свету.
У сваім развіцці Ф. прайшла некалькі этапаў. Станаўленне Ф. ішло ад старажытнасці да пач. 17 ст. У гэты час вяліся першыя назіранні фіз. з’яў, назапашваліся веды пра іх і ўзніклі асобныя вучэнні. У эпоху грэка-рымскай культуры (6 ст. да н.э. — 2 ст.н.э.) існавала агульная навука аб прыродзе — натурфіласофія, склалася вучэнне пра атамную будову рэчыва — атамістыка (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый), устаноўлены найпрасцейшыя законы статыкі (правіла рычага і інш.), распаўсюджання і адбіцця святла, сфармуляваны асновы гідрастатыкі (Архімед), створана геацэнтрычная сістэма свету (К.Пталамей). Вял. значэнне мела сістэматызацыя антычных галін ведаў, зробленая Арыстоцелем. Яго вучэнне было кананізавана царквой, што на многія вякі затармазіла развіццё навукі. У 16 ст. М.Капернік распрацаваў геліяцэнтрычную сістэму свету (яе ідэя прапанавана ў 3 ст. да н.э.Арыстархам Самоскім). Фарміраванне Ф. як навукі адбывалася ад пач. 17 ст. да канца 18 ст., калі пачалося сістэматычнае выкарыстанне эксперым. метадаў. Найб. значэнне мелі працы Г.Галілея (адкрыў інерцыі закон, Галілея прынцып адноснасці, законы свабоднага падзення цел, руху па нахіленай плоскасці і інш.), Э.Тарычэлі (адкрыў атм. ціск), Р.Бойля і Э.Марыёта (даследавалі пругкасць газаў і сфармулявалі Бойля—Марыёта закон), Р.Гука (выказаў гіпотэзу прыцягнення, адкрыў Гука закон), Х.Гюйгенса (заклаў асновы хвалевай тэорыі святла, фіз. маятніка, разам з Г.В.Лейбніцам сфармуляваў закон захавання колькасці руху), І.Ньютана (сфармуляваў асн. законы класічнай механікі, адкрыў сусветнага прыцягнення закон), Л.Эйлера (распрацаваў дынаміку абсалютна цвёрдага цела), Д.Бернулі і Ж.Л.Лагранжа (заклалі аснову гідрадынамікі ідэальнай вадкасці), В.Франкліна (распрацаваў унітарную тэорыю электрычнасці, устанавіў закон захавання эл. зараду), Г.Кавендыша і Ш.А.Кулона (незалежна адкрылі асн. закон электрастатыкі — Кулона закон), П.Бугера і І.Г.Ламберта (распрацавалі асновы фотаметрыі). Класічная Ф. развівалася ў 19 ст. Дж.Дальтан адкрыў кратных адносін закон (1803), даў пачатак сучаснай атамістыцы. Устаноўлены энергіі захавання закон (Ю.Р.Маер, Дж.П.Джоўль, Г.Л.Ф.Гельмгольц), распрацаваны асновы тэрмадынамікі (Р.Ю.Э.Клаўзіус, У.Томсан), створана кінетычная тэорыя газаў (Дж.К.Максвел, Л.Больцман) і хвалевая тэорыя святла (Т.Юнг, А.Ж.Фрэнель), адкрыты законы электрамагнетызму (М.Фарадэй), атрыманы ўраўненні для эл.-магн. хваль (Максвела ўраўненні), якія эксперыментальна пацверджаны Г.Р.Герцам. Вял. значэнне мелі таксама навук. даследаванні, адкрыцці і тэорыі Д.Ф.Араго, Л.Гальвані, А.Вольта, Х.К.Эрстэда, А.М.Ампера, Н.М.С.Карно, Г.Р.Кірхгофа, Р.В.Бунзена і інш.; сфармуляваныя і распрацаваныя другі закон тэрмадынамікі, малекулярна-кінетычная тэорыя цеплавых працэсаў, законы і метады статыстычнай механікі, класічнай электрадынамікі, спектральнага аналізу. Сучасная Ф. пачала фарміравацца ў канцы 19—пач. 20 ст. Новую эпоху ў Ф. вызначыла адкрыццё электрона (Дж.Дж.Томсан), а таксама рэнтгенаўскіх прамянёў (В.К.Рэнтген), радыеактыўнасці (А.С.Бекерэль), атамнага ядра (Э.Рэзерфард), распрацоўка квантавай мадэлі атама (Н.Х.Д.Бор), гіпотэзы хваль дэ Бройля (Л.В. дэ Бройль), якія прывялі да стварэння квантавай механікі і квантавай электрадынамікі (В.К.Гайзенберг і В.Паўлі, Э.Шродынгер і П.А.М.Дзірак), атамнай і ядз. Ф. У канцы 19—пач. 20 ст. Х.А.Лорэнц заклаў асновы электроннай тэорыі і электрадынамікі рухомых асяроддзяў. На аснове прац Лорэнца і Ж.А.Пуанкарэ створана А.Эйнштэйнам спецыяльная (1905) і агульная (1916) адноснасці тэорыя, даследавана будова атамнага ядра (1919, Рэзерфард), створана пратонна-нейтронная яго мадэль (Гайзенберг, Дз.Дз.Іваненка), пачала развівацца Ф. элементарных часціц. Вял. ўклад у развіццё Ф. зрабілі М.Гел-Ман, Дж.У.Гібс, Р.Ф.Фейнман і інш.; у Расіі і СССР — М.В.Ламаносаў, П.М.Лебедзеў, Э.Х.Ленц, Дз.А.Мендзялееў, А.С.Папоў, В.У.Пятроў, А.Р.Сталетаў, М.А.Умаў, Б.С.Якобі і інш.; заснавальнікі фіз. школ С.І.Вавілаў, К.Ф.Іофе, І.В.Курчатаў, Л.Д.Ландау, Л.І.Мандэльштам, Дз.С.Раждзественскі, І.Я.Там, а таксама Ж.І.Алфёраў, А.П.Аляксандраў, Л.А.Арцымовіч, М.М.Багалюбаў, М.Г.Басаў, Я.П.Веліхаў, В.Л.Гінзбург, Я.Б.Зяльдовіч, П.Л.Капіца, А.М.Прохараў, І.М.Франк, У.А.Фок, Ю.Б.Харытон, П.А.Чаранкоў і інш. Даследаванні вяліся ў фіз. ін-тах АНСССР і АН саюзных рэспублік, у галіновых НДІ і ун-тах.
На Беларусі даследаванні па Ф. пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ, пашырыліся з 1950-х г. Сістэматычна вядуцца ў ін-тах Нац.АН (Ін-це фізікі імя Б.І.Сцяпанава, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной фізікі, фізіка-тэхнічным, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава, электронікі, праблем энергетыкі; гл. адпаведныя арт.), у БДУ, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах і інш.Асн. кірункі: лазерная фізіка, мікраэлектроніка, нелінейная оптыка, спектраскапія, фізіка высокіх ціскаў, фізіка высокіх энергій, фізіка дыэлектрыкаў, фізіка паўправаднікоў, фізіка плазмы, Ф. цвёрдага цела, элементарных часціц, ядз. Ф. Найб. значны ўклад у развіццё і арг-цыю навук. даследаванняў па Ф. зрабілі М.А.Барысевіч, М.А.Ельяшэвіч, А.Н.Сеўчанка, М.М.Сірата, Б.І.Сцяпанаў, Ф.І.Фёдараў, а таксама М.С.Акулаў, М.М.Аляхновіч, П.А.Апанасевіч, В.А.Арловіч, У.Р.Барышэўскі, А.А.Богуш, Б.Б.Бойка, Б.В.Бокуць, В.С.Буракоў, А.П.Вайтовіч, Л.В.Валадзько, У.Г.Вафіядзі, А.М.Ганчарэнка, В.П.Грыбкоўскі, Г.П.Гурыновіч, А.П.Дастанка, М.І.Дзямчук, А.П.Іваноў, А.А.Кавалёў, Ф.Ф.Камароў, Л.І.Кісялеўскі, Ф.П.Коршунаў, П.Дз.Кухарчык, Я.М.Лабанаў, У.А.Лабуноў, А.В.Лыкаў, І.Р.Некрашэвіч, У.П.Радзько, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, Р.І.Салаухін, К.М.Салаўёў, А.М.Сердзюкоў, Л.М.Тамільчык, В.А.Таўкачоў, В.Дз.Ткачоў, А.Ф.Чарняўскі, С.С.Шушкевіч. Выдаюцца часопісы: «Весці Нац.АН Беларусі. Серыя фізіка-матэм. і фізіка-тэхн. навук» (з 1965); «Веснік БДУ. Серыя 1. Фізіка. Матэматыка. Інфарматыка» (з 1969); «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964); «Инженерно-физический журнал» (з 1958). Створана Бел.фіз.т-ва (1990).
Літ.:
Кудрявцев П.С. История физики. Т. 1—3. М., 1956—71;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970;
Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с анга. Вып. 1—9. М., 1965—67;
Берклеевский курс физики: Пер. с англ.Т. 1—5. М., 1971—74;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 1. Механика. 5 изд. М., 2001;
Іх жа. Теоретическая физика. Т. 2. Теория поля. 7 изд. М., 1988;
Іх жа. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика. 4 изд. М., 1989;
Іх жа. Теоретическая физика. Т. 5. Статистическая физика. Ч. 1. 4 изд. М., 1995;
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М.; Л., 1962;
Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРГАНІЧНАЯ ХІМІЯ
Сістэматычныя даследаванні па неарганічнай хіміі на Беларусі пачаліся ў 1921 на кафедры неарганічнай, аналітычнай і фізічнай хіміі БДУ (Б.М.Беркенгейм). Вывучаліся прыродныя рэсурсы рэспублікі; кіслародныя злучэнні тытану (А.У.Памфілаў), гідраксіды і аксіды металаў, структура нікель-жалезных і інш. сплаваў (М.Ф.Ярмоленка); прапанаваны новы варыянт афармлення перыядычнай сістэмы хім. элементаў (Э.В.Змачынскі). У пасляваенны час даследаванні вядуцца ў БДУ (на кафедры неарганічнай хіміі, з 1978 таксама ў НДІ фізіка-хімічных праблем); Бел. тэхналагічным і нац. тэхнічным ун-тах; ін-тах агульнай і неарганічнай хіміі, цепла- і масаабмену, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, электронікі, хіміі новых матэрыялаў, радыеэкалагічных праблем Нац.АН Беларусі; Магілёўскім ун-це харчавання, Гомельскім ун-це транспарту, НДІ будаўнічых матэрыялаў і інш.
Закладзены фундаментальныя асновы і распрацаваны новыя метады сінтэзу шэрагу неарганічных матэрыялаў з зададзенымі хім. ўласцівасцямі і структурнымі параметрамі, напр., высокадысперсных парашкоў, шчыльных керамічных матэрыялаў, валокнаў і інш. (М.А.Безбародаў, У.С.Камароў, М.М.Паўлючэнка, М.Ф.Ярмоленка, І.М.Ярмоленка). Значную ролю ў развіцці хіміі неарганічных рэчываў адыгралі даследаванні па кінетыцы і механізме цвердафазных рэакцый, тапахіміі неарганічных фасфатаў (Я.А.Продан), на аснове якіх распрацаваны і шырока выкарыстоўваюцца на практыцы метады сінтэзу гарачатрывалых фасфатных матэрыялаў, комплексных удабрэнняў угнаенняў*, фунгіцыдаў, дэтэргентаў, люмінафораў, пратонных цвердацельных праваднікоў, высокатэмпературных звышправаднікоў, керамічных і шклопадобных матэрыялаў. Распрацоўваюцца фундаментальныя аспекты сінтэзу, рэгулявання структуры і паверхневых уласцівасцей неарганічных адсарбентаў і каталізатараў; атрыманы тэрмастабільныя сітаватыя адсарбенты шпінельнай структуры, цэалітзмяшчальныя каталізатары, вугляродныя адсарбенты, керамічныя кампазіцыйныя матэрыялы на аснове тугаплаўкіх неарганічных валокнаў на аснове аксідаў, карбідаў, барыдаў, сіліцыдаў (У.С.Камароў, А.І.Рацько). Даследаванні шляхоў абагачэння калійных і фосфарных мінеральных удабрэнняў угнаенняў* (М.П.Круцько, Ф.Ф.Мажэйка з супрацоўнікамі) заклалі аснову тэхналогіі айч. прамысловасці мінеральных удабрэнняў угнаенняў*. Вядуцца даследаванні метадаў сінтэзу і ўласцівасцей нанаструктураваных, мезапорыстых паўправадніковых аксідных матэрыялаў для гетэрагеннага каталізу і фотакаталізу, біянеарганічных матэрыялаў на аснове нанакрышталічнага гідраксіапатыту (А.І.Кулак). Вывучаліся састаў, структура і ўласцівасці індывідуальных і сумесна асаджаных аксідаў і гідраксідаў металаў і крэмнію, у т. л. ў выглядзе нанаструктураваных сістэм (В.В.Свірыдаў, М.Ф.Ярмоленка), а таксама фотахромных злучэнняў ртуці і серабра, тэрмічнага і фотахімічнага раскладання цвёрдых цел (Г.А.Браніцкі, Т.П.Каратаева, В.В.Свірыдаў); атрыманыя вынікі заклалі аснову стварэння новых матэрыялаў (на аснове аксідаў, халькагенідаў, нанапамерных часцінак металаў на цвёрдых носьбітах) з зададзенымі саставам, структурай і ўласцівасцямі і вызначылі новыя кірункі даследаванняў — фотахімія цвёрдых цел і распрацоўка фатаграфічных працэсаў запісу інфармацыі (Г.А.Браніцкі, С.К.Рахманаў, В.В.Свірыдаў), хімія кандэнсаваных сістэм з рэгулявальнай гаручасцю (А.І.Лесніковіч, В.В.Свірыдаў), высокатэмпературных неарганічных матэрыялаў (А.А.Вечар), ультрадысперсных і нанаструктураваных сістэм, атрыманых хім. і электрахім. метадамі (Г.А.Браніцкі, Т.М.Вараб’ёва, А.І.Кулак, А.І.Лесніковіч, С.К.Рахманаў, Дз.В.Свірыдаў). У рамках гэтай тэматыкі вызначаны заканамернасці і механізм фотакаталітычнага аднаўлення іонаў металаў на паверхні аксідаў і ў сістэмах паўправаднік—малыя часцінкі металу, працэсаў спектральнай сенсібілізацыі гэтых сістэм; выяўлены эфекты фотаактывавання сістэм малыя часцінкі металу—паўправадніковы аксід або ёдыд (С.К.Рахманаў, В.Г.Сакалоў). Распрацаваны працэсы фотаэлектрахім. запісу інфармацыі (А.І.Кулак, Дз.В.Свірыдаў, Я.А.Стральцоў), узмацнення слабых сярэбраных відарысаў на фотаслаях (Г.А.Браніцкі, В.В.Свірыдаў, В.Дз.Сташонак), вырабу фоташаблонаў для інтэгральных схем і пячатных плат без выкарыстання фотарэзістаў (Т.М.Вараб’ёва, В.Г.Сакалоў, Л.І.Сцяпанава), хім. і электрахім. асаджэння з раствораў металічных, сплаўных, кампазітных пакрыццяў на металы і дыэлектрыкі (Т.М.Вараб’ёва, Т.В.Гаеўская, Л.І.Сцяпанава) для электроннай і радыёпрамысловасці і інш., асаджэння золь-гель метадам плёнак аксідаў металаў (Г.А.Браніцкі, М.І.Іваноўская) для метал-аксідных газавых сенсараў і плёначных нанакампазітных каталізатараў метал-аксід. Устаноўлены прынцыпы электрахім. атрымання тонкіх плёнак халькагенідаў металаў, іх цвёрдых раствораў і звышструктур на аснове халькагенідных сістэм (Я.А.Стральцоў), стварэння эфектыўных фотакаталізатараў на аснове дыаксіду тытану для ачысткі і абеззаражвання вады (А.І.Кулак, Дз.В.Свірыдаў); распрацаваны метады сінтэзу і вывучаны ўласцівасці паўправадніковых нанакрышталёў (М.В.Арцем’еў, В.С.Гурын), у т. л. выяўлены нелінейныя з’явы ў нанаструктураваных электрахім. сістэмах (Г.А.Рагойша); распрацаваны і ўкаранёны працэсы перапрацоўкі адходаў каштоўных металаў, што дало магчымасць стварыць буйны рэспубліканскі цэнтр па гэтай перапрацоўцы — «Унікаштмет» БДУ (Г.М.Корзун, С.К.Рахманаў).
Знойдзены новыя шляхі кіравання кінетычнай стабільнасцю кандэнсаваных сістэм з адначасовым утрыманнем гаручых кампанентаў і акісляльніку; выяўлены прынцыпы рэгулявання параметраў гарэння розных гетэрагенных кандэнсаваных сістэм; распрацаваны высокаэфектыўныя вогнетушыльныя матэрыялы, у т. л. для тушэння лясных пажараў і торфу, а таксама кампаненты паліва са значнай энергаёмістасцю і высокай тэрмастабільнасцю адначасова (В.У.Багданава, А.І.Лесніковіч); адкрыта і вывучана з’ява вадкаполымнага гарэння (П.М.Гапонік, А.А.Івашкевіч, А.І.Лесніковіч). Распрацаваны метады атрымання калоідных раствораў на аснове ультрадысперсных металаў і аксідаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці ракетнага паліва і пораху, лячэнні раку, рэнтгенаўскай дыягностыцы і інш. (С.А.Вараб’ёва, А.І.Лесніковіч). Выяўлены асаблівасці фарміравання элементаў мікра- і нанарэльефу паверхні крышталёў крэмнію пры траўленні ў шчолачных растворах, што выкарыстоўваецца пры вырабе мікрадатчыкаў і зондаў атамна-сілавых мікраскопаў (А.В.Юхневіч). Вывучана ўзаемасувязь структуры і ўласцівасцей фасфатных матэрыялаў (Л.С.Івашкевіч, А.С.Ляхаў); распрацаваны метады сінтэзу гарачатрывалых фасфатных сувязных для касмічнай і ваеннай тэхнікі (К.М.Лапко, В.Ф.Цікавы); атрыманы шэраг фасфатных матэрыялаў з выбіральнымі іонаабменнымі ўласцівасцямі, а таксама здольных эфектыўна сарбіраваць газападобныя рэчывы асноўнага характару (У.А.Люцко, У.А.Шаблоўскі). Даследаваны керамічныя матэрыялы са структурамі пераўскіту, флюарыту і пірахлору, цвёрдыя растворы на аснове манганітаў, кабальтытаў лантану-стронцыю, вісмутату барыю, дыаксіду цэрыю, аксіду вісмуту, што стала асновай для распрацоўкі высокатэмпературных цвёрдааксідных паліўных элементаў без каштоўных металаў (А.А.Вечар, Я.М.Навумовіч).
