КІПРЭ́НСКІ (Арэст Адамавіч) (24.3.1782, мыза Нежынская каля Капор’я, цяпер Ленінградская вобл. — 17.10.1836),
расійскі жывапісец і графік; прадстаўнік рамантызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1803), яе акадэмік з 1812. З 1809 у Маскве, у 1811 у Цверы, з 1812 у Пецярбургу, у 1816—22 і з 1828 у Італіі.
Працаваў пераважна ў жанры партрэта, у якім імкнуўся ўвасобіць рамант. ідэал яркай, унутр. незалежнай асобы. Творчасці ўласцівы прыўзнятасць вобразаў, эмац. насычанасць у раскрыцці псіхал. стану мадэлі, вылучэнне твару святлом на цёмным фоне, кантрасты плям насычанага колеру, вытанчаны каларыт, дакладнасць і выразнасць малюнка. Аўтар жывапісных партрэтаў А.К.Швальбе (1804), Я.В.Давыдава (1809), хлопчыка Чалішчава (каля 1809), Д.М.Хвастовай (1814), А.С.Пушкіна (1827), М.А.Патоцкай і С.А.Шувалавай з эфіопкай (каля 1835), аўтапартрэта з пэндзлямі за вухам (1808—09), серыі графічных партрэтаў удзельнікаў Айч. вайны 1812 і інш.
Літ.:
Турчин В.С. О.Кипренский. М., 1975;
Кислякова И.В. О.Кипренский: Эпоха и герои. М., 1977;
Валицкая А.Т. О.Кипренский в Петербурге. Л., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВЫ СТЫЛЬ,
адзін з кніжных стыляў мовы, які абслугоўвае разнастайныя галіны навукі (тэхн., прыродазнаўчыя, гуманітарныя і інш.) і рэалізуецца ў манаграфіях, навук. артыкулах, дысертацыях, рэфератах, навук. паведамленнях, дакладах і інш. Мае 3 асн. падстылі; уласна навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны. Асн. стылявыя рысы: яснасць, дакладнасць, аб’ектыўнасць, лагічнасць, доказнасць, недвухсэнсавасць, бязвобразнасць. Найб. ярка праяўляецца ў пісьмовай форме, у апошні час актыўна пранікае (зберагаючы сваю спецыфіку) і ў вуснае маўленне. У сучасным Н. с. многа розных наменклатурных знакаў, схем, табліц, дыяграм і інш. Н. с. ўласцівы; у лексіцы — шырокае выкарыстанне тэрміналогіі і слоў з абстрактным значэннем; у марфалогіі — пераважнае выкарыстанне некаторых класаў слоў, напр., назоўнікаў, прыметнікаў (каля 13% любога навук. тэксту), займеннікаў мнл. 1-й асобы для ўказання асобы аўтара; у сінтаксісе — складаныя сінтакс. канструкцыі, дзеепрыметныя і дзеепрыслоўныя словазлучэнні, розныя ўстаўкі, тлумачэнні і інш. Характарызуецца тэндэнцыяй да інтэрнацыяналізацыі.
Літ.:
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;
Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛА (Вера Мікалаеўна) (7.2.1901, Мінск — 15.10.1989),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1953). Прафес. падрыхтоўку атрымала ў Е.А.Міровіча. У 1922—77 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Адначасова выступала на эстрадзе як выканаўца бел.нар. песень. Актрыса яркага камед. таленту. Яе мастацтву былі ўласцівы гранічная тыповасць створаных вобразаў, псіхал.дакладнасць, шматграннасць характараў. Найб. значныя ролі: Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Малання («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча), Кацярына, Ганна Паўлаўна, Насця, Паўліна Бохан («Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Канец дружбы», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы; за апошнюю ролю Дзярж. прэмія СССР 1952), Марыля («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Карміцелька («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Дуэння («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана), Жыўка Попавіч («Пані міністэрша» Б.Нушыча), Прастакова («Недаростак» Дз.Фанвізіна), Лябёдкіна, Манефа, Белацелава, Карміна («Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Жаніцьба Бальзамінава», «Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага, апошняя з М.Салаўёвым), графіня Чарская («Уваскрэсенне» паводле Л.Талстога), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава). Знялася ў фільмах «Хвоі гамоняць», «Паўлінка», «Пяюць жаваранкі», «Несцерка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́РЭР ((Dürer) Альбрэхт) (21.5.1471, г. Нюрнберг, Германія — 6.4.1528),
