КЛЯ́СЦІЦЫ,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля Клясціцкага вадасховішча, на скрыжаванні аўтадарог г. Полацк—в. Юхавічы і г.п. Расоны — в. Каханавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на З ад г.п. Расоны, 150 км ад Віцебска, 37 км ад чыг. ст. Боркавічы 987 ж., 400 двароў (1998). Аб’яднанне «Райсельгасхімія», ГЭС, дрэваапр. ўчастак, лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік у гонар перамогі рас. войск у Клясціцкіх баях 1812.

т. 8, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ХАВА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПнЗ ад г. Полацк, каля г. Наваполацк. Пл. 0,43 км², даўж. каля 1,7 км, найб. шыр. 330 м, найб. глыб. 20,7 м, даўж. берагавой лініі каля 4,8 км. Пл. вадазбору 4,7 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, параслі лесам. Ёсць шмат заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, пад хмызняком, на Пн забалочаныя. Падводная ч. катлавіны складаецца з паўн. (глыб. да 4,5 м) і паўд. (глыб., 20,7 м) плёсаў, злучаных пралівам глыб. 3 м. Ложа да глыб. 2 м выслана пяском, ніжэй — сапрапелем.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯКЛЕ́Я,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 37 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,95 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі 9,2 км. Пл. вадазбору 24,8 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Складаецца з 2 плёсаў, злучаных пратокай. Схілы выш. да 5 м (на ПнУ і Пд да 10 м) пад лесам. Берагі нізкія, на Пд і У зліваюцца са схіламі, параслі лесам і хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі, выцякае р. Няклейка. У возеры жывуць бабры.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ГАНДЛЁВА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ Белкаапсаюза. Засн. ў 2000 у г. Полацк Віцебскай вобл. на базе навуч.-вытворчага комплексу «ПТВ-тэхнікум» (існаваў у 1991—2000; створаны аб’яднаннем Полацкага політэхн. тэхнікума (з 1959) і кааператыўнага прафес.-тэхн. вучылішча (з 1966). Рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй. Спецыяльнасці (2000/01 навуч. г.): машыны і апараты харчовых вытв-сцей; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; камерцыйная дзейнасць. Каледж рыхтуе таксама кваліфікаваных рабочых з прафес.-тэхн. адукацыяй (прадаўцоў прадуктовых і непрадуктовых тавараў, кухараў, кандытараў, афіцыянтаў, буфетчыкаў, нарыхтоўшчыкаў прадуктаў і сыравіны). Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 12, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМІ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,4 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—6 м, спадзістыя, пад лесам і хмызняком, часткова разараныя. Пойма шыр. 10—300 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя, на ПнЗ, Пн і У сплавінныя. 3 залівы. Дно плоскае, у прыбярэжнай зоне да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Зарастае. Упадае ручай з воз. Ляшчынава. Пасяленні баброў.

т. 14, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГІ́НАЎСКІ БОЙ 1943,

бой партыз. брыгады «Жалязняк» (камандзір І.​П.​Ціткоў) па разгроме ням.-фаш. гарнізона 26 сак. ў г.п. Даўгінава Крывіцкага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў адным з апорных пунктаў, што прыкрывалі падыход да чыг. Маладзечна—Полацк, базай правядзення карных аперацый, захавання і перапрацоўкі нарабаванай сельгаспрадукцыі. Пасля Бягомльскай аперацыі 1942 і Докшыцкага бою 1943 знаходзіўся ў павышанай баявой гатоўнасці. Партызаны для прыкрыцця небяспечных напрамкаў стварылі засады. У 18 гадз пры падтрымцы гармат 3 атрады атакавалі Даўгінава, уварваліся ў цэнтр, знішчылі склады і прадпрыемствы праціўніка. Раніцай 27 сак. партызаны амаль без страт вярнуліся на зборны пункт.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГЯ́ЛА (Алег Георгіевіч) (1.5.1930, г. Полацк, Віцебскай вобл. — 1.4.1986),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1972). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955), дзе працаваў з 1960. З 1971 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы па зменах у печані ад ачаговай пнеўманіі, механізмах развіцця сардэчнай недастатковасці, ішэмічнай хваробы, дзеянні вітамінаў на мышцу сэрца ў хворых з недастатковасцю кровазвароту, распрацоўцы бязлекавых метадаў прафілактыкі ішэмічнай хваробы сэрца і артэрыяльнай гіпертэнзіі.

Тв.:

Патогенез, клиника и лечение хронической недостаточности кровообращения. Мн., 1974;

Ишемическая болезнь сердца: ранняя диагностика и безлекарственная профилактика в поликлинических условиях. Мн., 1986 (разам з Н.​М.​Федарэнка).

Літ.:

Врач, ученый, лектор. Мн., 1984.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́СЕНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

аперацыя партыз. брыгады «За Савецкую Беларусь» (камандзір А.​І.​Петракоў) па падрыве 110-метровага чыг. моста цераз р. Дрыса на лініі Даўгаўпілс—Полацк у Дрысенскім р-не Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, праведзеная 4 жніўня. Мост ахоўваў фаш. гарнізон (70 чал.), падыходы былі замініраваны, абнесены агароджай з калючага дроту. У ходзе аперацыі ўдарная група з 3 партыз. атрадаў пад кіраўніцтвам П.М.Машэрава знішчыла ахову моста; група падрыўнікоў на чале з П.​Р.​Мандрыкіным узарвала мост. У выніку аперацыі рух на магістралі быў спынены на 16 сутак, прапускная здольнасць дарогі зменшылася з 60 да 8 эшалонаў за суткі.

т. 6, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́САВА возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,91 км², даўж. каля 2,4 км, найб. шыр. 810 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Пл. вадазбору 120 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м (на ПнУ 4—5 м), разараныя, на ПдУ стромкія, парослыя лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Катлавіна складаецца з паўн. (дно плоскае, ёсць востраў пл. 0,06 км²) і паўд. плёсаў. Дно да глыб. 1 м выслана пяском і ілам, ніжэй — сапрапелем. Упадаюць р. Быстрыца (злучае яго з воз. Нявіда), на Пн злучана пратокай з воз. Забеліна.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў ДАВЫ́ДАВІЧ (у хрышчэнні Фёдар; 1193—1230),

вялікі князь смаленскі ў 1219—30. Сын Давыда Расціславіча. Атрымаў Смаленскае княства пасля таго, як яго пакінуў кн. Уладзімір Рурыкавіч. В.​М.​Тацішчаў згадвае М.Д. пад 1217 і 1221 як князя полацкага. Паводле Наўгародскага 1-га летапісу малодшага зводу, захапіў Полацк 17.1.1222. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага ўпамінаецца як удзельнік заключэння гандл. дагавору 1222 з Рыгай ад імя Полацка і Віцебска. Верагодна, у той час М.Д. трымаў гэтыя гарады або яны знаходзіліся ў залежнасці ад яго. Заключыў дагавор 1229 з Рыгаю і Гоцкім берагам ад імя Смаленска, Віцебска і Полацка.

А.​В.​Іоў.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)