Даследуюцца механізм, тэрмадынаміка і кінетыка хім. рэакцый з мэтай распрацоўкі фізіка-хім. асноў сінтэзу новых матэрыялаў, стварэння новых і ўдасканалення існуючых тэхналагічных працэсаў. Да найб. важных належаць даследаванні высокатэмпературных раўнаваг і тэрмадынамічных характарыстык кандэнсаваных і парападобных галагенідаў (Р.Б.Даброцін, Г.І.Новікаў, А.Г.Палячэнак), злучэнняў фосфару (Г.І.Новікаў, В.М.Яглоў), аксідаў і гідратаў селену, а таксама фтарыдаў рэдказямельных элементаў (Р.Б.Даброцін), металічных і аксідных расплаваў (В.П.Глыбін); фазавых раўнаваг і кінетыкі абменных рэакцый у патройных сістэмах аксідаў, якія прыводзяць да ўтварэння ферытаў (Л.А.Башкіраў); электрахім. і тэрмахім. даследаванні ў галіне вадароднай энергетыкі (С.А.Жданок, А.К.Красін, Г.І.Новікаў). Да важнейшых распрацовак адносяцца: перапрацоўка фасфатнай сыравіны, у т. л. новымі плазмахім. і хлорным метадамі (М.І.Кузьмянкоў, У.Дз.Пячкоўскі); атрыманне неарганічных галагенідаў, у т. л. шчолачназямельных і рэдказямельных металаў (М.І.Вараб’ёў, Р.Б.Даброцін, А.Г.Палячэнак); сінтэз злучэнняў селену (Г.Ф.Пінаеў); тэхналогія вогнетрывалых бетонаў на вадкашкляных і фасфатных звязках, хуткацвярдзеючых цэментаў і магнезіяльных вяжучых, атрыманых з даламіту (М.І.Кузьмянкоў); атрыманне сплаваў пры дапамозе нізкатэмпературнай плазмы (М.А.Свідуновіч); тэхналогія шкла, у т. л. міжслойнай ізаляцыі ў мікраэлектроніцы, сіталу для гарачаўстойлівага посуду і ніткаправодаў у вытворчасці валокнаў, керамікі і інш. (Н.М.Бабкова, І.А.Лявіцкі, І.У.Пішч, В.М.Яглоў); атрыманне тонкіх і тоўстых слаёў аксідных высокатэмпературных звышправодных злучэнняў і сінтэз ферамагнітных матэрыялаў на аснове цвёрдых раствораў ферытаў з рэгулявальнай структурай і саставам для вертыкальнага запісу інфармацыі і паглынання ЗВЧ-хваль, што стала асновай развіцця ў краіне ўласнай вытв-сці крэдытных картак і інш. магнітных носьбітаў (Л.А.Башкіраў); тэхналогія глыбокай ачысткі газавых выкідаў і сцёкавых вод (В.П.Глыбін, Т.А.Жарская, У.М.Марцуль). Даследуюцца працэсы гідролізу іонаў металаў у водных растворах з утварэннем полілігандных, мона- і поліядзерных гідроксакомплексаў (Ю.П.Давыдаў, А.К.Баеў), што важна для прагназіравання міграцыі ў глебе і водных басейнах радыенуклідаў, распрацоўкі метадаў ачысткі сцёкавых вод і сінтэзу матэрыялаў на аснове аксідаў.
Літ.:
Химическое осаждение металлов из водных растворов. Мн., 1987;
Продан Е.А. Топохимия кристаллов. Мн., 1990;
Новікаў Г.І., Жарскі І.М. Асновы агульнай хіміі. Мн., 1995;
Комаров В.С. Адсорбенты: Вопросы теории, синтеза и структуры. Мн., 1997;
Жарский И.М., Новиков Г.И. Физические методы исследования в неорганической химии. М., 1998;
Химические проблемы создания новых материалов и технологий. Вып. 1. Мн., 1998; Вып. 2. Мн., 2003; Синтез, структура и свойства неорганических веществ и коллоидных систем. Мн., 2000; Гапоненко Н.В. Пленки, сформированные золь-гель методом на полупроводниковых и в мезопористых матрицах. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКА І НАВУКОВЫЯ ЎСТАНОВЫ
Навука на Беларусі мае глыбокія гістарычныя вытокі і непарыўна звязана з гісторыяй развіцця грамадства, ростам гарадоў і патрэбамі вытворчасці, праблемамі нац. і сац. развіцця.
СТАНАЎЛЕННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ.
Першыя навук. ўяўленні адносяцца да 7—8 ст., калі ў плямён, што насялялі тэр. Беларусі, пачалося адасабленне такіх рамёстваў, як ліцейнае, кавальскае, ганчарнае, ткацкае. Развіццё іх было немагчыма без пэўных фіз. і фізіка-хім. ведаў. Так, пры атрыманні жалеза з балотных руд нашы продкі маглі з вялікай дакладнасцю вытрымліваць неабходную для гэтага тэмпературу больш за 1000 °C. Эмпірычныя звесткі ў галіне фізікі і механікі паспяхова выкарыстоўваліся пры ўзвядзенні культавых і абарончых збудаванняў, пракладцы дарог і будаўніцтве мастоў. Назіранні за атм. з’явамі адлюстроўваліся ў нар. прыкметах, звязаных з прадказаннем надвор’я, неабходных для земляробства і жывёлагадоўлі (адно з першых пісьмова зафіксаваных метэаралаг. назіранняў датуецца 3.3.1067). Да 13 — пач. 14 ст. адносіцца стварэнне на тэр. Беларусі ўласнай сістэмы мер — так званай Полацкай сістэмы.
Развіццё навук. ідэй на бел. землях адбывалася ў цеснай узаемасувязі з асн. тэндэнцыямі развіцця сусветнай цывілізацыі. Распаўсюджванне хрысціянства на старажытнабел. землях паскорыла развіццё пісьменства, літаратуры, культуры і ўлучыла іх у агульнаеўрапейскі гіст.-культурны ландшафт, спрыяла ўмацаванню сувязей з Візантыяй, дзяржавамі Зах. Еўропы. У манастырах і храмах ствараліся бібліятэкі, вяліся летапісы, перапісваліся кнігі. Такія асветнікі стараж. Беларусі, як Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі, сталі зоркамі першай велічыні ў культ. жыцці Усх. Еўропы. Для распаўсюджвання прыродазнаўчых ведаў на тэр. Беларусі асаблівую ролю адыгрывала навук. літаратура, якая праз Беларусь трапляла ва Усх. Еўропу. Яна ўключала звесткі пра антычную навуку, знаёміла з працамі Дэмакрыта, Платона, Арыстоцеля і інш.
Развіццё навук. ідэй у 16 ст. звязана з навукова-асветніцкай дзейнасцю М.Гусоўскага, Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Стрыйкоўскага. У 1517 Ф.Скарына заснаваў бел. кнігадрукаванне, у 1522 выдаў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой былі звесткі па многіх галінах ведаў. У 1553 па ініцыятыве і фінансавай падтрымцы М.Радзівіла заснавана друкарня ў Брэсце, дзе кнігі друкаваліся на лацінскай і польскай мовах. У 1562 С.Будны заснаваў друкарню ў Нясвіжы.
Значнае месца ў пашырэнні адукацыі і навук. ведаў займалі навуч. ўстановы. Пачатковыя школы ствараліся пры правасл. прыходскіх цэрквах і брацтвах Сярэднюю і вышэйшую адукацыю можна было атрымаць у каталіцкіх навуч. установах — калегіумах, дзе выкладаліся т зв «сем вольных навук»: граматыка, дыялектыка, рыторыка, музыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія. Асноўнае выкладанне ішло на бел. мове, выкарыстоўвалася таксама лацінская, грэчаская і польская мовы. У 1570 адкрыта першая ў ВКЛ вышэйшая навуч. ўстанова — Езуіцкі калегіум у Вільні (у 1578 ператвораны ў Віленскую акадэмію, з 1781 — Галоўная школа літоуская, з 1803 — Імператарскі Віленскі ун-т), які стаў першым навук. цэнтрам і на бел. землях. У 19 ст. Віленскі ун-т быў навуч. і адм. цэнтрам Віленскай навуч. акругі, у склад якой уваходзілі Віцебская, Гродзенская, Мінская і Магілёўская губ. Ён адыграў выключную ролю ў культ. развіцці Беларусі, пашырэнні прыродазнаўчай адукацыі, падрыхтоўцы настаўнікаў для гімназій Віленскай навуч. акругі і выкладчыкаў для самога ун-та. За гады свайго існавання ун-т даў свету шмат таленавітых навукоўцаў — ураджэнцаў Беларусі. Сярод іх: М.Пачобут-Адляніцкі — заснавальнік віленскай астранамічнай школы і першы дырэктар Віленскай абсерваторыі, І.Дамейка — геолаг, прафесар ун-та ў Сант’яга (Чылі), С.Горскі — заг. батанічнага саду Віленскага ун-та, В.Міцкевіч — заснавальнік фіз. школы ў Вільні, М.Ястржэмбскі — лаўрэат Дзямідаўскай прэміі, аўтар першага ў Расіі дапаможніка па буд. механіцы («Курс практычнай механікі», 1837), І.Гайдэталь — інжынер, ген.-маёр, кіраўнік работ па ўдасканальванні Агінскага канала, Ё.Лібошык — лекар і батанік, доктар медыцыны і хірургіі Дэрпцкага ун-та. М.Палінскі — матэматык, дэкан фізіка-матэм. ф-та Віленскага ун-та, юрыст С.Казакевіч і інш.
З 1580 дзейнічаў Полацкі езуіцкі калегіум (у 1812 ператвораны ў акадэмію), з 1586 — Нясвіжскі, з 1633 Брэсцкі, з 1664 — Гродзенскі, з 1714 — Мінскі езуіцкія калегіумы. Пры калегіумах існавалі бібліятэкі, музеі, друкарні, тэатры, аптэкі. У 16—18 ст. езуіты адкрылі на Беларусі 20 навуч. устаноў, якія спрыялі распаўсюджванню асветы, дасягненняў сусветнай навукі, падрыхтоўцы нац. інтэлігенцыі. У 1-й пал. 18 ст. ў езуіцкіх калегіумах і інш. установах пачалі выкладаць эксперым. навукі, сталі адкрывацца астранамічныя, фізічныя, мінералагічныя і інш. кабінеты, што адпавядала агульнаеўрапейскім тэндэнцыям Значную ролю ў пашырэнні прыродазнаўчых ведаў на Беларусі адыграла Каралеўская медыцынская акадэмія (1775—81), заснаваная ў Гродне А.Тызенгаўзам. Яе кіраўнік — франц. ўрач і вучоны-натураліст, даследчык флоры Літвы і Беларусі Ж.Э.Жылібер.
У 17—18 ст. вялі навук. даследаванні і распаўсюджвалі веды ў галіне астраноміі, хіміі, геаграфіі, біялогіі, гісторыі, этнаграфіі і інш. навук Б.Дабшэвіч, С.Канарскі, І.Капіевіч, О.Крыгер, Я.Накцыяновіч, К.Нарбут, А.Скарульскі, І.Страйноўскі, І.Храптовіч, С.Шадурскі і інш. У 1-й пал. 19 ст. як частка славістыкі зарадзілася навук. беларусазнаўства (працы В.Бадзянскага, З.Даленгі-Хадакоўскага, П.Шафарыка). Арганізатары гэтых даследаванняў — Віленскі ун-т, віленскія Археалагічная і Археаграфічная камісіі. Уклад у развіццё беларусазнаўства зрабілі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі М.Без-Карніловіч, І.Грыгаровіч, Т.Нарбут, лінгвісты С.Мікуцкі, І.Насовіч, этнограф П.Шпілеўскі, археолагі і краязнаўцы браты К. і Я. Тышкевічы. публіцыст Я.Падбярэскі. У 1860—90-я г.бел. этнас даследавалі М.Дзмітрыеў, М.Доўнар-Запольскі, Я.Карскі, Ю.Крачкоўскі, І.Насовіч, М.Нікіфароўскі, А.Семянтоўскі, М.Янчук і інш.
У 1840 каля мястэчка Горкі (Магілёўская губ.) адкрыта Горы-Горацкая земляробчая школа (з 1848 Горы-Горацкі земляробчы інстытут) — першая ў Расіі вышэйшая с.-г.навуч. ўстанова (у 1864 пераведзены ў Пецярбург). Ін-т адыграў вял. ролю ў развіцці навукі і падрыхтоўцы спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Яго выпускнікі прафесары А.Бажанаў, Ю.Жабенка, С.Касовіч, А.Людагоўскі, А.Саветаў, І.Сцебут, Е.Фалькоў, І.Чарнапятаў і інш. зрабілі ўклад у развіццё с.-г. навукі і вышэйшай адукацыі.
У 2-й пал. 19 ст.навук. даследаванні праводзіліся гал. чынам у навук. кабінетах гімназій, прыватных н.-д. лабараторыях. Уклад у развіццё прыродазнаўчых ведаў зрабілі В.Баранецкі, І.Весялоўскі, Дз.Дубяга, Б.Дыбоўскі, В.Ермакоў, браты А. і У. Кавалеўскія, Я.Наркевіч-Ёдка, Я.Рагоўскі, браты З. і Э. Урублеўскія, К.Чаховіч і інш. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі існавалі 3 н.-д. ўстановы: Беняконская с.-г. доследная станцыя, станцыя лекавых раслін пад Магілёвам (абедзве засн. ў 1910) і Мінская доследная балотная станцыя (з 1911). Пэўная навук. работа вялася ў Віцебскім, Мінскім і Магілёўскім настаўніцкіх ін-тах (засн. адпаведна ў 1910, 1913 і 1914), у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (дзейнічаў у 1911—22, з 1918 — Віцебскі археал.ін-т).
Вокладка «Малой падарожнай кніжкі» Ф.Скарыны. Каля 1522.Будынак Віленскай акадэміі (18 ст.).Будынак Горы-Горацкага земляробчага інстытута (г. Горкі Магілёўскай вобл. 19 ст.).
РАЗВІЦЦЁ НАВУКІ Ў БССР.
Больш шырокія маштабы набыло развіццё навукі і навук. устаноў пасля ўтварэння БССР. У 1919 адноўлены земляробчы ін-т у Горках (з 1925 Беларуская с.-г. акадэмія), створаны Віцебскі батанічны сад. У 1920 на базе політэхн. вучылішча засн. Беларускі політэхнічны інстытут (БПІ), які у 1922 рэарганізаваны ў Бел.дзярж.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (у 1925 аб’яднаны з Горацкім земляробчым ін-там); у 1924 — Віцебскі ветэрынарны ін-т, у 1927 — Ін-т сельскай і лясной гаспадаркі. У 1921 у Мінску адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт (БДУ), які стаў цэнтрам падрыхтоўкі нац.навук. і пед. кадраў і сістэматызаваных навук. даследаванняў у галіне фіз.-матэм., хім., біял., мед. і гуманітарных навук.Спец. камісія садзейнічання арганізацыі БДУ (узначальваў рэктар Маскоўскага ун-та В.П.Волгін) рэкамендавала для работы ў БДУ групу прафесараў з Маскоўскага, Петраградскага, Кіеўскага, Харкаўскага і інш. ун-таў; БДУ была перададзена багатая бібліятэка і абсталяванне; фінансавую дапамогу аказвалі Рас.АН, Маскоўскі ун-т, Наркамат асветы і інш. наркаматы РСФСР. Першы яго рэктар — гісторык У.І.Пічэта. У БДУ працавалі вядомыя вучоныя С.Я.Вальфсон, Ц.М.Годнеў, Я.П.Громер, М.Б.Кроль, М.М.Нікольскі, В.І.Пераход, У.М.Перцаў, М.А.Прыляжаеў, Я.Е.Сіроцін інш.
У 1922 на базе навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР створаны першы н.-д. цэнтр рэспублікі — Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Яго старшынёй стаў С.М.Некрашэвіч, правадз. членамі — Я.Ф.Карскі, Я.Ю.Лёсік, І.Д.Луцэвіч (Я.Купала), К.М.Міцкевіч (Я.Колас). Навукова-даследчая работа ў Інбелкульце вялася па гуманітарных і прыродазнаўчых кірунках у яго лінгвістычнай, літаратурна-мастацкай, этнаграфічнай, гісторыка-археалагічнай, педагагічнай, прыродазнаўчай і сацыяльна-эканамічнай камісіях і секцыях; з 1924 працавалі геаграфічная, медыцынская і агранамічная секцыі. Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце кіравала краязнаўчымі арг-цыямі БССР. Пры ін-це заснаваны музей прыроды Беларусі, бібліятэка, друкарня. Каб падняць узровень навук. даследаванняў, у 1926 Інбелкульт пераўтвораны ў Дзярж.н.-д. ўстанову пры СНКБССР. У 1927 у складзе Інбелкульта былі 3 ін-ты, 17 кафедраў (пераважна грамадскіх навук), 3 лабараторыі, шэраг камісій і 3 музеі.
Зыходзячы з патрэб развіцця нар. гаспадаркі і культуры, у 1928 урад БССР ператварыў Інбелкульт у Беларускую акадэмію навук, якая была ўрачыста адкрыта 1.1.1929. Сярод першых яе акадэмікаў-заснавальнікаў. Я.М.Афанасьеў, М.Ф.Бліадухо, С.Я.Вальфсон, С.М.Вышалескі, Г.І.Гарэцкі, М.О.Грэдзінгер, А.Д.Дубах, М.М.Дурнаво, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), І.І.Замоцін, У.М.Ігнатоўскі, В.У.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, І.Д.Луцэвіч (Я.Купала), М.К.Малюшыцкі, С.Ю.Матулайціс, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, І.А.Пятровіч, Б.А.Тарашкевіч, А.Н.Ясінскі. Акадэмікамі былі абраны вядомыя савецкія вучоныя А.П.Карпінскі, В.Р.Вільямс, Д.К.Забалотны, М.Я.Мар, С.Ф.Альдэнбург, М.М.Пакроўскі, М.А.Скрыпнік, П.А.Туткоўскі, М.І.Яворскі. Першым прэзідэнтам акадэміі абраны У.М.Ігнатоўскі (1929—31), віцэ-прэзідэнтамі — М.І.Бялуга, С.М.Некрашэвіч, неадменным сакратаром — В.У.Ластоўскі.
У 1931 пастановай СНКБССР функцыі Акадэміі навук былі пашыраны. На яе ўскладзена планаванне работы ўсіх н.-д. устаноў Беларусі, кантроль за выкананнем планаў навук. даследаванняў і ўкараненнем у вытворчасць іх вынікаў. Акадэмія стала цэнтральнай навук. установай рэспублікі. У 1932 у сістэме Бел.АН дзейнічала 14 інстытутаў: філасофіі, мовазнаўства, літаратуры і мастацтва, гісторыі, сав. будаўніцтва і права, эканомікі, яўрэйскай пралетарскай культуры, польскай пралетарскай культуры, біял. навук, аграглебавы, хіміі, геалогіі, фізіка-тэхнічны, псіханеўралагічны; 2 сектары — літоўскі і латышскі. У ін-тах працавалі 22 правадз. члены, 150 навук. супрацоўнікаў. Як самастойныя ўстановы працавалі камісія па вывучэнні Зах. Беларусі, Цэнтр. бюро краязнаўства, выдавецтва, бібліятэка. Для падрыхтоўкі навук. кадраў у 1931 створаны Ін-т аспірантуры.