нямецкі жывапісец, рысавальшчык, гравёр, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік мастацтва ням. Адраджэння. Вучыўся ювелірнай справе ў свайго бацькі, у 1486—89 — жывапісу ў майстэрні М.Вольгемута ў Нюрнбергу, дзе ўспрыняў прынцыпы ням. і нідэрл. позняй готыкі і азнаёміўся з некат. творамі ранняга італьян. Адраджэння. Праілюстраваў у 1488—90 шэраг нюрнбергскіх, у 1491—92 базельскіх выданняў. У 1490—94 выканаў у познагатычным стылі некалькі станковых гравюр, ілюстраваў кнігу «Карабель дурняў» С.Бранта і інш. Пасля першай (1494—95) і другой (1505—07) паездак у Італію актыўна развіваў маст. прынцыпы Адраджэння. У жывапісе Дз. ўмацоўваюцца дакладнасць вобразнай структуры, імкненне да строга ўпарадкаванага размяшчэння пластычных аб’ёмаў у прасторы, да супастаўлення лакальных колераў (шматфігурныя кампазіцыі «Дрэздэнскі алтар», каля 1496, «Алтар Паўмгартнераў», 1502—04, «Пакланенне Тройцы», 1511). У партрэтах і аўтапартрэтах сцвярджаў новае рэнесансавае разуменне чалавечай асобы і сац. стану мастака («Аўтапартрэт», 1498). Стварыў тып чалавека рэнесансавай эпохі, прасякнутага гордай самасвядомасцю ўласнай асобы, напружанай духоўнай энергіяй і практычнай мэтанакіраванасцю (партрэты: маладога чалавека, 1521, Х.Гольцшуэра, 1526, і інш.). Дасканала вывучаў прапорцыі чалавечага цела («Адам і Ева», 1507). Выканаў шэраг малюнкаў, але найб. ўвагу аддаваў гравюры (каля 350 малюнкаў для дрэварытаў і каля 100 медзярытаў). У серыі дрэварытаў «Апакаліпсіс» (1498), цыклах «Вялікія страсці» (каля 1497—1511), «Жыццё Марыі» (каля 1502—11), «Малыя страсці» (1509—11) адлюстраваў гуманіст. ўяўленні пра сэнс быцця і задачы мастацтва. Вытанчаная распрацоўка суадносін святла і паветранай прасторы, надзвычайная дакладнасць графічнай мовы, якасць ліній і аб’ёму ўласцівы тром т. зв. «майстарскім» медзярытам: «Рыцар, смерць і д’ябал» (1513) — вобраз непахіснага выканання свайго абавязку, стойкасці перад любымі выпрабаваннямі лёсу; «Меланхолія» (1514) — увасабленне ўнутраных канфліктаў і пошукаў неспакойнага творчага духу; «Іеранім у келлі» (1514) — ухваленне гуманіст. даследчай думкі. Ствараў і жыццёва-непасрэдныя нар. вобразы («Сяляне танцуюць», 1514). Аўтар трактатаў «Кіраўніцтва да вымярэння цыркулем і лінейкай» (1525), «Кіраўніцтва па ўмацаванні гарадоў, замкаў і крэпасцей» (1527), «Чатыры кнігі аб прапорцыях чалавека» (1528). Маст. пошукі Дз. завяршыў твор «Чатыры апосталы» (1526), дзе ўвасоблены 4 характары-тэмпераменты людзей, звязаныя з агульным гуманіст. ідэалам незалежнай думкі, сілы волі, стойкасці ў барацьбе за справядлівасць і ісціну.
Літ.:
Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972;
Львов С.П. А.Дюрер. М., 1977;
Нессельштраус Ц.Г. Альбрехт Дюрер. Л., М., 1961.
А.Дзюрэр. Аўтапартрэт. 1498.А.Дзюрэр. Меланхолія. Гравюра разцом на медзі. 1514.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКАЯ КЛАСІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ням. Wiener Klassik),
кірунак у еўрапейскай музычнай культуры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прадстаўнікі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, творчасць якіх звязана з Венай. Маст. прынцыпы Венскай класічнай школы ўласцівыя музыцы 1780—1810-х г. Дзейнасць кампазітараў школы падрыхтавана маст. вопытам іх папярэднікаў і сучаснікаў, уключаючы італьян. і франц. оперу і інстр. культуру, дасягненні ням. музыкі (Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах і яго сыны, мангеймская школа). Для прадстаўнікоў школы характэрныя універсальнасць маст. мыслення, лагічнасць, дакладнасцьмаст. Формы. Дынамічнае разуменне імі жыццёвых працэсаў найб. поўна выявілася ў санатнай форме і абумовіла сімфанізм многіх іх твораў. З сімфанізмам у шырокім сэнсе слова звязаны росквіт вядучых інстр. жанраў эпохі — сімфоніі, санаты, канцэрта і камернага ансамбля, канчатковае фарміраванне 4-часткавага санатна-сімф. цыкла (гл.Цыклічныя формы). Дасягненні кампазітараў Венскай класічнай школы ў галіне аркестравай і камерна-інстр. музыкі, у жанрах оперы, месы, араторыі з’яўляюцца вяршынямі сусв.муз. мастацтва. Яны зрабілі велізарны ўплыў на далейшае развіццё сусв. музыкі.