У 1930 у Гомелі адкрыты Бел. лесатэхн. ін-т. У гады 1-й пяцігодкі (1928—32) дробныя спецыялізаваныя ВНУ Беларусі былі аб’яднаны, створана некалькі ведамасных н.-д. устаноў. На базе Бел.с.-г. акадэміі ў 1931 заснаваны НДІ: садова-агародны, водна-меліярацыйны, кармавых культур і аграхіміі, прадзільных культур. У 1932 на базе Ін-та сацыяліст. рэканструкцыі сельскай гаспадаркі створаны 2 НДІ: саўгаснага і калгаснага будаўніцтва. Былі заснаваны свінагадоўчы, балотны, ветэрынарны, гідраметэаралагічны і інш.НДІ, 15 занальных станцый і шэраг апорных н.-д. пунктаў. У 1929 на базе хім. лабараторыі Савета нар.-гаспадаркі БССР створаны Ін-т прамысловасці з сектарамі: торфу, будматэрыялаў, мінер. угнаенняў, тэкстыльным, энергетычным, сапрапеляў, скуранога абутку, паперы і інш. У 1924 пачалі дзейнічаць НДІ: эпідэміялогіі і мікрабіялогіі; фізіятэрапіі, артапедыі і неўралогіі; у 1927 — санітарна-гігіенічны; земляробства і кармоў; геолагаразведачны; у 1928 — туберкулёзу; у 1930 — меліярацыі і лугаводства; у 1931 — аховы мацярынства і дзяцінства; глебазнаўства і аграхіміі; у 1932 — пералівання крыві; скурных і венерычных хвароб. У 1933 адкрыты Бел.ін-тнар. гаспадаркі, абнавіў дзейнасць Бел.політэхн.ін-т (былі аб’яднаны мінскія энергетычны, будаўнічы, тарфяны, хіміка-тэхнал., харчовай прам-сці і Горацкі водна-меліярац. ін-ты). У БССР працавалі філіялы ўсесаюзных НДІ, занальныя навук. станцыі. Да канца 1-й пяцігодкі ў БССР працавала больш за 50 н.-д. устаноў: у галіне прамысловасці 6, сельскай гаспадаркі 23, аховы здароўя 10, культурна-асветных 12, па нацыянальным будаўніцтве 5 і інш. У 1932 у БССР было 940 навук. супрацоўнікаў, у т. л. 23 акадэмікі, 118 прафесараў, 278 дацэнтаў, 521 асістэнт. У 1940 у 67 навук. установах (з ВНУ) працавала 2227 навук. супрацоўнікаў. У 1939/40 навуч. годзе падрыхтоўку педагагічных, навук. і інжынерна-тэхн. кадраў ажыццяўлялі 22 ВНУ.
Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы навук. кадраў для Беларусі аказалі навуковыя і вышэйшыя навуч. ўстановы Масквы, Ленінграда, Кіева і інш.навук. цэнтраў СССР, дзе праходзілі падрыхтоўку бел. аспіранты. Многія з іх зрабілі значны ўклад у развіццё бел. навукі (М.А.Барысевіч, М.М.Паўлючэнка. А.Н.Сеўчанка, Ф.І.Фёдараў і інш.).
У даваенны час н.-д. ўстановы рэспублікі выканалі грунтоўныя даследаванні ў галіне геалогіі, батанікі, заалогіі, фізіялогіі, біяхіміі, фотасінтэзу, медыцыны, фіз.-матэм., тэхн., хім., мастацтвазнаўчых, эканамічных і інш.навук. Значны ўклад зроблены ў распрацоўку праблем здабычы, сушкі і спальвання торфу, вывучэнне хім. саставу торфу і сапрапеляў, асушэнне і асваенне балот і забалочаных зямель, вывядзенне новых сартоў бульбы, лёну, павышэнне ўраджайнасці с.-г. культур, выкарыстанне лясных рэсурсаў. У галіне грамадскіх навук вучоныя рэспублікі даследавалі гісторыю, эканоміку, культуру, фалькларыстыку Беларусі. Значныя даследаванні прысвечаны гістарыяграфіі, крыніца-, архіва- і краязнаўству, праблемам гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны. Даследаванні філосафаў былі сканцэнтраваны на вывучэнні заканамернасцей развіцця сацыяліст. грамадства. адносін сав. дзяржавы да культурнай спадчыны мінулага і інш. У 1936 Бел. акадэмія навук перайменавана ў Акадэмію навук БССР.
Пэўныя цяжкасці ў развіцці навукі ў БССР у гэты перыяд былі абумоўлены недахопам высокакваліфікаваных навук. кадраў, а таксама беспадстаўнымі рэпрэсіямі. Толькі ў АНБССР рэпрэсіравана больш за 140 супрацоўнікаў; сярод іх акадэмікі Я.М.Афанасьеў, Ц.Л.Бурстын, Г.І.Гарэцкі, П.В.Горын, А.Д.Дубах, В.У.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, С.Ю.Матулайціс, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, В.А.Сербента, І.З.Сурта, Б.А.Тарашкевіч, В.К.Шчарбакоў і інш. Гэта адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў, была згорнута падрыхтоўка кадраў (калі ў 1934 у Акадэміі навучаліся 139 аспірантаў, то ў 1938 — толькі 6). У 1938 рэарганізацыяй ці зліццём з інш. ўстановамі скасаваны ін-ты фізіка-тэхнічны, філасофіі і эканомікі. У выніку фактычна былі закрыты цэлыя навук. кірункі, што прычыніла вял. шкоду развіццю навукі. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, навук. даследаванні канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це, Бел.навук. таварыстве, Ін-це гаспадаркі і культуры.
У гады Вял.Айч. вайны ўсе НДІ і ВНУ Беларусі былі эвакуіраваны або знішчаны. Паводле рашэння Савета па эвакуацыі пры СНКСССР ад 7.7.1941 члены АН Беларусі і інш. высокакваліфікаваныя вучоныя накіроўваліся ў Ташкент на працу ў н.-д. і ВНУ. Значная частка супрацоўнікаў АН Беларусі ў час вайны працавала ў Маскве, у ін-тах АНСССР, інш.НДІ і ВНУ. У кастр. 1943 у Маскве аднавіў работу Прэзідыум АН Беларусі на чале з прэзідэнтам К.В.Горавым. Бел. вучоныя і ў гэты перыяд выканалі грунтоўныя навук. даследаванні па распрацоўцы новых тэхнал. працэсаў, зрабілі ўклад у вырашэнне пытанняў павелічэння ўрадлівасці с.-г. культур, павелічэння сыравінных рэсурсаў краіны. Б.В.Ерафееў распрацаваў і арганізаваў вытворчасць празрыстай брані з арганічнага шкла для авіяц. прамысловасці, С.М.Ліпатаў прапанаваў новы метад дээмульсацыі нафты, М.Ф.Ярмоленка — прынцып ачышчэння нафты ад серы. М.С.Акулаў займаўся ўдасканальваннем прыбораў неразбуральнага кантролю прамысл. прадукцыі, Ц.М.Годнеў — распрацоўкай метадаў захавання вітамінаў у прадуктах пры працяглым іх захоўванні, О.К.Кедраў-Зіхман — метадамі выкарыстання ўгнаенняў, А.Я.Пракапчук — вытворчасцю лекавых прэпаратаў.
У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў АНБССР пачалі працаваць ін-ты: гісторыі; мовы, літаратуры і мастацтва; эканомікі; сацыяліст. сельскай гаспадаркі; геалогіі; тэарэтычнай і клінічнай медыцыны; торфу; хіміі; а таксама фізіка-тэхн. лабараторыя, водагаспадарчы сектар, батанічны сад і інш. У пач. 1950-х г. навуковы патэнцыял Беларусі быў практычна адноўлены; значную дапамогу ў гэтым аказалі АНСССР і акадэміі навук саюзных рэспублік У 1947 заснаваны ін-ты механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, філасофіі і права, фізіка-тэхнічны і біялогіі; у 1950 — ін-ты жывёлагадоўлі і лесу; у 1951 — мовазнаўства (на базе сектара мовы Ін-та мовы, літаратуры і мастацтва. зараз імя Я.Коласа); у 1952 — энергетыкі (з 1963 Ін-тцепла- і масаабмену, зараз імя А.В.Лыкава); у 1953 — фізіялогіі (на базе Ін-та тэарэт. медыцыны); у 1955 на базе сектара фізікі і матэматыкі Фізіка-тэхн. ін-та — Ін-т фізікі і матэматыкі (у 1959 перайменаваны ў Ін-т фізікі, зараз імя Б.І.Сцяпанава); у 1957 на базе сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры і сектара этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі — Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (зараз імя К.Крапівы); буд-ва і архітэктуры (у 1963 перададзены ў Дзярж. камітэт СМБССР па справах буд-ва), машыназнаўства і аўтаматызацыі (у 1963 перададзены ў Дзярж. камітэт па машынабудаванні пры Дзяржплане СССР, з 1965 у сістэме Мін-ва станкабуд. і інструментальнай прам-сці СССР пад назвай Эксперыментальны НДІ машыназнаўства, з 1971 у сістэме АНБССР як Ін-т праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын (зараз — Ін-т механікі і надзейнасці машын). У 1958 створаны сектар геранталогіі, у 1959 — Аддзел заалогіі і паразіталогіі. У 1959 на базе лабараторыі матэм. профілю Ін-та фізікі і матэматыкі створаны Ін-т матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (з 1965 Ін-т матэматыкі). У 1957 Ін-т літаратуры і мастацтваў перайменаваны ў Ін-т літаратуры (зараз імя Я.Купалы). У 1959 на базе Ін-та хіміі створаны ін-ты фізіка-арганічнай хіміі і агульнай і неарганічнай хіміі. У 1963 Аддзел фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў пераўтвораны ў Ін-т фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; створаны Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю, на базе Ін-та біялогіі — Ін-т эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі (з 1966 Ін-тэксперым. батанікі, зараз імя В.Ф.Купрэвіча); у 1966 — Аддзел мікрабіялогіі (з 1975 Ін-т мікрабіялогіі). З 1965 пачалі працаваць ін-ты: ядзернай энергетыкі (з 2002 Аб’яднаны ін-т энергетычных і ядзерных даследаванняў), генетыкі і цыталогіі, тэхн. кібернетыкі (з 2002 Аб’яднаны ін-т праблем інфарматыкі).
У 1930—60-я г. навуковую і навукова-арганізац. працу ў Акадэміі навук вялі яе прэзідэнты: П.В.Горын (1931—36), І.З.Сурта (1936—37), К.В.Гораў (1938—47), А.Р.Жэбрак (1947), М.І.Грашчанкаў (1947—51), В.Ф.Купрэвіч (1952—69); акадэмікі К.М.Міцкевіч, І.С.Лупіновіч, К.К.Атраховіч, Ц.М.Годнеў, М.А.Дарожкін, М.Ф.Ярмоленка, М.М.Нікольскі, А.Н.Сеўчанка, М.В.Турбін, В.П.Севярдэнка, І.А.Булыгін і інш. Значную ролю ў развіцці новых кірункаў фіз.-матэм. і тэхн. навук адыграў пераход на працу ў АНБССР і ВНУ рэспублікі вучоных Масквы і Ленінграда (Б.І.Сцяпанаў, М.А.Ельяшэвіч, АЖ. Красін, М.М.Сірата, А.В.Лыкаў, М.П.Яругін, У.І.Крылоў і інш.). У 1969 прэзідэнтам акадэміі выбраны М.А.Барысевіч (быў ім да 1987).
У 1970-я г. ў структуры Акадэміі навук утворана 5 новых ін-таў: у 1971 на базе лабараторый геахім. праблем АНСССР і Плешчаніцкай геафіз. станцыі АНБССР — Ін-т геахіміі і геафізікі; у 1973 — ін-ты электронікі і фотабіялогіі; у 1974 на базе Аддзела біяарганічнай хіміі Ін-та фізіка-арганічнай хіміі — Ін-т біяарганічнай хіміі; у 1975 на базе Аддзела мікрабіялогіі — Ін-т мікрабіялогіі. Акадэмічныя навук. цэнтры арганізаваны ў абласных гарадах. Аддзел механікі палімераў у Гомелі ў 1969 пераўтвораны ў Ін-т механікі металапалімерных сістэм; у 1970 у Гродне адкрыты Аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў, у Магілёве — аддзяленні ін-таў фізікі і фізіка-тэхнічнага, у Віцебску — аддзяленне Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. Пазней гэтыя структурныя падраздзяленні пераўтвораны ў самаст. ін-ты: прыкладной оптыкі (1992) і тэхналогіі металаў (1992) у Магілёве, тэхн. акустыкі ў Віцебску (1975), біяхіміі ў Гродне (1985). У 1980 у Мінску пачаў дзейнічаць Ін-т заалогіі, у 1987 — Ін-т радыебіялогіі (з 2003 у Гомелі).
У канцы 1970-х г. у Акадэміі навук дзейнічала 5 аддзяленняў — грамадскіх, фіз.-матэм., фіз.-тэхн., біял., хім. і геалагічных навук, у якіх былі аб’яднаны 32 н.-д. ўстановы, працавала больш за 15,5 тыс. чалавек, у т. л. 204 дактары і больш за 1500 кандыдатаў навук, 54 акадэмікі і 70 членаў-карэспандэнтаў. Значныя поспехі былі дасягнуты ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі (М.А.Барысевіч, В.С.Буракоў, М.А.Ельяшэвіч, У.А.Піліповіч, Б.І.Сцяпанаў, Ф.І.Фёдараў), матэматыкі (У.І.Крылоў, У.П.Платонаў, Дз.А.Супруненка, М.П.Яругін), цеплафізікі і энергетыкі (А.К.Красін, А.В.Лыкаў, А.Р.Мартыненка), генетыкі і цыталогіі (Л.У.Хатылёва), геалогіі (Р.Г.Гарэцкі, А.С.Махнач), лінгвістыкі (М.В.Бірыла), біяарганічнай хіміі (А.А.Ахрэм), грамадскіх навук (В.К.Бандарчык, К.П.Буслаў, М.І.Вядута, І.Я.Марчанка, Р.М.Суднік). Сфарміраваліся сусветна вядомыя навук. школы па мовазнаўстве, тэарэт. фізіцы, спектраскапіі, люмінесцэнцыі, лазернай фізіцы, электроніцы, цеплафізіцы, дыферэнцыяльных ураўненнях, алгебры і тэорыі лікаў, біяарган. хіміі, геалогіі, фізіялогіі, генетыкі і селекцыі, матэрыялазнаўстве і інш.
Многія вынікі навук. даследаванняў, атрыманыя ў АНБССР, выкарыстоўваліся ў нар. гаспадарцы СССР Некаторыя ін-ты з’яўляліся галаўнымі ў СССР па асобных праблемах. Значную ролю ў развіцці навукі ў гэтыя гады адыграла Пастанова ЦККПБ і Савета Міністраў БССР «Аб мерах па далейшаму развіццю навукі і ўмацаванню яе сувязей з вытворчасцю» (1970).
У 1970—80-я г. ўдасканальвалася арганізацыя навукі на Беларусі, значна павялічана колькасць ведамасных н.-д. устаноў рэсп. і саюзнага падпарадкавання. У адпаведнасці з патрэбамі нар. гаспадаркі з’явіліся новыя н.-д. ін-ты: эксперым. ветэрынарыі (1949, зараз імя С.М.Вышалескага); Мінскі н.-д. прыборабудаўнічы ін-т(1954), Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі (1956), Бел.НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (1957), Навукова-даследчы і канструктарскі ін-т ліцейнай вытворчасці (1958), Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (1958, з 1959 Бел.НДІ навукова-тэхн. інфармацыі); Мінскі канструктарска-тэхнал.эксперым.ін-таўтамаб. прамысловасці (1960), Бел.НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (1960), Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (1961), Бел.н.-д. дарожны ін-т (1962), Бел.ін-т інжынерных пошукаў (1964), НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання (1965), Бел. філіял Энергет.н.-д. ін-та (1965) і інш.
Навук. даследаванні пачалі праводзіцца ў новых ВНУ, адкрытых у абласных цэнтрах для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў: Брэсцкім пед. ін-це (1950), Гродзенскім с.-г. ін-це (1951), Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (1953, Гомель), Бел. ін-це меліярацыі сельскай гаспадаркі (1954), Гродзенскім мед. ін-це (1958), Мінскім радыётэхн. ін-це (1964), Віцебскім тэхнал. ін-це лёгкай прам-сці (1965), Гомельскім пед. ін-це (з 1969 Гомельскі ун-т). Усяго на Беларусі ў 1970 дзейнічалі 174 навук. ўстановы, у т. л. 21 ін-т у Акадэміі навук і 9 самаст.навук. падраздзяленняў. Пачалі дзейнічаць галіновыя навук. ўстановы: Бел. н-д. тэхнал.ін-т аўтамабільнага транспарту (1970), НДІ прам-сці першапачатковай апрацоўкі лубяных валокнаў (1970), НВА «Інтэграл» (1971), Бел. оптыка-механічнае аб’яднанне (1971, у складзе яго дзейнічае Навукова-даследчы і тэхнал.ін-т аптычнага станкабудавання), Бел. філіял Усесаюзнага НДІ галургіі (1971), Бел.НДІ аховы раслін (1971), Бел.НДІ рыбнай гаспадаркі (1971), НДІЭВМ (1972), Бел. філіял НДІ працы (1972), Магілёўскі праектна-канструктарскі ін-тспец.тэхнал. аснасткі, аўтаматызацыі і механізацыі (1974), Бел.дзярж. праектна-тэхнал.ін-т (1975), Бел.НДІ горадабудаўніцтва (1976), Бел.НДІ кардыялогіі (1977), Гомельскі філіял Растоўскага НДІ тэхналогіі машынабудавання (1979) і інш. У Мінску былі адкрыты: філіял Ін-та мед. генетыкі Акадэміі мед. навук СССР (1981), Навукова-даследчы канструктарска-тэхнал.ін-т прыкладной механікі (1981), Мінскі н.-д.ін-т радыёматэрыялаў (1982, падпарадкоўваўся Мін-ву прам-сці сродкаў сувязі СССР), НВА «Агат» (1986, у склад яго ўключаны НДІ сродкаў аўтаматызацыі і НДІ «Агат»); Усесаюзны н.-д. і праектна-канструктарскі ін-тмікрабіял. вытворчасцей (1986) і інш. На 1.1.1975 у Мін-ве сельскай гаспадаркі БССР працавалі 8 НДІ, 6 абласных доследных станцый, Ганусаўская доследна-селекцыйная станцыя па цукр. бураках і Палеская с.-г. доследная станцыя. У іх працавала 25 дактароў і 633 кандыдаты навук. У Мін-ве аховы здароўя — 9 НДІ (29 дактароў і 181 кандыдат навук). У сістэме Мін-ва прам-сці і на прамысл. прадпрыемствах дзейнічалі дзесяткі н.-д., тэхнал. і праектных ін-таў, канструктарскіх бюро і лабараторый, пры Дзяржплане БССР — НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання. Многія н.-д. ўстановы падпарадкоўваліся саюзным мін-вам і ведамствам, у т. л.Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і Бел НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР, Цэнтр.н.-д. і праектна-тэхнал.ін-т арганізацыі і тэхнікі кіравання Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання СССР, Усесаюзны НДІ па вытворчасці прадуктаў харчавання з бульбы Мін-ва харчовай прам-сці СССР, Усесаюзны н.-д. і тэхнал.ін-т мантажу, эксплуатацыі і рамонту машын і абсталявання жывёла- і птушкагадоўчых ферм і інш.
У сувязі з высокімі тэмпамі развіцця і патрэбамі навукі і прам-сці ў рэспубліцы былі адкрыты: Гродзенскі ун-т (1977), Магілёўскі тэхнал.ін-т (1973), Наваполацкі політэхн.ін-т (1973), Мінскі ін-т культуры (1975), гомельскія кааператыўны (1980), політэхнічны (1980) і медыцынскі (1990) ін-ты, дзе навук. даследаванні праводзіліся ў 11 н.-д. сектарах, 10 праблемных, 13 галіновых лабараторыях, вылічальным цэнтры, дзесятках н.-д. лабараторый і на кафедрах. У сістэме Мін-ва адукацыі БССР пачалі дзейнічаць НДІ: пры БДУ — прыкладных фіз. праблем (1971, зараз імя А.Н.Сеўчанкі), фізіка-хім. праблем (1977), ядзерных праблем (1987); пры БПІ—НДІ парашковай металургіі (1972), які ў 1980 пераўтвораны ў міжгаліновае НВА парашковай металургіі (з 2002 у структуры Нац.АН Беларусі). Падрыхтоўка навук. кадраў у ВНУ вялася па такіх спецыяльнасцях і кірунках, як матэрыялазнаўства, паўправадніковая мікраэлектроніка, машынабудаванне, прыладабудаванне, электронная вылічальная тэхніка, аптычная і лазерная тэхніка, хім. тэхналогіі, тэхналогіі вытворчасці будматэрыялаў і інш.
У 1975 на Беларусі дзейнічалі 177 н.-д. устаноў (з ВНУ), дзе працавала 29,3 тыс.навук. работнікаў, у т. л. 600 дактароў і 7,9 тыс. кандыдатаў навук. У 1988 навук. даследаванні праводзіліся ў 99 н.-д. ін-тах, іх філіялах і аддзяленнях, у 33 ВНУ, 130 праектных, праектна-канструктарскіх і тэхнал. арганізацыях, 1675 лабараторыях, 675 канструктарскіх падраздзяленнях на вытворчасці. У іх працавала больш за 141 тыс.чал., з іх 44 тыс. навуковых і навукова-педагагічных супрацоўнікаў, у т. л. 1200 дактароў і 15 тыс. кандыдатаў навук. Навук. даследаванні ў галіне прыродазнаўчых і грамадскіх навук каардынавала АНБССР, сельскагаспадарчых — Мін-ва сельскай гаспадаркі, медыцынскіх — Мін-ва аховы здароўя, педагагічных — Мін-ва асветы, гісторыі КПБ — Ін-т гісторыі партыі пры ЦККПБ. Для каардынацыі фундаментальных даследаванняў па тэхн., прыродазнаўчых і гуманітарных навуках пры Акадэміі навук у 1953 створаны Савет па каардынацыі навук. дзейнасці.
З мэтай больш эфектыўнага выкарыстання унікальнага навук. абсталявання і прыбораў на Беларусі былі створаны цэнтры калектыўнага карыстання. Адзін з першых у 1973 — Цэнтр аўтаматызаваных спектраскапічных вымярэнняў на базе Ін-та фізікі Акадэміі навук (зараз пры Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі). Усяго ў акадэміі ў розныя гады дзейнічала яшчэ 6 такіх цэнтраў. У 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену пачаў дзейнічаць Міжнар. цэнтр акадэмій навук сацыяліст. краін па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен» (з 1991 — Міжнар. цэнтр павышэння кваліфікацыі навук. кадраў па праблеме «Цепла- і масаабмен»); з 1980 — Міжвузаўскі цэнтр па інфрачырвонай спектраскапіі і рэнтгенафазавым аналізе пры БПІ, Цэнтр па рэнтгенаструктурным аналізе і электроннай мікраскапіі пры БДУ. Пры НВА «Інтэграл» дзейнічае цэнтр «Белмікрааналіз».
У 1986—89 у рэспубліцы створана сістэма навук. забеспячэння праблем, звязаных з мінімалізацыяй наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986: у Акадэміі навук адкрыты Ін-т радыебіялогіі (1987), у Мін-ве аховы здароўя — Ін-т радыяцыйнай медыцыны (1988), у Гомелі — Бел. філіял Усесаюзнага НДІс.-г. радыялогіі (1986, з 1992 ін-т радыялогіі), Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека (2002). У міжрэспубліканскай праграме навук. даследаванняў, звязанай з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, удзельнічалі 19 акадэмічных, 21 галіновы ін-т, 6 ВНУ.
С.М.Некрашэвіч — першы старшыня Інбелкульта (1922—24).Будынак Інбелкульта (г. Мінск, 1920-я г.).
ВУЧОНЫЯ-ПРЫРОДАЗНАЎЦЫ, АДНЫ З ЗАСНАВАЛЬНІКАЎ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ
Разбурэнне навуковых і навукова-гаспадарчых сувязей пасля распаду СССР негатыўна адбілася на стане навукі Беларусі. Тэмпы развіцця навук. патэнцыялу і яго эфектыўнасць у 1990-я г. рэзка знізілася ў сувязі са скарачэннем фінансавання навукі, старэннем яе матэрыяльна-тэхн. базы, нізкім узроўнем запатрабаванасці вынікаў навук. даследаванняў у нар. гаспадарцы. За 1990—98 у АН Беларусі колькасць навук. супрацоўнікаў зменшылася з 5967 да 4346 чал., у т. л. кандыдатаў навук з 2557 да 1959. Скарацілася колькасць маладых спецыялістаў, што прывяло да т.зв. «старэння» навукі. Разам з тым павялічылася колькасць кадраў вышэйшай кваліфікацыі — у 1998 працавала 465 дактароў навук.
Аднак і ў гэтых умовах навук. даследаванні не спыніліся. Усталяванне суверэнітэту Беларусі патрабавала адначасова з дзярж. будаўніцтвам стварэння адпаведных навук. інстытутаў і дзярж. структур для арганізацыі і развіцця нац. навукі. У 1991 АНБССР была перайменавана ў Акадэмію навук Беларусі. Быў прыняты шэраг мер па дзярж. падтрымцы навукі, якія абумовілі змены ў арганізацыі навукі, што пачалі адбывацца ў 2-й пал. 1990-х г. Для павышэння эфектыўнасці навукова-тэхн. дзейнасці створаны Дзярж. патэнтны камітэт (1992), Дзярж. камітэт па навуцы і тэхналогіях (1993). У 1993 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі», паводле якога адказнасць за развіццё фундаментальных навук. даследаванняў у краіне ўскладзена на АН Беларусі. У 1994—95 праведзена работа па фарміраванні нац. сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навукова-пед. кадраў. У 1994 створана Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК) Рэспублікі Беларусь, рэарганізаваны і адкрыты новыя саветы па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. За 1994—2002 колькасць дактароў навук у краіне павялічылася на 840 чал., кандыдатаў — на 3842 чал. Усяго на Беларусі ў розныя гады працавала амаль 3500 вучоных вышэйшай кваліфікацыі. У 1997 АН Беларусі нададзены новы статус — яна стала Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (скарочаная назва паводле Статута — НАН Беларусі).
Для захавання навукова-тэхн. патэнцыялу ўдасканальвалася нарматыўна-прававая база навукі і тэхнікі, зацверджаны пералік і парадак фарміравання і выканання дзярж. навукова-тэхн. задач. З 1991 дзейнічае Бел. рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, які аказвае на конкурснай аснове фінансавую падтрымку навук. калектывам і асобным вучоным. Для ўмацавання дзярж. падтрымкі інавацыйнай дзейнасці створаны Бел. інавацыйны фонд, які ў 2002 уключаны ў склад Нац.АН Беларусі. У 2002 падняты статус і пашыраны функцыі Савета па каардынацыі фундаментальных даследаванняў пры Нац.АН Беларусі, які перайменаваны ў Савет па каардынацыі фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Дзярж. камітэтам па навуцы і тэхналогіях сумесна з інш. органамі дзярж. кіравання распрацавана і з 1997 пачала дзейнічаць праграма развіцця матэрыяльна-тэхн. базы навукі.
Для развіцця актуальных навук. кірункаў у 1990-я г. пачалі дзейнічаць новыя навук. ўстановы. У АН Беларусі арганізаваны: Інжынерны цэнтр «Плазматэг» (1990), Навукова-даследчы цэнтр праблем рэсурсазберажэння (1990, Гродна), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (1990, на базе Ін-та торфу), Ін-т сацыялогіі і сацыяльных тэхналогій (1990), Аддзел аптычных праблем інфарматыкі (1991), Ін-т малекулярнай і атамнай фізікі (1992), ін-ты прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў (1992, Магілёў), Ін-т лесу (1992, Гомель), Ін-ттэхн. акустыкі (1999, Віцебск), Ін-т хіміі новых матэрыялаў (1998), Ін-т дзяржавы і права (1999), Аддзел праблем Палесся (2000). Ін-т ядзернай энергетыкі ў 1993 ператвораны ў Акадэмічны навукова-тэхнічны комплекс «Сосны» ў складзе трох ін-таў: праблем энергетыкі, радыяцыйных фізіка-хім. праблем і радыеэкалагічных праблем (створаны ў 1991). У 1992 прэзідэнтам АН Беларусі абраны Л.М.Сушчэня, у 1997 — А.П.Вайтовіч.
У сістэме міністэрстваў і ведамстваў створаны: Бел.НДІ экалагічнай і прафесійнай паталогіі (1990, Магілёў), Ін-т радыяцыйнай бяспекі (1991), Навук. цэнтр праблем механікі машын (1992), Дзярж. навукова-вытворчы канцэрн дакладнага машынабудавання «Планар» (1992, на базе КБ дакладнага электроннага машынабудавання, які існаваў у Мінску з 1962), Бел. цэнтр мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі, аховы здароўя (1992), Бел.ін-т сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхн. сферы, НДІ праблем аховы інфармацыі, Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, Ін-т сацыяльна-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (усе 1996), НДІ пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый (1999), Бел.НДІ лёну (2000). У 1992 створана Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь (з 2002 у складзе Нац, АН Беларусі), якая аб’ядноўвала 15 НДІ і 9 доследных станцый. У 2000 у яе складзе было 17 акадэмікаў, 24 члены-карэспандэнты, 1740 навук. супрацоўнікаў, у т. л. 85 дактароў і 503 кандыдаты навук. Прэзідэнтам акадэміі абраны В.С.Антанюк. Асн кірункі яе дзейнасці: правядзенне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, накіраваных на паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу ў аграпрамысловым комплексе; каардынацыя даследаванняў і навукова-метадычнае кіраванне гэтымі праблемамі, распрацоўка высокаэфектыўных рэсурсазберагальных экалагічных тэхналогій вытворчасці, перапрацоўкі і захавання прадукцыі сельскай гаспадаркі.
У 1996—2000 навук. даследаванні праводзіліся па 38 дзярж. праграмах фундаментальных даследаванняў у 130 навук. установах, у т. л.: 48 арганізацыях Нац.АН Беларусі, 13 ін-тах і цэнтрах Акадэміі аграрных навук, 32 ВНУ, 35 галіновых НДІ, 7 навук і навукова-тэхн. цэнтрах. У 2002 навук. даследаванні і распрацоўкі па розных галінах навукі і тэхнікі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі вяліся ў 175 НДІ, 40 канструктарскіх і 5 праектных арганізацыях, 34 ВНУ, 31 н.-д. падраздзяленне на прамысл. прадпрыемствах, 8 доследных базах і інш. арганізацыях. У гэтым удзельнічалі 30 711 чал. (у 3,5 раза меней, чым у 1990), у т. л. 787 дактароў і 3472 кандыдаты навук (без уліку навукова-пед. работнікаў). У 58 ВНУ (у т. л. 14 недзяржаўных) працавалі каля 22,6 тыс. навукова-пед. супрацоўнікаў, у т. л. 1130 дактароў і 7336 кандыдатаў навук. Навук. даследаванні праводзіліся па машына- і станкабудаванні, металургіі, радыётэхніцы, электроннай, оптыкамех. і электратэхн. прам-сці, прыладабудаванні, камп’ютэрнай тэхніцы, сінтэзе новых рэчываў і матэрыялаў, ахове навакольнага асяроддзя, гуманітарных і сац. навуках і інш.
Станоўчыя змены адбыліся ў падрыхтоўцы навук. кадраў праз аспірантуру. Калі ў 1992 аспірантуру мелі 89 устаноў краіны, дзе вучыліся 2639 чал., то ў 2002—123 установы з 6053 аспірантамі, з іх 926 чал. у Нац.АН Беларусі. У 2002 аспірантуру скончылі 1152 чал., з іх 194 чал. ў Акадэміі навук.
У 2002 праведзены работы па ўдасканаленні структуры кіравання ў навукова-тэхн. сферы, укараненні распрацовак у нар. гаспадарку, каардынацыі розных этапаў стварэння і арганізацыі вытворчасці новай прадукцыі. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5.3.2002 «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі» ўстаноўлена, што Камітэт па навуцы і тэхналогіях (КНТ), ВАК і Нац.АН Беларусі ствараюць сістэму органаў дзярж. кіравання ў сферы навукі. КНТ (з 2004 Дзярж. КНТ) і Акадэмія навук паслядоўна рэалізуюць комплекс мер па арганізацыйна-эканам. рэгуляванні развіцця навуковай, навукова-тэхн. і інавацыйнай дзейнасці, абароне правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. У 2001—03 КНТ, акадэміяй з удзелам Мін-ва адукацыі і інш. органаў дзярж. кіравання падрыхтаваны і ўнесены на разгляд СМ Рэспублікі Беларусь шэраг асноватворных дакументаў: «Канцэпцыя інавацыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2003—2007 гг.» (зацверджана пастановай СМ ад 31.7.2003), «Канцэпцыя сістэмы аховы інтэлектуальнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2003—2005 гг.», «Канцэпцыя далейшага развіцця навукі ў Рэспубліцы Беларусь». Для ўдасканалення сістэмы арганізацыі і правядзення навук. і прыкладных даследаванняў уведзены праграмна-мэтавы метад кіравання фундаментальнымі навук. даследаваннямі, пералік якіх на 2002—05 зацверджаны пастановай СМ ад 29.1.2002.
У 2002 навук. даследаванні вяліся па 32 дзярж., 9 галіновых, 6 рэгіянальных навукова-тэхн. праграмах, здзяйснялася навук. забеспячэнне 2 прэзідэнцкіх і 12 дзярж. народнагаспадарчых і сац. праграм. У 2003 па ініцыятыве Нац.АН Беларусі і пры падтрымцы КНТ ажыццёўлены кардынальныя змены ў арганізацыі н.-д. работ. У практыку кіравання навук. даследаваннямі ўведзены новыя формы іх выканання — дзярж. праграмы арыентаваных фундаментальных даследаванняў, дзярж. праграмы прыкладных даследаванняў, комплексныя праграмы навук. даследаванняў. Мэта новых праграм — атрыманне навук. вынікаў, арыентаваных на практычнае выкарыстанне. Пастановай СМ ад 2.5.2003 зацверджаны пералік дзярж. праграм фундаментальных і арыентаваных фундаментальных даследаванняў на 2003—05, а пастановай ад 26.9. 2003 — пералік 11 дзярж. праграм прыкладных навук. даследаванняў на 2003—05. Актывізавалася праца па фарміраванні навукова-тэхн. і інавацыйнай дзейнасці ў рэгіёнах Беларусі, асноўным механізмам здзяйснення якой з’яўляюцца рэгіянальныя навукова-тэхн. праграмы.
Навук. ўстановы і арганізацыі краіны выконваюць н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў цесным кантакце з прадпрыемствамі з мэтай укаранення тэхнал. працэсаў, новай тэхнікі, матэрыялаў і практычных рэкамендацый, што дазваляе павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, садзейнічае вырашэнню праблем імпартазамяшчэння і экспарту ў розных галінах нар. гаспадаркі. Вынікі фундаментальных даследаванняў становяцца асновай навукаёмістых вытворчасцей, забяспечваюць развіццё сацыяльнай і культурнай сферы краіны. Аб гэтым сведчаць наступныя прыклады.
Фундаментальныя даследаванні па праграмах «Квант» і «Кагерэнтнасць» склалі аснову новых лазерных тэхналогій і абсталявання для машынабудавання, медыцыны. Новыя звышцвёрдыя, магнітныя, п’езакерамічныя і паўправадніковыя матэрыялы, распрацаваныя па праграме «Крышталяфізіка», дазволілі стварыць і выкарыстаць экалагічна чыстыя тэхналогіі вытворчасці парашкоў алмазу, кубічнага нітрыду бору, новыя ферытавыя і п’езакерамічныя вырабы для радыёэлектроннай прамысловасці.
Вынікі фундаментальных даследаванняў па праграмах «Інтэлект» і «Інфатэх» дазволілі стварыць прататыпы сістэм, пакетаў прыкладных праграм і макетаў устройстваў для ўводу, апрацоўкі і вываду відэаінфармацыі, аўтаматызацыі праектавання вырабаў у машына- і прыладабудаванні, апрацоўцы мед. інфармацыі, суперкамп’ютэрных сістэм.
Даследаванні ў галіне біяарганічнай хіміі прывялі да стварэння лячэбна-дыягнастычных прэпаратаў высокай сацыяльнай значнасці ў адпаведнасці з групамі рызыкі па захворваннях, арганізаваная вытворчасць якіх цалкам забяспечвае патрэбы краіны і ідзе на экспарт.
Многія прынцыповыя пытанні тэорыі крышталізацыі і зацвярдзення металаў і сплаваў (праграма «Ліццё») дазволілі стварыць высокаэфектыўныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы, якія шырока выкарыстоўваюцца на вытворчасцях Беларусі і за мяжой.
Фундаментальныя распрацоўкі па праграме «Біятэхналогія» дазволілі стварыць унікальныя прэпараты, якія не саступаюць замежным аналагам, для аховы пладова-ягадных культур ад хвароб.
На Нац.АН Беларусі як на вышэйшую навук. арганізацыю краіны ўскладзены функцыі правядзення, развіцця і каардынацыі фундаментальных і прыкладных навук. даследаванняў у галіне прыродазнаўчых, тэхн. і гуманітарных навук; павышэння эфектыўнасці выкарыстання навук. дасягненняў, падрыхтоўкі навук. кадраў вышэйшай адукацыі; павелічэння ўплыву навукі на развіццё эканомікі, адукацыі, культуры бел. народа.
Асновы і гарантыі дзейнасці акадэміі заканадаўча замацаваны ў законе Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (5.5.1998), указах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у шэрагу інш. законаў, а таксама пастаноў СМ.
На 1.1.2004 у Нац.АН Беларусі працавала 16 625 чал., з іх 577 дактароў і 2145 кандыдатаў навук, у т. л. ў 73 н.-д. установах — 10 937 чал., у 2 навукова-вытворчых канцэрнах — 2681 чал., у канструктарскіх, доследна-вытворчых арганізацыях і прадпрыемствах — 1418 чал.; навук. даследаваннямі і распрацоўкамі заняты 6373 навук. супрацоўнікі. У персанальным складзе Акадэміі навук былі 94 акадэмікі, 100 членаў-карэспандэнтаў, 3 ганаровыя і 15 замежных членаў. За перыяд 1928—2004 у Акадэміі навук абраны: 252 акадэмікі, 223 члены-карэспандэнты, 11 ганаровых і 21 замежны член.
У складзе Нац.АН Беларусі 7 аддзяленняў: аграрных і біял. навук; гуманітарных навук і мастацтваў; мед. навук; фізіка-тэхн. навук; фізікі, матэматыкі і інфарматыкі; хіміі; навук аб Зямлі. З 2001 Акадэмію навук узначальвае М.У.Мясніковіч.
Навуковыя ўстановы і арганізацыі Акадэміі навук з’яўляюцца галаўнымі арганізацыямі-выканаўцамі работ па такіх навукова-тэхн. праграмах, як «Экалагічная бяспека», «Энергетыка-2004», «Тэхналогіі», «Будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі», «Белаўтатрактарабудаванне», «Энергазберажэнне». Акадэмія — дзяржзаказчык па такіх праграмах, як «Алмазы», «Новыя матэрыялы і ахова паверхняў», «Рэсурсазберажэнне 2005», «Лазерныя сістэмы», «Прылады для навуковых даследаванняў», «Інфармацыйныя тэхналогіі» і інш.