Літ.:
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г.Т. 2. 2 изд. М., 1982;
Rosen Ch. The classical style: Haydn, Mozart, Beethoven, New York, [1972].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛАГАВАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА (АВМ),
вылічальная машына, у якой апрацоўка інфармацыі выконваецца з дапамогай спецыяльна падабранага фіз. працэсу, што мадэлюе выліч. заканамернасць. Звычайна складаецца з суматараў, інтэгравальных і дыферэнцыравальных элементаў і інш. У адрозненне ад электроннай вылічальнай машыны рашэнне атрымліваецца практычна імгненна пасля задання параметраў задачы; мае простую канструкцыю і праграмаванне, але невысокую дакладнасць вылічэнняў і меншую універсальнасць.
Папярэднікамі сучаснай АВМ можна лічыць лагарыфмічную лінейку, графікі і намаграмы (гл.Намаграфія) для вызначэння функцый некалькіх пераменных, упершыню прыведзеныя ў дапаможніках па навігацыі (1971), аналагавую прыладу (планіметр) англ. вучонага Дж.Германа для вызначэння плошчы, якая ўтворана замкнутай крывой на плоскасці (1814). Першая мех. АВМ для рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў пры праектаванні караблёў прапанавана рус. вучоным А.М.Крыловым у 1904. Сав. Матэматык С.А.Гершгорын (1927) заклаў асновы пабудовы сеткавых мадэляў АВМ.
Выкарыстоўваюцца АВМ для рашэння задач па апераджальным аналізе, аналізе дынамікі і сінтэзе сістэм кіравання і рэгулявання, у эксперыментальных даследаваннях паводзін сістэмы з апаратурай кіравання ці рэгулявання ў лабараторных умовах, пры вызначэнні ўзбурэння ці карысных сігналаў, што ўздзейнічаюць на сістэму і інш. АВМ, у якой лікавыя характарыстыкі мадэлявальнага фіз. працэсу выяўлены ў лічбавай форме, наз. гібрыднай вылічальнай машынай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НІКАЎ (Генадзь Сцяпанавіч) (н. 19.2.1935, г. Магілёў),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1974), нар.арт.СССР (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.Ін-т (1957). Працуе ў Нац.акад.драм. т-ры імя Я.Купалы. Самабытны талент Аўсяннікава, сакавіты нар. гумар, імправізацыйнасць ігры, арганічнасць, дакладнасцьпсіхал. і пластычнага малюнку ролі найб. ярка выявіліся ў нац. рэпертуары: Цярэшка (сярэбраны медаль імя А.Папова 1973), дзед Цыбулька, Стары, Антон Бусько («Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата», «Пагарэльцы» А.Макаёнка), Мурашка («Мудрамер» М.Матукоўскага, Дзярж. прэмія Беларусі (1988), Аўдзей («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Брава-Жыватоўскі («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Доўбік («Выклік багам» А.Дзялендзіка). Стварыў каларытныя камедыйныя характары: Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Янка («Там і тут» Д.Кавачэвіча), Пісана («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З інш. Роляў: Юсаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Чабутыкін («Тры сястры» А.Чэхава), Старшыня («Паехалі!» паводле М.Крапіўніцкага), Казулін («Характары» паводле В.Шукшына), Турэмшчык («...Забыць Герастрата!» Р.Горына), Блазан («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра). Здымаўся ў кіно («Доўгія вёрсты вайны», «Апошняе лета дзяцінства», «Полымя», «Эпілог»), тэлевіз. пастаноўках («Тэатр купца Япішкіна», «Плач перапёлкі» і інш.).
Літ.:
Сохар Ю. Генадзь Аўсяннікаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРА́НКА»,
дзіцячы ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў 1927—31 у Вільні на бел. мове. Выходзіў нерэгулярна. Рэдактар-выдавец Зоська Верас (Л.А.Войцік). Створаны з выхаваўчай і асветнай мэтай, спрыяў узгадаванню маладых літ. сіл у Зах. Беларусі. Друкаваліся пісьменнікі старэйшага пакалення М.Машара, Г.Леўчык, Я.Пачопка, Л.Войцік, У.Паўлюкоўскі, маладыя зах.-бел. пісьменнікі С.Крывец, С.Новік-Пяюн, пачаткоўцы А.Арэхва, М.Тарасюк, Я.Патаповіч і інш. Перадрукоўваў творы Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, К.Буйло і інш., змяшчаў пераклады твораў рус., польск., укр. пісьменнікаў.