Вучоныя Беларусі праводзяць сумесныя навук. даследаванні з вучонымі інш. краін. У 2002 выконваліся 22 праекты ў рамках праграм міжнар. навукова-тэхн. супрацоўніцтва; у 2003 дзейнічала больш за 30 міжнар. міжурадавых дамоўленасцей у галіне навукі і тэхналогій (ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Кітай, Індыя, Іран, Сірыя і інш.). Акадэмічнымі ін-тамі ў 2003 выкананы навук. даследаванні і распрацоўкі па міжакадэмічных, міжінстытуцкіх пагадненнях і кантрактах з даследчымі цэнтрамі 52 краін Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Паўн. і Паўд. Амерыкі. ВНУ выкананы кантракты і дагаворы з 25 краінамі. Ва ўзаемаадносінах з замежнымі краінамі ў апошнія гады зроблены акцэнт на актывізацыю інавацыйнай дзейнасці, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў, распаўсюджанне распрацовак бел. вучоных.
Нац. АН Беларусі развівае плённыя дзелавыя адносіны з замежнымі партнёрамі ва ўсім свеце і прадстаўляе Беларусь у такіх міжнар.навук. арганізацыях, як Міжнар.навук. савет (ICSU), Асацыяцыя еўрапейскіх акадэмій навук (ALLEA), Міжакадэмічная група па міжнар. праблемах (ІАР), Міжнар. цэнтр навуковай і тэхн. інфармацыі (МЦНТІ), Міжнар. кангрэс тэхн. таварыстваў па механіцы (ICÓMES), Міжнар. цэнтр па цепла- і масаабмене (ІСНМТ). Яна з’яўляецца членам Міжнар. асацыяцыі акадэмій навук (засн. ў 1993), дзейнасць якой накіравана на аднаўленне, захаванне і развіццё новых умоў навук. супрацоўніцтва. Бел. вучоныя ўдзельнічаюць у выкананні расійскіх навукова-тэхн. праектаў у галіне касмічных і авіяц. тэхналогій, атамнай энергетыкі, інфарматыкі і інш. Шэраг сумесных праектаў выконваецца з вучонымі Расійскай, Украінскай, Літоўскай, Балгарскай АН і інш.
З 1998 арганізацыі Нац.АН Беларусі ажыццяўляюць Міждзярж. праграмы Саюза Беларусі і Расіі: «Лазерныя тэхналогіі XXI стагоддзя», «Навукаёмістыя кампаненты агульнамашынабудаўнічага выкарыстання», «Суперкамп’ютэр», «Распрацоўка і выкарыстанне касмічных сродкаў і тэхналогій, апрацоўкі і адлюстравання касмічнай інфармацыі» («Космас-БР»), «Распрацоўка і выкарыстанне перспектыўных сродкаў і тэхналогій у інтарэсах эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця Саюзнай дзяржавы» («Космас-СГ»), «Стварэнне высокаэфектыўных і біялагічна бяспечных лекавых прэпаратаў новага пакалення на аснове бялкоў чалавека, атрымліваемых з малака трансгенных жывёл» («БелРосТрансген», 2003—06).
Акадэмія мае шэраг двухбаковых пагадненняў аб навук. супрацоўніцтве з акадэміямі навук ці аналагічнымі ім навук. ўстановамі Арменіі, Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Егіпта, ЗША, Казахстана, Кітая, Кубы, Літвы, Македоніі, Малдовы, Паўд. Карэі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш., з сусветнымі лідэрамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій — кампаніямі «Х’юлет-Пакард», «Дэл», «Оракл», «Эрыксан», «СІСКО». У 2003 паміж Нац.АН Беларусі і Т-вам Фраўнгофера (Германія) падпісана пагадненне пра ўтварэнне на базе Ін-та фізікі імя Б.І.Сцяпанава сумеснай лабараторыі для фундамент. і прыкладных даследаванняў у галіне оптыкі, дыягностыкі і неразбуральнага кантролю. Сумесная лабараторыя аптычнай дыягностыкі Фраўнгофера—Сцяпанава — першы ў СНД прыклад аб’яднанага міжнар. супрацоўніцтва ў навук. праграмах у гэтай галіне.
Вучоныя Акадэміі навук і ВНУ Беларусі ўдзельнічаюць у рэалізацыі міжнар.навук. праектаў пры фінансавай падтрымцы замежных навук. фондаў і арганізацый (МНТЦ, INTAS, IST, TACIS, ЮНЕСКА, МАГАТЭ і інш.).
Значная роля ў інфармацыйным забеспячэнні навукі адводзіцца бібліятэкам. Вялікая работа ў гэтым кірунку праводзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы (ЦНБ) імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі (створана ў 1925 пры Інбелкульце). У яе фондзе больш за 3 млн. адзінак, у т. л. каля 1 млн. замежных выданняў. У апошнія гады тут арганізаваны анлайндоступ да электронных каталогаў многіх вядучых замежных навук. часопісаў. ЦНБ — адзіная ў краіне навукова-даследчая ўстанова па праблемах бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, гісторыі кнігі.
Дзеля рэалізацыі дзярж. палітыкі інфарматызацыі і кіравання нац. інфармацыйным рэсурсам у Акадэміі створаны Нац. цэнтр інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій (2002). Выдаюцца навук. часопісы: «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (у 7 серыях), «Веснік Фонду фундаментальных даследаванняў», «Вылічальныя метады ў прыкладной матэматыцы», «Інжынерна-фізічны часопіс», «Літасфера», «Матэрыялы. Тэхналогіі. Інструменты», «Нелінейныя з’явы ў складаных сістэмах», «Прыродныя рэсурсы», «Трэнне і знос», «Часопіс прыкладной спектраскапіі» і інш.
Вынікі некаторых навук. даследаванняў бел. вучоных прызнаны навук. адкрыццямі. Сярод аўтараў адкрыццяў А.А.Ахрэм (1975), М.А.Барысевіч (1977), У.Р.Барышэўскі (1979, 1988), Ф.І.Фёдараў (1980), В.І.Вацякоў (1986), Д.М.Гаркуноў, В.Я.Мацюшэнка, А.А.Палякоў і Г.П.Шпянькоў (1990), В.А.Лапіна (1991), В.В.Еўсцягнееў, У.М.Калешка, В.С.Пячкураў, В.С.Улашчык (1991).
Дасягненні бел. вучоных адзначаны высокімі дзярж. ўзнагародамі. Звання Героя Сац. Працы ўдастоены; Т.М.Шкурко (1948), П.І.Альсмік (1966), В.Ф.Купрэвіч (1969), М.П.Яругін (1969), А.Н.Сеўчанка (1971), П.У.Броўка (1972), Н.Д.Мухін (1973), Б.І.Сцяпанаў (1973), Т.В.Бірыч (1974), Я.І.Скурко (1974), К.К.Атраховіч (1975), Н.Н.Аляксандраў (1977), З.І.Азгур (1978), М.А.Барысевіч (1979), Т.Н.Кулакоўская (1979), Ф.І.Фёдараў (1979), І.П.Шамякін (1981). Званне заслужанага дзеяча навукі БССР і Рэспублікі Беларусь атрымалі больш за 310 вучоных, засл. дзеяча навукі і тэхнікі Беларусі — 70 чалавек. Ленінскія прэміі прысуджаны А.К.Красіну (1957), М.Я.Мацапуры (1962), Р.І.Салаухіну (1965), М.А.Ельяшэвічу (1966), Б.Л.Шапашніку (1976), У.П.Платонаву (1978), М.А.Барысевічу, В.В.Грузінскаму і В.А.Таўкачову (1980), Ю.В.Карніловічу і Г.Д.Смірнову (1983). 214 вучоных Беларусі адзначаны Дзярж. прэміямі СССР, больш за 800 вучоных і спецыялістаў — Дзярж. прэміямі БССР і Рэспублікі Беларусь. За дасягненні ў развіцці навукі і падрыхтоўцы кадраў ордэнамі СССР узнагароджаны АН Беларусі і яе 6 інстытутаў, 6 навук. устаноў мін-ваў і ведамстваў, 11 ВНУ.
Літ.:
Очерки истории науки и культуры Беларуси, IX — нач. XX в. Мн., 1996;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1966;
Знаменательные даты советской науки. Хроника важнейших научных событий и достижений // Советская наука: Итоги и перспективы. М., 1982;
Наука и техника СССР, 1917—1987 гг. Хроника. М., 1988;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Асветнікі зямлі беларускай: Энцыкл.давед.Мн., 2001;
Национальная академия наук Беларуси, 1929—1999. Мн., 1998;
Национальная академия наук Беларуси: Персон. состав. Мн., 2003.
А.І.Лесніковіч, В.А.Гапоненка.
Галоўны корпус Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.У зале Музея гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.Чытальная зала прыродазнаўчых навук Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПРАЦОЎКА ЭЛЕКТРОННЫХ ВЫЛІЧАЛЬНЫХ МАШЫН
З пабудовай Мінскага з-да матэм. машын (1956—59; з 1967 Мінскі з-дЭВМ) і стварэннем СКБ (у 1972 рэарганізавана ў НДІЭВМ) Мінск стаў адным з цэнтраў па праектаванні і вытв-сці ЭВМ. У Беларусі склалася навук.-практычная школа па даследаваннях і распрацоўцы прынцыпаў, метадаў і сродкаў аптымальнага праектавання ЭВМ (Г.П.Лапато, В.У.Пржыялкоўскі, В.Я.Пыхцін, Г.Дз.Смірноў, Г.К.Сталяроў, Ю.У.Карпіловіч і інш.). У 1974 з мэтай масавага выпуску ЭВМ створана Мінскае ВАвыліч. тэхнікі (МВА ВТ), у якое ўваходзілі: галаўны Мінскі з-дЭВМ, з-ды знешніх прылад, шматслойных пячатных плат, персанальных камп’ютэраў (ПЭВМ). Брэсцкі электрамех. з-д (БЭМЗ) таксама выпускаў ЭВМЕС-1020, ЕС-1022, бартавыя і ПЭВМ, стацыянарныя і рухомыя выліч. комплексы для аўтаматызаваных сістэм кіравання (АСК) спец. прызначэння, знешнія прылады, у т. л. для аптычнага счытвання інфармацыі і тэлеапрацоўкі даных. За распрацоўку і серыйнае асваенне АСК, укараненне ЭВМДзярж. прэміямі СССР адзначаны работнікі БЭМЗ: І.К.Міхалкевіч (1977); В.У.Бугаеў, П.І.Гарэцкі, В.С.Касачук, І.П.Крук, Р.С.Мечташвілі, Ю.П.Падкоўка, У.А.Сальнікаў, Г.Ха-Рэн Нам (усе 1981), В.В.Строкаў (1984), М.П.Арцюх (1987).
У 1959 Мінскі з-дЭВМ пачаў серыйны выпуск машыны М-3, якая мела хуткадзеянне 30 аперацый за секунду (распрацавана пад кіраўніцтвам І.С.Брука). У 1960 выпускалася М-ЗМ з хуткадзеяннем 1500 ап/с, было выраблена (М-3 і М-ЗМ) 58 машын; распрацавана ЭВМ «Мінск-1» (гал. канструктар Г.П.Лапато) з хуткадзеяннем 3000 ап/с і ёмістасцю аператыўнай памяці (V) 1024 машынныя словы. Разам з мадыфікацыямі «Мінск-11» для работы з каналамі сувязі і апрацоўкі сейсмічнай інфармацыі, «Мінск-12» з пашыранай памяццю, «Мінск-14», «Мінск-16» для апрацоўкі тэлеметрычнай інфармацыі, «Мінск-100» для апрацоўкі дактыласкапічнай інфармацыі (у 1960—63 выпушчана 230 машын).
У 1962 распрацавана базавая мадэль 2-га пакалення ЭВМ сям’і «Мінск» — «Мінск-2» (гал. канструктар В.У.Пржыялкоўскі) — першая ў СССР серыйная паўправадніковая ЭВМ малога класа. Яна мела хуткадзеянне да 6 тыс. ап/с і V = 4096 37-разрадных слоў. Іх мадыфікацыі «Мінск-26» (1963) і «Мінск-27» (1964) служылі для апрацоўкі спадарожнікавай тэлеметрычнай інфармацыі, «Мінск-22» (гал. канструктар В.К.Надзененка) з падвоенай аператыўнай памяццю заняла асноўнае месца ў праграме з-да ЭВМ (у 1965—70 выпушчана каля 1000 машын). Гэта ЭВМ выкарыстоўвалася для стварэння АСК на малых і сярэдніх прадпрыемствах (АСК «Львоў», «Кунцава» і інш.), аўтаматызацыі эксперыментальных даследаванняў у ядзернай фізіцы і інш. галінах навукі і тэхнікі.
У 1966 з’явілася «Мінск-23» (гал. канструктар В.У.Пржыялкоўскі) — першая ў краіне ЭВМ з сімвальнай логікай і пераменнай даўжынёй слова і каманды, універсальнай сувяззю са знешнімі прыладамі і шматпраграмным рэжымам. У 1966—69 з-д вырабіў 28 машын.
Самай вядомай і распаўсюджанай у СССР у 1-й пал. 1970-х г. стала ЭВМ «Мінск-32» (гал. канструктар В.У.Пржыялкоўскі), якая мела хуткадзеянне 30 тыс. ап/с, V = 64 тыс. 37-бітных слоў. У ёй рэалізавана праграмная сумяшчальнасць з «Мінск-22» і ахова інфармацыі ў аператыўнай памяці, два каналы сувязі (мультыплексны і селектарны) са знешнімі прыладамі. «Мінск-32» — першая ў СССР і Еўропе ЭВМ 2-га пакалення, механічная зборка і электрычны мантаж якой выконваліся на канвееры — ад паступлення камплектуючых і матэрыялаў да наладкі і ўпакоўкі. Выкарыстоўвалася ў АН Беларусі як аснова калектыўнай сістэмы аўтаматызацыі навук. даследаванняў для дыстанцыйнага ўводу даных ад плазматронаў, спектрометраў, храматографаў і інш. установак, іх апрацоўкі ў рэальным часе і атрымання вынікаў на месцах эксперыментатараў. У 1968—75 выпушчана 3000 машын. ЭВМ тыпу «Мінск» складалі ў 1963—76 больш за 70% парка універсальных машын 2-га пакалення ў СССР.
За стварэнне і асваенне ў серыйнай вытв-сці ЭВМ 2-га пакалення тыпу «Мінск» у 1970 Дзярж. прэміяй СССР адзначаны: В.У.Пржыялкоўскі, І.К.Растоўцаў, М.Е.Екельчык, Г.П.Лапато, Ю.У.Карпіловіч, Ю.Р.Бастанджан, Г.Дз.Смірноў, Г.К.Сталяроў, М.А.Мальцаў, Л.І.Шунякоў; прэміяй Ленінскага камсамола — Э.В.Кавалевіч, У.П.Качкоў, М.Я.Неменман, В.Я.Пыхцін, А.М.Цітоў, М.В.Шкут.
ЭВМ Адзінай сістэмы. У якасці адзінай для СССР і краін СЭУ была выбрана архітэктура сістэмы ІВМ/360 і пачалася распрацоўка машын 3-га пакалення на інтэгральных схемах — Адзінай сістэмы (ЕСЭВМ). У 1971 у Мінску з удзелам спецыялістаў з Балгарыі спраектавана ЕС-1020 (гал. канструктар В.У.Пржыялкоўскі) з мікрапраграмным прынцыпам кіравання. Мела хуткадзеянне 20 тыс. ап/с і V = 256 Кбайт. У 1972—75 выпускалася серыйна з-дамі Беларусі і Балгарыі (усяго 800 машын). Гэтая машына мадэрнізавана ў МВА ВТ у ЕС-1022 (гал. канструктар І.К.Растоўцаў) з хуткадзеяннем да 80 тыс. ап/с і пашыранай аператыўнай памяццю, выпускалася ў 1975—82 тымі ж вытворцамі буйной серыяй (прыкладна 4 тыс. машын).
Мадэль ЕС-1035 (гал. канструктар Г.Дз.Смірноў) створана паводле архітэктуры ІВМ-370, мела хуткадзеянне да 160 тыс. ап/с, аб’ём памяці V ад 256 да 1024 Кбайт, сістэму аўтаматычнай дыягностыкі. Яна магла настройвацца на любую сістэму каманд, была праграмна-сумяшчальная з ЭВМ «Мінск-32». У 1977—86 у МВА ВТ выпушчана 2138 машын. Яе працягам стала мадэль ЕС-1036 (гал. канструктар Р.М.Асцатураў) на інтэгральных схемах больш высокай інтэграцыі; мела хуткадзеянне 400 тыс. ап/с і V = 2048—4096 Кбайт. У 1983—89 выпушчаны 2073 такія машыны.
ЭВМ ЕС-1060 (гал. канструктар В.С.Антонаў) з хуткадзеяннем 1,3 млн. ап/с і V = 2—8 Мбайт належыць да 2-й чаргі ЭВМ Адзінай сістэмы. У ёй прадугледжаны двухмашынны комплекс з выкарыстаннем сродкаў прамога доступу, адаптэра «канал-канал» і агульнага поля вонкавай памяці. У 1977—82 МВА ВТ выпусціла 315 машын. Якасна новай мадыфікацыяй гэтай машыны стала ЭВМЕС-1061, распрацаваная на МВА ВТ (гал. канструктары Ю.У.Карпіловіч, А.М.Віталісаў), з хуткадзеяннем 2 млн. ап/с і V да 8 Мбайт. Магла працаваць у сістэмах рэальнага часу, рэжымах раздзялення часу і дыялогавым. У 1983—88 выпушчана 566 такіх машын.
ЭВМ ЕС-1065 з хуткадзеяннем 5 млн. ап/с і V 16 Мбайт, прызначаная для работы ў складзе шматмашынных і шматпрацэсарных комплексаў, а таксама ў рэжыме з далучаным працэсарам, мела шэраг структурных асаблівасцей, што павышалі яе эфектыўнасць і надзейнасць. У 1984—86 МВА ВТ выпусціла 8 машын. ЭВМЕС-1066 была базавай мадэллю сям’і двухпрацэсарных ЭВМ для стварэння магутных выліч. комплексаў рознага прызначэння. Яна выпускалася ў 18 мадыфікацыях ад аднапрацэсарных з прадукцыйнасцю 5,5 млн. ап/с ад двухпрацэсарных з прадукцыйнасцю 10 млн. ап/с, V = 16—32 Мбайт. У 1987—93 МВА ВТ выпусціла 405 такіх машын.
Наступнымі мадэлямі Адзінай сістэмы былі ЕС-1130 і ЕС-1230 (гал. канструктар абодвух У.П.Качкоў). ЕС-1130 з хуткадзеяннем 2 млн. ап/с і V = 8—16 Мбайт мела малыя габарыты, у ёй рэалізаваны сістэма ўзнаўлення пры збоях, праграмна-апаратны кантроль і мікрапраграмная дыягностыка. У 1989—95 выпушчана 437 машын. У ЭВМЕС-1230 (называлася «Мінск-9000») рэалізавана архітэктура System/390 (Enterprise System Architecture/390) амер. фірмы IBM. Выкарыстаны працэсарныя платы і інш. вузлы цэнтральнай часткі сістэмы ES/9000. Хуткадзеянне 280 млн. ап/с, V — да 2084 Мбайт. Выпускалася па індывідуальных заказах.
За стварэнне, асваенне і ўкараненне аперацыйных сістэм ЕСЭВМ у 1978 Дзярж. прэміяй СССР адзначаны А.І.Гаро, Э.В.Кавалевіч, Л.Т.Чупрыгіна. За распрацоўку навук. асноў Адзінай сістэмы ЭВМ, разнастайных мадэлей і выліч. комплексаў, перыферыйных прылад, сістэм аўтаматызацыі праектавання і вытв-сці, а таксама тэхналагічнага абсталявання для вытв-сці ў 1983 Ленінскай прэміяй адзначаны Ю.У.Карпіловіч, Г.Дз.Смірноў; Дзярж. прэміяй СССР у 1983 — І.В.Матышаў, А.Я.Пыхцін, В.Я.Пыхцін, М.Ф.Чалайдзюк, У.А.Шэршань; у 1986 — Л.Л.Галенава, В.В.Лебедзеў, І.А.Платун.
ЭВМ Адзінай сістэмы, выпушчаныя ў Беларусі, складалі больш за 60% парка такіх выліч. машын у СССР.
Персанальныя ЭВМ. У 1984 НДІЭВМ вызначаны галаўной арганізацыяй па распрацоўцы ПЭВМ. У 1985 распрацавана ПЭВМ ЕС-1840, сумяшчальная з IBM PC/AT. З 1986 выпускаліся 16- і 32-разрадныя ПЭВМ рознага прызначэння. Галоўныя канструктары ПЭВМ: В.І.Аўсяннікаў, У.В.Вітэр, У.М.Грыгарэнка, А.П.Запольскі, В.Я.Пыхцін. Усяго НДІЭВМ распрацаваў больш за 30 мадэлей ПЭВМ. Такія машыны выпускаліся на з-дах Мінска і Брэста (больш за 120 тыс. машын), а таксама больш за 30 тыс. машын выпушчана ў Кішынёве, Волжску, Свярдлоўску, Новасібірску, Кіеве.
Вылічальныя комплексы і сістэмы. З мэтай павелічэння прадукцыйнасці вылічэнняў у 1966 на базе ЭВМ «Мінск-2» і «Мінск-22» распрацавана аднародная шматмашынная выліч. сістэма (АУВС) «Мінск-222» (гал. канструктар Г.П.Лапато), якая магла аб’ядноўваць да 8 машын. Створана 7 такіх сістэм, якія выкарыстоўваліся для карэкціроўкі арбіт касмічных апаратаў. АУВС «Мінск-222» была адной з першых у свеце выліч. сістэм з аналагічнай структурай і стала правобразам сучасных суперЭВМ з паралельнай архітэктурай. У далейшым ЭВМ «Мінск-32» і ЕСЭВМ выпускаліся з магчымасцю аб’яднання іх у аднародныя комплексы. На буйнейшых прадпрыемствах і арганізацыях, ВЦ на іх аснове ствараліся АСК прадпрыемствамі, тэхналагічнымі працэсамі, навук. даследаваннямі і навукова-тэхн. эксперыментамі і інш. У 1975 распрацавана шматабаненцкая сістэма тэлеапрацоўкі даных на базе ЕС-1022. Выпускаліся 2-машынныя комплексы ВК-2Р-35 (гал. канструктар В.Я.Пыхцін, 1979), ВК-2Р-36 і ВК-2М-36 (гал. канструктар Р.М.Асцатураў, 1984 і 1986 адпаведна) і інш.
На Беларусі распрацаваны і выпускаліся на БЭМЗ рухомыя ЭВМ, сумяшчальныя з ЕСЭВМ (гал. канструктар Г.П.Лапато). Машына РВ-2 (гал.канстр. В.Я.Пыхцін) з прадукцыйнасцю 500 тыс. ап/с і V = 4 Мбайт прызначалася для эксплуатацыі ў цяжкіх умовах: пры тэмпературах ад -40 °C да +50 °C, пры ўздзеяннях пылу, вільгаці і інш. фактараў. У 1990—97 выпускалася машына РВ-3 (гал. канструктар Р.М.Асцатураў) з прадукцыйнасцю ў 3 млн. ап/с і V = 12 Мбайт, якая магла працаваць у тых жа экстрэмальных умовах. Тэрмінальная ЭВМ «Нёман» (гал. канструктар К.А.Кірын), створаная на базе РВ ЭВМ, мела прадукцыйнасць 3,3 млн. ап/с і V = 16 Мбайт, і прызначалася для работы ў лакальных выліч. сетках і шматтэрмінальных сістэмах. На базе РВ-2, РВ-3 і стацыянарных ЕСЭВМ былі створаны шматмашынныя комплексы, дыстанцыйныя і лакальныя сістэмы («Невад»); на іх аснове БЭМЗ вырабіў кіроўны двухмашынны комплекс 1В546 (гал. канструктар Р.М.Асцатураў).
СуперЭВМ. У выніку сумеснай бел.-рас. праграмы «СКІФ» (з бел. боку: навук. кіраўнік С.У.Абламейка, нам.навук. кіраўніка У.В.Анішчанка, выканаўчы дырэктар М.М.Парамонаў) у 2000—2003 створана сям’я (12 мадэлей) высокапрадукцыйных выліч. сістэм з паралельнай архітэктурай і кластэрнай арганізацыяй. Кластэр «СКІФ К-500» (2003; гал. канструктары Дз.Б.Жаваранкаў, А.П.Чыж) дасягае пікавай прадукцыйнасці больш за 700 млрд. ап/с. Мае 128 працэсараў і 64 выліч. вузлы з агульнай V = 128 Гбайт, а таксама патэнцыяльную магчымасць павышэння прадукцыйнасці да некалькіх трыльёнаў ап/с.
Галаўныя арганізацыі праграмы «СКІФ»: АІПІ Нац.АН Беларусі і Ін-т праграмных сістэм Рас.АН. Распрацоўшчыкамі суперЭВМ з’яўляюцца каля 20 прадпрыемстваў Беларусі і Расіі, у т. л.НДІЭВМ «Белмікрасістэмы», Ін-тцепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі. Пры АІ ПІ Нац.АН Беларусі ствараецца Нац. суперкамп’ютэрны цэнтр калектыўнага карыстання для распрацоўкі важных прыкладных праграмных комплексаў (найперш у кардыялогіі і навуцы), для праектавання і аналізу ўзораў новай тэхнікі (універсальных трактароў «Беларус», нясучых канструкцый самазвала БелАЗ, турбакампрэсараў для дызельных рухавікоў Мінскага маторнага з-да, дынамічных характарыстык глебаапрацоўчых агрэгатаў і інш.).
Літ.:
Малиновский Б.Н. История вычислительной техники в лицах. Киев, 1995;
Лопато Г.П. Вычислительная техника в Белоруссии // Информ. технологии и вычислит. системы. 1997. №1;
Stolyarov G.K. Computers in Belarus. Chronology of the Main Events // IEEE Annals of the History of Computing. 1999. Vol. 21, №3;
Смирнов Г.Д. События и люди. Мн., 2003;
Карпилович Ю.В. Так было. Мн., 2004;
Принципы построения суперкомпьютеров семейства «СКИФ» и их реализация // Информатика. 2004. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА ШЛЯХУ ДА СУВЕРЭНІТЭТУ І ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ
Народная гаспадарка. У 2-й пал. 1980-х г.эканам. развіццё Беларусі ішло супярэчліва. З аднаго боку, рос эканам. патэнцыял, дэфіцыт бюджэту і знешняя запазычанасць былі невялікімі, спажывецкі рынак знаходзіўся ў стане адноснай раўнавагі. З другога боку, з сярэдзіны 1980-х г. у эканоміцы назіралася зніжэнне тэмпаў росту вытворчасці і пагаршэнне яе гал.эканам. паказчыкаў. Гэта азначала, што дзеючая дзярж. сістэма ўласнасці, строга цэнтралізаванае кіраўніцтва прывялі да адмаўлення ўласцівых эканоміцы ўнутраных законаў яе развіцця. Гаспадарамі ў эканоміцы СССР былі цэнтр. ведамствы, якія вырашалі, што будаваць і якую прадукцыю вырабляць у Беларусі. Толькі гэтым можна растлумачыць стварэнне ў г. Жодзіна вытворчасці магутных аўтасамазвалаў, пры тым, што у Беларусі няма металу і кар’ераў распрацоўкі выкапняў, дзе выкарыстоўваліся б гэтыя самазвалы. БССР давала 1/4 агульнасаюзнай вытворчасці хім. валокнаў, 7% шын (у 2 разы больш на душу насельніцтва, чым у сярэднім па краіне). Але такая высокая канцэнтрацыя шкоднай вытворчасці не мела пад сабой эканам. абгрунтаванняў і з’яўлялася крайне экстрэмальнай з пункту гледжання экалогіі. Таму для многіх вучоных-эканамістаў краіны, як і для шэрагу палітыкаў, станавілася відавочнай неабходнасць карэнных пераўтварэнняў у эканоміцы. Пошук шляхоў рэфармавання эканомікі пачаўся з красавіцкага (1985) пленума ЦККПСС, на якім быў узяты курс на паскарэнне сац.-эканам. развіцця краіны. Пад паскарэннем тады разумелася павышэнне тэмпаў эканам. развіцця шляхам усямернай інтэнсіфікацыі вытворчасці на аснове навукова-тэхн. прагрэсу, структурнай перабудовы эканомікі, новых, эфектыўных форм арганізацыі, кіравання і стымулявання працы. У такім кірунку і прадугледжвалася развіццё Беларусі на 1986—90. Рост прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы павінен быў скласці больш за 20%. Гэта азначала, што па сутнасці ўвесь прырост вытворчасці неабходна забяспечыць за кошт яе інтэнсіфікацыі. Асн. надзеі ўскладаліся на адм. меры, на ўмацаванне адказнасці, працоўнай дысцыпліны, мабілізацыю скрытых рэсурсаў, сродкаў і іх пераразмеркаванне. Да восені 1986 стала відавочна, што нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, працягвала працаваць па старой схеме, выкарыстоўваючы загады, карэкціроўку планаў, «выбіванне» ўсё новых рэсурсаў, сродкаў і інш. Механізм паскарэння ніяк не мог зламаць механізм тармажэння, эканоміка захоўвала затратны характар і працягвала рух да крызісу. Таму наступным важным этапам у перабудове эканам. адносін стаў пераход ад курсу на паскарэнне да радыкальнай эканам. рэформы. У чэрв. 1987 Вярх. СаветСССР прыняў закон «Аб дзяржаўным прадпрыемстве», а Савет Міністраў СССР і ЦККПСС прынялі шэраг дакументаў аб радыкальнай эканам. рэформе, якая прадугледжвала пераход ад пераважна адм. метадаў да эканамічных і перавод галін нар. гаспадаркі, прадпрыемстваў і аб’яднанняў на поўны гасп. разлік і самафінансаванне, што азначала пэўнае аслабленне дыктату цэнтра і павышэнне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў. З 1.1.1987 ва ўмовах гасп. разліку ў Беларусі пачалі працаваць, акрамя прадпрыемстваў і аб’яднанняў лёгкай прамысловасці, калектывы аўтамабільнай, нафтахім. прамысловасці, прыладабудавання і шэрагу інш. галін. Аб’ём вытворчасці гэтых прадпрыемстваў складаў больш за 1/3прамысл. прадукцыі. Эканоміка рэспублікі стала развівацца больш дынамічна. За 1986—87 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 11,1%, нац. даход — на 11,5% (пры плане 9,1%). Сярэднегадавы прырост аб’ёмаў прамысл. вытворчасці склаў 6,9%, прадукцыйнасці працы — 6,4%. У 1988 ва ўмовах гасп. разліку і самафінансавання працавалі ўся прамысловасць, аграпрамысл. комплекс, транспарт, гандаль, большасць буд. арг-цый. У выніку за 1986—89 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 15%, нац. даход — на 14,8%, аб’ём прамысл. вытворчасці — на 27,3%, прадукцыйнасць працы — на 26%.
Аднак радыкальнага аздараўлення эканомікі не адбылося. Як і раней, яна працягвала развівацца на экстэнсіўнай аснове. Нар. гаспадарка арыентавалася не на спажыўца, не на яго запатрабаванні, а на прамежкавыя валавыя паказчыкі. Не адбылося істотнага росту эфектыўнасці вытворчасці, працягваў дзейнічаць затратны механізм гаспадарання. Тлумачылася гэта тым, што на практыцы т.зв. «радыкальная» эканам. рэформа не пайшла далей размоў аб гасп. разліку. Міністэрствы і ведамствы ў большасці выпадкаў працягвалі планаваць прадпрыемствам амаль усе гал.эканам. паказчыкі. У 1988—90 планавы дзярж. заказ працягваў ахопліваць большую частку вытворчасці (да 90%). Стварыць новае эканам. асяроддзе не ўдалося. Адм. метады рэгулявання аслабелі, а эканамічныя не былі ўведзены. Спад тэмпаў вытворчасці працягваўся. Калі сярэднегадавы прырост нац. даходу ў 1981—85 склаў 5,3%, то за 1986—90 ужо 3,9%, валавога грамадскага прадукту — адпаведна 4,6 і 4,5%. Значна знізіліся тэмпы прыросту прамысл. прадукцыі па гадах: у 1986 на 7%, у 1987 на 6, у 1988 на 3, у 1989 на 4,8, у 1990 на 4,1%. Гэта не магло не адбіцца на зніжэнні тэмпаў прыросту практычных даходаў насельніцтва, якія ў 1986—90 у сярэднім за год складалі 2% супраць 2,3% у 1981—85, 3,8% у 1976—80.
Яшчэ больш марудна ішлі перамены ў сельскай гаспадарцы, скіраваныя на змену камандных метадаў кіраўніцтва калгасамі з боку дзяржавы. Паводле прыкладнага статута калгаса, прынятага ў 1988, у кампетэнцыю калгасаў перадаваліся пытанні аб памерах прысядзібных участкаў калгаснікаў, колькасці жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках; прадугледжвалася павышэнне ролі брыгад і ферм у жыццядзейнасці працоўных калектываў. Але курс на рэалізацыю кааператыўных прынцыпаў у калгасным жыцці не ажыццявіўся. Паводле афіц. звестак, у 2-й пал. 1980-х г. у параўнанні з 1-й паловай валавы збор збожжа павялічыўся на 28%, бульбы — на 5%, агародніны — на 12%. Агульны аб’ём прадуктовых тавараў у 1989 перасягнуў узровень 1985 на 23%. Аднак у сувязі з агульным крызісам у эканоміцы ў 1990 стан сельскай гаспадаркі пагоршыўся, для забеспячэння насельніцтва харчовымі прадуктамі была ўведзена сістэма талонаў.
Такім чынам, у 1990-я г.нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, усё яшчэ заставалася ва ўладзе адм.-каманднай сістэмы кіравання. Дзярж. заказ ахопліваў амаль усю вытворчасць, рэсурсы і сыравіна размяркоўваліся цэнтралізавана, цэны вызначаліся зверху, дзярж. форма ўласнасці пераважала над іншымі, большая частка капіталаўкладанняў кантралявалася з цэнтра. Але гэта сістэма падрывалася пастаяннымі эксперыментамі з эканам. паўрэформамі, якія паралізавалі існаваўшую эканам. сістэму. З сярэдзіны 1990 пачаліся канфлікты паміж цэнтр. і мясц. ўладамі. Апошнія адмаўляліся выконваць абавязкі па гасп. дагаворах, забаранялі вывозіць прадукцыю мясц. прамысловасці і сельскай гаспадаркі, праводзілі асабістую цэнавую палітыку. Стаў відавочным параліч улады. Гэта прывяло да таго, што з 1990 пачалося некантралюемае падзенне вытворчасці.
Дэмакратызацыя грамадскага жыцця. Складанае сац.-эканам. і паліт. становішча, у якім апынуўся Сав. Саюз на мяжы 1970—80-х г., патрабавала рэфармавання. Красавіцкі (1985) пленум ЦККПСС, XXVII з’езд партыі (1986), XIX Усесаюзная парт. канферэнцыя (1988) вызначылі палітыку перабудовы: правядзенне рэформы эканам. і паліт. сістэм, сац. і культ. сфер жыцця, стварэнне прававой дзяржавы. Значную ролю ў дэмакратызацыі грамадскага жыцця адыграла абвешчаная ў сярэдзіне 1987 публічнасць. На старонках газет і часопісаў, у тэле- і радыёперадачах разгарнулася палеміка пра ўмовы жыцця, шляхі абнаўлення сацыялізму і паскарэння рэформ. Развіццё публічнасці, пачатае зверху, хутка ахапіла шырокія слаі грамадскасці і ператварылася ў магутную плынь, спыніць якую КПСС ужо не здолела. Сталі раскрывацца т.зв. «белыя плямы» ў гісторыі, пачаўся 2-і этап рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Неўзабаве пачала набіраць сілу ідэя, што без паліт. рэформы нельга ажыццявіць эканамічную. Нечарговая 12-я сесія Вярх. Савета СССР у канцы 1988 прыняла Закон «Аб зменах і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага Закона) СССР», паводле якога было вырашана склікаць з’езд нар. дэпутатаў і стварыць пастаянна дзеючы Вярх. СаветСССР, а таксама Закон «Аб выбарах народных дэпутатаў СССР», паводле якога не стала абмяжоўвацца колькасць кандыдатаў у нар. дэпутаты. Упершыню ў выбарчай практыцы ўводзілася права вылучаць кандыдатаў у нар. дэпутаты ад сходаў выбаршчыкаў па месцы жыхарства. Трэцюю частку нар. дэпутатаў СССР прадугледжвалася выбіраць ад грамадскіх арг-цый, у т. л. ад КПСС.
Важную ролю ў паліт. рэформе адыграла абнаўленне выбарчай сістэмы ў саюзных і аўтаномных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі. У кастр. 1989 сесія Вярх. Савета БССР прыняла законы аб выбарах нар. дэпутатаў Беларускай ССР і аб выбарах нар. дэпутатаў мясц. Саветаў. Грамадзяне атрымалі магчымасць упершыню за многія дзесяцігоддзі выбіраць дэпутатаў з некалькіх кандыдатур. Але па прыкладу саюзнага заканадаўства рэсп. закон захаваў права абрання ў Вярх. СаветБССР 50 дэпутатаў ад грамадскіх арг-цый. У выніку выбараў (адбыліся 4.3.1990) значна абнавіўся склад Вярх. і мясц. Саветаў, ажывілася іх праца.
З развіццём дэмакратыі ў грамадстве склаліся ўмовы для развіцця шматпартыйнасці, адкрытай формы паліт. плюралізму. Грамадзяне атрымалі права адстойваць свае інтарэсы або інтарэсы сац. груп ці слаёў праз адпаведныя паліт. аб’яднанні. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі ўзнікаць т.зв. «нефармальныя» аб’яднанні (суполкі «Талака», «Спадчына», т-вы «Тутэйшыя», «Узлёт», клуб «Мінская альтэрнатыва» і многія інш.), якія выступалі супраць афіц. ідэалогіі, за захаванне і развіццё бел. мовы і культуры, шмат увагі аддавалі экалагічнай сітуацыі. Узніклі шматлікія грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і рухі. Найб. уплывовым рухам у рэспубліцы з’явіўся Бел.нар. фронт (БНФ «Адраджэньне»), створаны як грамадска-паліт. рух у падтрымку палітыкі перабудовы. Устаноўчы з’езд яго адбыўся 24—25.6.1989 у Вільнюсе. У прынятай на ім праграме фронт яшчэ салідарызаваўся з лепшымі сіламі КПСС у справе рэформ, ставіў сабе за мэту адраджэнне нац. культуры, прыняцце закона аб дзяржаўнасці бел. мовы. Высоўвалася ідэя сапраўднай суверэннасці БССР у складзе Сав. Саюза, пад якой тады разумелася перавага рэсп. правоў над саюзнымі. Неадкладнай задачай прызнавалася ліквідацыя вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і паляпшэнне дабрабыту людзей. Паступова ад падтрымкі перабудовы БНФ перайшоў да адкрытай антыкамуніст. скіраванасці сваёй дзейнасці і жорсткай канфрантацыі з уладамі, асабліва па праблеме вырашэння нац. пытання. На працягу 1990—91 заснаваны Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Нац.-дэмакр. партыя беларусаў, Бел. сацыял-дэмакр. грамада (пераемніца БСГ), Бел.сял. партыя, Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць. Узнікненню ў Беларусі новых партый і паліт. рухаў садзейнічаў Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», які ўступіў у дзеянне з 1.1.1991. З першых крокаў сваёй дзейнасці паліт. аб’яднанні, што ствараліся ў Беларусі, выступалі супраць манапалізму КПСС—КПБ, за дэпартызацыю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый.
Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Працэсы дэмакратызацыі ў СССР канца 1980-х г. узмацнілі цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Яны былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 аб кіруючай ролі КПСС у сав. грамадстве паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў пра «аднаўленне незалежнай Літоўскай дзяржавы», скасаванне дзеяння канстытуцый Літ. ССР і СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. саюзныя рэспублікі, хаця спачатку яны не заяўлялі пра выхад з СССР. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў Рас. Федэрацыі. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бел.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі зацвердзіў Вярх. СаветБССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў; за захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму.
У той жа час у Беларусі больш за 80% тых, хто галасаваў, выказаліся за захаванне СССР.
19.8.1991 група вышэйшых парт. і дзярж. кіраўнікоў у Маскве стварыла т.зв. Дзярж.к-т па надзвычайным становішчы (ДКНС), абвясціла аб пераходзе да яго ўсёй паўнаты ўлады і ўвядзенні ў шэрагу рэгіёнаў СССР надзвычайнага становішча. Гэтыя дзеянні выклікалі адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве Рас. Федэрацыі і інш. саюзных рэспублік. Бюро ЦККПБ і Прэзідыум Вярх. Савета БССР заклікалі камуністаў і ўсіх працоўных рэспублікі да спакою і вытрымкі. 20 жніўня на пл. Незалежнасці ў Мінску адбыўся шматтысячны мітынг супраць ДКНС і КПСС. Пасля правалу 21 жніўня выступлення ДКНС урады і Вярх. Саветы суверэнных саюзных рэспублік канчаткова ўзялі курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Бел. ССР. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь; адначасова была ўведзена новая дзярж. сімволіка — бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі Камянецкага р-на) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) са штаб-кватэрай у Мінску. У дакуменце канстатавалася, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансаваў Дагавор 1922 аб утварэнні СССР.
Рэспубліка Беларусь атрымала рэальную магчымасць будаваць уласную дзяржаўнасць.
Адукацыя, навука. У сярэдзіне 1980-х г. у Беларусі ўзнята пытанне пра чарговую карэкціроўку школьнай рэформы, неабходнымі ўмовамі якой лічылася прадастаўленне навуч. установам большай самастойнасці, а таксама інтэграцыя іх у адзінае цэлае з навукай, нар. гаспадаркай і культурай. Дасягненне ўсеаг. сярэдняй адукацыі дазволіла пачаць скарачэнне вячэрніх навуч. устаноў (у Мінску ў 1990 іх засталося толькі 8 з 28 ранейшых). Зварот да еўрап. асветніцкага вопыту садзейнічаў пашырэнню новых тыпаў агульнаадук. і спецыялізаваных школ — гімназій, ліцэяў, каледжаў (восенню 1990 у Мінску створана першая бел.нац. гімназія). У сістэме вышэйшай адукацыі гэта рэформа праявілася ў падрыхтоўцы да пераводу айч. інстытутаў у ранг акадэмій і універсітэтаў (рэалізавана ў 1990-я г.). Паралельна адкрываліся і новыя ВНУ, у т. л. Гомельскі мед.ін-т (1990). З’явіліся падставы і для арганізацыі недзярж. навуч. устаноў (сярэдніх і вышэйшых). Усё большую заклапочанасць грамадства выклікаў працяг русіфікацыі айч.навуч. устаноў (у 1987 беларускамоўных школ у рэспубліцы засталося крыху больш за 18%). Выпраўленню становішча і фарміраванню нац. сістэмы адукацыі павінен быў садзейнічаць «Закон аб мовах у Беларускай ССР», прыняты Вярх. Саветам БССР 26.1.1990. Паводле яго бел. мова атрымала статус дзяржаўнай, што дазволіла распачаць пашырэнне яе выкарыстання ў сістэме айч. адукацыі.
У 2-й пал. 1980-х г.навук. даследаванні на Беларусі значна актывізаваліся. Тлумачылася гэта ўрадавым курсам на паскарэнне агульнага развіцця гаспадаркі і ўмацаванне сувязей навук. устаноў з прамысловасцю і сельскай гаспадаркай. Менавіта такая арыентацыя садзейнічала таму, што ў айч.навук. асяроддзі пераважалі прадстаўнікі фіз.-матэм. і тэхн. навук (60%). Патрэбы бел. эканомікі абумовілі стварэнне ў 1985 у Гродне НДІ біяхіміі, арганізацыю ў Мінску ў 1990 Ін-та сацыялогіі і буйнога вылічальнага цэнтра пры АН Беларусі. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС (1986) востра паставіла ў рэспубліцы пытанне пра наступствы радыеактыўнага забруджвання — у 1987 у Мінску пачаў працу НДІ радыебіялогіі. Пашырэнне цікавасці да здабыткаў нац. культуры абумовіла арганізацыю ў 1989 Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны, якое выступала за шырокае ўжыванне бел. мовы ва ўсіх сферах паўсядзённага жыцця. У цэлым у 2-й пал. 1980-х г. Беларусь займала 3-е месца ў СССР па колькасці вучоных (пасля Расіі і Украіны).
Развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей. Тагачасная знешнепаліт. дзейнасць і міжнар. сувязі Беларусі развіваліся ў рэчышчы скаардынаванай знешняй палітыкі СССР і сацыяліст. краін—членаў Варшаўскага Дагавора і Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ). Магчымасці ўдзелу БССР у міжнар. дзейнасці Сав. Саюза пашыраліся дзякуючы адмаўленню сав. кіраўніцтва ад тэзіса пра непазбежнасць войнаў з капіталіст. краінамі, ад палітыкі жорсткай ізаляванасці ад астатняга свету, абвяшчэнню прынцыпу мірнага суіснавання дзяржаў з супрацьлеглымі грамадскімі сістэмамі. Разам з тым працягвалася «халодная вайна». БССР даволі актыўна праяўляла сябе ў дзейнасці амаль 70 міжнар. арг-цый і іх органаў, гал. чынам ААН, далучылася да шэрагу міжнар. дагавораў. У 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы Беларусі пры Аддзяленні ААН (1962) і інш.міжнар. арг-цыях у Жэневе, у 1962 — пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. Міжнар. правасуб’ектнасць рэспублікі была замацавана ў Канстытуцыі БССР 1978. У 1974—75 Беларусь з’яўлялася непастаянным членам Савета Бяспекі. Рэспубліка 5 разоў выбіралася членам Эканам. і Сац. Савета ААН. Пашырыўся яе ўдзел у Міжнар. арг-цыі працы (МАП, з 1954), Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі (МАГАТЭ, з 1957). Рэспубліка стала членам Міжнар. бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Сусв. арг-цыі інтэлектуальнай уласнасці (з 1970), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (з 1979), Арг-цыі Аб’яднаных Нацый па прамысл. развіцці (ЮНІДО, з 1985) і інш. Калі ў канцы 1950-х г. Беларусь была ўдзельніцай 54 міжнар. дагавораў, канвенцый і пагадненняў, то ў сярэдзіне 1980-х г. — 168, сярод якіх дагаворы аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, касмічнай прасторы і пад вадой (1963), аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Месяц (1967), аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў, у яго нетрах ядзернай зброі і інш. сродкаў масавага знішчэння людзей (1971), канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці і назапашвання бактэрыял. і таксічнай зброі (1972), аб забароне ваен. або ўсякага інш. варожага выкарыстання сродкаў уздзеяння на прыроднае асяроддзе (1977), аб забароне або абмежаванні прымянення канкрэтных відаў звычайнай зброі, якія могуць лічыцца тымі, што наносяць празмерныя пашкоджанні або маюць невыбіральнае дзеянне (1981) і інш.
Беларусь у кансалідаванай палітыцы СССР у ААН курыравала пытанні пакарання фаш. злачынцаў, ініцыіравала і падтрымлівала ўсе рэзалюцыі ААН, што датычыліся раззбраення, спынення гонкі ўзбраенняў. Пры актыўным удзеле БССРААН прыняла Канвенцыю аб непрыдатнасці тэрміну даўнасці да ваен. злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва (1969), ухваліла прынцыпы міжнар. супрацоўніцтва ў адносінах адшукання, арышту, выдачы і пакарання такіх асоб (1973); па ініцыятыве бел. дэлегацыі была прынята дэкларацыя аб выкарыстанні навукова-тэхн. прагрэсу ў інтарэсах міру і на карысць чалавецтва (1975). Беларусь падтрымала шэраг дакументаў ААН у галіне правоў чалавека і народаў: дэкларацыю аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам (1960), міжнар. пакты аб эканам., сац. і культурных правах (1966), аб грамадзянскіх і паліт. правах (1968), міжнар. канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (1966); стала сааўтарам дэкларацыі сац. развіцця (1969). Па прапанове Беларусі Ген. Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб абароне асоб, якія затрыманы ці пазбаўлены волі за барацьбу супраць апартэіду, расізму, расавай дыскрымінацыі, каланіялізму, агрэсіі і замежнай акупацыі (1977).
Пашырэнню міжнар. сувязей Беларусі садзейнічала стварэнне пастаяннай камісіі па замежных справах Вярх. Савета БССР, адпаведных падраздзяленняў у Савеце Міністраў рэспублікі, Дзяржплане, міністэрствах, ведамствах, установах, на прадпрыемствах, у грамадскіх арг-цыях. У 1972 у Мінску адкрыты ген. консульствы Польшчы і ГДР, у 1990 — Балгарыі. БССР стала больш адкрытай як для афіц. зносін, так і для чалавечых кантактаў. Рэспубліку наведвалі дэлегацыі, кіраўнікі розных краін, паліт. і грамадскія дзеячы, у т. л.ген. сакратары ААН У Тан (1970) і Х.Перэс дэ Куэльяр (1987), Сусв. Савета Міру — Р.Чандра (1975), сакратар Міжнар.дэмакр. федэрацыі жанчын Х.Кампусана (1975); кіраўнікі кампартый і сацыяліст. дзяржаў: Манголіі — Ю.Цэдэнбал (1965), Чэхаславакіі — А.Новатны (1965), Югаславіі — І.Броз Ціта (1965), Герм.Дэмакр. Рэспублікі — В.Ульбрыхт (1966), Кубы — Ф.Кастра Рус (1972), Польшчы — Э.Герак (1975), Балгарыі — Т.Жыўкаў (1961, 1976), КНДР — Кім Ір Сен (1984); кіраўнікі развітых капіталіст. краін і краін, якія развіваюцца: прэзідэнты Францыі — Ж.Пампіду (1973), ЗША — Р.Ніксан (1974), Фінляндыі — У.К.Кеканен (1977), Анголы — Ж.Э. душ Сантуш (1988); кіраўнік адміністрацыі Эфіопіі М.Хайле Марыям (1982), прэм’ер-міністр Індыі Р.Гандзі (1985) і інш. Дэлегацыі БССР выязджалі ў сацыяліст. краіны, а таксама ў Аўстрыю, Бельгію, Вялікабрытанію, Грэцыю, ЗША, Іспанію, Італію, Канаду, Люксембург, Фінляндыю, Францыю, ФРГ, Швейцарыю, Швецыю, Японію. Актыўны ўдзел у расшырэнні міжнар. сувязей Беларусі прымалі створаныя раней Бел.к-т абароны міру і К-т маладзёжных арг-цый БССР. Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі мела 12 рэсп. аддзяленняў: з 1958 дзейнічалі рэсп. аддзяленні т-ваў сав.-польскай, сав.-кітайскай дружбы і Сав.т-ва дружбы з Германіяй; з 1961 — т-ваў сав.-балгарскай і сав.-чэхаславацкай дружбы, з 1962 — Т-ва «СССР—Канада», з 1963 — т-ваў сав.-венгерскай дружбы і «СССР—Фінляндыя», з 1964 — Т-ва «СССР—Францыя», з 1966 — Т-васав.-в’етнамскай дружбы, з 1973 — Т-васав.-кубінскай дружбы, з 1980 — Т-васав.-аўстрыйскай дружбы. На 1.1.1990 працавалі 10 абл., 38 гар. і раённых, 311 пярвічных арганізацый т-ваў дружбы. У 1970 — пач. 1980-х г. у Беларусі адбыўся шэраг міжнар. форумаў антываен. скіраванасці. У форуме, які прайшоў пад дэвізам «Няхай ніколі не паўторыцца трагедыя Хатыні, Лідзіц, Арадура, Хірасімы, Сангмі» (ліп. 1972) прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 краін свету. На Міжнар. сустрэчу прыхільнікаў міру ў Мінску, прысвечаную 30-годдзю перамогі над фашызмам (май 1975), сабраліся 140 удзельнікаў з еўрап. краін, Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, Манголіі, Кубы, Сусв. Савета Міру, Дэмакр. федэрацыі жанчын. У межах Міжнар. года жанчыны Мінск прыняў удзельніц Міжнар. сустрэчы жанчын з 27 краін (жн. 1975), якая праходзіла пад дэвізам «Жанчыны ў барацьбе супраць фашызму, за трывалы і справядлівы мір на ўсёй зямлі». Кангрэс Міжнар. федэрацыі змагароў супраціўлення (май 1978) сабраў у сталіцы Беларусі прадстаўнікоў 29 краін, Сусв. федэрацыі ветэранаў вайны, Міжнар.к-та вязняў канцлагераў, якія заклікалі забараніць нейтронную бомбу, выступілі супраць неанацызму. У ліп. 1982 сталіца Беларусі стала завяршальным этапам Маршу прыхільнікаў міру, які пачаўся ў Хельсінкі і прайшоў праз расійскія гарады. Правядзенне міжнар. форумаў сведчыла аб прызнанні ролі Беларусі ў барацьбе з фашызмам, мела значэнне ў сэнсе яе сусв. папулярызацыі.
З 1957, калі быў заключаны дагавор аб пабрацімскіх сувязях паміж Мінскам і англ.г. Нотынгем, БССР уключылася ў сусв. рух параднёных гарадоў. Пабрацімамі Мінска сталі таксама: з 1973 Сендай (Японія), Бангалор (Індыя); з 1976 Ліён (Францыя), Луанда (Ангола); з 1979 Мерыда (Мексіка); з 1983 Дэтройт (ЗША). Дагаворы аб пабрацімстве заключылі і інш.бел. гарады: Гродна з Беластокам (Польшча, у 1960) і Ліможам (Францыя, у 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, у 1967); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры (Германія) і Зялёна-Гурай (Польшча, абодва ў 1969); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, у 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, у 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, у 1975); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, у 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, у 1990); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, у 1977). Супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў спрыяла развіццю дружбы, узаемнаму азнаямленню з гісторыяй, культурай, дасягненнямі ў эканоміцы, сац. сферы і інш. З 1963 апошняя нядзеля красавіка ў Беларусі, як і ў інш. краінах, пачала адзначацца як сусв. дзень параднёных гарадоў. Адбывалася таксама парадненне абласцей Беларусі з тэр. адзінкамі еўрап.сацыяліст. краін. Усе вобласці мелі сістэматычныя сувязі на аснове дагавораў з ваяводствамі Польшчы: Брэсцкая з Люблінскім (з 1956) і Бельска-падляскім (з 1975, цяпер Люблінскім); Гродзенская з Беластоцкім (з 1956, цяпер Падляскім) і Сувалкаўскім (з 1975, цяпер Падляскім); Мінская — з Варшаўскім (у 1959—77), Плоцкім і Сядлецкім (з 1977, цяпер Мазавецкім); Віцебская — з Зеленагурскім (з 1967, цяпер Любускім); Магілёўская — з Тарунскім і Вроцлаўскім (з 1978, цяпер Куяўска-Паморскім і Дольнашлёнскім); Гомельская — з Зеленагурскім (з 1978, цяпер Любускім). У 1966 Магілёўская вобл. параднілася таксама з Габраўскай акр. Балгарыі, Гомельская — з Паўд.-Чэшскай вобл. Чэхаславакіі; у 1968 Мінская вобл. заключыла дагавор аб пабрацімстве з Патсдамскай, а ў 1969 Віцебская — з акругай Франкфурт, ГДР. Развіваўся рух параднёных прадпрыемстваў. Напр., Мінскі падшыпнікавы з-д супрацоўнічаў з чэхаславацкімі з-дамі ў Брно і Прэшаве, МТЗ — з польскім трактарным з-дам «Урсус» і Карлаўскім балгарскім трактарным здам. Да 1987 дагаворы аб устанаўленні прамых вытв. і навукова-тэхн. сувязей падпісалі 61 бел. прадпрыемства з 70 прадпрыемствамі і арг-цыямі сацыяліст. краін: Балгарыі (5), Венгрыі (3), ГДР (9), Польшчы (41), Чэхаславакіі (10), Югаславіі (2). Знешнеэканам. сувязі Беларусі ажыццяўляліся праз пасрэдніцтва агульнасаюзных арг-цый: Мін-ва знешняга гандлю СССР і Дзярж.к-т па знешніх эканам. сувязях. Развіццю знешнеэканам. сувязей спрыяла дзейнасць створанага ў 1952 Бел. аддзялення Усесаюзнай гандл. палаты, якое ў 1972 пераўтворана ў Гандлёва-прамысл. палату БССР. Яна ўваходзіла ў сістэму Гандлёва-прамысл. палаты СССР і падпарадкоўвалася дзярж. органам, садзейнічала арганізацыі міжнар. выставак, а таксама бел. раздзелаў на міжнар. кірмашах і сав. выстаўках за мяжой. У 1963—77 прадукцыя бел. прадпрыемстваў дэманстравалася больш як на 300 міжнар. выстаўках і кірмашах. Толькі на працягу 1972—78 Гандлёва-прамысл. палатай БССР было арганізавана ў Мінску 49 замежных і міжнар. спецыялізаваных выставак, у якіх прыняло ўдзел 600 фірм і арг-цый з 22 краін свету. Мінск быў адным з нямногіх гарадоў СССР, дзе штогод на працягу 1970—80-х г. праводзіліся міжнар. выстаўкі. З канца 1970-х г. Гандлёва-прамысл. палата БССР падтрымлівала дзелавыя сувязі амаль з 500 замежнымі фірмамі і аб’яднаннямі 23 краін свету. За істотны ўклад у развіццё міжнар. супрацоўніцтва Гандлёва-прамысл. палата рэспублікі ў 1985 адзначана міжнар. прэміяй «Залаты Меркурый». Такой жа прэміяй адзначаны і найб. актыўныя ўдзельнікі міжнар. супрацоўніцтва — трактарны, аўтамабільны, маторны з-ды, аб’яднанне вылічальнай тэхнікі.