Майстар партрэта: партрэты А.Венецыянава (2-я пал. 1830-х г.), спевака В.Пятрова (1840), скульптара Ф.Талстога (1850), княгіні Трубяцкой, групавы партрэт «Выгляд залы вучылішча правазнаўства з групамі настаўнікаў і выхаванцаў» (1841). Пісаў інтэр’еры («Унутраны від Марскога Нікольскага сабора, 1843, і інш.). У творах дакладнасць і матэрыяльнасць пісьма, характэрныя для венецыянаўскай школы, паступова змянялася ілюзіяністычным натуралізмам (партрэты Н.Сакуравай, 1854, П.Панамарова, 1855). Распрацаваў сістэму выкладання, пабудаваную пераважна на вывучэнні натуры, дакладнасці ў перадачы бачнага свету. Садзейнічаў развіццю бел. мастацтва, аказваў дапамогу маладым мастакам (В.Сляндзінскаму і інш.). Сярод вучняў В.Пяроў, В.Пукіраў, У.Макоўскі, К.Макоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПАЛЯЦЫ́ЙНАЯ ФО́РМУЛА,
формула для набліжанага вылічэння значэнняў функцыі метадам інтэрпаляцыі (гл.Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя). Заснавана на замене дадзенай функцыі больш простай (у пэўным сэнсе), значэнні якой у зададзеных пунктах (вузлах інтэрпаляцыі) супадаюць са значэннямі зыходнай функцыі.
Найб. пашырана пабудаванне І.ф. на аснове паслядоўных ступеней пераменнай x: 1, x, x2, ..., xn, ..., трыганаметрычных функцый 1, sin x, cos x, sin 2x, cos 2x, ... і інш., напр., лінейная І.ф. з двума вузламі інтэрпаляцыі:
. Вузлы інтэрпаляцыі часта выбіраюць так, каб адхіленні І.ф. ад шуканай функцыі былі найменшымі. Калі цяжка ацаніць ступень інтэрпаляцыйнага палінома, неабходную для дасягнення зададзенай дакладнасці (напр., пры інтэрпаляванні табліц), будуюць паслядоўнасць такіх паліномаў з усё больш высокімі ступенямі (схема Эйткена), што дазваляе кантраляваць дакладнасць у працэсе вылічэнняў. Эфектыўным апаратам набліжэння функцый з’яўляюцца інтэрпаляцыйныя сплайны — І.ф., у якіх дадаткова накладзены ўмовы супадзення вытворных (да некаторага парадку) атрыманай і шуканай функцыі ў вузлах. Для апрацоўкі эксперым. даных будуюць І.ф., для якіх патрабуюць мінімізацыі іх сумарнага адхілення па ўсіх вузлах ад шуканай залежнасці (гл.Найменшых квадратаў метад).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́СЦІ ((Christie) Агата) (15.9.1891, г. Торкі, Вялікабрытанія — 12.1.1976),
англійская пісьменніца, майстар дэтэктыўнага жанру. Дэбютавала раманам «Таямнічая гісторыя» (1920). Шматлікія раманы (больш за 60) «Пуаро расследуе» (1924), «Таямніца камінаў» (1925), «Забойства Роджэра Экрайда» (1926), «Усходні экспрэс» (1934), «Забойства па алфавіце» (1936), «Смерць на Ніле» (1937), «Дзесяць негрыцянят» (1939), «Н або М?» (1941), «Труп у бібліятэцы» (1942), «Крывая хаціна» (1949), «Кот сярод галубоў» (1959) і інш., п’есы «Пастка», «Сведка абвінавачання» (абедзве 1954), «Бледны конь» (1961), «Трэцяя» (1966) і інш. напісаны ў жанры т.зв. інтуітыўнага дэтэктыва. Злачынства ў іх выкрываецца не з дапамогай фактаў і рэчавых доказаў, а дзякуючы выключнай псіхал. праніклівасці і незвычайнай назіральнасці герояў — Джэйн Марпл і прафес. сышчыка Эркюля Пуаро. Творам К. ўласцівы тонкі гумар, дакладнасць дэталяў у абмалёўцы калізій і персанажаў. За літ. творчасць ёй нададзены дваранскі тытул. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі П.Марціновіч, В.Чудаў, К.Дзмітрыенка, М.Котаў.