Асн. формай знешнеэканам. сувязей Беларусі быў гандаль. У 1960 прадукцыя 106 прадпрыемстваў пастаўлялася ў 47 краін, 300 прадпрыемстваў у 1985 выйшлі на рынкі больш чым 100 краін свету. Большая частка тавараў накіроўвалася ў сацыяліст. краіны, каля 20% — у капіталістычныя, 10% — у краіны, якія сталі на шлях развіцця. У бел. экспарце пераважалі вырабы навукаёмістых і тэхналагічна складаных вытворчасцей, найперш машынабудавання і хім. прамысловасці. У 1972 у агульным аб’ёме экспарту БССР прадукцыя машынабудавання складала 44% (у экспарце СССР у 1970—22%, ЗША — 42%). У імпарце на тавары лёгкай і харчовай прамысловасці прыпадала 71%, на прадукцыю машынабудавання — 13%. Знешнегандл. сальда Беларусі ў 1970—80 было адмоўным: імпартныя закупкі значна перавышалі экспарт. БССР выйшла на 3-е месца пасля РСФСР і Украіны па аб’ёме знешняга гандлю, але поўнасцю яе магчымасці не выкарыстоўваліся: напр., у 1982 доля Беларусі ў знешнегандл. абароце СССР не перавышала 2,85%, хоць доля рэспублікі ў агульнасаюзнай вытворчасці складала 4%. Вываз бел. прадукцыі ішоў гал. чынам у інш. рэгіёны Сав. Саюза. У 1961 Мінскі трактарны з-д прадаваў прадукцыю больш чым у 40, а ў 1980 — у 70 краін. Экспартныя трактары накіроўваліся пераважна ў краіны «сацыялістычнага лагера» — Польшчу, Балгарыю, ГДР, Венгрыю, Румынію і інш. Так, у 1969 у Балгарыі працавала 15 тыс. трактароў «Беларусь», або кожны 6-ы трактар у гэтай краіне. Бел. трактары карысталіся попытам таксама і ў капіталіст. краінах, прадаваліся ў Францыю, Канаду, Фінляндыю, ЗША, Швецыю, Егіпет, Індыю. Напр., да канца 1970-х г. у Канаду было прададзена больш за 3 тыс.бел. трактароў. Да сярэдзіны 1990-х г. трактары «Беларусь» на міжнар. кірмашах і выстаўках атрымалі 27 медалёў, у т. л. 24 залатыя (1-е месца сярод бел. прадпрыемстваў па колькасці атрыманых узнагарод на міжнар. выстаўках). Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага з-да больш чым на 90% ішла ў інш.сав. рэспублікі і за межы СССР. У 1963 мінскія грузавікі працавалі ў 35 краінах свету — Балгарыі, Аб’яднанай Арабскай Рэспубліцы, В’етнаме, Гане, Афганістане, на Кубе і інш.
У 1970 МАЗ-516 на Лейпцыгскім і ў 1985 МАЗ-5432 на Плоўдзіўскім кірмашах адзначаны залатымі медалямі. Прадукцыя аўтазавода ў 1980 экспартавалася ў 52 краіны, у сярэдзіне 1990-х г. — амаль у 80 краін свету. Шырокім попытам па-за межамі СССР карысталася прадукцыя «Гомсельмаша», Віцебскага станкабудаўнічага з-да, Аршанскага льнокамбіната, Салігорскага калійнага камбіната і інш. У 1980 Мінскі маторны з-д экспартаваў прадукцыю ў 52 краіны, электратэхнічны імя Казлова — у 28, рысорны — у 26, падшыпнікавы — у 23, «Ударнік» — у 21, прыборабудаўнічы імя Леніна — у 20, інструментальны — у 19, электрамантажных вырабаў — у 18, веласіпедны — у 16, станкабудаўнічыя імя Кірава і імя Кастр. рэвалюцыі — у 15, «Гарызонт» і гадзіннікавы — у 13, электронных вылічальных машын — у 12. Значнае месца заняла вытв. кааперацыя. Абсталяваннем з Беларусі аснашчаліся прадпрыемствы, што будаваліся з дапамогай СССР: Бхілайскі металургічны камбінат у Індыі, Асуанская ГЭС у Егіпце, машынабудаўнічы з-д у Алжыры, цэментны з-д у Йемене, трактарны з-д у Эфіопіі і інш.Бел. спецыялісты дапамагалі ў геолага-разведачных работах у Афганістане, Іране, Мазамбіку, Сірыі, Малі. Імпартнае абсталяванне, гал. чынам з сацыяліст. краін, паступала і для аснашчэння бел. прадпрыемстваў. Так, у 1961—69 у БССР паступіла больш за 120 камплектаў імпартнага абсталявання, якім было аснашчана амаль 100 прадпрыемстваў, у т. л. Гродзенскі і Полацкі хім. камбінаты, Светлагорскі з-д штучнага валакна, Слуцкі і Жабінкаўскі цукровыя з-ды, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Мінскі з-д халадзільнікаў і інш.
Істотную ролю ў міжнар. супрацоўніцтве Беларусі адыгрывалі культурныя, навук., турысцкія і спарт. сувязі. Традыцыйнай формай культурнага абмену з’яўляліся Дні культуры. У Беларусі прайшлі Дні польскай (1958), чэхаславацкай (1962), венгерскай (1963), мангольскай (1966) культуры. Адбыліся Дэкада балгарскай культуры (1965), Дні балгарскай літаратуры (1966), Дні навукі і тэхнікі Польшчы (1966), Дні Беларусі ў В’етнаме і Дні В’етнама ў Беларусі (1968), Дні тэхнікі і прамысловасці Беларусі ў Польшчы (1968), Дні фінскай культуры ў Мінску (1970), Дні Францыі ў Беларусі (1981), Дні Беларусі ў Славеніі (1986). У 1970—80-я г. Дні культуры Беларусі праведзены таксама ў Індыі, Іраку, Калумбіі, Мексіцы і інш. За межамі СССР было выдадзена больш за 300 кніг 55 бел. пісьменнікаў. Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа праведзена значная работа па перакладзе твораў бел. класікаў на замежныя мовы і папулярызацыі іх спадчыны. Наладжвалася супрацоўніцтва паміж маст. калектывамі. Адпаведныя дагаворы былі заключаны паміж Дзярж. тэатрам оперы і балета і опернымі тэатрамі ў Вроцлаве і Лодзі (Польшча), Бел.дзярж. акадэмічным тэатрам імя Я.Купалы і Славенскім нар. тэатрам г. Марыбар (Югаславія). У Мінску адбыліся выстаўкі фінскай графікі (1970), сучаснага жывапісу Югаславіі (1973—74), шэдэўраў жывапісу з калекцыі А.Хамера (ЗША, 1974), польскага жывапісу з калекцый Варшавы і Кракава (1974), шэдэўраў Дрэздэнскай карціннай галерэі (1975), зах.-еўрап. і амерыканскага жывапісу з музеяў ЗША (1976), польскага партрэта 17—18 ст. (1977), шэдэўраў зах.-еўрап. жывапісу 17—18 ст. са збору Нац. галерэі ў Празе (1979), «К.Кольвіц і нямецкая графіка яе часу» з музея Альтэнбурга (ГДР, 1979), нар. мастацтва Ніжняй Аўстрыі (1981) і інш.
Навукова-тэхн. супрацоўніцтва ажыццяўлялася гал. чынам з сацыяліст. краінамі ў рамках СЭУ. Атрымалі шырокае распаўсюджанне такія яго формы, як узаемная тэхн. дапамога ў будаўніцтве прадпрыемстваў, абмен перадавым вытв. вопытам, навукова-тэхн. дакументацыяй, спецыялістамі, павышэнне кваліфікацыі рабочых. Заводы абменьваліся групамі рабочых, якія асвойвалі новыя прыёмы працы. Так, у ліст.—снеж. 1960 група польскіх інжынераў і рабочых трактарнага з-да «Урсус» вывучала вопыт работы на МТЗ. У кастр. 1977 на Мінскім трактарным з-дзе працавала міжнар. школа-семінар перадавога вопыту слесараў-зборшчыкаў прадпрыемстваў трактарнага і с.-г. машынабудавання сацыяліст. краін.
Пашыраліся міжнар. сувязі ВНУ і навук. устаноў БССР з замежнымі партнёрамі. БДУ супрацоўнічаў з універсітэтамі Іены, Сафіі, Кракава, Любляны, Камагуэя; БПІ — з тэхн.ВНУ Браціславы, Ільменаў, Беластока; Бел.тэхнал.ін-т — з Варшаўскай с.-г. акадэміяй; Мінскі пед.ін-т замежных моў — з Солфардскім ун-там. Дзесяткі тысяч замежных грамадзян атрымалі сярэднюю прафесійную і вышэйшую адукацыю ў прафтэхвучылішчах і ВНУ Беларусі. Да канца 1985 у рэспубліцы завяршылі навучанне каля 10 тыс. замежных грамадзян, у т. л. каля 4 тыс. атрымалі вышэйшую і больш за 1 тыс. сярэднюю спец. адукацыю. У 1985 23 ін-ты АН Беларусі і 90 н.-д. устаноў краін—членаў СЭУ, Югаславіі, Бельгіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі праводзілі сумесныя даследаванні па 59 праблемах і тэмах. З 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі дзейнічаў Міжнар. цэнтр акадэмій навук краін «сацыялістычнага лагера» па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен».
Развіваўся замежны турызм, у т. л. транзітны. Заахвочваўся турыстычны абмен паміж прадпрыемствамі. У Мінск з турыстычнымі мэтамі прыбывалі цягнікі дружбы, дэлегацыі рабочых з капіталіст. краін, групы прафс. і грамадскіх дзеячаў. Акрамя азнаямленчых, ставіліся і паліт. мэты ідэалаг. ўздзеяння на гэтых патэнцыяльных саюзнікаў у ідэалаг. супрацьстаянні з зах. светам. У 1971—80 Беларусь наведала каля 100 прафс. дэлегацый амаль з 20 краін. Вял. колькасць замежных турыстаў прыняў Мінск летам 1980 у час спаборніцтваў XXII Алімпійскіх гульняў, на стадыёне «Дынама» адбыліся адборачныя гульні па футболе; у Мінск прыехала каля 15 тыс. удзельнікаў, гасцей Алімпіяды і замежных турыстаў. Калі ў 1958 у Мінску пабывалі крыху больш за 4 тыс. турыстаў з 25 краін, то на працягу 1977—82 Мінскае бюро падарожжаў і экскурсій абслужыла каля 34 тыс. замежных грамадзян. Толькі ў 1978 БССР наведалі 10 092 замежныя турысты, у т. л. 2946 з сацыяліст. і 7146 з капіталіст. краін, найбольш з Францыі (4000) і Італіі (2304). Павялічваўся і выезд бел. турыстаў за межы СССР. Калі ў 1960 па прафс. пуцёўках выехала 535 чал., то ў 1970-я г. выязджала больш за 7 тыс.чал. за год.
З абвяшчэннем у 1985 перабудовы ўсіх бакоў жыцця сав. грамадства ў СССР быў абвешчаны прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у сферы міжнар. адносін, пашырыўся ўдзел саюзных рэспублік у дзейнасці міжнар. арг-цый, ім была аказана дапамога ў падрыхтоўцы дыпламат. кадраў. Развіваліся чалавечыя кантакты. Разам з тым «аксамітныя рэвалюцыі» ў шэрагу сацыяліст. краін, ліквідацыя арганізацый Варшаўскага Дагавора і СЭУ аслабілі афіц. кантакты з гэтымі краінамі. Як і раней, асн. кірункам дзейнасці БССР на міжнар. арэне была работа ў рамках 70 арг-цый і органаў сістэмы ААН, 35 бел. спецыялістаў працавалі ў пач. 1988 у сакратарыятах міжнар. арг-цый. На 41-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя БССР выступіла разам з дэлегацыямі СССР і інш.сацыяліст. краін з ініцыятывай стварэння ўсеаг. сістэмы міжнар. бяспекі. У 1987, на 42-й сесіі Ген. Асамблеі ААН, Беларусь выступіла ў якасці сааўтара мемарандума і прынятай рэзалюцыі аб усеаг. сістэме міжнар. міру і бяспекі, у якой прызнавалася неабходнасць новага паліт. мыслення для ўсіх краін, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у міждзярж. адносінах, вызначаліся шляхі забеспячэння міжнар. бяспекі ў ваен., паліт., эканам. і гуманітарнай сферах. На той жа сесіі Беларусь выступіла сааўтарам прынятых рэзалюцый аб ядзерным і хім. раззбраенні, забароне інш. відаў зброі, умацаванні мер даверу, дэкаланізацыі і барацьбе супраць апартэіду, праве народаў на жыццё ва ўмовах міру. БССР ратыфікавала канвенцыі ААН аб аператыўным апавяшчэнні аб ядзернай аварыі (1986), аб дапамозе ў выпадку ядзернай ці радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі (1986), аб барацьбе з захопам заложнікаў (1987), аб барацьбе супраць незаконнага абароту наркатычных сродкаў (1989). Унутранае заканадаўства рэспублікі прыводзілася ў адпаведнасць з міжнар. нормамі. У 1989 БССР заявіла аб прызнанні юрысдыкцыі Міжнар. Суда па шэрагу міжнар. дакументаў у галіне правоў чалавека. Аб прыхільнасці да Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека (1948) Беларусь заявіла ў кастрычніку 1991. У 1985 у Беларусі праведзены Год ААН, у 1986 — Міжнар. год міру.
Перабудова садзейнічала пашырэнню міжнар. кантактаў грамадзян. У 1989 Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі супрацоўнічала з 320 грамадскімі арг-цыямі 74 краін свету па кірунках: садзеянне сац.-эканам. развіццю БССР, гуманітарнае супрацоўніцтва, турыстычны абмен, з 1986 — садзеянне ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку спрашчэння прыгранічных паездак толькі за 1-е паўгоддзе 1988 у Польшчы пабывалі больш за 18 тыс. жыхароў Гродзеншчыны, а Гродзенскую вобл. наведалі 34,2 тыс. палякаў. Працягваліся кантакты з гарадамі, абласцямі і прадпрыемствамі-пабрацімамі. У Віцебску адбыўся 1-ы фестываль польскай эстраднай песні (1987), у Бяльскападляскім ваяв. прайшлі Дні Брэсцкай крэпасці-героя (1988). У 1989 больш за 60 бел. прадпрыемстваў ажыццяўлялі прамыя сувязі з прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі Балгарыі. У 1987 былі зроблены спробы ўстанавіць прамыя шэфскія сувязі Гродзенскай вобл. з правінцыяй Лагман, Мінскай — з правінцыяй Кунар Афганістана.
Актывізавалася знешнеэканам. дзейнасць. З 1987 у плане эканам. і сац. развіцця БССР быў выдзелены спец. раздзел па знешнеэканам. сувязях. У 1990 прыняты Закон аб асновах знешнеэканам. дзейнасці Беларускай ССР. Больш за 90 прадпрыемстваў і аб’яднанняў рэспублікі ўстанавілі прамыя вытв. і навукова-тэхн. сувязі з замежнымі партнёрамі. У 1987 было створана гаспразліковае аб’яднанне «Беларусьзнешгандаль», а на 8 буйных прадпрыемствах («БелаўтаМАЗ», МТЗ, «Палімір», «Атлант» і інш.) — знешнегандл. фірмы, якія наладжвалі адносіны з фірмамі замежных дзяржаў. Толькі па прамых сувязях з замежнымі краінамі прадпрыемствы і арг-цыі Беларусі ў 1989 экспартавалі прадукцыі на 74,1 млн.руб., імпартавалі — на 61,6 млн.руб. Усяго ў 1989 на экспарт пайшло 22,8 тыс. трактароў, 4,7 тыс. грузавых аўтамабіляў, 2,2 тыс. металарэзных станкоў, 438,7 тыс. халадзільнікаў, на 52,8 млн.руб. вылічальнай тэхнікі, 3,4 млн.т калійных угнаенняў, 17,5 тыс.т сінтэтычных валокнаў і інш. У 1989 зарэгістраваны 22 сумесныя прадпрыемствы па выпуску абутку, вырошчванні жывёлы і перапрацоўцы мяса, вытворчасці тавараў нар. спажывання. Найбольш паспяхова дзейнічалі сумесныя прадпрыемствы «Белвест» (створана віцебскай абутковай ф-кай і зах.-герм. фірмай «Саламандэр», пачало выпуск прадукцыі ў 1989) і сав.-венгерскае па выпуску высакаякаснай пражы «Барыфорг», заснаванае ў Барысаве. З Польшчай былі створаны сумесныя калектывы канструктараў і вучоных Мінскага НВА «Дармаш» і камбіната «Сталева Воля», Гомельскага станкабудаўнічага ВА імя Кірава і з-да дакладных станкоў «Механіцы». 9 НДІАН Беларусі вялі распрацоўкі з партнёрамі з сацыяліст. краін.
Такім чынам, у 1960—80-я г. Беларусь пашырыла сваю дзейнасць у рамках ААН і інш.міжнар. арг-цыях, актыўна ўключылася ў міжнар.эканам. і гуманітарнае супрацоўніцтва.
Войтович С.Д., Воробей Н.С., Толстой В.С. Сотрудничество Белорусской ССР с социалистическими странами. Мн., 1970;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;
Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторонние междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1960—1980). Мн., 1983;
Сергеева Г.Г. Белорусская ССР в научном сотрудничестве Советского Союза и социалистических стран (1945—1985 гг.). Мн., 1986;
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн. 1986;
Лейкин Э.А. Ради жизни на земле: БССР в борьбе за мир и междунар. безопасность. Мн., 1986;
Матэрыялы XXX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1986;
Белорусская ССР и социалистические страны: укрепление дружбы, сотрудничества, братства (1945—1987 гг.). Мн., 1987;
Леднева А.С. Интернациональные связи рабочего класса Белорусской ССР (1976—1987 гг.): (Произв. сотрудничество рабочего класса БССР с социалист. странами). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР. Мн., 1989;
Войтович С.Д. БССР в экономических отношениях СССР с зарубежными странами (1945—1987). Мн., 1989;
Грыгор’ева В.В. Беларуская ССР на этапе перабудовы: Некаторыя аспекты сац.-экан. развіцця. Мн., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Матэрыялы па гісторыі Беларусі. Мн., 1998;
Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;
Снапкоўскі У. Беларуская ССР на міжнароднай арэне (1944—1990 гг.) // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. №2;
Абрамаў І.М. Тэндэнцыі развіцця эканомікі Беларусі // Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;
Гісторыя Беларусі: Вучэб. дапам. 2 выд.Мн., 2000;
Борисенко В.В. Участие Беларуси во внешнеэкономических связях Советского Союза, 1971—1985: Автореф. дисс... канд. ист. наук. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 5—6. Мн., 2002—03;
Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). Мн., 2003;
Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003.
І.І.Гвардзееў (народная гаспадарка), У.Я.Казлякоў (дэмакратызацыя грамадскага жыцця, абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь), А.Ф.Самусік (адукацыя, навука), Г.П.Бушчык (развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей).
Генеральны сакратар ААН У Тан у час наведвання Хатыні. Ліпень 1970.Прэзідэнт Францыі Ж.Пампіду і Генеральны сакратар ЦККПСС Л.І.Брэжнеў у Заслаўі. Студзень 1973.Прэзідэнт ЗША Р.Ніксан на прыёме ў 1-га сакратара ЦККПБ П.М.Машэрава. Мінск. 1.7.1974.Ліцэісты з французскага г. Ліён — пабраціма Мінска — каля экспазіцыі, прысвечанай подзвігам лётчыкаў палка «Нармандыя—Нёман». Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Красавік 1979.